Карэньшчына: тры стагоддзі з жыцця аднаго маёнтка

49103
знака
0
таблиц
0
изображений

Карэньшчына: тры стагоддзі з жыцця аднаго маёнтка

Вячаслаў Насевіч

Даследчыкі гісторыі Беларусі неаднаразова аналізавалі звесткі пра сялянскае землекарыстанне і эвалюцыю феадальнай рэнты на Беларусі. Агульны характар працэсаў на макраўзроўні вызначаны больш-менш акрэслена. Але ні разу не рабіліся спробы прасачыць дынаміку гэтых паказчыкаў у той самай мясцовасці, у дачыненні да таго самага насельніцтва. Між тым такі падыход дазваляе зірнуць на гістарычны працэс так, як ён успрымаўся самімі ўдзельнікамі. Зразумела, што сяляне не мелі магчымасці апераваць вынікамі статыстыч ных падлікаў ці абагульніць лічбы па ўсёй краіне. Для іх было толькі два пункты адліку — параўнанне з бліжэйшымі суседзямі і ўспаміны пра ўласнае мінулае. На падставе гэтых параўнанняў фармавалася агульнае ўяўленне пра сваё жыццё — цяжкае яно ці лёгкае, пагаршаецца ці паляпшаецца. Таму даследаванне на мікраўзроўні здольнае ўнесці нешта істотна новае ў нашыя ўяўленні пра мінулае.

Мы паспрабуем прадэманстраваць гэта на адным канкрэтным прыкладзе. Увазе чытача прапануюцца вынікі, атрыманыя пры комплексным даследаванні мікрарэгіёна ў цэнтральнай Беларусі (прыкладна за 50 км на поўнач ад Мінска), на тэрыторыі сучаснага Лагойскага раёна. Гэты абшар мае плошчу амаль дакладна ў 100 кв. км. З моманту першага ўпамінання ў крыніцах Вялікага Княства Літоўскага ў 1395 г.1 ён уяўляў сабой адзін уласніцкі комплекс — маёнтак Корань, пажалаваны Вітаўтам заснаванаму незадоўга да таго капітулу віленскага кафедральнага касцёла Св. Станіслава.

Першыя звесткі пра памеры маёнтка змяшчае рэестр раскладкі пазачарговага падатка (серабшчызны ) з духоўных уладанняў Віленскага біскупства за 1553 г.2 Тады маёнтак Корань уяўляў сабой два престимония каноничьих , з якіх адным карыстаўся канонік Хоцька, другім — жамойцкі біскуп, што таксама ўваходзіў у склад віленскага капітула. У першай з гэтых частак значылася 58 сох і 2 агароды, у другой — 50,5 сох, 3 зямлі і 2 агароды. На жаль, у якасці адзінак абкладання ў гэтым дакуменце выступаюць не традыцыйныя для XVI ст. дымы або службы, а параўнальна рэдкія ў іншых крыніцах сохі, што ўскладняе інтэрпрэтацыю і супастаўленне з іншымі дадзенымі. Верагодна, саха адпавядала тыповаму зямельнаму надзелу, які апрацоўваўся адной запрэжкай валоў. Дробная колькасць сох у рэестры сведчыць, што такі надзел маглі сумесна выкарыстоўваць некалькі гаспадарак. У цэлым на тэрыторыі маёнтка было не менш за 112 сялянскіх гаспадарак.

3 кастрычніка 1572 г. капітулам было прынята рашэнне правесці ў маёнтку Корань валочную памеру3. Размерылі яго землі на валокі не пазней за канец 1575 г. канонікі Лаўрын Вольскі і Томаш Макавецкі. Яны падалі капітулу праект валочнай уставы, які і быў ухвалены 13 лютага 1576 г. Копія ліста, накіраванага з гэтай нагоды цівунам і людзям маёнтка Кораньскага , захавалася ў актавай кнізе капітула. У ім жыхарам маёнтка паведамляецца, што капітул разгледзеў прапанава ныя нормы павіннасцяў, каб матэрыяльнае становішча падданых у выніку рэформы не пагоршылася (jakoby wam za takową ustawą wielka obciążliwość nie była). Праект быў прызнаны дастаткова справядлівым і зацверджаны капітулам. Польская копія з яго лацінскага арыгінала была ўпісана ў актавую кнігу непасрэдна пасля ліста капітула 4.

Адпаведна ўставе скасоўваліся ранейшыя павіннаці — натуральная мядовая даніна і грашовае налуконне , якія збіраліся з кожнага двара. Наўзамен уводзіліся дзве катэгорыі валок — цяглыя і асадныя. З цяглай валокі добрага грунту падданыя абавязаны былі плаціць чынш у памеры 35 грошаў5 і пастаўляць натуральную павіннасць (дзякло) — 1 бочку6 азімага жыта і 2 бочкі аўса. З такой самай валокі сярэдняга грунту належала 30 грошаў, па 1 бочцы жыта і аўса. Адпрацовачная павіннасць (паншчына) незалежна ад якасці зямлі складала па 2 дні з валокі ў тыдзень, плюс 6 дзён талакі на сваім хлебе ў год, абавязак адвозіць у Вільна падводы з дзяклом і іншыя грузы пры неабходнасці, касіць дворскія сенажаці, вартаваць у гасподскім двары, а калі прыедуць уладальнікі маёнтка — пастаўляць ім на мяса цялушку (ялавіцу) . Апрача таго карыстальнікі валокі мусілі даваць штогод 2 курыцы і 10 яек. З асаднай валокі адпрацовачных павіннасцяў не было. На добрым грунце карыстальнікі такой валокі плацілі чынш в суме 70 грошаў, па 1 бочцы жыта і аўса. Пры сярэдняй якасці зямлі памер чыншу памяншаўся да 60 грошаў (пры тым самым памеры дзякла), а з подлага грунту ішоў толькі чынш у 60 грошаў, без дзякла.

Е. Ахманьскі, аналізуючы гэтыя звесткі, перавёў натуральныя павіннасці ў грашовы эквівалент (з разліку 10 грошаў за бочку жыта, 5 грошаў за бочку аўса плюс 5 грошаў за адвоз) і параўнаў іх з аналагічнымі дадзенымі пра дзяржаўныя маёнткі адпаведна ўставе на валокі 1557 г. Ён прыйшоў да высновы, што сума павіннасцяў з асаднай валокі добрага грунту складала ў капітульных уладаннях 90 грошаў, а ў дзяржаўных — 106 грошаў, з сярэдняга грунту — адпаведна 80 і 97, з подлага — 60 і 83. Памер паншчыны быў аднолькавы, за тым выключэннем, што ў дзяржаўных маёнтках 2 тыдні былі вольныя ад працы. Талокі складалі ў капітульных уладаннях 6 дзён, 4 — у дзяржаўных.

У цэлым з гэтымі разлікамі можна пагадзіцца, але дадзеныя 1550-х г. пра кошт прадуктаў патрабуюць карэктавання, бо да 1576 г. змяніліся і цэны, і сярэбранае напаўненне гроша. Згодна з Статутам ВКЛ 1566 г., капа азімага жыта (60 снапоў) каштавала 12 грошаў. Намалот з такой капы складаў, мяркуючы па дадзеных больш позняга Статута 1588 г., блізу 0,83 бочкі, г. зн. цана бочкі павінна была складаць 14 грошаў і 4 пенязі. Капа аўса каштавала 6 грошаў, пры сярэднім намалоце 0,5 бочкі з капы, характэрным для ўсіх яравых культур. Бочка аўса мусіла каштаваць у такім выпадку 12 грошаў. Курыца ў Статуце 1566 г. ацэньвалася ў 1,5 гроша. Кошт яек у гэты час невядомы, але ў больш познія гады цана за дзесятак адпавядала, як правіла, 0,5 — 0,75 цаны курыцы. Такім чынам, яе можна ацаніць у межах ад 8 пенязяў да 1 гроша. З такімі папраўкамі выплаты падданых капітула з асаднай валокі добрага грунту павінны былі складаць у сярэдзіне 1570-х г. больш за 100 грошаў, з сярэдняга — звыш 90, а з цяглай валокі — блізу 80 і 60 грошаў адпаведна, плюс паншчына.

Агаворваліся ва ўставе таксама павіннасці на карысць новага касцёла ў Корані. Яго святар (каплан) павінен быў штогод на Каляды аб'язджаць воласць — калядаваць. Пры гэтым з кожнай валокі яму належала па 1 грошы і па 1 кракаўскім карцы жыта, што складала блізу 102 літраў ці 4 пудоў (65,6 кг). Гэтыя павіннасці былі пацверджаны 21 кастрычніка 1582 г. у якасці дзесяціны з даходаў маёнтка. Дадаткова агаворваўся абавязак сялян вазіць з лесу бярвенне на рамонт касцёла і яго звонніцы 7.

