4. Беларускі рух вясной-летам 1917 г.

Першыя імпульсы беларускага руху пасля Лютаўскай рэвалюцыі выявіліся ў Мінску, у асяроддзі супрацоўнікаў Нацыянальнага камітэту дапамогі пацярпелым ад вайны (старшыня Р. Скірмунт). Ужо 6 сакавіка група яго служачых наладзіла беларускі мітынг, а праз ты-дзень – гарадскую акцыю, якая складалася са сходаў, збору сродкаў на карысць нацыянальнага друку, у тым ліку шляхам продажу бела-чырвона-белага значка. На адным з мітынгаў упершыню прагучала ідэя аб неабходнасці "краёвай аўтаноміі".

25-27 сакавіка ў Мінску намаганнямі членаў адноўленай БСГ (старшыня камітэта А. Смоліч) быў скліканы з’езд каля 150 прадстаў-нікоў беларускіх партый і арганізацый для распрацоўкі праграмы дзе-янняў, арганізацыі вёскі, краёвага жыцця і інш. Нягледзячы на пэўныя перашкоды, з’езд завяршыўся абраннем кіруючага цэнтра – Беларус-кага Нацыянальнага Камітэта з 18 чал., у большасці грамадоўцаў (старшыня Р. Скірмунт), якому належала ажыццявіць прапанаваныя камісіямі пастановы, а таксама распачаць падрыхтоўку выбараў Кра-ёвай Рады. Меркавалася, што Ўстаноўчы сход канчаткова вырашыць форму нацыянальнага самавызначэння Беларусі ў складзе Расійскай федэратыўнай рэспублікі. Свае спадзяванні вырашэнне гэтага пытання дэлегаты з’езда выказалі ў Дэкларацыі, а таксама ў наказе дэлегатам, адпраўленым у Петраград.

З узнікненнем БНК стварыліся ўмовы для далейшай кансалідацыі нацыянальных сіл і пашырэння сацыяльнай базы руху. Таму спрыяла прапаганда матэрыялаў, прынятых з’ездам беларускіх арганізацый, стварэнне і пачатак дзейнасці новых партый – Беларускай народнай партыі сацыялістаў (БНПС) і Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі, выхад у свет 18 красавіка і 28 мая друкаваных органаў БСГ – "Грамада" (рэдактар А. Смоліч) і БНК –"Вольная Беларусь" (рэдактар Я. Лёсік). У красавіку–ліпені суполкі БСГ узніклі ў Віцебску, Гомелі, Капылі, Слуцку, Смілавічах. Але ў чэрвені партыйны цэнтр разам з газетай быў перанесены ў сталіцу, што паслабіла мясцовы беларускі рух.

З другога боку, актывізацыя руху на чале з БНК выклікала антыбеларускія настроі ў асяроддзі "рэвалюцыйнай дэмакратыі". Адной з падстаў для таго паслужыў факт абрання на пасаду старшыні БНК Скірмунта - па класавых мерках буйнога памешчыка, што кідала цень на ўвесь нацыянальны рух. У выніку на Беларусі на працягу вяснылета не заціхала кампанія, скіраваная на іх дыскрэдытацыю. У Мінску ініцыятарамі яе з'яўляліся выканком Савета сялянскіх дэпутатаў Мінскай і Віленскай губ., Настаўніцкі саюз, група дэлегатаў з Беларусі, браўшых удзел ва Ўсерасійскім сялянскім з'ездзе. У выніку, беларускі рух, у адрозненні ад яўрэйскага або польскага, не набыў падтрымкі, а наадварот, сустрэў усебаковае процідзеянне з боку вядомых дзеячаў (бальшавіка М. Фрунзе, эсэра С. Каваліка, энэса I. Мятліна) і ўзначальваемых імі ўстаноў.

Акрамя таго, сярод праціўнікаў БНК апынуўся створаны ў Віцебску Беларускі народны саюз, па сутнасці, праваслаўна-псеўданацыянальная арганізацыя заможных гараджан – чыноўнікаў, інтэлігентаў – па ідэйным накірунку прыхільнікаў "заходнерусізму". Такім жа антыбеларускім па сутнасці з’яўляўся гомельскі - Саюз беларускай дэмакратыі. Адзінай за межамі Мінска арганізацыяй, якая ўстала на платформу БНК, з’яўляўся Магілёўскі Беларускі камітэт.

Усведамляючы цяжкасці развіцця руху, грамадоўцы вынеслі гэтую праблему на абмеркаванне з’езда беларускіх арганізацый, які адбыўся ў Мінску 8-11 ліпеня. Асноўнымі вынікамі яго сталі: скасаванне БНК і абранне новага кіруючага органа – Цэнтральнай Рады беларускіх арганізацый (старшыня Я. Лёсік); стварэнне Бюро беларускіх вайскоўцаў, аднаўленне Беларускага вучыцельскага хаўрусу (саюза) і іншае. 5-6 жніўня новае кіраўніцтва ЦРБА сабрала ў Мінску на чарговую сесію прадстаўнікоў сваіх 23 партый і суполак.

