Г. адзначыўся ўступленнем ВКЛ у лік удзельнікаў Інфлянцкай вайны

70827
знаков
0
таблиц
0
изображений

1559 г. адзначыўся ўступленнем ВКЛ у лік удзельнікаў Інфлянцкай вайны.

Кіраўніцтва ВКЛ увяло на тэрыторыю Інфлянтаў свой вайсковы кантынгент, які замацаваўся ў паўднёва-ўсходніх раёнах, памежных з Масоўскай дзяржавай. Размяшчэнне ўласных гарнізонаў у інфлянцкіх землях з'яўлялася важнай задачай. У другой палове 1560 г. войскі Княства находзіліся ў новых умацаваных пунктах, у тым ліку ў Рэвелі, Вендэне, Вольмары і інш. Увогуле ж літоўская сфера ўплыву за 1560-1561 гг. працягнулася да лініі замкаў Пернава-Гельмэт-Эрмэс-Шванэнбург-Марыенгаўзен.

Уступленне ў інфлянцкі канфлікт суправаджалася імкненнем кіраўніцтва ВКЛ пазбегнуць пагаршэння адносін з Масквой. На дыпламатычным фронце літоўскія радныя паны рабілі спробы пераканаць маскоўскіх прадстаўнікоў у тым, што ўвядзенне войск у Лівонію было абумоўлена ціскам з боку палякаў. Цалкам магчыма, што літвіны за спіной інфлянцаў шукалі кампрамісны варыянт вырашэння інфлянцкай праблемы праз узаемавыгадны падзел тэрыторыі Інфлянтаў. Але галоўнай задачай ВКЛ было забеспячэнне абароны па лініі Дзвіны, якая звязвала паўночна-ўсходнія раёны краіны з Балтыйскім морам, і авалоданне найважнейшымі гандлёвымі партамі на марскім узбярэжжы. Маскоўскі бок у сваю чаргу не жадаў шукаць кампрамісу з літвінамі. Пакрысе ў Вільні прыходзілі да разумення таго, што, нягледзячы на зробленыя дыпламатычныя намаганні, захаваць мір з Маскоўскай дзяржавай і адначасова ўмацаваць свае пазіцыі ў Інфлянтах немагчыма. У жніўні 1560 г. паблізу інфлянцкіх замкаў Вендэн і Вольмар адбыліся першыя сутычкі паміж маскоўскімі і літоўскімі вайсковымі групоўкамі. Звесткі пра іх вынікі супярэчлівыя.

М. Стрыйкоўскі піша пра поўную перамогу літоўскай вайсковай групоўкі над вялікім маскоўскім войскам, з супрацьлеглага ж боку крыніцы паведамляюць пра цалкам адваротныя вынікі.

3 цягам часу канфлікт толькі абвастрыўся. Аднак да шырокамаштабных ваенных дзеянняў не дайшло. Маскоўскі бок вырашыў пачакаць да поўнага высвятлення пазіцыі ВКЛ.

У верасні 1561 г. літоўская вайсковая групоўка на чале з найвышэйшым гетманам М. Радзівілам Рудым адбіла ў маскоўскага войска замак Тарваст. Эфект ад гэтай перамогі быў малым, улічваючы захоп у гэты ж час непрыяцелем Феліна - адной з наймацнейшых крэпасцей у Інфлянтах. Гарнізон у захопленым замку Тарваст, які не меў важнага стратэгічнага значэння, вырашана было не пакідаць. Неўзабаве сюды вярнуліся маскоўскія ратнікі. Цалкам верагодна, што аблога Тарваста была распачата, каб паказаць інфлянцкаму кіраўніцтву намеры літвінаў змагацца за захопленыя Масквой тэрыторыі. Страта Рэвеля ўлетку 1561 г. і яго пераход пад юрысдыкцыю Швецыі, якая таксама ўступіла ў змаганне за інфлянцкія землі, паказала кіраўніцтву Вялікага Княства патрэбу ў больш шчыльным падпарадкаванні сваей падкантрольнай тэрыторыі Інфлянцкай дзяржавы.

У жніўні 1561 г. адбыўся візіт канцлера ВКЛ М. Радзівіла Чорнага ў Рыгу. На перамовах Радзівіл выклаў прапановы, якія прадугледжвалі, пераход Рыгі і правабярэжных Інфлянтаў пад непасрэдны пратэктарат Жыгімонта Аўгуста. У якасці ўмоў інфлянцкі бок прасіў захаваць свабоду пратэстанцкага веравызнання, пацвердзіць ільготы і прывілеі даўнейшых часоў, абараніць мясцовае кіраўніцтва ад магчымых абвінавачанняў германскага імператара ў здрадзе сваім васальным абавязкам, гарантаваць тутэйшаму нямецкаму насельніцтву займанне кіруючых пасад, весці вайну за вызваленне занятых непрыяцелем інфлянцкіх тэрыторый. Магістр Ордэна Г. Кетлер і рыжскі архіепіскап Вільгельм жадалі захаваць уладу ў якасці васалаў Жыгімонта Аўгуста.

