Дыялектызмы ў творах І. Пташнікава \Беларус\

136497
знаков
1
таблица
0
изображений
Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь Беларускі дзяржаўны педагагічны універсітэт імя М. Танка Факультэт беларускай філалогіі і культуры Кафедра беларускага мовазнаўства Дыялектызмы ў творах І. Пташнікава Дыпломная праца

студэнткі 505 групы

Кунцэвіч

Наталлі Мікалаеўны

Навуковы кіраўнік – дацэнт Панюціч К.М.

Мінск 2001


Змест

Уступ. Іван Пташнікаў – майстар слова................................................................3

I раздзел. Дыялектнае слова ў мастацкім творы………………………………..9

II раздзел. Тыпы дыялектызмаў у творах І. Пташнікава……………………...17

1.Лексічныя дыялектызмы….……………………………………..17

2.Семантычныя дыялектызмы….…………………………………46

3.Фанетычныя дыялектызмы.....…………………………………..49

4.Граматычныя дыялектызмы…..………………………………...56

5.Словаўтваральныя дыялектызмы.………………………………69

III раздзел. Спосабы ўключэння дыялектызмаў у кантэкст…………….…….81

Заключэнне……………………………………………………………………....84

Літаратура………………………………………………………………………..87

Паказальнік лексічных дыялектызмаў ………………………………………...92

 

Уступ. Іван Пташнікаў – майстар слова.

Іван Пташнікаў выступіў у друку з вершамі ў 1952 годзе .Першы празаічны твор – аповесць «Чачык», якую ён апублікаваў у часопісе «Полымя». І. Пташнікаў – аўтар зборнікаў аповесцей і апавяданняў «Зерне падае не на камень», «Сцяпан Жыхар са Сцешыц», аповесцей «Лонва», «Тартак»( паводле сцэнарыя аўтара пастаўлены аднайменны тэлефільм), «Найдорф», раманаў «Чакай у далёкіх Грынях», «Мсціжы», «Алімпіяда» (пастаўлены аднайменны тэлеспектакль).

У 1980 годзе выйшлі Выбраныя творы ў 2-х тамах, зараз апублікаваны збор твораў у 4-х тамах, які быў надрукаваны ў 1990-1992 гадах. І. Пташнікаў--лаўрэат Дзяржаўнай прэміі БССР імя Я. Коласа за аповесць «Найдорф».

Сёння, калі гэтым самабытным мастаком слова напісана ўжо нямала, вельмі добра відаць нязменная прывязанасць яго да родных мясцін Лагойшчыны. Там разгортваюцца падзеі ўсіх яго твораў. Пісьменнік найлепш ведае тых людзей, з якімі разам жыў, рос, якія народжаны той самаю, што і ён, зямлёю.

І. Пташнікаў шырока, разгорнута і ўсебакова ўзнаўляе падзеі тых гадоў, якія ў яго памяці, у свядомасці – вайна, пасляваенныя гады, сучаснасць. Жыццё чалавека ў яго творах увасабляе ў сабе ўсё жыццё вёскі, а жыццё вёскі – жыццё народа.

Творчасць Пташнікава адметная ўзнаўленнем народнага жыцця, увагай да самабытных характараў, шматфарбнасцю мовы.

Ужо на першую аповесць І.Пташнікава”Чачык” з’явіліся станоўчыя рэцэнзіі, у якіх адзначалася:”Жывапіснасці і маляўнічасці мовы аповесці цяжка не заўважыць, у ёй, бадай,галоўная заслуга Івана Пташнікава. |Іменна гэтая разнастайнасць і яркасць моўнага матэрыялу, а таксама арыгінальнасць задумы і ўдача цэнтральнага вобраза даюць,як нам здаецца, падставы думаць, што малады пісьменнік на правільным шляху.”1

1 Клімашэўская І. Першая аповесць // Літаратура і мастацтва, 1957, 2 мая

Не зусім удалым, як лічаць крытыкі, быў першы раман І.Пташнікава “Чакай у далёкіх Грынях”. Адзначалася, што ў рамане прысутнічала як бы майстэрства дзеля майстэрства, асобныя лірычныя адступленні, замалёўкі падаваліся эфектна, але не заўсёды арганічна ўваходзілі ў мастацкую тканіну твора. Не ўдалося належным чынам паяднаць асабістае і грамадскае жыццё герояў.

Цікавымі па задуме і зместу лічацца яго апавяданні “Алені”, “Алёшка” і “Бежанцы”, галоўным героем якіх з’яўляецца падлетак. Пісьменнік не расстаецца з памяццю вайны, з памяццю свайго, апаленага суровымі выпрабаваннямі дзяцінства.

Сапраўдную вядомасць аўтару прынеслі яго творы “Лонва”, “Тартак”,”Найдорф”. У “Тартаку” асноўныя падзеі звязаны з тым, што перажываюць сямёра сялян, якія вязуць з Дальвы ў камендатуру збожжа. Расказы пра трагедыю вёскі Дальва, спаленую фашыстамі, пачутыя ў дзяцінстве, і падштурхнулі І.Пташнікава да напісання аповесці. “Тартак” і “Найдорф” - творы пра пакутную і збалелую людскую памяць. Толькі ў “Тартаку” вызначальны быў пафас трагічны, а ў “Найдорфе” ўжо гераічны матыў у пафасе, гераічная нота становіцца вызначальнай.1 Паказана вайна, якой яна была на самай справе.

Два наступныя раманы – “Мсціжы” і “Алімпіяда” – паказваюць жыццё беларускай вёскі ў пасляваенны час. Андрэй Вялічка – галоўны герой рамана “Мсціжы” на першы погляд нічым не адметны чалавек, але з такіх, як ён, і складваецца наша грамадства, на такіх зямля трымаецца.

Пра раман “Алімпіяда”, які быў апублікаваны ў 1985 годзе, вядомы крытык Генадзь Шупенька сказаў: “Гэтаму раману Івана Пташнікава суджаны зайздросны лёс. У яго будзе доўгае, не збаюся сказаць, такое ж, як у “Людзей на балоце” Івана Мележа, неўміручае жыццё. Жыццё прыкметнае, як кажуць, ва ўсіх навідавоку, на адным з самых яркіх месцаў у нашай літаратуры. Але і не бясхмарнае, на пачатку не такое ўжо і лёгкае.”2

1 Андраюк С. Чалавек на зямлі. Мн., 1988. С. 121

2 Шупенька Г. Голасам народа // Алімпіяда. Пасляслоўе. Мн., 1985. С. 614

У рамане пісьменнік паказаў пасляваеннае жыццё беларускай вёскі, аднаўленне разбуранай вайной калгаснай гаспадаркі. Праз успаміны галоўнай гераіні рамана даяркі Алімпіяды адлюстраваны і ваенныя гады – адступленне нашых войскаў, дапамога параненым лётчыкам, здзекі паліцаяў з аднавяскоўцаў.На вобразах яе дзяцей Тані і Міфодзі і іх сяброў паказана жыццё моладзі.

Назва рамана “Алімпіяда” прыкоўвае ўвагу да цэнтральнага вобраза – сялянкі Алімпіяды Падаляк. “Алімпіяда Падаляк, Уліма, як яе завуць у вёсцы, уяўляе сабою гістарычна сфармаваны народны характар, які ўвабраў у сябе усё тое пазітыўнае, што стваралася стагоддзямі народнага жыцця, гэта той праведнік, на якім заўсёды стаяў свет і да якога ва ўсе часы праяўляла цікавасць класічная літаратура. І разам з тым гэта ярка выяўлены сучасны характар з яго светаадчуваннем, яго стаўленнем да жыцця” ,– так піша пра галоўную гераіню Вера Палтаран.1 Як сцвярджае крытык Серафім Андраюк., вобраз Алімпіяды “спісаны” з маці пісьменніка.2 Духоўны свет гэтай жанчыны сфармаваўся ва ўмовах небывалых выпрабаванняў для чалавечага духу – цяжкія даваенныя гады, вайна, пасляваенныя гады.Гэты раман пра складанасць простага чалавечага жыцця. Вялікую мужнасць. Бязмежную стойкасць, спалучаныя з найвялікшым у жыцці чалавечым – з глыбіннай, непаказной дабрынёй. Раман “Алімпіяда” знаходзіцца на магістральным шляху пошукаў сучаснай беларускай літаратуры, якая зараз акцэнтуе ўвагу на маральна-філасофскіх праблемах, імкнецца паказаць героя сацыяльна актыўнага і духоўна багатага.3

Тэма вайны не пакідае пісьменніка. З кожным творам ён па-новаму асэнсоўвае народны боль і трагедыю. Апавяданне “Эфка” – пра пасляваенных беларускіх дзяцей. Апавяданне ж “Львы” – гэта водгук на чарнобыльскую трагедыю. Абодва гэтыя апавяданні – папярэджанне аб тым, да чаго можа прывесці забыццё спрадвечных ісцін дабра, нежаданне людзей жыць па законах маралі.

І. Пташнікаў – пісьменнік пераважна вясковай тэмы, пясняр вёскі на розных этапах яе гісторыі, праўда, недалёкай, зафіксаванай у аўтарскай памяці. Прыхільнасць да аднаго жыццёвага матэрыялу ў дадзеным выпадку абумоўлена не толькі дакладным веданнем яго, але і творчым крэда пісьменніка, яго ідэалам, эстэтычнымі задачамі, якія ён ставіць перад сабой. Творчае развіццё І.Пташнікава ішло,,, з аднаго боку, пад знакам панавання лірычнай, эмацыянальнай “вясковай прозы”, з другога - пад уплывам беларускай эпічнай традыцыі, якая знайшла сваё яркае ўвасабленне не толькі ў класічных творах беларускай літаратуры, але і ў сучаснікаў Пташнікава – І.Мележа, А.Чарнышэвіча, М.Лобана, П.Пестрака і інш.1

“У творах І.Пташнікава, асабліва ў “Лонве”, “Тартаку”, “Мсціжах” знайшлі адлюстраванне этычныя ідэалы пісьменніка, яго ўяўленні аб нормах чалавечых паводзін. Раскрываюцца пташнікаўскія ідэалы з твора ў твор у нейкім новым ракурсе, па-рознаму псіхалагічна абгрунтоўваюцца. І ўсё ж кожны з твораў пісьменніка нібы ступенька да іншага твора. Многія ідэі, тэмы, вобразы, атрымаўшы заяўку ў адным творы, знаходзяць сваё далейшае, больш поўнае ўвасабленне ў другім.2

Мова раманаў, аповесцей і апавяданняў І.Пташнікава – багатая і разнастайная. Яе аснова – агульнаўжывальныя словы. На гэтым фоне звяртаюць на сябе ўвагу мясцовыя словы туляг, додніца, шафарня, тофель, грумада, ляжэйка, - тыя словы, якія пісьменнік чуў ад сваёй бабулі, маці, ад суседзяў, ад усіх людзей з родных мясцін.

Жывыя гаворкі былі і застаюцца галоўнай крыніцай узбагачэння беларускай літаратурнай мовы.

У творах І.Пташнікава актыўна ўзаемадзейнічаюць сродкі гутарковага і кніжнага стыляў. У раманах, аповесцях, апавяданнях пісьменніка жывое


1 Шамякіна Т.І. Некаторыя асаблівасці стылю І.Пташнікава //Весці АН БССР, сер. грамад. навук. Мн., 1974, С.99.

2 Тамсама. С. .103.

народнае слова, нярэдка характэрнае для мясцовай гаворкі, арганічна, нязмушана ўлучаецца у сістэму моўна-выяўленчых сродкаў.

Сёння І. Пташнікаў – прызнаны майстар слова, творчасць якога заслугоўвае ўвагі і даследавання моваведаў і літаратуразнаўцаў.

Даследаванню жыццёвага і творчага шляху пісьменніка, асаблівасцям праблематыкі, стылёвай адметнасці яго твораў прысвечаны шматлікія работы.1 Менш зроблена ў плане вывучэння мовы І. Пташнікава, яго мастацкай манеры. Можна адзначыць кнігу А. Каўруса “Мова народа, мова пісьменніка”, дзе ўдзяляецца ўвага і асаблівасцям мовы І. Пташнікава, а таксама асобныя артыкулы.2

1 Андраюк С. Чалавек на зямлі.Мн.1988, Марціновіч А. З Мсціжаў бачны свет // Роднае слова ,1992, №10-11; Шупенька Г. Голасам народа// Алімпіяда. Пасляслоўе. Мн.,1985; Нуждзіна Т. Дарога ў сталасць.// На высокай хвалі. Літ.-крыт. артыкулы ; Шамякіна Т. Адлюстраванне Вялікай Айчыннай вайны ў сучаснай беларускай прозе // Асаблівасці развіцця літаратурнага працэсу ў Беларусі на сучасным этапе.-Мн.,1979 і інш.

2 Каўрус А. Мова народа, мова пісьменніка. Мн.,1989; Нуждзіна Т. Аб некаторых стылявых асаблівасцях аповесці І. Пташнікава // Бел. літаратура. Вып. 5.Мн.,1977; Міхалевіч А. Пра мову І. Пташнікава.// Роднае слова, Мн.,1990,№5; Каўрус А. І. Пташнікаў І. М // Беларуская мова: Энцыклапедыя. Мн., 1994.

ачы дыпломнай працы:

– выявіць дыялектызмы ў творах І. Пташнікава;

– растлумачыць сэнс выкарыстаных аўтарам мясцовых слоў; прывесці, дзе магчыма, адпаведнікі з літаратурнай мовы і іншых народных гаворак;

– паказаць стылістычную ролю дыялектызмаў у творах;

– вызначыць тыпы дыялектызмаў і іх лексіка-семантычныя групы;

– апісаць спосабы ўключэння дыялектызмаў у кантэкст.

Дыпломная праца выканана на матэрыяле твораў І. Пташнікава.1 Мною выпісана , прааналізавана і растлумачана каля 500 дыялектызмаў.


1 І. Пташнікаў. Чакай у далёкіх Грынях. Мн..1962; Сцяпан Жыхар са Сцешыц. Мн.,1966; Мсціжы. Мн., 1972; Тартак. Мн., 1973; Найдорф. Мн., 1976; Лонва. Мн.,1982; Алімпіяда. Мн.,1985.


Раздзел І. Дыялектнае слова ў мастацкім творы.

На сучасным этапе застаецца актуальным працэс узаемадзеяння літаратурнай мовы з жывой гаворкай народа, якая дае магчымасць пісьменніку абнаўляць і ўдасканальваць свой “матэрыял і інструмент”.1. Ужыванне дыялектнай лексікі ў творах мастацкай літаратуры стала заканамернай з’явай. Уводзячы дыялектную лексіку ў свае творы, пісьменнікі стараюцца больш рэалістычна адлюстраваць эпоху, мясцовы каларыт, побыт, асаблівасці мовы персанажаў. Ва ўсе часы беларускія пісьменнікі, якія пісалі пра вёску і яе жыхароў, не абыходзіліся ў сваіх творах без народна-гутарковай лексікі. Гэта можна бачыць у творах М. Гарэцкага, Ц.Гартнага, Я. Коласа, Я. Купалы, К. Чорнага, І.Мележа, М. Лынькова і многіх іншых. Мянялася тэматыка твораў, мяняліся погляды на тыя ці іншыя падзеі, узнікалі новыя героі, але ва ўсе часы пры адлюстраванні рэчаіснасці беларускія пісьменнікі абапіраліся на родную гаворку.

У другой палове 20-га стагоддзя стварылі даволі значныя творы пра жыццё беларускай вёскі ў даваенны час, пра барацьбу з фашыстамі ў час вайны, пра адбудову сельскай гаспадаркі пасля вайны, пра нялёгкі шлях простых людзей такія вядомыя беларускія пісьменнікі як І. Чыгрынаў, Б. Сачанка, В. Адамчык, І. Пташнікаў. Асновай твораў усіх гэтых пісьменнікаў з’яўляецца агульнанародная мова, дыялектызмы ж уводзяцца імі ў кантэкст для перадачы найтанчэйшых адценняў пачуццяў, перажыванняў, для характарыстыкі дзейнасці людзей у розных сферах жыцця.

Дыялектызмы адносяцца да моўных сродкаў абмежаванага ўжытку. Сферай іх выкарыстання з’яўляецца ў асноўным мастацкая літаратура.

Дыялектызмамі называюцца словы, якія ўжываюцца ў адной гаворцы, групе гаворак ці дыялекце і не ўжываюцца ў літаратурнай мове або адрозніваюцца ад літаратурных значэннем, фанетычнымі ці граматычнымі асаблівасцямі.2

1 Каўрус А. Мова народа, мова пісьменніка. Мн., 1989. С. 246.

