2. Дзекабрысты і Беларусь

Беларусь у розны час наведвалі выдатныя прадстаўнікі дзекабрысцкага руху, якія мелі тут сувязь з перадавымі людзьмі. Пасля паўстання Сямёнаўскага палка ў 1820 г. у Беларусь з Пецярбурга быў пераведзены гвардзейскі корпус, сярод афіцэраў якога былі члены тайных арганізацый. Разам з вайсковай часцю тут знаходзіўся М. Мураўёў, кіраўнік «Паўночнага таварыства». У час знаходжання ў Мінску ў 1821 г. ён напісаў першы варыянт канстытуцыі, які вядомы ў гісторыі як «мінскі варыянт». Працяглы час (1820—1821 гг.) у Полацку, Бешанковічах і Мінску жыў А. Бястужаў. Дзекабрыст I. Гарбачэўскі, член таварыства «Злучаных славян», юнаком жыў у Вііцебску. Зразумела, што сярод рэвалюцыйна настроенага дваранства і інтэлігенцыі Беларусі гэтыя людзі мелі аднадумцаў [8, с.126].

Дзекабрысты ўважліва сачылі за развіццём польскага нацыянальна-вызваленчага руху і спрабавалі наладзіць сувязь з яго кіраўнікамі, імкнучыся злучыць рускі і польскі вызваленчы рух для агульнага ўдару па царызму.

Летам 1821 г. у Польшчы аформілася тайнае «Патрыятычнае таварыства», якое ўзначаліў вядомы рэвалюцыйны дзеяч Валяр'ян Лукасінскі. Левае крыло таварыства імкнулася не толькі да барацьбы за нацыянальную незалежнасць Польшчы, але і да ажыццяўлення некаторых сацыяльных рэформаў, канстытуцыйнага кіравання, ліквідацыі феадальна-прыгонніцкага ладу. Аднак у правінцыяльных саветах таварыства, у прыватнасці ў Літоўскім, куды ўваходзілі беларускія і літоўскія губерні, кіравалі прадстаўнікі багатага дваранства — Міхаіл Ромер, Канстанцін Радзівіл, Карл Прозар [8, с.128].

Буйныя памешчыкі, якіх была большасць у правінцыяльных саветах, згаджаліся на саюз з дзекабрыстамі толькі пры ўмове, калі Польшчы будуць вернуты беларускія і польскія землі, што ўваходзілі раней у склад Рэчы Паспалітай. Гэта вымусіла П. Пестэля пайсці на некаторыя ўступкі ў пытанні адносна граніц Расіі і Польшчы, у прыватнасці згадзіцца на перадачу Польшчы часткі беларускіх, украінскіх і літоўскіх зямель. Супраць гэтага рашуча пярэчылі К. Рылееў і М. Мураўёў, лічачы такое вырашэнне пытання непрымальным.

В. Лукасінскі імкнуўся да аб'яднання сіл з рускімі рэвалюцыянерамі для сумесных дзеянняў. Дзеля наладжвання сувязі з дзекабрыстамі ён паслаў у Расію члена «Патрыятычнага таварыства» Крыжаноўскага. Аднак арышт кіраўнікоў «Патрыятычнага таварыства» летам 1822 г. перашкодзіў наладжванню сувязей з дзекабрыстамі. Пасля арышту на чале “Патрыятычнага таварыства” сталі буйныя польскія землеўладальнікі. Новыя кіраўнікі, з'яўляючыся прыхільнікамі саюзу з дзекабрыстамі, адстойвалі свае тэрытарыяльныя патрабаванні і не мелі намеру ажыццяўляць сацыяльныя рэформы [9, с.213].

Члены «Паўднёвага таварыства» паспрабавалі наладзіць сувязь з польскім таварыствам, у прыватнасці з тымі яго аддзяленнямі, якія дзейнічалі ў Літве і Беларусі. Дзеля гэтага ў канцы лета 1823 г. М. Бястужаў ездзіў у Вільню, дзе сустрэўся з адным з кіраўнікоў Літоўскага савета К. Радзівілам.

Летам 1823 г. 9-я пяхотная дывізія, у склад якой уваходзілі Палтаўскі і Чарнігаўскі палкі, дзе служылі М. Бястужаў і С. Мураўёў, знаходзілася ў лагерах ля Бабруйска. У Бабруйск для агляду войск меў намер прыехаць Аляксандр I. Кіраўнікі «Паўднёвага таварыства» хацелі выкарыстаць прыезд цара, каб ажыццявіць дзяржаўны пераварот. Яны мелі намер арыштаваць цара і яго світу, абвясціць рэспубліку, затым накіравацца з войскам з Бабруйска на Маскву, адначасова пачаўшы паўстанне ў Пецярбурзе. Гэты план не падтрымалі Пестэль і іншыя члены «Паўночнага таварыства», лічачы, што для гэтага яшчэ не было спрыяльных умоў. Пры ажыццяўленні «бабруйскага» плана дзекабрысты спадзяваліся на дапамогу польскага тайнага таварыства.

Афіцыйныя перагаворы паміж прадстаўнікамі «Патрыятычнага таварыства» С. Крыжаноўскім і А. Ябланоўскім і кіраўніком «Паўднёвага таварыства» П. Пестэлем адбываліся на пачатку 1824 г. у Кіеве [2, с.271].

