Пошук і аналіз гістарычных крыніц. Праблемы вывучэння непісьмовых крыніц

19333
знака
0
таблиц
0
изображений

БЕЛАРУСКI ДЗЯРЖАЎНЫ УНИВЕРСIТЭТ

кафедра гісторыі Беларусі

РЭФЕРАТ

на тэму:

«Пошук і аналіз гістарычных крыніц. Праблемы вывучэння непісьмовых крыніц»

 

МИНСК, 2008


Праблемы вывучэння рэчавых

і іншых відаў непісьмовых крыніц

Для общих благ мы то перед скотом имеем

Что лутче, как они, друг друга разумеем

И помощию слов, как мысль ни глубока

Описываем все чувствия и страсти

И мысли голосом делим на мелки части.

(А.Сумарокаў)

З таго часу як у чалавека з’явiлася патрэба перадаць iнфармацыю, ён iмкнуўся вызначаць яе ў мове. Фiксацыя гукаў акрэсліла з’яўленне пiсьма. З часам з’явiлiся пэўныя вiды ўмоўных вызначэнняў (што ў класiфiкацыi С. О. Шмiта акрэслiваюцца як канвенцыянальныя крынiцы) – iнфармацыя на штучных машынных носьбiтах. Развiццё тэхнiкi спрыяла ўзнiкненню i такога тыпу крынiц, як фона- і кiнадакументы. Безумоўна, форма фiксацыi iнфармацыi мае для гiсторыка пэўнае значэнне, i гiсторык часам проста вымушаны звяртацца да вывучэння выключна тэхнiчных аспектаў (магнiтафонны запiс справаздач i г. д.). Нягледзячы на пэўныя праблемы, у дадзеным выпадку гiсторыку прасцей перавесцi такую сацыяльную iнфармацыю (вобразна гаворачы) на «мову сваiх думак».

Намнога складаней сiтуацыя пры вывучэннi рэчавых i выяўленчых крынiц. Калi зараз малады гiсторык звяртаецца да рок-музыкi, яго прываблiваюць найперш тэксты, а музыка застаецца па-за ўвагай. Яшчэ ў большай ступенi складана перавесцi на «мову думак» сацыяльную iнфармацыю, што заключана ў «мове рэчаў». Тут выкарыстоўваюцца спецыфiчныя метады вывучэння, i ў адпаведнасцi з iмi вызначылiся такiя асобныя дысцыплiны, як мастацтвазнаўства, этнаграфiя i г. д.

Дарэчы, «мову рэчаў» вывучае i археалогiя. Але, па-першае, археолагi выкарыстоўваюць i пiсьмовыя крынiцы. Па-другое, археолагi вывучаюць «старажытнасцi» – рэчы, iнфармацыя аб якiх страчана поўнасцю або часткова (па трапным вызначэнні Л. С. Клейна, гэта рэшткі культуры мінулага, аддаленага ад нашага жыцця не толькі значным інтэрвалам часу – гэта не галоўнае, але і разрывам традыцыі, такім разрывам, які ўскладняе разуменне рэшткаў). Многiя схiльны нават вызначаць археалогiю як самастойную навуку побач з гiсторыяй. У такiм выпадку ўзнiкае пытанне аб суадносiнах азначаных дысцыплiн з крынiцазнаўствам, i тут патрэбна заўважыць, што тым не менш усе яны маюць аб’ектам вывучэння гістарычныя крынiцы. I пры вывучэннi рэчаў (напрыклад, iкон) узнiкаюць тыя ж пытаннi дацiроўкi, аўтарства, месца стварэння. Таму можна сцвярджаць, што тэорыя крынiцазнаўства павiнна распрацоўваць метады вывучэння самых розных тыпаў крынiц. Разам з тым можна разглядаць у якасцi асобнай навуковай дысцыплiны прыкладное крынiцазнаўства, што вывучае пiсьмовыя крынiцы.

