Рэферат
на тэму:
ГІСТОРЫЯ БЕЛАРУСКІХ ЗЕМЛЯЎ У ЧАС ПАНАВАННЯ ПЕРШАБЫТНАГА ГРАМАцТВА (100 – 40 ТЫС. г. ДА Н. Э.)
Гісторыя беларускіх земляў у час панавання першабытнага грамацтва (100 – 40 тыс.г. да н.э.)
Гісторыя любой краіны пачынаецца са з’яўлення на яе тэрыторыі людзей. Першыя людзі на тэрыторыю сучаснай Беларусі прыйшлі ў перыяд, калі на Еўропу то наступаў, то адыходзіў назад велізарны ледавік. Перыяд ледавіковага абледзянення называецца плейстацэн. Гэты перыяд супадае па часе з перыядам гістарычнай перыядызацыі – палеалітам. Археалагічная гістарычная перыядызацыя першабытнай эпохі падзяляецца на некалькі вялікіх перыядаў – у адпаведнасці з матэрыялам, з якога вырабляліся прылады працы. Так, выдзяляюць каменны, бронзавы (бронзава-каменны) і жалезны век. Перыяды маюць аднолькавыя назвы ў дачыненні да любой еўрапейскай краіны, адрозніваюцца толькі іх храналагічныя рамкі. Першабытная эпоха наогул мае характарыстыкі, агульныя для ўсіх перыядаў, гэта:
- нізкі ўзровень развіцця вытворчых адносін і павольнае іх удасканаленне;
- нізкія тэмпы развіцця грамадства;
- калектыўны характар прысваення прыродных рэсурсаў і вынікаў вытворчасці;
- сацыяльная роўнасць людзей, ураўняльнае размеркаванне матэрыяльных даброт;
- адсутнасць прыватнай уласнасці, эксплуатацыі, класаў і дзяржавы.
Археалагічная перыядызацыя першабытнай эпохі на Беларусі:
· КАМЕННЫ ВЕК – 100-3 тысячы год да нашай эры:
Палеаліт – 100-9 тысяч год да нашай эры:
- Ранні – (на Беларусі не было);
- Сярэдні – 100-35 тысяч год да нашай эры;
- Верхні ці позні – 35-9 тысяч год да нашай эры;
Мезаліт – 9-5 тысяч год да нашай эры;
Неаліт – 5-3 тысячы год да нашай эры;
· БРОНЗАВЫ ВЕК – 2-пачатак 1 тысячагоддзя да нашай эры;
· ЖАЛЕЗНЫ ВЕК – пачатак 1 тысячагоддзя да нашай эры-
VI стагоддзе нашай эры.
Гэта перыядызацыя заснавана на прынцыпе вылучэння асноўнага матэрыялу ці сыравіны, з якой вырабляліся галоўныя прылады працы.
Акрамя таго, існуе агульнагістарычная перыядызацыя, якая заснавана на прынцыпе змены форм чалавечага грамадства. Яе перыяды супадаюць з перыядамі археалагічнай перыядызацыі.
Агульнагістарычная перыядызацыя | Археалагічная перыядызацыя |
Станаўленне першабытнага чалавечага грамадства. Існаванне першабытнага чалавечага статка. З’яўленне першай формы кааперацыі людзей – лоўчай абшчыны | Каменны век, ранні і сярэдні палеаліт |
Мацярынская раннеродавая абшчына | Каменны век, верхні ці позні палеаліт |
Пачатак распаду першабытнаабшчыннага ладу, пераход да сацыяльнай няроўнасці. Станаўленне патрыярхальнай (бацькоўскай) родавай абшчыны | Бронзавы век |
На змену патрыярхальнай ці бацькоўскай абшчыне прыходзіць сельская (суседская) родавая абшчына | Жалезны век |
На Беларусі першабытныя людзі з’явіліся ў перыяд палеаліту, прыкладна 100-40 тыс. г. да н.э. Больш дакладна высветліць час з’яўлення людзей на нашай зямлі немагчыма, таму што знаходкі першых каменных прылад працы каля сучасных вёсак Абідавічы, Свяцілавічы, Клеявічы на поўдні Беларусі не даюць дакладнай інфармацыі. Жыхары Беларусі на той час – гэта неандэртальцы. Яны былі вельмі падобныя на сучасных людзей, аднак мелі прынцыповыя адрозненні. Яны былі ніжэй ростам (каля 160 см), мелі каранастую, шырокаплечую фігуру. Нізкі лоб, моцна нахілены назад і вялікія надброўныя валікі прыдавалі своеасаблівы выгляд твару, але аб’ём мозгу ўжо не адрозніваўся ад сучаснага чалавека. Тыпам сацыяльнай арганізацыі неандэртальцаў была праабшчына, дзе панаваў групавы шлюб. Асноўнымі заняткамі неандэртальцаў былі паляванне на буйных жывёл – мамантаў і шарсцістага насарога, збіральніцтва і рыбалоўства. Яны здольны былі будаваць жытлы і здабываць агонь. Прысвайваючая гаспадарка першабытных людзей не спрыяла аседламу ладу жыцця, таму яны не засноўвалі больш-менш трывалых паселішчаў.