Час паказаў неэфектыўнасць захадаў дзеля забеспячэння прыходскага святара. 10 кастрычніка 1591 г. тры канонікі віленскага капітула — Марцэл Сухадольскі, Мікалай Карызна і Барталамей Нядзвецкі (у сумесным распараджэнні якіх знаходзіўся маёнтак Корань), прынялі адмысловую ўставу наконт Кораньскага прыхода. У гэтым дакуменце адзначаецца, што першапачатковая датацыя была недастатковай для дзейнасці каплана, таму ён кінуў прыход, а сяляне, якія раней перайшлі з праваслаўя ў каталіцтва, вярталіся ў праваслаўныя цэрквы і там выконвалі абрады (poddani tez, ktory incz byli nico od Rusi do Kosciola Catolickiego przystali, zasie nazad sie wracaią y dzieci chrzcza hodzać do Ruskich Cerkiew). У сувязі з гэтым на забеспячэнне касцёла прызначаўся дадатковы даход з аренды карчмы ў сяле Корань. Апрача таго ад кожнай сялянскай валокі каплану надавалася штогод па возу дроў. На гэты раз была вызначана і новая працэдура збору падаткаў — іх павінны былі збіраць ураднікі або старцы і звозіць у той з двароў (прэстымоніяў) маёнтка, пры якім будзе знаходзіцца каплан. Калі ж святар вырашыць сам ці праз свайго даручэнца ажыццяўляць ранейшае калядаванне, то сяляне могуць даваць яму што-небудзь па сваёй добрай волі8.

Павелічэнне датацыі не дасягнула мэты, і ўжо 1 кастрычніка 1596 г. капітул прыняў рашэнне з прычыны недахопу капланаў і малой правізіі ліквідаваць самастойны Кораньскі прыход, а яго касцёл лічыць філіяй суседняга Гайненскага 9.

Паўторнае рашэнне пра ўтварэнне Кораньскага прыхода было прынята 11 лютага 1605 г., і ў больш позніх дакументах ажно да XX ст. менавіта гэты год фігуруе як афіцыйная дата заснавання касцёла. На гэты раз, улічыўшы ранейшы вопыт, капітул вызначыў святару (плябану) нерухомую маёмасць — засценак Нарбутава з зямельным надзелам у памеры 1 валокі і 22,5 моргаў (каля 36 га). На ім уладальнікі кожнай з 4 частак, на якія падзяляўся ў той час маёнтак, мусілі асадзіць па 1 сялянскай сям'і. Апрача того, касцёлу па-ранейшаму належала доля з даходаў маёнтка — грашовая павіннасць, названая пагарцоўшчына , і натуральныя выплаты ў памеры 5 коп (верагодна, 300 снапоў) жыта, 5 коп ячменю, па 1 бочцы ячменю і 0,5 бочкі гароху з кожнага з прэстымоніяў. Памер палуконня з кожнага сялянскага надзелу быў павялічаны з 18 пенязяў (1,8 гроша) да 2 грошаў. У распараджэнні плябана застаўся даход з арэнды карчмы. Пры гэтым агаворвалася, што сяляне могуць з яго дазволу варыць піва на вяселле сына ці дачкі10.

Агульны кошт павіннасцяў на карысць касцёла можна ацаніць паводле расцэнак, вызначаных Статутам 1588 г., улічыўшы, што лігатурная маса гроша ў перыяд 1580—1607 г. не мянялася і складала 0,67 г срэбра. Капа азімага жыта ацэньвала ся ў Статуте ў 20 грошаў, яравога — у 12 грошаў, бочка жыта — у 24 грошы. Капа ячменю каштавала ў сярэднім 10 грошаў, бочка — 20 грошаў, а бочка гароху, аўса і шэрагу іншых культур — 16 грошаў. У такім выпадку пагарцэўшчына з трох прэстымоні яў павінна была раўняцца 534 грошам. Неўзабаве на пачатку XVII ст. адбыўся рэзкі рост цэн. Калі ён быў адпаведны зніжэнню срэбранага напаўнення гроша (у перыяд з 1607 да 1623 г. яно зменшылася да 0,56 г), то мусіў скласці каля 16 %, і ў 1610—20-я г. кошт пагарцoўшчыны адпавядаў прыблізна 620 грошам.

Выпіска з тарыфу падымнага з біскупскіх уладанняў за 1653 г.11 дазваляе вызначыць памеры і населенасць маёнтка Корань у сярэдзіне XVII ст. — напярэдадні спусташальнай вайны з Расіяй. Прэстымоній каноніка Паца налічваў тады 40 дымоў, прэстымоній каноніка Копця — 48, уладанні кораньскага плябана — 10, а асобны прэстымоній Прудкі — 35 дымоў. Такім чынам, усяго ў маёнтку налічвалася 133 сялянскія гаспадаркі.

На жаль, наступны па часе тарыф падымнага Мінскага павета, складзены адразу пасля вайны з Расіяй у 1667 г.12, не змяшчае звестак пра маёнтак Корань, за выключэннем уладанняў плябана. У іх, адпаведна тарыфу, з 10 ранейшых дымоў пасля вайны застаўся толькі 1. Напэўна, уладанні капітула таксама былі моцна спустошаны, пра што ўскосна сведчаць дадзеныя па суседнім маёнтку Ганявічы, які таксама належаў капітулу. У ім тарыф 1653 г. фіксуе два прэстымоніі, што мелі адпаведна 48 і 38 дымоў, а тарыф 1667 г. прыгадвае толькі 11 дымоў13. Гэта пацвярджае агульную выснову пра катастрафічнае (прыкладна ўдвая) скарачэнне насельніцтва Беларусі ў выніку вайны 1654-60 г., зробленую ў свой час польскім даследчыкам Ю. Можы14.

У архіве капітула захаваліся два блізкія па часе інвентары прэстымоніі Малыя Ганявічы. Адзін з іх датаваны 1678 г. і прыгадвае трох падданых, з якіх Каптур карыстаўся адной валокай, а другая значылася ў пусташах 15. Другі інвентар не мае даты, але ў ім прыгаданы тыя самыя падданыя, прычым за Каптуром запісаны абедзве валокі. Відавочна, гэты дакумент быў складзены або крыху пазней, калі прыгаданы Каптур узяў валоку, якая раней пуставала, або крыху раней — калі меркаваць, што ён пакінуў адну з дзвюх валок, якія яму належалі. Для нас інвентар каштоўны тым, што на адвароце яго знаходзіцца першы з дайшоўшых да нас (на жаль, таксама недатаваны) інвентар прэстымонія Вялікі Корань16. Улічыўшы магчымае датаванне інвентара Малых Ганявіч, час яго стварэння можна ўмоўна вызначыць блізу 1680 г.

Адзначаны інвентар змяшчае першыя ўпамінанні імёнаў жыхароў Карэньшчыны — сялян вёсак Міхалкавічы і Чэрнева. Усяго названа 6 імёнаў: Мацей Калуш, Мікалай Калуш, Раман, Гаўрылка (з пазнакай “новік, што аддзяліўся” ), Янук Жаўняровіч і Яска Жаўняровіч. Мяркуючы па ўсім, гэтыя 6 чалавек і іх сем'і ўтваралі ўсё насельніцтва прэстымонія на той момант. Апісанне панскага двара фіксуе карціну поўнага запусцення і заняпаду: апалыя вароты, жылыя і гаспадарчыя пабудовы ахарактарызаваны як надгнілыя , з разбуранымі печамі і падпёртымі дахамі. Ад засеянага ў той год жыта, па вызначэнні складальніка інвентара, “ніякай карысці не чакаецца” (korzysci niespodziewac zadnej).

У 1690 г. быў складзены яшчэ адзін тарыф падымнага Мінскага павета. У ім, аднак, паняцце “дым” страціла свой першапачатковы сэнс. Цяпер яно азначала не рэальны сялянскі двор, а нейкую ўмоўную адзінку абкладання, што ахоплівала некалькі двароў. Пра гэта сведчыць той факт, што ў тарыфе рэгулярна сустракаюцца велічыні 1/2 і нават 1/4 дыма. Тым не менш гэтая крыніца можа даць уяўленне хоць бы пра адносную колькасць падданых. У Вялікім і Малым Корані разам было 9 дымоў, у Прудках — 2, у плябаніі Кораньскага касцёла — 1. Для параўнання, у Вялікіх і Малых Ганявічах разам значылася 5 дымоў17. З улікам дадзеных згаданых інвентароў можна меркаваць, што “дым” гэтага тарыфу адпавядае прыкладна 4 дварам (гэтым можна растлумачыць і велічыні 1/4 ці 3/4 дыма, што сустракаюцца ў тарыфе). У такім выпадку агульная колькасць падданых маёнтка Корань на 1690 г. можна ацаніць прыкладна ў 48 двароў.