2 Гілевіч Н.І. Дыялектызмы ў прозе беларускіх пісьменнікаў сярэдняга пакалення// Беларуская мова і мовазнаўства. Мн., 1975. Вып. 3. С. 12.

У «Слоўніку лінгвістычных тэрмінаў» адзначаюцца два значэнні тэрміна дыялектызм:

1.Дыялектныя словы, якія ўжываюцца ў мове мастацкай літаратуры з пэўнай стылістычнай мэтай.

2 Фанетычныя, марфалагічныя, сінтаксічныя і лексічныя асаблівасці, уласцівыя асобным дыялектам , і не ўласцівыя літаратурнай мове.1

У кнізе «Лексікалогія сучаснай беларускай літаратурнай мовы» тэрмін дыялектызм ужываецца са значэннем: «асобнае дыялектнае слова, уведзенае ў літаратурны тэкст, але поўнасцю не асвоенае літаратурнай мовай. Побач з тэрмінам дыялектызм ужываюцца словы правінцыялізм, лакалізм, абласное слова, мясцовае слова і інш.»2

Дыялектная лексіка – невычэрпнае багацце народа. Шматлікія дыялектныя словы надзвычай трапна перадаюць найтанчэйшыя адценні думак, пачуццяў, перажыванняў чалавека, дакладна характарызуюць дзейнасць людзей у розных сферах жыцця. Лексіка народных гаворак – каштоўная крыніца не толькі для лінгвістычных, але і для гістарычных, этнаграфічных даследаванняў.

«Народныя гаворкі, - як адзначае даследчык Баханькоў А.Я., - да цяперашняга часу застаюцца адной з важнейшых крыніц папаўнення лексічнага складу літаратурнай мовы.»3 Без уліку дыялектных асаблівасцей, як заўважаюць даследчыкі, нельга вырашыць праблему нармалізацыі літаратурнай мовы.4


1Сцяцко П.У., Гуліцкі М.Ф., Антанюк Л.А. Слоўнік лінгвістычных тэрмінаў. Мн.,1990. С.52.

2Лексікалогія сучаснай беларускай літаратурнай мовы. Пад рэд. Баханькова А.Я. Мн., 1994. С. 394.

3Баханькоў А.Я. Развіццё лексікі беларускай літаратурнай мовы ў савецкі перыяд. Мн., 1982. С. 67.

4Ляксуціна З.А. Да праблемы ўзаемадзеяння беларускай літаратурнай мовы і тэрытарыяльных дыялектаў//Рэгіянальныя асаблівасці беларускай мовы, літаратуры і фальклору. Гомель,1973. С. 49.

Літаратурная мова павінна непасрэдна вырастаць з жывой народнай мовы – вось асноўны прынцып, якога заўсёды прытрымліваліся нашы пісьменнікі. «І не трэба нам, - заўважае Алесь Адамовіч, - занадта баяцца слова «дыялектызм», раней неабходна прыслухацца, як слова гучыць, удумацца, наколькі яно трапнае і зразумелае. У любым, самым маленькім «засеку» жывой народнай мовы можна часам знайсці буйныя зярняты народнай мудрасці і дасціпнасці.»1

Беларускія пісьменнікі надаюць вялікую ўвагу моўнаму скарбу свайго народа, старанна працягваюць пошукі самабытнага, трапнага і свежага народнага слова. Гэтыя намаганні ўхваляе Р.Шкраба – вядомы літаратуразнавец: «Ніхто не можа забараніць пісьменніку шукаць выяўленчыя сродкі ў самых розных пластах жывой мовы».2

Янка Скрыган падкрэслівае: «Ведаць мову – значыць ведаць законы яе будавання, ведаць яе народную аснову. Бо толькі ведаючы народную аснову мовы, можна ведаць, як правільна і проста выказаць думку, як натуральна, паводле законаў гэтай мовы, пабудаваць фразу, дзе якое сказаць слова, патрэбнае іменна для гэтага месца.»3

Кожны з пісьменнікаў па-свойму бачыць, чуе, успрымае, адбірае словы, мае свой індывідуальны стыль, па-свойму выкарыстоўвае выяўленча-мастацкія сродкі. Асновай стылю, яго душой з’яўляецца мова. Сказанае не азначае, што кожны пісьменнік павінен пісаць нейкай асобнай, сваёй уласнай мовай. Асновай твора павінна быць агульнанародная мова.

Дыялектызмы ўжываюцца ў мастацкім творы з пэўнымі стылістычнымі мэтамі. Пісьменнікі бяруць з народнай мовы ўсё самае лепшае і, творча апрацоўваючы, уводзяць у літаратурны ўжытак.


1Адамовіч А. Культура творчасці. Мн., 1962. С. 175.

2Шкраба Р. Літаратура і мова: Кніга пра майстэрства. Мн., 1969. С.3.

3Скрыган Я. Ранішнія росы. Мн. 1965. С.85.

Адны з дыялектызмаў замацаваліся ў мове і атрымалі права на агульнае ўжыванне, другія застаюцца ў творах асобных пісьменнікаў як паказчык іх індывідуальнага стылю.

Максім Лужанін лічыць, што «трэба больш увагі аддаваць вывучэнню дыялектаў, бо яны . не могучы існаваць самастойна , уліваюцца ў мову. Па-першае, з дапамогай дыялектаў могуць запоўніцца нашы прабелы , знойдуцца словы, якіх не стае; па-другое, нядрэнна будзе мець і новыя адменнікі ўжо вядомых слоў. Але гэта не значыць, што дыялектызмы трэба ўводзіць у такой колькасці, каб абцяжарыць мову , зрабіць яе незразумелай.»1

Канешне, кожны з пісьменнікаў па-свойму бачыць, успрымае, адбірае словы, па-свойму выкарыстоўвае мастацкія сродкі, але ўсё ж кожны з іх павінен у першую чаргу дбаць пра чысціню літаратурнай мовы, клапаціцца пра тое, каб сказанае ім было зразумела шырокаму колу чытачоў.

Літаратарам трэба быць чулымі да слова, трэба любіць, паважаць і вывучаць народную мову, яе багацце рабіць здабыткам літаратурнай практыкі. Празмернае ж насычэнне тэксту вузкамясцовымі дыялектызмамі робіць мову твора малазразумелай і цяжкай для чытання. Майстэрства пісьменніка ў тым і заключаецца, як здолее ён з усяго багацця слоў роднай мовы выбраць самае тыповае для выяўлення пэўнага характару, як здолее ён гэты адбор падпарадкаваць зместу, задуме.2

Я.Колас, К.Чорны, І.Мележ, М.Лынькоў, Я.Брыль, К.Крапіва і іншыя мастакі слова, далі прыклад, як трэба ставіцца да лексічнага багацця роднай мовы. Тонкае адчуванне сэнсу кожнага асобнага слова, яго варыянтнасці зрабілі мову іх твораў гнуткай, выразнай, каларытнай. Наша сучасная беларуская літаратура мае сапраўдных прадаўжальнікаў іх справы – І.Чыгрынава, Б.Сачанку, В.Адамчыка, І.Пташнікава.

1 Лужанін М. Пісьменнік і мова// Полымя. 1951.N6.С.131.

2Юрэвіч У. Слова і вобраз.Мн., 1961. С.86.

Калі ўмеранае ўвядзенне дыялектызмаў у маналогі і дыялогі жыхароў вёскі з’яўляецца натуральнай неабходнасцю, то выкарыстанне мясцовых слоў у аўтарскай мове не заўсёды можа быць апраўданым, у прыватнасці тады, калі для выражэння пэўнага паняцця ў літаратурнай мове ёсць неабходныя агульнаўжывальныя лексічныя сродкі.

Вывучэнню дыялектызмаў у мастацкіх творах беларускіх пісьменнікаў прысвечаны працы Абабуркі М.В., перш за ўсё яго манаграфія «Стылістычна абмежаваныя словы ў мове беларускай мастацкай літаратуры» (Мн., 1981) і слоўнік-даведнік «Дыялектызмы ў творах беларускіх савецкіх пісьменнікаў» (Мн. 1979). Пытанні выкарыстання дыялектнай лексікі ў мастацкім радку майстроў слова не засталіся па-за ўвагай і іншых даследчыкаў мовы мастацкіх твораў (гл. спіс літаратуры ў канцы дыпломнай працы).

У тэксце мастацкага твора дыялектызмы выконваюць самыя разнастайныя мастацкія функцыі. Яны могуць быць выкарыстаны як сродак індывідуалізацыі вобраза, стварэння мясцовага каларыту, з іх дапамогай можна па-мастацку пераканаўча і этнаграфічна дакладна адлюстраваць побыт, сацыяльнае асяроддзе, абставіны і г.д. Выкарыстоўваючы дыялектызмы, аўтар малюе пейзаж, пераважна не гарадскі, стварае агульны фон і разгортвае апавяданне. ..Дыялектызмы часта служаць характаралагічным сродкам “прымацоўваючы” персанаж да пэўнага этнаграфічнага і сацыяльнага асяроддзя, яны ж могуць служыць і сродкам рэалізацыі камічнага пачатку твора.1

Як ужо гаварылася, “беларускія пісьменнікі актыўна выкарыстоўваюць у сваіх творах дыялектызмы пераважна для характарыстыкі дзейных асоб, але ў апошні час некаторыя з іх нават у сваёй, аўтарскай мове стараюцца выкарыстаць усе магчымыя сродкі выражэння сучаснай беларускай мовы”2

1 Оссовецкий И.А. Диалектная лексика в произведениях художественной литературы 50-60 годов//Вопросы языка современной русской литературы. М.,1971. С.359

2 Абабурка М.В. Дыялектызмы ў творах беларускіх савецкіх пісьменнікаў: Кароткі слоўнік-даведнік. Мн.,1979. С.5.

Пры вызначэнні дыялектызмаў я кіравалася перш за ўсё тым, ці падаецца адпаведнае слова ў “Тлумачальным слоўніку беларускай мовы”(т.1-5), ці мае яно там памету “абласное”. Калі слова адсутнічала ў ТСБМ, то рабілася зверка з дыялектнымі слоўнікамі (спіс гл. у канцы працы).

Выкарыстоўваючы дыялектную лексіку у сваіх творах, пісьменнікі павінны ведаць, што злоўжыванне дыялектызмамі псуе твор, зацямняе, абцяжарвае яго змест і мову.1

Пісьменнікі выкарыстоўваюць у сваіх творах значную колькасць стылістычна абмежаваных слоў. Гэтыя лексемы выступаюць ва ўсіх граматычных формах і значэннях. У мове беларускай мастацкай літаратуры, асабліва ў мастацкай прозе, яскрава выдзяляецца бытавая, сельскагаспадарчая і эмацыйна-экспрэсіўная народна-дыялектная лексіка2

Пранікненне ўказаных пластоў лексікі ў мову твораў беларускіх пісьменнікаў – вынік узаемадзеяння літаратурнага маўлення з дыялектным, дзе яны займаюць цэнтральнае становішча сярод іншых лексічных пластоў.3 Напрыклад, у рамане І.Пташнікава “Алімпіяда” сустракаем шмат слоў эмацыйна-экспрэсіўных, характарыстычных: Але ці пайшла б яна тады пасля вайны за такога шмэндрыка, як я?.(Алімпіяда .С.105). Замяце зімой дарогу і ён будзе чыкілдыхаць, як некалі бацька. (Там жа . С.607).

І.Пташнікаў уводзіць у мову сваіх твораў шмат бытавых назваў, характэрных для яго роднай гаворкі: галень, варыўня, аглобня і інш. Пісьменнік выкарыстоўвае мясцовыя назвы раслін: рудзік, канаторжнік, тофель і пад.: Усё ў хаце аблазіў Харбін, варыўню перавярнуў уверх дном – не знайшоў.(Алімпіяда.С.125). Зашумеў нагнуты тофель на вуліцы, трапечучы лісцем, заслала неба нізкімі хмарамі, і пайшоў снег. (Там жа).

З прыведзеных ілюстрацый відаць, што І.Пташнікаў, спорна чэрпаючы з жывой народнай мовы, не пераносіць яе ў свой твор сырую, неўзбагачаную.

1Малажай Г.М. Лінгвістычны аналіз тэксту. 2-е выд. Мн..1992. С.12.

2Абабурка М.В. Стылістычна абмежаваныя словы ў мове беларускай мастацкай літаратуры. Мн.1981.С.27-31.

3Блінава Э.Д.,Мяцельская Е.С. Беларуская дыялекталогія. 2-е выд. Мн. 1980. С.34.

4Каўрус А.А. Мова народа, мова пісьменніка.Мн.,1989. С.132.

Гісторыя беларускай літаратуры ведае імёны многіх пісьменнікаў, якія вельмі ўдала выкарыстоўвалі дыялектную лексіку ў сваіх творах. Да такіх пісьменнікаў належыць і І. Пташнікаў. Ён уводзіць у кантэкст дыялектныя словы не дзеля натуралістычнай дакладнасці, а ў пошуках найбольш эфектыўных моўных сродкаў пры стварэнні вобразаў. Такое выкарыстанне дыялектнай лексікі характэрна толькі тым пісьменнікам, каму дыялект блізка знаёмы. Дыялектызмы ў такіх пісьменнікаў выкарыстоўваюцца разнастайна і дакладна. Гэтыя пісьменнікі не капіруюць моўныя звароты з дыялектызмамі, а ўзнаўляюць моўныя сітуацыі, у якіх непазбежна ўключаюцца самыя разнастайныя дыялектызмы, якія ўяўляюць сабой не маляўнічую дэталь, а заканамерны структурны элемент мастацкай мовы твора. Пісьменнікі такога тыпу не імітуюць умоўны народны стыль, а ўзнаўляюць сапраўдную народную мову, прытым іншы раз з такой этнаграфічнай дакладнасцю, што можна тэрытарыяльна лакалізаваць мову персанажаў, а іншы раз і мову самога аўтара.1

У творах І.Пташнікава дыялектызмы выступаюць не як іншародныя ўкрапванні, а запаўняюць прабелы літаратурнай мовы, надаючы ёй пластычнасць і каларытнасць, таму што ў лексіцы народных гаворак знайшла яркае адлюстраванне шматвекавая гісторыя народа. Жывая народная мова, як сведчаць усе творы І. Пташнікава і іншых пісьменнікаў, не страціла сваёй ролі як крыніцы ўзбагачэння літаратурнай мовы нават на сучасным этапе яе развіцця.

Як адзначаў М.Лынькоў ,”назіральнасці пісьменніка можна пазай здросціць.Творы яго вызначаюцца выключнай эмацыянальнасцю. Трэба сказаць, што, акрамя добрага ведання псіхалогіі сваіх герояў, Пташнікаў тонка адчувае прыгажосць роднай прыроды і, як ніхто з іншых пісьменнікаў, можа перадаць гэту прыгажосць мастацкім словам.” Добра ведаючы беларускую мову наогул, І. Пташнікаў выкарыстоўвае ў сваіх творах у першую чаргу лексіку, агульную для ўсяго беларускага народа, характэрную

1 Оссовецкий И.А. Лексика современных русских народных говоров. М., 1982. С. 196.

для усіх ці большасці беларускіх дыялектаў. Ён імкнецца як мага выразней выкарыстаць выяўленчыя магчымасці беларускага слова і ўвесь час арыентуецца на жывую народную гаворку. Таму што, як адзначаў В.У..Вінаградаў, “мова мастацкага твора , з’яўляючыся сродкам перадачы зместу , не толькі суадносіцца, а і звязана з гэтым зместам ; састаў моўных сродкаў залежыць ад зместу і ад характару адносін да яго аўтара.”1

Праведзенае даследаванне паказвае, што І.Пташнікаў, акрамя вышэйназванай лексікі, умела выкарыстоўваў і дыялектызмы, характэрныя менавіта для Лагойшчыны, з гаворак, якія адносяцца да паўночна-заходняй зоны (гэтым і тлумачыцца тое, што семантыка большасці дыялектызмаў звяралася па “Слоўніку беларускіх гаворак паўночна-заходняй Беларусі і яе пагранічча.”). Выключнай жыццёвасцю, свежасцю і трапнасцю вызначаецца гэтая лексіка ва ўсіх творах пісьменніка. Як сцвярджаюць некаторыя вучоныя, дыялектнае слова ў літаратурных мовах з даўняй традыцыяй і стабілізаванымі нормамі выконвае пераважна экспрэсіўную функцыю – гэта сродак стылізацыі мовы мастацкай літаратуры. Адзначаецца, што узбагачэнне за кошт дыялектызмаў вядзе не да павелічэння сінаніміі ўнутры літаратурнай мовы, а да функцыянальнага размежавання і да ўскладнення сістэмы моўных адзінак .2 Але ўсё ж “усебакова раскрыць функцыі дыялектнага слова на розных этапах гісторыі літаратурнай мовы магчыма толькі пры ўмове грунтоўнага аналізу літаратурных крыніц разнастайных жанраў і канкрэтна-гістарычнага падыходу да самога паняцця “дыялектызм”.3


1Виноградов В.В. О языке художественной литературы. М.,1959.С.74.