Перамовы прадоўжыліся ў Вільні. Інфлянцкія прадстаўнікі заявілі пра сваё імкненне перайсці пад пратэктарат адразу і ВКЛ, і Польшчы. Iх не задавальнялі аб'ёмы і эфектыўнасць вайсковай дапамогі з боку Вялікага Княства. Гэта разыходзілася з пазіцыяй літоўскіх радных паноў начале з М. Радзівілам Чорным, якія не жадалі дзяліцца з палякамі карысцю ад падпарадкавання Інфлянтаў.

Але з павяліченнем пагрозы нанясення царскімі войскамі новых удараў па тэрыторыі Інфлянтаў, кампраміс быў вынайдзены. У заключанай 28 лістапада 1561 г. дамове Інфлянты фармальна пераходзілі пад персанальную юрысдыкцыю Жыгімонта Аўгуста.

Дамова прадугледжвала ліквідацыю Інфлянцкай дзяржавы ў яе старым выглядзе і стварэнне на гэтай тэрыторыі новых дзяржаўных структур, падначаленых польска-літоўскаму гаспадару. На левабярэжнай частцы Інфлянтаў было створана Курляндскае герцагства на чале з герцагам Г. Кетлерам. Справа па цячэнні Дзвіны ўтваралася Задзвінскае герцагства, якое фармальна належала Жыгімонту Аўгусту як вярхоўнаму валадару. Кіруючыя паўнамоцтвы тут таксама атрымаў Г. Кетлер.

Артыкулы пагаднення ўключалі ў сабе асноўныя просьбы інфлянцкага боку. Да іх далучыліся: дазвол біць уласную манету, намінал якой не адрозніваўся ад літоўскага гроша, наданне аўтаномнага статуса судовым органам, вызваленне ад падаткаў на неакрэслены тэрмін па прычыне ваенных спусташэнняў, забарона гандлю для асоб яўрэйскага паходжання.

Такім чынам, Інфлянты захавалі поўную самастойнасць ва ўнутрыпалітычных справах і фактычна атрымалі статус "дзяржавы ў дзяржаве".

Дзякуючы вайсковым гарнізонам кіраўніцтва ВКЛ мела магчымасць кантраляваць палітычную сітуацыю. Жыгімонт Аўгуст не мог пайсці на рэальнае далучэнне (інкарпарацыю) інфлянцкай тэрыторыі да ВКЛ з-за нежадання псаваць адносіны са Свяшчэннай Рымскай імперыяй германскай нацыі, чым васалам намінальна з'яўляліся Інфлянты. Важным быў таксама пазітыўны погляд на інфлянцкую палітыку ВКЛ з боку еўрапейскай грамадскай думкі. Варта пры гэтым адзначыць, што неўзабаве, у 1566 г., Інфлянты ўсё ж такі далучыліся да ВКЛ і перасталі карыстацца шырокай унутрыпалітычнай аўтаноміяй.

Заключэнне дамовы 1561 г. было відавочным поспехам палітыкі ВКЛ, але ён не быў поўным з-за ўхілення рыжан ад яе падпісання. Рыга звязвала дзвінскі шлях з Балтыйскім морам. Гэта абумоўлівала важнае стратэгічнае значэнне горада.

Развітая партовая інфраструктура горада давала выдатныя магчымасці для гандлю з Еўропай. Авалоданне кантролем над Рыгай было адной з найгалоўнейшых задач кіраўніцтва як ВКЛ, так і Маскоўскай дзяржавы. Выказваючы ў 1561 г. лаяльнасць літоўскаму гаспадару, Рыга пагаджалася толькі на ваеннае супрацоўніцтва. Аднак гарнізон ВКЛ там так і не быў размешчаны. Горад заставаўся незалежным да 1581 г. Праўда, у знешніх зносінах яго самастойнасць была намінальнай. Фармальна Княства дасягнула значных поспехаў, распаўсюдзіўшы свой уплыў на большую частку тэрыторыі былой Інфлянцкай дзяржавы. Аднак літоўскія палітычныя эліты не атрымалі магчымасці займаць тут кіруючыя пасады, набываць зямельныя ўладанні. Замест гэтага на плечы кіруючыга кола ВКЛ была ўскладзена задача абароны Інфлянтаў. Утрыманне значнага кантынгенту наёмных жаўнераў дорага абыходзілася дзяржаўнаму скарбу ВКЛ. На пачатку 60-х гг. XVI ст. выявіўся недахоп сродкаў для арганізацыі эфектыўнай абароны гэтых зямель. Да таго ж з'явілася рэальная пагроза шырокамаштабнай вайны з Маскоўскай дзяржавай. Развіццё падзей у Інфлянтах у канцы 50-х - пачатку 60-х гг. XVI ст. вызначыла непазбежнасць новай вайны паміж ВКЛ і Маскоўскай дзяржавай. Нягледзячы на намаганні літоўскіх радных паноў прадоўжыць перамір'е, стала зразумела, што прадухіліць вайну будзе вельмі цяжка.