Праз некаторы час пачалося чарговае наступленне ледавіка (так званае паазерска-валдайскае абледзяненне, каля 70 тысяч год назад) і першабытныя людзі адышлі ў больш спрыяльныя паўднёвыя раёны. Паўторнае засяленне Беларусі адбылося каля 30-25 тыс. г. да н.э., калі ледавік адступіў на поўнач (пачаўся перыяд позняга ці верхняга палеаліту). Гэта ўжо былі не неандэртальцы, што першымі з’явіліся на Беларусі, а людзі сучаснага выгляду (новаантрапы), ці краманьёнцы. Так іх назвалі ад пячоры каля французскага месца Краманьён, дзе ўпершыню былі знойдзены рэшткі людзей сучаснага тыпу. Па знешнім выгляддзе яны амаль нічым не адрозніваліся ад нас, сучасных людзей, толькі былі крыху ніжэй ростам. Першыя паселішчы знойдзены археолагамі каля сучасных паўднёвых беларускіх вëсак Юравічы (узрост стаянкі каля 26 тыс. гадоў) і Бердыж (узрост стаянкі каля 23 тыс. гадоў). Прыродныя ўмовы былі вельмі неспрыяльнымі. Тэрыторыя Беларусі нагадвала сучаснае Запаляр’е. Сярод нешматлікай расліннасці тундры вандравалі буйныя жывёлы – маманты і шарсцістыя насарогі. Гэтыя ўмовы вызначылі асноўныя напрамкі дзейнасці чалавека.
Прылады працы першабытных людзей былі самымі простымі, іх было каля 100 відаў. Асноўныя матэрыялы, з якіх яны вырабляліся – косткі жывёл, дрэва і, вядома, камяні і крэмень. Каменныя прылады працы – гэта скрэблы, праколкі, рубілы, наканечнікі дзідаў і г.д. Прылады працы дапамагалі людзям больш эфектыўна выкарыстоўваць прыродныя рэсурсы. Камяні апрацоўвалі з дапамогай тэхналагічнай аперацыі, што мела назву “адшчэпа”. Ад прызматычнага ядра адціскаліся пласціны дакладнай формы, якія потым даапрацоўвалі праз адцісканне маленькіх лускавінак па краях пласцін. Людзі ведалі, у якое месца камня трэба націснуць ці ўдарыць, каб атрымаць дакладную пласціну. Тыпалагічна каменныя прылады працы адносяцца да так званай мусцьерскай культуры (названай ад французскага месца Ла Мусцье), якая ахоплівала амаль усю тэрыторыю Еўропы.
Асноўным заняткам жыхароў стаянак Бердыж і Юравічы, а таксама падобных ім было паляванне на буйных жывёл – мамантаў, шарсцістых насарогаў, паўночных аленяў і пясцоў. Паляванне на маманта і насарога, калі ўлічваць ступень развіцця паляўнічых прылад (з прылад палявання вядомы толькі дзіда, выкарыстоўвалі таксама лоўчыя ямы з дзідамі на дне і агонь для загону жывёл), патрабавала калектыўнага ўдзелу ў мерапрыемстве ўсіх працаздольных членаў абшчыны. Такім чынам, узнікла першая форма вытворчай кааперацыі людзей – лоўчая абшчына. Паляванне давала першабытным людзям не толькі харчаванне, але і будаўнічы матэрыял – косткі і чарапы мамантаў (з іх узводзілі астоў жытла), скуры (накрывалі жытлы), сыравіну для вырабу прылад працы (косткі, сухажыллі і г.д.), адзенне. Але асноўны аб’ект палявання – буйныя жывёлы не затрымліваліся на адным месцы падоўгу, і чалавеку прыходзілася вандраваць за статкамі жывёл на вялікія адлегласці. Акрамя палявання дапаможнымі заняткамі было збіральніцтва – пошук прыгоднага да спажывання ў навакольным асяроддзі (расліны, дробныя жывёлы, грыбы) і рыбалоўства. Уся дзейнасць людзей была накіравана на выкананне галоўнай задачы – пошуку сродкаў харчавання ў вельмі неспрыяльных прыродных умовах тундры.
Вялікую ролю ў выжыванні чалавека адыгрываў агонь, якім валодаў чалавек. Агонь выконваў некалькі функцый. Ён абаграваў жыллё, абараняў людзей ад драпежнікаў, дапамагаў у паляванні і выкарыстоўваўся ў прыгатаванні больш якаснага харчавання. Захоўвалі агонь жанчыны, і гэтая акалічнасць значна павышала іх сацыяльны статус у першабытным грамадстве. У познім палеаліце складваецца новы тып сацыяльнай арганізацыі людзей – родавая абшчына ці род (прыйшоў на змену праабшчыне ці чалавечаму статку). Род (аб’яднанне людзей аднаго паходжання, што пражываюць на вызначанай тэрыторыі) меў агульныя прыкметы:
- аб’ядноўваў людзей аднаго паходжання;
- характарызаваўся агульнай (калектыўнай) маёмасцю;
- у родзе існаваў падзел працы паводле ўзросту і полу (першая форма падзелу працы);
- існавала простая кааперацыя ў вытворчай сферы.
