Адкуль пайшло Хрысцiянства на Беларусi

30779
знаков
0
таблиц
0
изображений

Мiнiстэрства адукацыi рэспублiкi Беларусь

Школа №65 г. Мiнска

11 “Г” клас

Хадакоўскай Надзеi

Адкуль з’явiлася хрысцiянства на тэрыторыi Беларусi ?

Навуковы кiраўнiк:

Пабегайла ўладзiмiр

Уладзiмiравiч

Мiнск – 2000


Министерство образования республики Беларусь

Школа №65 г. Минска

11 “Г” класс

Ходаковской Надежды.

КРЕЩЕНИЕ РУСИ

Научный руководитель:

Павлюкевич Владимир

Николаевич

Минск – 2000

АДКУЛЬ ПРЫЙШЛО ХРЫСЦІЯНСТВА НА БЕЛАРУСЬ?

 

Адгучалі святы і перазвоны саборных званоў з нагоды 1000-годдзя хрышчэння Усходняй Еўропы, прайшлі ўрачыстыя пасяджэнні і літургіі, зноў надышоў час нястомных пошукаў і навуковага аналізу. Аглядаючы гады мінулыя, святкаванне юбілею, трэба адзначыць, што ён стаў адметнай з'яваю ў жыцці нашага грамадства. 1000-годдзе ў многім падштурхнула вяртанне народу духоўнасці, прымусіла нават зацятых атэістаў падумаць аб нечым больш каштоўным, чым «хлеб наш надзённы». I калі не ўсе адразу ці пакрысе сталі вернікамі, то для большасці святкаванне хрысціянскіх угодкаў стала вобразным напамінам аб спрадвечнай гісторыі чалавецтва і народа, аб людскіх традыцыях, высокай духоўнасці і маралі.

Разам з тым 1000-годдзе паставіла, бадай, не менш пытанняў, чым адказаў. Але гэта не тыя пытанні, якія на працягу двух гадоў гучалі з трыбун розных канферэнцый і ўрачыстых пасяджэнняў, са старонак усесаюзных часопісаў і нават раённых газет: як і дзе прымаў хрышчэнне князь Уладзімір, ставіў ці не ставіў на Кіеўскіх гарах крыж св. Андрэй Першазваны, прагрэсіўнай ці не была з'ява хрысціянства ва Усходняй Еўропе і г. д. На ўсе гэтыя пытанні ўжо даўно знойдзены адказы ў працах айцоў-багасловаў і ў спецыяльнай навуковай літаратуры. Іншая справа, што да так званага «шырокага чытача» яны дайшлі толькі цяпер і абрынуліся на яго снежнаю лавінаю. Не абышлося і без яўнага ганьбавання «опиума для народа» ў духу даўно правераных бальшавіцка-сталінскіх традыцый. Але гаворка не пра тое.

У патоку святочнай хрысціянскай інфармацыі нават спрактыкаванаму ў гісторыка-багаслоўскіх пытаннях чалавеку цяжка было зразумець, адкуль узялося хрысціянства на Беларусі, якім яно было першапачаткова, як развівалася. У лепшым выпадку ў свядомасці засталіся імёны сапраўдных волатаў хрысціянскай культуры: Ефрасінні Полацкай, Кірылы Тураўскага, Аўрамія Смаленскага, Сімяона Полацкага. Разам з тым, апісанне працэсу хрышчэння Усходняй Еўропы звялося да прыняцця рэлігіі св. князем Уладзімірам, хрышчэння кіяўлян, наўгародцаў. Пасля — да гісторыі кіеўскіх, наўгародскіх, пскоўскіх і падмаскоўных манастыроў. Пазней — да вядомай догмы: «Масква — трэці Рым, а чацвёртаму не быць», да аб'яднання ўсходнеславянскага праваслаўя вакол маладой Маскоўскай дзяржавы.

Складалася ўражанне, што больш чым тысячагадовая гісторыя Беларусі ў гэтым ваколасвяточным «рушэнні» калі не ігнаравалася свядома то, як бы мовіць, выпала. Але на самой справе мы маем вынік шматвяковай расейскай імперскай палітыкі ў галіне навукі і культуры, які, дарэчы, з зайздросным імпэтам быў падхоплены праваднікамі камуністычнай ідэалогіі. Стары-новы дагмат аб тым, што Беларусь — колішняе Полацкае княства — была састаўной часткай (правінцыяй) Кіеўскай Русі, меў на ўвазе, што і хрышчэнне гэтых зямель нічым не адрознівалася ад Кіева ці Ноўгарада. Але ці так гэта было на самой справе? Надышоў час паставіць і гэта пытанне.