Некаторыя навукi, што маюць аб’ектам вывучэння гiстарычныя крынiцы, распрацоўваюць i свае, спецыфiчныя метады. Iснуе i своеасаблiвая методыка пошуку крыніц. Як археолаг ведае, дзе трэба капаць? Як этнограф ведае, дзе патрэбна шукаць сляды той цi iншай легенды? Безумоўна, ёсць элемент выпадковасцi ў адкрыццi. Можна выпадкова натрапiць на дакумент у архiве, можна выпадкова знайсцi клад i г. д. Але ў пераважнай большасцi пошук вядзецца сiстэматычна i мэтанакiравана. Патрэбна дэтальна акрэсліць прадмет пошуку, даследчык павiнен выдатна ведаць умовы i вывучыць месца пошуку (фонды архiва або мясцовасць для археолага). Даследчык павiнен ведаць магчымасцi прымянення тэхнiчных сродкаў (аэрафотаздымка, запiс на дыктафоне, сканiраванне тэксту, сканiраванне зямной паверхнi з самалёта i спадарожнiка, выкарыстанне iнфармацыйных сiстэм). Пры той вялiкай адлегласцi, якая, здаецца, аддаляе палявую археалогiю ад працы даследчыкаў у архiве, ёсць ва ўсякiм разе адна рэч, што іх аб’ядноўвае: перш чым раскопваць, трэба знайсцi, дзе капаць; перш чым вывучаць пiсьмовую крынiцу, яе трэба адшукаць.


Пошук гістарычных крыніц. Крыніцазнаўчая эўрыстыка

Дапамагае ў пошуку крыніц крыніцазнаўчая эўрыстыка (ад грэч. – адшукваю, адкрываю), якая выпрацоўвае спецыяльныя метады іх выяўлення.

Калi гаварыць аб пiсьмовых крынiцах, то ў залежнасці ад таго, дзе арганізуецца iх пошук, крыніцазнаўчую эўрыстыку ўмоўна падзяляюць на бібліяграфічную і архіўную. Задача эўрыстыкі – выявіць усе крыніцы па тэме гістарычнага даследавання.

У пачынаючых даследчыкаў вызначаецца імкненне хутчэй звярнуцца да сховішчаў, да архіўных матэрыялаў. Але пачынаць пошук неабходна з апублікаваных крыніц. Па-першае, тым самым гісторык пазбаўляе сябе ад магчымасці «адкрываць» вядомае. Па-другое, апублікаваныя матэрыялы дазваляюць вывучаць тыя крыніцы, якія знаходзяцца ў закрытых архівах і прыватных калекцыях (часам недаступных даследчыку). Выкарыстанне апублікаваных крыніц эканоміць гісторыку час, паколькі складальнікі публікацыі праводзілі велізарную працу па тэматычнай падборцы крыніц, прадстаўленню тэксту па сучасных правілах арфаграфіі і забеспячэнню яго геаграфічнымі і імяннымі паказальнікамі, каментарыямі і г. д.

Выданні крыніц вельмі разнастайныя, таму трэба мець на ўвазе, што існуюць першасныя і другасныя выданні. Першасныя выданні змяшчаюць самі крыніцы, а другасныя – інфармацыю аб іх. Да першасных адносяць неперыядычныя публікацыі крыніц, перыядычныя выданні крыніц, што працягваюцца (напр., «Полное собрание русских летописей»); да другасных – інфармацыйныя выданні (рэфератыўныя і інш.), даведачную літаратуру (энцыклапедыі, слоўнікі), бібліяграфічныя дапаможнікі.

У залежнасці ад мэты iх выдання публiкацыi можна падзяліць на навуковыя, вучэбныя (хрэстаматыі i г. д.), літаратурна-мастацкія i навукова-папулярныя (літаратурна-мастацкія пераклады крыніц і інш.). Нават пачынаючы даследчык павінен ведаць і разумець гэтыя адрозненні.