1.3 Другі перыяд вайны (1562–1578)

Ваенныя дзеянні 1562 г.

Пасланцы высланыя ў Маскву на пачатку 1562 г., пацярпелі поўны крах. Гэта канчаткова выявіла крах мірных ініцыятыў кіруючых колаў ВКЛ. Напрыканцы caкавіка 1562 г. маскоўскія войскі здзейснілі напад на памежныя раёны Полацкай зямлі, учынілі шэраг набегаў на ваколіцы Оршы, Дуброўны,Мсціслава, спаліўшы пасады гэтых гарадоў. 20 мая 1562 г. вялікае маскоўскае войска на чале з А. Курбскім падышло да Віцебска. Трохдзённае стаянне ля горада скончылася тым, што былі спалены пасады і спустошаны ваколіцы. Неўзабаве царавы ратнікі вярнуліся ў Вялікія Лукі, спаліўшы па дарозе пасады Суража. Войска ВКЛ таксама здзейсніла шэраг выпадаў на маскоўскія воласці, у прыватнасці, выпаліла ваколіцы Смалеска і беспаспяхова атакавала веліжскія ўмацаванні. Другая вайсковая групоўка, спустошыла раёны Себежа і Апочкі. Адначасова віленскі двор шукаў вайсковай падтрымкі збоку. Пленам дыпламатычных намаганняў стала дамоўленасць паміж ВКЛ і Крымам аб узгодненых ваенных дзеяннях. На пачатку ліпеня 1562 г. крымскае войска падышло да Мцэнска. У выніку Іван IV загадаў спыніць падрыхтоўку вялікай выправы супраць ВКЛ, скіраваўшы ўсе сілы на адпор татар.

Значная ваенная падзея адбылася 19 жніўня 1562 г. паблізу Невеля, дзе сутыкнуліся групоўка наёмных жаўнераў на чале з польскім ротмістрам С. Леснявольскім і маскоўскае войска пад камандай А. Курбскага. Па словах Івана Грознага, 15 тыс. маскоўскіх ратнікаў супрацьстаяла 4 тыс. палякаў і літвінаў. Польска-літоўскі атрад удала размясціўся ў цесным балотным месцы, якое было з двух бакоў акружана вадой, і на працягу цэлага дня стрымліваў націск пераважных сіл непрыяцеля, робячы паспяховыя вылазкі невялікіх груп коннікаў. Урэшце, выкарыстаўшы спрыяльны момант, роты палякаў і літвінаў з гордасцю адступілі. Літоўскае войска страціла ўсяго 15—16 чалавек. 3 маскоўскага боку на полі бою засталося, па розных даных, ад 1500 да 7-8 тыс. чалавек. Гэтае паражэнне царскага войска стала адной з галоўных прычын пагаршэння адносін Івана IV з А. Курбскім, які праз два гады эміграваў у Літву. Восенню 1562 г. большай актыўнасцю вызначаўся літоўскі бок. ВКЛ ў верасні 1562 г. зноў зрабіла напад на себежскія воласці.

3 надыходам зімы баявыя дзеянні паступова згортваліся. Ваеннымі дзеяннямі 1562 г. скончыўся пачатковы этап супрацьстаяння Вялікага княства Літоўскага і Маскоўскай дзяржавы. Двухбаковыя ўдары, якія адбыліся ў гэтым годзе, не мелі на мэце дасягнення значных ваенных вынікаў, калі не лічыць спусташэнне паселішчаў і рабаванне мясцовага насельніцтва. У задачы абодвух бакоў не ўваходзіла працяглая аблога ўмацаваных пунктаў і планамерная заваёва тэрыторыі праціўніка. У цэлым гэтыя дзеянні павінны былі высветліць наяўныя сілы і рэсурсы, якія меліся ў кожнага з бакоў, і выявілі прыкладную раўнавагу пры лакальных формах барацьбы.

Страта Полацка ў 1563 г

Пачынаючы з верасня 1562 г., маскоўскае кіраўніцтва пачало рыхтавацца да маштабнай выправы на ВКЛ. Сам час яе падрыхтоўкі і правядзення паказваў, што ўлады імкнуліся максімальна выкарыстаць фактар нечаканасці. У восеньскі перыяд баявыя дзеянні, як правіла, згортваліся з-за неспрыяльных умоў надвор'я і немагчымасці здабываць правіянт без вялікіх затрат. У зімовы час на ваенным фронце надыходзіла амаль поўнае зацішша. У гэтых абставінах Іван IV вырашыў ажыццявіць без перабольшання дзёрзкую ваенную аперацыю. Мала хто мог меркаваць, што для ўдару будзе абраны Полацк.