Першая форма родавай арганізацыі людзей – гэта мацярынскі род, які аб’ядноўваў усіх жанчын і іншых асоб, што вялі сваё паходжанне ад маці-родазаснавальніцы. Вядучая роля ў гаспадарцы і сацыяльнай структуры такога роду належыла, вядома, жанчыне. Складваецца парная сям’я, з’яўленне якой патрабавала ўвядзенне некаторых абмежаванняў у бязладныя адносіны паміж мужчынамі і жанчынамі. Гэтыя забароны названыя экзагамія (забараняліся шлюбы ўнутры рода) і эндагамія (забараняліся шлюбы па-за межамі племені). Такім чынам, дазвалялася ўступаць у шлюб толькі ў межах племені, якое аб’ядноўвала некалькі родаў.
Узнікаюць зачаткі рэлігійных вераванняў у выглядзе татэмізму. Згодна яго палажэнняў, першабытныя людзі звязвалі існаванне свайго роду з канкрэтнай з’явай прыроды ці раслінай, жывёлай (татэмам) – з імі ўладкоўваліся цесныя звышрэальныя сувязі. Разнавіднасцю татэмізму з’яўляецца анімізм – калі татэмам рода выступала жывела. Калі ў ролі татэму выступала матэрыяльная рэч, прадмет культа (чурынга) – такая разнавіднасць татэмізму называлася фетышызм. Акрамя таго, чалавек стаў шукаць спосабы ўздзеяння на прыроду і іншых людзей з дапамогай магіі.
На прыканцы эпохі палеаліту (18-9 тыс. г. да н.э.) на Беларусь насунуўся апошні ледавік. Яго мяжа праходзіла па лініі Гродна-Нарач-Лепель-Орша, і таму толькі на самым поўдні Беларусі маглі выжыць людзі.
Мезаліт (9-5 тыс. г. да н.э.)Пачатак мезаліту азнаменаваўся карэннымі змяненнямі клімату і прыродных умоў. Ледавік адступіў далëка на поўнач, а потым і наогул знік, і кліматычныя ўмовы на цяперашняй тэрыторыі Беларусі сталі нагадваць сучасныя. Досыць хутка выраслі лясы, сфарміравалася рачная сетка. Нязвыклыя да цëплага клімату маманты і шарсцістыя насарогі адышлі за ледавіком, а потым вымерлі. Кардынальна змяніўся жывëльны свет. Замест буйных жывëл, якія хадзілі па шырокіх адкрытых прасторах тундры, з’явілася незлічоная колькасць дробных і сярэдніх жывёл, што насялялі лясы. Рачная сістэма набывае сталы выгляд, а рэкі напаўняюцца рыбай. Вялікая колькасць ежы пазбавіла людзей ад неабходнасці качаваць у яе пошуках. Па-першае, на Беларусі з’яўляецца сталае насельніцтва, па-другое, уся тэрыторыя Беларусі была заселена да канца гэтага перыяду. Гэта яшчэ вельмі рэдкія паселішчы – стаянкі (іх выяўлена каля 120), якія месціліся па берагах рэк, каля радовішчаў крэмню. Такім чынам, сучасныя беларускія землі ўвайшлі ў айкумену – тэрыторыю, пастаянна заселеную людзьмі.
Змены прыродных умоў адбіліся на гаспадарчых занятках насельніцтва і вызвалі з’яўленне новых прылад працы. Значна ўзрасла роля палявання, яно ўжо не патрабавала ўдзелу ў працэсе значнай колькасці людзей, а атрымала індывідуальны характар. Больш таго, у паляўнічага з’явіўся памочнік – сабака. Новыя прылады – лук і стрэлы значна палегчылі паляванне на дробных жывёл і птушку.
Росквіт у мезаліце атрымала рыбалоўства. Гэтаму спрыяла ўтварэнне рэк і вялікай колькасці азёр пасля адыходу ледавіка. Пад канец перыяду мезаліту была вынайдзена сетка (да гэтага рыбу лавілі з дапамогай астрог, гарпуноў і проста рукамі), што значна павялічыла памеры здабычы.
Росквіт атрымала і збіральніцтва. Спіс аб’ектаў збіральніцтва шматразова павялічыўся. Усе гэтыя ўмовы дазволілі збіраць большую колькасць ежы, якая была дастаткова разнастайнай. Гэта стымулявала аселы лад жыцця і замацаванне новай формы сацыяльнай арганізацыі людзей – родавай абшчыны.
У вытворчасці каменных прылад працы таксама наглядаліся свае адметнасці. Па-першае, выраблялася вялікая колькасць каменных сякер (тэрыторыя старажытнай Беларусі ўся была пакрыта лясамі). Па-другое, атрымалі распаўсюджанне мікралітычныя прылады працы (мікраліты). Гэта складныя прылады, што састаўляліся з некалькіх невялікіх каменных пласцінак памерам 1-2 кв.см. Найбольш шырока яны былі распаўсюджаны на захадзе і ўсходзе сучаснай Беларусі. Гэтыя рэгіёны атаясамліваюцца з існаваннем свідэрскай і сожскай (суадносна) археалагічных культур. Адметная прыкмета першай – гэта наканечнік стралы ў выглядзе ліста вярбы, у стрэл сожскай культуры наканечнікі – гэта маленькія і кароткія каменныя адшчэпы.
