Юры Кітурка
Снежань 1999
Пасля рэвалюцыі 1917 г., калі актыўна ішлі працэсы палітычнага пераўпарадкавання тэрыторый Расійскай імперыі, беларусы атрымалі рэальны шанс на стварэнне ўласнай незалежнай дзяржавы. Аднак агульная палітычная кан'юнктура ў Цэнтральнай і Усходняй Еўропе склалася так, што гэтая магчымасць была толькі часткова рэалізавана ў Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспубліцы. У 1920-30-х г. значная частка беларускіх земляў не ўвайшла ў склад БССР, а была далучана да Польшчы, і беларусы — жыхары гэтых тэрыторый — апынуліся ў становішчы нацыянальнай меншасці ў чужой дзяржаве, хоць і жылі на сваёй уласнай зямлі.
Пасля першай сусветнай вайны польская нацыя здолела стварыць і замацаваць уласную дзяржаву, прычым кіраўніцт ва адноўленай Рэчы Паспалітай не пажадала абмежавацца этнічнымі польскімі тэрыторыямі. Лідэры і значная частка грамадства новай Польшчы, якія знаходзіліся пад моцным уплывам уласных гістарычна -палітычных міфаў, імкнуліся далучыць беларускія землі да сваёй дзяржавы і паланізаваць беларусаў. Для нас важна зразумець, што было прычынай узнікнення такіх захопніцкіх амбіцый у свядомасці не толькі польскай эліты, але і амаль усёй нацыі. Гэтая з'ява мела пад сабой глыбокія карані, і зразумець яе можна толькі звярнуўшыся да папярэдняга перыяду развіцця беларуска -польскіх дачыненняў.
Самым уплывовым палітыкам у ІІ Рэчы Паспалітай, безумоўна, быў Юзаф Пілсудскі. Яго меркаванні па розных пытаннях палітычнага жыцця 1920—30-х г. даволі часта былі вызначальнымі для значнай часткі польскага грамадства таго часу. Таму разгляд стаўлення Ю. Пілсудскага да Беларусі і беларускага народа дасць магчымасць лепш зразумець тыя прынцыпы, якімі вызначалася палітыка ўладаў ІІ Рэчы Паспалітай у дачыненні да беларусаў.
Асноўныя пастулаты, на якіх грунтаваліся адносіны Ю. Пілсудскага да Беларусі і беларускага народа, склаліся яшчэ ў пачатковы перыяд палітычнай дзейнасці, калі ён узначальваў Польскую сацыялістычную партыю (ППС) у 1890-1900-х г. Разглядаючы гэтае пытанне, трэба зрабіць наступную заўвагу. У 1890 - пачатку 1900-х г. Пілсудскі ў сваіх артыкулах і лістах вельмі рэдка ўжываў слова “беларусы”. Часцей ён пісаў пра ліцвіноў і русінаў. Выкарыстоўваючы гэтыя тэрміны, Пілсудскі працягваў традыцыю ягелонаўскіх часоў падзяляць жыхароў Вялікага Княства не па этнічнай прыналежнасці, а па канфесіі. Русінамі ён называў усіх праваслаўных жыхароў Рэчы Паспалітай, да якіх належалі беларусы і ўкраінцы. Пад ліцвінамі ён разумеў літоўцаў і беларусаў -каталікоў, а ў некаторых выпадках — усё насельніцтва гістарычнай Літвы. Толькі з 1904 г. Пілсудскі пачаў выразна ўжываць назву “беларусы -каталікі”, адасабляючы іх ад этнічных літоўцаў, за якімі ў польскай мове трывала замацаваўся старажытны этнонім жыхароў ВКЛ — “ліцвіны”.
У другой палове 90-х г. ХIХ ст. беларускай праблематы цы Ю.Пілсудскі аддаваў няшмат ўвагі. У гэты перыяд на землях былога ВКЛ яго найбольш цікавіла толькі барацьба з русіфікацыяй 1 і суперніцтва з Бундам ды расійскімі рэвалюцыя нерамі за ўплывы сярод мясцовага пралетарыяту 2.