Акрамя таго, выданні можна падзяліць на афіцыйныя і неафіцыйныя (прыватныя). Тут да месца адзначыць і цяжкасці работы з апублікаванымі крыніцамі. Галоўная з iх тая, што ў нефаксімільных выданнях (а іх выключная большасць) даследчык не мае магчымасці скласці поўнае ўяўленне аб крыніцы і вымушаны давяраць публікатарам. Паколькі публікацыі заўсёды маюць свае мэты, то ў афіцыйных выданнях пераважаюць мэты ідэалагічныя, а прыватныя выданні не заўсёды дасканалыя ў археаграфічных адносінах. Дарэчы, усё гэта выдатна адзначана ў працы М.М. Улашчыка «Очерки по археографии и источниковедению истории Белоруссии феодального периода» (1973).

Пасля выяўлення апублікаваных крыніц па пэўнай тэме і адпаведнага іх вывучэння гісторык можа і павінен пераходзіць да пошуку крыніц у архівах, рукапісных аддзелах бібліятэк, фондах музеяў і ў прыватных асоб.

Вызначэнне двух этапаў у пошуку гістарычных крыніц не звязана з прынцыповым адрозненнем паміж апублікаванымі і неапублікаванымі крыніцамі. Месца захавання і тэхніка, спосаб аднаўлення крыніц не прадвызначаюць іх значэння для даследчыка. Размова можа ісці толькі аб спецыфічных метадах выяўлення і некалькі іншых спосабах вывучэння гэтых крыніц.

Напачатку даследчык працуе з даведнікамі для таго, каб вызначыць, у якіх архівах, у якіх фондах могуць захоўвацца крыніцы па яго тэме
(гл. дадатак). Складанасць гэтай працы выклiкаецца тым, што шэраг даведнікаў («Путеводителей» i iнш.) ужо састарэў, па асобных фондах і калекцыях яны адсутнічаюць увогуле.

Праца ў архіве патрабуе ад даследчыка ведаў па палеаграфіі, геральдыцы, сфрагістыцы і інш. Ён павінен ведаць сетку і склад архіваў, для чаго неабходна пэўнае знаёмства з такой навуковай дысцыплінай, як архівазнаўства, яе тэрміналогіяй («фонд», «вопіс», «анатацыя фонду» і інш.). Трэба мець на ўвазе, што акрамя фондаў дзяржаўных устаноў існуюць і фонды асабістага паходжання, якія звычайна складаюць аснову фондаў аддзелаў рукапісаў буйнейшых бібліятэк і персанальных фондаў адпаведных музеяў. І каб ведаць, якім чынам матэрыялы, што цікавяць даследчыка, адкладваліся ў архівасховішчах, неабходна знаёмства з гісторыяй фондаўтваральнікаў (устаноў, арганізацый, асоб, чые матэрыялы ў гэтых архівах захоўваюцца).

Арганізацыя рацыянальнай працы ў архівасховішчах можа стаць прадметам асобнага вывучэння і практычных заняткаў.

Аналiз гiстарычнай крынiцы

Гiстарычная крынiца змяшчае iнфармацыю аб тых цi iншых фактах (суб’ектыўнасць) i адначасова сама з’яўляецца фактам гiстарычнай рэчаiснасцi (аб’ект, аб’ектыўнасць). Гэта прадвызначыла вылучэнне двух этапаў гiстарычнай крытыкi: знешняй i ўнутранай (В. В. Ключэўскi вызначаў фiлалагiчную i фактычную, савецкiя гiсторыкi 1930-х гг. – аналiтычную i сiнтэтычную).