Шмат увагі надавалі дзекабрысты і польскія рэвалюцыянеры палітычным настроям афіцэраў і салдат Асобнага літоўскага корпуса, часці якога былі размешчаны ў Віленскай, Гродзенскай, Мінскай, Падольскай губернях і Беластоцкай акрузе. Тут вялі прапаганду іх прадстаўнікі. Калі б войскі гэтага корпуса перайшлі на бок паўстаўшых, гэта мела б вялікае значэнне для перамогі паўстання.

У 1825 г. па ініцыятыве былога члена «Таварыства філаматаў» М. Рукевіча ў Асобным літоўскім корпусе, раскватараваным у Гродзенскай губерні, было створана «Таварыства ваенных сяброў». Адну з галоўных роляў у ім адыгрываў К. Ігельстром. Членамі таварыства з'яўляліся былы філамат З. Навіцкі, паручнікі Вягелін і Вільканец, падпаручнікі Пятроўскі, Гофман і інш. «Таварыства ваенных сяброў» было строга цэнтралізаванай канспіратыўнай арганізацыяй. З-за меркаванняў канспірацыі сапраўдныя мэты і задачы таварыства не былі вядомы яго членам. Кіраўнікі завуалявалі гэтую мэту, карыстаючыся выразам «усеагульнае дабро» [7, с.324]. Пад гэтым падразумявалася, відаць, знішчэнне самадзяржаўя, ліквідацыя феадальна-прыгонніцкага ладу, дэмакратычныя пераўтварэнні.

Кіраўнікі таварыства разгарнулі работу сярод перадавой моладзі навучальных устаноў і прагрэсіўнай інтэлігенцыі Беларусі і Літвы. У прыватнасці, яны наладзілі кантакты з тайнымі таварыствамі моладзі ў Вільні, Свіслачы і іншых месцах.

14 снежня 1825 г. дваранскія рэвалюцыянеры ўзнялі паўстанне. Яны вывелі на Сенацкую плошчу частку войскаў, маючы намер з іх дапамогай скінуць самадзяржаўе. Але паўстанне, не падтрыманае народнымі масамі, было разгромлена ў той жа дзень.

Праз дзесяць дзён пасля паўстання на Сенацкай плошчы члены «Таварыства ваенных сяброў» у час прывядзедня да прысягі піянерскага батальёна ў Бабруйску адмовіліся прысягаць. Іх падтрымалі папярэдне распрапагандаваныя салдаты. Капітан Ігельстром, адмовіўшыся ад прысягі, з крыкам «ура!» павёў першую роту. За ёю накіраваліся іншыя роты. Прысяга ў той дзень была сарвана. Члены «Таварыства ваенных сяброў» спрабавалі далучыць да сябе суседнія вансковыя часці, але неўзабаве былі арыштаваны.

Па справе «Таварыства ваенных сяброў» засудзілі 13 чалавек, чацвёра з іх былі прыгавораны да пакарання смерцю, але пасля канфірмацыі Мікалая I смяротны прыгавор быў заменены катаржнымі работамі.

29 снежня 1825 г. члены «Паўднёвага таварыства» ўзнялі паўстанне Чарнігаўскага палка. Праз шэсць дзён, не падтрыманае народнымі масамі, яно было падаўлена.

Апошняя спроба ажыццявіць рэвалюцыйныя ідэі дзекабрыстаў была зроблена Палтаўскім палком у Бабруйску. У лютым 1826 г, у час агляду палка прапаршчык С. Трусаў, прыняты ў «Таварыства злучаных славян», выбег уперад з шабляй у руцэ і крыкнуў салдатам: «Рабяты! Рушым са штыкамі, знойдзем волю і незалежнасць ні адкога, у нас гасудар не ёсць гасудар Мікалай Паўлавіч, а тыран» [5, с.194]. Аднак узняць паўстанне не ўдалося з-за непадрыхтаванасці выступлення.

Асобую увагу звернем на значэнне i паследствы дзекабрысцкага руху.

Неабходна адзначыць, что хоць паўстанне дзекабрыстаў пацярпела паражэнне, яно мела вялікае значэнне для далейшага развіцця рэвалюцыйнага руху ў Расіі i на Беларусi.

У сярэдзіне 20-х гадоў былі разгромлены і таііныя таварыствы ў Беларусі. У 1823 г. царскі ўрад выкрыў «Свіслацкае таварыства». У мястэчку Свіслач была раскватаравана рота салдат. Намеснік Польшчы цэсарэвіч Канстанцін загадаў камандзіру роты сачыць, як паводзяць сябе навучэнцы ў Свіслачы, як выконваюцца імі спецыяльна распрацаваныя правілы паводзін.

У 1823 г. было выкрыта тайнае «Таварыства філаматаў» у Полацку. Полацкае піярскае вучылішча было ўзята пад строгі нагляд.