Упершыню пра беларусаў як пра асобную нацыю Пілсудскі грунтоўна выказаўся ў лісце да Леона Васілеўска га3 ад 19 лістапада 1899 г. Васілеўскі на той час ўжо займаў прыкметнае становішча ў ППС і лічыўся спецыялістам па нацыянальных пытаннях. Гэтае пісьмо Пілсудскага было крытычнай заўвагай на рукапіс брашуры Васілеўскага “У агульным ярме”. Рукапіс трапіў у рукі жандараў пад час правалу Пілсудскага ў Лодзі і брашура была апублікаваная толькі ў 1901 г.4
У сваім лісце лідэр ППС выказаўся супраць таго, каб Васілеўскі прысвячаў асобныя раздзелы Беларусі і Літве, як гэта было задумана аўтарам ў першым варыянце. Пілсудскі лічыў, што землі былога ВКЛ маюць агульную гісторыю і адміністрацыйна -прававы лад, таму асобнае апісанне Беларусі і Літвы будзе толькі паўтарэннем. Апрача таго, ён баяўся нараканняў з боку Літоўскай сацыял-дэмакратычнай партыі, члены якой разглядалі этнічныя беларускія і літоўскія тэрыторыі як адзіны край5. Пілсудскі таксама заўважыў, што калі яны (пэпээсаўцы — Ю.К.) ужываюць назву “Беларусь”, то маюць на ўвазе перш за ўсё яе каталіцкія і ў нядаўнім мінулым уніяцкія часткі. Толькі іх жыхары здаваліся Пілсудскаму пэўнымі саюзнікамі ў барацьбе з царызмам. На праваслаўных беларусаў лідэр ППС такой стаўкі не рабіў. Далей ён раіў аўтару брашуры абавязкова даказаць цесную сувязь гістарычнай Літвы з Польшчай. У якасці доказаў Васілеўскі павінен быў прывесці наступныя аргументы: па-першае, у Беларусі і Літве жыве значная колькасць палякаў, па-другое, польская мова пануе ў гарадах, па-трэцяе, грамадскае жыццё ідзе пад моцным уплывам польскай культуры, а таксама дадаць агульную гістарычную традыцыю, сумесны ўдзел у паўстаннях і ўплыў палякаў на сацыялістычны рух Літвы. Пілсудскі хацеў, каб Васілеўскі абавязкова падкрэсліў, што палітыка царскага ўрада на Беларусі і Літве пасля 1863 г., накіраваная на выцясненне польскасці русіфікацыяй, а менавіта: закрыццё вялікай колькасці школ, забарона на ўжыванне ў грамадскіх месцах польскай мовы, паліцэйскі і рэлігійны прыгнёт, асаблівыя ўмовы пры продажу і куплі зямлі — усё гэтае знішчае краіну, вядзе да заняпаду культуры, адукацыі і эканомікі. На думку Пілсудскага, пералічаныя доказы павінны былі пераканаць чытача-пралетарыя ў тым, што Беларусь і Літва не маюць іншага шляху развіцця, як толькі разам з Польшчай, бо польскі рэвалюцыйны рух заўсёды знаходзіў водгук на гэтых землях, і супраціўленне яму толькі змяншае імкненне да незалежнасці ўсяго краю, а яго паразы цягнуць за сабой павелічэнне гнёту, які падае і на тых, хто супраціўляецца барацьбе 6.
Асобна пра беларусаў Пілсудскі пісаў: “Пра беларусаў дастаткова сказаць некалькі слоў — адзначыць неакрэсленасць іх нацыянальных пачуццяў і крыху пра ганенні на мову і рэлігію” 7. У словах лідэра ППС, несумненна, адчуваецца крайні прагматычны падыход да іншых нацый. У гэтым выпадку ён аддаў беларусам роўна столькі ўвагі, колькі яны, па яго меркаваннях, заслугоўвалі сілай нацыянальнага руху і ўзроўнем імкнення да самаарганізацыі. Пілсудскі добра ведаў, што ні адной аформленай беларускай групы на той час не існавала, асэнсаванне беларусамі сваіх нацыянальных інтарэсаў практычна не было адчувальным, таму ў барацьбе з царызмам ён разлічваў на іх значна менш, чым, напрыклад, на ўкраінцаў ці літоўцаў. У будучыні, як адзначаў Пілсудскі, пры “недахопе дадзеных у гэтых народаў да самавызначэння, найлепшым выхадам для іх было б аб'яднанне з Польшчай з забеспячэн нем ім усім — палякам, літоўцам, беларусам, яўрэям — свабоднага развіцця і знішчэннем усялякай перавагі адной нацыі над другой, што пры значнай складанасці нацыянальных адносінаў з'яўляецца неабходным. Гэтыя задачы павінны ставіць перад сабой усе сацыялісты на Літве, і іх ставіць ППС”8.
Падобныя погляды па нацыянальным пытанні ў 1899 г. выказаў адзін з самых вядомых тэарэтыкаў Польскай сацыялістычнай партыі Казімір Келес-Краўз 9. Ён лічыў, што рэвалюцыя, якая знішчыць царызм, адкрые перад кожным народам Расіі сваю дарогу, і некаторыя з гэтых народаў, для якіх расійская цывілізацыя з'яўляецца высока развітай, у час рэвалюцыі будуць неактыўнымі. Але заходнія абшары імперыі — Фінляндыя, балтыйскія правінцыі, дзе жывуць немцы і латышы, Літва, Польшча адыдуць ад Расіі, з якой іх аб'ядноўвае толькі насілле10 . У пытанні будучага палітычнага ўпарадкаван ня вызваленых краінаў Келес-Краўз працягваў прапаганда ваць ідэі федэрацыі: “...Польшча і Літва, якія належаць да сістэмы дзяржаваў Заходняй Еўропы, будуць мець усе падставы, каб узнавіць даўнейшую ўзаемную федэрацыю, і шмат прычын, каб увайсці ў цэнтральна -еўрапейскую федэрацыю” 11.