Як справядліва лічаць праваслаўныя багасловы, пранікненне хрысціянства на землі ўсходніх славян можна звязваць з перыядам ад св. Андрэя Першазванага да княгіні Вольгі, г. зн. III—IX стст. ад Н. X. (Фнларет. Установленне хрнстнанства на Руси. Богословскне труды, .№ 28, М., 1987). Але трывала яно пачало прыжывацца толькі ў канцы XI стагоддзя. Прычым адразу трэба заўважыць, што ўсходнееўрапейскія прасторы заставаліся на той час адзінымі нехрысціянізаванымі землямі Еўропы. Таму тут і скрыжаваліся інтарэсы каталіцка-апостальскага Рыма і праваслаўнага Канстанцінопаля — Візантыйскай імперыі. Аб тым, што гэта было менавіта так, сведчаць, напрыклад, жыціі, перакладзеныя з латыні на стараславянскую мову, якія мелі распаўскджанне на землях Ўсходняй Еўропы: Бенедыкта Наварасійскага, Анастасіі Рымлянкі, святога Віта і інш. Сама княгіня Вольга, якая першая з кіеўскіх князёў прыняла хрысціянства, вяла адносна гэтага перамовы як з Канстанцінопалем, так і з Рымам. Яна звярнулася да германскага імператара Аттона 1 (936— 973 г.г.) з просьбаю прыслаць у Шеў каталіцкіх святароў, што тлумачылася яе няўдалымі перамовамі з візантыйскім імпеііатарам Канстанцінам VII Багранародным пад час паездкі ў Канстанцінопаль у 957 г. Безумоўна, на той час сама Вольга трымалася яшчэ паганскае веры. Разам з тым у Кіеве былі добра вядомыя і праваслаўныя місіянеры. Цяжка ўявіць, каб, з'явіўшыся ў сярэднім Дадняпроўі, яны не праявілі цікавасці да іншых зямель на поўнач ад Кіева, якія ўжо былі вядомыя тагачасным сярэдневяковым гісторыкам.

Яскравым сведчаннем таму з'яўляецца лёс самога Андрэя Першазванага, які пасля наведвання «Кіеўскіх гор» адправіўся далей на поўнач па Дняпры да Ноўгарада, адтуль ­­– у Скандынавію і далей, у Рым. Такім чынам, апостал прайшоў вядомым гандлёвым шляхам «з грэкаў у варагі». Гэты шлях у нас часцей называецца «з вараг у грэгі» і, мабыць, невыпадкова. Справа ў тым, што землі Усходняй Еўропы, у тым ліку і Полацкага княства, на гэтым шляху былі толькі транзітным прамежкам. Асноўны гандаль ішоў паміж Усходам і Скандынавіяй, астатнія ж толькі карысталіся выгодамі гэтага гандлю. У сувязі з гэтым цікава адзначыць, што другая палова Х стагоддзя — час шырокага распаўсюджвання ў Скандынавіі хрысціянства. Хрысціянства прыйшло сюды раней, чым ва Усходнюю Еўропу, дзякуючы шматлікім паходам нарманаў ажно да Міжземнага мора. Адпаведна і ўвагу да ўсходнеславянскіх зямель праяўлялі не толькі місіянеры з поўдня, але і з поўначы.

Найбольшую цікавасць для нас уяўляе епіскапская «Сага аб хрышчэнні», запісаная праз трыста гадоў аб падзеях канца Х стагоддзя. Галоўнай дзеючай асобай аповедзi з'яўляецца Торвальд Вандроўнік. Гэты чалавек, узведзены пасля смерці ў сан святога, прымаў чынны ўдзел у хрысціянізацыі Ісландыі. Адтуль ён выправіўся ў Ерусалім, дзе быў у вялікай пашане ў самога імператара і канстанцінопальскага патрыярха. Здзейсніўшы духоўны подзвіг паломніцтва, Торвальд вяртаўся ў Скандынавію цераз Кіеўскую Русь. Тут ён пакінуў па сабе памяць у выглядзе заснаванага «в Руси» манастыра Іаана Хрысціцеля. Са спасылкаю на скальда Бранда Вандроўніка, сага апавядае, што Торвальд памёр, так і не дайшоўшы да сваёй радзімы, і пахаваны «ў высокай гары па рэчышчы Дроўна», «каля царквы Іаана Хрысціцеля, непадалёк ад Полацка». Гэта сага — першы па часе дакумент або твор, у якім прыгадваюцца хрысціяне на землях Полацкага княства. Нагадаем яшчэ раз, што апісаныя ў ёй падзеі датуюцца канцом X стагоддзя. Мабыць, гэта невыпадкова. Па-першае, таму, што ўжо ў канцы Х ст. Полацкая зямля аформілася як самастойнае незалежнае княства. Яе першы летапісны князь Рагвалод як паўнапраўны гаспадар «трымаў, валадарыў і княжыў» Полацкую зямлю. Па-другое, Рагвалод хутчэй за ўсё быў выхадцам з паўночнай Нарвегіі, фюлька (воласці) пад назваю Рогаланд. Таму цалкам зразумела, чаму другі скандынаў — Торвальд Вандроўнік вырашыў заснаваць манастыр менавіта ў Полацку.

