4. Стараверства

Стараверства ўзнікла ў Расіі ў сярэдзіне ХVII ст. у выніку царкоўнага расколу, повадам для якога паслужыла рэформа, праведзеная патрыярхам Ніканам з мэтай уніфікацыі абрадаў і выпраўлення богаслужэбных кніг.

Неабходнасць царкоўнай рэформы наспела даўно і была выклікана многімі прычынамі. Яшчэ ад часоў феадальнай раздробленасці ў розных мясцовасцях Расіі існавалі адрозненні ў абрадах. 3 утварэннем адзінай цэнтралізаванай дзяржавы неабходна было зрабіць абрады адзінымі. Апроч таго пры перапісванні богаслужэбных кніг у іх за доўгі час накапілася шмат памылак і розначытанняў. І калі з ХVII ст. ў Расіі пачынае распаўсюджвацца кнігадрукаванне, узнікае патрэба ў адзіным узоры, з якога б адбываўся друк.

Пасля заваявання Канстанцінопаля туркамі (1453 г.) Масква пачынае прэтэндаваць на ролю цэнтра праваслаўя і захавальніцы чысціні хрысціянскай веры. У канцы ХVІ ст. манахам Пскова-Елізар'еўскага манастыра Філафеем была сфармулявана знакамітая тэорыя "Трэцяга Рыма": было "два. Рымы", першы з іх (Рымская імперыя) быў разбураны варварамі, другі (Візантыя) – туркамі, і нарэшце, узвысіўся Трэці Рым (Расія), які будзе вечна, "а чацвёртаму не бываць". Таму Руская праваслаўная царква не магла дапусціць недарэчнасцяў у сваіх абрадах і богаслужэбных тэкстах, і у якасці узору, па якому яны выпраўляліся, былі узяты візантыйскія абрады і тэксты.

Былі скарочаны царкоўныя службы, адменены зямныя паклоны, слова "Ісус'' сталі пісаць з дзвюма “і” ў пачатку, "алілуйя" сталі казаць не два, а тры разы, замест двух пальцаў пачалі хрысціцца трыма, разам з васьміканцовым крыжом сталі шанаваць шасці- і чатырохканцовы і г.д.

Рэформа Нікана выклікала рашучае супраціўленне часткі духавенства і веруючых, якія сталі называцца стараверамі. Прычынай супраціўлення з'явілася сваеасаблівасць рэлігійнага светаўспрымання ў рускім праваслаўі. Тут засталіся моцныя язычніцкія элементы, і надзвычай вялікая ўвага надавалася культавай практыцы, якая ўспрымалася як сукупнасць метадаў дагаджэння Богу. І калі пачаліся рэформы ў абрадах, гэта было ўспрынята як змена веры. Апроч таго, значная частка праваслаўнага духавенства ў Расіі была малапісьменнай, вучылася служыць "з голасу" і проста не магла прачытаць новыя богаслужэбныя кнігі. Таму перад ей паўставала альтэрнатыва: альбо саступіць свае месца новым свяшчэннікам, альбо неяк супраціўляцца зменам.

Непрыняцце рэформы часткай рускага грамадства было абумоўлена таксама грубасцю яе правядзення, Нікан быў фанатычна веруючым і вельмі ўладалюбівым чалавекам, прыйшоўшы да высновы аб неабходнасці змен у царкве, ён праводзіу іх рашуча і жорстка. Усе старыя абрады былі абвешчаны скажонымі, а іх прыхільнікі – ерэтыкамі. Гэта пакрыўдзіла рускіх, якія ўжо прызвычаіліся да думкі, што яны Трэці Рым. Тым больш, што саміх грэкаў, кнігі і абрады якіх былі ўзяты за ўзор, на Русі даўно падазравалі ў ерасі, лічылася, што захоп туркамі Канстанцінопаля – кара Божая за унію з католікамі. Трэба сказаць, што ў стараверства адышла найбольш адданая сваім поглядам частка рускага грамадства, якая адчувала несправядлівасць рэформы. Большасць жа пакарылася пад ціскам улад.

Старыя абрады і іх прыхільнікі былі пракляты на Маскоўскім памесным саборы ў 1666 – І667 гг. Пачаліся праследаванні старавераў з боку царскіх улад. Руская праваслаўная царква была дзяржаўнай і непрыняцце рэформы разглядалася як дзяржаўнае злачынства. Старавераў білі батагамі, саджалі ў турмы, палілі. У 1682 годзе лідэр старавераў пратапоп Авакум быў спалены ў драўляным зрубе разам з двума сваімі паплечнікамі. Знакамітая баярыня Марозава, якая з'яўлялася родзічкай цара, і таму яе баяліся адкрыта прыгаварыць да смерці, была заморана голадам у адным з манастыроў. Выратоўваючыся ад праследаванняў, стараверы ўцякалі ў Сібір, Паволжа, на Поўнач. Сярод часткі іх распаўсюджваецца думка, што разам з рэформай Нікана ў царкву прыйшоў Антыхрыст, і лепш загінуць, чым трапіць пад ягоную ўладу. Пачынаюцца калектыўныя самаспальванні старавераў. У 1675 – 1695 гг. іх было зарэгістравана 37, загінула не менш 20 тысяч чалавек. Самаспальванні старавераў былі ў ХVIII і, як асобныя выпадкі, у ХIX ст.

Амаль адразу пасля свайго ўзнікнення стараверства падзялілася на два накірункі: папоўцаў і беспапоўцаў. Першыя мелі свяшчэннікаў і займалі адносна памяркоўныя пазіцыі: маліліся за цара і прызнавалі афіцыйную царкву. Беспапоўцы не мелі свяшчэннікаў называлі цара Антыхрыстам, а афіцыйную царкву – установай Сатаны. У далейшым папоўства і беспапоўства падзялілася на дробныя накірункі: толкі і згоды.