Акрамя адміністрацыйна-паліцэйскіх рэпрэсій, царскі ўрад ажыццявіў шырокія заканадаўчыя мерапрыемствы. Рэктару Віленскага універсітэта было строга загадана «iметь за ученiкамн скорейшiй i тщательный надзор». Літоўскі ваенны губернатар звярнуўся да падначаленых яму губернатараў з патрабаваннем узмацніць цэнзуру замежнага і мясцовага перыядычнага друку. Указам Аляксандра I жыхарам Беларусі і Літвы забаранялася пасылаць юнакоў для навучання ў замежных універсітэтах. Дырэктарам вучылішчаў Віленскай вучэбнай акругі належала строга сачыць, як паводзяць сябе навучэнцы. Ва ўсіх падазроных выпадках дырэктарам было загадана дзейнічаць у цесным кантакце з мясцовай паліцыяй. Быў узмоцнены агульны нагляд за парадкам у вучылішчах, за кожным крокам навучэнцаў; была наладжана перлюстрацыя іх лістоў. Міністр асветы Галіцын загадаў сабраць падпіску з чыноўнікаў вучэбнай акругі «о непрiнадлежностi iх к тайным обществам» і пераслаць іх у міністэрства ўнутраных спраў.

Урад зацвердзіў новыя, рэакцыйныя правілы для навучэнцаў: у пра-грамы не былі ўключаны прыродазнаўчыя і грамадскія дысцыпліны. Дзеля паслаблення палітычнага ўплыву Вiленскага універсітэта на навучальныя ўстановы Беларусі цярскі ўрад у кастрычніку 1824 г. падначаліў вучылішчы Магілёўскай і Віцебсксай губерняў Пецярбургскай вучэбнай акрузе.

У 1825 г. былі зроблены захады, каб абмежаваць магчымасці юнацтва Беларусі атрымліваць вышэйшую адукацыю; цэсарэвіч Канстанцін загадаў губернатарам забараніць жыхарам Беларусі пасылаць дзяцей у вышэйшыя навучальныя ўстановы Царства Польскага.

Аднак рэпрэсіі царызму не змаглі затрымаць развіццё рэвалюцыйнага і нацыянальна-вызваленчага руху.

Напрыканца адзначу, што пасля падаўлення паўстання дзекабрыстаў і выкрыцця некаторых тайных таварыстваў моладзі ў Беларусі і Літве царскі ўрад звярнуў увагу галоўным чынам на тое, каб папярэдзіць утварэнне якіх-небудзь апазіцыйных арганізацый. Аднак поўнасцю спыніць грамадска-палітычны рух царскі ўрад не мог.

3. Уплыў польскага паўстання 1830–1831 гг., еўрапейскіх рэвалюцый 1848–1849 гг. на грамадска-палітычны рух і іх уздзеянне на ўрадавую палітыку ў Беларусі

Рэжым новага расійскага імператара Мікалая I быў пазбаўлены ўсялякіх ліберальных памкненняў. Гэта хутка адчулі жыхары Царства Польскага і Заходніх губерняў Расіі, што выклікала нарастанне апазіцыйных настрояў. У снежні 1828 г. у Варшаве ўзнікае «Таварыства падхарунжых», ініцыятарам стварэння якога быў П. Высоцкі, да арганізацыі далучаюцца члены раней разгромленных суполак. «Таварыства» планавала забойства Мікалая I пад час яго каранацыі ў Варшаве (май 1829 г.) і захоп улады. Тэрмін выступлення некалькі разоў пераносіўся, але непасрэдны штуршок паўстанню далі рэвалюцыйныя падзеі ў Францыі і Бельгіі ў 1830 г [3, с.259].

Паўстанне пачалося ў ноч з 28 на 29 лістапада 1830 г. у Варшаве. Курсанты школы падхарунжых захапілі арсенал, іх падтрымала большасць насельніцтва Варшавы. Намеснік імператара вялікі князь Канстанцін Паўлавіч, брат расійскага імператара, прыняў рашэнне аб адыходзе рускіх воінскіх часцей з тэрыторыі Царства Пальскага (польскія нацыянальныя часці далучыліся да паўстання).

Сярод кіраўніцтва паўстаннем вылучаліся дзве плыні: кансерватыўна-арыстакратычная, на чале з А. Чартарыйскім і дэмакратычны клуб («левіца»), кіраваў якім I. Лялевель. Першыя імкнуліся, абапіраючыся на армію Царства Польскага і дапамогу заходнееўрапейскіх краін дабіцца незалежнасці Рэчы Паспалітай у межах 1772 г. ці шырокай нацыянальнай аўтаноміі (уключаючай усе тэрыторыі былой Рэчы Паспалітай у межах Расіі).

Здзяйсненне грунтоўных сацыяльна-эканамічных пераўтварэнняў кансерватары не лічылі патрэбным. Прадстаўнікі гэтага накірунку займалі большасць уплывовых пасад у арміі, урадзе, былі большасцю ў сейме.

«Левіца» – шляхецкія рэвалюцыянеры адлюстроўвалі інтарэсы прагрэсіўнай і рэвалюцыйнай часткі сярэдняй і дробнай шляхты, буржуазіі, студэнцка-вучнёўскай моладзі. Гэтая плынь не была кансалідаванай, яе ўплыў у сейме, урадзе і арміі быў нязначным. У змаганні з расійскім самадзяржаўем галоўнай сілай яны лічылі польскі народ. «Левіца» трывала падкрэслівала, што змаганне ідзе не супраць рускага народа, а накіравана супраць расійскага абсалютызму, які з’яўляецца ворагам і рускага народу. У студзені 1831 г. быў вылучаны лозунг «За нашу і вашу свабоду». I правыя і левыя ніякім чынам не ўздымалі пытання нацыянальнага вызначэння беларускага, літоўскага і ўкраінскага народаў, якія на іх думку, павінны былі ўліцца ў склад незалежнай Польшчы [1, с.123].