Такім чынам, перыяд мезаліту – гэта час, калі на беларускіх землях з’явілася пастаяннае аселае насельніцтва, атрымала росквіт прысвайваючая гаспадарка, замацаваўся родавы лад грамадства.
Неаліт (5-3 тыс. г. да н.э.)У новы перыяд каменнага веку асаблівых змен у клімаце не адбылося, асноўныя змяненні адбыліся ў гаспадарцы.
У гэты перыяд з’явіўся першы штучны матэрыял, выраблены чалавекам – гэта абпаленая гліна. Менавіта ў неаліце пачалі шырока вырабляць гліняны (керамічны) ляпны посуд (ганчарнае кола будзе вынайдзена значна пазней, у перыяд станаўлення феадалізму). Але і ляпны посуд атрымаў даволі дасканалы выгляд, ён упрыгожваўся разнастайным арнаментам (але пакуль яшчэ не меў плоскага дна). Па форме посуду і яго ўпрыгожванням пачалі вызначаць асноўныя археалагічныя культуры гэтага перыяду (ці, па-іншаму, асноўныя этнічныя суполкі).
Вырасла колькасць насельніцтва, археолагам вядома на Беларусі каля 600 стаянак (галоўным чынам на берагах рэк і азёраў), што дае падставы вызначыць яго памеры ў 5-6 тысяч чалавек. Яно належыла да чатырох галоўных этнічных суполак: культуры грабеньчата-накольнай керамікі (ці днепра-данецкай), верхнедняпроўскай, нёманскай і нарвенскай археалагічных культур.
Асноўнымі заняткамі ў неаліце, як і раней, заставаліся паляванне, рыбалоўства і збіральніцтва. Гэтыя састаўныя часткі прысвайваючай гаспадаркі давалі неабходнае харчаванне і сыравіну. З’яўленне невялікіх лішкаў дазволіла перайсці ад ураўняльнага размеркавання ў межах роду на размеркаванне згодна звычаю. Гэта азначала, што паляўнічы ці рыбалоў мог пакінуць сабе большую і лепшую частку здабычы. У асобнай сям’і з’явіліся запасы, што паменшыла яе залежнасць ад роду, аднак жа, сем’і з роду не выдзяляліся – вельмі нізкай была вытворчасць працы, таму і прылады працы яшчэ знаходзіліся ў агульным карыстанні родзічаў. Наогул, перыяд неаліту лічыцца перыядам найвышэйшага росквіту мацярынскага роду.
Акрамя з’яўлення керамічнага посуду, было яшчэ некалькі адметных вынаходніцтваў людзей, што жылі на Беларусі ў неаліце. Пляценне рыбалоўных сетак з раслінных валокнаў (лён, каноплі, крапіва) дапамагло з’яўленню першабытнага ткацтва. Быў пабудаваны самы просты вертыкальны ткацкі станок, на якім выраблялі самую простую тканіну, але яна ўжо магла выкарыстоўвацца для пашыву адзення і ў гаспадарцы.
Сталі выкарыстоўвацца новыя прыёмы па апрацоўцы камня – шліфаванне, паліраванне і свідраванне. Гэта дазволіла ствараць больш якасныя прылады працы, асабліва палепшыліся магчымасці выкарыстання сякер, якія з гэтага часу не прывязваліся да дрэўка, а насаджваліся на яго. Такіх сякер патрабавалася ўсё болей і болей.
На поўдні Беларусі пад канец неаліту з’вілася земляробства ў першай, самай простай форме – матычнай (галоўная прылада апрацоўкі глебы – матыка).
Крэмню, што знаходзілі на паверхні зямлі, пачало нехапаць і людзі пачалі распрацоўку радовішчаў гэтай сыравіны. На тэрыторыі, што належыць нёманскай археалагічнай культуры (і этнічнай суполцы) знаходзяцца вядомыя Краснасельскія шахты. Яны атрымалі названне ад сучаснага пасёлка Краснасельскі, што ў Ваўкавыскім раёне Гродзенскай вобласці. Археолагі знайшлі больш за 1000 шахт глыбінёй да 8 метраў. Распрацоўка крэмню вялася з дапамогай каменных і касцяных кірак у тоўшчы мелу. Шахты мелі дасканалую сістэму вентыляцыі і падачы сонечнага святла. Побач з шахтамі месціліся майстэрні па апрацоўцы крэмню і вытворчасці прылад працы. Можна сказаць, што мясцовае насельніцтва спецыялізавалася менавіта ў гэтай галіне гаспадаркі. Краснасельскі крэмень пачаў разыходзіцца па ўсёй Беларусі і за яе межы. Такім чынам, першыя крокі міжрэгіянальнага абмену пачало рабіць і першабытнае насельніцтва Беларусі.
Усе гэтыя зрухі ў гаспадарцы дазволілі даследчыкам гаварыць аб здзяйсненні так званай “неалітычнай рэвалюцыі”. І хаця яна доўжылася стагоддзі і тысячагоддзі, тым не менш:
- пачаўся пераход ад прысвайваючай гаспадаркі да вытворчай (земляробства);
- беларускія землі ўключыліся ў міжрэгіянальны абмен таварам;
- з’явіліся зачаткі рамёстваў, пакуль яшчэ ў выглядзе хатняй вытворчасці – выраб керамічнага посуду і тканіны.
