3. НАСТУПСТВЫ ПАЎСТАННЯ ДЛЯ ЯГО ЎДЗЕЛЬНІКАЎ І ІНШЫХ ЖЫХАРОЎ БЕЛАРУСІ

Паўстанне 1863-1864 гг. па сваіх мэтах было спробай нацыянальна-дэмакратычнай рэвалюцыі, накіраванай на звяржэнне самадзяржаўя і ўсталяванне нацыянальнай і сацыяльнай роўнасці. Аднак, абмежаваная праграма паўстання выключыла з удзелу ў ім шырокія масы сялянства. Расійская грамадскаць таксама не падтрымала выступленні – спачуваў паўстанцам, бадай, адзін толькі герцэнаўскі "Колокол". Адсутнасць адзінага плана, узаемадзеянняў паміж атрадамі, сакавіцкі пераварот і чатырохмесячнае кіраванне "белых" – усё гэта разам і прывяло інсургентаў да паражэння. Калі на чале паўстання зноў сталі "чырвоныя", выратаваць яго было ўжо немагчыма.

Царскі ўрад рукамі віленскага генерал-губернатара М. М. Мураўёва за лічаныя месяцы задушыў паўстанне. Апошняя рэвалюцыйная арганізацыя на Беларусі была ліквідавана ў 1864 годзе на Навагрудчыне. З гэтага часу Беларусь стала арэнай дзікай рэакцыі.

Увогуле за ўдзел у паўстанні 128 чалавек былі пакараны смерцю, 853 сасланы на катаргу, каля 12,5 тыс. выселены, у тым ліку 504 – у Сібір. Асабліва трагічныя наступствы мела паўстанне для яго актывістаў, асабліва тых, хто адмовіўся пасля затрымання супрацоўнічаць з уладамі. Сярод самых вядомых былі:

Авейдэ Оскар (Овейде) - (1837-1897) Юрыст і эканаміст, удзельнік польскага нацыянальна-вызваленчага руху. Паводле палітычных перакананняў быў блізкі да памяркоўных "чырвоных", супрацьстаяў "сепаратысцкім" памкненням Каліноўскага. З 1862 г. член ЦНК, а з выбухам паўстання ўвайшоў у склад варшаўскага Нацыянальнага ўрада. Рэдагаваў дэкрэт аб надзяленні сялян зямлёй. У ліпені 1863 пасланы варшаўскім цэнтрам на Літву і Беларусь у якасці паўнамоцнага камісара, дзе і быў неўзабаве арыштаваны. Падчас следства выдаў жандарам шэраг удзельнікаў руху. У 1866 г. высланы ўладамі на жыхарства ў Вяцкую губерню, якую не пакідаў да самае смерці.

Андрыелі Міхаіл Эльвіра - (1836-1893) Мастак, графік, ілюстратар, удзельнік нацыянальна-вызваленчага руху ў Літве і на Беларусі. Падчас паўстання ваяваў супраць імперскіх войскаў на Віленшчыне і Ковеншчыне. Атрымаў ад паўстанцкага ўрада званне палкоўніка. У верасні, калі паўстанне ўжо амаль захлынецца ў крыві, жандары схопяць Міхала ў Санкт-Пецярбурзе. Але яму ўдасца ўцячы з турмы і з'ехаць за мяжу. На эміграцыі (Парыж, Лондан) Андрыёлі жыў нядоўга. У 1866 г. ён вярнуўся ў Расійскую імперыю, і неўзабаве быў сасланы ўладамі ў Вятку.

Банольдзі Джузэпэ Ахіла Эльміра - (1821-1871). псеўданім - Стэля. У 1862 г. Банольдзі разам з Каліноўскім увайшоў у склад ЛПК. У віленскай фотамайстэрні італьянца рыхтаваліся падпольныя выданні патрыётаў. Неўзабаве пасля выбуху паўстання ўлады выслалі Банольдзі з краіны. Зрэшты, ёсць і другая версія, паводле якой Ахіла ў лютым 1863-га быў зняволены ў сутарэннях старажытнага замка ў Троках, але сябры дапамаглі яму, наладзіўшы дзёрзкія ўцёкі... Гэтак ці іначай, але ён стаў прадстаўніком віленскага паўстанцкага цэнтра за мяжой, яму былі давераны так званыя "літоўскія сумы" – замежныя фінансавыя сродкі паўстанцаў, на якія мелася закупляцца зброя й амуніцыя.

