2. Асноўныя вiды заканадаўчых дакументаў навейшага часу

 

Дэкрэты (ад лац. пастанова, рашэнне) – першыя заканадаўчыя дакументы Савецкай улады. Яны ўвогуле характэрны менавiта для заканадаўчай творчасцi цэнтральных дзяржаўных устаноў i з’ездаў Саветаў Савецкай Расii ў першыя гады. Пераважнае прызначэнне важнейшых савецкiх дэкрэтаў – барацьба за ўплыў на народныя масы. Такое меркаванне пацвярджаюць выказваннi, нататкi аднаго з iх творцаў – У. I. Ленiна: «Гэтыя дэкрэты, якiя практычна не маглi быць праведзены адразу i поўнасцю, мелi вялiкую ролю для прапаганды» (ПСС. Т.35, с.198 – 199); «простаму рабочаму i селянiну мы свае ўяўленнi аб палiтыцы адразу давалi ў форме дэкрэтаў» (ПСС. Т.45, с.111). У пэўнай ступенi дэкрэты можна параўнаць з царскiмi манiфестамi. Агiтацыйна-прапагандысцкiя функцыi першых дэкрэтаў абумовiлi даступнасць iх мовы i своеасаблiвасць апублiкавання. Часам яны выдавалiся ў выглядзе лiстовак, пракламацый, спецыяльных брашур. Да таго ж у першыя месяцы Савецкай улады не была выпрацавана заканадаўчая тэрмiналогiя. Заканадаўчыя дакументы, што з’яўлялiся па сваім значэнні дэкрэтамi, называлiся пастановамi (i наадварот). Таму дэкрэты першых гадоў Савецкай улады разглядаюцца таксама як збiральная назва ўсiх важнейшых дакументаў заканадаўства вышэйшых органаў улады Савецкай Расii: рэзалюцый, адозваў, пастаноў, дэкларацый ВРК, з’ездаў Саветаў, ВЦВК, СНК, Савета Працы i Абароны.

Канстытуцыя (ад лац. лад) фармулюе асноўныя прынцыпы грамадскага i дзяржаўнага ладу, характарызуе сацыяльна-эканамiчную i палiтычную аснову грамадства i дзяржавы. Ва ўмовах iдэалагiзацыi ўсiх сфер жыцця ў СССР, канстытуцыi пераважна стваралiся не для рэальнага рэгулявання заканадаўчага працэсу, а з пэўнымi iдэалагiчнымi мэтамi. Пры гэтым змена пэўнай iдэалагiчнай канцэпцыi выклiкала змену кансты-туцыi (найбольш характэрны прыклад – Канстытуцыя СССР 1977 г.).

Першая савецкая канстытуцыя – Канстытуцыя РСФСР была прынята 10 лiпеня 1918 г. Усерасiйскiм з’ездам Саветаў. Яна стала асновай распрацоўкi канстытуцый iншых савецкiх рэспублiк, у прыватнасцi першай Канстытуцыi Сацыялiстычнай Савецкай Рэспублiкi Беларусь (ССРБ). Апошняя была ўхвалена I Усебеларускiм з’ездам Саветаў (люты 1919 г.) i мела шэраг адрозненняў. Па-першае, яна была разлiчана на кароткачасовы перыяд i з’яўлялася менш распрацаванай (мела не 6 раздзелаў, а 3). Некаторыя важнейшыя канстытуцыйныя нормы (аб выбарчым праве, аб мясцовых органах улады i кiравання, аб бюджэтным праве) не знайшлi тут адлюстравання. Асобныя пункты замацавалi спецыфiку Беларусi: улiчваючы, што большасць этнiчнага беларускага насельнiцтва – сяляне, Канстытуцыя ССРБ вызначыла, што «Беларуская Рэспублiка ёсць свабоднае сацыялiстычнае грамадства ўсiх працоўных Беларусi», дзяржава «рабочага класа i бяднейшага сялянства». Як вядома, канстытуцыя РСФСР – канстытуцыя дзяржавы «дыктатуры пралетарыяту» – забяспечвала пэўныя перавагi ў выбарчым праве для рабочага класа i фактычна гэтыя нормы дзейнiчалi на тэрыторыi ССРБ (пасля – БССР).