Наступны тарыф падымнага за 1722 г. фіксуе не рост, а яшчэ большае скарачэнне насельніцтва. На гэты раз у абодвух Коранях і Прудках разам значыцца 9 дымоў, яшчэ 1 — у плябаніі Кораньскага касцёла18 . Усяго, такім чынам, у маёнтку было 10 дымоў, ці прыблізна 40 двароў.

Адзін з дакументаў, упісаны ў актавую кнігу віленскага капітула 13 мая 1737 г.19, прыгадвае, што паводле даўніх тарыфаў і звычаяў грашовыя выплаты з Вялікага, Малога Кораня і Прудкоў ажыццяўля юцца з разліку 10 дымоў, пры гэтым прэстымоній Вялікі Корань прыроўніваецца да 4 дымоў, Малы Корань і Прудкі — да 3 дымоў кожны. Гэта сведчыць пра далейшую трансфармацыю паняцця “дым” — яно ператварылася ў гістарычную адзінку абкладання, канчаткова страціўшы сувязь з рэальнай колькасцю сялянскіх двароў.

Уяўленне пра населенасць маёнтка і характар павіннасцяў у больш познія часы дае серыя інвентароў XVIII ст. Пачынае яе інвентарнае апісанне Кораньскага касцёла, датаванае чэрвенем 1740 г.20 У ім упершыню пайменна пералічана ўсё мужчынскае насельніцтва 8 паселішчаў, што існавалі на той момант на тэрыторыі Карэньшчыны — сяла Корань (13 двароў), вёсак Міхалкавічы (17), Жырблевічы (6), Лішчыцы (3), Прудкі (21), Церахі (10), Чэрнева (5) і Грамніца (8) — усяго 83 двары. У бальшыні гаспадарак (за выключэннем сяла Корань) пералічаны, хоць і без імёнаў, таксама жонкі і дочкі. Агульнае насельніцтва маёнтка можна вызначыць прыблізна ў 520 чалавек. Для непасрэдных падданых плябаніі, што жылі ў сяле Корань, пазначаны павіннасці: з кожнай гаспадаркі па 2 дні паншчыны ў тыдзень узімку (ад дня Св. Юрыя восеньскага да Св. Юрыя веснавога) і па 3 дні — улетку. Грашовыя плацяжы не прыгадваюцца.

Наступны па часе інвентар Кораньскага касцёла быў складзены ў маі — чэрвені 1742 г.21 Дакумент у цэлым аналагічны папярэдняму, за тым выключэннем, што не змяшчае пераліку парафіян з капітульных прэстымоніяў. Пералічаны толькі падданыя плябаніі, прычым за 2 гады іх колькасць істотна скарацілася. Увогуле ў інвентары пералічаны 10 гаспадарак, але пра жыхароў адной з іх сказана, што ўсе яны памерлі, а ў іншым двары дзеці памерлі, а гаспадар уцёк, засталася толькі яго жонка. Такім чынам, з ранейшых 13 засталіся 8 паўнацэнных гаспадарак (у іх 13 мужчын, разам з сынамі). З іх 4 сям'і жылі непасрэдна ў Корані, 3 — у неназваным засценку (з больш позніх крыніц відавочна, што гутарка ідзе пра Нарбутава), а 1 сям'я — у вёсцы Грамніца.

Гэты інвентар змяшчае першыя звесткі пра забяспечанасць жыхароў Карэншчыны свойскай жывёлай. У адной гаспадарцы яе не было ўвогуле, а ў кожнай з 7 астатніх — па запрэжцы (сасе) з пары валоў, па 1-2 кані і па 1-2 карове. Паказана таксама месцазнаходжанне чатырох зямельных участкаў, якія належалі плябаніі. Адзін з іх знаходзіўся паміж землямі вёскі Міхалкавічы, другі — ля вёскі Чэрнева, трэці — паміж надзеламі вёскі Грамніцы, а чацвёрты — паміж надзеламі вёскі Жырблевічы. Памер кожнага ўчастка пазначаны ў 3 чвэрці. Пры гэтым незразумела, меліся на ўвазе чвэрці валокі (што адпавядае памеру ўчастка прыкладна ў 5,3 га) ці плошча, на якой высяваліся 3 чвэрці (блізу 12 пудоў ці 1,97 ц) зерня, што прыблізна адпавядае 1,5-2 га.

Блізкі па часе стварэння недатаваны інвентар прэстымонія Прудкі22. Мяркуючы па складзе прыгаданых домаўладальнікаў, ён адносіцца прыкладна да 1744 г. У ім пералічаны 19 гаспадарак у вёсцы Прудкі і 4 — у Лішчыцах. Усяго на 23 гаспадаркі прэстымонія прыпадала 56 прадстаўнікоў мужчынскага полу. Усе гаспадаркі валодалі аднолькавымі надзеламі па 0,5 валокі (блізу 10,7 га), з якіх адна чвэрць валокі лічылася аседлым надзелам, а другая — прыёмным . За аседлую чвэрць належала плаціць чынш у памеры 5 тынфаў (г. зн. 190 грошаў), а за прыёмную — 2 тынфы (76 грошаў). У 12 гаспадарак не было іншых земляў, апрача гэтых дзвюх чвэрцяў валокі. Астатнія карысталіся дадаткова пустоўскай зямлёй, за якую плацілі па 1 тынфе за чвэрць валокі. 4 двары мелі па 0,25 валокі такой зямлі, 4 — па 0,5 валокі, а адзін гаспадар (Юрка Ліс з Лішчыц) меў 1,5 валокі. Апрача таго з кожнага надзела належала па 2 тынфы дзякла і паўгроша мядовага , а таксама 6 дзён адпрацовачнай і 1 дзень падводнай павіннасці ў год.

26 мая 1747 г. быў складзены інвентар прэстымонія Вялікі Корань23, які ахопліваў 19 гаспадарак у вёсцы Міхалкавічы і 6 — у Чэрневе. Колькасць сыноў і жывёлы ў ім не пазначана, маюцца толькі дадзеныя пра зямельныя надзелы і плату за іх. У гэтым прэстымоніі не было прыёмных валок. 18 гаспадарак мелі па 0,5 аседлай валокі, 5 — па 2/3 валокі, а двое (войт Сымон Калоша і Францішак Калоша з Міхалкавіч) — па цэлай валоцы. Апрача таго, адной валокай карыстаўся яўрэй — арандатар карчмы. У Чэрневе тры гаспадары мелі адпаведна 1/2, 3/4 і 1 валоку пустоўскай землі, у Міхалкавічах яе не было зусім. Плата за тыповы надзел у 0,5 валокі складалася з 9 злотых чыншу, 2 злотых і 16 грошаў ладройшчыны , 15 грошаў мядоўшчыны , 2 злотых і 16 грошаў дзякла і такой самай сумы работніны . У суме гэта давала 23 злотых і 3 грошы.

Параўнанне з папярэднім інвентаром паказвае, што сума чыншу ў абодвух прэстымоніях была прыкладна аднолькавай (тыповая гаспадарка, якая валодала паўвалокай аседлай і прыёмнай зямлі, у Прудках плаціла ў пераліку 8 злотых і 26 грошаў, г. зн. крыху меней за 9 злотых). Сума мядовага ў першым выпадку складала паўгроша, у другім — палову злотага. Гэта азначае розніцу ў 30 разоў, але, хутчэй, у інвентары Прудкоў ёсць памылка, а гутарка павінна ісці таксама пра палову злотага. Роўнай была і сума дзякла (2 злотых 16 грошаў дакладна адпавядаюць 2 тынфам). У Прудках не было работніны, затое ўжываліся адпрацовачныя павіннасці (верагодна, у Вялікім Корані іх замяняў грашовы эквівалент). Не было там таксама і ладройшчыны (калі яна проста не прапушчана ў інвентары). З улікам папраўкі на кошт мядовага грашовыя павіннасці тыповага надзелу ў Прудках (без пустоўскай зямлі) складалі, такім чынам, 357 грошаў, а ў Вялікім Корані — 513 (у тым ліку па 76 грошаў работніны і ладройшчы ны, без якіх застаецца 361 грош).