Манастыр Іаана Хрысціцеля (Прадцеча) на Востраве ў Полацку дакументальна фіксуецца ў старажытных крыніцах з XIV стагоддзя. Некаторыя даследчыкі адносяць яго ўзнікненне да значна больш ранняга часу. Але рэшткі самога манастыра дагэтуль не знойдзены. Археалагічнымі і геафізічнымі даследаваннямі апошніх гадоў вызначаны толькі месцы перспектыўных пошукаў. Што да «высокай гары», то такая існуе і сёння непадалёку ад былога манастыра. Пад час вайны 1812 года на ёй была збудавана артылерыйская батарэя, пазней — курган Славы 1941—1945 гадоў. Няма падстаў сумнявацца, што сага прыгадвае менавіта Полацк і полацкі манастыр. Што ж да даты заснавання манастыра, то дакладна яе могуць вызначыць толькі археалагічныя даследаванні. Прычым, калі будуць знойдзены рэшткі мураваных пабудоў (а мураванае дойлідства пачало распаўсюджвацца на Полаччыне толькі з другой паловы XI стагоддзя, то варта памятаць, што першыя хрысціянскія храмы на нашых землях былі ўсё-ткі драўлянымі, а манастыры — пяшчорныя, як, напрыклад, у Кіеве, Пскове, нарэшце, і ў Палесціне.

Факт існавання ў Полацку напрыканцы Х стагоддзя хрысціянскага, праваслаўнага накірунку манастыра (не будзем забываць, што Торвальд быў у вялікай пашане ў канстанцінопальскага патрыярха) дазваляе крыху іначай паглядзець на асобы першых полацкіх князёў — Рагвалода і яго дачку Рагнеду. Шырокавядома летапіснае паданне, паводле якога барацьба за руку Рагнеды разгарэлася паміж кіеўскім князем Яраполкам Святаславічам і яго братам Уладзімірам Святаславічам наўгародскім, будучым хрысціцелем Русі. Абодва князі, як сведчаць крыніцы, былі паганцамі: Яраполк ужо меў жонку і Рагнедавай рукі прасіў у якасці другой жонкі. Абодва — і Яраполк, і Уладзімір — пакланяліся стодам (ідалам).

Але ці была язычніцкай веры Рагнеда? Тое, што яна згаджалася стаць другой жонкай Яраполка, сёння ўжо не можа быць бясспрэчна прынята ў якасці доказу яе паганскай веры. Заручыны і жаніцьба на той час былі актам глыбока палітычным. Па-другое, ёй, безумоўна, была добра вядома гісторыя княгіні Вольгі — бабкі Уладзіміра і Яраполка, якая, стаўшы хрысціянкаю, кіравала народам паганскае веры і жыла ў яго асяроддзі. А гэта быў вялікі духоўны подзвіг.

Па-трэцяе, на той час у Полацку ўжо існаваў хрысціянскі манастыр на Востраве. А як вядома, галоўную стаўку ў місіянерскай дзейнасці святары рабілі на прадстаўнікоў княжацкай улады, баяраў і дружыну. Так адбывалася паўсюдна: у Заходняй Еўропе, у Скандынавіі і, як мы ведаем, ва Усходняй Еўропе. Таму пазбегнуць такога ўздзеяння не магла ні Рагнеда, ні яе бацька — Рагвалод. Нарэшце, чацвёртае, само летапіснае паданне і сведчанне Цвярскога летапісу: Рагнеда робіць замах на жыццё Уладзіміра. «За тое,— тлумачыць яна,— што бацьку майго забіў і зямлю яго ў палон узяў, а зараз не любіш ні мяне, а ні сына нашага». Як магла жанчына, адна з сямі афіцыйных жонак Уладзіміра-паганца, падняць на яго руку? У тагачасных умовах усеабдымнага патрыярхату, адпаведна агульна-еўрапейскаму рыцарскаму кодэксу, гэта немагчыма было нават уявіць!

Прасцей за ўсё ўчынак Рагнеды можна было б растлумачыць звычайнай жаночай рэўнасцю, што, дарэчы, і рабіла большасць гісторыкаў. Але якая магла быць рэўнасць, калі мнагажонства ў тагачасным усходне-славянскім грамадстве — рэч больш чым звычайная. Яна — норма жыцця і залежала толькі ад сацыяльнага становішча мужчыны, яго магчымасці пракарміць адну ці сем жонак. I галоўнае, на той час такое палажэнне жанчыны не было для яе абразлівым, хутчэй наадварот. Яе адносіны з мужам вызначаліся колькасцю народжаных дзяцей. Чым больш дзяцей — тым больш прыязнымі былі іх адносіны. А як вядома, Рагнеда нарадзіла Уладзіміру: Ізяслава (князя полацкага), Мсціслава (князя чарнігаўскага і тмутараканскага), Яраслава Мудрага (князя наўгародскага, затым — кіеўскага), Усевалада ды яшчэ дзвюх дачок.