Бронзавы век (2 – пачатак 1 тыс. да н.э.)Назва новага перыяду ў першабытнай гісторыі Беларусі паказвае, што на нашай тэрыторыі з’явіліся першыя вырабы з металаў. Але сваіх радовішчаў медзі на Беларусі і ў непасрэднай блізкасці няма, таму медных і бронзавых прылад працы вельмі мала, большасць металічных знаходак – гэта ўпрыгожванні (бранзалеты, фібулы, кольцы). Яны траплялі на Беларусь з Каўказа, Карпат ў абмен на бурштын і вырабы з бурштыну, якія насельніцтва старажытнай Беларусі атрымлівала з Прыбалтыкі ў абмен на крэмневыя прылады працы. Але металічных вырабаў было вельмі мала (археолагі зарэгістравалі ўсяго каля 80 знаходак), яны не маглі зрабіць рэвалюцыю ў вытворчасці. Шырока працягвалі выкарыстоўваць каменныя прылады працы. Таму да Беларусі больш падыходзіць назва перыяду – энеаліт ці медна-каменны век.
Вялікіх памераў дасягнула здабыча і апрацоўка крэмню ў Краснасельскіх шахтах. У апрацоўшчыкаў з’явіўся новы прыём, які яшчэ больш удасканаліў каменныя сякеры і іншыя рэжучыя прылады. Пасля нанясення струменчатай рэтушы (насечкі крыж на крыж) на рэжучыя грані, вытворчыя паказчыкі прылад значна павялічваліся. Відавочныя поспехі ў гаспадарчым развіцці суадносна адбіліся і на жыцці людзей. Замест аднакамерных жылых пабудоў (паўзямлянак ці наземных жытлаў) зараз будуюць двухкамерныя жытлы. З’явіліся лавы і сталы, керамічны посуд з плоскім дном, што ставіўся на сталы і плоскі ачаг.
Каменных сякер патрабавалася ўсё болей і болей – адбываўся пераход да земляробства, яно паступова станавілася галоўнай галіной гаспадаркі, а для яго развіцця патрабавалася высякаць лес. З гэтых умоў нарадзілася своеасаблівая форма земляробства – ляднае ці падсечна-агнявое. Сутнасць яго была ў тым, што лясную дзялянку спачатку высякалі, пні карчавалі, давалі дрэвам высахнуць (1-2 гады), потым іх спальвалі і на ўзбагачонай попелам глебе атрымлівалі на працягу каля 4-5 год добры ўраджай. А потым зноў праводзілі такую ж аперацыю. Глебу ўжо апрацоўвалі не толькі матыкай, але і ралам (драўляным простым плугам), у які ўпрагалі валоў ці каня. Такім чынам, жывёлагадоўля і земляробства з самага пачатку былі цесна звязаны паміж сабой і распаўсюджваліся па Беларусі сінхронна.
Хуткае распаўсюджанне новых вытворчых форм гападаркі звязана не толькі з відавочнымі іх перавагамі над прысвайваючай гаспадаркай, а яшчэ і са з’яўленнем на Беларусі новага насельніцтва – індаеўрапейцаў, якія па ступені гаспадарчага і грамадскага развіцця значна пайшлі наперад у параўнанні з мясцовым (аўтахтонным) насельніцтвам.
Радзіма індаеўрапейцаў – Малая Азія (сучасная Турцыя). У гэтага старажытнага народа асноўным заняткам была жывёлагадоўля. Тут індаеўрапейцы дасягнулі значных поспехаў. Але па нейкіх умовах – кліматычных ці дэмаграфічных (якаснае харчаванне – хуткі рост насельніцтва) – яны вымушаны былі пачаць сваю доўгую вандроўку. Была адна акалічнасць, якая значна палегчыла гэтым людзям падарожнічаць, гэтая акалічнасць – вынаходніцтва кола. Старажытныя індаеўрапейцы сканструявалі павозкі, у якія запрагалі валоў і перавозілі свой няхітры скарб з аднаго луга на другое. Так гэтыя плямёны рассяліліся на вялікай тэрыторыі – ад Індыі да Атлантычнага акіяна, утварыў самую вялікую сучасную моўную сям’ю – індаеўрапейскую, куды ўваходзяць славяне, балты, германцы і іншыя народы. Дзякуючы рухаваму ладу жыцця індаеўрапейцы стварылі развітую мову (яны шмат чаго бачылі і давалі новым з’явам свае назвы, ці займалі іх ад мясцовага насельніцтва). Амаль пастаянныя сутычкі з мясцовым насельніцтвам спрыялі таму, што асноўным заняткам мужчын акрамя жывёлагадоўлі стала вайна. Аб гэтым гаворыць і назва адной з беларускіх археалагічных культур бронзавага веку – культура баявых сякер. Вайна (а таксама новыя вытворчыя формы гаспадаркі) паставіла менавіта мужчыну на першае месца ў сацыяльнай іерархіі першабытнага грамадства. Так, у індаеўрапейцаў існавала патрыярхальная ці бацькоўская родавая абшчына. Асноўныя пытанні жыцця роду ці племені вырашаліся на агульных сходах узброеных мужчын, такі лад кіраўніцтва зваўся “ваенная дэмакратыя”. Але ўжо пачала складвацца і асабістая няроўнасць у родавым грамадстве.