Гэтыя лічбы можна супаставіць з дадзенымі валочнай уставы 1576 г., але з улікам абясцэньвання гроша і змянення структуры ценаў. Ацаніць ступень інфляцыі дапамагае супастаўленне з курсам талера — манеты, колькасць срэбра ў якой на працягу другой паловы XVI — XVIII ст. заставалася амаль пастаяннай (у межах 20—25 г). У 1570-я г. талер прыраўноўваўся да 30 літоўскіх грошаў24, у якіх вызначаны расцэнкі валочнай уставы. Нагадаем, што ў той час з паўвалочнага надзела добрай ці сярэдняй зямлі, які складаўся з чвэрці цяглай і чвэрці асаднай валокі, належаў чынш у суме адпаведна 26,25 або 22,5 грошаў (г. зн. 0,875 — 0,75 талера), дзякло ў 0,5 бочкі жыта (у тагачасных цэнах — 7,2 гроша, ці 0,24 талера) і 0,75 — 0,5 бочкі аўса (9 — 6 грошаў, ці 0,3 — 0,2 талера), 2 курыцы і 10 яек (каля 4 грошаў, ці 0,13 талера), паншчына ў памеры 1 дня ў тыдзень, а таксама 6 дзён талакі ў год, падводная і некаторыя іншыя павіннасці. Без адпрацовачных павіннасцяў сума выплат с такога надзелу складала блізу 1,3—1,5 талера.

З 1717 г. курс талера быў прыраўняны да 8 злотых (240 польскіх грошаў меднай манетай)25 . Такім чынам, 9 злотых чыншу і 0,5 злотых мядовага адпавядаюць амаль 1,19 талера, што сведчыць пра павелічэнне грашовых выплат у рэальным вылічэнні прыкладна на 40—60%. Затое дзякло цяпер бралася не натурай, а таксама грашыма, прычым у вельмі выгадных для сялян суадносінах. Яго кошт можна супаставіць з цаной прадуктаў харчавання ў сярэдзіне — другой палове XVIII ст., якая неаднаразова пазначаецца ў інвентарах розных маёнткаў. Цэны на збожжа вагаліся ў розныя гады і на розных тэрыторыях, але ў асноўным віленская бочка жыта каштавала ад 16 да 25,5 злотых, бочка аўса — ад 6 да 20 злотых, курыца — ад 6 да 12 грошаў, дзесятак яек — ад 3 да 10 грошаў26. Калі прыняць сярэднюю цану жыта за 20 злотых, а аўса — за 13 злотых, то дзякло ў памеры 2 злотых і 16 грошаў адпавядала кошту менш чым 0,1 бочкі гэтых культур. Нават калі дапусціць, што ва ўставе 1576 г. размова ішла не пра віленскія бочкі, а пра бочкі-салянкі (яны складалі 1/4 аб'ёму віленскай бочкі), рэальны кошт дзякла за гэты час вельмі панізіўся.

Паншчына ў сярэдзіне XVIII ст. ужывалася толькі ва ўладаннях плябаніі, прычым яна павялічылася з 1 да 2,5 дня на кожную гаспадарку. У іншых інвентарах паншчына не прыгадваецца зусім, а 6 дзён талакі і падводная павіннасць засталіся толькі ў Прудках, прычым налічваліся таксама не з валокі, а з гаспадаркі (фактычна гэта азначае двухразовае павелічэнне, бо звычайна валоку трымалі дзве гаспадаркі). У Вялікім Корані замест прыгоннай працы браліся ладройшчына і работніна агульным коштам у 5 злотых і 2 грошы (0,63 талера). Верагодна, гэтая сума прыкладна адпавядае кошту прыбытку, які прыносілі б маёнтку паншчына і талака. У суме павіннасці з паўвалочнага надзелу адпавядалі цяпер 2,3—2,5 талера, а без ладройшчыны і работніны — 1,7—1,9 талера. Такім чынам, можно казаць пра пэўнае (але ніяк не драматычнае) павелічэнне эксплуатацыі параўнальна з XVI ст.

Для параўнання можна прывесці дадзеныя з інвентара суседняга маёнтка Айнаравічы, які непасрэдна межаваў з Коранем з паўднёвага захаду. Можна не сумнявацца, што становішча ў ім было добра вядомае жыхарам Карэньшчыны. Пад час продажу часткі гэтага маёнтка ад Тамаша Цадроўскага Міхалу і Зофіі Свідам у кастрычніку 1752 г.27 павіннасці падданых складалі: паншчына ў 2 мужчынскія і 2 жаночыя дні з кожнай хаты, 5 гвалтаў пад час летняга жніва і яшчэ 2 — пад час ворыва, выпрадзенне 3 талек з уласнага лёну, дзякло ў памеры 2 чвэртак мінскай меры (трэба меркаваць — палову бочкі) жыта, 2 чвэртак аўса, 1 воза сена, 2 курыц, 2 дзесяткаў яек і яшчэ 1 злоты грашыма.

Самы ранні інвентар прэстымонія Малы Корань датуецца 9 сакавіка 1761 г.28 У ім пазначаны 13 двароў у вёсцы Грамніца, 8 — у Жырблевічах і 13 — у Церахах. Амаль усе гаспадаркі мелі па чвэрці валокі аседлай і па чвэрці прыёмнай зямлі (толькі ў дзвюх было ўсяго па чвэрці аседлай валокі), пры гэтым 12 гаспадарак у Грамніцы, 7 у Церахах і 2 ў Жырблевічах мелі дадатковую пустоўскую зямлю: 12 двароў — па 1/4 валокі, 5 — па 1/2, 3 — па 3/4, адна — цэлую валоку. Стаўка грашовай павіннасці подле даўных застаў была такой самай, як у папярэдніх інвентарах: 5 тынфаў з аседлай чвэрці, 2 — з прыёмнай і 1 — з пустоўскай, плюс з кожнага двара па 2 тынфы дзякла, 2 тынфы за 6 дзён рабошчызны, 2 тынфы за ладроўшчызну і 15 грошаў мядовага. Але за кошт таго, што тыповы надзел ахопліваў тут не палову, а тры чвэрці валокі (усіх трох разрадаў), сума плацяжоў з яго была на 1 тынф большай, чым у Вялікім Корані — 547 грошаў, ці 18 злотых і 7 грошаў (2,28 талера).

Далей па часе ідзе серыя з трох інвентароў прэстымонія Прудкі, датаваных 1774, 1775 і 1778 г.29 Колькасць двароў у Прудках дасягнула 22, у Лішчыцах — 13. Апрача таго з'явіліся засценкі Гарадзец і Млын, якія мелі па 1 двары. Размеркаванне зямлі за тры дзесяцігоддзі з часу папярэдняга інвентару істотна змянілася: цяпер 22 з 36 гаспадароў значыліся карыстальнікамі надзелаў у 0,5 аседлай валокі, яшчэ 5 мелі ў дадатак прыёмную (ад 1/4 да 1/2 валокі), а 7 — пустоўскую зямлю (усе па 1/4 валокі). На агульным фоне вылучаюцца, з аднаго боку, жыхары Лішчыц Саўка Шэйпа і Мацей Жукоўскі, якія валодалі адпаведна 1 і 1,5 валокі аседлай зямлі, а з другога боку — Грышка Грэцкі і Адам Жукоўскі з той самай вёскі, у якіх было толькі па пустоўскім надзеле (1/2 і 1/4 валокі адпаведна).

Забяспечанасць сялян рабочай скацінай была даволі аднастайнай. На 36 гаспадарак у 1774 г. прыпадала 56 коней і 71 вол, у тым ліку 20 гаспадарак мелі па 2 кані і 2 валы, 6 — па 1 кані і 2 валы. Толькі 2 гаспадаркі ў Прудках і 2 у Лішчыцах мелі па 4 валы і 2 кані (у 1778 г. у двух гаспадароў было ўжо па 4 валы і 3 кані, а ў трох — па 4 і 2). З другога боку, у адным двары былі толькі 1 вол і 1 конь, у другім — толькі конь, а 4 гаспадары не мелі цяглавай жывёлы (двума з іх былі вышэйзгаданыя Грышка Грэцкі і Адам Жукоўскі).