На тэрыторыі Беларусі стараверы з'явіліся ў другой палове ХVII ст. у 1685 г. імі быў заснаваны горад Ветка, які неўзабаве ператварыўся ў галоўны цэнтр папоўства. Была ўтворана свая веткаўская згода, якая стаяла на памяркоўных пазіцыях. Веткаўцы асуджалі самаспальванне, прызнавалі іконы, напісаныя іншавернымі майстрамі, не лічылі грахом разам есці з прадстаўнікамі афіцыйнай царквы.

Урад Рэчы Паспалітай стварыў спецыяльную камісію, якая разглядзела веравучэнне веткаўскіх старавераў і прыйшла да высновы, што яны "не належаць да ліку небяспечных для дзяржавы і царквы сектантаў''. Кароль Ян Сабескі выдаў грамату аб вольным жыхарстве раскольнікаў у польскіх межах, пры поўнай незалежнасці ад каталіцкага духавенства ў адпраўленні веры і абрадаў.

Ветка багацела і развівалася як гандлёвы і рамесны цэнтр. Сюды прыходзілі тысячы старавераў з Расіі, каб "узмацніцца ў веры". Паступова вакол Веткі ствараюцца стараверскія слабоды. У 1722 г. іх было 23: Мільча, Касцюковічы, Буда, Гродня, Тарасаўка і інш. Агульная колькасць старавераў дасягала тут 40 тыс.

Дзейнасць веткаўскіх старавераў прыцягнула ўвагу рускага ўрада. Карыстаючыся бязладдзем у Рэчы Паспалітай, у 1735 г. быў зроблены з Расіі ваенны паход на Ветку. Стараверскія манастыры і цэрквы былі спалены, а 14 тысяч жыхароў ваведзена ў Расію. Аднак гораду ўдалося адрадзіцца, і ў 1764г. робіцца другі паход на.Ветку, пасля якога, яна страчвае сваё значэнне як цэнтр стараверства.

У 1971 г. на Памесным саборы рускай праваслаўнай царквы ў Маскве са старавераў быў зняты праклён і тым самым створаны кананічныя ўмовы для пераадолення расколу. Аднак гэтага не адбылося. Стараверы і дагэтуль даволі адмоўна ставяцца да "ніканаўцаў".

Зараз на Беларусі большасць старавераў складааюць беспапоўцы, асноўная колькасць якіх жыве ў Віцебскай вобласці. Папоўцы ў нашай краіне належаць да двух арганізацыйных структур, цэнтры якіх знаходзяцца ў Расіі: Рускай праваслаўнай стараверскай царквы на чале з мітрапалітам Маскоўскім і ўсёй Русі (Масква) і Рускай Стараправаслаўнай царквы на чале з архіепіскапам Навазыбкаўскім, Маскоўскім і ўсёй Русі (г. Навазыбкаў, Бранскай вобл). На 1 студзеня 1999 г. на Беларусі зарэгістравана 36 суполак старавераў.


Информация о работе «Праваслаўе на тэрыторыі Беларусі і Расі»
Раздел: Религия и мифология
Количество знаков с пробелами: 45674
Количество таблиц: 0
Количество изображений: 0

Похожие работы

Скачать
19116
0
0

... Мінску, Віцебску, Магілеве. Яны былі нешматлікімі і аб’ядноўвалі у асноўным этнаканфесіянальныя групы Замежнага паходжння. Значна большае уздзеянне, чым лютэранства, на канфесіянальную сітуацыю у Беларусі аказаў кальвінізм, прыйшоўшы са Швейцарыі. Адным з ініцыятараў распаўсюджвання менавіта гэтага напрамку пратэстантызма на тэрыторыі Вялікага Княства Літоўскага стаў канцлер ВКЛ Міхаіл Радзівіл ...

Скачать
40690
0
0

... беспаспяхова. Пасля гэтага мірныя перагаворы працягваліся і завяршыліся падпісаннем Андросаўскага перамір’я 1667 г. на 13 гадоў (да чэрвеня 1680 г). Заключэнне Можна зрабіць выснову, што вайна Расіі з Рэччу паспалітай 1654 - 1667 гг. мела выразны захопніцкі характар. На тэрыторыі Вялікага княства Літоўскага рускі ўрад імкнуўся ўсталяваць акупацыйны рэжым. Аднак у вайне 1654 - 1667 гг. руск ...

Скачать
41782
0
0

... - ворагі царскай арміі і часцей за ўсё - ворагі праваслаўя. Што датычыцца грабяжу і насілля арміі на тэрыторыі праціўніка, то гэта было законам войнаў не толькі сярэднявечча, але і новага і навейшага часу. Спробы наступлення войск Рэчы Паспалітай на Беларусі і Украіне ў 1654 - 1655 гг. не ўдаліся. Летам 1655 г. руская армія атрымала піэраг перамог на Украіне, дайшла аж да Львова. На тэрыторыі ...

Скачать
40916
0
0

... сама ў дамашнім абіходзе вялікіх князёў і феадальнай знаці. У выніку развіцця феадальнага грамадства ў межах этнічнай тэрыторыі Беларусі ў XIII-XVI стст. утварылася беларуская народнасць. XV – першая палова XVII стст. – перыяд развіця культуры , які атрымаў у Еўропе назву Адраджэнне. Ён характарызаваўся ўздымам свецкай навукі і мастацтва, станаўленнем нацыянальных моў, літаратур і нацыянальнай ...

0 комментариев


Наверх