2Скворцов Л.И. Норма. Литературный язык. Культура речи// Актуальные проблемы культуры речи. М.,1970.С.63.

3Шакун Л.М. Некаторыя заўвагі адносна дыялектызмаў у крыніцах гісторыі беларускай літаратурнай мовы .//Лінгвістычныя даследаванні. Мн.,1971.С.251.

 

Раздзел ІІ. Тыпы дыялектызмаў.

У раманах І. Пташнікава ўжываюцца дыялектызмы розных тыпаў: лексічныя, словаўтваральныя, граматычныя, семантычныя і фанетычныя. Разгледзім гэтыя групы.

Лексічныя дыялектызмы.

Лексічныя дыялектызмы – гэта мясцовыя словы, якія абазначаюць агульнавядомыя прадметы і паняцці.

У творах І.Пташнікава гэта перш за ўсё словы з Лагойшчыны – з мясцовасці, дзе нарадзіўся пісьменнік. Мною выяўлена больш за 200 лексічных дыялектызмаў. Сярод іх выдзяляюцца найперш бытавыя дыялектызмы (мясцовыя назвы некаторых прадметаў і з’яў), назвы сельскагаспадарчых працэсаў і эмацыйна-экспрэсіўныя дыялектызмы (словы, звязаныя з характарам чалавека, яго паводзінамі і іншымі рысамі). Сярод даследаваных дыялектызмаў яны з’яўляюцца самымі пашыранымі і ў мове герояў, і ў аўтарскай мове. Разгледзім іх па часцінах мовы.

Назоўнікі

Андрук, м. Божая кароўка.( ЛЛБ, с.173). 1

У гародзе на мяжы у высокай траве бегалі чырвоныя, вёрткія андрукі – божыя кароўкі – і блішчэлі кропелькі расы. (Алімпіяда, с.90).

У беларускіх народных гаворках вядома звыш 100 назваў гэтага насякомага. Параўн., андрэйка-братка, андрушок, пендарка, іванька, хадорка, матрунка, кандрацька, прошка-рабошка, зазуля-кавуля і інш.2

Асвер, м. Журавель (у студні). ( СПЗБ, т.1, с.106).

Снег наліпаў на стрэхі, на жэрдзе на платах, на паркан, на вочап, на асвер, на зялёнае голле на тофелі і на яблыню ў гародзе. (Алімпіяда, с.11).Ад яго загарэўся задзёрты ўгару высокі асвер (Найдорф, с.25).

1 Значэнні дыялектных слоў былі правераны па дыялектных слоўніках (гл. спіс скарачэнняў), а таксама па “Тлумачальным слоўніку беларускай мовы”, т. 1-5. Мн., 1977-1984.

2 Лексічны атлас беларускіх народных гаворак. Т. 1. Раслінны і жывёльны свет, карта 353. Мн., 1993; гл. таксама Міхайлаў П.А. Назвы насякомых // Лексічныя ландшафты Беларусі, Мн. 1995. С. 172-173.

Параўн.,асвер.Жэрдка ў калодзежы, на якую прымацоўваецца вядро (Сцяшковіч, с.33).

Бальшанка, ж. Шаферка, таварышка нявесты на вяселлі. (Варлыга).

Прыйшоў Мікалай па яе - - і пайшла. Без бальшанак – на вуліцы ўжо тыя далучыліся (Алімпіяда, с.12).

Бурвалак, м. Кавалак драўлянай палкі.(Сцяшковіч).

Андрэй падсунуў падніз пад адну палавіну бярозавы бурвалак, аскоблены падковамі і ўкачаны ў гной. (Мсціжы, с.23)

Параўн.: бурвалачак, м. - - зялёная паласа травы на прыгуменні (Мат. мін.-мал.,ІІ).

Ванжэўнік, м. Мячэўнік (трава) (СПЗБ, т.1).

А ў сорак шостым і сорак сёмым – што мы елі летам? – лебяду, ліпу, рудзік,ванжэўнік, мацярдуху, канюшыну, якая была і чырвоная, і белая (Алімпіяда, с.95).

Варыўня, ж. Памяшканне для захавання агародніны. (СПЗБ, т.1).

Усё ў хаце аблазіў /Харбін/, варыўню перавярнуў уверх дном - - не знайшоў.(Алімпіяда, с.125).Полымя калыхала яго на сценах старой, скіданай пасля вайны на папялішчы хаты, на кругляках варывенькі, што цвёрда стаяла на сваім новым падрубе тут жа (Лонва, с.43).

Васьмярык, м. Абрус ці пасцілка, вытканыя ў восем нітоў (Сцяшковіч).

Клятчастыя ўзоры, шэрыя палосы васьмерыкоў... Пасцілкі, - здагадваецца яна (Чакай у далёкіх Грынях, с.8).

Вітка, ж. Галінка (СПЗБ, т.1).

Назад па крутым абрыве яна /Алімпіяда/ падымалася, як па стозе сена, каб хутчэй ухапіцца за вітку – за галінку чорствай чарэмхі на беразе (Алімпіяда, с.383). Але па вітку - бярозавы доўгі дубец (Юрка заве яго так, бо імі, бярозавымі дубцамі, у Лонве вітавалі плот) – Юрка не пойдзе. (Лонва,с.151).

Параўн.:вітка – звітае з лазіцы маладой бярозкі замацаванне для жэрдак(Сцяшковіч), вітка – розга. пладовая галінка некаторых культур (СПЗБ, т.1), вітка – нізка чаго-н. (Мат. мін.-мал.,II).

Вобаратнік, м. Падарожнік (СПЗБ, т.1).

Так высахла ў печы лісце вобаратніку, якое адразу пасля вайны насілі з балота ў кошыках. (Лонва, с.159).

Вохлапкі, мн. Шматкі, кавалачкі чаго-н. (Сцяшковіч).

Барвовыя вохлапкі хмар застылі ў мярэжах і не схлынуць да рання, да свежых вятроў, што прачынаюцца з усходам зары (Чакай у далёкіх Грынях, с.96).

Гавыла, ж. Трава, пустазелле(Варлыга, с.29)

Пачаў расці дурнап’ян і ўсякая калючая гавыла (Алімпіяда, с.9). Пахла васількамі і ўсякай гавылай, што расце на гумнішчах. (Чакай у далёкіх Грынях, с.32). Сані, трапляючы ў расцёрты след, пішчалі цененька і мякка, як вецер у гавыле ля хаты пад прызбай (Агні, с.67).

Галец, м.Замёрзлая зямля без снегу(СПЗБ, т.1).

Хапянула на галец марозам зямлю (Чакай у далёкіх Грынях, с.131). Мароз узяўся нагалец і пёк, не адпускаючы: зіма пачалася ранняя (Алені, с.31).

У беларускіх гаворках з гэтым значэннем ужываюцца лексемы галашчок, галашчока, галута, галутва, сухалёдзіца (ЛАБНГ, т.2, карта 91).

Гальнік, м.Дзяркач (змецены венік)(Абабурка).

І вазьміце з сабой гальнікі. Дзеркачы,чым большыя – тым лепш. (Алімпіяда,с. 68.) Маці чыста падмяла гальніком памост, згарнуўшы пацёртую сухую леташнюю сырадэлю. (Тартак, с.152.) Агонь ля асвера расклала Кланя: падмяла гальніком снег з-пад ног, прынясла на бляшанай засланцы галавешкі з печы, і паклала на засланцы на зямлю (Найдорф, с. 80.)

У беларускіх дыялектных слоўніках адзначаны варыянты гэтага слова: галень, гальнік (Юрчанка), галень (СПЗБ), галяк (ЗНС). Параўнай іншыя назвы: драпач (НЛ), драпкач (ЖС), карачун (ДСБ).

Гатар, м. Лесапілка (СПЗБ,т.1).

Да маста на лажок выходзіла дваром калгасная лесапілка – гатар. (Алімпіяда,с.259.)

Глыж, м. Камяк (СПЗБ, т.1)

Яна падбегла і падхапіла вазок, каб не перакуліўся: выязджалі на дарогу з паднятымі трактарам снежнымі глыжамі (Алімпіяда,с.462.)

Параўн.: глыш (СПЗБ,т.1.), глыжка (ДСЛ).

Гранка, ж. Баразна,градка (СПЗБ,т.1).

Бегала і на ферму і з фермы праз дзядзінец ля плота ці праз свой гарод баразной між гранак…(Алімпіяда,с.6.)

Дзядок, м. Апорны слупок у гаспадарчым будынку (СПЗБ,т.2)

Калі ён учарэпіўся за дзядок, падумаў, што са страхой знясло і шчыт ад двара, - шчыты з аполкаў былі папрыбіваны да дзядкоў (Мсціжы,с.13.).

Додніца, ж. Досвітак, світанне (Абабурка.).

Нашы пачалі ісці праз вёску, калі толькі яшчэ зазелянелася халодная додніца – адступалі на ўсход, на Бегамля (Алімпіяда,с.340).Зімой, калі Андрэй у маразы ехаў додніцай да ракі, правады гудзелі ў белых ад інею бярозах на розныя галасы (Мсціжы,с.24.). Людзі ўсталі сёння додніцай і лавілі коней на выганчыку ў тумане, дзе яшчэ ярка гарэў агонь і спалі начлежнікі (Найдорф,с.61.).

Параўн.: додніцай прысл., досвіткам (Абабурка), додніка (Сцяшковіч), доднечкам (досвіткам) (Мат. мін.-мал.,ІІ.).

Друзалкі, мн. Кавалачкі чаго-небудзь (СПЗБ,т.2.).

Ляцяць на халодны бліскучы лёд, у які ўгрызаецца шырокі Харбінаў тапор, пырскаючы ў вочы друзалкамі лёду (Алімпіяда,с.337.). Ухапіўшы друзалак халоднага збітага снегу – у каня з-пад капыта, - расцёр яго ў далонях і стаў мачыць вочы (Агні,с.65.).

Параўн.: друзачка – дробны кусочак (ТСБМ,т.2.).

Дыля, ж. Тоўстая дошка (ТСБМ,т.2.).

Старыя сукаватыя пачарнелыя дубовыя камлі, якія нехта намерыўся быў распілаваць на дылі, ляжалі на зямлі (Алімпіяда,с.259.).

Дэнка, н. Дошчачка, на якой рэжуць што-небудзь (СПЗБ,т.2).

Яна (Таццяна) рэзала кілбасу, і нож скакаў па старым драўляным дэнку (Алімпіяда,с.249.). Маці рэзала вузенькі доўгі скрылёк сала на ражку стала, не падкладаючы дэнка (Найдорф,с.147.).

Як паказваюць матэрыялы «Лексічнага атласа», у гаворках ужываюцца з гэтым значэннем варыянты: дэнца, донца, дно, днушка, днішка, а таксама іншыя назвы: кружок, стальніца, крышка (ЛАБНГ, т.5, карта 304).

Засмаль, ж. Гарэлае,гар (ТСБМ).

Перад новым мастом цераз Двінасу – ад яго яшчэ пахла засмаллю – на выбоінах праціўна забразгалі ззаду аб канькі ланцугі (Алімпіада,с.202.).

Засмаржка, ж. Вузел у выглядзе пятлі, завязаны адным канцом (СПЗБ,т.2.).

Панок скідае лейцы з шыі і завязвае іх на засмаржку ля белай новай бярозавай ручкі (Тартак,с.189.).

Параўнай: засмарга – завязаны бантам вузел (Мат. мін.-мал.-І.)

Канаторжнік, м. Чарнобыль(трава) (СПЗБ,т.2).

Далей пад плотам сох зайцаў гарошак, не змогшы завязацца на стручкі, гібеў высокі пасівелы, як палын, канаторжнік (Алімпіяда,с.8.).

Канюх, м. Каршун (Бялькевіч).

Ныў матор, і яму (Ратнікаву) раптам здалося, што ён стаіць на дарозе, а ўсё ідзе кругам: рабыя каровы на лугу, канюх у белай смузе…(Алімпіяда,с.48.).

Каслаўка, ж. Касмыль,жменя, ручайка(лёну); перан. – пасмы валасоў (СПЗБ,т.2).

Сіваватыя, як попел, валасы звесіліся праз лоб каслаўкай, і на іх, на канцах, віселі кроплі вады (Алімпіяда,с.198.). Папрывыкалі да мурагу, і то – растрасі кожную каславачку ў жмені (Мсціжы,с.40). Мокрыя сівыя валасы на галаве скруціліся ў каслаўкі і папрыліпалі да вушэй (Тартак,с.166.).

Кісля, ж. Закваска (СПЗБ,т.2.).

 

Яны не пяклі свайго хлеба – так, рэдка калі, каб кісля ў дзяжы не звялася, - жылі з магазіна (Мсціжы,с.163.).

Параўн.: кісля, ж. разм. Тое, што і кіслата (ТСБМ,т.2).

Крушня, ж. Куча камення (СПЗБ,т.2.).

Наперад ёй забег Валерка і паказаў рукой пад сухі лазовы куст з крушняй камення воддаль ад ліпы (Алімпіяда,с.150.).

Крэса, ж. Паласа, рыса (Мат. мін.-мал-ІІ.).

Усміхнулася(Таня),выцершы лоб ад поту – угрэлася ля агню – і пакінуўшы збоку на лобе чорненькую вузенькую крэсачку, як усё роўна падводзіла бровы і сашмыкнулася рука (Алімпіяда.с.528.).

Курмель, м. Пячкур(рыба) (СПЗБ,т.2.).

Стары, спрадвечны брод быў якраз у старыцы, яго адсекла ад вады прарытая на лагу прамая канава,і ён , поўны некалі белага дробнага камення, курмялёў, верацяніц і сліжыкоў, цяпер паміраў (Алімпіяда,с.81.). Валерка бегае з дзецьмі канавай аж да моста ў канцы грэблі лавіць курмялёў. (Сцяпан Жыхар са Сцешыц , с.194).

У гаворках, акрамя назвы курмель, пашыраны лексемы келб, кялбун, пяскар, пескавод, поўх, сопуха, дудорга і інш.1

Курня, ж. Мурканне,курняўканне (СПЗБ,т.2).

Аблепіць з галавы да ног і запяе ад радасці курню вакзальны стары кот..(Алімпіяда,с.278.).

Лагожы,мн. Сані-развалкі для перавозкі грузаў (ТСБМ,т.3.).

Лагожы, здаецца, дзяруць снег, цяжкія, з шырокімі новымі палазамі…(Тартак,с.204.).

Параўн.: лагожы -–лёгкія сані; лагошы – сані з надбудованай скрыняй перавозіць сыпкія харчы (Мат. мін.-мал., II).

Ласонікі, мн. Прысмакі (СПЗБ,т.2).

Ты мне ласонікаў не строй. Бліноў пшанічных, яйцы з чатыры і прамачыць…(Чакай у далёкіх Грынях, с.135.).

Лата, ж. Пляма іншай афарбоўкі ў жывёліны (СПЗБ,т.2.).

1 Лексічныя ландшафты Беларусі. Мн., 1995. С.114--115

 

Пярэдні алень быў сівы і ў чорныя латы (Алені,с.26.).

Параўн.: лата – лата, паплеціна (Бялькевіч); лата – пустое, голае месца(Мат. мін.-мал., I); лата – кавалак тканіны і пад., якім залатана дзірка на адзенні, абутку (ТСБМ, т.3.).

Лягар, м. Бярвенні, якія падкладаюцца пад штабелі дроў, лесу (СПЗБ,т.2).

Яшчэ нядаўна тут, у самым нізкім месцы на дарозе, ляжаў насланы драўляны масток на двух круглых легарах (Алімпіяда,с.538.).

Ляжэйка, ж. Аглабіна (у калёсах), верхняя частка драбін (у возе) (Абабурка).

Калёсы праваліліся ў гразь па самыя ляжэйкі – пахаваліся колы…(Алімпіяда,с.112.). Жэнька не бачыла, як Юрка ўхапіўся за ляжэйкі (Лонва,с.175). Галіна адкінулася да ляжэйкі і ўгледзелася на Млечны Шлях (Чакай у далёкіх Грынях, с.11.). Хвост у яе мяккі, рассыпаецца па нагах, што ручайка лёну, і тады хочацца пацерабіць іх аб ляжэйку (Тартак, с.40).

Параўн.: аглабіно, гнушка (Абабурка), ляжэйка – жэрдачка ў калёсах (Каспяровіч).

Мілта, ж. Страва, прыгатаваная з аўсянай мукі (СПЗБ,т.3).