Плата за тыповы надзел у 0,5 аседлай валокі складала, паводле інвентару 1774 г., 18,5 злотых (2,31 талера). Пры гэтым ніякіх адпрацовачных павіннасцяў сяляне не выконвалі, бо ў маёнтку не было панскага ворыва. У 1775 г. павіннасці рэзка ўзраслі: з той самай паўвалокі належала 10 тынфаў (паводле тагачаснага курсу гэта складала 32 злотых, ці 4 талеры) чыншу і 6 тынфаў за мёд і воск, да таго ж сяляне мусілі адпрацоўваць яшчэ па 2 дні паншчыны ў год (магчыма, на самай справе — у тыдзень) на карысць кораньскага плябана, які ў гэты час арандаваў прэстымоній. Трэба меркаваць, што менавіта з арэндай і звязана рэзкае павелічэнне павіннасцяў. У 1778 г. чынш зноў панізіўся да 20 злотых (2,5 талера) з паўвалокі.

Для параўнання ёсць амаль адначасовы інвентар часткі сумежнага маёнтка Айнаравічы, набытага ў сакавіку 1779 г. Стэфанам і Зофіяй Свідамі ад Зофіі Цадроўскай і яе мужа Зыгмунта Шыцкага30 . Цяпер паншчына ў гэтым маёнтку складала ўжо 2 мужчынскія і 3 жаночыя дні з гаспадаркі (на 1 больш параўналь на з 1752 г.), плюс 2 мужчынскія гвалты на ворыве і 3 жаночыя — на жніве. Затое дзякло не прыгадваецца — магчыма, за кошт яго скасавання і была павялічана паншчына. Іншыя павіннасці з паўвалочнага надзелу складаліся з 2 злотых падымнага, 3 курыц, 20 яек, 3 талек прадзіва. Апрача таго штоноч належала выходзіць па чарзе на варту ў панскі двор, а „для засыпання грэбляў, ежлі б таго патрэба была, з сваіх дзён ехаць павінны" . За паўвалокі прыёмнай зямлі належала плата ў 10 злотых.

Група блізкіх па часе інвентароў належыць да прэстымонія Вялікі Корань. Адзін з іх датаваны 1 кастрычніка 1781 г.31, а другі, што захаваўся ў трох розных спісах — 1 кастрычніка 1786 г.32 Гэтыя інвентары найбольш падрабязныя. Інвентар 1781 г. фіксуе 17 двароў у Чэрневе (у іх 52 асобы мужчынскага полу і не менш за 32 — жаночага 33), 21 двор (адпаведна 57 і 51) у Міхалкавічах і яшчэ 7 (20 і 17) — у Загор'і, якое было выселкам той самай вёскі і пазней злілося з ёй. Апрача таго ў складзе прэстымонія з'явілася яшчэ адно новае паселішча — Юршы — з 4 дварамі (12 і 9). Усяго, такім чынам, у наяўнасці было 49 двароў з прыкладна 250—260 жыхарамі. На іх прыпадала 75 коней (1,5 на двор), 84 валы (1,7), 100 кароў (2), 202 авечкі (4,1), 70 козаў (1,4), 125 свіней (2,5) і 4 вуллі пчол. Звесткі пра памеры надзелаў страчаны для 5 двароў Чэрнева з прычыны пашкоджання адпаведнага аркуша інвентара. З астатніх 44 гаспадарак 28 мелі надзелы па 1/2 валокі, 2 — па 3/8 валокі, 7 — па 3/4 валокі, 2 — па 5/8 валокі. У 3 гаспадароў было толькі па 1/4 валокі, а ў 2 — увогуле не было (адзін з іх запісаны як парабок, другі — як млынар-агароднік ). З тыповага надзелу ў 0,5 валокі належалі павіннасці ў памеры 20 злотых чыншу, плюс 4 злотых і 20 грошаў падымнага .

Інвентар 1786 г. змяшчае істотныя адрозненні, асабліва ў дачыненні да свойскай жывёлы. Колькасць двароў у Чэрневе павялічылася да 20 (апрача іх пазначана 1 сям'я кутнікаў , якая не мела ўласнай хаты). У Міхалкавічах стала 23 двары (і яшчэ 5 сем'яў кутнікаў), у Загор'і — 9 двароў і ў Юршах — па-ранейшаму 4. Колькасць жыхароў абодвух полаў (без кутнікаў) склала 339 чалавек на 56 двароў (6 чал. на двор). Рэзка павялічылася параўнальна з папярэднім інвентаром колькасць скаціны: на гэты раз згадваюцца 191 конь (3,4 на гаспадарку), 233 валы (4,2), 347 кароў (6,2), 443 авечкі (7,9), 148 коз (2,6), 617 свіней (8,3) і 79 вулляў. Лічбы па асобных дварах уражваюць: напрыклад, у гаспадарцы Лявона Саўрыцкага з Чэрнева значацца 4 кані, 8 валоў, 12 кароў, 14 авечак, 7 козаў і 13 свіней, тады як у інвентары 1781 г. у яго пазначаны толькі 1 конь, 2 валы, 2 каровы, 5 авечак, 2 казы і 1 свіння. Такая вялікая розніца за 5 гадоў наўрад ці можа быць растлумачана натуральным прыростам. Магчыма, у першым выпадку быў моцны недаўлік, або падлічвалася толькі дарослая жывёла, а ў пазнейшым інвентары — таксама і маладняк.

Велічыня надзелаў крыху скарацілася: з 56 гаспадарак 39 мелі па 1/2 валокі, 3 — па 3/4, 5 — па 3/8 і 8 — па 1/4. Беззямельных гаспадарак на гэты раз няма. Усе валокі належалі да аднаго разраду — аседлых (сядзібных) . Толькі адна гаспадарка — ляснічага Станіслава Фалькоўскага — мела апрача 3/4 валокі асноўнага надзелу яшчэ 1/2 вольнай валокі. У Міхалкавічах амаль усе двары мелі таксама па 2 моргі (каля 1,4 га) сенажацяў. У іншых паселішчах іх не было амаль ніўкога, толькі ў Чэрневе 3 двары мелі да сваіх паўвалочных надзелаў па 5 дадатковых моргаў — ворыўных і сенакосных.

Спіс павіннасцяў у гэтым інвентары даволі складаны. Грашовыя павіннасці збіраліся перад днём Св. Міхаіла. Са стандартнай паўвалокі належала 24 злотых чыншу, а апрача таго — 2 злотых мядовага і 1 злоты 10 грошаў падымнага з кожнага двара. За дадатковыя моргі была адмысловая плата — па 1 злотым і 15 грошаў з ворыўнага і па 24 грошы — з сенакоснага морга. На кожны злоты налічваўся яшчэ і дадатак у памеры 1 гроша — грашовая подаць. Усяго з двара прыходзілася, у залежнасці ад памераў надзелу, розных плацяжоў на суму ад 18 да 55 злотых, часцей за ўсё — каля 35-37 злотых у год. Кутнікі плацілі 6 злотых 20 грошаў падымнага.

Можна канстатаваць павелічэнне чыншу параўнальна з 1747 г. у 2,7 раза, мядовага ў 4 разы і з'яўленне новых грашовых выплат — падымнага і грашовага. Дзякло зноў выступала ў выглядзе натуральнай павіннасці — па паўбочкі жыта і аўса, па 4 курыцы і 30 яек, па 2 капы грыбоў з кожнай паўвалокі. Замест зніклых ладройшчыны і работніны зноў з'явіліся адпрацовачныя павіннасці: паншчына ў памеры 3 мужчынскіх і 2 жаночых дзён у тыдзень з валокі (г. зн. 2,5 дня з паўвалочнага надзелу), плюс адна паездка ў год на сваёй падводзе ці транспартаванне па вадзе 1 плыта да Вільні (на адлегласць каля 210 км). Апрача таго належала выходзіць на рамонт мастоў, гацяў і карчмы, а ў выпадку заснавання ў вёсцы новага двара кожная гаспадарка абавязана была вывезці з лесу па 10 бярвенняў.