Утварэнне СССР выклiкала неабходнасць заканадаўчага афармлення асноўных прынцыпаў саюзнай дзяржавы. Першая канстытуцыя СССР 1924 г. вызначала структуру вышэйшых органаў агульнасаюзнай улады i кiравання, iх кампетэнцыю. Асноўная асаблiвасць гэтай канстытуцыi ў тым, што яна разглядала толькi пытаннi новай саюзнай дзяржавы i не датычылася аспектаў вызначэння асноў эканамiчнага i палiтычнага ладу, правоў i абавязкаў грамадзян i iнш.

Асаблiвасцi сацыяльна-эканамiчнага i гiстарычнага развiцця нацыянальных рэгiёнаў былi замацаваны ў канстытуцыях саюзных рэспублiк. Другая Канстытуцыя БССР распрацоўвалася на працягу некалькiх гадоў. Першы яе праект, прадстаўлены IV сесii ЦВК VI склiкання ў лютым 1925 г., не быў зацверджаны, паколькi ён празмерна пашыраў функцыi вярхоўных органаў БССР. Пасля дапрацоўкi (у 1927 г.) Канстытуцыя юрыдычна аформiла добраахвотнае i свабоднае ўваходжанне БССР у склад СССР, адлюстравала пашырэнне сацыяльнай асновы Савецкай дзяржавы. У асобных артыкулах (20 – 23) Канстытуцыi 1927 г. быў дэталiзаваны прынцып раўнапраўя нацый (раўнапраўя мясцовых – беларускай, яўрэйскай, рускай i польскай моў, статус беларускай мовы як мовы мiжнацыянальных зносiн, прызнанне забеспячэння навучання на роднай мове, выданне важнейшых заканадаўчых актаў на ўсiх мясцовых мовах). Асноўная рыса канстытуцыi 1927 г. – дакладнае размежаванне функцый дзяржаўных органаў: з'езд Саветаў (арт. 24, 27, 30, 38) i ЦВК БССР (арт. 25). Адмянялася права СНК БССР у неадкладных выпадках самастойна выдаваць заканадаўчыя акты (арт. 41). Абмежаванне кампетэнцыi СНК ператварала яго ў выключна выканаўчы дзяржаўны орган. Упершыню ў канстытуцыйным будаўнiцтве рэспублiкi Канстытуцыя 1927 г. рэгулявала ўзаемаадносiны СНК БССР з падпарадкаванымi яму органамi кiравання, замацоўвала прававы статус мясцовых органаў улады. Вызначала, што пытаннi аб зменах тэрыторыi рэспублiкi павiнны разглядацца толькi на з'ездах Саветаў Беларусi. Канстытуцыя захавала за рэспублiкай права свабоднага выхаду з Саюза.

У 1936 г. была зацверджана новая Канстытуцыя СССР, якая ўстанаўлiвала аднастайнасць дзяржаўна-прававых нормаў на ўсёй тэрыторыі Савецкага Саюза (на яе аснове ў 1937 г. – чарговая канстытуцыя БССР). Важнейшым органам дзяржаўнай улады ў рэспублiцы абвяшчаўся Вярхоўны Савет, якi выбiраўся тэрмiнам на 4 гады i дзейнiчаў на аснове Канстытуцыi БССР i СССР. Пры гэтым кампетэнцыя заканадаўчых i выканаўчых органаў БССР была значна звужана. Канстытуцыя БССР 1937 г. адлюстравала ў пэўнай ступенi дзейнасць рэпрэсiўнага заканадаўства. Так, палiтычнай асновай БССР вызначалiся Саветы, якiя «ўзмацнілiся» ў вынiку «разгрому беларускай нацыянальнай контррэвалюцыi».