Мілта змолатая ў мяшку стаяла ў куфры (Найдорф,с.97.).

Параўн.: мільта – страва з аўсянай мукі (Мат. мін.-мал., II)

Мялянне, н. Кастрыца (СПЗБ,т.3).

За акном ядраная зара на ўсходзе і на падаконніку на мяленні скача сінюк (Алімпіяда,с.353.).

Наберткі , набераткі, мн. Раменная частка вупражы (СПЗБ,т.3.).

Каням абцягвалі наберткамі, падкладаючы іх пад хвасты, і пасля, трымаючы ў руках дугі, запіхалі коней задам у доўгія бярозавыя аглоблі (Мсціжы,с.24.).

Аб’інеў конь, стаў зусім белы, аб’інелі дуга і набераткі (Тартак,с.137.).


Параўнай у літаратурнай мове: набедрыкі, набэдрыкі, набадры (ТСБМ,т.3.).

У гаворках з гэтым значэннем зафіксаваны лексемы намэдрыкі, шлеі, падгузы, паўторы (ЛАБНГ, т.2, карта 327).

Надзежнік,м. Кавалак палатна, якім накрывалі дзяжу (СПЗБ,т.3.).

Падай, сусед, надзежнік з лаўкі – сказала Алімпіада (Алімпіяда,с.94.). Белыя ад гліны сцены , на стале белы надзежнік, і на яго насыпана вараная бульба (Тартак,с.132).

Нажутка, ж. Кароткае верхняе жаночае адзенне, жакет з рукавамі (Абабурка).

У чорнай шыбіне ўбачыла (Алімпіяда) свае апушчаныя рукі і нажутку – светлай плямай (Алімпіяда,с.8.). На частаколе ля хлеўчыка вісіць, зачапіўшыся, Верчына старая байкавая нажутка (Мсціжы,с.101.).  Яна (Наста) нагнулася да яго – ён схапіў яе за нажутку, за рукавы ля лакцей,і пацалаваў у шчаку (Тартак,с.8.).

Слова нажутка сустракаецца амаль у кожным творы Пташнікава. Гэта слова, як лічыць Абабурка М.В., прыйшло ў беларускую мову з польскай: nazutka “адзенне жанчыны” і “накідка”1 У творах Пташнікава яно ўжываецца і ў значэнні “верхняе жаночае адзенне” і ў значэнні “кофта, блузка”.

Павалаканец, м. Кароткі кажух, пацягнуты зверху сукном (СПЗБ, т.3).

Маці ў расшпіленым павалаканцы прабегла ззаду да варот .(Алімпіяда, с.456). Свісталі на ветры голыя дубцы ў бярэзніку, хвасталі па твары, дзерлі павалаканец (Чакай у далёкіх Грынях, с.148).

Побач з назвай павалаканец у творах І.Пташнікава ўжываецца варыянт павалакан: Мае папіросы недзе ў павалакане (Мсціжы, с.49).

Параўн.: павалочка, ж.Кажух, пакрыты сукном, шуба (Бялькевіч), павалочка ж. Паўшубак, пацягнуты сукном (Сцяшковіч), павалаканы. Абшыты тканінай (Мат. мін-мал.).

1 Абабурка М.В. Стылістычна абмежаваныя словы ў мове беларускай мастацкай літаратуры. Мн., 1981. С.84.

 

Падплятанка, ж. Спіца для падплятання лапцей. (СПЗБ, т.3).

І зубы вялікія і шырокія, як касцяныя падплятанкі, якімі ў вайну падпляталі лазовыя лапці (Лонва, с.62).

Падрукаянт, м. Таварыш, сябрук, прыслужнік (Варлыга).

А што гэта твой падрукаянт не па-наську блузніць?(Алімпіяда, с.385).

Падчачурка, ж. Дзяўчына-падлетак (Варлыга).

Гадоў шаснаццаць яна ўжо мела, але на від была яшчэ зусім падчачурка (Алімпіяда, с.398).

Паземачнік, м.Сунічнік (СПЗБ, т.4).

Пад ногі лучалі адсечаныя асколкамі яловыя лапкі і павыдзіраны з зямлі з мохам зялёны пазёмачнік з паружавелымі ягадамі (Найдорф, с.23).

Пал, м. Высокая тэмпература, гарачка (ТСБМ, т.3).

Падумаў, што ў Тані, мусіць, пал – гарачая галава (Тартак, с.128).

Параўн.: пал. Тэмпература (Мат. мін-мал., III).

Паперадоўка, ж. Вяроўка, прымацаваная спераду воза, якой уціскаюць сена, салому (СПЗБ, т.3).

Воз высокі і вузкі, калышацца пад нагамі, калі падыходзіш пад перад, каб зачапіць, падняўшы ўгару на руках, парубень за паперадоўку, - гэта не жыта, што расцягнуў на ўсе снапы воз і стой, як на стозе (Найдорф, с.62).

Як варыянт І.Пташнікаў ужывае лексему паперадня:

Пачакай, не едзь, зачаплю паперадню. (Чакай у далёкіх Грынях).

Парубень, м. Рубель (жэрдка для ўціскання саломы, сена ) (ТСБМ,т.4).

Стаіць на каленях, ажаргаўшы парубень (Алімпіяда, с.112). Здаецца, што на загуменні абярнуўся воз са снапамі і прыдавіў Юрку парубнем. (Лонва, с.106). Збегай за парубнём, я яго ля першай капы да альшэвіны быў прыхінуў (Чакай у далёкіх Грынях , с.54).

Параўн.:рубэль, м. Прылада для ўціскання сена ці саломы (ДСБ), парубень, м.Рубель.(Сцяшковіч), рубель, м. Рубель (Бялькевіч,Янкоўскі-І),рубель, м.Тоўстая рухомая жардзіна, на якой стаяць, крыючы страху саломай. (ТС-4).

Паспешка, ж. Бульба-скараспелка (СПЗБ, т.3).

Верка падкопвала паспешку раней усіх у вёсцы – яшчэ не пачыналі жаць (Мсціжы, с.254).

Параўн.: паспешка, ж. Сорт ранняй бульбы (Сцяшковіч Мат.).

Паўцагелак, м. Палавіна цагліны (СПЗБ, т.3).

Саскочыўшы, ён поўзаў па гары, мацаючы мокры мох і пясок, пакуль ля самага коміна не лучыў пад калена паўцагелак (Мсціжы, с.15).

Параўн.: паўцагелак, м. Палавіна цагліны (Сцяшковіч).

Пахарон, м. Пахаванне (СПЗБ,т.3).

Я сягоння на пахароне  была (Алімпіяда, с.524).

Плечавень, м. Плячысты чалавек.

Выставіўшы ўперад руку – высокі, у два метры росту, плечавень, - ён /сяржант/ махаў і махаў ёю, як лапатай на таку (Алімпіяда, с.21).

Пляйстра, ж. Слой мышачнай тканкі; пляма (СПЗБ,т.4.).

◊ Пляйстрамі пайсці – аддзяляцца слаямі (СПЗБ,т.4.).

З загарэлымі чорнымі рукамі – на іх ля плеч уставала белымі пляйстрамі скалелая шкура (Алімпіяда,с.22.). У вочы кідалася рунь жоўтымі пляйстрамі: сапрэла жыта ў гразі пад снегам (Мсціжы,с.65.) Было відаць, калі ўгледзішся, як мітусіцца снег, пляйстрамі, бы хто павесіў сушыць на мароз бялізну (Агні,с.92.).

Параўнай: пляйстрачка.ж. – Пласт, слой (Мат.мін.-мал.).

Полачка,ж. Пялёнка (СПЗБ,т.4.).

Яна (Алімпіяда) спусцілася з горкі і ішла, прыхінуўшы рукі да грудзей, дзе грукала сэрца – як усё роўна нясла перад сабой маленькую Таню, закручаную ў полачкі (Алімпіяда,с.561.).

Праварына,ж. Стойла,перагародка ў хляве (СПЗБ,т.4).

Спачатку летам – добра было спаць у мяккім сене пад падстрэшнікам ля канюшні, слухаць, як стогнуць у праварынах коні ( Алімпіяда,с.452.). Андрэй, вярнуўшыся, пабег ім (коням) наперад цераз канюшню – папрасаджваюцца ў праварынах, здурнеўшы (Мсціжы,с.22.).

Параўн.:праварына,ж. Павець,падпаветка (Сцяшковіч, Мат.); адлегласць паміж дрэвамі ў садзе (Сцяшковіч); прыбудова (Мат. мін.-мал.); стайня, вялікі хлеў; засаўка, завала (у стайні, хлеве) (Янкоўскі).

Працівенька, ж. Ток (СПЗБ,т.4).

Конь стаяў з прыходу, на працівеньцы, ціха гломзаючы з саней сена (Агні,с.108.).

Пролабка. ж. Палонка (СПЗБ,т.4.).

Харбін, памеціўшы пролабку, махае тапаром з-за вуха, аж іскры пырскаюць разам з лёдам (Алімпіяда,с.337.). Зімой, у вялікія маразы, трэба было прасякаць у бродзе пролабку і наліваць у карыта вады (Мсціжы,с.22.).

Параўн. у ТСБМ: проламка,разм. – палонка.

Прушчына, ж. Прасціннае палатно (СПЗБ,т.4.).

На стале пад самай лямпай ляжала белая крамная прушчына і блішчала швейная машынка (Тартак,с.216.).

Прэнзлі, мн. Махры (СПЗБ,т.4.).

Дзяўчаты ў хустках, акручаных канцамі ля шыі і перакінутых прэнзлямі на грудзі (Алімпіяда,с.75.).

Пэйчык, м. Бізун (Рус.-ням. сл.).

І пілотка на галаве чорная, і конь пад ім чорны, і ладны пэйчык у руцэ (Алімпіяда,с.394).

Пяколак, м. Цёплае месца на печы, куды лазяць грэцца (ТСБМ,т.4.).

Сядзела (Галіна) на ўслончыку ля печы, там, дзе лазяць на пяколак (Чакай у далёкіх Грынях,с.137).

Параўн.:пяколак,м. Прыпечак.(Янкова);пяколка,ж. Месца пад печкаю, дзе кладуць запалкі (Бялькевіч); пяколак,м. Комінак (Сцяшковіч Мат.).

Рабінка,ж. Спірэя (СПЗБ,т.4.).

У лучках ля ракі ўжо вялікая трава – сінюха і рабінка – хоць касі (Найдорф,с.14.).

Рагалы,мн. Пацёкі поту (СПЗБ,т.4).

Пот разліўся з ямак па шчацэ і пацёк рагаламі на стол (Алімпіяда,с.200).

Рагачы, мн. Звязаныя разам тры драўляныя палкі (СПЗБ,т.4).

Ногі ў яго, здавалася, былі надта ценкія і высокія – падскокваў ён на іх, як усё роўна на якіх рагачах (Алімпіяда,с.49.).

Параўн.:рагач, м. Вілы з двума рагамі (Сцяшковіч Мат.); частка сахі, яе аснова,сама саха (Янкоўскі); дышаль (Янкова); керагаз (Мат.мін.-мал.).

Рудзік, м. Шчаўе лугавое (СПЗБ,т.4.).

Пачаў расці рудзік, дурнап’ян і ўсякая калючая гавыла (Алімпіяда,с.9.). На папары парос высокі рудзік – цвіў рыжым цветам (Найдорф,с.82.).

Саганок,м. Чыгунок (СПЗБ,т.4.).

Пасярод агню стаяў маленькі чорны саганок, у якім перш варылі мачаку, кіпеў, і было відаць, як бурэла бульба – бралася прыгаркамі (Найдорф,с.144.). У адной руцэ ў яе (Веркі) вядро з малаком - знаць зверху на вядры белыя пырскі, у другой – саганок (Тартак,с.109).

У гаворках для назвы гэтай пасудзіны існуюць лексемы саган, казан, цаган, чаган, чавун, чыгун, кацялок (ЛАБНГ, т.4).

Святок,м. Світанне (СПЗБ,т.5).

Назаўтра, чуць святок, Андрэй пабег у вёску, каб паехаць па доктара (Алені,с.42.) Ускруціўшыся чуць святок, яна (Кланя) зноў бралася за ўчарашнюю работу (Найдорф,с.188.).

Семнастоўка, ж. Семнаццацігадовая дзяўчына (Абабурка.).

І ты не семнастовачка, і я...(Алімпіяда,с.253.).

Параўн.:семнаццатка (Абабурка); П. Сцяцко падае гэта слова са значэннямі: маладая дзяўчына(17 гадоў); немаладая дзяўчына. якая надта маладзіцца.

Сіпак, м. Зямля сівага колеру (СПЗБ,т.4).

Сіментал (бык) перабіраў і перабіраў заднімі нагамі, адкідаючы з-пад сябе свежы сіпак і дробнае каменне (Алімпіяда.с.163).

Скаба. ж. Рабрына (ТСБМ,т.5,ч.1).

Пад бок лучыў парубень, цвёрды, слізкі – чуваць рукой, - і ад яго баляць скабы (Тартак,с.130). Паламаны скабы і крануты лёгкія (Мсціжы,с.100).

Параўн.:скаба, ж. Рабро (СПЗБ,т.4.); скабкі, мн. Пасечаныя рэбры парсюка (Мат. мін.-мал.).

Смычка, ж. Падвей(трава).(СПЗБ,т.5)

Конь, нагінаючыся да зямлі, стаў скубці ў выбоінах сухую смычку: быў галодны.(Тартак, с.76) На ім ля прабоя вісеў жмук сена – леташняя сухая смычка.(Найдорф,с.169)

Спіжарня,ж. Каморка.(СПЗБ,т.4)

Заклёпачкі буду ставіць, пакуль не звязуць к чортавай матары маю гэту спіжарэньку...(Мсціжы, с.266)

Спрага, ж. Праход у агарожы.(Абабурка).

У спрагу ў цемнаце яны не лучылі – пералезлі па гурбе зверху цераз плот і ледзь патрапілі ў вароты (Алімпіяда,с.336). Маці дала ім па ручніку, і яны, пералезшы ў спрагу ля хаты, пайшлі мяжой ля плота да ракі (Найдорф,с.45.). Верка пазносіла жэрдзе ад спрагі на мяжу ў гарод (Тартак,с.191).

Струшанка. ж. Трасянка (з сена і саломы) (Абабурка).

Бярэш у рукі рагатыя, на два зубы, лясковыя вілкі, трасеш сена з саломай – робіш струшанку – і носіш яе ахапкамі каровам...(Алімпіяда,с.352).

Параўн.: струшанка – трасянка, салома, змешаная з сенам (Бялькевіч).

Сутонне, н. Змярканне (СПЗБ, т.5).

Брэша сабака, крычаць на сутонні пастухі, галёкаюць на ўсё горла, як і сто, як і дзвесце гадоў назад у гэтым лясным краі (Лонва, с.18).

Параўн.: сутонак – змярканне (Сцяшковіч Мат.).

Сцябачка, ж. Мянташка (СПЗБ, т.5).

Косы віселі на ключы: на адной была яшчэ сцябачка, забыліся зняць, яна стукала па касільне ля пальца, і ад таго глуха звінела ўгары каса. (Мсціжы, с.16).

Параўн.: у літаратурнай мове – сцябаць, біць, хвастаць.

Сярнічка, ж. Запалка (СПЗБ,т.5).

Сёння, калі яна, вярнуўшыся з фермы, нагнулася над зрубам, у вачах як хто чыркнуў сярнічкай па карабку – спружына выгнулася, засланяючы агнём свет (Алімпіяда, с.7). Ён падумаў, што ўсё будзе такім летам гарэць, як сярнічка: трава, лес, салома на стрэхах (Тартак, с.75).

Параўн.: сярнічка – запалка,сярчыкі – запалкі (Мат. мін-мал.-ІІІ, Бялькевіч), сярнікі мн., сярнічкі – запалкі (Сцяшковіч Мат.).

Тарнітка , ж. Жалезная бляшанка для збору смалы (Сцяшковіч).

Яна /смала/ і цяпер яшчэ ляжала там у тарнітках – можна знайсці ля пнёў – застыла, цвёрдая, што камень, і бліскучая, як шкло(Тартак, с.184). Перад самай вайной паявіліся тарніткі – варонкі з шыферу, ці што. (Мсціжы, с.210).

Тафялёўка, ж. Гарэлка, настоеная на таполевых пупышках.

Яны /пупышкі/ намоклі ў цёплай вадзе, што ў гарэлцы, і ад іх, як ад тафялёўкі, зрывала нос (Мсціжы, с.158).

Тофель, м. Таполя (СПЗБ, т.5).

Зашумеў нагнуты тофель ля вуліцы, трапечучы лісцем, заслала неба нізкімі хмарамі, і пайшоў снег (Алімпіяда, с.10). Стаялі ля варот, пазадзіралі ўверх галовы, недзе туды, за вёску, на Панкоў тофель (Тартак, с.159).