Вярыга Эдмунд Іванавіч (каля 1840-1902) - Адзін з кіраўнікоў паўстання 1863 г. на Літве і Беларусі. Як член віленскага паўстанцкага цэнтра актыўна працаваў над падрыхтоўкай паўстання: вёў рэвалюцыйную агітацыю, нарыхтоўваў зброю. У лістападзе 1862 г. вёў перамовы з польскімі канспіратарамі, дзе адстойваў раўнапраўе ў стасунках паміж Варшавай і Вільняй. Арыштаваны неўзабаве пасля пачатку паўстання. Прыгавораны да 8 гадоў катаргі.

Урублеўскі Валерый Антоній - (1836-1908) Дзеяч міжнароднага рэвалюцыйнага руху. Актыўна дапамагаў Каліноўскаму ў ягонай падпольнай працы, у тым ліку ў выданні й распаўсюджванні "Мужыцкае праўды". Падчас паўстання кіраваў вайсковымі дзеяннямі інсургентаў. Быў начальнікам штаба паўстанцаў, пазней - камандуючы сіламі Гародзенскага, Люблінскага й Падляшскага ваяводстваў. Паранены ў жніўні 1864 г., выехаў у Францыю.

Гейштар Якуб Казімір Станіслав (Якуб Вільгельм Каспер) - (1827-1897) Будучы праціўнікам рэвалюцыйных дзеянняў, у 1848 г. накіраваўся ў Вільню, каб устрымаць моладзь ад паўстання. Пасля жыў ва ўласным маёнтку, займаючыся гаспадарчымі справамі. Быў у добрых узаемаадносінах з сялянамі. Як член Ковенскага губернскага камітэта браў удзел у выпрацоўцы ўмоў сялянскай рэформы 1861 г. Бескампрамісны апанент Каліноўскага, разглядаў Беларусь, Літву й Украіну як складомыя часткі Польшчы. Арыштаваны ў ліпені 1863 г. Спярша высланы ва Уфу, але затым вернуты для дадатковага следства і сасланы на 12 год катаргі ў Сібір [4. с. 92].

Далеўскі Цітус - (1840-1863) Удзельнік нацыянальна-вызваленчага руху Адзін з найблізкіх паплечнікаў К. Каліноўскага напярэдадні і ў час паўстання. Арыштаваны ў снежні 1863 г. Публічна расстраляны на Лукішскай плошчы ў Вільні.

Дамброўскі Яраслаў - (1836-1871) псеўданім - Лакетак. Дзеяч польскага й міжнароднага рэвалюцыйнага руху. Прапагандаваў ідэю інтэрнацыянальнага саюзу ў барацьбе з прыгнётам. З 1862 г. на вайсковай службе ў Варшаве. Быў дзейсным членам польскага паўстанцкага цэнтра, начальнікам горада Варшавы. Кіруючы падрыхтоўкай паўстання, Дамброўскі актыўна супрацоўнічаў з рускімі афіцэрамі, разлічваючы на сумесныя збройныя выступленні супраць самадзяржаўя. Арыштаваны ў 1862 г., ён, тым не менш, і з турмы працягваў кіраваць падрыхтоўкай супраціву. Па дарозе на катаргу ў Сібір у снежні 1864 г. яму ўдалося збегчы і з дапамогай рускіх рэвалюцыянераў выехаць за мяжу. Жывучы ў Францыі на эміграцыі працягваў рэвалюцыйную дзейнасць.

Длускі Баляслаў (1826-1905) псеўданім - Ябланаўскі. Удзельнік нацыянальна-вызваленчага руху. Паводле палітычных перакананняў – прыхільнік "чырвонага" крыла, адзін з найбліжэйшых сяброў і паплечнікаў Каліноўскага. Член ЛПК з 1862 г. Адстойваў інтарэсы віленскага цэнтра ў перамовах з ЦНК. Будучы начальнікам Ковенскага ваяводства, Длускі на чале атрада паўстанцаў разбіў 10 чэрвеня 1863 г. буйныя сілы карнікаў каля мястэчка Папаляны на Шавельшчыне. З кастрычніка – ваенны камісар Літвы і Беларусі за мяжой. Да самага канца паўстання трымаў сувязь з Каліноўскім, клапаціўся пра зброю для паўстанцаў. "Літоўскія сумы", перайшоўшыя яму згодна з загадам віленскага цэнтра ад А. Банольдзі, ён здаў у 1865 г. спецыяльнаай камісіі з паўстанцаў-эмігрантаў. З 1873 г. – у Галіцыі.