Выбар менавіта Полацка дыктаваўся, напэўна, яго размяшчэннем на Дзвіне. Захоп горада адрэзаў бы Віцебск ад дзвінскага шляху, а ўсё паўночна-ўсходняе памежжа ВКЛ - ад цэнтра краіны. Аднак найважнейшым было тое, што Полацк перакрываў сувязь па Дзвіне з Інфлянтамі. Адсюль вельмі зручна было пагражаць інфлянцкай тэрыторыі, у тым ліку і далёкай Рызе - канчатковай мэце змагання Івана IV. У сваім абгрунтаванні выправы на Полацк маскоўскае кіраўніцтва называла чатыры прычыны. Першая з іх мела яўны ідэалагічны характар - дыскрымінацыя праваслаўнага насельніцтва з боку пратэстантаў-лютэран. Асаблівы рэлігійны каларыт полацкай выправе надавала ўзяцце маскоўскім царом з сабою крыжа Еўфрасінні Полацкай, які перад гэтым захоўваўся ў Смаленску. Тым самым абгрунтоўвалася справядлівасць акцыі, якая прымала характар вяртання святыні на сваё месца. Наступныя тры абгрунтаванні выправы на Полацк цалкам упісваюцца ў кантэкст тагачасных канфліктных маскоўска-літоўскіх адносін. Гэта ігнараванне літоўскім бокам царскага тытула Івана Грознага, сутыкненне інтарэсаў у Інфлянтах і нацкоўванне крымскіх татар на Маскоўскую дзяржаву, што засведчыў перахоп лістоў Жыгімонта Аўгуста ў Крым. Увага пры гэтым акцэнтавалася перш за ўсё на інфлянцкіх справах, дзе ў супрацьстаянні з ВКЛ Масква, безумоўна, прайграла першы этап барацьбы.

Рашэнне аб падрыхтоўцы вялікай выправы маскоўскага войска на ВКЛ было прынята ў верасні 1562 г. Усе мерапрыемствы павінны была праводзіцца ў строгай сакрэтнасці. Пачаткам выправы трэба лічыць 30 лістапада, калі з Масквы ў Мажайск выступіў цар Іван IV. Зрабіўшы там роспіс палкоў, ён вызначыў канчатковую дату збору на 5 студзеня 1563 г. у Вялікіх Луках.

Складаным і адкрытым для дыскусіі застаецца пытанне пра колькасць маскоўскага войска. Пасля супастаўлення розных данных і меркаванняў можна прыйсці да высновы, што актыўная частка войска складала не больш за 60 тыс. чалавек. Аднак у ім мелася і вялікая колькасць дапаможных сіл. Трэба таксама адзначыць, што ў войску было 150-200 гармат разнастайнага калібру. Што гэтаму вялізнаму войску змаглі супрацьпаставіць Літвіны. Колькасць узброеных людзей, якія трапілі пасля захопу Полацка ў маскоўскі палон, складала ўсяго 2 тыс. чалавек. Вядома, што тут знаходзіліся тры польскія наёмныя роты колькасцю 500 чалавек. У замку мелася ад 20 да 40 гармат.Пра збор маскоўскага войска ў Вялікіх Луках у памежных замках ВКЛ даведаліся ўжо на пачатку 1563 г. Аднак ліхаманкавыя спробы рады ВКЛ арганізаваць дапамогу Полацку пацярпели фіяска. Прадпісанні рады шляхта папросту праігнаравала. Падчас аблогі Полацка пад камандай гетмана было толькі 2 тыс. жаўнераў з Вялікага Княства і 1400 польскіх наймітаў. 3 такім малым войскам змагацца супраць маскоўскай навалы было немагчыма. Яно прастаяла ў бяздзейнасці на рацэ Чарніца ўвесь час аблогі і было вымушана адступіць перад небяспекай удару пераважных сіл непрыяцеля. Маскоўскія палкі падышлі да Полацка 31 студзеня 1563 г. і за кароткі час акружылі горад з усіх бакоў. Яго абаронцы адразу пачалі чыніць непрыяцелю перашкоды, абстрэльваючы яго пазіцыі і робячы баявыя вылазкі. Аднак ход падзей развіваўся яўна не на карысць палачан. Дапамога не падыходзіла, і 1 лютага 1563 г. полацкія ўлады вырашылі пайсці на перамовы з непрыяцелем. Яны прасілі спынення агню да 9 лютага 1563 г., каб высветліць, ці згодны палачане на здачу горада. Маскоўскае камандаванне выкарыстала перамовы для далейшага ўмацавання сваіх пазіцый вакол горада. Увесь гэты час царскія ратнікі набліжалі свае гарматы да сцен полацкага пасада. А ўвечары 7 лютага 1563 г. да Полацка падышла цяжкая артылерыя, якая адыграла ў далейшым галоўную ролю ў бамбардзіраванні крэпасці.