Мэтай знешняй крытыкi з’яўляецца ўстанаўленне сапраўднасцi гiстарычнай крынiцы (г. зн. цi мела месца крынiца як гiстарычны факт), а галоўным зместам – вызначэнне месца, часу i ўмоў узнiкнення (аўтарства) гiстарычнай крынiцы. Тэхналогiя i паслядоўнасць знешняй крытыкі для розных тыпаў крынiц iстотна адрознiваюцца. Так, археалагiчную крынiцу ўтвараюць дадзеныя, якiя атрымлiваюць не толькі ў вынiку раскопак, але i ў вынiку агляду помнiка. Аналiз пiсьмовай крынiцы пачынаецца з вывучэння тэксту гiстарычнай крынiцы. Калi мы маем справу са старажытнымi тэкстамi, то вымушаны выкарыстоўваць спосабы iх прачытання, выпрацаваныя палеаграфiяй. Чытаючы старажытныя тэксты, трэба мець на ўвазе, што з развiццём мовы змяняецца яе марфалогiя. Вывучаючы пiсьмовыя помнiкi, гiсторык выкарыстоўвае розныя слоўнiкi i даведнiкi (дыялекталагiчныя, тлумачальныя i iнш.). Даследчык павiнен ведаць, што адна i тая ж з'ява ў розных мясцовасцях i дыялектах адной цi некалькiх роднасных моў часам вызначалася па-рознаму.

Для большасцi тэкстаў характэрна наяўнасць вялiкай колькасцi памылак, якiя (як ні парадаксальна) з’яўляюцца вельмi каштоўнымi для гiсторыка. Яны дазваляюць вызначыць пераемнасць тэкстаў, наяўнасць копiй, спiсаў i г.д. Таму вядомы тэкстолаг Дж. Кларк адзначаў, што для даследчыка найбольш карысныя недасведчаныя пісцы – яны, не разумеючы нiчога ў напiсаным, перапiсваюць усё без змен.

Акрамя таго, у розных тэкстах, якiя дайшлi да нас, ёсць шмат згубленых лiстоў, шмат старонак выцвiлых, выцертых, дрэнначытаемых. Многiя крынiцы ўвогуле захавалiся толькi часткова. Малюнкi, iконы, тэксты даследчык вымушаны аднаўляць. Рэстаўрацыя i рэканструкцыя – самыя складаныя этапы работы. Вельмi iстотна ў такiм выпадку знайсцi копii, спiсы. Параўнанне розных тэкстаў дае магчымасць аднавiць страчаныя месцы па аналогii. Аднаўленне страчанага тэксту ў крынiцы, што захавалася ў адным спiсе, у тэксталогii называецца кан'ектурай. Пакуль не будуць знойдзены iншыя спiсы i нельга будзе праверыць дакладнасць адноўленага тэксту, кан'ектура лiчыцца недаказанай. Пры аднаўленні страчанага тэксту вывучаюць таксама паметкі на палях – глосы, уключаныя ў тэкст паметкі, дадаткі і тлумачэнні перапісчыкаў – інтэрпаляцыі (механічнае злучэнне эпізодаў з розных месцаў называюць кантамінацыяй, а цалкам заснаваны на чужым матэрыяле тэкст – кампіляцыяй). Пры рэканструкцыі тэксту сучасныя даследчыкі ўсё часцей выкарыстоўваюць камп'ютэр, звяртаюцца часам і да метадаў фотааналізу.

Пры аналізе крыніцы крыніцазнаўца вызначае складаны характар тэксту (злучэнне розных крыніц, рэдакцый, устаўкі і г. д.) і, акрамя тэксталагічных, выкарыстоўвае метады кампаратыўнага (параўнальна-гістарычнага) вывучэння тэкстаў (як прыклад, вызначэнне
А.А. Шахматавым рэдакцый і пратографаў «Аповесці мінулых гадоў» і прычын іх узнікнення).