Пілсудскі быў цалкам згодны з такой перспектывай. З усіх прапанаваных на той час канцэпцый палітычнай будучыні для Польшчы, Беларусі і Літвы гэтая найбольш поўна адпавядала яго ідэалам. Кіраўнік ППС імкнуўся да ўзнаўлення менавіта той Рэчы Паспалітай, якая пачала губляць сваю незалежнасць у 1772 г. і канчаткова знікла ў 1795 г. Ідэя Польшчы Ягелонаў, безумоўна, была яму бліжэй за ідэю Польшчы Пястаў (так у канцы ХІХ - пачатку ХХ ст. прадстаўнікі польскай грамадскай думкі называлі канцэпцыю адбудавання дзяржавы ў этнічных польскіх межах). Без Беларусі ягелонаўская Рэч Паспалітая проста не магла здзейсніцца. Таму Пілсудскі, складаючы планы на будучыню, заўсёды аб'ядноўваў Беларусь і Польшчу. Іншыя варыянты палітычнай перабудовы гэтай часткі Еўропы, якія не прадугледжвалі стварэнне новай Рэчы Паспалітай у складзе польскіх, беларускіх, літоўскіх і ўкраінскіх земляў, былі для Пілсудскага і яго асяроддзя непрымальнымі і разглядаліся як варожыя. Згодна з духам часу, светапоглядам кіраўніка ППС і яго паплечнікаў адноўленая Рэч Паспалітая павінна была мець дэмакратычнае аблічча федэратыўнай рэспублікі, у якой працоўныя агульнымі намаганнямі змогуць дамагчыся знішчэння эксплуатацыі.
Нацыянальнае Адраджэнне на Беларусі для Пілсудскага характарызавалася дзвюма важнымі рысамі: па-першае, гэты працэс толькі пачынаўся і меў няшмат прыхільнікаў, а значыць, быў малаўплывовым, па-другое, беларускі нацыяналь ны рух на той час разглядаўся ім як натуральны саюзнік ППС.
Перспектывы палітычнага пераўпарадкавання ў тыя гады выдаваліся яшчэ вельмі далёкімі, таму Пілсудскі і яго аднадумцы выказваліся пра іх даволі агульна. Напрыклад, па адной з самых важных праблемаў, якая заўсёды хвалявала польскіх патрыётаў — пра межы будучай Рэчы Паспалітай, лідэр ППС не выказваў аніякіх канкрэтных меркаванняў, апрача пажадання стварэння федэрацыі народаў у межах 1772 г. Станіслаў Вайцахоўскі 12 таксама абмяжоўваўся ў гэтым пытанні толькі некалькімі словамі: “Мы нясем сацыялістычную прапаганду нашым братам на Літве і Русі, але нас нельга падазраваць у захопніцкіх планах, таму што мы дзейнічаем не ў інтарэсах польскасці, а ў інтарэсах рэвалюцыі, якая павінна вызваліць людзей ад ланцугоў няволі сённяшняга дня і забяспечыць ім незалежнае існаванне. Таму мы не акрэсліваем межы новай Польскай рэспублікі, бо тое, якімі яны будуць, вырашыць воля народаў пасля пераможнай рэвалюцыі” 13.
Падобна выказваўся і Келес-Краўз. Адказваючы на патрабаванні патрыётаў акрэсліць пазіцыі сацыялістаў у пытанні межаў, ён пісаў: “... мы не лічым прынцыповым для нашай праграмы пытанне, ці Крымскі паўвостраў прыгожа акругліў бы карту адноўленай Рэчы Паспалітай, ці не. Частка краёў, якія калісьці належалі Рэчы Паспалітай, сёння яшчэ цягнуцца да Польшчы як да ачага цывілізацыі, як да пасрэдніцы паміж імі і Еўропай... Мы не будзем вызначаць па карце, як далёка ўплывы ППС — а для нас гэта раўназначна ўплывам Польшчы — будуць распаўсюджвацца ў час рэвалюцыі, але ёсць пэўная лінія, да якой партыя будзе імкнуцца адарваць ад Расіі захопленыя тэрыторыі. Мы дапускаем, што разам з Польшчай сепаратызм ахопіць Літву, Латвію, Інфлянты, Курляндыю, можа быць — частку Белай Русі. Пасля перамогі Літва і Латвія створаць з Польшчай адзіны дзяржаўны арганізм, заснаваны на прынцыпах аўтаноміі і гарантый свабоднага развіцця нацый, а з Руссю аб'яднае Польшчу менш цесны саюз”14. Гэта адзін з самых поўных адказаў лідэраў Польскай сацыялістычнай партыі па праблеме межаў незалежнай Польшчы. Аднак такія агульныя разважанні ў прыведзеных цытатах сведчаць пра невялікую цікавасць кіраўнікоў ППС да гэтага пытання. Значна больш іх займалі непасрэдныя задачы штодзённага змагання з царскім рэжымам.
Як было ўжо адзначана, у той час Пілсудскі ўсвядоміў для сябе неабходнасць узброенай барацьбы з расійскай уладай. Ён складаў планы паўстання, у якіх Літва, Беларусь і Украіна заўсёды займалі важнае месца. Лідэр ППС разлічваў, што на гэтых землях па даўняй традыцыі актыўна падтрымаюць выступленне ў Польшчы. Ён разумеў, што калі б удалося ўзгадніць нацыянальна -вызваленчыя акцыі на тэрыторыях усёй былой Рэчы Паспалітай, то шанцы на перамогу ў Каралеўстве значна павялічыліся б. Дзеля гэтага ППС была гатова супрацоўнічаць з усімі антыцарскімі рухамі ў Расійскай імперыі. Дастаткова выразна пазіцыю ППС па гэтым пытанні растлумачыў яшчэ ў 1899 г. К.Келес-Краўз: “Па ўсёй заходняй лініі Расіі (Фінляндыя, Балтыйскі край, Літва, Польшча) існуюць слабыя і больш моцныя сепаратныя імкненні; у рэвалюцыйны момант яны павінны ўзняцца да велізарнага ўзроўню. Таму сацыялісты не маюць нічога супраць гэтых рухаў. Наадварот, ППС сама можа і павінна іх узначаліць” 15.