9 лютага 1563 г., зразумеўшы безвыніковасць перамоў і ўбачыўшы размяшчэнне маскоўскай артылерыі пад пасадскімі сценамі, палачане запалілі і пакінулі добра ўмацаваны пасад горада. Маскоўскія ратнікі ўварваліся ў пасадскую частку і завязалі бой з палачанамі. Простыя жыхары, якія знаходзіліся тут, убачыўшы такі паварот падзей, вырашылі не ісці ў Верхні замак, а падацца ў маскоўскі лагер. Там апынулася ад 11 да 20 тыс. палачан. Разлад у лагеры абаронцаў не спрыяў наладжванню дзейнага супраціўлення і стаў адной з прычын няўдалай абароны горада.

Пажар пасада дазволіў маскоўцам падцягнуць артылерыю яшчэ бліжэй да замкавых сцен. Да 13 лютага гарматы былі растаўлены па ўсім перыметры ўмацаванняў. Суцэльны абстрэл замка на працягу 13—14 лютага, а таксама падпал ягоных сцен канчаткова вырашылі справу. У крэпасці разгарэўся пажар, затушыць які не было ніякай магчымасці. Палачане не праяўлялі актыўнага супраціўлення, яўна ўражаныя нечакана моцным і інтэнсіўным артылерыйскім агнём. Безнадзейнасць становішча прымусіла палачан пайсці на перамовы і здацца на міласць ворагу. Маскоўскае войска ўвайшло ў горад 15 лютага 1563 г. Пры гэтым татары, якія знаходзіліся на царскай службе, пасеклі па невядомых прычынах манахаў-бернардынцаў. Сам Іван IV загадаў утапіць усіх яўрэяў, якія адмовіліся прыняць хрышчэнне. Большасць полацкага мяшчанства падверглася прымусовай дэпартацыі ў глыб Маскоўскай дзяржавы. Па звестках іншаземных крыніц, было выведзена да 50—60 тыс. чалавек. У той жа час звесткі пра масавае знішчэнне полацкіх мяшчан і шляхты хутчэй за ўсё з'яўляюцца несапраўднымі.

Авалоданне Полацкам забяспечыла маскоўскім войскам выгаднае стратэгічнае становішча. На іх баку адразу аказалася значная ваенная перавага. Поспех Івана IV выклікаў вялікі міжнародны рэзананс. Апынуўшыся ў цяжкім становішчы і не маючы магчымасцей для хуткага рэваншу, кіраўніцтва ВКЛ вырашыла як мага хутчэй заключыць перамір'е. Маскоўскі двор пагадзіўся на перамір'е да 15 жніўня 1563 г.У чэрвені 1563 г. маскоўскае кіраўніцтва прапанавала падоўжыць яго да 1 лістапада. У сваю чаргу літоўскі бок заявіў аб жаданні захоўваць мір ажно да 25 сакавіка 1564 г.Аднак у Маскве пагадзіліся трымаць перамір'е толькі да 6 снежня 1563 г. Дыпламатычныя зносіны павінны былі завяршыцца прыездам у Маскву вялікага пасольства з ВКЛ.

Існаванне мірнай дамоўленасці не перашкодзіла маскоўскаму боку заняцца далучэннем зямель на левым беразе Дзвіны. Цар зыходзіў з відавочнага для сябе палажэння, што цяпер усё Полацкае ваяводства па праве мацнейшага належыць яму. Вынікам маскоўскіх рэйдаў у глыб Полаччыны, якія адбыліся ўлетку 1563 г., было прывядзенне мясцовага насельніцтва да прысягі на вернасць маскоўскай уладзе, а разам з тым звыклае спусташэнне тэрыторый. Такім чынам, нападам маскоўскага войска ўлетку 1563 г. падверглася амаль уся левабярэжная Полаччына. Гэта была самая разгорнутая кампанія, ажыццёўленая Маскоўскім княствам на тэрыторыі Полацкай зямлі за ўвесь час Інфлянцкай вайны.

Вялікае Княства не збіралася мірыцца з Масквой. У Вільні былі ўпэўнены ў бесперспектыўнасці перамоў і падрыхтоўцы маскоўскім бокам пад іх прыкрыццём новага ўдару па Літве. У Вялікім княстве спадзяваліся на дапамогу крымскага хана, якога прасілі выступіць у выпадку патрэбы ў напрамку Смаленска, дзе магло б адбыцца злучэнне літоўскіх і крымскіх сіл. Аднак сапраўдны рэванш кіраўніцтва ВКЛ планавала ўзяць улетку 1564 г. Менавіта таму паслы, адпраўленыя ў Маскву, павінны былі згаджацца на заключэнне перамір'я толькі да 1 ліпеня 1564 г. Жыгімонт Аўгуст зноў ўсклаў вялікія надзеі на падтрымку з боку Крыма, просячы хана аб сумесным удары па маскоўскіх землях. У той жа час перамовы, якія праходзілі ў Маскве, скончыліся беспаспяхова.