Усё гэта індаеўрапейцы прынеслі і на Беларусь, дзе яшчэ існаваў матрыярхат, а мясцовае (аўтахтоннае) насельніцтва толькі пачало пераходзіць да вытворчых форм гаспадаркі. Аўтахтоннае насельніцтва беларускіх зямель – гэта фіна-вугорскія плямёны, светлавалосыя, з блакітнымі вачыма, а прышлыя індаеўрапейцы – з цёмнымі валасамі, каравокія. На Беларусі пачалі адбывацца асіміляцыйныя працэсы. Ваяўнічыя індаеўрапейцы не выконвалі забаронаў экзагаміі і эндагаміі, бо яны былі заваёўнікамі. Яны бралі жонак з аўтахтонных плямёнаў і так разбурылі прынцып эндагаміі – забарону браць шлюб па-за межамі свайго племені. Плямёны фіна-вуграў часткова былі выціснуты на поўнач, часткова асіміляваны, а беларускія землі ўвайшлі ў тэрыторыю засялення старажытных балтаў (крыху далей, на захадзе, з імі суседнічалі старажытныя славяне – так сама індаеўрапейцы).
На Беларусі археолагі вызначаюць некалькі вялікіх археалагічных культур, што звязваюцца з індаеўрапейцамі – качэўнікамі. Гэта культура баявых сякер (адметныя прыкметы – разнастайная танкасценная кераміка, у тым ліку кружкі, і, па назве культуры – наяўнасць сякер спецыфічнай формы), культура шнуравой керамікі (назва ад адметнага ўпрыгожвання керамікі), тшцінецкая археалагічная культура (адметнасць – цюльпанападобная кераміка).
Такім чынам, галоўныя здабыткі людзей на беларускай зямлі ў бронзавы век:
- станаўленне новай формы грамадскага ладу – патрыярхату;
- адбыўся першы вялікі падзел грамадскай працы на земляробства і жывёлагадоўлю;
- выраслі памеры абмену, у тым ліку міжрэгіянальнага;
- з’явілася прыватная ўласнасць;
- з’віліся касмаганічныя рэлігійныя ўяўленні (прадстаўленні аб тым, як утварылася наваколле), больш увагі сталі ўдзяляць культу продкаў.
Жалезны век (7-6 ст. да н.э. – 6-7 ст. н.э.)Асноўная прыкмета гэтага перыяду –пачатак здабычы і апрацоўкі жалеза. Жалезная руда досыць шырока сустракаецца на Беларусі ў выглядзе лугавой ці балотнай руды. З яе выплаўлялі жалеза ў невялікіх паўкруглых гліняных пячах-домніцах. Першы метад плаўкі – сырадутны. Сутнасць яго ў тым, што ў домніцу загружалі драўляны вугаль і руду, печку замазвалі глінай, але заставаліся невялікія адтуліны, праз якія з дапамогай трубак-соплаў і мяхоў нагняталася паветра. Тэмпературы было недастаткова, каб поўнасцю выплавіць жалеза з руды, таму жалезістая маса – крыца, што атрымлівалася ў канцы працэсу, мела вялікую колькасць дамешкаў і патрабавала доўгай апрацоўкі кавалём. Тым не менш, з’яўленне жалеза і жалезных прылад працы зрабіла вялікі тэхнічны пераварот.
Па-першае, з дапамогай больш дасканалых жалезных прылад працы, сякеры і матыкі, значна ўзрасла роля земляробства (дакладней – падсечна-агнявога ці ляднага), яно ўжо цвёрда ўсталявалася ў якасці самай галоўнай формы гаспадаркі. Разам з тым узрасла роля жывёлагадоўлі і, наадварот, знізілася роля збіральніцтва, палявання і рыбалоўства. Акрамя таго, развіваліся апрацоўка косці і дрэва, прадзіва, ткацтва, пляценне, ганчарства – заняткі, якія значна пазней вылучацца ў асобныя рамёствы. Людзі сталі атрымліваць больш прадукцыі на аднаго чалавека ў параўнанні з папярэднімі гістарычнымі перыядамі. З’явіліся даволі значныя запасы і накапленні прадукцыі. Па-другое, сталі вырабляць з жалеза не толькі прылады працы, але і зброю. Павялічыліся супярэчнасці паміж родамі што выклікала рост ваенных сутычак. Пры гэтым асноўнай мэтай сутычак з’яўлялася імкненне захапіць як мага болей матэрыяльных каштоўнасцяў і рабоў. Упершыню з’явілася эксплуатацыя чалавека чалавекам у форме дамашняга ці патрыярхальнага рабства.