Пілсудскі быў цалкам згодны з думкай Келес-Краўза. Каб пашырыць сферу дзейнасці ППС на тэрыторыі Літвы і Беларусі і адначасова ўзмацніць сувязі сацыялістаў Каралеўства Польскага з літоўскімі і беларускімі гурткамі, у чэрвені 1902 г. на VІ з'ездзе ППС была прынятая пастанова пра выданне спецыяльнай газеты для пралетарыяту на гістарычнай Літве. Новы орган атрымаў назву “Walka”. Першыя тры нумары гэтай газеты, якія выйшлі ў свет у 1902—1903 г., амаль поўнасцю напісаў сам Пілсудскі 16.
Уступны артыкул першага нумара “Walki” быў прысвечаны тлумачэнню асноўных праграмных ідэй ППС і абгрунтаванню права польскіх сацыялістаў на кіраванне антыцарскай барацьбой на землях даўняга Вялікага Княства. Пілсудскі яшчэ раз звярнуўся да тэмы палітыкі русіфікацыі. Ён імкнуўся пераканаць сваіх чытачоў-рабочых у тым, што нават калі русіфікацыя і накіравана галоўным чынам супраць польскасці, але з няменшай сілай гэтая палітыка душыць беларусаў і літоўцаў. Лідэр ППС падкрэсліваў, што мясцовы люд церпіць двайны прыгнёт: эканамічны з боку сваіх эксплуататараў і нацыянальны з боку царызму17 .
Мэтай Пілсудскага было ўкараненне ў свядомасці ўдзельнікаў сацыялістычных нацыянальныў рухаў на гістарычнай Літве ідэі аб'яднання ў адной арганізацыі з палякамі. Каб абгрунтаваць свае думкі, ён звярнуўся да нядаўняй гісторыі студзеньскага паўстання і зрабіў слушную заўвагу, што да 1863 г. адзіным элементам, які спалучаў Літву ў адно, была польская шляхта. Як толькі шляхта пасля паўстання страціла свае кіраўнічае становішча, то развіццё польскага, беларускага, літоўскага і яўрэйскага народаў пайшло ў розных кірунках. Наступны тэзіс кіраўніка ППС трапна характарызуе яго стаўленне да нацыянальных рухаў на тэрыторыі былога Вялікага Княства Літоўскага. Ён сцвярджаў, што асобнае развіццё народаў на гэтых землях ідзе на карысць царызму, які выкарыстоўвае нацыянальныя рухі і падзяляе іх, каб было лягчэй панаваць над захопленымі народамі. Выснова з гэтых разважанняў выглядала наступным чынам: ідэя аб'яднання сацыялістычных групаў на гістарычнай Літве з ППС — натуральная з'ява. Гэтыя краі маюць адзіныя палітычныя мэты, барацьба сацыялістаў за змену палітычнага ладу і ёсць барацьба за незалежнасць земляў даўняй Рэчы Паспалітай 18.
У тым самым нумары “Walki” Пілсудскі змясціў матэрыял пад назвай “O patriotyкmie”. У гэтым артыкуле кіраўнік ППС апісаў два віды патрыятызму, які можна было назіраць на той час у Еўропе. Першы ён характарызаваў як захопніцкі і самы распаўсюджаны ў еўрапейскіх краінах і прыраўноўваў да яго расійскі шавінізм. Другі від патрыятызму — абарончы, які імкнецца да выпраўлення крыўды. Менавіта такім яго відам, на думку Пілсудскага, была натуральная нацыянальная самаабарона на Літве, прычым аўтар меў на ўвазе не толькі палякаў, але і літоўцаў, і беларусаў. Лідэр ППС спадзяваўся, што абуджэнне патрыятычных пачуццяў мясцовых жыхароў падштурхне іх да барацьбы з царызмам, і далей — да саюзу з польскімі сацыялістамі 19.
З іншых артыкулаў Пілсудскага ў гэтым выданні заслугоўвае ўвагі артыкул пад назвай “Nasze stanowisko na Litwie”, які быў надрукаваны ў трэцім нумары газеты ў лістападзе 1903 г. У ім Пілсудскі яшчэ раз адзначыў нізкі ўзровень нацыянальнай актыўнасці беларусаў. Ён лічыў, што беларускія элементы ў краі “застаюцца вельмі слабымі пад маскоўскай палкай”, і далей: “... пра беларусаў як пра нацыю да гэтага часу амаль што няма гаворкі” 20.