 Ульская бітва 1564 г.

Зрыў перамоў прывёў да аднаўлення ваенных дзеянняў. Цалкам верагодна, што выправа на Літву планавалася ўжо перад пачаткам перамоў. Маскоўскія дыпламаты прапанавалі нерэальныя умовы, на якія літвіны проста не маглі пагадзіцца. У студзені 1564 г. ваенныя дзеянні былі адноўлены. Вялікія групоўкі маскоўскага войска адначасова выступілі з Полацка і Смаленска. Яны павінны былі рухацца ў напрамку Оршы і сустрэцца непадалёку ад горада. Пасля злучэння царскія сілы планавалі рушыць у бок Менска і Наваградка. Перад бітвай асноўныя сілы войска ВКЛ знаходзіліся ў Лукомлі. Добра што працавала літоўская разведка. Атрымаўшы звесткі аб руху маскоўскага войска, 26 студзеня 1564 г. літвіны пайшлі насустрач яму ў напрамку Улы. Неўзабаве адбылася першая сутычка з маскоўскім авангардам. Літоўскае войска старанна падрыхтавалася да бойкі. Літвіны нанеслі ўдар з двух бакоў - з флангу, а затым і з тылу. Літоўскія жаўнеры гналіся за разбітым непрыяцелем пяць міль, пры гэтым шмат царскіх людзей патанула ў рэках і загінула ад рук сялян з навакольных вёсак. Менавіта падчас пагоні палегла асноўная колькасць маскоўцаў. Польскае наёмнае войска, размешчанае на тэрыторыі ВКЛ, у Ульскай бітве 1564 г. не ўдзельнічала. На момант бою яно знаходзілася паблізу Барысава. Даведаўшыся пра бой, палякі рушылі ў бок тэатра ваенных дзеянняў, аднак неўзабаве былі затрыманы загадам найвышэйшага гетмана М. Радзівіла Рудога, які пасля разгрому маскоўскіх сіл не бачыў у гэтым патрэбы. Пазней польскія жаўнеры наракалі, што іх наўмысна затрымалі далека ад месца баявых дзеянняў, каб не падзяліцца пераможнымі вынікамі.

Камандаванне войска ВКЛ добра ведала аб прысутнасці ў межах дзяржавы другога непрыяцельскага войска, якое на момант бітвы пад Улай знаходзілася ў раёне Дуброўны, умацаваўшыся там, па сведчаннях Я. Уханскага, лагерам. Гэта не дазваляла лічыць, што ваенная пагроза цалкам ліквідавана. Таму пасля пачатковай эйфарыі прыйшло разуменне, што неабходна расправіцца і з смаленскай групоўкай праціўніка, якая яшчэ нічога не ведала пра разгром войска П. Шуйскага. Вызначальную ролю ў баявых дзеяннях супраць смаленскай групоўкі адыграў аршанскі староста і ротмістр Філон Кміта. Усяго пад яго камандаваннем знаходзілася ад пяцісот да 2 тыс. коннікаў.

Хутчэй за ўсё акцыя, здзейсненая пад кіраўніцтвам Ф. Кміты, адбылася на пачатку лютага 1564 г. Даведаўшыся аб дакладным размяшчэнні маскоўскага войска, ён вырашыў справакаваць у ім панічныя настроі. Аршанскі староста выслаў у бок маскоўскага лагера трох дабравольцаў. Яны везлі да камандуючага дубровенскім гарнізонам ліст, у якім паведамлялася, што неўзабаве да гэтага замка падыдзе вялікае войска літвінаў. Высланыя Кмітам казакі мелі пры сабе таксама спецыяльна складзены рэестр забітых і паланёных падчас Ульскай бітвы маскоўскіх ратнікаў. Маршрут быў выпрацаваны так, што яны не маглі не трапіць у рукі непрыяцельскай "старожы". Пасля азнакамлення з адабранымі паперамі ў маскоўскім войску пачалася паніка. Царскія ваяводы не жадалі сустракацца з літоўскім войскам, думаючы толькі пра адыход у бяспечнае месца.

Кіраўніцтва ВКЛ імкнулася выкарыстаць перамогу ў Ульскай бітве ў прапагандысцкіх мэтах, акцэнтуючы ўвагу на тым, што літвіны справіліся з маскоўскімі войскамі ўласнымі сіламі, без дапамогі палякаў. М. Радзівіл Чорны згарнуў перамовы аб уніі ВКЛ з Польшчай, якія ішлі на Варшаўскім сейме, саслаўшыся на важныя справы ў ВКЛ. Заклю­

чэнне уніі было адцягнута на пяць гадоў. Галоўны ваенны вынік Ульскай бітвы 1564 г. заключаўся для літвінаў у знішчэнні значнай колькасці жывой сілы праціўніка, у першую чаргу каманднага саставу войска. Аднак адсутнасць тэрытарыяльных змен пасля бітвы змяншала яе канчатковы ваенна-стратэгічны эфект. Войска ВКЛ не прыняло надежных мер па адабранні ў праціўніка захопленых зямель. Маскоўскія войскі засталіся валадарыць на ўсім абшары правабярэжнай Полаччыны і на частцы левабярэжжа Дзвіны. Літвіны так і не здолелі у бліжэйшым часе пераламаць ход падзей на сваю карысць.