Узнаўленне шляхецкай феадальна-манархічнай Польшчы ў межах 1772 г. на ўсходзе было галоўнай, а для многіх кіраўнікоў і ўдзельнікаў – адзінай мэтай паўстання 1830-1831 гг.

На тэрыторыі Беларусі і Літвы непасрэдная і актыўная падрыхтоўка да паўстання пачынаецца ў студзені 1831 г. Вялася вусная агітацыя, рассылаліся пісьмовыя адозвы, збіраліся сродкі і зброя. Але ніякіх абяцанняў наконт аблягчэння становішча прыгоннага сялянства не было.

Тым часам у Варшаве шляхта, якая збегла туды з заходніх губерняў аб’ядналася ў “Клуб аб’яднаных славян”, які звярнуўся да Сейму з заявай, што беларускі, літоўскі і ўкраінскі рэгіёны далучаюцца да паўстання. Сейм прапанаваў “Клубу” прымаць удзел у сеймавых пасяджэннях (часова, да правядзення нармальных выбараў). 25 студзеня 1831 г. Варшаўскі ўрад звярнуўся з заклікам да насельніцтва Беларусі, Літвы і Ўкраіны, у якім адзначалася, што Сейм і Ўрад абвясцілі цэласнасць і незалежнасць Польшчы, таму і насельніцтва ўсходніх тэрыторый былой Рэчы Паспалітай павінна прымаць актыўны ўдзел у барацьбе.

Расійскія ўлады прымалі экстраныя меры. У снежні 1830 г. у Заходняй Беларусі і Літве аб’яўляюць ваеннае становішча, узмацняюцца расійскія гарнізоны, больш пільным становіцца нагляд за насельніцтвам. Найбольш падазроныя асобы этапіруюцца ў глыб Расіі, адбываецца чыстка мясцовай адміністрацыі – чыноўнікі палякі і католікі замяняюцца рускімі. У снежні 1830 г. з’явіўся ўказ згодна з якім маенткі памешчыкаў, якія збеглі ў Царства Польскае, падлягалі секвестру.

На пачатку 1831 г. арганізуецца Віленскі цэнтральны паўстанцкі камітэт. Большасць членаў камітэта прытрымлівалася памяркоўна-кансерватыўных поглядаў. Камітэт прызнаваў вяршэнства Варшаўскага ўрада і не праяўляў асаблівай ініцыятывы. Сярод яго спраў быў збор грашовых сродкаў на мэты паўстання, арганізацыя майстэрні па вырабу зброі, спробы каардынацыі дзейнасці павятовых камітэтаў.

К вясне 1831 г. на Беларусі і Літве склалася вельмі напружаная сітуацыя. Перадыслакацыі расійскіх вайсковых кантынгентаў, рэквізіцыі на патрэбы арміі вялі к пагаршэнню і так дрэннага становішча большасці насельніцтва. Узбуджальна дзейнічалі чуткі аб поспехах польскай арміі. Да таго ж, у многіх рэгіёнах Беларусі і Літвы не было значных рускіх вайсковых сіл.

Узброенае выступленне на Беларусі ахапіла ў першую чаргу Ашмянскі, Браслаўскі і Свенцянскі паветы Віленскай, Вілейскі і Дзісненскі паветы Мінскай губерняў. Агульнага кіраўніцтва ў паўстанцаў не існавала, практычна адсутнічала і каардынацыя дзеяняў, звычайна рух абмяжоўваўся тэрыторыяй павета. У выпадку перамогі і авалодання цэнтрам павета, шляхта абірала павятовы ўрад, кіраўніка ўзброеннымі сіламі, іншыя органы ўлады. Кіруючыя пасады ў большасці займалі прадстаўнікі буйной і сярэдняй шляхты, якія і пры расійскім рэжыме выконвалі розныя адміністратыўна-распараджальныя функцыі.

Паўстанцкія ўлады неадкладна абвяшчалі акты паўстання, прыводзілі насельніцтва да прысягі, абвяшчалі набор рэкрутаў, шляхце, далучыўшайся да паўстання, гарантавалася захаванне ўсіх саслоўных і маёмасных правоў.

Сяляне і мяшчане заклікаліся рашуча ўзяцца за зброю і адстойваць новую ўладу. Вольныя ад вайсковых абавязкаў павінны былі падпарадкавацца сваім памешчыкам і адміністрацыі, выконваць звычайныя павіннасці. У выпадку не падпарадкавання памешчыкам і адміністрацыі вінаватых чакалі жорсткія пакаранні. Каталіцкае і ўніяцкае духавенства павінна было схіляць насельніцтва да змагання супраць рускіх і да паслушэнства сваім уладарам і паўстанцкім уладам. За невыкананне рэкруцкіх набораў уласнікам сялян гразілі пакаранні, уключаюцы смяротную кару. Такім чынам мяркавалася стварыць шматлікае паўстанцкае войска. Але гэтыя планы засталіся нерэалізаванымі, бо сутыкнуліся з нежаданнем сялянства, а таксама сабатажам значнай часткі буйных і сярэдніх памешчыкаў, якія не жадалі пазбавіцца працоўных рук. На тэрыторыі пяці, раней узгаданых, паветаў Віленскай і Мінскай губерняў у паўстанні прыняло ўдзел крыху болей за 10 тыс. чалавек.