Абразлівым становішча Рагнеды нам, сённяшнім, можа падацца толькі таму, што ўсе мы, атэісты ці вернікі, нясем у сваёй свядомасці хрысціянскія пастулаты, якія сталі заканадаўчымі нормамі нашага жыцця, адзін з якіх — кожны муж павінен мець адну жонку і наадварот: кожная жонка — аднаго мужа. Таму абразіцца Рагнеда магла толькі ў тым выпадку, калі была хрысціянкаю, а тым больш — першаю (!) афіцыйнай жонкаю Уладзіміра. Усе астатнія — пасля яе. Апрача таго, дадалася помста за бацькоў, забітых Уладзімірам, за абрабаваную вотчыну — Полаччыну. Калі ж Рагнеда разам з сынам Ізяславам была выслана з Кіева, а Уладзімір тым часам ажаніўся ў чарговы і апошні раз на дачцэ візантыйскага імператара і прыняў хрысціянства, ён прапанаваў Рагнедзе выбраць сабе мужа з яго акружэння. Гордая Рагнеда адмовілася, заявіўшы, што ў такім выпадку яна лепш стане нявестаю Хрыстовай. Пасля чаго прыняла пастрыг пад імем Анастасіі. У тыя часы ўсходнеславянскія землі не ведалі жанчын манахінь. Па-другое, прыняць манашаскі сан, не прайшоўшы паслушэнства, а тым больш без веры ў Хрыста, было немагчыма. Адсюль можна зрабіць вывад, што Рагнеда да прыняцця хрысціянства была веруючай. А гэта магчыма толькі ў тым выпадку, калі з пастулатамі хрысціянства яна і, вядома, яе бацька Рагвалод былі знаёмыя да 970 года, г. зн.— да захопу Полацка Уладзімірам.

Таму невыпадкова, што першы князь адноўленай полацкай дынастыі — Ізяслаў, сын Рагнеды і Уладзіміра, быў хрысціянінам. Калі верыць летапісам, ён быў «ціхі і лагодны», любіў і шанаваў царкву, чытаў святыя пiсанні, «и слезен, и умилен, и долготерпелив». Большасць гісторыкаў менавіта з імем гэтага князя звязвае хрышчэнне Полацкай зямлі. Але адразу ўзнікае пытанне: а што мы, уласна кажучы, разумеем пад хрышчэннем зямлі ці княства?

Хрышчэнне Кіева адбылося ў водах Дняпра, куды Уладзімір загадаў загнаць усіх гараджан, паўтарыўшы амаль даслоўна выраз Хрыста: «Хто не са мной, той супроць мяне». Ваяводы Уладзіміра — Пуцята і Дабрыня — Ноўгарад хрысцілі мячом і агнём. Гэта давала падставы лічыць, што падобным чынам адбылося і хрышчэнне Полацка. Але чаму ў такім выпадку на старонках вядомых нам летапісаў няма звестак аб хрышчэнні Ізяславам Полаччыны? Калі прычынай лічыць адсутнасць полацкіх летапісаў, то нават у такім выпадку летапісцы-мніхі Кіева і Ноўгарада, якія падрабязна занатоўвалі ўсе звесткі, наўрад ці абмінулі б такую падзею. Што-што, а вялікі гвалт, накшталт наўгародскага, трапіў бы ва ўсе летапісы, не толькі ўласнаполацкія. Аб гэтым сведчаць больш познія летапісныя запісы, якія тычацца Полацка, але якія мы ведаем з кіеўскіх, наўгародскіх, суздальскіх, цвярскіх і інш. летапісаў. Адсюль вынікае, што гвалтоўнага хрышчэння Полацкага княства не было. Чаму ж тады пралілася кроў язычнікаў у Ноўгарадзе? Таму што Ноўгарад быў даўняй, але вольналюбівай вотчынай Уладзіміра. Вялікаму князю кіеўскаму было неабходна сцвердзіць свае правы на гэты горад і яго воласць, падпарадкаваўшы яго не толькі адміністрацыйна, але і духоўна. Падобных правоў на Полаччыну ён не меў, як не меў, відаць, і дастатковай зброі. Бо ў Полацку напрыканцы Уладзіміравага жыцця (12 апошніх гадоў) правіў сын Ізяслава — Брачыслаў, вядомы сваёй смелай і незалежнай палітыкай. У Брачыслава, калі верыць летапісам і сагам, былі больш трывалыя сувязі з Балта-Скандынаўскім светам, чым з Кіеўскай Руссю. Нездарма на яго баку супроць Яраслава Мудрага біліся нармандскія дружыны. Апошняе відавочна тлумачылася тым, што полацкія князі свой радавод лічылі не адгалінаваннем Рурыкавічаў, а самастойным дрэвам Рагвалодавічаў. Пра што і летапіс паведамляе: «Адгэтуль уздымаюць меч Рагвалодавы ўнукі супроць унукаў Яраслава».

Такім чынам, сцвярджаць сваю ўладу пераводам у хрысціянскую рэлігію ўсіх жыхароў княства полацкім князям патрэбы не было. А з амбіцыямі кіеўскага ўладара Уладзіміра яны лічыліся мала. Тым не менш, полацкія князі прынялі хрысціянства. Праўда, у нас няма падстаў сцвярджаць, што гэту рэлігію яны праводзілі ў якасці афіцыйнай. Хутчэй за ўсё з боку княжацкай улады не было перашкод для натуральнага пранікнення хрысціянства ва ўсе сферы тагачаснага грамадства. Вядома, што развіццё новай рэлігіі ва ўсходнеславянскіх землях ішло па схеме: князь — дружына — горад — вёска. Разумеючы перспектывы новай ідэалогіі, новыя магчымасці, якія яна нясла дзяржаве і народу, шырокія агульнаеўрапейскія палітычныя выгоды, палачане паступова схіляліся да хрысціянства праваслаўнага ўзору.