Змяніўся тып паселішчаў. З’явіліся гарадзішчы – размешчаныя ў спрыяльнай для абароны мясцовасці, умацаваныя валамі і драўляным частаколам пасёлкі. Крыху пазней (пачатак нашага часу) з’явіліся селішчы – неўмацаваныя пасёлкі земляробаў, але яны, як правіла, знаходзіліся побач з гарадзішчам, дзе насельніцтва хавалася ў выпадку ваеннай пагрозы. Жылыя пабудовы сталі больш разнастайныя, побач з імі месціліся гаспадарчыя збудаванні. На пачатак жалезнага веку сталыя пазіцыі займаў патрыярхальны род. Паходжанне там вялося па бацьку, яго нашчадкі-мужчыны заставаліся ў родзе. Яны атрымлівалі ўсю маемасць сям’і.
Этнічна насельніцтва Беларусі на працягу жалезнага веку значна змянілася. У раннім жалезным веку тэрыторыю Беларусі засяляла некалькі племянных груп (археалагічных культур), якія вызначаліся агульнай тэрыторыяй, асаблівасцямі пабудовы жытлаў і тыпам пасяленняў, падобнасцю пахавальных абрадаў, і, як і раней, асаблівасцямі вытворчасці керамікі і прылад працы.
На тэрыторыі Палесся (поўдзень Беларусі) жылі плямёны мілаградскай культуры. Адметнасць гэтай культуры – гліняныя фігуркі жывёл, якія па меркаванню даследчыкаў мелі культавае прызначэнне. Крыху пазней, з 3 ст. да н.э. гэтую тэрыторыю засялілі плямёны зарубінецкай культуры, насельніцтва якой падтрымлівала сувязі са скіфамі, кельтамі, грэчаскімі гарадамі Прычарнамор’я (аб гэтых сувязях гавораць археалагічныя знаходкі).
У ранні жалезны век цэнтральную Беларусь засялялі плямёны культуры штрыхаванай керамікі (выраблялі вастрарэбныя гаршкі са штрыхаванай паверхняй). Яшчэ адна адметнасць гэтай культуры – будаўніцтва асобных жытлаў для сям’і з ачагом у цэнты пабудовы (прыкмета балтаў). На поўначы Беларусі месціліся плямёны днепра-дзвінскай археалагічнай культуры (выраблялі спачатку каменныя, потым металічныя прылады працы, кераміка – гладкасценныя слоікападобныя пасудзіны. Усе гэтыя культуры, верагодней за ўсё, належаць продкам балтаў.
Дзесьці ў IV – VI стст. адбылася падзея, якая носіць назву “вялікае перасяленне народаў”. З азіяцкіх стэпаў у Еўропу прыйшла вялікая колькасць качэўнікаў – гунаў і іншых народаў. Гэта прымусіла стала існаваўшыя на сваіх тэрыторыях народы перасяляцца на значныя адлегласці. Не пазбеглі перасяленняў і славяне, якія жылі на тэрыторыі паміж Віслай і Одэрам. Адзін з напрамкаў рассялення славян закрануў і Беларусь. Ужо ў 5-7 стст. н.э. на поўдні Беларусі з’явіліся прыкметы археалагічных культур, якія маюць ці славянскае паходжанне, ці атрымалі ад іх вялікі ўплыў, гэта калочынская, пражская, у цэнтры Беларусі – банцараўская культуры. Галоўнымі “славянскімі” прыкметамі з’яўляюцца: тып жылля – паўзямлянка з вогнішчам у дальнім вугле, простая карычневая кераміка без арнаменту. Нябожчыкаў славяне спальвалі і хавалі попел у паўсферычных курганах. Гэтыя культуры праіснавалі да 7-8 стагоддзяў нашага часу, калі славяне масава з’явіліся на нашай тэрыторыі і хутка занялі ўсю Беларусь. Мясцовае (аўтахтоннае) насельніцтва было асімілявана. Гэтаму паспрыяла больш высокая ступень гаспадарчага развіцця славян у параўнанні з мясцовым насельніцтвам. Славяне прынеслі новую форму земляробства, што змяніла на некаторых асвоеных тэрыторыях лядную сістэму. Гэта новая форма – ворнае земляробства і новая прылада – саха з жалезным наканечнікам.
Адначасова з засяленнем беларускіх земляў у славян адбываўся пераход ад першабытнаабшчыннага ладу да феадальнага. Гэтаму спрыяла менавіта ворнае земляробства. Яно садзейнічала ўзнікненню адасобленай гаспадаркі малой сям’і, што вызвала распад абшчыны, звязанай кроўным сваяцтвам. Родавая абшчына паступова саступала месца суседскай сельскай абшчыне, у аснове якой ляжалі тэрытарыяльныя і эканамічныя сувязі.
Паходжанне беларусаўАсіміляцыя балтаў адбылася хуткімі тэмпамі – культурная і гаспадарчая перавага славян садзейнічалі гэтаму працэсу. Але і балты таксама паўдзельнічалі ў стварэнні новага народа – славяне пераймалі геаграфічныя назвы ад мясцовага насельніцтва, некаторыя рэлігійныя адметнасці і прадметы матэрыяльнай культуры. У выніку такой асіміляцыі да IX ст. на тэрыторыі Усходняй Еўропы ўтварылася 15 этнічных славянскіх аб’яднанняў (протанароднасцяў ці протадзяржаў) – згодна з летапісамі – “княжэнняў”. З іх на Беларусі – 3 аб’яднанні: дрыгавічы, радзімічы і крывічы (дакладней – крывічы-палачане).