Вельмі асцярожна выказваўся лідэр польскіх сацыялістаў наконт планаў ППС па палітычным упарадкаванні тэрыторый былога ВКЛ. Ён пісаў, што “ні аб'яднанне сацыялістычных арганізацый на Літве, ні іх саюз з ППС у Каралеўстве не могуць вырашыць пытання наконт будучага дзяржаўнага ладу абшараў, дзе гэтыя арганізацыі дзейнічаюць” 21. Пытанне пра суверэнітэт гэтых тэрыторый Пілсудскі адкладаў на будучыню, калі хада падзеяў сама прывядзе ці да стварэння незалежных рэспублік, ці да “аб'яднання іх у які-небудзь федэратыўны саюз, больш ці менш цесны... — гэта вырашыць вольны працоўны люд Польшчы і Літвы, які ўсведамляе свае правы”22. Пілсудскі разумеў, што ў той момант прэтэнзіі палякаў на дамінаванне як у сацыялістычным руху, так і ў будучай незалежнай Рэчы Паспалітай могуць сапсаваць стасункі з прадстаўнікамі народаў былога ВКЛ, і таму даваў згоду ППС на роўныя правы для ўсіх: “Мы не лічым сябе выключнымі гаспадарамі сацыялістычнага руху ў гэтым краі, бо з'яўляемся прадстаўнікамі меншасці працоўнага люду Літвы, таму не хочам і не маем права без згоды літоўскіх, беларускіх і яўрэйскіх таварышаў вырашаць лёс нашай агульнай айчыны”23 . Гэтая памяркоўнасць у акрэсленні мэтаў ППС у артыкулах Пілсудскага была выклікана тактычнымі разлікамі. Кіраўнік ППС баяўся, што калі польскія сацыялісты будуць навязваць рэвалюцыйным групам на Беларусі і Літве свае ідэі федэрацыі з Польшчай, то ім будзе вельмі цяжка аб'яднаць беларускіх і літоўскіх сацыялістаў у адной партыі пад эгідай ППС.
З першых гадоў ХХ ст. у ППС паступова пачынаюць нарастаць прыкметы расколу, які прывёў ў 1908 г. да распаду Польскай сацыялістычнай партыі на ППС-“левіцу” і ППС-“правіцу”. Апошнюю з іх (яе прадстаўнікі — Юзаф Пілсудскі, Аляксандр Сулькевіч, Лeон Васілеўскі, Вітольд Ёдка-Наркевіч і інш.), сталі называць “старымі”, “правымі”, або “фракцыяй рэвалюцыйнай” (у прастамоўі — “фракамі”). Спрэчкі ўзніклі на VІ з'ездзе ППС у 1902 г. з-за арганізацыйных зменаў у кіраўнічых органах партыі, аднак пазней высветлілася, што падзел паміж пэпээсаўцамі праходзіў у адказе на кардыналь нае пытанне: Польшча здабудзе вольнасць у выніку яе ўласнага рэвалюцыйнага руху ці ў выніку выступлення пралетарыяту на міжнародным еўрапейскім узроўні? “Старыя” ад самага пачатку адраджэння ірэдэнты 24 бачылі рухальныя сілы вызваленчага паўстання галоўным чынам у самім краі, таму вялікае значэнне надавалі кожнаму элементу, які патэнцыяльна мог садзейнічаць палякам у іх барацьбе. Беларусь, Літва і Украіна, дзе польскасць захоўвала значныя ўплывы, безумоўна, залічваліся ў лік будучых саюзнікаў. Пры гэтым разлікі кіраўнікоў ППС грунтаваліся не толькі на наяўным факце існавання на землях былога ВКЛ багатай польскай культурнай традыцыі, але і на меркаваннях, што новыя і ўжо сфармаваныя беларускі, літоўскі і ўкраінскі нацыянальныя рухі ўбачаць у ППС сілу, дзейнасць якой будзе карыснай для іх, і аб'яднаюцца з гэтай партыяй. Для такога аб'яднання існавала аснова ў выглядзе нацыянальнага прыгнёту з боку расійскага царызму ўсіх народаў былой Рэчы Паспалітай. Такім чынам, царскі ўрад лічыўся агульным ворагам, перамагчы якога можна толькі сумеснымі высілкамі. А тое, што з усіх прыгнечаных палякі былі самымі актыўнымі і небяспечнымі для ўрада, ставіла іх на чале міжнацыянальнага вызваленчага руху25.
З пачаткам руска-японскай вайны 1904-1905 г. Ю.Пілсудскі асабіста накіраваўся ў Японію, бо разлічваў атрымаць ад японскага кіраўніцтва дапамогу для справы незалежнасці Польшчы. У мемарыяле, які ён падаў японскаму ўраду летам 1904 г., кіраўнік ППС прапанаваў японцам супрацоўніцтва супраць Расіі. Ён абяцаў, што ППС створыць польскі легіён з палонных палякаў расійскай арміі, арганізуе акцыі сабатажу ў еўрапейскай Расіі, створыць апазіцыю ў Польшчы, Беларусі, Літве і сярод іншых сепаратных рухаў у імперыі, а таксама зоймецца зборам разведвальных дадзеных. Узамен ён разлічваў на палітычную падтрымку Японіяй польскай справы на міжнародным узроўні, на грошы і зброю. Аднак японцы адмовіліся ад легіёна, не зацікавіліся апазіцыяй у Расіі, не згадзіліся ўвязвацца ў польскую справу і падтрымліваць яе ў міжнародных адносінах, але грошы на сабатаж і шпіянаж далі26.