Дзюлёран Нестар (каля 1825-1868) - Удзельнік паўстання 1863-1864 гг. Лавіраваў паміж "белымі" і "чырвонымі". У 1862 г. камісар ЦНК ў віленскім паўстанцкім цэнтры. Аднак неўзабаве з ростам уплыву Каліноўскага быў выдалены адтуль. Перакінуўся да "белых". Менавіта з ініцыятывы Дзюлёрана быў арганізаваны пераварот, у выніку якога Каліноўскі быў адхілены ад кіраўніцтва, а ЛПК трансфармаваны ў цалкам "белы" Адзел кіраўніцтва правінцыямі Літвы. Пэўны час займаў у наваствораным Аддзеле пасаду варшаўскага камісара. У далейшым быў памочнікам рэвалюцыйнага камісара ў Прусіі і рэвалюцыйным камісарам у Германіі. Пасля паражэння паўстання жыў на эміграцыі ў Парыжы.

Заблоцкі Эразм Карлавіч (каля 1831-?) псеўданім - Медыёр. Удзельнік нацыянальна-вызваленчага руху, адзін з паплечнікаў К. Каліноўскага. Паходзіў з шляхты. Увесну 1863 г. паўстанцкі цывільны начальнік Гародзенскага ваяводства. У траўні здзейсніў разам з Каліноўскім інспекцыйную паездку па Слонімшчыне. Пасля ад'езду Каліноўскага ў Вільню заняў пакінутае ім месца ваяводскага камісара. Увосень 1863 г. арыштаваны. Асуджаны на 15 год прымусовай працы.

Звяждоўскі Людвіг Міхайлавіч (1829-1864). псеўданім - Тапор. Удзельнік нацыянальна-вызвалечага руху. Да кастрычніка 1862 г. узначальваў віленскі паўстанцкі цэнтр. Пасля быў пераведзены ў Маскву. Напачатку паўстання - ваенны начальнік Магілёўскага ваяводства. Пад яго камандаваннем сілы інсургентаў занялі павятовы горад Горкі. Аднак, з-за неспрыяльных умоваў для руху на Магілёўшчыне, неўзабаве распусціў рэшткі свайго атрада й выехаў за мяжу. З 1864 г. дзейнічаў у Польшчы. Схоплены ўладамі падчас няўдалае атакі на горад Апатаў і страчаны праз павешанне.

Козел Ян Іванавич (1837-1896). псеўданім - Скала. Шляхціц, удзельнік нацыянальна-вызваленчага паўстання. Стаў стваральнікам мінскай арганізацыі "чырвоных". З 1862 г. – член ЛПК. Блізкі паплечнік Каліноўскага. Пасля "белага" перавароту дзейнічаў у Польшчы, займаў розныя пасады. Пэўны час быў камендантам Варшавы. Пасля падаўлення паўстання жыў на эміграцыі ў Францыі.

Малахоўскі Уладзіслаў Юл’янавіч - (1827-1900) Удзельнік паўстання 1863-1864 гг., адзін з яго кіраўнікоў, блізкі памочік Каліноўскага. З лета 1863 г. ў складзе віленскага рэвалюцыйнага цэнтра. Пэўны час (з перапынкам) з'яўляўся паўстанцкім начальнікам Вільні. Наладжваў кантакты з рускімі рэвалюцыянерамі. У жніўні 1863 г. змушаны на нелегальным становішчы выехаць у Пецярбург, затым у Кёнігсберг (цеперашні Калініград), дзе, будучы прадстаўніком Каліноўскага, клапаціўся пра зброю для інсургентаў, займаўся выданнем газеты "Glos z Litwy".

Мінэйка Сігізмунд Станіслававич - (1840-1925). псеўданім - Баравы. Вайсковец, інжынер, аматар гісторыі, удзельнік паўстання Кастуся Каліноўскага. Падчас узброеных выступленняў Зыгмунт ваяваў у родных мясцінах, узначальваў паўстанцкую вайсковую арганізацыю ашмянскага павета. Але ўжо ў чэрвені ягоны атрад быў разбіты царскімі карнікамі, а сам ён патрапіў у рукі жандараў. Напачатку Мінейку прыгаварылі да павешання, але з нейкіх прычынаў імперскія ўлады праявілі "міласэрнасць" (хутчэй за ўсё, таму паспрыялі сувязі і грошы родных Зыгмунта), і смяротнае пакаранне было замененае на 12 год катаргі. Аднак па дарозе ў Сібір Мінейку ўдалося падмануць канваіраў і пад імем памерлага таварыша, асуджанага толькі на пасяленне ў Томску, застацца ў гэтым горадзе. А праз два гады Зыгмунт увогуле ўцёк з Сібіры і выехаў за мяжу.