Ваенныя дзеянні пасля 1564 г.

Улетку 1564 г. ваенныя дзеянні зноў, як у 1562 г., прынялі форму раптоўных удараў невялікіх вайсковых атрадаў па памежных тэрыторыях праціўніка. Пастаянна адбываліся уварванні літоўскіх жаўнераў з Інфлянтаў на Пскоўшчыну. Час ад часу маскоўскім войскам ўдавалася даваць адпор. Адным з асноўных цэнтраў, адкуль ажыццяўляліся напады на тэрыторыю ВКЛ, паранейшаму заставаўся Смаленск. Маскоўскае камандаванне не пакінула намераў больш шырокага захопу тэрыторыі ВКЛ. Да ідэі правядзення шырокамаштабнай аперацыі супраць Маскоускай дзяржавы ў ВКЛ вярнуліся толькі восенню 1564 г. Цяпер стаўка была зроблена на наёмныя сілы. У войску знаходзілася 4900 коннікау,3700 драбаў (пехацінцаў), не лічачы ротаў з ВКЛ, у якіх, паводле звестак амаль усе былі палякі. Мэтай ваеннага паходу быў выбраны Полацк. Лiтоўска-польскае войска падышло да горада 16 верасня 1564 г. Войска не было падрыхтавана весці аблогу, яно амаль што не мела гармат. Літоўскае камандаванне спадзявалася на адкрытую бітву. Аднак маскоўскія ратнікі зачыніліся ў полацкіх сценах, выбраўшы звыклую для сябе тактыку працяглай абароны. На дапамогу Полацку выступіла вайсковая групоўка з Вялікіх Лукаў. Яе прысутнасць не спатрэбілася. 4 кастрычніка 1564 г. літвіны адступілі, так і не пачаўшых актыўных дзеянняў па аблозе замка.

Пасіўныя дзеянні пад Полацкам хутка абярнуліся для літвінаў павальным паражэннем. Маскоўскае войска, што выступіу з Вялікіх Лукаў, 6 лістапада 1564 г. захапіла замак Азярышча, найбольш аддалены абарончы пункт на правым беразе Дзвіны. Захоп Азярышча быў асабліва прыкрай падзеяй на фоне бліскучай перамогі пад Улай напачатку года. Яшчэ раз было засведчана, што Княства не можа супрацьпаставіць націску непрыяцеля эфектыўную абарону. Гэтая страта маральна прыгнятала кіраўніцтва ВКЛ.

У 1565 г. ваенныя дзеянні страцілі сваю маштабнасць, зноў прыняўшы характар спусташальных выпраў нязначных вайсковых атрадаў на памежныя землі праціўніка. Адной з найбольш важных падзей стаў рэйд польскай коннай групоўкі на пачатку сакавіка 1565 г. на тэрыторыю Пскоўскай зямлі. Пасля непрацяглай аблогі Краснага гарадка польскія вайскоўцы мелі сустрэчу з атрадам І.А. Шуйскага, які прыйшоў з Вялікіх Лукаў. Поспех, відавочна, быў за польскімі коннікамі. Пасля гэтай сутычкі яны наладзілі пагоню за маскоўскім непрыяцелем, але не дагнаўшы яго, учынілі спусташэнні па ўсёй паўднёва-заходняй частцы Пскоўшчыны. Пскоўскія, а таксама дэрпцкія воласці з'яўляліся і надалей аб'ектам пастаянных нападаў з боку падначаленай Літве часткі Інфлянтаў.

Становішча на ўсходнім памежжы ВКЛ таксама было неспакойным. Размешчаныя тут польскія наёмнікі здзейснілі паход у раён Смаленска. Яны спалілі прадмесці горада і разбілі атрад непрыяцеля ў адкрытым полі. Затым групоўка польскіх коннікаў павярнула ў бок Северскай зямлі, дзе спустошыла шматлікія воласці.