Інвентарнае апісанне Кораньскага прыхода ад 31 студзеня 1783 г.34 змяшчае вопіс маёмасці плябаніі, яе зямельных угоддзяў, а таксама спіс падданных, што жылі ва ўладаннях касцёла — Кораньскай юрысдыцы . Землі плябаніі знаходзіліся ў самім сяле Корань (каля 8 валок) і цераспалосна з уладаннямі капітула — у засценку Нарбутава (1 валока 22 моргі), у Капцах (1 валока), сярод земляў вёскі Прудкі ва ўрочышчы Дворышча (1 валока), а таксама па 1,5 валокі ў Міхалкавічах, Жырблевічах, Церахах і Грамніцы. Усяго на гэтыя землі прыходзілася каля 10 валок ворыва, каля 7 валок лесу, каля 2,5 валок сенакосаў. Прыкладна 6 валок выкарыстоўваліся на патрэбы плябаніі, а 5 былі выдзелены пад надзелы сялян. Плябаніі належалі таксама два ставы — у Капцах і Бачылаўцы (з іх другі — напалам з маёнткам Укропавічы). Спіс падданных уключаў 9 двароў і 3 сям'і кутнікаў у Корані, 4 двары ў Нарбутаве, а таксама па 1 двары ў Грамніцы, Церахах і Жырблевічах і сям'ю каваля Томаша Шчарбовіча, што жыла ў Чэрневе (відавочна, без уласнага двара і зямельнага надзелу). Усяго ў 16 дварах пералічаны 111 чалавек (57 асобаў мужчынскага полу і 54 — жаночага), з іх 13 кутнікаў. У іх карыстанні знаходзіліся 21 рабочы конь і 4 жарабят, 31 рабочы вол і 6 маладых, 27 кароў і 6 цялушак, 70 авечак, 18 козаў і 48 свіней. Непасрэдна ў плябанскай гаспадарцы было 6 дойных кароў, 1 пляменны бык (бугай), 10 авечак, 10 свіней, 7 гусей, 6 качак, 10 курэй. Апрача таго, за асабістыя грошы плябана былі куплены 7 кароў, 2 валы, 1 бугай, 19 авечак, 1 каза, 1 казёл, 7 свіней, 9 індыкоў і 4 гусі.

Павіннасці кожнай гаспадаркі зводзіліся да паншчыны ў колькасці 3 дзён на тыдзень (усяго 156 дзён на год) і выплаце падымнага — 3 злотых 10 грошаў. Памеры надзелаў не пазначаны, але, калі верыць звесткам пра тое, што ў суме яны складалі каля 5 валок, то на кожны двор прыходзілася ў сярэднім меней за 1/3 валокі (7 га). На гэтых надзелах высявалася 10 бочак жыта (азімага), каля 2 бочак ячменю, 8 бочак аўса, 4 бочкі яркі (яравога жыта), па 2 бочкі пшаніцы і гароху, па чвэрці лёну і канаплі. Норма высеву зерневых, мяркуючы па гэтых лічбах, складала блізу 1 чвэрці (100 л, ці 0,8 ц) на гектар. Ураджайнасць жыта прыкладна ў пяць разоў перавышала пасеў (г. зн. была блізу 4 ц/га), ячменю — вагалася ад сам-1 да сам-10, аўса — каля сам-3, прычым у інвентары адзначаецца, што ў даўнія гады ўраджай аўса нават не вяртаў насення.

Да гэтага інвентара дадаецца запіс пра змяненне зямельных уладанняў касцёла, здзейсненых капітулам 24 кастрычніка 1787 г.35 Плошча іх склала з таго часу 17 валок 22 моргаў, з якіх 6 валок належалі непасрэдна плябаніі, а 10 валок 22 моргі прызначаліся пад надзелы яе прыгонных.

Завяршаюць спіс інвентароў XVIII ст. два інвентары прэстымонія Прудкі, датаваныя 29 верасня 1787 і 1789 г.36 Колькасць двароў у Прудках склала ў 1787 г. 22, а праз два гады — 23. У Лішчыцах іх было адпаведна 13 і 14. У 1787 г. 1 двор пазначаны таксама ў засценку Капцы, а 2 — у засценку Гарадзец. У 1789 г. іх насельнікі дапісаны пасля спісу гаспадарак вёскі Лішчыцы, без пазначэння месца жыхарства. Памеры надзелаў пазначаны толькі ў інвентары 1787 г., прычым не ў валоках, а ў моргах (1/30 валокі). Самыя маленькія надзелы — па 10 сядзібных моргаў, ці 1/3 валокі — былі ў 3 сялян, якія плацілі за іх чынш па 13 злотых 10 грошаў. Самым буйным быў надзел у 2 валокі (Мацея Жукоўскага з Лішчыц). За яго належаў чынш у 80 злотых. Яшчэ 3 чалавекі мелі надзелы больш за 1 валоку сядзібнай зямлі, а ў 7 спалучэнне сядзібных і прыёмных моргаў у суме давала валоку і болей, што азначала плату ад 40 да 63,5 злотых. Палова ўсіх надзелаў (20) укладвалася ў памеры ад 20 да 27 моргаў (14-19 га) сядзібнай зямлі, яшчэ ў 5 сялян такія самыя лічбы давала спалучэнне сядзібных і прыёмных моргаў. Чынш з такіх надзелаў налічаўся ў межах ад 26 злотых 20 грошаў да 36 злотых. На 0,5 валокі сума чыншу складала 20 злотых, г. зн. яна не змянілася параўнальна з 1778 г. Верагодна, былі і іншыя павіннасці, аналагічныя павіннасцям сялян з іншых вёсак (падымнае, мядовае), але ў інвентары яны не згадваюцца.

Сярэдні памер гаспадаркі быў даволі стабільны. Паводле дадзеных інвентара 1740 г. ён складаў каля 6,3 чал. (дыяпазон ваганняў — ад 2 да 18). Серыя інвентароў 1783—1789 г. змяшчае дадзеныя пра гаспадаркі па 7 з 12 паселішчаў. Іх сярэдні памер складаў 6,1 чел., а з улікам кутнікаў — да 6,3 (пры размаху ваганняў ад 1 да 14). Забяспечанасць зямлёй моцна мянялася па розных прэстымоніях, і нават па адным паселішчы з цягам часу, што бачна з табліцы 1. Верагодна, значнае павелічэнне ворыўнай зямлі ў прэстымоніях Вялікі Корань і Прудкі звязана з расчысткай новых земляў з-пад лесу.

Забяспечанасць бальшыні гаспадарак свойскай жывёлай была здавальняльнай. Тыповая гаспадарка мела, як правіла, 1—2 коней, пару валоў, не менш за 2 каровы, 2—3 свіней.

У XVIII ст. у маёнтках капітула пераважала грашовая рэнта — чынш. Самая высокая норма паншчыны фіксуецца ў інвентарах Кораньскай плябаніі (2,5—3 дні з гаспадаркі) і прэстымонія Вялікі Корань за 1786 г. (3 мужчынскія і 2 жаночыя дні з валокі, ці прыкладна 2,5 з гаспадаркі). Паколькі сярэдні памер гаспадаркі быў блізкі да 6 чал., з іх прыкладна палова працаздольных, то на кожнага работніка прыходзілася менш за 1 чалавека-дзень на тыдзень. Гэтая норма была намнога ніжэйшая за сярэднюю па Беларусі. Нагадаем, што ў суседнім маёнтку Айнаравічы паншчына складала 4—5 дзён з гаспадаркі, ці 8—10 з валокі. Такое становішча было куды больш тыповым для шляхецкіх маёнткаў. Поводле падлікаў П. Лойкі, у 29 прыватнаўласніцкіх маёнтках захаду і цэнтра Беларусі ў другой палове XVIII ст. паншчына складала ў сярэднім 9,8 чалавека-дзён на тыдзень з валокі37. Характэрна, што і сярэдні памер гаспадаркі па Беларусі ў цэлым быў прыкметна вышэйшы. Ю. Можы паводле дадзеных 15 інвентароў за перыяд з 1725 да 1808 г. налічыў у 4370 дварах 34 950 душ, г. зн. блізу 8 чалавек на двор.

У сакавіку 1793 г. у працэсе другога падзелу Рэчы Паспалітай тэрыторыя цэнтральнай Беларусі адышла да Расіі. Для ўладанняў каталіцкай царквы гэта мела вельмі істотныя наступствы: усе маёнткі біскупа і капітула ў 1794 г. былі канфіскаваныя. У актавай кнізе капітула за 1797 г. падаецца пералік страчаных уладанняў, сярод якіх фігуруюць прэстымоній каноніка Ігнацыя Кліманьскага Вялікі Корань, прэстымоній Мікадыма Пузыны Корань, або Красны Бор, прэстымоній Якуба Дадэркі Прудкі38. 18 жніўня 1795 г. маніфестам імператрыцы Кацярыны II гэтыя і шэраг іншых канфіскаваных маёнткаў (у тым ліку і суседнія Айнаравічы, або Мураваны Двор) былі пажалаваны ва ўласнасць генерал-маёру Івану Мікалаевічу Няплюеву 39. Пры гэтым тры былыя капітульныя прэстымоніі былі аб'яднаныя ў адзін маёнтак, які атрымаў назву Красны Бор.