Рагінскі Раман - (1840-1915) Удзельнік паўстання 1863-1864 гг., адзін з яго кіраўнікоў. Напачатку выступленняў – камісар ЦНК ў Падляшскім ваяводстве. У канцы студзеня-лютым здзейсніў глыбокі рэйд па землях заходняй Беларусі, заняў горад Пружаны, але неўзабаве быў разбіты і з дапамогай адданых цару сялян захоплены ў палон. Смяротны вырак Рагінскаму быў заменены на 20 год катаргі. Пакаранне адбываў у Пермскай губерні, у хуткім часе пераведзены на пасяленне.

Ражанскі Фелікс - (?-пасля 1903) Удзельнік беларускага нацыянальна вызваленчага руху, паэт, мемуарыст. У 1861 г. прыйшоў у гародзенскую арганізацыю Каліноўскага, стаў ягоным бліжэйшым паплечнікам. Удзельнічаў у рэвалюцыйнай агітацыі, выданні і распаўсюджванні "Мужыцкай праўды". Падчас паўстання ваяваў разам з У. Урублеўскім. Пасля паўстання эміграваў у Кракаў.

Сангін Станіслаў - (каля 1818-1863) Удзельнік нацыянальна-вызваленчага руху. Член рэвалюцыйнай арганізацыі Каліноўскага, ягоны паплечнік. Браў удзел у выданні й распаўсюджванні "Мужыцкай праўды". Напачатку выступленняў фарміраваў паўстанцкія атрады на сумежжы Беларусі й Польшчы. Удзельнічаў у рэйдзе Р. Рагінскага ў глыб Беларусі. Загінуў у баі на Пружаншчыне.

Серакоўский Сігізмунд Ігнатавіч - (1826-1863) псеўданім - Даленга. Дзеяч польскага й міжнароднага рэвалюцыйнага руху. Адзін з кіраўнікоў паўстання 1863-1864 гг. З пачаткам паўстання пакінуў службу ў царскай арміі, і разгарнуў ваенныя дзеянні інсургентаў на Ковеншчыне. Але напрыканцы красавіка 1863 г. паўстанцы Серакоўскага былі разбітыя пад мястэчкам Біржы, а сам ён паранены захоплены ў палон. Павешаны на Лукішскай плошчы ў Вільні.

Травгут Рамуальд Людвікавіч (1826-1864) псеўданім - Кракоўскі. Генерал, удзельнік паўстання 1863-1864 гг., адзін з яго кіраўнікоў. Пасля выбуху паўстання, у красавіку 1863 г. сфармаваў атрад, на чале якога пэўны час паспяхова змагаўся з урадавымі войскамі. У ліпені выехаў у Варшаву. Быў прадстаўніком паўстанцкіх уладаў за мяжой. У кастрычніку атрымаў надзвычайныя паўнамоцтвы ў варшаўскім рэвалюцыйным урадзе, стаўшы фактычна дыктатарам паўстання ў Польшчы. Прыклаў шмат намаганняў, каб рэанімаваць рух, надаць яму размах народнай вайны, рэарганізаваць узброеныя сілы інсургентаў. Арыштаны ў сакавіку 1864 г. Павешаны ў Варшаўскай цытадэлі.

Чаховіч Сігізмунд - (1831-1907) Па палітычных поглядах - прыхільнік "чырвоных". У 1862-1863 гг. член ЛПК, экспедытар у Аддзеле кіраўніцтва правінцымі Літвы. Арыштаваны (паўторна) ўлетку 1863 г. Высланы ў Сібір.

Ямант Юзеф Мацвеявіч - (1841-?) Актыўны ўдзельнік ныцыянальна-вызваленчага руху. Пэўны час выконваў абавязкі сакратара Каліноўскага. З кастрычніка 1863 г. - паўстанцкі камісар Мінскага ваяводства. У студзені 1864-га арыштаваны. Высланы ў Сібір.

Ямант Марыя Мацвеяўна - (1843-?) Нарачоная К. Каліноўскага. Падчас паўстання актыўна дапамагала Кастусю ў ягонай працы. У 1864 г. саслана ў Табольск.