У сувязі з гэтым цікава прасачыць за летапіснымі звесткамі аб полацкіх князях тых часоў. У «Аповесці мінулых часоў» пры апісанні падзей пачатку — сярэдзіны XI стагоддзя трапляецца вельмі цікавы, нешматслоўны блок паведамленняў, прысвечаных Полацку: смерць Рагнеды-Анастасіі (1000), смерць Ізяслава (1001), смерць Усяслава (1003), вакняжэнне Брачыслава (1003), паход Брачыслава на Ноўгарад (1021) і яго барацьба з Яраславам Мудрым. У гэтым полацкім блоку апынуўся артыкул «Перанесены святыя ў святую Багародзіцу» (1007). Аб якіх святых і якой царкве ідзе гаворка?

Першыя кіеўскія (у далейшым — агульнарускія) святыя Барыс і Глеб, па-здрадніцку забітыя трэцім братам — Святаполкам, былі кананізаваны ніяк не раней смерці іх бацькі— князя Уладзіміра Святаславіча 15 ліпеня 1015 года, а дакладней, як лічаць сучасныя даследчыкі, паміж 1020 і 1039 гадамі. Перанесены ж у новую вышгародскую царкву яны былі яшчэ пазней — у 1072 годзе, аб чым ёсць адпаведны запіс у той жа «Аповесці мінулых часоў». Іншых святых на той час у Кіеве, як і ў Ноўгарадзе, і быць не магло. Тлумачыцца гэта тым, што ўсходнеславянская царква цалкам залежала ад канстанцінопальскай метраполіі, дзе павінна была зацвярджацца любая кананізацыя. Адсюль вынікае, што гэтыя святыя не маглі быць кіеўскага ці наўгародскага паходжання.

Якая царква, прысвечаная Багародзіцы, прыгадваецца ў летапісе? На той час (1007) найбольш славутай, безумоўна, была кіеўская, вядомая пад назвай Дзесяцінная. Але мала хто з даследчыкаў адзначае, што ў гэтыя ж часы аналагічная царква была ў Полацку.

Летапісны запіс 1158 года ведае нават дзве царквы ў Полацку, прысвечаныя Багародзіцы. Каб іх адрозніць, летапісец адну называе «старой». Якая царква магла лічыцца «старой», калі ў XII стагоддзі у Полацку толькі-толькі пачалося шырокамаштабнае будаўніцтва мураваных храмаў? 3 дзесяці вядомых нам сёння старадаўніх полацкіх храмаў дзевяць адносяцца да XII стагоддзя. I толькі адзін — Сафійскі сабор — да XI. Разам з тым у гарадах, дзе існавалі падобныя саборы (Канстанцінопаль, Кіеў, магчыма, і Ноўгарад), яны не былі першымі культавымі хрысціянскімі пабудовамі. Як немагчыма адразу паганцу стаць хрысціянінам, тым больш пад прымусам, так немагчыма адразу збудаваць вялікі храм Сафіі — сімвал і сутнасць веры. Хрышчэнне - гэта не рэвалюцыя ў яе крывава-гвалтоўным разуменні, гэта доўгі, паступовы працэс перамены чалавечай свядомасці, маралі, культуры. Таму ўзвядзенню Сафійскага сабора ў Полацку абавязкова павінна была папярэднічаць будоўля іншых храмаў. Адным з храмаў, як мы казалі вышэй, быў, відаць, храм манастыра Іаана Прадцечы на Востраве. Другім — Багародзіца Старая. На нашу думку, менавіта яна і згадваецца ў летапісе пад 1007 годам.

Але ў такім выпадку паўстае і другое пытанне: мошчы якіх полацкіх святых маглі быць перанесены ў Багародзіцу Старую? Перш чым адказаць на гэта пытанне, давайце памяркуем: а ці маглі наогул у Полацку быць свае святыя?

Калі мы гаворым аб залежнасці кіеўскай праваслаўнай метраполіі ад Візантыі ў другой палове Х стагоддзя, то маем рацыю, бо менавіта ад канстанцінопальскага патрыярха Кіеў, а за ім і Ноўгарад прынялі хрост. I гэтая падзея «адгукалася» кіеўска-маскоўскай праваслаўнай царкве ажно да 1448 года, калі яна, нарэшце, стала цалкам незалежнай — аўтакефальнай. Як ужо гаварылася, няма доказу, што Полацкае княства прымала хрышчэнне ад Кіева. Адсюль вынікае, што Кіеў не мог быць пасрэднікам паміж Канстанцінопалем і Полацкам у выбары веры. Такім чынам, пасрэднікам быў нехта іншы, або яго зусім не было.