Паўстанцкі рух на Беларусі меў пераважна рэйдавы характар. Паўстанцы ў зручны момант захоплівалі цэнтр павета, іншыя населеныя пункты. Пры набліжэнні царскіх войскаў інсургенты часам аказвалі жорсткае супраціўленне, у шэрагу выпадкаў пакідалі месцы дыслакацыі без супраціўлення і адыходзілі ў бяспечныя месцы.

Сяляне не спачувалі паўстанню, бо не бачылі ў ім для сябе ніякай карысці. Многія з іх аказаліся ўцягнутымі ў пастанцкі рух пад пагрозай карных санкцый. Пры зручным моманце частка іх кідала паўстанцкія атрады і накіроўвалася да хаты ці хавалася ў лесе, дзе часам яны аб’ядноўваліся і пачыналі змагацца з памешчыкамі – прыгнятальнікамі, не робячы розніцы паміж рускімі і сваімі прыгоннікамі.

Расійскія ўлады прымалі экстраныя і рашучыя захады, каб не дапусціць з’яднання шляхецкага руху з сялянскім. 3 красавіка 1831 г з’явіўся ўказ, якім прадугледжвалася падсуднасць шляхціцаў-паўстанцаў ваеннаму суду з наступнай канфіскацыяй іх маёмасці. Адначасова сялянам абяцалася прабачэнне, калі яны дабраахвотна складуць зброю і вярнуцца дамоў.

На Беларусь і Літву былі ўводзены дадатковыя вайсковыя кантынгенты, фарміравалася спецыяльная рэзервовая армія, прызначаная для падаўлення паўстання ў Віленскай і Мінскай губернях. Значная роля ў зацішэнні належыць генерал-паліцмайстару рэзервовай арміі М.М. Мураўеву, які быў добра знаемы з сітуацыяй на Беларусі [10, с.197].

У выніку, у канцы мая паўстанцкі рух на Віленшчыне і Міншчыне быў падаўлены.

Адначасова паўстання пачалося на Гродзеншчыне ў Белавежскай пушчы. На Гродзеншчыне рух супаў з прыходам на Беларусь з Польшчы экспедыцыйных атрадаў, да якіх далучаюцца мясцовыя жыхары (іх налічвалася каля 1000 чал.). Дзейнаць белавежскіх паўстанцаў сур’езна пагражала камунікацыям расійскай арміі, перашкаджала яе дзеянням на терыторыі Польшчы, таму прымаліся экстраныя і рашучыя меры.

У маі 1831 г. у Варшаве Сейм прапанаваў шляхце прадставіць па 1 дэпутату ад кожнага павета заходніх губерняў для ўдзелу ў сеймавых паседжаннях, а Варшаўскі нацыянальны ўрад прымае рашэнне аб накіраванні на тэрыторыю Беларусі і Літвы рэгулярных польскіх войскаў для дапамогі мясцовым паўстанцам. Цераз Белавежскую пушчу да Вільні накіраваўся атрад генерала Хлапоўскага, дзе адбылося яго злучэнне з мясцовымі паўстанцамі і з другім экспедыцыйным корпусам польскіх войск пад кіраўніцтвам генерала А. Гелгуда. Паўстанцы ставілі мэтай захоп Вільні. 19 чэрвеня 1931 г. каля Вільні адбылося рашучае сражэнне. Рускія войскі без асаблівых цяжкасцей адбілі атакі паўстанцаў, а потым перашлі ў контрнаступленне. Паўстанцы адступілі, сярод іх пашырылася дэмаралізацыя і дэзерцірства. Рэшткі экспедыцыйных атрадаў і мясцовых паўстанцаў здолелі адыйсці на тэрыторыю Польшчы і працягнулі змаганне.

У чэрвені - ліпені паўстанцкі рух разгарнуўся на поўдні – у Мазырскім, Рэчыцкім і Пінскім паветах. Арганізатарамі і кіраўнікамі былі мясцовыя памешчыкі Ф. Кеневіч, Т. Пуслаўскі, колькасць паўстанцаў склала каля 1300 чалавек, але дасягнуць нейкіх рэальных поспехаў яны не здолелі. У першай палове жніўня паўстанне фактычна зышло на нет. У верасні, у лясах Заходняй Беларусі і Літвы засталіся беглыя сяляне, частка найбольш актыўных удзельнікаў - кіраўнікоў, якія не маглі разлічваць на літасць.