Пераход у склад Расійскай імперыі азначаў для жыхароў Карэньшчыны не толькі змену ўладальніка, але і шэраг іншых, часам вельмі балючых новаўвядзенняў. Адным з іх была рэкруцкая павіннасць, якой не ведала Рэч Паспалітая. Цяпер усё мужчынскае насельніцтва ва ўзросце ад 19 да 35 гадоў трапляла ў разрад ваеннаабавязаных, і пры абвяшчэнні чарговага набору (ён праводзіўся ў сярэднім 1 раз на год) кожны з іх рызыкаваў трапіць на 25-гадовую вайсковую службу. Адчувальна павялічыўся і ўзровень эксплуатацыі сялян. Хоць непасрэдных звестак на гэты конт няма, можна меркаваць, што ў маёнтку Красны Бор ужо ў гэты час замест чыншу ўсталявалася такая ж паншчына, як і ў суседніх Айнаравічах, чаму спрыяла часовае аб'яднанне абодвух уладанняў у адзін маёмасны комплекс генерала Няплюева. Пасля яго смерці абодва маёнткі дасталіся ў спадчыну яго дачцэ Марыі, па мужу Енгалычавай, якая 21 чэрвеня 1826 г. прадала Красны Бор гвардыі палкоўніку Казіміру Іванавічу Чудоўскаму 40.

Што тычыцца ўладанняў Кораньскага касцёла, то яны былі пакінуты ў руках плябана Рафала Гзоўскага. Згодна з інвентарным апісаннем ад 8 снежня 1796 г.41, землі гэтага маёнтка пасля паўторнай фундацыі капітула ад 1787 г. вымяраліся 17 валокамі 22 моргамі, з якіх 6 валок выкарыстоўваліся плябанскім дваром, а 10 валок 22 моргі складалі надзелы прыгонных сялян плябаніі (іх спісу ў гэтым інвентары няма).

Наступнае апісанне Кораньскага касцёла датуецца 18 жніўня 1804 г.42 На той час у Корані было 4 двары, у Нарбутаве — 3. Яшчэ 7 чалавек пазначаны ў спісе чэлядзі плябанскай і 1 — у якасці кутніка. Колькасць душ абодвух полаў складала 59 чалавек. Усе сялянскія надзелы былі аднолькавыя — па 3 моргі (крыху больш за 2 га) сядзібнай зямлі і па 3 моргі сенакосаў. Апрача таго сяляне мелі яшчэ палявыя надзелы, падзеленыя на 3 змены па 4 моргі ў кожным участку. Адна гаспадарка (Мацея Гусакоўскага) мела дадаткова ўчастак пусташы ў 6 моргаў сядзібнай і сенакоснай зямлі. У сярэднім на двор прыпадала па 12 моргаў ворыва, па 3 моргі сядзібнай і 3 — сенакоснай зямлі, г. зн. па 18 моргаў (крыху менш за 13 га) на двор. За сядзібныя надзелы належала па 2 мужчынскія і 2 жаночыя дні паншчыны і па 2 талакі ў год (на вываз гною і на жніво). Такім чынам, і ў царкоўных уладаннях норма паншчыны наблізілася да лічбы, характэрнай для шляхецкіх маёнткаў. Зямельныя ўладанні плябаніі ў суме складалі 18 валок (каля 385 га), з іх 9,5 валокі і 2,5 морга прыходзілася на дворную зямлю, 5 валок — на сялянскія надзелы, 3 валокі і 12,5 морга — на баравы лес. 4 пусташы (іх памер не пазначаны) знаходзіліся ў арэндзе ў яўрэя-карчмара і трох дробных шляхцічаў — Міхала Главацкага, Антонія Гашынскага і Станіслава Добжынскага. На 7 сялянскіх двароў прыпадала 8 коней, 3 клячы (кабылы), 3 жарабят, 17 валоў, 1 бык, 8 кароў, 1 цялушка, 12 коз, 35 авечак, 16 свіней, 41 курыца. Аднаму з сялян — Вінцэнту Шчарбовічу — як новіку нядаўна оседламу была дадзена ільгота на 2 гады, пасля заканчэння якой ён мусіў выконваць павіннасці ў агульным парадку.

Інвентар ад 3 чэрвеня 1807 г.43 быў складзены з нагоды перадачы плябаніі пасля смерці Рафала Гзоўскага новаму ксяндзу — Юзафу Валіцкаму. З чатырох арандатараў пусташаў засталіся двое — яўрэй Гірш і шляхціч Добжынскі. Колькасць двароў у Нарбутаве засталася нязменнай, у Корані — павялічылася з 4 да 6, а колькасць падданых у абодвух паселішчах склала 69 (без чэлядзі, спісу якой няма). На 9 двароў прыпадала 7 коней, 11 кляч, 3 жарабят, 18 валоў, 6 бычкоў, 4 цялушкі, 16 кароў, 2 перадойкі , 8 козаў, 48 авечак, 21 свіння, 59 курэй. У гаспадарцы Мацея Гусакоўскага было 6 вулляў пчол, яшчэ 1 вулей — у Міхала Гусакоўскага.

Наступнае інвентарнае апісанне Кораньскага касцёла, датаванае 5 лютага 1822 г.44, прыгадвае 4 сялянскія двары ў Корані і 4 ў Нарбутаве — усяго 63 чалавекі абодвух полаў. Яшчэ 2 чалавекі служылі пры плябаніі. На ўсе 8 двароў прыпадала 10 коней, 17 валоў, 9 кароў, 33 авечкі, 21 свіння, 53 курыцы, 1 вулей пчол.

Багатую інфармацыю змяшчае інвентар маёнтка Красны Бор, які захаваўся ў фондзе Мінскага губернскага інвентарнага камітэта 45. Дата яго складання не пазначана, але ў загалоўку ўладальнік маёнтка Казімір Чудоўскі названы нябожчыкам (ён памёр 12 ліпеня 1846 г.46, а 21 жніўня таго самага года ў валоданне маёнткам быў уведзены яго брат Аляксей47 ). Фармальна інвентар трэба датаваць чэрвенем — жніўнем 1846 г., аднак супастаўленне пазначанага ў ім узросту сялян з дадзенымі метрычных кніг і рэвізскіх сказак паказвае, што пры яго стварэнні былі механічна выкарыстаны звесткі з нейкага гаспадарчага інвентара таго самага маёнтка за 1841 г.

У інвентары як самастойныя гаспадары выступаюць не толькі трымальнікі ворыўных (грунтовых) надзелаў і агароднікі , што карысталіся толькі сядзібнай зямлёй з агародам, але таксама халупшчыкі , якія ўвогуле зямлі не мелі. Асобна пазначаны кутнікі. Усяго ў маёнтку значылася 142 гаспадаркі на поўных надзелах, 3 агароднікі, 6 халупшчыкаў і 13 кутнікаў. Памеры надзелаў для ўсіх грунтовых двароў былі аднолькавыя — па 15 дзесяцін 48 палявой і 5 дзесяцін сенакоснай зямлі. Гэта, аднак, супярэчыць змешчанай у пачатку інвентара агульнай характарыстыцы маёнтка, якая належыць да 1846 г. У ёй пазначана, што на двор прыпадае па 1 дзесяціне сядзібнай зямлі, 10 дзесяцін ворыўнай і 3,3 — сенакоснай. Відавочна, паміж 1841 і 1846 г. памеры надзелаў былі скарочаны.

Параўнальна з перыядам ВКЛ рэзка ўзрасла сярэдняя населенасць двара — цяпер яна складала 8,8 чалавек. Верагодна, гэта было рэакцыяй сялян на рост адпрацовачных павіннасцяў: для гаспадаркі, якая мела больш рабочых рук, цяжар на кожнага быў не такі вялікі. Таму запозненае адшчапленне новых гаспадарак, як і больш раннія шлюбы (што прыводзіла ў сям'ю новую работніцу) сталі выгаднымі для сялян.