Разам з прапановамі супрацоўніцтва з японцамі Пілсудскі ў сваім такійскім мемарыяле даў шырокі аналіз унутранага стану Расійскай дзяржавы на пачатак ХХ ст. Зыходным пунктам аргументацыі кіраўніка ППС стала сцвярджэнне пра тое, што Расія толькі на першы погляд была моцнай дзяржавай. Пілсудскі не згаджаўся з сучаснай яму статыстыкай і даказваў памылковасць спробаў афіцыйных уладаў уключыць у працэнт “прыроджаных расіян” усіх праваслаўных на падставе ідэнтыфікацыі рэлігійнага і этнічнага самавызначэння. На яго думку, ад афіцыйных дадзеных пра 2/3 расіян ад усяго насельніцтва імперыі трэба было адняць разам з праваслаўнымі беларусамі, украінцамі, грузінамі, армянамі народы Поўначы, Сібіры і Сярэдняй Азіі. Да пералічаных этнічных групаў Пілсудскі дадаваў яшчэ значную частку палякаў, літоўцаў і беларусаў, якіх царскі ўрад сілай перавёў у праваслаўе і якія, паводле меркаванняў Пілсудскага, упарта трымаліся каталіцкага веравызнання 27. Такім чынам, па падліках кіраўніка ППС, на прыроджаных расіян прыпадала не больш як 45% ад усяго насельніцтва імперыі. Пілсудскі таксама адзначыў, што колькасная няроўнасць народнасцяў дапаўняецца няроўнасцю ўзроўняў культуры і цывілізаванасці. Краямі з высокай, агульнаеўрапейскай, культурай ён лічыў Польшчу, Літву, Фінляндыю, Латвію. Да народаў з ніжэйшым узроўнем развіцця Пілсудскі адносіў украінцаў, расіян, татараў, каўказцаў, а поўнасцю дзікімі лічыў якутаў, буратаў і кіргізаў. У такой неаднастайнасці насельніцтва Расійскай дзяржавы Пілсудскі бачыў найбольшую яе слабасць, а палітыку русіфікацыі разглядаў як імкненне царскага ўраду ўзмацніць імперыю праз заціранне культурна -нацыяналь ных асаблівасцяў сярод падданых.
Каб падкрэсліць неаднароднасць насельніцтва Расійскай імперыі, Пілсудскі выкарыстаў шырока распаўсюджаную ў філасофска -прававых канцэпцыях ХVІІІ-ХІХ ст. ідэю пра падзел усіх народаў на “гістарычныя” і “негістарычныя”. “Гістарычнымі народамі”, гэта значыць здольнымі да стварэння ўласнай нацыянальнай дзяржавы, кіраўнік ППС называў палякаў, фінаў, грузінаў і, у пэўным сэнсе, армянаў. Да “негістарыч ных” па яго класіфікацыі належалі літоўцы, беларусы, латышы, і ў некаторай ступені — украінцы. Аднак Пілсудскі быў упэўнены, што ўсе гэтыя народы — “гістарычныя” і “негістарычныя” — з'яўляюцца апазіцыйнымі элементамі ў царскай дзяржаве: усе яны церпяць ад палітыкі русіфікацыі, якая знішчае ўсю іх культурную маёмасць; усе яны лічаць расійскі ўрад чужой і варожай уладай. Культурны ўзровень гэтых народаў значна вышэйшы за ступень цывілізаванасці захопнікаў, таму яны могуць стварыць апазіцыйную сілу, якая пры адпаведных умовах разаб'е царскую дзяржаву і адарве ад яе значную частку захопленых земляў28.
Дакумент, які Пілсудскі падаў японцам, быў складзены даволі лагічна, так, што ўсе яго палажэнні працавалі на адну мэту: пераканаць японскі ўрад у неабходнасці як мага лепш дапамагчы польскай справе. Дзеля гэтага Пілсудскі мэтанакіравана спрашчаў складаныя з'явы і перабольшваў значэнне і сілу польскага вызваленчага руху і ППС. Высока ацэнены лідэрам ППС былі толькі нацыянальныя імкненні тых народаў у Расіі, якія здолелі выпрацаваць да пачатку ХХ ст. нацыяналь ную ідэю і стварыць уласныя нацыянальныя арганізацыі. Пры такім падыходзе зразумела, што Пілсудскі аднёс беларусаў да “негістарычных” народнасцяў. Кіраўнік ППС арыентаваўся на рэальныя факты. А ў рэальнасці беларускія адраджэнцы толькі за год да напісання мемарыяла стварылі сваю арганізацыю і яшчэ нават не выказаліся больш-менш акрэслена па пытаннях незалежнасці і дзяржаўнасці Беларусі.
Пілсудскі не пісаў пра ўзровень цывілізаванасці і культуры беларускага народа, але ўскосна даў зразумець, што беларусаў з заходніх губерняў ён ставіў вышэй за жыхароў усходу Беларусі. Лідэр ППС бачыў розніцу паміж беларусамі -праваслаўнымі і беларусамі -каталікамі. Апошнія мелі больш высокі ўзровень нацыянальнай самасвядомасці і актыўна працавалі над развіццём беларускай нацыі. Пілсудскі добра ведаў, што амаль усю працу па стварэнні сваёй першай нацыянальнай партыі (БРП-БРГ-БСГ) правялі беларусы-каталікі і разумеў, што менавіта яны, нягледзячы на іх адносную нешматлікасць, з'яўляюцца галоўнай сілай у беларускім руху29.
Рэвалюцыя 1905 г. істотна не змяніла стаўлення Пілсудскага да беларусаў. Растлумачыць гэта можна тым, што падзеі 1905—1907 г. на Беларусі значна саступалі сваім маштабам і ўздымам рэвалюцыйным акцыям у Расіі і Польшчы, а беларускі нацыянальны рух так і не здолеў стаць масавым і не знайшоў шырокай падтрымкі ў мясцовага насельніцтва. Сам Пілсудскі ў гэты час паступова траціць цікавасць да сацыялістычнай дактрыны. Параза рэвалюцыі значна паскорыла гэты працэс.