Такім чынам, большасць актывістаў паўстання 1863-1864 гадоў была павешана, саслана ў Сібір, ці вымушана была эмігрыраваць у Заходнюю Еўропу, каб пазбегнуць пакарання.

А якія ж наступствы мелі паўстанне для простага насельніцтва Беларусі?

Беларускі народ не прызнаваўся, як і раней, самастойным этнасам, наша мова і культура лічыліся састаўнымі часткамі рускай мовы і культуры. Да канца 60-х гадоў край заставаўся на ваенным становішчы, а гэта значыць працягвалі дзейнічаць выключныя законы ваеннага часу. Была зачынена адзіная вышэйшая школа на Беларусі – Горы-Горацкі земляробчы інстытут, і далейшыя хадайніцтвы аб адкрыцці на нашых землях ВНУ адхіляліся расійскім урадам. Больш за тое, нават колькасць гімназіяў у краі здавалася Мураўёву завялікай. Замест "лішніх" гімназіяў планавалася адчыніць народныя вучэльні, выкладанне дзе павінна было весціся цалкам у духу адданасці рускаму самадзяржаўю. Рэзка актывізавалася "водворение русского элемента": “Забудьте наивные мечтания, занимавшие вас доселе, господа, и помните, что если вы не станете здесь по своим мыслям и чувствам русскими, то вы будете здесь иностранцами и должны тогда покинуть этот край".

Мясцовыя настаўнікі, чыноўнікі пераводзіліся на службу ў цэнтральныя губерні імперыі, адтуль жа запрашаліся для работы на вызваленых месцах карэнныя рускія. Царскія генералы і чыноўнікі маглі на ільготных умовах набываць маёнткі, канфіскаваныя ва ўдзельнікаў паўстання. Негатыўнае значэнне мела і тое, што прагрэсіўныя рэформы Аляксандра ІІ праводзіліся ў паўночна-заходніх рэгіёнах імперыі не ў поўным масштабе, або з вялікім спазненнем.

Але разам з тым у выніках паўстання было шмат пазітыўнага. Пад пагрозай народнай рэвалюцыі, царызм быў вымушаны пайсці на значныя ўступкі беларуска-літоўскаму сялянству і змякчыць для яго ўмовы лютаўскай рэформы 1861 года.

Для паўстання 1863-1864 гг. характэрна тое, што ў ім побач з польскім нацыянальна-вызваленчым рухам узняўся беларускі нацыянальна-вызваленчы рух, выразнікам ідэй якога быў К. Каліноўскі. Пазней на гэтых ідэях, што захаваліся дзякуючы людзям, якія пазбеглі арышту і засталіся вернымі справе Каліноўскага, у тым ліку літаратарам (Ф. Багушэвіч і інш.), вырасла новае пакаленне барацьбітоў за Беларусь, з імёнамі якіх звязана наша нацыянальнае адраджэнне ў пачатку ХХ стагоддзя.

Паўстанне 1863—1864 гг. выклікала вялікі грамадскі рэзананс у тагачаснай Расіі і, між іншым, прыцягнула ўвагу грамадства да Беларусі як да з'явы з гістарычнымі каранямі, адкрыла "беларускае пытанне" і зрабіла яго адной з найважнейшых тэм даследаванняў і публікацый у 1860—1870-я гг., стала вызначальным фактарам развіцця беларускай гістарыяграфіі гэтага перыяду.

Наогул, у польскай гістарыяграфіі паўстанне на беларускіх і літоўскіх землях не прыцягвае такой увагі, як падзеі ў Польшчы і сусветны кантэкст паўстання. Асоба Каліноўскага выдзяляецца за незвычайнасць, але яго перакананні ў нацыянальным пытанні звычайна класіфікуюца як польскія або "краёвыя".

Наогул, па стане на 2000-я гг. беларуская гістарыяграфія паўстання і асобы Каліноўскага характарызуецца слабой апорай на архіўныя крыніцы і моцнай публіцызаванасцю і палітызаванасцю на шкоду навуковасці.

У часы "беларусізацыі" 1920-х гг. беларуская гістарыяграфія сфарміравала дзве асноўныя канцэпцыі разгляду і ацэнкі паўстання. Адна з іх, "вульгарна-сацыялагічная" (прадстаўнікі: У. Ігнатоўскі і інш.) разглядала паўстанне як польскае, якое значна закранула Беларусь, і набыло асаблівы характар, з'яўляючыся тут, з аднаго боку, сялянскім супраць паноў, з другога — палітычным нацыянальна-вызваленчым супраць царызму. У гэтай канцэпцыі дзеянні "чырвоных" трактаваліся як народныя і антышляхецкія, і амаль як беларускія ў палітычнай скіраванасці, а дзеянні "белых" — як фактычна згодныя з дзеяннямі царскіх уладаў. Паўстанне ў гэтай канцэпцыі дэкларатыўна разглядалася як прадвеснік будучай сацыялістычнай рэвалюцыі.