У сваю чаргу памешчык адрэагаваў тым, што ўжыў новую сістэму раскладкі павіннасцяў — ужо не ў разліку на двор ці валоку, а ў залежнасці ад колькасці работнікаў у гаспадарцы. На кожнага працаздольнага (такімі лічыліся мужчыны і жанчыны ад 15 да 50-55 гадоў) прыходзілася ў сярэднім па 1 дні прыгону на тыдзень. У цэлым на 142 цяглых гаспадарак гэта давала 286 мужчынскіх дзён (з іх 275 дзён конных і 11 — пешых) і 288 жаночых, г. зн. прыкладна па 4 дні паншчыны на гаспадарку. Апрача таго незалежна ад колькасці працаздольных кожная гаспадарка абавязана была адпрацаваць 1 дзень у якасці шарварка , што давала яшчэ 100 конных і 42 пешых дзён, а сярэдняя колькасць адпрацовачных чалавека-дзён з цяглай гаспадаркі дасягала 5. У дадатак, з кожнай працаздольнай душы (з улікам агароднікаў і нават кутнікаў) належала ў год па 6 дзён летняй дапамогі , або талакі. Гэтая павіннасць прыйшла яшчэ з XVI ст., але замест валокі ці двара таксама вылічалася цяпер з кожнай душы. 138 найбольш моцных гаспадарак выконвалі яшчэ ў год па 1 падводзе (паездцы са сваім гужавым транспартам на адлегласць блізу 1 мілі, або 7,4 км). Тыя, хто трымаў пчол, уносілі натуральную павіннасць мёдам: звычайна па 12 кварт49 з двара, хоць некаторыя ўладальнікі пасек уносілі па 48 і нават 60 кварт.

Падсумоўваючы, можна канстатаваць, што прыналежнасць маёнтка Корань віленскаму капітулу была фактарам вельмі спрыяльным для сялян. Узровень іх эксплуатацыі ў найбольш жорсткай форме — адпрацоўка прыгону — на той час быў істотна ніжэйшы за сярэдні па Беларусі. З пераходам маёнтка ў прыватныя рукі гэтая перавага знікла, і ў цэлым становішча былых капітульных падданых істотна пагоршылася. Гэта пацвярджаецца ўспамінамі, зафіксаванымі на пачатку ХХ ст. нараджэнцам вёскі Міхалкавічы — беларускім культурным дзеячам і этнографам-аматарам А. Варлыгам. Ён адзначаў, што ў свядомасці сялян расійскае панаванне было часам пагаршэння іх становішча, і таму пад час вайны 1812 г. іх сімпатыі адназначна былі на баку французаў 50.

Список литературы

* Артыкул падрыхтаваны ў рамках даследавання, падтрыманага грантам Research Support Scheme 1003/1997. 1 Kodeks dyplomatyczny katedry i diecezyi Wileńskiej. Kraków, 1948. №25. S. 40—2; Vitoldiana. Codex privilegiorum Vitoldi magni ducis Lithuaniae 1386—1430 / Wyd. J. Ochmański. Warszawa — Poznań, 1986. №13. S.18—9.

2 Аддзел рукапісаў бібліятэкі АН Літвы (далей — АРБАНЛ). Ф. 43. Адз. зах. 435.

3 Тамсама. Адз. зах. 213. Арк. 77 адв. — 79; Ochmański J. Op. cit. S. 190—1.

4 АРБАНЛ. Ф. 43. Адз. зах. 213. Арк. 202 адв. — 204. Гл. таксама: Ochmański J. Op. cit. S.191, 195—6.

5 У 1560—70–я г. лігатурная маса гроша складала 0,868 г срэбра. 1 грош быў роўны 10 пенязям.

6 Відавочна, мелася на ўвазе вялікая, так званая віленская бочка, роўная 4 малым бочкам — карцам. Адпаведна артыкулу 30 раздзела 3 Статута ВКЛ 1566 г. умяшчальнасць бочкі складала “4 корцы без верху и тресенья, але под стрых”. Яе аб’ём быў роўны прыблізна 407 л, ці каля 16 пудоў (262 кг) збожжа.

7 Тамсама. Адз. зах. 214. Арк. 244.

8 Тамсама. Адз. зах. 215. Арк. 168 адв.—171 адв.

9 АРБАНЛ. Ф. 43. Воп. 1. Адз. зах. 215. Арк. 279.

10 Тамсама. Адз. зах. 216. Арк. 58—59 адв. Гл. таксама копію: НГАБ. Ф. 1769. Воп. 1. Адз. зах. 22. Арк. 433—4.

11 АРБАНЛ. Ф. 43. Адз. зах. 609.

12 Дзяржаўны гістарычны архіў Літвы (ДГАЛ). Ф. СА (Старажытныя акты). Адз. зах. 3721. Арк. 28.

13 Тамсама. Арк. 36.

14 Morzy J. Kryzys demograficzny na Litwie i Białorusi w 2 połowie XVII wieku. Poznań, 1965.

15 АРБАНЛ. Ф. 43. Адз. зах. 8584.

16 Тамсама. Адз. зах. 10750.

17 НГАБ. Ф. 1769. Воп. 1. Адз. зах. 144. Арк. 38.

18 Тамсама. Арк. 53.

19 Тамсама. Арк. 352—4.

20 ДГАЛ. Ф. 694. Воп. 1. Адз. зах. 4481.

21 НГАБ. Ф. 147. Воп. 2. Адз. зах. 121. Арк. 82, 89—90.

22 АРБАНЛ. Ф. 43. Воп. 1. Адз. зах. 10771.

23 Тамсама. Адз. зах. 10758.

24 Gumowski M. Mennica Wileńska w XVI i XVII wieku. Warszawa, 1921. S. 61.

25 Рябцевич В. Н. О чем рассказывают монеты. 2–е изд. Мн., 1977. С. 157.

26 Указанні на цэны прадуктаў змяшчаюцца ў інвентарах, апублікаваных Віленскай археаграфічнай камісіяй: АВК. Т. 35. Вильно, 1910. С. 67, 73, 108, 110, 119, 192, 198, 233, 242, 305, 320, 325; тамсама. Т. 38. Вильно, 1914. С. 76—7, 202. Дадзеныя з інвентара 1734 г. маёнтка Бачэйкава маюцца таксама ў публікацыі: Цехановецкий В.П. Хроника одного поместья. Бочейково. Витебск, 1905. С. 18.

27 ДГАЛ. Ф. СА. Адз. зах. 116. Арк. 13—16 адв.

28 АРБАНЛ. Ф. 43. Воп. 1. Адз. зах. 10760.

29 АРБАНЛ. Ф. 43. Воп. 1. Адз. зах. 10761, 10762.

30 НГАБ. Ф. 1769. Воп. 1. Адз. зах. 6. Арк. 278—283 адв.

31 ДГАЛ. Ф. 694. Воп. 1. Адз. зах. 3397. Арк. 50—3.

32 Тамсама. Арк. 55—6 адв.; АРБАНЛ. Ф. 43. Воп. 1. Адз. зах. 10763, 10764.

33 Канцы радкоў, прысвечаных жыхарам Чэрнева, у гэтым інвентары пашкоджаны, таму страчаны імёны некалькіх дачок (прынамсі — у трох дварах).

34 НГАБ. Ф. 1781. Воп. 27. Адз. зах. 219. Арк. 125—68.

35 Тамсама. Ф. 1769. Воп. 1. Адз. зах. 22. Арк. 431—2. Гл. таксама: Ф. 147. Воп. 2. Адз. зах. 121. Арк. 94 адв.

36 АРБАНЛ. Ф. 43. Воп. 1. Адз. зах. 10765, 10766.

37 Лойка П. А. Прыватнаўласніцкія сяляне Беларусі: Эвалюцыя феадальнай рэнты ў другой палове XVI—XVIII ст. Мн., 1991. С. 100.

38 АРБАНЛ. Ф. 43. Воп. 1. Адз. зах. 244. Арк. 336.

39 НГАБ. Ф. 147. Воп. 2. Адз. зах. 121. Арк. 126.

40 НГАБ. Ф. 147. Воп. 2. Адз. зах. 121. Арк. 126.

41 Тамсама. Арк. 91—94 адв.

42 НГАБ. Ф. 1781. Воп. 27. Адз. зах. 276. Арк. 25—34 адв.

43 Тамсама. Адз. зах. 309. Арк. 33—43.

44 Тамсама. Ф. 1781. Воп. 27. Адз. зах. 377. Арк. 28—41.

45 НГАБ. Ф. 142. Воп. 1 Адз. зах. 305.

46 НГАБ. Ф. 146. Воп. 2. Адз. зах. 1778. Арк. 6 адв.

47 Тамсама. Адз. зах. 1004.

48 Дзесяціна была роўная 1,09 га.

49 Кварта была роўная 0,705 л.

50 Варлыга А. Карэншчына. Успамін–нарыс з канца ХIХ — пачатку ХХ ст. // Літаратура і мастацтва. 1994. № 14. 8 крас.


Информация о работе «Карэньшчына: тры стагоддзі з жыцця аднаго маёнтка»
Раздел: Иностранный язык
Количество знаков с пробелами: 49103
Количество таблиц: 0
Количество изображений: 0

0 комментариев


Наверх