Пілсудскі і ў той час шмат пісаў, але па нацыянальным пытанні практычна не выказваўся. Аднак з палітыкі, якую ён праводзіў пасля 1918 г. у дачыненні да Беларусі, Літвы і Украіны, можна зрабіць выснову, што яго погляды ў гэтай галіне істотна не змяніліся. Падобную пазіцыю займалі іншыя дзеячы ППС-“фракцыі”. У гэтым можна пераканацца, абапіраючыся на выказванні і артыкулы паплечнікаў Пілсудскага. Неабходна заўважыць, што ў тыя гады яго асоба набывае новую якасць: ён перастае быць проста адным з кіраўнікоў Польскай Сацыялістычнай Партыі і паступова ператвараецца ў яе правадыра. Аўтарытэт Пілсудскага ў асяроддзі ППС-“фракцыі” становіцца амаль бясспрэчным, а сярод таварышаў застаюцца толькі самыя верныя.
Пасля рэвалюцыі 1905-1907 г. найбольш падрыхтаваным спецыялістам па праблемах тэрыторый былога ВКЛ у ППС-“фракцыі” па-ранейшаму заставаўся Л. Васілеўскі. У 1905-1913 г. ён выдаў шэраг твораў, у якіх акрэсліў стаўленне кіраўніцтва правага крыла Польскай Сацыялістычнай Партыі да народаў гістарычнай Літвы. Найбольш поўна гэтае пытанне было распрацавана ў кнігах “Litwa i jej ludy” і “Litwa i Biaіoruœ. Przeszіoœж — Teraџniejszoњж — Tendencje rozwojowe”. У гэтых працах Васілеўскі звярнуўся да гісторыі і нацыянальнага складу насельніцтва земляў былога ВКЛ, выказаўшы даволі высокі ўзровень гістарычных ведаў, і падкрэсліў, што развіццё беларускай і літоўскай нацый трэба разглядаць як аб'ектыўны гістарычны працэс. Асобна пра беларусаў ён пісаў, што яны “цяпер з'яўляюцца сырой этнаграфічнай масай без нацыяналь най свядомасці” 30. Васілеўскі адзначыў складанасць працэсу эвалюцыі беларускага народа ў нацыю і назваў фактары, якія яму перашкаджалі. Галоўнымі з іх ён лічыў нязначную этнічную адасобленасць беларусаў ад палякаў і расіян, якія “былі галоўнымі асімілятарамі”, і немагчымасць актыўнага развіцця нацыянальнай беларускай культуры і адукацыі пры сучасных яму палітычна -дзяржаўных умовах31. Акрамя таго, ён звяртаў увагу на нястачу літаратуры і малую колькасць школ з беларускай мовай навучання, а таксама на слабасць нацыяналь ных палітычных арганізацый і іх пасіўныя кантакты з грамадствам. Прааналізаваўшы гэтыя з'явы, Васілеўскі рабіў вывад, што беларускі рух мае мала шанцаў пашырыцца і набыць прызнанне 32.
Вельмі высока ацэньваў Васілеўскі “Нашу Ніву”, якую характарызаваў як сапраўдную нацыянальную газету, што прапагандуе беларускую мову і культуру, а таксама ідэю неабходнасці стварэння такога грамадскага ладу, які дасць беларусам магчымасць нацыянальнага развіцця. Яму моцна імпанавала тое, што гэтыя думкі выказваліся на старонках “Нашай Нівы” без усялякага шавінізму, з павагай да суседзяў, і з заклікам карыстацца дасягненнямі іх культуры 33.
Пазіцыя Васілеўскага не супярэчыла асноўнай ідэі Пілсудскага наконт неабходнасці актыўнай барацьбы за незалежную Польшчу. Пашырэнне і падтрымка беларускага нацыянальнага руху, за што выказваўся Васілеўскі, узмацнялі апазіцыю царызму і ў той час яшчэ аб'ектыўна ішлі на карысць справы ППС.
Такім чынам, у другой палове 90-х г. ХІХ — пачатку ХХ ст. адной з галоўных асаблівасцяў адносін Ю.Пілсудскага да Беларусі быў прагматызм. Акрамя таго, у яго стаўленні да беларускага, украінскага і літоўскага народаў у гэты перыяд няцяжка прасачыць важную рысу: яны заўсёды разглядаліся Пілсудскім як несумненныя патэнцыяльныя саюзнікі ў барацьбе польскіх сацыялістаў за незалежнасць Польшчы. Ён спадзяваўся, што разбудзіць іх палітычную свядомасць можна з меншымі высілкамі, чым у расіян, бо ў іх “няма веры ў цара”34. Узначаліць барацьбу з царскім рэжымам павінен быў польскі пралетарыят, які, на думку лідэра ППС, заваюе вольнасць не толькі для сябе, але і для іншых нацый35. Аднак гэта была далёкая перспектыва, таму Пілсудскі і яго паплечнікі значна больш увагі аддавалі актывізацыі ўсіх магчымых сепаратных рухаў у Расійскай Імперыі. У артыкулах Пілсудскага неаднаразова сустракаецца думка пра розніцу паміж беларусамі -каталікамі і беларусамі -праваслаўнымі. Ён быў упэўнены, што беларусаў -каталікаў значна лягчэй уцягнуць у змаганне з царызмам, чым праваслаўных.
Да адраджэння беларускай нацыі і пашырэння беларускага руху кіраўніцтва ППС ставілася скептычна, а сам лідэр ППС лічыў беларускі народ “негістарычным”.