Траска, ж. Дранка (СПЗБ, т.5).

Сеначкі былі накрытыя траской – абрэзкамі, што асталіся ад хаты, вузкімі, сукаватымі (Мсціжы, с.13).

Параўн: траска – тоненькія дошчачкі для пакрыцця даху (Мат. мін.-мал.-ІІІ).

Трасочнік, м. Дрывотнік (СПЗБ, т.5).

Пахне дымам ад сасновай кары – падмялі, мусіць, на двары трасочнік і заняслі ўсё ў печ (Алімпіяда, с.338).

Параўн: трасочнік – дробныя трэскі, рознае смецце (СПЗБ, т.5), месца, дзе сохнуць трэскі (Сцяшковіч Мат.).

Трухліна, ж. Пацяруха, парахня (ТСБМ, т.5).

На скошаны дол пасыпалася жоўтая сухая трухліна, як пераспелая дзераза. (Чакай у далёкіх Грынях, с.49).

Туляг, м. Вялікае воблака, хмара (Варлыга).

За канцылярыяй, на Кур’янаўскіх Садах, вісеў вялікі, цяжкі, як сцірта саломы, жоўты туляг (Алімпіяда, с.60). Пасля яна падумала, што гэта туляжок вісіць над ім, цёмны, знізу малінавы, як само сонца. (Калістрыха, с.125).

Хабаль, м. Палюбоўнік, хахаль (СПЗБ, т.5).

Ты і цягнула, пакуль усё разам са сваім хабалём у магілу не зарыла (Алімпіяда, с.534).

Хвашчанка, ж. Мачалка з хвашчу, сухой травы і інш.(СПЗБ, т.5).

Падышла карова блізка, дыхнула ў твар цёплым сырадоем і лізнула шурпатым, як хвашчанка, языком па шчацэ (Алімпіяда, с.283).

Чашчавік, м. Абабак.(СПЗБ, т.5).

З-пад яго вылазяць белыя галоўкі чашчавікоў і чырванеюць раннія брусніцы (Лонва, с.67).

У гаворках для назвы абабка адзначаны найменні бабка, падабабак, падбярозавік, беразняк, казяк, чашчэвік, савяк (ЛАБНГ, т.1, карта283).

Шафарня, ж. Самаробная шафа, скрыня для захоўвання мукі і інш.(Абабурка).

Яна /Алімпіяда/ прайшла, адчыніла дзверы і кінула яго /ручнік/ на шафарню ў сенцы (Алімпіяда, с.44). Мех быў новы, з суравога палатна, дастала сёння з шафарні – трапіў пад рукі, - у ім толькі раз вазілі малоць, і цяпер з яго яшчэ церушылася мука (Тартак, с.4).

Шляк, м. Палоска тканіны іншага колеру або іншага ўзору (СПЗБ, т.5).

Дастаўшы, падала яму /Харбіну/ - новенькі, чысценькі, з выбеленага кужалю, доўгі рушнік з вышытымі шлякамі(Алімпіяда, с.430).

Шума, ж. Смецце (СПЗБ, т.5)

У раскапаную ля дарогі старую шырокую яму цяпер звозілі з вёскі шуму, трасочнік, сцягвалі з поля каменне (Мсціжы, с.207).

У розных рэгіёнах Беларусі смецце называецца словамі смяццё, шума, ляда, сур, сур е, мусар (ЛАБНГ, т.3, карта 126).

Шуметнік, м. Сметнік (СПЗБ, т.5).

Зарвала ёй /Выліне/ - падавілася, як сарока кавалачкам сала, глынуўшы яго разам з ніткай на шуметніку (Алімпіяда, с.550).

Шчавун, м. Дзікае шчаўе (СПЗБ, т.5).

Плота ад поля не відаць: ён схаваўся ў дзядах і шчавуне (Чакай у далёкіх Грынях, с.31).

Параўн.: шчавук, абл. (ТСБМ, т.5, ч.2), шчавель, шчавей, шчаўе, шчаўё, шчавух, шчавер (ЛАБНГ, т.1, карта 261).

Шыллё, н. Ігліца. (СПЗБ, т.5).

Адтуль тырчалі высунутыя кароткія ногі ў гумавых ботах з паналіпанымі да халяў мохам, шыллём, жоўтым бярозавым лісцем (Алімпіяда, с.218). Ад жару высахла зямля і побач бралася агнём – тлела - леташняе чорнае шыллё, кара і белыя пянькі сіўцу (Мсціжы, с.40).

Шыльнік, м.Ігліца (СПЗБ, т.5).

За плечы пасыпаўся халодны калючы шыльнік, бы хто ўгары страсянуў елкі (Чакай у далёкіх Грынях, с.72).

Параўн.:шыгільня н. – хваёвыя шпількі ў лесе (Бялькевіч), шыльнік – іголкі хвоі, елкі (Сцяшковіч Мат.).

Як паказвае прааналізаваны матэрыял, дыялектызмы-назоўнікі абазначаюць назвы прадметаў хатняга ўжытку, будынкаў, сельскагаспадарчых прылад, вопраткі, птушак, рыб і насякомых, раслін.

Сярод лексічных дыялектызмаў-назоўнікаў вылучаецца падгрупа эмацыйна-экспрэсіўных дыялектызмаў. Пры іх дапамозе перадаюцца розныя адценні – іроніі, гумару, ласкальнасці, неадабрэння, асуджэння, фамільярнасці і інш. Выяўленыя эмацыйна-экспрэсіўныя дыялектызмы-назоўнікі характарызуюць асобу чалавека, яго знешні выгляд, характар, паводзіны, дзеянні. Параўн:

Дурніло, м. і ж., зневаж.(пра чалавека).(ТСБМ, т.2).

Якія свечы,. дурніло ты (Алімпіяда,с.263).

Лабідуда,м. і ж.,экспрэс., зневаж..(пра чалавека) (ТСБМ.т.3.).

Паваляка,м. і ж., экспрэс., зневаж (ТСБМ,т.4.).

Віня быў за яе маладзіцай, вясковы шыракаплечы лабідуда і паваляка (Алімпіяда.с.174.).

Неўздаляка. м.і ж. Пра слабага, нездаровага чалавека.

Можа, які наш вясковы неўздаляка прачнецца...(Алімпіяда,с.268.).

Шмэндрык,м.,зневаж. Пра непрыгляднага чалавека (ТСБМ,т.5.).

Але ці пайшла б яна тады пасля вайны за такога шмэндрыка, як я? (Алімпіяда,с.105.).

У “Тлумачальным слоўніку беларускай мовы” амаль усе яны падаюцца з паметамі “зневажальнае”, “экспрэсіўнае”.

Прыметнікі і дзеепрыметнікі.

Аромы,прым. Які прызначаецца для арання.

За імі, адварочваючы галаву ад ветру, аромыя быкі, ішлі рыкаючы (Алімпіяда,с.337).

Выцмуглы,прым. Вялікі (СПЗБ,т.1)

Цёмныя валасы ў яго(Ратнікава) рассыпаліся на рад, абляпіўшы доўгі чырвоны ад гарачыні і мокры ад поту твар, і ад гэтага занадта доўгім здаваўся яго і так выцмуглы нос (Алімпіяда,с.20).

Здрабежаны,прым.Здратаваны (Варлыга).

Заглушыў(Фірага) матор і, калі вываліўся з кабіны на здрабежаны выгаралы падарожнік ля варот на вуліцы, пачуў, што ўсюды надта ціха (Алімпіяда,с.212.).

Кунаты,прым. Галінасты (СПЗБ,т.2).

І чырвоныя юргіні, вялікія, кунатыя, уткнутыя ля выцяжной трубы (Алімпіяда,с.177).

Намазгляваты,прым. Настылы (Сцяшковіч).

Лучына яшчэ не высахла,упарылася толькі за комінам, куды маці паклала яе раніцай сушыць, нашчапаўшы з сырых намазгляватых брускоў (Тартак,с.206.).

Насклелы,дзеепрым. Настылы (Сцяшковіч).

Холадна ў галёнкі, і жывёла ледзьве ступае нагамі, насклелымі і здранцвелымі (Агні,с.67.).

Недалугі,прым. Слабы, хваравіты (СПЗБ,т.3.).

Недалугі ён, мусіць, яго ніхто з хлапцоў ніколі не хоча запрагаць, хапаюць лепшых. (Лонва,с.58.).

Параўн. у літаратурнай мове: недалужны, недалуга (ТСБМ,т.3).

Падцыглясты,прым. Тонкі, худы (Сцяшковіч).

Зіма не любіла іх, гнала, як падцыглястых галодных ваўкоў (Чакай у далёкіх Грынях, с.205).

Пакрэплы,дзеепрым. Здранцвелы ад холаду (СПЗБ,т.3).

Яны(Алімпіяда і Ротнікаў), стоячы на каленях на саломе ля самай кабіны, дзяржалі адно аднаго за чырвоныя, пакрэплыя на ветры рукі – грэліся (Алімпіяда,с.74.).

Перапялёсты,прым. Пярэсты (СПЗБ,т.3).

Уперадзе, там, дзе знікла з вачэй перапялёстая стада скаціны, на полі навіс пыл і туман (Алімпіяда,с.500).

Праштабнаваны,дзеепрым. Прашыты (ТСБМ,т.4).

Новыя чорныя картовыя штаны, праштабнаваныя на калошынах яркай жоўтай ніткай, задзёрліся на лытках (Алімпіяда,с.151).

Разбалабошаны,дзеепрым. Разбіты, растаптаны.

Пасля ўсё сціхла, чуваць было толькі, як сцякае з разбалабошанага капытамі берага вада назад у лагчыну (Алімпіяда.с.224).

Разгоены,прым. Раскіданы (СПЗБ,т.4).

На ферме ля Маліны ляжацьна разгоенай саломе двое цялятак – рыжанькія, як і сама Маліна (Алімпіяда,с.335). Прыехаўшы на двор, яна(Наста) загнала Буланчыка ў хлеў, кінула нераспрэжанага і пазаносіла на руках у хату дзяцей – паклала на ложак на разгоеную салому (Тартак,с.7).

Ралаты,прым. Вілаваты, разгалісты (СПЗБ,т.4.).

Можа яны даставалі яе сваім ралатым, як сохі, карэннем глыбока з-пад пяску і гліны? (Мсціжы,с.3).

Параўн.: ралаваты, ралісты. Які складаецца з некалькіх разгалінаванняў (ТСБМ,т.4.).

Рымзаты,прым. Брудны, падраны (СПЗБ,т.4.).

Грасыльда ўстала, рассунула трэскай галавешкі, узяла са сталюгі чорную рымзатую анучу, падняла гаршчок і паставіла яго на вуголле (Лонва,с.50).

Ценкі,прым. Нязначны ў аб’ёме, невялікі, тонкі (СПЗБ,т.5).

Царук дастаў з доўгай чорнай бліскучай пачачкі цыгарэту. уціснуў яе бліскучым канцом у рот і стаў мацаць сябе за грудзі – за плоскія кішэні, ловячы пальцамі ценкія белыя металічныя гузікі (Алімпіяда,с.25). На другім баку вуліцы ля дубоў стаялі на зямлі два ценкія і доўгія чорныя кулямёты, настаўленыя на людзей (Тартак,с.9.).

Параўн.: ценкі. Худы, тонкі.(Сцяшковіч);ценькі. Слабы,тонкі.(Мат. мін.-мал.).

Хадацкі,прым. Пешаходны (СПЗБ,т.5).

Яны(алені) саплі, бегучы трушком з хадацкай дарогі (Алені,с.15).

Параўн.: хадок,м. Чалавек, які хутка ходзіць (Янкоўскі).

Ялкі,прым. Прагорклы (СПЗБ,т.2.).

Ягады яшчэ ялкія: не выспелі (Алені,с.25.).

Параўн.: ялкавы. Трохі ёлкі (ТСБМ,т.5.);ёлкій.Прагорклы (Бялькевіч); ёлкі(Сцяшковіч Мат.).

Дзеясловы

Гэту групу лексічных дыялектызмаў складаюць дзеясловы, што абазначаюць назвы фізічных дзеянняў і працэсаў (сіляць, стрэпаць, перажаргаць, распліхваць і інш.), назвы аднакратнага дзеяння (вышмыкнуць, пліхнуць, хіцнуць), назвы шматкратнага і працяглага дзеяння (шваргатаць, дапаганяць, вышчалукваць), назвы пачатку дзеяння (зашваргатаць, застрэпаць), назвы стану (блузніць, маніцца, намэнчыцца, сцюцюрыцца) і інш.

Адхаладзіць, зак. перан. Пабіць, адлупцаваць чым-небудзь.

Каб чуць – адхаладзіла б качарэжнікам (Агні, с.110).

У гаворках з гэтым значэннем ужываюцца лексемы атсцібаць, атхлістаць, аддубасіць, атвудзіць і інш.1

Ажаргаць, зак. Сесці на што-небудзь, як на каня (СПЗБ, т.1).

Папярэднія ехалі на веласіпедах. сядзелі на іх што на плоце, ажаргаўшы жэрдзе (Тартак, с.199). Дай ты вады схадзіць у хату напіцца. Адразу ажаргаў..(Мсціжы, с.198).

Параўн.: ажыргаць – асядлаць (Сцяшковіч Мат.).

Аскупець, зак. Стаць вельмі скупым.

Дык ты ж аскупеў, братка, пад старасць (Алімпіяда, с. 490).

Злазь пад века рукой, ашчупаеш. (Алімпіяда, с.98).

Блузніць, незак. Трызніць (СПЗБ, т.1).

А што гэта твой падрукаянт не па-наську блузніць? (Алімпіяда, с.386).

Параўн.: блюзніць – гаварыць непрыстойныя словы (Бялькевіч).

Выёрзваць, незак. Выціраць.

І сядзенне ўкінь у машыну, а то з нагамі на яго ўзаб’ешся, а я тады буду выёрзваць гразь (Сцяпан Жыхар са Сцешыц, с.179).

У творах зафіксаваны яшчэ дзеяслоў выерзаць са значэннем вытаптаць.

Частакол у гародчык быў паабрываны, і дзеці з усёй вёскі выерзалі дзве градкі (Тамсама, с.161).

Вытарабаніць, зак. Выцягнуць.

Петражыцкі зрэзаўся: прычэп стаяў цэлы тыдзень пасля, як вытарабанілі яго з ракі (Агні, с.86).

Выцыўкаць, зак. Выжыць з цяжкасцю.

Каб сказалі, што той, другі, лётчык жывы, я паверыла б адразу, а той не выцыўкаў (Алімпіяда, с.600).

 


1 Крыўко М.Н. З экспрэсіўнай дзеяслоўнай лексікі // Народная лексіка, Мн. 1977. С.212.

Параўн: вычаўраць , зак.Сохнуць ад хваробы (НС).

Вышмыкнуць, зак. Вываліцца, выпасці (Варлыга).

Карабок вышмыкнуў з пальцаў, стукнуў аб падлогу і адкаціўся пад услон (Алімпіяда, с.19).

Вышчалуквацца, незак. Вылузвацца (СПЗБ, т.1).

Касьбой сама лепш вышчалукваліся ліповыя пруткі з кары. (Тартак, с.134). Ён узяў у пальцы сухі струк і вышчалукнуў (Найдорф, с.130).

Дапаганяць, незак.Дамагацца.

Яму /Харбіну/ не адказалі, і ён паздароўкаўся яшчэ раз, мацней і смялей, як дапаганяў свайго (Алімпіяда, с.325).

Длубаць, незак. Дзяўбаць.

А тут – днём ля кавадла круціся, калодкі длубай, як дзяцел, а ноч усю – “самагонку” гані (Мсціжы, с.41).

Параўн: длубаць незак., абл. – калупаць (ТСБМ, т.2).

Драгаць, зак. Стукаць.(СПЗБ, т.2).

Запёрлася і не адчыняе. З гадзіну ўжо драгаю. Не адчыняе.(Алімпіяда, с83). Дзверы былі запёршы, і ён доўга драгаў, пакуль не адчынілі (Сцяпан Жыхар са Сцешыц, с.166).

Загавець, зак. Памерці, загінуць.

І сябе ў зямлю загоніш і машыну... З-за рубля загавееш..(Агні, с.79).

Параўн.:загавець – захварэць (Мат. мін-мал.-ІІ), загавець – пачаць пасціць (СПЗБ, т.2).

Залзаваць, незак. Хварэць на мыт (пра каня) (СПЗБ, т.2).

Але і маці, і ён, Міфодзя, знаюць, што Смык – адчэпнае, што ён залзуе, што і да Кур’янаўскіх Садоў не дойдзе па такім снезе(Алімпіяда, с.457).