Як вынікала з паведамленняў яе ўдзельнікаў, новай з’явай у беларускім руху стала распаўсюджанне нацыянальных лозунгаў на франтах, а таксама ўзмацненне барацьбы за беларускую школу. Удзельнікі сесіі абралі выканком ЦРБА, куды ўвайшлі: Р. Астроўскі, Ф. Галавач, Я. Дыла, З. Жылуновіч, Курчэвіч-Сяўрук, Я. Лёсік, А. Смоліч, Ф. Шантыр.

Пэўны прагрэс у развіцці руху намеціўся за межамі Беларусі, калі асобныя яго лідэры бралі ўдзел у Дзяржаўнай і Дэмакратычнай нарадах, а таксама на з’ездзе народаў у Кіеве, дзе ўпершыню ў поўным аб'ёме заявілі аб нацыянальных патрабаваннях беларусаў.

15 кастрычніка ў Мінску адкрылася чарговая сесія ЦРБА. 36 яе ўдзельнікаў прадстаўлялі інтарэсы 27 675 членаў беларускіх партый і арганізацый. На гэты час перапыніў працу III з’езд БСГ, а яго старшыня – Я. Дыла ўзначаліў прэзідыум сесіі. У выступленнях Я. Лесіка і А. Гаруна вызначылася тэндэнцыя да аб’яднання ўсіх беларускіх сіл. Важнейшым фактарам узняцця беларускага руху прызнавалася фарміраванне нацыянальнага войска і стварэнне агульнага органа кіравання. Такім органам стала Вялікая Беларуская Рада, створаная на базе рэарганізаванай ЦРБА з удзелам дэлегатаў з’езда беларусаў-вайскоўцаў. У яе выканком (старшыня капітан В. Адамовіч) было абрана 24 чал. Рэарганізацыя кіруючага цэнтра беларускага руху з абраннем у яго значнай колькасці вайскоўцаў на чале са старшынёй ВБР адбіла новы напрамак дзейнасці – утварэнне на базе расійскага войска ўласных узброеных сіл як гарантыю дасягнення нацыянальных ідэалаў.

18 кастрычніка ў Мінску распачаў працу скліканы выканкомам ЦРБА з’езд беларусаў-вайскоўцаў Заходняга і іншых фронтоў, а таксама Балтыйскага флоту, на якім абмяркоўваліся пытанні: аб выбарах ва Ўстаноўчы сход і арганізацыі беларусаў-вайскоўцаў. Дэлегаты падтрымалі праграмны пункт БСГ аб утварэнні Краёвай Рады, а таксама пастанавілі ўтварыць у Мінску Цэнтральную Вайсковую Беларускую Раду (ЦВБР) для сумеснага (разам са Стаўкаю) кіраўніцтва фарміраваннем беларускіх часцей. З улікам узрастання ролі вайсковых элементаў у беларускім руху 25 кастрычніка з’езд БСГ абраў склад свайго ЦК, у які разам з цывільнымі дзеячамі – Я. Дылам (старшыня), А. Гаруном, П. Бадуновай, А. Смолічам, З. Жылуновічам, Я. Варонкам, Б. Тарашкевічам – былі абраны вайскоўцы В. Адамовіч, С. Рак-Міхайлоўскі, Я. Мамонька, М. Шыла, В. Муха.

Але новыя станоўчыя перамены ў беларускім руху не паспелі ўвасобіцца ў яго канкрэтных справах. Асноўнымі прычынамі таго з’яўляліся: падрыўная дзейнасць ПС-Р і РСДРП(б), нізкі ўзровень нацыянальнай самасвядомасці беларускага сялянства. З-за распачатай кампаніі супраць беларускага руху, быццам інспіраванага памешчыкамі, яго сацыяльная база амаль не мела значных перспектыў да пашырэння. Адну з прычын цяжкасцей развіцця беларускага руху варта аднесці на кошт тых яго палітычных кіраўнікоў з ліку БСГ (З. Жылуновіч і інш.), хто арыентаваўся на агульнарасійскую "рэвалюцыйную дэмакратыю" і не спрыяў кансалідацыі ўсіх нацыяльна свядомых беларусаў.


Спіс выкарыстаных крыніц

1. Гісторыя Беларусі: Вуч. дапаможнік. / Пад рэд. А. П. Ігнаценка. – Мн., 1994.

2. 100 пытанняў i адказаў з гісторыі Беларусі / Уклад. i прадмова І. Саверчаны, З. Санько. – Мн., 1994.

3. Сяменчык М.Я. Гiсторыя Беларусi: курс лекцый / М.Я. Сяменчык – Мн., 2009 г.

4. Гісторыя Беларусі: у 2-х ч. / Пад рэд. Я.К. Новіка, Г.С. Марцуля. – Мн., 1998.


Информация о работе «Палітычна мадэрнізацыя расійскага грамадства ва ўмовах сусветнай вайны і пасля звяржэння самаўладдзя»
Раздел: История
Количество знаков с пробелами: 34985
Количество таблиц: 0
Количество изображений: 0

0 комментариев


Наверх