Пасля палеаграфічнага і граматычнага прачытання даследчык яшчэ не можа сцвярджаць, што поўнасцю зразумеў сэнс, укладзены ў тэкст аўтарам. Крыніца належыць да пэўнай эпохi, і яе складальнікі жылі і думалі катэгорыямі гэтай эпохі, а не нашага часу. На гэтым этапе (этапе вытлумачэння, інтэрпрэтацыі) дапамагае асобная галіна крыніцазнаўства – герменеўтыка (мастацтва і тэорыя вытлумачэння), якая мае на мэце вызначыць сэнс, зыходзячы з яго аб'ектыўных (значэнне слоў і іх гістарычна абумоўленыя варыяцыі) і суб'ектыўных (намеры аўтараў) падстаў. Мяркуюць, што паходжанне гэтага слова звязана з імем бога Гермеса, весніка багоў, якому прыпісвалася таксама вынаходнiцтва мовы і пісьменства. Безумоўна, што задача вытлумачэння зместу крыніцы датычыцца не толькі пісьмовых крыніц; яе вымушаны вырашаць і археолагі, і этнографы, і прадстаўнікі іншых навуковых дысцыплін.

Задача інтэрпрэтацыі крыніцы спалучаецца з вызначэннем часу і месца яе стварэння. Выкарыстанне дадзеных гістарычнай храналогіі дазваляе вызначыць прамыя звесткі аб часе – год, месяц, індыкт і г. д., а выкарыстанне дадзеных гістарычнай геаграфіі – правесці лакалізацыю гістарычнай крыніцы. Пры гэтым, аднак, даследчык павінен прыняць за правіла супастаўленне прамых (непасрэдных) і ўскосных звестак аб часе, тых звестак, якія аўтар вызначае несвядома (ці неабачліва). Галоўным лозунгам на этапе гістарычнай крытыкі павінен стаць лозунг: «Шукай супярэчнасці!»

Для значнай часткі крыніц істотную ролю мае вызначэнне аўтара (атрыбуцыя). Асабліва складанай гэтая задача з'яўляецца ў дачыненні да рукапісных твораў эпохі сярэднявечча: тады пазначаць аўтарства лічылася калі не грахоўным, то не прынятым. Узнікаюць праблемы і пры вызначэнні дзеючых асоб гэтых твораў. Так, рускія князі традыцыйна мелі імёны і славянскія, і хрысціянскія. Хрысціянскае імя вызначалася пераважна праваслаўным календаром, славянскае часцей давалася ад імя бацькі і дзеда. Адпаведна існаваў даволі сціслы набор княжацкіх імёнаў (на тэрыторыі Полацкай зямлі гэта, напрыклад, Уладзімір, Усяслаў, Брачыслаў, Рагвалод, Глеб). У такім гэтага, як адзначае Э. М. Загарульскі, часам складваецца ўяўленне, што дзейнічаюць розныя людзі, у той час як на самай справе гэта адна і тая ж асоба.

Калі крыніца створана не ў тым месцы, не ў той час або не тым аўтарам, што ў крыніцы акрэслены, то мы маем падставы сцвярджаць, што гэтая крыніца несапраўдная (падробка, фальсіфікацыя і г. д.). Але нават падробка часам змяшчае пэўную цікавую інфармацыю. Вывучаючы мэты фальсіфікацыі ці падлогу, даследчык можа атрымаць шмат дадатковай інфармацыі аб крыніцы, да таго ж найчасцей падробкі вельмі дакладна перадаюць знешнія характарыстыкі таго ці іншага віду крыніц.

Вызначыўшы сапраўднасць гістарычнай крыніцы (г. зн. тое, што яна мела месца як гістарычны факт), даследчык звяртаецца да яе зместу. На этапе ўнутранай крытыкі крыніцазнаўца вывучае верагоднасць (пэўнасць) гістарычнай крыніцы – ступень адпаведнасці яе зместу таму гістарычнаму факту, які яна апісвае. Ніводная крыніца не можа поўнасцю перадаць тое, што адбылося. Чалавечая памяць схільная губляць асобныя дэталі, тыя ці іншыя рэчы з'яўляюцца толькі рэшткамі (часткай) падзей і ніколі не перадаюць іх поўнасцю. Ступень адпаведнасці інфармацыі гістарычнай крыніцы пэўнаму гістарычнаму факту (г. зн. ступень яе верагоднасці) паказваюць такія катэгорыі крыніцазнаўства, як паўната і дакладнасць.