Пасля рэвалюцыі 1905-1907 г., калі Пілсудскі адышоў ад сацыялізму, яго стаўленне да беларускага народа не змянілася, а засталося па-ранейшаму прагматычным, што яскрава выявілася не толькі ў 1918-1921, але і ў наступныя гады. Гэта было абумоўлена агульным складам асобы Пілсудскага як палітыка-практыка, а таксама яго разуменнем польскіх і нацыянальных інтарэсаў, праз прызму якіх ён разглядаў магчымыя перспектывы для Беларусі і беларускага народа.
1 Pilsudski J. Rusyfikacja // Pisma zbiorowe. Wydanie prac dotychczas drukiem ogloszonych. W 10 t. Warszawa, 1937—1938. T. I. S. 97—100.
2 Pilsudski J. Do towarzyszy socjalistow zydow w polskich zabranych prowincjach // Pisma zbiorowe... T. I. S. 28–33.
3 Васілеўскі Л. (1870–1936) — публіцыст, гісторык, дыпламат, дзеяч ППС, блізкі да Пілсудскага, у 1918–1919 г. займаў пасаду міністра замежных справаў Польшчы.
4 Wasilewski L. (pod pseud. L. Plochocki). We wspolnem jarmie. Londyn: Wyd. P.P.S., 1901. 40 s.
5 Pilsudski J. List do Leona Wasilewskiego w Londynie, 1899.19.XI // Pisma zbiorowe. Uzupelnienia / Pod red. A.Garlickiego, R.Swietka. T. II. 1898—1914. Warszawa: Krajowa agencja wydawnicza, 1993. S. 75.
6 Ibidem, S. 75.
7 Ibidem, S. 75.
8 Ibidem, S. 75.
9 Келес-Краўз К. (1872—1905) — сацыёлаг, таленавіты публіцыст, выдатны палеміст, займаў адметнае становішча ў Загранічным саюзе польскіх сацыялістаў, быў членам яго кіраўнічага органа — Цэнтралізацыі.
10 Kelles-Krauz K. Polscy i Rosyjscy socjalisci // Pisma wybrane. W 2 t. Warszawa: Ksiazka i Wiedza, 1962. T. 2. S. 121.
11 Ibidem, S. 122.
12 C. Вайцахоўскі (1869–1953) быў адным з заснавальнікаў ППС і блізкім таварышам Пілсудскага на працягу 90–х г. ХІХ ст. У ІІ Рэчы Паспалітай належаў да палітычнай эліты, у 1922–26 г. быў прэзідэнтам Польшчы.
13 Wojciechowski S. Moje wspomnienia. Lwow—Warszawa, 1938. S. 44.
14 Kelles–Krauz K. Niepodleglosc Polski w programie socjalistycznym // Pisma wybrane. W 2 t. Warszawa:Ksiazka i Wiedza,1962. T.2. S.145.
15 Ibidem, S.145.
16 Pilsudski J. Artykul z “Walki”, 1902, № 1 // Pisma zbiorowe... T. II. S. 17.
17 Ibidem, S. 18—19.
18 Ibidem, S. 20—22.
19 Pilsudski J. O patriotyzmie // Pisma zbiorowe... T. II. S. 22—27.
20 Pilsudski J. Nasze stanowisko na Litwie // Pisma zbiorowe... Т.II. S. 32.
21 Ibidem, S. 34.
22 Ibidem, S. 34.
23 Ibidem, S. 34.
24 Пад гэтым тэрмінам разумелі ідэю ўзброенай барацьбы за незалежнасць Польшчы, якая пасля паразы паўстання 1963–64 г. была вельмі непапулярнай сярод палітыкаў і пачала знаходзіць сваіх прыхільнікаў толькі ў апошняе дзесяцігоддзе ХІХ ст.
25 Nalecz T. Irredenta polska. Warszawa: Ksiazka i Wiedza, 1992. S. 63.
26 Garlicki A. Jozef Pilsudski 1867—1935. Warszawa: Czytelnik, 1990. S. 85–87.
27 Пілсудскі значна перабольшваў свае разлікі. Адразу пасля выдання ў 1905 г. закона пра рэлігійную талерантнасць у каталіцтва з праваслаўя на беларускіх землях перайшло 32970 чалавек, а за наступныя 1906—1909 г. — яшчэ 21130, разам — 54100. Гэтая лічба нават у маштабе Беларусі не такая і вялікая.
28 Pobog-Malinowski Wl. Jozef Pilsudski 1901—1908. W ogniu rewolucji. Warszawa, 1935. S. 198–199.
29 На тое самае звяртаў увагу Л. Васілеўскі, калі пісаў, што 5/6 карэспандэнтаў “Нашай Нівы” былі каталікамі.
30 Wasilewski L. Litwa i Bialorus. Przeszlosc—Terazniejszosc—Tendencje rozwojowe. Krakow: Ksiazka, 1912. S. 104.
31 Ibidem, S. XV.
32 Wasilewski L. Litwa i jej ludy. Warszawa, 1907. S. 55; Wasilewski L. Litwa i Bialorus. Przeszlosc—Terazniejszosc—Tendencje rozwojowe. S. 155.
33 Wasilewski L. Litwa i Bialorus. Przeszlosc—Terazniejszosc—Tendencje rozwojowe. S. 280.
34 Pilsudski J. Rosja // Pisma zbiorowe... T.I. S. 88.
35 Ibidem, S. 89.
0 комментариев