Закладаць, незак. Зачыняць (СПЗБ, т.2).

Яны /грыбы/ хутка сохлі ў печы, калі закладала маці юшку, і пахлі на ўсю хату(Лонва, с.163).

Зарваць, зак. Перастаць даіцца. (СПЗБ, т.2).

Няма ўжо куды ганяць у поле скаціну, зарвалі каровы, вымя матляецца, як у тых, што здыхалі пасля вайны (Алімпіяда, с.12).

Засіліць, зак. Зачэрпнуць (СПЗБ, т.2).

Зняўшы з крука чорную паўлітровую кружку, засіліў поўную вады і выпіў да дна (Алімпіяда, с19). Сагнуўшыся, ён засіліў рукой снегу (Агні, с.94).

Параўн.: сіляць –нанізваць(НЛ).

Застрэпаць,зак. Застукаць.

Застрэпала па спіцах сухая гавыла (Алімпіяда, с.77).

Заўрагаваць, зак. Закапрызіць, занаравіцца (СПЗБ, т.2).

Не зважай, Язэп, дзяўчо заўрагавала.. Бывае. (Алені, с.37)

Зашваргатаць, зак. Загудзець.

Матор, пачуўшы цвёрдую дарогу, як чалавек чуе босымі нагамі пасля балота выбітую сцежку на полі, зашваргатаў ціха і роўна, бы ўзрадаваўшыся (Алімпіяда, с.46).

Заштабнаваць, зак. Зашыць.

Жывот заштабнавалі,  можа, там што ладнае і ўшылі заадно? (Алімпіяда, с.317).

Збяёдаць, зак. Сапсаваць, закінуць абы-куды.

Вядро толькі маё не збяёдай са злосці (Алімпіяда, с.58).

Злажыцца, зак. Набыць навыкі, прыстасавацца (СПЗБ. т.2).

Я шафёр.. У салдатах злажыўся і правы маю (Сцяпан Жыхар са Сцешыц, с.158).

Значы/ць, незак. Паказваць на цельнасць (ТСБМ, т.2).

Наста думае, што карова будзе цяліцца толькі ў канцы месяца, а можа аж пасля грамніц, нядаўна значыць пачала (Тартак, с.213).

Параўн.: значыць , незак. Выразна відаць, што цельная (Янкоўскі-І). быць цельнай (ЖС).

Лыхаць, незак., экспр. Шнырыць (СПЗБ, т.3).

А ты, сучка, лыхаеш цэлы дзень, бегаеш, хвастом круціш.. (Алімпіяда,с.521).

Маніцца, незак. Мець намер, хацець (ТСБМ, т.3)

Даўно манюся сказаць: аддавай дачку замуж і бяры мяне ў прымы (Алімпіяда, с.95). Даўно манілася, яшчэ вясной, расказаць табе ўсё (Лонва, с.45).

Параўн: маніцца – збірацца, хацець што-небудзь зрабіць (НС), маніцца – спрабаваць (Мат. мін.-мал.-ІІІ).

Надыбаць, незак. Надыходзіць.

Холадна ўжо ў ночы. Восень надыбае. (Лонва, с.26).

Назызаць, незак. Апухаць, ацякаць (СПЗБ, т.1).

Мусіць, назызалі ногі, бо цесны рабіўся абутак. (Мсціжы, с.72).

Параўн.: азызьнівець, зак. – азызнуць (ЗНС).

Намэнчыцца, зак. Намучыцца (СПЗБ, т.3).

Намэнчылася сёння за дзень, такое перажыўшы, і цяпер спіць (Алімпіяда, с. 521).

Наўрэцца, зак. Патрапіць (Сцяшковіч).

Хаця ён тады не скора да партызан падышоў: на паліцыю баяўся наўрэцца (Лонва, с.141).

Пагаліцца, зак. Паквапіцца (ТСБМ, т.5).

Сабольскі пагнаўся-пагаліўся, на багацці галаву звярнуў (Чакай у далёкіх Грынях).

Параўн.: галіцца незак. – быць ахвочым да чаго-н.(Янкова), зайздросціць, квапіцца (Сцяшковіч Мат., Бялькевіч).

Пад’ялдыкваць, незак. Падкалупваць (ЗНС).

Я знаю дзве сям’і. – А трэцяя, Корань? – Не пад’ялдыквай.. Другая, я табе скажу, ужо не сям’я. (Алімпіяда, с.469).

Параўн.: пад’юджваць –падбухторваць (НЛ), падвохрыць – падбухторыць (ЖС).

Пастыдацца, зак. Пасаромецца (СПЗБ, т.3).

Чалавека б чужога пастыдаўся (Лонва, с.123).

Патрафляць, незак. Дагаджаць (СПЗБ, т.3).

Стары чалавек быў вопытны і патрафляў каню. (Мсціжы, с.26).

Параўн.: трафіць – трапіць (ЖС).

Перажаргаць, незак. Пераступаць праз што-небудзь, каго-небудзь (СПЗБ,т.3.)

Ён(Фірага) стаў з вядром у руках у парозе ў качарэжніку, наступіўшы босай нагой на новы бярозавы венік: чакаў, пакуль яна перажаргае ззаду парог (Алімпіяда,с.17.).

Пліхнуць, зак. Выліць, пырснуць (СПЗБ,т.4).

Падбегшы да гародчыка, дзе ляжалі на траве яго(Фірагі) паўбацінкі, пліхнуў ваду, што асталася на дне ў вядры (Алімпіяда,с.17).

Распліхваць, незак. Разліваць (СПЗБ,т.4.).

Стукнуўся аб зямлю асвер, над зрубам падскочыла на круку вядро, распліхваючы ваду (Алімпіяда,с.17).

Садліжаць. Зрабіцца вільготным; паказваць на адлігу (СПЗБ,т.4.).

Памякчэла шэрань, чуваць было пад нагамі: садліжыць (Мсціжы,с.17).

Дзеяслоў утвораны ад назоўніка адліга.

Параўн.: адліжыць – стаць адліжным ( пра цёплае з раставаннем снегу надвор’е) (ТСБМ,т.1); сатліжыць – пацяплець (НС).

Сашмыкнуцца, зак. Зваліцца.

Жоўценькая таблетачка но-шпы сашмыкнулася з далоні і доўга кацілася ад стала па падлозе (Алімпіяда,с.32).

Сіляць,незак. Набіраць, зачэрпваць (СПЗБ,т.4).

Вот відзіш шкляначкай вадзіцу сіляем. А дзе кружачка? (Алімпіяда, с.415). Нават пясок з кучы сіляў асцярожна (Найдорф,с.53).

Параўн.: сіляць – браць, чэрпаць(Бялькевіч); засіліць – зачэрпаць (Сцяшковіч); сіляць – нанізваць (НЛ).

Склець, зак. Зябнуць, мерзнуць. (ТСБМ,т.5, ч.1,абл.).

Васіль захоча паразважаць, бо сумна вось так склець вясковаму інтэлігенту (Чакай у далёкіх Грынях, с.40).

Скрыляць , зак..Рэзаць скрылікамі (СПЗБ,т.4.).

Яма ў яе пад нагамі шырэла: яна скрыляла ў яе ад берагоў чырвоную ліпкую гліну на ўвесь штых старой рыдлёўкі (Найдорф,с.188).

Параўн.: скрылі – парэзаная тушаная бульба (ЖНС); скрылькі – суп з бульбы (Мат. мін.-мал.).

Спрудзіцца. Напружыцца (СПЗБ,т.4).

Падволы зноў паехалі адна на адну, спрудзіліся і пасталі (Тартак,с.52).

Стрэпаць,незак. Біць, хвастаць.

За хатай стрэпала шчацэ і плячы здзічэлая вішня сваёй суровай галінаю (Алімпіяда,с.499).

Сувірацца. Сварыцца, лаяцца (СПЗБ,т.5).

Акцызнік на некага сувіраўся, аж сціскаў кулакі (Лонва,с.119).

Сцюцюрыцца, зак. Скурчыцца, сціснуцца (СПЗБ,т.5).

Сама Таня сцюцюрылася ў перадку, уціснуўшыся ў сваё старое, з вялікім чорным авечым каўняром паліто (Алімпіяда,с.78.).

Сцяцца,зак.Пакрыцца лёдам, замёрзнуць; сціснуцца, зацвярдзець. (СПЗБ,т.5).

Ён пачуў, як сцяліся, змёрзшыся, у мокрых валёнках халявы і стукалі адна аб адну, калі ён ступаў (Агні,с.93).

Тасавацца, незак. Падыходзіць, дапасоўвацца (СПЗБ, т.5).

Ніяк ён /чалавек/ не тасаваўся да плата з высокім канаторжнікам, да машын, да хат, да ўсяго ў вёсцы – яго не прымала вока (Алімпіяда, с.32).

Уважацца, незак. Адносіцца з павагай (СПЗБ, т.5).

Жэнька дык мяне ўважаецца: маўчала, зубы толькі паказвала...(Лонва, с.84).

Параўн.: уважацца – старацца не зрабіць чаго-небудзь (НС).

Усундычыць, зак. Усунуць, усучыць.

Але ж і яна сама /Пракурорыха/ грошы Джвучку ўсундычыла. (Чакай у далёкіх Грынях, с.28).

Учарэпіцца, зак. Учапіцца (СПЗБ,т.5).

Учарэпіўся /Фірага/ дзвюма рукамі за вядро, як за збавенне, прысеў і нагнуў да яго сваю галаву ((Алімпіяда, с.15).

Хвіцнуць, зак. Хістануць.

Пасля раптам рукі ў Сцяпанаўны хвіцнулі, як вывернутыя ветрам сукі ў дрэве (Алімпіяда,с.496).

Чыкілдыкаць, незак. Хадзіць кульгаючы (СПЗБ, т.5).

Замяце зімой дарогу, і ён будзе чыкілдыкаць, як некалі бацька (Алімпіяда, с.607).

Параўн.: кавіняць, таргікаць, талалыхаць – ісці кульгаючы (НЛ).

Шашчэць, шасцець незак. Шалясцець, шамацець (СПЗБ, т.5).

Шашчэла пад імі сухая баравапя трава сінюха, пахла грыбамі і брусніцамі (Лонва, с.41).Было чуваць, як звінелі ў хаце ў вокнах шыбы і шашчэў, асыпаючыся ў яму на дно, пясок (Тартак, с.154). Пад калясьмі шасцела старое белае асінавае лісце, ліпла на мокрыя ад зямлі колы. (Тартак, с.74).

Параўн.: шахцець – шастаць (ЖС).

Шваргатаць, незак. Бурліць, пералівацца з шумам.

Толькі ў старым альшэўніку ля Белага шваргатала на каменні перасохлая – намачыць вераб’ю лапкі – рачулка (Алімпіяда, с.500).

Шупіць, незак. Разумець (Сцяшковіч).

Яна лепш шупіць, што да чаго (Лонва, с.74).

Параўн.: шупіць – цяміць, разумець (Бялькевіч).

Прыслоўі

Вобмаль.Мала.(СПЗБ,т.1).

І калі каму вобмаль будзе, - Сцяпанаўна паказала на вёдры, - не шкадуйце, не галадаем (Алімпіяда,с.296).

Параўн.: вобмаль.Малавата (Янкоўскі).

Дагібелі. Многа.

І фартухоў на ім дагібелі, вянкі з дзеразы? (Чакай у далёкіх Грынях,с.28).

Додніцай. Досвіткам (СПЗБ,т.2).

У гаршку на прыпечку стаяла мяса, якое яна паставіла была нанач у печ варыць лінінцам, а тыя додніцай тады сабраліся і пайшлі не еўшы (Тартак,с.16).

Долкі. На зямлю, на падлогу (СПЗБ,т.2).

Здавалася, што яны на машынах пакладзены ў радок і соўгаюцца ад барта да барта на выбоінах, ніяк не могучы вываліцца долкі.(Найдорф,с.98) Ён апусціўся долкі па драбіне, і яны доўга яшчэ сядзелі пад частаколам ля дошак, маўчалі (Лонва,с.26).

Дзярката. Рэзка, надрыўна.

Сігнал закрычаў ядрана і дзярката, як хрыпаты чалавек, сагнаўшы з бруку...(Алімпіяда,с.203).

Жыўцом. Гвалтоўна (СПЗБ,т.2).

Нібыта чалавек хацеў схавацца ў замкнёным сельсавеце, вырваў з вушака жыўцом замок з прабоем і апрогся (Алімпіяда,с.443).

Звёсна. Вядома (Бялькевіч).

Звёсна, за што. За нашу бабскую долю (Алімпіяда,с.267).

Льга, безас.-прэд. сл. Можна, магчыма (СПЗБ,т.2).

Думаў – не ўбачыць, але са сцэны льга ўгледзець усё ( Чакай у далёкіх Грынях, с.119).

Навотліж. Наводмаш (СПЗБ,т.3).

Я ёй гавару-гавару... – яна махнула рукой навотліж, як маці, - а яна на грэблю паказвае (Алімпіяда,с.529).

Параўн.: навотліва – наводмаш (Янкова); навотлях(НЛ); навотліў (ЗНС); навотляг (ЖС).

Назнайніцу. Навыварат (Сцяшковіч).

Яна мне, гэта бежанка, душу назнайніцу вывернула (Бежанка,с.53) Расцягнулася толькі на зямлі накідка, астаўшыся ляжаць назнайніцу (Тартак,с.64).

Параўн.: на найніцу – на левы бок адзення (НС); знайніца – адваротны бок (ЖС).

Намітуські. Адзін супраць аднаго (СПЗБ,т.3).

Вазьмі на калёсы намітуські (Алімпіяда,с.372). Ляжаць у глыбокай калысцы намітуські – сюды галава – туды галава, - у палатняных полачках, спавітыя чырвонымі паясамі з кутасамі (Тартак,с.42).

Параўн.: намітусь (Мат.мін.-мал.).

Напаяўку. Блізка пад рукамі; напагатове.

Гэта яна, Алімпіяда, жыла з краю, як напаяўку (Алімпіяда,с.355). “Мусай” ён зваў не толькі арыфметыку: гэта слова было ў яго заўсёды напаяўку (Бежанка,с.46).

Параўн.: напашэўку – пад рукой (ЖС).

Несамавіта. безас.-прэд. сл. Нядобра (СПЗБ,т.2).

Сцяпан адвярнуўся: яму стала несамавіта (Сцяпан Жыхар са Сцешыц, ,с.168). Яму стала насамавіта, ён ступіў ад грубкі ў парог (Лонва,с.115).

Памінутне. Вельмі часта.

Харбін, гладзячы памінутне пальцамі вусы пад носам, падышоў і нагнуўся да Далідчыка (Алімпіяда,с.43).

Пекна. Прыгожа (СПЗБ,т.3).

Я знала, што няпекна. Але ж усе бралі ( Чакай у далёкіх Грынях.,с.122).

Параўн.: пекны, пекната. Прыгожы, прыгажосць (ТСБМ,т.4).

Рагача. Дагары нагамі (Сцяшковіч).

Высокая, густая сінюха пасля касы стаяла рагача, і, каб адкінуць яе назад, трэба была дужая мужчынская рука (Калістрыха,с.121).

Спрадаўна. З даўніх часоў (СПЗБ,т.4).

Калі, бразнуўшы дзверцамі і падняўшы з зямлі вераб’ёў на вуліцы, заварочваецца на загуменне і на роўнай дарозе, утаптанай спрадаўна яшчэ босымі нагамі чалавека, конямі, націскае на газ (Алімпіяда,с.272).

Спопаразку. Знянацку (Сцяшковіч).

Кабыла тады скачыла да дзвярэй, чуць не вырваўшыся з рук, і спопаразку стала ў парозе (Тартак,с.34).

Параўн.: спохвату – знянацку (НЛ).

Стаймя. Уніз галавой (СПЗБ,т.4).

Алёшаў конь падняўся на заднія ногі – задзёрліся высака ўгару, аж стаймя, белыя аглобні (Тартак,с.187).

Параўн.: старчака (ЗНС).

Улукаткі. Зігзагам (ТСБМ,т.5).

На пяску былі знаць адны сляды ад веласіпедаў: прамыя, наўкос цераз дарогу, улукаткі, адзін цераз адзін, нібы тут людзі і не хадзілі ніколі (Мсціжы,с.194).

Параўн.: укрывулькі – зігзагам (НС,НЛ).

Усмоль. Смоллю, нахабна.

У вочы ўсмоль лезлі камары, жоўтыя, худыя (Тартак,с.108).

Параўн.: смоллю – настырна (Сцяшковіч).

Большасць разгледжаных дыялектызмаў – спрадвечнабеларускія словы, але сярод іх ёсць і словы запазычаныя. Гэта такія лексемы, як гасла, прэнзлі, пэйчык, банбэнак, квік і інш.