Раз-пораз царскім людзям удавалася супрацьдзейнічаць нападам літвінаў. Так, 8 чэрвеня 1565 г. смаленскі ваявода П. Марозаў разбіў віцебскіх казакаў, якія напалі на смаленскую акругу; у палоне апынуліся 62 чалавекі. Праз два дні тое ж самае здарылася з мсціслаўскім атрадам, які налічваў 1200 чалавек. Маскоўскія ратнікі ўзялі ў палон 23 "языкі". Няўдалым для літвінаў аказаўся і паход на раслаўскія воласці - пры вяртанні атрад пад камандаваннем I. Лычкі падвергся нападу, у выніку чаго ў палон быў узяты сам камандзір. Увогуле, баявыя дзеянні 1565 г. не вызначаліся інтэнсіўнасцю. Актыўнай вайне ў 1565-1566 гг. перашкаджала эпідэмія чумы, якая ахапіла ў гэты час Наваградчыну, Полаччыну і Смаленшчыну. Яна суцішылася толькі прыкладна ў другой палове 1566 г.

У сярэдзіне 1565 г. па ініцыятыве літоўскага боку былі адноўлены дыпламатычныя зносіны з Масквой. Перамовы аб міры нічога у гэтым кірунку не далі, паколькі прадстаўнік ВКЛ патрабаваў вярнуць Полацк і Смаленск, і вайна працягвалася.У перыяд 1567-1569 гг. рускія войскі, умацоўваючы пазіцыі каля Полацка, збудавалі крэпасці Суша, Сокал, Сітна, Красны, Казьяны, Усвяты, Туроўля. Увогуле ваенныя дзеянні 60-х гг. XVI ст. паказалі бясспрэчную перавагу літоўскага войска ў адкрытым змаганні. Аднак літвіны саступалі маскоўскім ратнікам у правядзенні аблогавых аперацый. Гэта стала прычынай значных тэрытарыяльных стратаў ВКЛ на Полаччыне. Пасля шырокамаштабных аперацый 1563-1564 гг. ваенныя дзеянні набылі лакальны характер. У 1566 г. царскія войскі пачалі замацаванне на захопленай тэрыторыі Полаччыны, у выніку чаго там з'явіліся новыя абарончыя пункты. У другой палове 60-х гг. літвінам ўдалося схіліць перавагу ў ваенным супрацьстаянні на свой бок. Важнай ваеннай перамогай было адабранне Улы ў 1568 г. Аднак цэнтральная ўлада ў ВКЛ не змагла арганізаваць буйнамаштабных ваенных акцый. Вільня мела пільную патрэбу ў мірнай перадышцы для ўзнаўлення сваіх рэсурсаў і вырашэння важных унутрыпалітычных пытанняў. Не менш зацікаўленай у міры была і Маскоўская дзяржава. Вынікам кампрамісу з'явілася заключэнне трохгадовага перамір'я ў 1570 г.


Информация о работе «Лівонская вайна»
Раздел: История
Количество знаков с пробелами: 70827
Количество таблиц: 0
Количество изображений: 0

Похожие работы

Скачать
41782
0
0

... - ворагі царскай арміі і часцей за ўсё - ворагі праваслаўя. Што датычыцца грабяжу і насілля арміі на тэрыторыі праціўніка, то гэта было законам войнаў не толькі сярэднявечча, але і новага і навейшага часу. Спробы наступлення войск Рэчы Паспалітай на Беларусі і Украіне ў 1654 - 1655 гг. не ўдаліся. Летам 1655 г. руская армія атрымала піэраг перамог на Украіне, дайшла аж да Львова. На тэрыторыі ...

Скачать
42668
0
2

... з тым Статут 1588 г. скончыў кадыфікацыю законаў Вялікага княства [3, с.191]. Такім чынам, неабходна подкрэсліць, што заключэнне Люблінскай уніі дазволіла ВКЛ атрымаць перамогу ў Лівонскай вайне. Рэч Паспалітая была больш моцным утварэннем, і суседнім дзяржавам прыходзілася з ёй лічыцца. 3.         Гістарычнае значэнне Люблінскай уніі Гістарычнае значэнне ўзнікнення Рэчы Паспалітай, Люблі ...

Скачать
87831
0
0

... маскоўскага прыехаў спецыяльны пасол ад Свяшчэннай Рымскай імперыі. Стараннямі імператара Максімільяна ды Васіля III была ўтворана ваенная кааліцыя еўрапейскіх дзяржаў супраць Вялікага княства Літоўскага і Кароны Польскай. Апроч Маскоўскай дзяржавы ды імперыі яе мелі скласці Данія, Брандэнбург, Саксонія, Валахія і Тэўтонскі ордэн. Тады ж у Маскве саюзнікі абмеркавалі праект падзелу Польшчы і Вялі ...

Скачать
87727
0
0

... Магілёва ў 1606 і 1610 гг. супраць гарадскіх вярхоў у асобе магістрата. Пад час выступленняў нават было зменена кіраўніцтва ў горадзе з багатых на бедных.   4. Гаспадарчае развіццё беларускіх зямель у XVII - XVIII ст. Эканамічны заняпад Беларусі ў другой палове XVII - першай палове XVIII ст. Другая палова XVII - першая палова XVIII ст. - гэта перыяд глыбокага эканамічнага заняпада. Прычынам ...

0 комментариев


Наверх