Паўстанне 1830-1831 гг. было шляхецкім па сваім мэтам, кіравалася польскай і апалячанай шляхтай, якая з’яўлялася галоўнай рухаючай сілай. Яго галоўная мэта – гэта рэстаўрацыя шляхецкай Рэчы Паспалітай. Не гледзячы на кансерватызм, паўстанне нанесла моцны ўдар па самаўладству, садзейнічала замацаванню рэвалюцыйных змен у Францыі і Бельгіі, паспрыяла разгортванню нацыянальна-вызваленчай барацьбы ў іншых еўрапейскіх краінах.

На ўдзельнікаў і западозраных ва ўдзеле ў паўстанні абрынуліся рэпрэсіі. Ствараліся спецыяльныя губернскія следчыя камісіі, якія пільна разглядалі справы. Сотні шляхціцаў былі пазбаўлены сваіх маёнткаў, арыштаваны, сасланы, мноства знайшло выратаванне ў эміграцыі.

Рэзка актывізаваліся дзеянні па «разбору шляхты» з мэтай выключыць з прывіляванага дваранскага саслоўя мелкапамесную і беззямельную шляхту – галоўных удзельнікаў паўстання. Дзеля гэтага праводзілася татальная праверка дакументаў на дваранскую годнасць. У выніку тысячы сямей былых шляхціцаў папоўнілі падатковыя станы сялян-аднадводцаў і мяшчан. Тэрмін “шляхта” быў забаронены для выкарыстання ў рускай мове.

Адначасова расійскія ўлады абаранялі правы памешчыкаў, калі апошнія адкрыта не выступалі супраць самаўладдзя. Агульная амністыя ўдзельнікам паўстання была абвешчана ў каранацыйным маніфесце новага імператара Аляксандра II (26 жніўня 1856 г.).

Вынікамі няўдалага паўстання стала адмена аўтаноміі Каралеўства Польскага і скасаванне Польскай Канстытуцыі 1815 г. Кіраўніцтва імперыяй узяла курс на татальную русіфікацыю заходнягя края, у выніку чаго была скасавана ўніяцкая царква (1839 г.), быў зачынены Віленскі ўніверсітэт (1832 г.), адменена дзеянне Статута 1588 г. Масавая эміграцыя найбольш актыўнай і адукаванай часткі шляхты адбілася на адраджэнні беларускай культуры.

Рэпрэсіі, безумоўна, абмяжоўвалі магчымасці нацыянальна-вызваленчага руху, але цалкам пагасіць імкненне да волі, нацыянальнай і сацыяльнай свабоды не змаглі.

Неабходна адзначыць, што 30-я гг. сталі паваротнымі ва ўрадавай палітыцы. Быў узяты курс на поўнае зліццё заходніх губерняў з Расіяй. Прычынамі гэтаму былі: па-першае, рост апазіцыйных грамадска-палітычных настрояў і рухаў, па-другое, разлажэнне феадальна-прыгонніцкага ладу, якое паступова перарастала ў крызіс.

Урад ідзе на сур’ёзны палітычны крок, вядомы пад назвай “разбор шляхты”. Ён быў накіраваны супраць дробнай шляхты, галоўнага распаўсюджвальніка апазіцыйных настрояў. У адпаведнасці з указамі ад 1831, 1847, 1857 гг. асобы, якія не змаглі дакументамі пацвердзіць свайго шляхецтва, не былі зацверджаны ў дваранскім званні. Яны пазбаўляліся права валодаць маёнткамі і павінны былі прадаць сваю ўласнасць. Гэтая катэгорыя былых шляхціцаў павялічвала падатковае саслоўе.

Важным мерапрыемствам у напрамку поўнага зліцця заходніх губерняў з Расіяй было ўвядзенне ўказам ад 1 студзеня 1831 г. расійскага заканадаўства ў Магілёўскай і Віцебскай губернях. На тэрыторыі Беларусі ўводзілася новае заканадаўчае ўлажэнне – “Установа аб губернях”, усім дзяржаўным установам і пасадам даваліся расійскія назвы.

У 1832 г. быў створаны “Асобы камітэт па справах заходніх губерняў”, які распрацоўваў і ажыццяўляў мерапрыемствы па пашырэнню расійскага дваранскага землеўладання і расійскага ўплыву ў галіне кіравання і суда, у іншых сферах. У мясцовыя адміністрацыйныя органы пачалі прызначацца пераважна расійскія чыноўнікі, польская мова ў судовай справе замяняецца на рускую.

У 1840 г. было поўнасцю адменена дзеянне Літоўскага Статута. Расійскае заканадаўства распаўсюджвалася на ўсю тэрыторыю Беларусі.

Усімі гэтымі мерамі была ліквідавана юрысдыкцыя мясцовых феадалаў на Беларусі, падарваны ідэалагічны фундамент іх магутнасці – каталіцтва. Адначасова ўрад распачаў пошук шырокай апоры ў асяроддзі сялянства.

Асобную увагу звернем на уплыў ейрапейскіх рэвалюцый на грамадска-палітычны рух і урадавую палітыку у Беларусі.