У “Этымалагічным слоўніку беларускай мовы”1 знаходзім наступныя тлумачэнні гэтых лексем:

Гасла, н. Паведамленне, сігнал. Запазычанне з польскай мовы: haslo (ЭСБМ, т.3).

Трывога і ў вёсцы, і на ферме, і ў хаце будзе доўга, аж пакуль не пойдзе гасла – злавілі! (Алімпіяда, с.353).

Квік, м. Віск. Разглядаецца як пранікненне з польскай мовы: kwik – віск (ЭСБМ, т.5).

Вылазь… квіку нарабіў.. – лыпнуў ён выцвілымі вачыма. (Алімпіяда, с.63).

Банбэнак, м. Бубен, барабан. Запазычанне з польскай мовы: benbenek – бубен. (ЭСБМ, т.1).

Жывот у яго зрабіўся круглы і цвёрды, краніся – адзываецца, як банбэнак (Алімпіяда, с.410).

Прэнзлі, мн. Кутасы, махры фрэнзлі. Запазычанне з польскай мовы: fredzla ад ням Fransel (ТСБМ, т.5).

Пэйчык, м. Кнут , бізун. Запазычанне з нямецкай мовы: Peitsche – плеть, кнут (Рус-нем. сл.)


1 Этымалагічны слоўнік беларускай мовы. т. 1-8. Мн. 1978-1993.


Семантычныя дыялектызмы

Семантычныя дыялектызмы – агульнанародныя словы, якія ўжываюцца ў пэўнай мясцовасці з іншым значэннем, чым у літаратурнай мове.

Гэта група дыялектызмаў нешматлікая. Такіх слоў выяўлена 19.

Брыж. м. Бакавое рабро ў ложку (СПЗБ,т.1).

Абапёршыся на локаць, ён падцягнуўся на ложку ў галовы і прыхінуўся да брыжа (Мсціжы,с.131).

Параўн.: брыжы – вузкая палоска тканіны, сабраная ў зборачкі (ТСБМ,т.2).

Гаршчок, м., перан. Галава.

Размажджэру гаршчок любому, хто паткнецца (Алімпіяда,с.495).

Параўн.: гаршчок – пасудзіна для гатавання стравы (ТСБМ,т.3).

Качан, м.,перан. Галава.

Закраталіся ў бульбеўніку стрыжаныя галовы, і сярод іх ужо блішчэў чырвоны Валерыкаў “качан”, як абмыты дажджом падасінавік (Алімпіяда,с.212).

Параўн.: качан – плод капусты (ТСБМ,т.3).

Абразаць, зак.. Чысціць (СПЗБ,т.1).

Маці пела паволі, цягнучы, як і кожны раз, калі садзілася шыць на машыне ці абразаць на вячэру бульбу.(Тартак,с.85).

Адняты, дзеепрым. Адвязаны.(СПЗБ,т.1,с.163).

На другі бок вуліцы ля плота стаяць запрэжаныя ў калёсы аднятыя коні з сенам пад носам. Алімпіяда,с.75).

Акручаваць, незак. Заварочваць (СПЗБ,т.1).

Адступаюць... Адурнець трэба, каб самому на ражон лезці... Акручавай каня, Мікалай!..(Алімпіяда,с.361).

Браць, незак.,неран. Моцна бегчы (СПЗБ,т.1).

Перадыхнуў, седзячы, і цяпер браў па дарозе – толькі вецер свістаў (Алімпіяда,с.50).

Габліць, незак, перан. Чысціць, зразаць тонкі слой з паверхні (СПЗБ, т.1).

Добра, што скура цэлая. Няма, брат, каму яе габліць (Алімпіяда, с.66).

Параўн.: габляваць – зразаць тонкі слой з паверхні драўніны (ТСБМ, т.2).

Заялаваць, зак., перан. Доўга быць нежанатым, халастым (СПЗБ, т.5).

Колькі гэта ён у вас будзе нежанаты? – Заялаваў... Хоць бы ўнукаў матцы падкінуў (Алімпіяда,с.487).

Кратаць. Чапаць, кранаць (ТСБМ,т.2).

Толькі Пеці яна ніколі не кратала (Бежанка,с.47).

Лінуць,зак., перан. Шпарка пабегчы, хлынуць (СПЗБ,т.2).

Заяц адразу прынік да зямлі, паляжаў з мінуту, напружваючыся, тады падскочыў вышэй плота і лінуў, пачуўшы волю (Алімпіяда,с.522). Тая бежанка днём лінула дахаты, збаялася снегу заступніца ваша (Бежанка,с.52).

Параўн.: лінуць – рэзкім рухам выліць, узліць што-небудзь.(ТСБМ,т.3)

Пырснуць, зак.,перан. Скочыць, кінуцца (СПЗБ,т.4).

Белыя вушкі замерлі былі на дарозе, пасля пырснулі, што конік-цвыркун, на левы бок у лубін...(Алімпіяда,с.51).

Спярэшчаны, дзеепрым. Здратаваны.

І пайшла да гародчыка па чыстай сцежачцы між падарожніку, спярэшчанай курынымі слядамі (Алімпіяда,с.20).

Сціснуць, зак., перан. Закалоць (СПЗБ,т.2).

Кабанчыка без мяне ўвосень сціснеш, а чым лапатачкі перасыпеш, калі солі не будзе?(Алімпіяда,с.350).

Сшарэць, зак. Сцямнець(СПЗБ,т.5).

Пакуль Мікалай адмыў рукі – сшарэла. Запалілі лямпу над сталом, селі за стол і сядзелі.(Алімпіяда,с.477).

Тоўпіцца. незак. Змяшчацца (СПЗБ,т.5).

З кабіны, разгінаючыся, высунуўся чалавек, які невядома як там і тоўпіўся (Лонва,с.19). З-пад сядзення выцягнулі тады дохлага ваўка – старога, як толькі там тоўпіўся (Агні,с.80).

Ушчаміць, зак., перан. Запрэгчы (ТСБМ,т. 5).

Ідзі ўшчамі якога каняку ды дамоў адвядзі (Алімпіяда,с.263). Калі не прывязлі, то заўтра ён ушчэміць каня і пад’едзе сюды, у Вострава (Мсціжы,с.171).

Цадзіць, незак. Ісці(пра дробны дождж) (ТСБМ,т.5).

Пасля ўсю ноч цадзіў па шыбах дожджык, востры, сек па сцяне, як голым венікам – ад яго не было чуваць у хаце ходзікаў (Алімпіяда,с.11).

Большасць адзначаных семантычных дыялектызмаў – словы з пераносным значэннем, эмацыянальна-афарбаваныя.

 

Граматычныя дыялектызмы

Адносна рэдка сустракаюцца у мастацкіх творах граматычныя дыялектызмы, якія адрозніваюцца ад слоў літаратурнай мовы граматычнымі формамі і катэгорыямі, г.зн. перадаюць граматычныя асаблівасці дыялекту. Граматычныя дыялектызмы – гэта словы, якія адрозніваюцца ад літаратурных лікам, родам, склонавымі канчаткамі. Іх у творах І.Пташнікава выяўлена 43.

Назоўнікі.

Адрозненні ў ліку:

Верхалле, н. Вершаліны дрэў (СПЗБ,т.1).

Сыры і густы, ён падзьмуў па палудні з-за ракі на Выганчык, гонячы мокрыя, калючыя, паабіваныя зялёныя сасновыя іголкі і тонкую, як папера, жоўтую сасновую кару з верхалля (Мсціжы,с.3).

Дрыжака, ж., адз. Дрыжыкі(толькі мн.л.) (Абабурка).

Хапіла дрыжака недзе з сярэдзіны, халодная, як лёд (Алімпіяда,с.254). Трасла дрыжака, як трасца, Алёша соўгаўся на мяхах і не мог сагрэцца (Тартак,с.160).

Пісьменнік ужывае і другі варыянт гэтага слова дрыжыка, ж.

Машка, ж., зб. Мошкі(мн.) (СПЗБ,т.3).

Гарачы з самай раніцы вецер сек у вочы машкой і матылькамі (Алімпіяда,с.109).

Чалеснік, м. Чалеснікі(адз. л. няма)(СПЗБ,т.5).

Праз адчыненыя дзверы бег у хату, як зімой мароз у кут пад стол, ліп на вілачнікі ў чалесніку, як некалі на цапы на таку ў малацьбу (Алімпіяда,с.10). Сонца пачынае грэць у спіну, усё роўна што стаіш ля чалесніка, калі топіцца ў печы (Тартак,с.190).

У гаворках з гэтым значэннем зафіксаваны лексемы чало, цало, чалешнік, цялешнік, цалеснік, чэлюсць, пелюсць, вусце, жарало, соламя.(ЛАБНГ,т.4, карта 78).

Адрозненні ў родзе:

Бягамля, н. Бягомль, м.

...Адступалі на усход, на Бегамля (Алімпіяда,с.340).

Выйгранка, ж. Выйгрыш,м.

Ці будзе выйгранка, можа калі ваўкі сабе горла заткнуць, кармі толькі, а сена хай стаіць. (Алені,с.33).

Вянцо,н. Вянец,м. (СПЗБ,т.1.).

 Доўгі хлеў ля самай вуліцы неяк асеў у зямлю, выпершы на вуліцу ніжняе вянцо ў подрубе, і быў зусім недарэчны. (Алімпіяда,с.60). Яна забрала ў яго з рук змылак і паклала назад на зруб – на верхняе счэсанае вянцо з краёчку (Найдорф,с.137).

На Беларусі распаўсюджаны дзве лексемы з гэтым значэннем: вянок(і яго фанетычныя варыянты) і вянец(і яго словаўтваральныя і фанетычныя варыянты)(ЛАБНГ,т.4, карта 4).

Дамаўё, н. Дамавіна, ж.(СПЗБ,т.2).

Маю Прузыну як паднялі во гэтак з падлогі... Дык і паклалі адразу ў дамаўё (Алімпіяда,с.85).

Параўн.: дабавіна, дамоўка, дом (ЛАБНГ,т.3, карта 290).

Кадра, ж. Кадр, м.

Ну як тут яна ў вас, доктар? Вы мне глядзіце... Гэта мая лепшая кадра...(Алімпіяда,с.573).

Пакула, ж. Пакулле, н. (СПЗБ,т.3).

Ён(Панок), што сёлета трэба будзе абтыкаць вокны пакулай – ад вуліцы і ад загумення, адкуль зімой часта заходзіць вецер і выстуджвае хату (Тартак,с.121).

Рукаво, н. Рукаў, м.(СПЗБ,т.4).

Падышла да Дзярызямлі і тузанула яго за рукаво жоўтай тэніскі (Алімпіяда,с.576). Наста камячыць рукаво нажуткі і выцірае вусны. Рукаво салёнае, аж горкае (Тартак,с.25). Лапкі чапляліся за рукаво, пасля цяжка падалі на дно (Найдорф,с.53).

Лексема рукаво, н. распаўсюджана толькі ў паўночна-заходняй зоне Беларусі, на ўсёй астатняй тэрыторыі зафіксавана лексема рукаў, м.(ЛАБНГ,т.4, карта 210).

Румяна, ж. Рамонак, м.(СПЗБ,т.4).

Дастаўшы яшчэ раз вады, падчапіў вядро, і пабег босы сцежачкай ля хаты, пліхаючы з вядра вадой на падарожнік і на жоўта-зялёную румяну (Алімпіяда,с.16).

Параўн.: румянак, раман(НЛ), раманік(ЖНС), раманька, раманец(ЖС).

Руччо, н. Ручай, м.(СПЗБ,т.4).

І ад яго цяпер з гары цякло белае руччо, ёй, Алімпіядзе, на дарогу пад ногі (Алімпіяда,с.443).

Параўн.: ручай, м., ручэй, м.(ЛАБНГ,т.2, карта 338).

Сканчонае, н. Канец, м.

Здавалася, што маладзік будзе вечна вісець угары над галавой і вечна ісці нехаця конь – без сканчонага (Агні,с.67).

Стада, ж. Статак, м. (СПЗБ,т.4).

Уперадзе, дзе знікла з вачэй перапялёстая стада скаціны, на полі навіс пыл і туман (Алімпіяда,с.500). Такой парой, летам, старыя секачы жывуць адны, чураючыся стады, у стадзе ходзяць толькі зімой, а тут клікнулі яго, ці, можа, сам прыйшоў з балотных дзвіноскіх нетраў у стаду і вядзе яе з-за ракі, дзе пачаліся баі (Найдорф,с.78).

У беларускіх гаворках статак (кароў) называюць яшчэ табун, чарада, чэрадзь, грумада, гурт, тавар (ЛАБНГ, т.1, карта 1).

Чорнагалоўка, ж. Чорнагалоў, чорнагаловік. Расліна з сямейства губакветных. (ТСБМ, т.5).

З імшар Раіна прынесла ўчора кошык чорнагалоўкі сваёй карове. (Чакай у далёкіх Грынях, с.240).

У гаворках зафіксавана звыш 40 назваў гэтай расліны: чорнагаловік, чорнагаловец, чарнагалоўка (і іх шматлікія варыянты),брунэлька, гарладаўка, гарлянка, сэрпнік і многія іншыя (ЛАБНГ, т.1, карта 237).

Юхта, ж. Юхт м. (ТСБМ, т.5, ч.2)

Нехта п’яны на ўвесь двор «шукаў у баб» самагонкі, нехта выкручваў пасля танцаў мокрую, як юхта, сарочку (Сцяпан Жыхар са Сцешыц, с166).

Параўн.: юхта  - недавырабленая скура (СПЗБ, т.5).

Адрозненні ў склонавых канчатках

У беларускіх народных гаворках назоўнікі, якія ўжываюцца толькі як множналікавыя, маюць звычайна ў творным склоне форму на –мі: людзьмі, грашмі і інш. Зрэдку канчатак –мі маюць і іншыя назоўнікі (курмі, вілмі і пад.)1

Дзвярмі Тв. скл. Дзвярамі

За дзвярмі маўчалі, не хацелі адчыняць. (Чакай у далёкіх Грынях, с.226).

Дрыўмі Тв. скл.Дрывамі.

Жаўцела свежанабітымі, не складзенымі яшчэ ў вярсту сасновымі дрыўмі пад варыўнёй дрывотня (Найдорф, с.79).

Крупмі Тв. скл Крупамі.

Вецер адразу б’е ў грудзі і сячэ сухімі крупмі па твары, шапоча на кажухах (Алімпіяда, с.335). Асядаў віхор – зноў сыпала зверху крупмі, як з шуфля з-пад малатарні пасечаным зернем (Агні, с.89).

Курмі Тв. скл. Курамі.

Цягалі за чуб адзін аднаго, як пеўні перад курмі (Алімпіяда, с.319).

На месце М. скл. На месцы.

Спусціў бы яму штаны і адхвастаў бы дзягай па белым месце, каб аж чорнае стала. (Алімпіяда, с.141).

На трасцэ (рыба). М. скл. На трасцы.

Толькі была яна настоена не на бярозавым лісці, а на чэрствым, падсохлым за ноч чорным хлебе з плешчаніцкай новай пякарні, на трасцэ ў тамашнім соусе (Алімпіяда, с.199).

Па палёх М. скл Па палях.

Па зжатых палёх за туманам ужо блізка да вёскі кралася восень.(Чакай у далёкіх Грынях, с.27).

1 Нарысы па беларускай дыялекталогіі. Мн., 1964. С.183.

Канчатак –ох (-ёх) ужываецца звычайна у назоўніках мужчынскага роду (у лясох, на канёх).У гаворках паўднёва-заходняй часткі Беларусі пад уплывам назоўнікаў мужчынскага роду канчатак –ох (-ёх) сустракаецца спарадычна і ў назоўніках жаночага і ніякага роду (аб дзяўкох, у вачох)1

Дзеясловы

Форма 2-ой асобы адзіночнага ліку:

Засыпаць (засыпіш) Засыплеш.

Скуру з быкоў злупіш, яму выкапаеш, як паложана, і засыпіш усё гэта (Алімпіяда,с.166).

Перамераць (перамерыш). Перамераеш.

Бяжыш і малако перамерыш і здасі на малакавоз (Алімпіяда, с.505).

Форма 2-ой асобы множнага ліку:

Астаніцёся. Застаняцеся.

Не галодныя астаніцёся і не без солі (Алімпіяда, с.344).

Грабіць, незак. Грэбці (СПЗБ, т.1).

Ззаду над логам, дзе яны сёння пасля палудня ўсёй вёскай грабілі і стаўлялі ў копы сена. (Алімпіяда, с.90).

Форма 3-яй асобы адзіночнага ліку:

Адмерыць (інф. у форме заг. лад) Адмерае.