Паўната – гэта адлюстраванне ў крыніцы найбольш характэрных рыс, уласцівасцей, галоўных якасцей пэўнага прадмета, з'явы. Гэтая катэгорыя якасная. Дробная знаходка, невялікі тэкст можа кардынальна змяніць погляд даследчыка на асобную падзею, на гістарычны факт, які ён вывучае. Колькаснай характарыстыкай з'яўлецца дакладнасць гістарычнай крыніцы – ступень перадачы ў ёй асобных дэталей апісанай падзеі. Разам з тым гэта тыя дробязі, з якіх складваецца ўяўленне даследчыка пра апісаную падзею; часам менавіта іх якраз і не хапае для больш поўнага ўяўлення пра пэўны вывучаемы факт гістарычнай рэчаіснасці.

Катэгорыі паўнаты і дакладнасці цесна звязаны паміж сабой, аднак дакладная крыніца не заўсёды найбольш поўная. Часам складальнік крыніцы захапляецца дэталямі, дробязямі, якія ўскладняюць асэнсаванне падзей (як у вядомай байцы І. А. Крылова «Цікаўны»: «Слана, бач, я і не заўважыў»). Дзённікі, якія складаюцца адразу пасля падзеі, лепш перадаюць дэталі, а ўспаміны ў большай ступені змяшчаюць асэнсаванне мінулага, больш поўны погляд на падзеі і г. д.

Інфармацыя аб мінулым не адлюстроўваецца, а праламляецца ў крыніцы (як прамень свету, праходзячы праз прызму). Па-першае, яна праламляецца праз свядомасць пэўнай гістарычнай эпохі. Крыніцы – рэшткі культуры мінулага, аддзеленыя ад нашага жыцця не толькі значным інтэрвалам часу, але і разрывам у традыцыі, што часам ускладняе іх разуменне. Па-другое, на інфармацыю аказвае вялікі ўплыў псіхалогія пэўных сацыяльных груп, да якіх належалі аўтары гістарычных крыніц. Па-трэцяе, інфармацыя скажаецца, праходзячы праз сістэму светапогляду стваральнікаў гістарычных крыніц, праз іх свядомасць.

Азначанае акрэслівае неабходнасць вывучэння гістарычнай псіхалогіі, псіхалогіі пэўных груп і асоб (асабліва пры істотным уплыве апошніх на грамадскае жыццё). Даследчык абавязкова павінен вызначыць матывы стварэння гістарычнай крыніцы. Так, расійскія і савецкія гісторыкі спасылаліся на звесткі руска-літоўскіх летапісаў аб заваяванні рускіх зямель літоўскімі князямі. Аднак пры ўважлівым вывучэнні псіхалогіі і права той эпохі можна заўважыць, што заваёва, права сілы былі галоўнымі ў абгрунтаванні правоў на землі, рэчы і г. д. Між іншым, пасля таго як ініцыятыва ў збіранні рускіх зямель была князямі ВКЛ ў канцы XV ст. канчаткова страчана, агульнаруская частка першага беларускага зводу губляе сваё значэнне. Патрэбна было іншае абгрунтаванне правоў на тэрыторыі з пераважна праваслаўным насельніцтвам. Таму і ўзнікла канцэпцыя заваёвы. Дарэчы, у адпаведнай частцы першага беларуска-літоўскага зводу («Летапісцы вялікіх князёў літоўскіх») змяшчаецца падобнае тлумачэнне прэтэнзій на Падолле. У гэтым выпадку патрэбна, гаворачы словамі В. В. Ключэўскага, умець чытаць «паміж радкоў летапісаў».