Падобным чынам, гэта значыць, дэкларатыўна і як падзею-прадвеснік, але ўжо з пункту гледжання будучага абвяшчэння беларускай дзяржаўнасці (БНР), паўстанне разглядалася ў працах беларускіх замежных даследчыкаў 1920-х гг. і пазней (Адам Станкевіч, Ян Станкевіч).

Другая з канцэпцый 1920-х гг. (С. Агурскі, К. Шчарбакоў і інш.) фактычна вярталася да заходнярускай канцэпцыі, цалкам знітоўваючы сілы паўстання з шляхтай і духавенствам, катэгарычна адмаўляючы усенароднасць паўстання, падкрэсліваючы шавіністычны характар паўстання, а Каліноўскага называючы "міфічным героем" і "ідэолагам... шляхты".

Пасля хвалі рэпрэсій 1929—1930 супраць "нацдэмаў" другая ацэнка ўзяла верх, аж да хвалі рэпрэсій 1937—1938, і знішчэння прадстаўнікоў другой ацэнкі. Пасля гэтага частковая "рэабілітацыя" паўстання адбылася ў працах І. Лочмеля (з удзелам Н. Нікольскага, Д. Дудкова), але, напрыклад, у працы У. Пічэты аб антыфеадальных рухах (1940) паўстанне нават не ўзгадвалася. Відавочна, на асцярожнасць у закрананні гэтай тэмы ўплываў палітычны клімат часоў савецка-нямецкага раздзелу Польшчы (1939). У гэтай сітуацыі ўзнік шэраг супярэчлівых міфаў адносна паўстання, якія не мелі нічога агульнага з гістарычнай рэчаіснасцю падзей 1863—1864 гг. — напрыклад, пра скіраванасць паўстання, якое ў Беларусі было сялянскім пад кіраўніцтвам Каліноўскага, супраць польскай шляхты.

У далейшым (1940—1950-я гг.) колькасць міфаў пабольшала, і да "сялянскага характару паўстання ў Літве і Беларусі" дадаўся міф (У. Перцаў, 1945; І. Лушчыцкі ў 1950-я гг.; С. Самбук у 1960-я—1970-я гг.) аб "сялянскім рэвалюцыянеры" Каліноўскім і аб яго намеры ўтварэння "літоўска-беларускай рэспублікі, самастойнай і ад Польшчы і ад Расіі".

Пэўны паварот да навуковасці ў разглядзе пытання адбыўся на працягу канца 1950-х — пач. 1970-х гг., калі выйшаў шэраг прац з шырокім выкарыстаннем архіўных матэрыялаў (манаграфіі А. Смірнова, 1959—1964, кнігі Г. Кісялёва, 1963, 1966). Тут назіралася барацьба старых схем і новага (і супярэчлівага схемам) дакументальнага матэрыялу. Напрыклад, у працах Смірнова адносіны сялянства Літвы і Беларусі да паўстання так і не былі раскрыты.

За 1980-я — 2000-я гг., нягледзячы на ўсведамленне праблемы (М. Біч), так і не быў зроблены навуковы, непалітызаваны аналіз біяграфіі Каліноўскага і гісторыі паўстання 1863—1864 гг. Аўтары або вярталіся да палітызаваных міфаў 1920—1950-х гг. (М. Біч, Г. Сагановіч, У. Арлоў, І. Саверчанка) або да версій блізкіх заходнерусізму (У. Чарапіца, Е. Новік і У. Марцуль). Па-ранейшаму ў беларускай гістарыяграфіі няма манаграфічнай працы, якая б спалучала аналіз падзей паўстання з аналізам крыніц рэканструкцыі гэтых падзей. Агульным для беларускай гістарыяграфіі з'яўляецца слабая ўвага або толькі дэкларацыйнае прызнанне ролі агульнаеўрапейскага (замежнапалітычнага) і польскага кантэксту ў падзеях паўстання.