Царкоўна-палітычны расклад у Еўропе канца Х — пачатку XI стагоддзяў быў вельмі складаны і не на карысць праваслаўнага Канстанцінопаля. Каталіцкія — рымскія місіянеры — праяўлялі значна больш імпэту ў далучэнні да апостальскай царквы новых парафіянаў. Ужо ў другой палове Х стагоддзя рымская царква сцвердзіла свой уплыў на землях палякаў, чэхаў, харватаў. Абапершыся на агрэсіўную палітыку германскага караля — імператара Аттона I, яна пранікае на землі венграў, лужычан, палабскіх славян. У канцы Х ст. рымскі абрад прыняў польскі князь Мешка, а ў 1000 г. была заснавана самая ўсходняя на той час архіепіскапская кафедра ў Гнёзна. 3 960 па 1000 гг. Кіеў наведала шэсць місій. Князь Святаполк Тураўскі, больш вядомы як «Акаянны», быў вялікім прыхільнікам каталіцтва. Яго жонка, дачка польскага караля Баляслава Харобрага, прыехала да свайго мужа разам з духоўнікам — епіскапам калабжэгскім Рэйнбергам. Хутчэй за ўсё ў гэты час узнікае ў Тураве каталіцкая царкоўная кафедра. Пазней яна прыгадваецца ў Кіева-Пячэрскім пацерыку пад 1105 г. У нейкай ступені з-за веры паміж Святаполкам і яго бацькам Уладзімірам Хрысціцелем адбылася сварка, у выніку якой Святаполк, яго жонка і Рэйнберг былі пасаджаны ў турму. Апошні там і памёр. А нянавісць да Святаполка захавалася на працягу многіх стагоддзяў не толькі таму, што ён забіў сваіх братоў Барыса і Глеба, а і таму, што патураў іншай ад праваслаўя веры.

Вось у гэтых складаных палітычна-царкоўных стасунках перад Полацкай зямлёю паўстаў выбар, як захаваць незалежнасць, не падпасці пад уладу Кіева цераз праваслаўе ці пад уладу Польшчы і Папежа цераз каталіцтва. А ў той жа час не застацца ў паганскай адзіноце сярод хрысціянскай Еўропы. Шлях быў адзіны: прымаць хрысціянства і паступова яго распаўсюджваць, але так, каб не выпускаць рэальнай улады са сваіх рук. А гэта было магчыма толькі пры ўмове пабудовы полацкай царквы як аўтакефальнай з улікам мясцовых традыцый. Гаварыць пра першапачатковую незалежнасць полацкай царквы ў нас ёсць падставы, таму што пранікненне хрысціянства сюды ішло самастойна як з поўдня, так і поўначы і захаду. Прычым, нягледзячы на тое, што заходняя каталіцкая царква была значна бліжэй за візантыйскі ўсход, абраны быў грэчаскі абрад. Па-другое, (і на гэта чамусьці не звярталі ўвагі папярэднія даследчыкі) першы вядомы нам полацкі епіскап Нікіфар быў грэкам. Ен ніяк не быў залежным ад Кіева, бо ў 1092 годзе яго паставілі мітрапалітам Кіеўскім. А такое стаўленне адбывалася толькі з ласкі канстанцінопальскага патрыярха. Адсюль вынікае, што ў Полацку ён мог з'явіцца толькі па накіраванню таго ж патрыярха, г. зн.— напрасткі з Візантыі. Наступны епіскап з'яўляецца ў Полацку толькі ў 1104 годзе пасля смерці Усяслава Чарадзея, вядомага сваёй незалежнай самастойнай палітыкай. Ці можа гэта азначаць, што ў Полацку 12 гадоў не было свайго епіскапа? Вядома, не. Але паколькі ён трапляў у Полацкае княства ў абыход Кіева, то не згадваецца ў кіеўскіх ці якіх іншых летапісах.

Тое самае справядліва і да полацкай епіскапскай кафедры да 1092 г. Яна павінна была існаваць ад часу будаўніцтва полацкага Сафійскага сабора (1050— 1055), а то і раней. Апрача таго, Полацкае княства спрадвеку славілася сваімі моцнымі паганскімі традыцыямі. Яны былі абумоўлены ў першую чаргу поліэтнічным складам жыхароў княства, дзе сплялася ў адну тугую ніць балцкая і славянская кроў. Менавіта паганства ў многім было падставаю для кансалідацыі рознаэтнічных зямель вакол Полацка, яно было апірышчам у XI стагоддзі князю Усяславу Чарадзею ў барацьбе за незалежнасць сваёй бацькаўшчыны. Дарэчы, абедзве гэтыя з'явы — незалежнасць і паганства — на фоне хрысціянскай Еўропы мелі свой вобразны сінонім — «Белы». Ці не адсюль пайшла Белая Русь? Назва, якая, як вядома, упершыню зафіксавана ў заходнееўрапейскіх крыніцах пачатку XIV стагоддзя. У сувязі з апошнім цікава, што сучасныя гісторыкі (у прыватнасці, доктар навук, прафесар В. Сядоў) лічаць, што гаварыць аб суцэльнай хрысціянізацыі Полацкай зямлі да канца XIII — пачатку XIV стагоддзя проста не выпадае. Аб гэтым сведчыць і сучасная этнаграфія. Найбольшую колькасць паганскіх перажыткаў, этнонімаў, тапонімаў на тэрыторыі Усходняй Еўропы налічваецца менавіта на Беларусі.

