2. Галоўныя напрамкі развіцця сельскай гаспадаркі беларускіх земляў
Асновай гаспадаркі было ворнае земляробства з панаваннем трохпольнай сістэмы. Адсюль – монакультурны характар паляводства, нізкая ўраджайнасць. Пры недахопе сенажацяў, рэгулярным выкарыстанні сялянскай жывёлы на цяглавых работах у фальварках пастаянна і дастаткова ўгнойваліся толькі прысядзібныя ўчасткі.
Пры вузкасці ўнутранага рынку і нізкай плацежаздольнасці сялян самым надзейным і простым спосабам збыту ўраджаю для памешчыкаў было вінакурэнне. Развівалася яно шляхам перапрацоўкі збожжа і бульбы. Даход ад продажу гарэлкі складаў палову памешчыцкіх даходаў.
Увядзенне шматпольных севазваротаў і пасеваў кармавых культур, агратэхнічныя ўдасканаленні закраналі толькі рэдкія маёнткі. Гэта тлумачыцца тым, што памешчыцкая зямля апрацоўвалася інвентаром і цяглавай сілай прыгонных сялян.
На працягу першай паловы XIX ст. ішоў паступовы працэс сялянскага абеззямельвання.
Новыя з’явы ў эканоміцы, выкліканыя фарміраваннем капіталістычных адносін, адзначаліся і ў беларускай вёсцы. Пад уздзеяннем таварна-грашовых адносін сельская гаспадарка ўсё больш страчвала свой натуральны характар і значная частка прадуктаў выраблялася для продажу альбо перапрацоўкі. Сельская гаспадарка ўсё больш звязвалася з рынкам, павялічвалася плошча ворыўных зямель, пашыраліся пасевы тэхнічных культур (ільну, канапель), значна узрасла ўдзельная вага бульбы і цукровых буракоў, узнікла танкарунная авечкагадоўля, у шэрагу памешчыцкіх гаспадарак пачалі выкарыстоўвацца сельскагаспадарчыя машыны. Меліся палатняныя, цукровыя, спіртавыя і інш. фабрыкі. Прапагандай перадавых метадаў земляробства і жывёлагадоўлі займалася Беларускае вольнае эканамічнае таварыства, што існавала з 1826 па 1841 гг. у Віцебску. У 40-я гады ў маёнтку Горы-Горкі Магілёўскай губерні быў адкрыты першы ў Расійскай імперыі земляробчы інстытут. Акрамя сельскагаспадарчай працы сяляне ўсё больш займаліся промысламі, наймаліся на розныя работы. Паглыблялася іх маёмаснае расслаенне: выдзяляліся заможныя сяляне, якія арандавалі млыны, вялі гандаль і інш.
Далейшае развіццё прагрэсіўных з’яў у эканоміцы стрымлівалася панаваннем феадальнай сістэмы, існаваннем прыгоннага права. Памешчыкі з мэтай павелічэння прыбытковасці маёнткаў пашыралі ўласныя пасевы за кошт сялянскіх надзелаў. Але занядбаная, няўгноеная, дрэнна апрацаваная зямля радзіла ўсё горш. Ураджай сам-3 лічыўся ўжо добрым, часам не збіралі і пасеянага. За 30 гадоў у Віцебскай і Магілёўскай губернях было 10 няўродаў. Сяляне ў сваёй масе ўсё больш разараліся і не маглі, як раней, несці ўзрастаўшыя павіннасці. З паглыбленнем крызісу прыгоннай гаспадаркі хутка расла запазычанасць памешчыцкіх маёнткаў прыватным асобам і асабліва казне.
Каб забяспечыць спраўнае выкананне сялянамі падатковых абавязкаў, царызм дазволіў арандатарам аддаваць беззямельных сялян у наём да заможных гаспадароў. Гэтак жа паступалі і ўладальнікі, якія здавалі сялян на прымусовую працу па кантрактах, наймалі беззямельных сялян і здавалі іх на ўтрыманне да заможных сялян. Малазямельныя сяляне перадавалі свае мізэрныя ўчасткі ў арэнду з доляй ураджаю, а самі займаліся адыходніцтвам.
Заможныя сяляне складалі каля 1\3 агульнай колькасці гаспадарак. Батракі ў заможных гаспадароў падвяргаліся жорсткай эксплуатацыі.
Наёмная праца найбольш шырока ўжывалася на суконных, шкляных, палатняных, папяровых прадпрыемствах. У гэты час панавала дробная рамесная вытворчасць з наймам несвабоднай рабочай сілы. Вядучай галіной прамысловасці заставалася суконная. На канец 50-х гадоў XIX ст. у ёй было занята амаль 1\4 усіх рабочых. З 1828 года па 1859 колькасць мануфактур павялічылася з 3311 да 6508, а рабочых на іх – прыблізна ў 5 разоў. Фактычна 44% рабочых на іх працавалі па найму.