Канстытуцыя 1937 г. дзейнiчала па мерках савецкага часу даволi працяглы тэрмiн (да 1978 г.), яе асобныя пункты неаднаразова змянялiся i дапаўнялiся. У 1938 г. Канстытуцыя ўжо не змяшчала абавязковага прынцыпу публiкацыi ўсiх важнейшых законаў на польскай i яўрэйскай мовах. У 1939 г. былi ўнесены папраўкi аб пашырэннi тэрыторыi БССР, у 1944 г. – аб пашырэннi паўнамоцтваў рэспублiкi (стварэннi саюзна-рэспублiканскiх наркаматаў абароны i мiжнародных спраў), у 1946 г. – аб перайменаваннi наркаматаў у мiнiстэрствы i г. д.

Апошняя Канстытуцыя БССР была прынята ў 1978 г. Яна, як i папярэдняя, у значнай ступенi з'яўлялася адлюстраваннем i дэталiзацыяй палажэнняў агульнасаюзнай канстытуцыi (у дадзеным выпадку – 1977 г.). Абвяшчэнне новых Асноўных законаў Саюза i рэспублiк было выклiкана пераважна iдэалагiчнымi меркаваннямi, таму Канстытуцыя 1978 г. з'явiлася яшчэ больш дэкларатыўнай (права на жыллё пры захаваннi велiзарных чэргаў, свабода сумлення пад iдэалагiчным кантролем i г. д.). Адпавядаючы Канстытуцыi СССР 1977 г., Канстытуцыя БССР 1978 г. замацавала ролю Кампартыi як «кiруючай i накiроўваючай палiтычнай сiлы».

Канстытуцыя Рэспублiкi Беларусь была прынята 15 сакавiка 1994 г. У адрозненне ад Канстытуцыi БССР, яна ўсталявала прэзiдэнцкую ўладу. Але адзiным заканадаўчым органам дзяржаўнай улады заставаўся Вярхоўны Савет. Прэзiдэнт падпiсваў законы i меў права вярнуць iх на дапрацоўку ў Вярхоўны Савет, ён выдаваў у межах сваiх паўнамоцтваў указы i распараджэннi, аднак апошнiя не павiнны былi супярэчыць Канстытуцыi i законам Рэспублiкi Беларусь. У адпаведнасцi з папраўкамi пасля рэферэндуму 24 лiстапада 1996 г., «у выпадках, прадугледжаных канстытуцыяй, Прэзiдэнт выдае дэкрэты, што маюць сiлу законаў».

У адрозненне ад Канстытуцыi БССР 1978 г., Канстытуцыя Рэспублiкi Беларусь не прадугледжвала асобых паўнамоцтваў Прэзiдыума Вярхоўнага Савета (права тлумачэння законаў, выдання ўказаў i г. д.). Права заканадаўчай iнiцыятывы маюць дэпутаты Вярхоўнага Савета, Прэзiдэнт рэспублiкi, Кантрольная палата, пастаянныя камiсii ВС, Вярхоўны суд рэспублiкi, Вышэйшы гаспадарчы суд рэспублiкi, а таксама грамадзяне, якiя валодаюць выбарчым правам у колькасцi не менш як 50 чалавек. Важнейшыя заканадаўчыя рашэннi па пытаннях, звязаных са зменамi ў канстытуцыi (канстытуцыйных), прымаюцца не менш як 2/3 галасоў дэпутатаў Вярхоўнага Савета.

З часу прыняцця Канстытуцыi СССР 1936 г. асноўнай i найбольш распаўсюджанай разнавiднасцю заканадаўчых дакументаў сталi законы. Законы прымаліся выключна Вярхоўным Саветам. У якасцi прыкладу можна прывесцi Закон БССР «Аб сялянскай (фермерскай) гаспадарцы» (1991), Закон Рэспублiкi Беларусь «Аб патэнтах на вынаходніцтва» (1993) i iнш.

Законы могуць развiваць асобныя палажэннi адпаведных кодэксаў, Асноў заканадаўства i ў вынiку захоўваюцца як самастойныя дакументы. Напрыклад, акрамя Кодэкса законаў аб працы Рэспублiкi Беларусь, дапоўненага ў 1992 г., дзейнiчае закон «Аб пенсiйным забеспячэннi» (1992). Акрамя таго, закон з'яўляўся такой формай заканадаўчага дакумента, якая ўводзiла ў дзеянне iншыя нарматывы – кодэкс, канстытуцыю i г. д.