Вось і атрымліваецца, што першае стагоддзе «пераможнага шэсця» праваслаўнага хрысціянства па Усходняй Еўропе, на Полаччыне ішло побач з захаваннем, а ў некаторых выпадках нават з падтрымкаю паганскіх звычаяў і стварэннем самастойнай полацкай епіскапіі пры непасрэдных прамых стасунках з Канстанцінопалем. У такім выпадку толькі візантыйскі патрыярх мог даць дазвол на кананізацыю мясцовых святых. Апошнія ў любой мясцовай незалежнай царкве адыгрываюць надзвычай важную функцыю. Канстанцінопаль быў зацікаўлены ў хрысціянізацыі Полаччыны па ўсходняму абраду, Полаччына — у кананізацыі сваіх святых, а цераз іх — у сцвярджэнні сваёй незалежнасці. Вось такімі першымі беларускімі святымі і маглі паўстаць мнішка Рагнеда-Анастасія, набожны Ізяслаў і памёршы малалетнім Усяслаў (1003). Магчыма, што да іх быў далучаны і святы Торвальд. Тое, што іх імёны згубіліся ў святцах за смугою вякоў, не дзіва. 3 1104 года епіскапы, якіх рукапакладалі ў Полацк з Кіева, праводзілі палітыку выключна ў інтарэсах Кіеўскай імперскай дзяржавы. Яна была накіравана на развал Полацкай зямлі і падначаленне яе асобных частак Кіеву або Смаленску. Але гэтыя спадзяванні не спраўдзіліся: магутная некалі «Імперыя Рурыкавічаў» трашчала па ўсіх швах. Тым не менш, з утварэннем Маскоўскай цэнтралізаванай дзяржавы палітыка праваслаўя на Беларусі працягвалася ў тым жа накірунку, толькі не ў бок Кіева, а ў бок Масквы. Наколькі яна была паспяховай, мы бачым нават сёння, калі ніводны праваслаўны храм на Беларусі не вядзе набажэнства на беларускай мове. Але гэта ўжо дзень сённяшні.

Папярэднічала гэтаму восем стагоддзяў існавання праваслаўя на Беларусі. Уплыў непасрэдных сувязей Візантыі з Полаччынай найбольш яскрава назіраўся ў XII стагоддзі. Яны былі настолькі трывалыя, што нават права Кіева пакладаць у Полацк сваіх епіскапаў не магло іх парушыць. Сведчаннем таго можа быць уся гісторыя мастацтва і культуры Полацка XII стагоддзя. Прыгадайма: сярод шматлікіх храмаў, якія ўжо існуюць у Полацку, на той час у Бельчыцкім манастыры быў так званы «храм-трыконх», адзіны аналаг якога ва ўсходніх, блізкіх да Полацкага княства, землях Смаленшчыны. Затое непадалёку ад Візантыі — у Сербіі і Харватыі — падобных храмаў безліч. Дойлід, будаўнік гэтага храма, мог быць выхадцам толькі з тых зямель. Хто ведае, ці не адыграла ролю тое, што адна дачка Рагнеды-Анастасіі была замужам за чэшскім князем Баляславам III Рудым, а другая — за прынцам угорскім Леслам Сарам Лысым. Толькі дойлід той знік гэтак жа нечакана, як і з'явіўся. Прыблізна ў гэты ж час у Полацку з'яўляецца другі дойлід — Іаан, які будуе для Ефрасінні Полацкай храм Спаса Праабражэння. Менавіта яму належыць аўтарства крыжова-купальнага храма з высока ўзнятым барабанам, якіх дагэтуль не будавалі ў землях Кіеўскай Русі. Менавіта тут упершыню з'явіліся ў архітэктуры «какошнікі», якія сталі сімвалам усходне-славянскай архітэктуры. Адкуль раптам мог з'явіцца такі майстар, нябачнай раней праваслаўнай архітэктуры? Адкуль у фрэсках таго ж храма візантыйская суровасць лікаў, сцятасць вуснаў? Для Спаскага храма майстар Лазар Богша ў 1161 г. робіць узвіжанскі шасціканцовы крыж, аздоблены перагародчатымі эмалямі. Адкуль узялася такая незвычайная форма крыжа, калі на тэрыторыі Усходняй Еўропы яна дагэтуль нідзе не сустракалася? Можа, зноў-такі з Візантыі, дзе была мода на падобныя крыжы? I, нарэшце, сама Ефрасіння Полацкая, атрымаўшы каштоўныя падарункі ад імператара Мануіла Камніна і патрыярха Лукі Хрызаверга (у прыватнасці, кнігі і абраз Божай Маці, напісаны самім евангелістам Лукою), выправілася ў святое паломніцтва ў Палесціну цераз Канстанцінопаль, дзе сустрэлі яе з пашанаю. Яскравым доказам таго, што ў Візантыі памяталі аб першых полацкіх святых, стала кананізацыя самой Ефрасінні. Полацкая ігумення памерла ў Ерусаліме ў 1173 годзе і спачатку была там і пахаваная. У хуткім часе, напрыканцы таго ж XII стагоддзя, у яе гонар былі складзены Трапар і Сціхіра. Канцом XII — пачаткам XIII стагоддзя, як лічаць даследчыкі, датуецца напісанне першага жыція Ефрасінні Полацкай. А гэта магло быць толькі з нагоды яе далучэння да сонму святых. Нагадаем, што кіеўская княгіня Вольга, хоць і шанавалася з XI стагоддзя, была кананізавана толькі ў XIII.