3. Нарастанне сялянскага руху. Рэформы ў панскай і дзяржаўнай вёсках
Адным з паказчыкаў нарастаючага крызісу існуючай сістэмы быў сялянскі рух. У 1800-1839 гг. у Беларусі зафіксавана 160 сялянскіх хваляванняў, якімі былі ахоплены 147 маёнткаў і звыш 200 паселішчаў. 37 выступленняў былі падаўлены ваеннай сілай. У 1840-1860 гг. адбылося 350 хваляванняў. Абсалютная большасць з іх прыпадала на панскія маёнткі. Паглыбленне антаганізму паміж сялянствам і памешчыкамі было выклікана ўзмацненнем прыгонніцкага ўціску, якое выяўлялася ў павелічэнні памераў паншчыны і чыншу, захопе сялянскіх надзелаў, гвалтоўным перасяленні сялян на неўрадлівыя землі, пераводзе на вотчынныя фабрыкі, жорсткім абыходжанні з імі прыгоннікаў, арандатараў. Асаблівасцю сацыяльных супярэчнасцяў на Беларусі з’яўлялася іх пераплятанне з нацыянальна-рэлігійнай варожасцю паміж сялянамі і панамі.
Барацьба сялян супраць прыгнёту выяўлялася ў розных формах: скаргі, “іскі аб вольнасці”, адмова ад выканання павіннасцяў, уцёкі, супраціўленне вотчыннай паліцыі і войску. Пачасціліся выпадкі забойства сялянамі сваіх паноў і эканомаў маёнткаў. У 1840 былі забіты памешчыкі Магілёўскай губерні Рымша, Солтан, памешчыкі Віцебскай губерні Радзевіч, Таргонскі. Распаўсюджанай формай пратэсту быў пошук сялянамі “вольных зямель”. У пачатку 40-х гг. 1200 прыгонных Беліцкага павета Магілёўскай губерні пакінулі сваё жыллё і накіраваліся ў Херсонскую губерню. Для вяртання іх на радзіму была паслана ваенная каманда.
У канцы 40-х гг. сярод беларускіх сялян шырока распаўсюджваліся чуткі, што рыхтуецца адмена прыгоннага права. У сувязі з гэтым сяляне пачалі часцей уцякаць ад памешчыкаў.
З сярэдзіны 30-х гг. XIX ст. царызм прыступіў да шырокіх рэформаў адміністрацыйна-гаспадарчага кіравання. У 1840-1857 гг. праводзілася рэформа сярод дзяржаўных сялян, якія тады складалі каля пятай часткі ўсяго сялянства Беларусі. Амаль усе казённыя маёнткі здаваліся ў арэнду прыватным асобам і таму эканамічнае і прававое становішча сялян у іх да канца 30-х гг. XIX ст. практычна не адрознівалася ад становішча памешчыцкіх прыгонных. Ініцыятарам і асноўным правадніком рэформ стаў міністр дзяржаўных маёмасцяў Расійскай імперыі граф П. Дз. Кісялёў – прыхільнік абмежавання і лібералізацыі феадальна-прыгонніцкіх адносін. Царскі ўрад меў на мэце зняцце сацыяльнай напружанасці ў дзяржаўнай вёсцы заходніх губернях, павышэнне яе даходнасці і заваяванне сімпатый сялянскіх мас у процівагу дэмакратычнаму руху.
28 снежня 1839 г. былі падпісаны законы аб новай сістэме кіравання і люстрацыі дзяржаўных маёнткаў у заходніх губернях. На губернскім узроўні ствараліся палаты, а яшчэ ніжэй - акруговыя ўпраўленні дзяржаўных маёмасцяў.
У ходзе люстрацыі – новага апісання дзяржаўных уладанняў – змяншаліся павіннасці сялян і павялічваліся іх зямельныя надзелы. На падставе маёмаснай няроўнасці сяляне дзяліліся на цяглых, паўцяглых, агароднікаў і бабылёў. Цягламу двару паншчына вызначалася ў памеры 6 дзён на тыдзень. Агароднікі прыцягваліся на паншчыну ў выпадку неабходнасці. Бабылі працавалі за плату.