ЗАКЛЮЧЭННЕ

Пасля напісання курсавой работы на тэму “Паўстанне 1863-1864 гадоў у Беларусі. Кастусь Каліноўскі” можна зрабіць наступныя вынікі:

Паўстанне 1863-1864 гадоў было смелым адказам на прыгнечанне беларускага люду з боку царскіх уладаў. Апошняй кропляй стала несправядлівая аграрная рэформа. Сялянства хвалявалася, адмаўлялася падпісваць устаўныя граматы, уздымалася на адкрытую барацьбу з памешчыкамі. У гэтых умовах у Польшчы, Літве і Беларусі пачаў разгортвацца нацыянальна-вызваленчы рух, накіраваны супраць рэшткаў прыгону, супраць самадзяржаўя, за правы чалавека і грамадзяніна.

Патрыятычны лагер падзяляўся на дэмакратаў, якія выступалі за паўстанне, і лібералаў, прыхільнікаў мірных сродкаў барацьбы.

Пачатак паўстання быў нечаканым для царскага камандавання, якое сканцэнтравала войскі ў некалькіх буйных польскіх гарадах. Нягледзячы на гэтыя спрыяльныя ўмовы, рэвалюцыянеры не скарысталі час для папаўнення і ўзбраення сваіх атрадаў. Памылковая абарончая тактыка, недахоп зброі і вайсковай вывучкі, рознагалоссі паміж кіраўніцтвам не дазволілі паўстанцам авалодаць колькі-небудзь значнымі гарадамі і перамагчы праціўніка.

Кастусь Каліноўскі – магчыма самая значная фігура ў беларускай гісторыі. І не толькі таму, што ён узначаліў паўстанне 1863-64 гг. на Беларусі; не толькі таму, што прыняў пакутніцкую смерць за Бацькаўшчыну. Самае галоўнае у ягонай постаці – ён стаў гістарычным мастом паміж старажытнай ідэяй дзяржаўнасці Вялікага Княства Літоўскага і ідэямі беларускага нацыяналізму 20-га стагоддзя, якія увасобіліся ў стварэньні БНР у 1918 г., а іх лягічным завяршэньнем стала стварэнне незалежнай беларускай дзяржавы ў 1991 г.

Улетку 1862 года Каліноўскі разам з паплечнікамі з Гарадзенскай рэвалюцыйнай арганізацыі Феліксам Ражанскім, Станіславам Сангінам і Валерам Урублеўскім распачаў выпуск «Мужыцкай праўды» — першай у гісторыі газеты на беларускай мове.

К. Каліноўскі змог наладзіць найбольш актыўную і выніковую дзейнасць паўстанца, але за свае дзеянні быў арыштаваны і павешаны, як і большасць яго бліжэйшых паплечнікаў.

Сярод негатыўных наступстваў паўстання можна адзначыць тое, што беларускі народ не прызнаваўся, як і раней, самастойным этнасам, наша мова і культура лічыліся састаўнымі часткамі рускай мовы і культуры. Да канца 60-х гадоў край заставаўся на ваенным становішчы. Была зачынена адзіная вышэйшая школа на Беларусі – Горы-Горацкі земляробчы інстытут, і далейшыя хадайніцтвы аб адкрыцці на нашых землях ВНУ адхіляліся расійскім урадам. Больш за тое, нават колькасць гімназіяў у краі здавалася Мураўёву завялікай.

Але разам з тым у выніках паўстання было шмат пазітыўнага. Пад пагрозай народнай рэвалюцыі, царызм быў вымушаны пайсці на значныя ўступкі беларуска-літоўскаму сялянству і змякчыць для яго ўмовы лютаўскай рэформы 1861 года. Для паўстання 1863-1864 гг. характэрна тое, што ў ім побач з польскім нацыянальна-вызваленчым рухам узняўся беларускі нацыянальна-вызваленчы рух, выразнікам ідэй якога быў К. Каліноўскі. Паўстанне 1863—1864 гг. выклікала вялікі грамадскі рэзананс у тагачаснай Расіі і, між іншым, прыцягнула ўвагу грамадства да Беларусі як да з'явы з гістарычнымі каранямі, адкрыла "беларускае пытанне" і зрабіла яго адной з найважнейшых тэм даследаванняў і публікацый у 1860—1870-я гг., стала вызначальным фактарам развіцця беларускай гістарыяграфіі гэтага перыяду.