Усё вышэйзгаданае прымушае нас лічыць, пакуль што ў якасці гіпотэзы, што хрысціянства па праваслаўнаму абраду прыйшло на Беларусь непасрэдна з Візантыі, Канстанцінопаля. Няма сэнсу спрачацца, наколькі прагрэсіўнай і неабходнай была для Полаччыны новая рэлігія. Як усё новае, яна несла ў сабе прагрэсіўны пачатак, а на першым этапе спрыяла станаўленню Полацкага княства ў якасці самастойнай і незалежнай дзяржавы. На вялікі жаль, пазней, калі ішоў да завяршэння працэс утварэння ўсходнеславянскіх нацый, праваслаўе не змагло «перабудавацца» з улікам інтарэсаў гэтых нацый. Цень старадаўняй імперскай палітыкі пакрывала сабою дзейнасць Рускай праваслаўнай царквы, якая заставалася «рускай» і ў Літве, і ў Лівоніі, і ў Маларосіі. Гэтую нягнуткасць праваслаўя спрабавала скарыстаць апостальская рымская царква, якая даўно ўжо адышла ад дагмата пропаведзі Закона Божага выключна на адной мове. У выніку на Беларусі з'явілася царкоўная Унія, дзе фармальнае прызнанне Папежа главой было хутчэй з'едлівым рэверансам у бок Масковіі і праваслаўнага патрыярха, чым фактычным яму падпарадкаваннем. Унія на Беларусі — размова асобная. Яе росквіт прыпадае на росквіт новай беларускай дзяржавы — ядра і душы Вялікага Княства. I калі «Трэцяму Рыму» спатрэбілася пасля вайсковага захопу падпарадкаваць сабе Беларусь яшчэ і ідэалагічна, дык гэта рабілася шляхам гвалтоўнага вынішчэння уніяцкай царквы і яе вернікаў.

Звычайна, калі прыгадваецца Унія, заўсёды задаецца адно і тое ж пытанне: вы што, за адраджэнне уніяцтва на Беларусі? А чаму не? Толькі за адраджэнне уніяцтва, як і праваслаўя, як і каталіцызму, мусульманства (беларускія татары), іудаізму. Права на існаванне маюць усе канфесіі, як і болыпасць сект. Іншая справа, якім мэтам служыць тая ці іншая царква. Тое, што яна сёння — частка палітыкі і ідэалогіі, бясспрэчна. Пытанне стаіць іначай. Ці будзе весціся набажэнства ў касцёле на польскай мове, пасля чаго спрадвечны беларус не толькі будзе пагарджаць сваёй мовай, але і адчуваць на сабе комплекс непаўнацэннасці «поляка малага» на «крэсах усходніх», ці будзе весціся служба на расейскай мове, пасля якой застаецца комплекс «малодшага брата», прычым нават не другога, а трэцяга, і не беларуса, а «россиянина с испорченным наречием».

Гісторыя паказвае, што агульначалавечыя, агульна-гуманістычныя Божыя словы тым хутчэй дойдуць да душы народа, чым хутчэй загучаць яны на мове народа з царквы, якая на справе клапоціцца аб лёсе і будучыні гэтага народа.


Лiтаратура

 

1.   Круглов А.А. “Сущность и происхождение религий”.

2.   А.Д. Сухов, А. Кузьмин “Введение христианства”.

3.   Мень А. “История религий на Руси”.

4.   И.И. Скворцов-Степанов “Сущность религий”.

5.   Воспоминания о православии в Древней Руси.

6.   Начало Пути.

7.   Христианство и Русь.

8.   Курбатов Г.Л. “Христианство и античность”.

9.   “Католицизм Без маски”.

10.       Страницы из прошлого.

11.       “Вопросы атеистического воспитания в курсе СССР”.

12.       “О причинах существования и путях преодоления религиозных пережитков”.

13.       “Исследования по истории и философии”.

14.       “Атеистическое воспитание учащихся во внеклассной работе”.

15.       “Вопросы научного атеизма”.

16.       “Материалы членов Императорской Академии Наук”.

17.       Коялович М.О. “История русского самосознания по историческим памятникам и научным сочинениям”.

18.       “Славяноведение в дореволюционной России”.

19.       “Советская историческая энциклопедия”.

20.       “Большая советская энциклопедия”.

21.       Бобровский П. “Материалы для географии и статистике России, собранные офицерами Генеральского штаба”.


Информация о работе «Адкуль пайшло Хрысцiянства на Беларусi»
Раздел: Религия и мифология
Количество знаков с пробелами: 30779
Количество таблиц: 0
Количество изображений: 0

0 комментариев


Наверх