1848 г. у Еўропе стаў годам буржуазна-дэмакратычных рэвалюцый, накіраваных супраць феадальна-абсалютысцкіх рэжымаў, засілля вярхушкі буржуазіі, іншаземнага прыгнёту. 22-24 лютага пачалася рэвалюцыя ў Францыі, якая адразу ж знайшла водгук у германскіх дзяржавах. 13 сакавіка пакрыліся барыкадамі вуліцы Вены, за Венай паўстаў Будапешт, затым Прага. Рэвалюцыя ахапіла ўсю шматнацыянальную Аўстрыйскую імперыю. 18 сакавіка перамагло паўстанне ў Берліне. Моцным быў рух у Італіі, дзе патрыёты паспяхова змагаліся з войскамі аўстрыйскіх акупантаў. Супраць турэцкага іга падняліся малдаўскі і валашскі народы. Бурліла Іспанія, Швейцарыя, Бельгія. Рэвалюцыйная хваля змятала палітычныя рэжымы, троны, манархаў, міністраў. Рэвалюцыі сыгралі вялікую ролю ў аслабленні манархічных рэжымаў і феадальна-прыгонніцкіх парадкаў: знішчаны прыгонны стан сялян у Аўстрыйскай імперыі, уведзены некаторыя буржуазна-ліберальныя рэформы ў Германіі. Зменшыўся нацыянальны прыгнёт, замацаваліся палітычныя пазіцыі буржуазіі.

Рэвалюцыйная хваля спынілася ля граніц Расійскай імперыі: Мікалай I супрацьпаставіў ёй "бар'ер - са штыкоў". У заходнія губерні рушыў армейскі корпус у якасці паліцэйскага кардона ад "рэвалюцыйнай заразы" [1, с.124]. Генерал-губернатарам прадпісвалася прыняць "усе неабходныя для захавання грамадскай бяспекі меры" на выпадак актыўных дзеянняў шляхты супраць урада. Тут з'явіліся нелегальныя рукапісныя лістоўкі, адозвы, звароты, пісьмы пра рэвалюцыйную барацьбу народаў Еўропы, з заклікамі далучыцца да іх.

Аднак неабходна падкрэсліць, што напружанасць і вастрыня асобных падзей у масавыя выступленні ў Беларусі, як і ў суседнім Царстве Польскім, не перайшлі.

На гэтым мы завяршаем агляд асаблівасцей грамадска-палітычнага руху на Беларусі у першай палове XIX ст. У заключэнні зробім вывады па осноўных пытаннях, якія мы разглядалі у межах гэтай тэмы.


Заключэнне

Грамадска-палітычны рух на Беларусі, як і ў іншых заходніх губернях, значна ўзмацніўся ў другім дзесяцігоддзі ХІХ ст. Ён развіваўся пад уплывам рэвалюцыйных падзей у Заходняй Еўропе, расійскай рэвалюцыйнай думкі і польскіх нацыянальна-вызваленчых ідэй.

Формай арганізацыйнага згуртавання рэвалюцыйных сіл у Расіі ў тыя гады былі розныя тайныя таварыствы. Значнае пашырэнне яны атрымалі галоўным чынам сярод моладзі навучальных устаноў і ў Беларусі. Адным з такіх таварыстваў, што мелі важнае значэнне ў развіцці рэвалюцыйнага руху ў навучальных установах Віленскай акругі, было «Таварыства філаматаў».

Дзейнасць фiламатаў i фiларэтаў — тайных студэнцкiх таварыстваў з'яўляецца надзвычай важнай старонкай у гiсторыi беларускай лiтаратуры i нацыянальнага адраджэння. Гэта былi таленавiтыя, рамантычна ўзнёслыя юнакi, бязмерна адданыя сваёй Айчыне, ахопленыя прагай да асветы.

Шырокі ўдзел перадавой моладзі ў падпольных гуртках спрыяў узнікненню дзекабрысцкіх арганізацый у Беларусі. Ідэі дзекабрыстаў, якія адпавядалі поглядам перадавой рэвалюцыйнай моладзі, сустрэлі тут водгук і падтрымку.

Асноўным у праграме дзекабрыстаў было патрабаванне ліквідацыі самадзяржаўя і прыгоннага права. Ажыццяўленне на практыцы гэтых ідэй азначала б перамогу буржуазнай рэвалюцыі, якая адкрыла б шырокі шлях для развіцця капіталізму. Аднак яны не разумелі рашаючай ролі народа ў барацьбе за рэвалюцыйнае пераўтварэнне краіны.

Паўстанне 1830-1831 гг., які бярэ свій пачатак у Варшаве, было шляхецкім па сваім мэтам, кіравалася польскай і апалячанай шляхтай, якая з’яўлялася галоўнай рухаючай сілай. Яго галоўная мэта – гэта рэстаўрацыя шляхецкай Рэчы Паспалітай. Не гледзячы на кансерватызм, паўстанне нанесла моцны ўдар па самаўладству, садзейнічала замацаванню рэвалюцыйных змен у Францыі і Бельгіі, паспрыяла разгортванню нацыянальна-вызваленчай барацьбы ў іншых еўрапейскіх краінах.

Неабходна адзначыць, што 30-я гг. сталі таксама паваротнымі і ва ўрадавай палітыцы. Быў узяты курс на поўнае зліццё заходніх губерняў з Расіяй. Прычынамі гэтаму былі: па-першае, рост апазіцыйных грамадска-палітычных настрояў і рухаў, па-другое, разлажэнне феадальна-прыгонніцкага ладу, якое паступова перарастала ў крызіс.