СПІС ЛІТАРАТУРЫ

1.         150 пытанняў і адказаў з гісторыі Беларусі / Уклад. З. Санько, І. Саверчанка - Вільня: "Наша будучыня", 2002;

2.         Арлоў У., Сагановіч Г. Дзесяць вякоў беларускай гісторыі. - Вільня: "Наша будучыня", 1999;

3.         Запавет Мураўёва, графа Віленскага. Записка о некоторыхъ вопросахъ по устройству Северо-западнаго края // Новы Час №11(16), 2003;

4.         Гісторыя Беларусі. У 2-х ч. Ч. 1. / Я. К. Новік, Г. С. Марцуль, І. Л. Качалаў і інш. - Мінск: "Універсітэцкае", 2000;

5.         Ігнатоўскі У. М. Кароткі нарыс гісторыі Беларусі. - Мінск: "Беларусь", 1992;

6.         Иллюстрированная хронология истории Беларуси. - Минск: "БелЭн", 1998;

7.         История Беларуси в документах и материалах / Авт.-сост. И. Н. Кузнецов, В.Г. Мазец - Минск: "Амалфея", 2000;

8.         Каліноўскі К. За нашую вольнасць. Творы, дакументы / Уклад. Г. Кісялёў - Мінск: "Беларускі кнігазбор", 1999;

9.         К. Калиновский. Из печатного и рукописного наследия. - Минск: "Беларусь", 1988;

10.      Краіна Беларусь. Ілюстраваная гісторыя / У. Арлоў, З. Герасімовіч. - Martin: "Neografia", 2003;

11.      Нарысы гісторыі Беларусі. У 2-х ч. Ч. 1. М. П. Касцюк, У. Ф. Ісаенка, Г. В. Штыхаў і інш. - Мінск: "Беларусь", 1994;

12.      Таляронак С. Генерал Міхаіл Мураўёў 7-"Вешальнік" // Беларускі гістарычны часопіс №3, 1997;

13.      Шалькевич В. Ф. Кастусь Калиновский: Страницы биографии. – Мн.: Университетское, 1988. – 240 с.: ил.

14.      Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Тт. 1-6/ч. 1/. - Мінск "БелЭн", 1993-2001;


Информация о работе «Кастусь Каліноўскі - кіраўнік паўстанцаў»
Раздел: История
Количество знаков с пробелами: 61369
Количество таблиц: 0
Количество изображений: 0

Похожие работы

Скачать
8693
0
0

... Серакоўскі і Яраслаў Дамброўскі У гэтую арганізацыю ўваходзілі студэнт Ляснога інстытута Валерый Урублеўскі і іншыя прагрэсіўна настроеныя людзі, многія з якіх пазней сталі паплечнікамі Каліноўскага. У яе складзе быў і сам Кастусь з братам Віктарам. На фарміраванне рэвалюцыйна-дэмакратычнага светапогляду К.Каліноўскага ўплывала і сама грамадска-палітычная атмасфера ў краіне. Яшчэ ў 30-я гады был ...

Скачать
32574
0
0

... тым, што рух 1830-1831 гг. меў вузкую сацыяльную базу, у той час калі галоўнай сілай у вызваленчым руху павінны былі выступаць шырокія дэмакратычныя масы, і перш за ўсё сялянства. Грамадска-палітычныя погляды М. Валовіча гэтага перыяду характарызуюцца сацыяльным радыкалізмам і дэмакратызмам. Разглядаючы буйную зямельную ўласнасць як галоўную прычыну галечы і прыгнёту сялянскіх мас, ён выступіў ...

Скачать
48484
1
0

... гаворкі з ім немагчыма. Да таго ж трэба ведаць усю яго творчасць, каб адчуць хваляванне яго аналітычнага розуму і яго імкненне да раскрыцця складаных праблем мінулага Беларусі. Часта ў творах У .Караткевіча пераплятаецца старажытная веліч і дынаміка прыгодніцкага апавядання ў легендарна-паэтычным пераламленні гістарычнай рэальнасці. Стыль яго нагадвае мне чымсьці старажытны, амаль бязлюдны ...

Скачать
15328
0
0

... многiя члены Аддзела кiравання правiнцыямi Лiтвы, некаторыя пакiнулi свае пасады i эмiгрыравалi. У склад Аддзела былi ўведзены К.калiноўскi i I.Малахоўскi. Кiраўнiцтва паўстаннем зноў перайшло ў рукi "чырвоных". Прыхiльнiкамi К.каліноўскага быў створаны падпольны ўрад "Лiтоўска-Беларускi чырвоны жонд". Яго мэтай стала спроба адрадзiць паўстанне. У мясцовыя паўстанцкiя арганiзацыi былi прызначаны ...

0 комментариев


Наверх