Сiстэматызацыя законаў можа адбывацца ў двух напрамках. Першы – iнкарпарацыя – аб'яднанне дакументаў заканадаўства без iх змен па храналагiчнай, алфавiтнай, тэматычнай цi iншай прыкмеце. Другi – кадыфiкацыя, калi заканадаўчыя дакументы аб'ядноўваюцца ў структурна адзiнае цэлае, што ахоплiвае пэўную галiну грамадска-прававых адносiн. Пры гэтым лiквiдуюцца прабелы ў заканадаўстве, лiквiдуюцца супярэчнасцi, замяняюцца не адпаведныя новым умовам палажэннi. З'яўляецца новы па сутнасцi i форме заканадаўчы акт – кодэкс.

Першыя кодэксы, якiя дзейнiчалi на тэрыторыi Беларусi, – кодэксы РСФСР, якiя былi распрацаваны восенню 1918 г. Першы беларускi
кодэкс – Зямельны – быў зацверджаны ў 1924 г., а ў 1925 г. у вынiку ўзбуйнення тэрыторыi БССР перапрацаваны i ўстаноўлены для ўсёй тэрыторыi рэспублiкi. Новы этап распрацоўкi рэспублiканскiх кодэксаў (канец 1950 – пачатак 1960-х гг.) адбываўся ва ўмовах пашырэння паўнамоцтваў саюзных рэспублiк. Многiя з iх з дапаўненнямi i змяненнямi дзейнiчаюць па сённяшнi дзень.

Распрацоўка рэспублiканскiх кодэксаў права прадвызначыла тое, што з 1960 г. (да апошнiх гадоў iснавання СССР) агульнасаюзнае заканадаўства стала кадыфiкавацца пераважна ў форме «Асноў» цi «Асноў заканадаўства Саюза ССР i саюзных рэспублiк». Заканадаўчыя дакументы, нашкалт «Асноў заканадаўства», змяшчалі найбольш агульныя прынцыпы i асноўныя iнстытуты адпаведных галiн заканадаўства, адзiныя i абавязковыя для ўсiх саюзных рэспублiк. Яны складалi аснову для распрацоўкi рэспублiканскiх кодэксаў i iншых законаў. Аднак у тых галiнах, якiя датычылiся выключнай кампетэнцыi Саюза, саюзныя кодэксы змяшчалі вычарпальнае прававое тлумачэнне асобных нормаў (напрыклад, «Паветраны кодэкс СССР»).

Сярод нарматыўных дакументаў заканадаўчага характару шырокае распаўсюджанне ў канцы 1930-х – 1980-я гг. мелi ўказы Прэзiдыума Вярхоўнага Савета (СССР і саюзных рэспублiк). Значная колькасць указаў датычылася пытанняў дзеючага заканадаўства, уносiла ў яго пэўныя змены i дапаўненнi. Па канстытуцыях СССР i БССР указ не адмяняў закону, а толькi прыпыняў яго дзеянне. Каб атрымаць сiлу закону, указ павiнен быў зацвярджацца сесiяй Вярхоўнага Савета. Аднак гэтая прававая норма не заўсёды вытрымлiвалася. Напрыклад, у 1939 г. Прэзiдыум Вярхоўнага Савета БССР прыняў рашэнне аб перайменаваннi сталiцы рэспублiкi з Менска ў Мiнск. Мiж тым такая назва горада была зацверджана Канстытуцыяй, а канстытуцыйны закон патрабаваў перагляду на сесii Вярхоунага Савета не менш як 2/3 галасоў.

Важныя функцыi мелi пастановы Прэзiдыума Вярхоўнага Савета
(з 1990 г. – Вярхоўнага Савета). Найперш, гэта тлумачэнне законаў – па заканадаўству афiцыйнае тлумачэнне валодае той жа сiлай, што i рашэнне (закон, указ), якое тлумачыцца.