Вывучаючы інфармацыю гістарычнай крыніцы, даследчык абавязкова сутыкаецца з пэўнымі скажэннямі. Апошнія могуць быць як свядомымі, так і несвядомымі. Часам стваральнік гістарычнай крыніцы не меў магчымасці дакладна назіраць тое, што адбывалася. Вызначэнне аўтара (атрыбуцыя) на першым этапе крыніцазнаўчага аналізу дазваляе вызначыць індывідуальныя характарыстыкі аўтара і іх уплыў на інфармацыю. Многія людзі маюць уласцівасць звяртаць увагу на дробязі і не ўмеюць вызначыць галоўнае, некаторыя проста не ўмеюць слухаць ці запамінаць, у асобных спрацоўвае ўнутраная цэнзура («не сказаць бы чаго лішняга») і г. д.

Даследчык павінен таксама адрозніваць інфармацыю з першых рук і інфармацыю, атрыманую са слоў iншых сведкаў і іх абагульненняў. Пры гэтым трэба з пэўным недаверам ставiцца да складальніка крыніцы. Свядома ці несвядома некаторыя аўтары перадаюць прачытанае ці перажытае іншымі людзьмі як эпізоды свайго жыцця. Вывучаючы такую інфармацыю, гісторык найперш імкнецца вызначыць крыніцы, з якіх яна атрымана.

І ўрэшце, завяршае крыніцазнаўчую крытыку сінтэз гістарычнай інфармацыі. На гэтым этапе даследчык параўноўвае звесткі розных крыніц аб тым ці іншым факце і вызначае ступень рэпрэзентатыўнасці, каштоўнасці гістарычнай крыніцы. Пры гэтым часта ствараецца пэўны генетычны рад. Так, пры вывучэнні пісьмовых крыніц вызначаюць пратограф, спісы, рэдакцыі; чарнавікі і белавікі, копіі. Вывучэнне дакументаў заканадаўства прадугледжвае вызначэнне пісьмовага ўвасаблення заканадаўчай ініцыятывы, законапраекта, дакументаў яго абмеркавання і публікацыі.

Спынімся далей на канкрэтных аспектах вывучэння асобных родаў і відаў пісьмовых крыніц.


ЛIТАРАТУРА

1.         Клейн Л.С. Археологические источники. Спб., 2008.

2.         Спосаб напісання, нягледзячы на блізкасць моў, у перыяд XIV – XVIII ст. істотна адрозніваўся. Гл.: Куль-Сяльверстава С.Я. Беларуская палеаграфія. Гродна, 2006;

3.         Гл.: Мова беларускай пісьменнасці XIV – XVIII ст. Мн., 2000.

4.         Загорульский Э.М. Генеалогия полоцких князей Изяславовичей. Мн., 2004.

5.         Гл. Ходзін С.М. Летапісанне на Беларусі // Беларускі гістарычны часопіс. 1997. № 2


Информация о работе «Пошук і аналіз гістарычных крыніц. Праблемы вывучэння непісьмовых крыніц»
Раздел: История
Количество знаков с пробелами: 19333
Количество таблиц: 0
Количество изображений: 0

Похожие работы

Скачать
38716
0
0

... Мусульмане даволі паспяхова карысталіся станоўчым культурным вопытам папярэднікаў. Увогуле, першапачатковыя педагагічныя веды мелі вельмі моцны грунт веры. Паводле запаветаў ісламу найважнейшымі абавязкамі бацькоў з’яўляюцца нараджэнне і належнае выхаванне фізічна і маральна здаровых карысных і паважаных удзельнікаў грамадства і прадстаўнікоў чалавецтва. Таму бацькі павінны сачыць, каб іх дзеці ...

Скачать
75669
0
0

... , М. Стральцова, В. Адамчыка, А. Карпюка, Я. Сіпакова, А. Жука і, канешне ж, У. Караткевіча, рамантычная паэзія, проза і драматургія якога атрымала самае шырокае прызнанне ў сучаснага чытача. еўрапейскый сусветный мастацкый літаратура 1.5 Рэалізм   1.5.1 Агульнае паняцце аб рэалізме. Шляхі станаўлення і развіцця рэалізму ў сусветнай літаратуры Рэалізм (ад лац. realis – рэчыўны, сапраўдны) – ...

0 комментариев


Наверх