Еўрапейскія рэвалюцыі сыгралі вялікую ролю ў аслабленні манархічных рэжымаў і феадальна-прыгонніцкіх парадкаў у свеце: знішчаны прыгонны стан сялян у Аўстрыйскай імперыі, уведзены некаторыя буржуазна-ліберальныя рэформы ў Германіі. Зменшыўся нацыянальны прыгнёт, замацаваліся палітычныя пазіцыі буржуазіі. Аднак напружанасць і вастрыня асобных падзей у масавыя выступленні ў Беларусі, як і ў суседнім Царстве Польскім, не перайшлі.

Такім чынам, грамадска – палітычнае жыццё Беларусі ў першай палове ХІХ ст. вызначалася адкрытай барацьбой палітычных арганізацый і рухаў Польшчы, Літвы і Беларусі супраць царызма, а таксама за свабоду і адраджэнне незалежнасці.


Спіс літаратуры

1.         Гісторыя Беларусі: з 1795 г. да вясны 1917 г.: Вуч. дапам. / І.І. Коўкель, І.П. Крэнь, Л.У. Бярэйшык і інш. – Мн., 2001. 316с..

2.         Гісторыя Беларусі. У 2-х ч. Ч. 1. / Я.К. Новік, Г.С. Марцуль, І.Л. Качалаў і інш. – Мінск: Універсітэцкае, 2006. 398с.

3.         Гісторыя Беларусі. У 6-ці ч. Ч. 3. / Ю. Бохан, Г. Галенчанка. – Мінск: Экаперспектыва, 2008. 685с.

4.         Доўнар-Запольскі М.В. Гісторыя Беларусі. – Мн., 1994. 396с.

5.         Ігнатоўскі У.М. Кароткі нарыс гісторыі Беларусі. – Мінск: "Беларусь", 1992. 320с.

6.         История Беларуси в документах и материалах / Авт.-сост. И.Н.Кузнецов, В.Г. Мазец - Минск: "Амалфея", 2000. 571с.

7.         Мохнач Н.Н. Идейная борьба в Белоруссии в 30–40-е годы XIX в. – Мн., 1971. 437с.

8.         Нарысы гісторыі Беларусі. У 2-х ч. Ч. 1. М.П. Касцюк, У.Ф. Ісаенка, Г.В. Штыхаў і інш. - Мінск: "Беларусь", 1994. 572с.

9.         Очерки истории науки и культуры Беларуси ІХ – начала ХХ вв. / П.Т. Петриков, Д.В. Карев, А.А. Гусак. – Мн.: Навука і тэхніка, 1996. 525с.

10.      Чигринов П.Г. Очерки истории Беларуси. – Мн., 2000. 542с.


Информация о работе «Грамадска-палiтычны рух на Беларусi ў першай палове XIX стагоддзя»
Раздел: История
Количество знаков с пробелами: 35755
Количество таблиц: 0
Количество изображений: 0

Похожие работы

Скачать
29204
0
0

... ва усёй Расіі былі за кладзены ідэйныя і арганізацыйныя асновы далейшай барацьбы супраць самадзяржаўя. 1.5.  Дзейнасць польскіх і яўрэйскіх нацыянальна-палітычных арганізацый. Іх уплыў на сацыяльнае жыццё У рабочым і сацыял-дэмакратычным руху Беларусі ў канцы 90-х гг. з'яўляюцца і свае спецыфічныя рысы: імкненне яўрэйскіх, літоўскіх і польскіх сацыял-дэмакратаў стварыць рабочыя арганізацыі ...

Скачать
27440
0
0

... не дарасла да асэнсавання сваiх асобных да расiйскай рэчаiснасцi цi польскай iдэi дзяржаўна-палiтычных iдэалаў i, натуральна, не бачыла неабходнасцi ў iх абгрунтаваннi з боку iнтэлiгенцыi. Адна з асаблiвасцяў фарміравання беларускай iнтэлiгенцыi — гэта страта пераемнасцi памiж рознымi яе пакаленнямi з-за прычын перш за ўсё палiтычнага характару (рэпрэсii ў сувязi з актыўным удзелам яе прадстаў ...

Скачать
88791
0
0

... не знайшлі свайго паслядоўнага адлюстравання ў свядомасці беларусаў у цэлым. У апошні час пасля рэферэндуму грамадская думка выказала жаданне прызнаць у Беларусі дзве дзяржаўныя мовы — рускую і беларускую. Цяпер за беларускую літаратурную мову сталі прымаць і так званую «трасянку», і, наадварот, рускай мовай многія выхваляюцца, нярэдка парушаючы яе культурныя дасягненні. Такія дэкларатыўныя з' ...

Скачать
124382
0
0

славуты зямляк эпохi Адраджэння, сучаснiк Фран цыска Скарыны. Пяру М.Гусоускага належаць тры паэмы, болей за дзесяць вершау. Цудоуны высокапатрэатычны твор "Песня пра зубра" напiсаны удалечаны ад Радзiмы (у 1522 г.) па просьбе папы Льва Х, якi хацеу пачуць праудзiвае паэтычнае слова пра паляванне на зуброу. Напiсана паэма на лацiнскай мове на той час мове навукi, культуры, мiжнародных зносiн у ...

0 комментариев


Наверх