На аснове ўказаў 1844 і 1845 гг. сяляне казённых маёнткаў пераводзіліся з паншчыны на аброк і адначасова спынялася практыка здачы іх у арэнду. На месцах ствараліся сельскія грамады з выбарачным кіраваннем, якім давяралася самастойнае вырашэнне гаспадарчых, адміністрацыйных і судовых спраў. Прызнавалася “грамадзянская свабода” дзяржаўных сялян, што выгадна адрознівала іх ад бяспраўных памешчыцкіх падданых. Ажыццяўлялася малаэфектыўная з-за недахопу сродкаў “папячыцельная палітыка”. Аднак мэты рэформы, пры захаванні дзяржавай феадальнай сістэмы, не маглі быць у поўнай ступені дасягнуты.
Інвентарная рэформа ў памешчыцкай вёсцы пачала ажыццяўляцца на падставе закона ад 15 красавіка 1844 г. Яе сутнасць зводзілася да рэгулявання памераў надзелаў і павіннасцяў памешчыцкіх сялян і замацавання іх гранічных узроўняў у абавязковых не толькі для сялян, але і для памешчыкаў інвентарах (вопісах феадальных уладанняў). Гэтым практычнп займаліся губернскія інвентарныя камітэты, што складаліся з царскіх чыноўнікаў і прадстаўнікоў мясцовага дваранства. Абавязковыя інвентары былі ўведзены ва ўсіх памешчыцкіх маёнтках заходняй і цэнтральнай Беларусі і ў частцы маёнткаў усходняй Беларусі. Фактычна была нададзена сіла закона тым павіннасным адносінам, якія рэальна склаліся.
Рэформа выклікала супраціўленне памешчыкаў і нараканні сялян там, дзе павіннасці аказаліся завышанымі. Таму ўрад некалькі разоў мяняў падыходы да яе правядзення. Перагляд і выпраўленне інвентароў цягнуліся да 1857 года, калі пачалася падрыхтоўка да адмены прыгоннага права.
Нягледзячы на прыгонніцкую абмежаванасць інвентарнай рэформы, яе непаслядоўнасць і незавершанасць, абавязковыя інвентары афіцыйна ставілі мяжу памешчыцкай уладзе і адкрывалі некаторыя легальныя магчымасці для адстойвання сялянамі сваіх інтарэсаў.
У цэлым жа аграрныя рэформы 40-першай паловы 50-х гг. хоць і стваралі лепшыя ўмовы для развіцця таварна-грашовых адносін і разгортвання гаспадарчай ініцыятывы сялянства (перш за ўсё ў дзяржаўнай вёсцы), але не закраналі асноў феадальных парадкаў, ліквідацыя якіх заставалася жыццёва неабходнай эканамічнай і палітычнай задачай часу.
... ў. Перыядычна паўтараліся неўрадлівыя гады. За 1820 - 1850 гг. у Віцебскай і Магілёўскай губернях іх было дзесяць. Да 1859 г. у пяці беларускіх губернях каля 60% прыгонных сялян былі закладзены іх уладальнікамі. Паказчыкам нарастальнага крызісу сацыяльна-эканамічнай сістэмы быў сялянскі рух. У першай трэці XIX ст. адбылося сорак шэсць буйных сялянскіх хваляванняў, у другой трэці - больш за 90. ...
... Варшава, у 1849 г. – Масква-Брэст, у 1855 г. – Віцебск-Смаленск, Пецярбург-Кіеў, Масква-Рыга. Наяўнасць камунікацый спрыяла гандлёвым сувязям паміж рэгіёнамі Расійскай імперыі. Да скасавання прыгону лавачны гандаль на Беларусі толькі зараджаўся, а асноўнай арганізацыйнай формай гандлёвых адносін з’яўляўся кірмаш. Самымі вядомымі зяўляліся Бешанковіцкі, Гомельскі, Зельвенскі, Мінскі, Прыбораўскі і ...
... выпадкаў адмаўлення ад работы. I ў вышэйшых эшалонах улады ўсё больш усведамлялася неабходнасць паступовага пераходу да эканамічна абгрунтаваных метадаў кіравання. Рэформы сярэдзіны 1960-х гг. У сакавіку 1965 г. на Пленуме ЦК КПСС было разгледжана пытанне "Аб неадкладных мерах па далейшаму развіццю сельскай гаспадаркі СССР”, у верасні - "Аб паляпшэнні кіравання прамысловасцю, удасканаленні ...
... межах 1772 г. 4. Развіццё сельскай гаспадаркі, прамысловасці і гандлю. Рэформа П. Кісялёва Феадальнае землеўладанне, якое ўсталявалася на тэрыторыі Беларусі яшчэ ў часы ВКЛ і ахоплівала амаль 75% ад усіх зямель, набыло далейшае развіццё ў Расійскай імперыі. Па занятасці насельніцтва і аб’ёму прадукцыі сельская гаспадарка адыгрывала вядучую ролю ў эканоміцы. Асноўнымі пастаўшчыкамі хлеба на ...
0 комментариев