Крывічы – мелі этнавызначальную прыкмету – драцяныя скроневыя (вісочныя) кольцы дыяметрам 5-11 см з завязанымі канцамі. Крывічы рассяляліся на поўначы Беларусі. Этнавызначальная прыкмета дрыгавічоў – спіральныя скроневыя кольцы. Дрыгавічы насялялі паўднёвыя і цэнтральныя раёны сучаснай Беларусі. Радзімічы насялялі паўднёва-усходнія раёны сучаснай Беларусі і іх этнавызначальная прыкмета – сяміпромневыя скроневыя кольцы.
З развіццём гістарычнай навукі (беларускай і суседніх дзяржаў) былі распрацаваны канцэпцыі паходжання беларусаў.
Старажытнаруская канцэпцыя распрацавана на прыканцы XIX – пачатку XX cтст. рускімі і беларускімі гісторыкамі А.А.Шахматавым, М.У.Токаравым, Я.І.Карнейчыкам. Яна з’яўлялася пануючай у савецкай гістарыяграфіі, атрымала падтрымку Сталіна. Асноўным палажэннем гэтай канцэпцыі было існавала так званай старажытнарускай народнасці ў межах адзінай старажытнарускай дзяржавы – Кіеўскай Русі. Менавіта са старажытнарускай народнасці растуць карані трох усходнеславянскіх народаў – рускіх, украінцаў і беларусаў. Недахопы гэтай тэорыі: не даказана існаванне гэтай адзінай старажытнарускай народнасці, больш таго, паміж існаваннем Кіеўскай Русі і станаўленнем рускіх, украінцаў і беларусаў як народнасцяў пралягае некалькі стагоддзяў.
Існуе таксама дзве выключаючыя адна адну тэорыі паходжання беларусаў – вялікаруская і вялікапольская, складзеныя на хвалі супрацьстаяння польскай і рускай нацыянальнай ідэй у барацьбе за беларускія землі (канец XIX – пачатак XX стст.). Аўтары гэтых канцэпцый – славянафілы А.Сразнеўскі, А.Сабалеўскі і інш. і палякі Я.Галембоўскі, А.Рыпінскі. Пастулаты гэтых тэорый вельмі падобныя. Адны сцвярджалі, што беларусы – гэта рускія, а беларуская мова – гэта дыялект мовы рускай, але “пашкоджанай” польскім уплывам, другія –наадварот.
Аўтары крывічскай тэорыі – В.Пагодзін, В.Ластоўскі, М.Кастамараў – сцвярджалі, што продкі сучасных беларусаў – гэта крывічы-палачане. Аднак аўтары праігнаравалі ўдзел у станаўленні беларускага этнасу дрыгавічоў і радзімічаў. Гэтую акалічнасць улічылі аўтары крывіцка-дрыгавіцка-радзіміцкай тэорыі (Я.Карскі, В.Пічэта, М.Доўнар-Запольскі, М.Грынблат). Аднак і тут ёсць недакладнасці: беларуская народнасць склалася значна пазней, чым узніклі этнічныя суполкі крывічоў, радзімічаў і дрыгавічоў. Да таго ж, аўтары не ўлічылі ўплыву суседзяў-балтаў у фармаванні беларусаў.
Аўтары балцкай канцэпцыі г.Штыхаў і В.Сядоў сцвярджалі, што беларусы з’явіліся шляхам змяшэння славян і балтаў. Але ў выніку гэтых працэсаў утварыліся дрыгавічы, крывічы і радзімічы. Яшчэ больш фантастычная фінская тэорыя паходжання беларусаў. На падставе існавання на Беларусі фінскай тапанімікі (геаграфічныя назвы) аўтар – І.Ласкоў сцвярджаў, што беларусы пайшлі ад змяшэння славян і фіна-уграў. Але фіна-угры былі выцеснены з Беларусі балтамі значна раней, чым тут з’явіліся славяне. Усё, што засталося ад іх у час рассялення славянаў – гэта назвы некаторых геаграфічных аб’ектаў.
Сучасная канцэпцыя, якая ўлічвае амаль усе акалічнасці этнічных працэсаў на Беларусі распрацавана М.Піліпенкам. Яна спалучае выкарыстанне дзвюх этнічных працэсаў – эвалюцыйнага і дыфузійнага. На першым этапе, калі ішло рассяленне славян на Беларусі, у выніку дыфузійных працэсаў (асіміляцыя балцкіх плямёнаў) узніклі крывічы, дрыгавічы і радзімічы. На другім этапе (X – XI стст.) у выніку эвалюцыйнага працэсу адбылася кансалідацыя насельніцтва ў адзіную славянскую этнічную супольнасць. На трэцім этапе адбываліся дыфузійныя працэсы з заходнімі славянамі, балцкімі і цюркскімі элементамі. У выніку да сярэдзіны XVI ст. узнік беларускі этнас. Менавіта ў гэты час з’яўляецца назва тэрыторыі “Белая Русь”.
0 комментариев