Неабходна мець на ўвазе, што з другой паловы 1920-х гг. усё большае распаўсюджанне атрымлiваюць сумесныя пастановы выканаў-чых органаў дзяржавы i вышэйшых органаў партыi. Напачатку яны з'явiлiся ў форме зваротаў, але з 1930-х гг. у iх тэксце ўсё большае месца займае пастаноўчая частка. Таму гэтыя дакументы, якiя захоўвалi асобныя рысы зваротаў, называлi сумеснымi пастановамi. Сумесныя пастановы партыйных i дзяржаўных органаў рэспублiкi выклiкалiся пераважна з'яўленнем пастаноў саюзнага цэнтра. Напрыклад, у лютым 1933 г. СНК БССР i ЦК КПБ(б) у адпаведнасцi з пастановай СНК СССР i ЦК ВКП(б) ад 19.01.1933 г. прынялi пастанову «Аб устанаўленнi абавязковай сiстэмы нарыхтовак». Сумесныя пастановы па Канстытуцыi не з'яўлялiся законам. У тых выпадках, калi ў iх закраналiся пытаннi заканадаўчага характару, яны павiнны былi атрымаць зацвярджэнне вярхоўнага органа ўлады. Аднак на практыцы многiя важнейшыя рашэннi (фактычна раўназначныя закону) у 1930-я гг. былi прыняты менавiта ў форме сумесных пастаноў.


ЛIТАРАТУРА

1.         Канстытуцыя Рэспублiкi Беларусь 1994 г. (са зменамi i дапаўненнямi). Мн., 1997. С.24. Арт.85.

2.         Селунская Н.Б., Бородкин Л.И., Григорьева Ю.Г., Петров А.Н. Становление российского парламентаризма начала ХХ в. М., 1996. 282 с.

3.         Сокол С.Ф. Политическая и правовая мысль Белоруссии XVI – первой половины XVII в. Мн., 1984.

4.         Спиридонов М.Ф. Закрепощение крестьянства Беларуси (XV – XVI вв.). Мн., 2003.

5.         Старостина И.П. Судебник Казимира 1468 г. // Древнейшие государства на территории СССР. Материалы и исследов. 1988 – 1989 гг. М., 1991. С.170 – 345.

6.         Суслова Е.Н. Поиск архивных документов. Л., 1987.

7.         Тихомиров М.Н. Исследование о «Русской правде»: Происхождение текстов. М.; Л., 1941. 254 с.

8.         Юхо І. Крыніцы беларуска-літоўскага права. Мн., 2001. С.101 – 103, 115 – 168, 172 – 204, 210 – 225, 238.


Информация о работе «Заканадаўчыя дакументы навейшага часу»
Раздел: История
Количество знаков с пробелами: 25166
Количество таблиц: 0
Количество изображений: 0

Похожие работы

Скачать
19660
0
0

... законов Российской империи» (ПСЗ). Як эвалюцыю сiстэмы заканадаўства пад уздзеяннем першай расiйскай рэвалюцыi трэба разглядаць акрэслены трэцi перыяд. Манiфест 17 кастрычнiка толькi дэклараваў пачатак канстытуцыйнага ладу i не гарантаваў яго рэальнага ўсталявання (урэшце, дэпутаты Дзяржаўнай думы прысягалi «самадзержцу»). Але пачалася эвалюцыя ад абсалютызму да канстытуцыйнай манархii; прызнаючы ...

Скачать
18107
5
0

... ў гістарычнага мінулага. Таму ў 1970 – 1980-я гг. атрымалі распаўсюджанне класіфікацыі па тыпах, родах і відах. Л. М. Пушкаровым, А. П. Пранштэйнам была прапанавана класіфікацыя па спосабу фіксавання (кадзіроўкі) інфармацыі. У адпаведнасці з ёй усе крыніцы падзяляюцца на наступныя тыпы (тып аб'ядноўвае крыніцы, якія адрозніваюцца спосабам кадзіроўкі інфармацыі і яе захоўвання): 1) пісьмовыя, 2) ...

0 комментариев


Наверх