Я табе вот што скажу: хай падбяжыць да старшыні і хай той адмерыць дзялку (Алімпіяда, с.491).

На поўнач ад лініі Астравец – Смаргонь – Маладзечна – Лагойск – Барысаў – Беразіно – Добруш дзеясловы першага спражэння 3-яй асобы адзіночнага ліку заканчваюцца на ц’ : жывець..2

Астынець, зак. Астыне.

Ідзі есцікі, астынець жа, - прасіла Ганулька, калі сын на ўсю сілу крычаў на ложку. (Чакай у далёкіх Грынях, с.34).

У 3-яй асобе адзіночнага ліку ў сярэднебеларускіх гаворках дзеясловы 2-га спражэння маюць канчатак –ец’


1 Нарысы па беларускай дыялекталогіі. Мн.,1964. С.184 – 185.

2 Блінава Э. ,Мяцельская Е. Беларуская дыялекталогія. Мн., 1980. С.97.


Адчыне, зак. Адчыніць.

Ці адшчэпіць, ці адчыне іх (вароты), апушчаныя на самую зямлю (Алімпіяда,с.490).

Улазе. Улазіць.

Нага во, зірніце, не ўлазе ў валёнак (Чакай у далёкіх Грынях, с.140).

Перасыпіць. Перасыпле. У форме заг. ладу.

Ды і плот хай перасыпіць, страху агледзіць, каб не цякла (Алімпіяда,с.491).

Спыне. Спыніць.

Дзе ён можа круціцца, пушчаны ваўчок, якога ніхто не спыне, пакуль ён не зморыцца, накруціўшыся да дурнаты.(Алімпіяда,с.277)

Падскоча, зак. У форме заг. ладу. Пад’едзе, падбяжыць (ТСБМ,т.3).

Дачка хай падскоча да нас, закажа ў аптэцы (Алімпіяда,с.130).

У сярэднебеларускіх гаворках дзеясловы ІІ спражэння з націскам на аснове ў 3-й асобе адзіночнага ліку ўжываюцца без ц’: воз а, нос а.1

 

Форма 3 асобы мн. л.:

Насыпяць. Насыплюць. У форме заг. ладу.

Хай дагоняць, хай насыпяць солі на хвост (Алімпіяда,с.275).

Характэрнай рысай сярэднебеларускіх гаворак з’яўляюцца формы дзеясловаў І спражэння з ненаціскным канчаткам – аць: кажаць, сыпяць.2

Прылятуць. Прыляцяць.

Бяжы яшчэ на ферму – прылятуць даяркі: ідзі за матку, не ведаем што куды, ты ведаеш (Алімпіяда,с.505).

Прыметнікі.

Варонні. Варонін.

Марфа пачала зачэсваць угару свае густыя яшчэ ў яе гады, чорныя, як варонне крыло, валасы...(Алімпіяда,с.323).

1.Блінава Э., Мяцельская Е. Беларуская дыялекталогія. Мн., 1980, С.98.

2 Тамсама. С.197.

 

Прыслоўі.

Горай. Горш.

Вечарам Андрэю зноў стала горай...(Мсціжы,с.131).

Лепі. Лепш(лепей) (СПЗБ,т.2).

Так вам будзе лепі (Алімпіяда,с.318).

Лепі – гэта форма вышэйшай ступені параўнання, утвораная суплетыўным шляхам: добра – лепі.1

Дзеепрыслоўі.

Сыпячы. Сыплючы.

Алімпіяда бачыла, як яно віхляе ў бакі, сыпячы з сябе пясок і сцёбаючы па вачах сонцам з вышараванай шыны (Алімпіяда,с.100).

Займеннік.

Тэй. Той.

Кіне гэту і пярэйдзе да тэй(жонкі) (Алімпіяда,с.476).

У некаторых гаворках паўночна-ўсходняга дыялекту, а таксама ў сярэднебеларускіх гаворках найбольш пашыраным з’яўляецца ўказальны займеннік той або яго варыянт тэй. Займеннік тэй ужываецца звычайна ў тых гаворках, дзе пашыраны формы прыметнікаў маладзей, круцей.2


1 Блінава Э., Мяцельская Е. Беларуская дыялекталогія. Мн.,1980 С. 110.

2.Нарысы па беларускай дыялекталогіі. Мн. 1964. С.224.

 

Словаўтваральныя дыялектызмы.

Словаўтваральныя дыялектызмы (іх у рамане выяўлена каля 100) – гэта словы, у якіх корань супадае з коранем адпаведнага агульнаўжывальнага слова, але адрозніваюцца яны адной ці некалькімі марфемамі (прыстаўкамі, суфіксамі ці тым і другім адначасова ). Лексічнае значэнне іх супадае.

Назоўнікі.

Адранак, м. Ранішняя пасьба кароў (ТСБМ, т.1).

Бегала і на ферму і з фермы праз дзядзінец, і летам у адранкі і зімой у ацёлы. (Алімпіяда, с.6). Такой парой гоняць дамоў з адранку скаціну (Тартак, с.219). Трэба падаіць і выгнаць кароў на адранак (Сцяпан Жыхар са Сцешыц, с. 159).

Альшэвіна, ж. Алешына (СПЗБ, т.1).

Маяк астаўся ззаду, чорны на чыстым небе, як сухая альшэвіна на балоце (Алімпіяда, с.71).

Параўн.: алеха, алешка, вольха, альшына, альшэвіна (ЛАБНГ, т.1, карта 152).

Беражніца, ж., абл. Берагавіна, бераг (ТСБМ, т.1).

І Вілія, і Жоглаўка падмывалі пагор’е з двух бакоў, вылізваючы з-пад беражніц белае, чырвонае і сіняе – у розны колер – круглае і адпаліраванае некалі каменне – гальку.(Мсціжы, с.3).

Параўн.: беражніца – замёрзлая вада каля берага ракі, беражына – бераг (ЖНС).

Бярно, н. (бёрны мн.). Бервяно (ТСБМ, т.1).

Бярозавыя чуркі, сасновыя чурбаны і доўгія бёрны, адцягнутыя далей з-пад ног – паўязджалі ў зямлю (Алімпіяда, с.259). Яно /карыта/ было відаць з вёскі, абабітае ад лёду, як кавалак бярна (Мсціжы, с.5).

Параўн.: бервяно, бервянё, браўно (ЛАБНГ, т.1, карта 182).

Вываратка, ж. Выварацень, вывернутае бурай дрэва (СПЗБ, т.1).

Нагнутыя да зямлі асіны выварочваюцца з карэннем. Будзе сёлета вываратак (Мсціжы, с.133). Ля старой яловай вывараткі стаялі дзве нізенькія доўгія капы сіўцу (Чакай у далёкіх Грынях, с.48).

Параўн.: выварат, вывараць, вывараціна, вываратка, вываратня, вываратак (ЛАБНГ, т.1, карта 188).

Вылівень, м. Лівень.

Пасека шумела, як ад дажджу, калі сячэ вылівень (Алімпіяда, с. 435).

Дзеўчынёха, ж. Дзяўчына, дзяўчо.

Яна і цяпер тоненькая і худзенькая, як дзеўчынёха (Алімпіяда, с.13).Доктар выйшаў і адразу прывёў дзеўчынёху ў чорнай сукенцы і ў чырвонай крамнай хустцы (Мсціжы, с.120).

Параўн.: дзеўчынка, дзяўчонка, дзяўчук, дзяўчо, дзеўчаня, дзевачка (ЛАБНГ, т.3, карта 173).

Дзярняк, м. Дзёран (СПЗБ, т.2).

Біў вострымі цяжкімі капытамі канюшынішча, секучы дзярняк на кавалкі, як рыдлёўкай. (Алімпіяда, с.163).

Дзяцельніца, ж. Дзяцеліна. (канюшына). (СПЗБ, т.2).На мяжы ад самых варот аж да бульбы пажаўцела на сонцы густая дзяцельніца з круглымі ладнымі галоўкамі (Алімпіяда, с.8).

Параўн.:дзятліна, дзятлавіна, дзятлаўка, дзятліца, дзяцельнік, дзяцеляўнік, дзягцеліна (ЛАБНГ, т.1, карта 247).

Жвірак, м. Жвір, жоўты пясок (СПЗБ, т.2).

Ён доўга дыхаў з сябе, пасля, засіліўшы жменю слізкага, як проса, жвіраку, сыпануў ім з размаху па друзалках смалы – тушыў агонь (Найдорф, с.7).

Канюх, м. Каня (СПЗБ, т.2).

Не хацелася глядзець на канюхоў, што круціліся, здавалася, над самай галавой і прасілі піць (Лонва, с.170).

Параўн.: каня, канюх, кнігаўка, кніга, чаіца, кібіс (ЛАБНГ, т.1, карта 121).

Квяты, мн. Кветкі (СПЗБ, т.2).

Расхінаецца, калышачыся, лубін, дрыжаць на ім дробненька квяты, тады пачынае класціся на бакі – на адзін і на другі (Алімпіяда, с.49).

Параўн.: квятка, квят, кветка, цвет (ЛАБНГ, т.1, карта 228).

Крыжаватка, ж. Скрыжаванне дарог (СПЗБ, т.2).

На крыжаватцы ля дзвюх белых бяроз стаяў стары шэры каталіцкі крыж. (Алімпіяда, с.359). Пячное, доўгую вёску ў лесе на крыжаватцы дарог, можна абысці ля Рабога Калодзежа (Найдорф, с.8). Ля моста крыжаватка. Вуліцу тут перасякае дарога, што ад фермы вядзе на шашу. (Чакай у далёкіх Грынях, с.306).

Параўн.: крыжаванка, крыжавуха, крыжоўка, крыжоўніца, перакростак, ростанькі і інш. (ЛАБНГ, т.2, карта 85).

Курчаты, мн. Кураняты (СПЗБ, т.2).

Страшней за ўсё ў вёсцы для яго /шафёра/ былі каты і курчаты.(Алімпіяда, с.53) Глядзіць вас, курчатак. Кожнае курчо пад сваё крыло (Сцяпан Жыхар са Сцешыц, с.157).

Параўн.: курчаняты, курчукі, курчаты, цыпляняты, цыплюкі, піскляты, пыляняты, цівяняты (ДАБМ, карта 296).

Лісцвянка, ж. Лістота.

Бадзёраць пастарэлы бульбоўнік, і ён бярэцца яшчэ расці, дрыжыць прыжоўклай лісцвянкай,  але куды ўжо яму. (Чакай у далёкіх Грынях, с.65).

Лучка, ж. Лука, сенажаць ля рэчкі (СПЗБ, т.2).

Раку прарылі экскаватарамі напрамую ад Яськавага Балота да Дроздкі, засыпаўшы лучкі, прарылі да жоўтага пяску, насыпаўшы высокія берагі (Алімпіяда, с.29). Ганька кожную раніцу цэлае лета бегала з касой і пасцілкай за раку ў лучкі: да каровы пусціла яшчэ і цяліцу. (Мсціжы, с.183).

Параўн.: лучка, лука – паўвыспа, зробленая загібам ракі (Бялькевіч),лукі – луг пры сяле (Мат. мін.-мал.-ІІ).

Магнэс, м. Магніт.

На вечарынкі і на канцэрты я ўжо не хадок, а тут цягне. Як магнэсам. (Алімпіяда, с.127).

Маска, ж. Падмазка (СПЗБ, т.3).

Маску новую зрабіла, закруціўшы кавалак сала з кулак у белую анучу, устаюць і аладкі, і бліны самі, даткніся толькі нажом. (Найдорф, с.153).

Мачака, ж. Мачанка (СПЗБ, т.3).

Стаяў маленькі чорны саганок, у якім перш у нядзелю варылі мачаку (Найдорф, с.144).

Мультанка, ж. Мультан (гатунак тытуню).

На Выганчык пад вёску ляцела бурае, пацёртае, як пальцамі, сухая мультанка, альховае лісце, якое не лягло пад сне. (Мсціжы, с.4).

Павечка, ж. Павека (СПЗБ, т.3).

Цыбуля лезе ў вочы Верцы, тады Андрэй чуе, як і яму есца пад павечкамі, аж рэжа (Мсціжы, с.80). Пачырванелі вочы ад бяссоння, у куточках сабраўся і прыліп да павечак пыл (Тартак, с.148).

Параўн.: века, вечка, вейка, вея, веянка, павейка, абечка (ЛАБНГ, т.3, карта 47).

Падстрэшнік, м. Падстрэшак, падстрэшша. (ТСБМ, т.3).

Добра было спаць у мяккім сене пад пастрэшнікам ля канюшні. (Алімпіяда, с.452).

Пад’ялевец, м. Ядловец (СПЗБ, т.3).

Колы шапацелі па верасе і пасохлым пад’ялеўцы, ад якога дарога ўперадзе здавалася рыжай, як ліса (Алімпіяда, с.347). Гарэў пад’ялевец, туды, пад балота, у шэрых лазовых кустах..(Найдорф, с.6). Дарога, падняўшыся на пагорак, агінае лагчыну і выходзіць на лажок, які парос сіўцом і пад’ялоўцам (Лонва, с.17).

Параўн.: ядлавец, яловец, ядлоўнік, ядленец, яленец, ядлінец, ялец, ядлец (ЛАБНГ, т.1, карта 146).

Паліна, ж. Пала, крысо (СПЗБ, т.3).

Леанід сеў на чамадан, падняў на камні мокры цёплы камяк і прыкрыў яго паліною набраклага плашча. (Чакай у далёкіх Грынях, с.101).

Пешакі, мн. Пешаходы.

І сцежачка лясная – цвёрдзенькая, убітая пешакамі, - вунь якая лёгкая для веласіпеда і хворай нагі (Чакай у далёкіх Грынях, с.70).

Пустыня, м. і ж. Пустышка, легкадумны чалавек, ілгун. (СПЗБ, т.4).

«Зубаскал і пустыня» - падумала яна пра яго на хаду (Алімпіяда, с.21).

Раманы, мн. Рамонкі (СПЗБ, т.4).

Цяпер увесь лог быў белы – усеяны раманамі (Алімпіяда, с.9). Распусціліся ля самага ганка белыя раманы, шырокія, з даланю (Тартак, с.199).

Параўн.: раман, раманец, раманька (ЖС), рамон (НЛ, Бялькевіч).

Ржонне, н. Іржышча (Сцяшковіч).

Скрозь відаць поле, усё ў жнівеньскай жаўцізне, з мэндлікамі, раскіданымі па ржонні (Чакай у далёкіх Грынях, с.22).

Параўн.: ржышча, ржэўнік, іржоўнік, іржонне, аржонне, ржонішча, аржанішча, ржыска (ДАБМ, карта 271).

Сінюк, м. Сініца.(СПЗБ,т.4).

За акном ядраная зара на ўсходзе і на падаконніку на мяленкі скача сінюк (Алімпіяда,с.353).

Смалакурха, ж. Смалакурня.

То ў леспрамгасе, то ў калгасе, то нідзе – ловіць вудай рыбу ў Віліі і з сабакам гойсае па лесе, то стане вартаўніком на смалакурцы. Алімпіяда,с.174).

Сцёл, м. Ацёл.

Сон прапаў, як прападаў ён да вайны, калі на ферме аставалася нанач карова на сцеле (Алімпіяда,с.439).

Сыраежа, ж. Сыраежка.

Не бяруць і сыраеж, яны паразрасталіся на зямлі, як рэшаты (Алені,с.23).

Параўн.: сыравежка, сырагожка, сырадзега, сыраега, сыраедка(ЖС).

Умецце, н. Амецце (СПЗБ,т.5).

Яго абіваў цяпер вецер і церусіў, як хто ўмеццем з тока (Мсціжы,с.4).

Параўн.: амеці, амецце – дробныя кавалачкі саломы, каласоў, мякіны і пад., што абмятаюцца з зерня ў час малацьбы (ТСБМ,т.1).

Хліпаўка, ж. Усхліпванне, хліпанне.

Яна(Алімпіяда) нічога не гаварыла, толькі заходзілася нема ад крыку і ад хліпаўкі, круціла галавой у яго на грудзях, і здавалася, ніколі не супакоіцца (Алімпіяда,с.523).

Цемрыва, ж. Цемень (Сцяшковіч).

Далёка ў цемрыве гайдалася цяжкае рэха (Чакай у далёкіх Грынях.,с.8).

Параўн.: цемень, цемната, цемра, цемрава, цямрэча, цьма, цёмна (ЛАБНГ,т.5, карта 287).

Ціхата, ж Цішыня.

Збегчы з дому. Ад ціхаты і цяжкай, як камень, спрадвечнай вясковай нудоты. (Алімпіяда,с.78).

Чарэмха, ж. Чаромуха (СПЗБ,т.5).

Ухапіцца за галінку чорствай чарэмхі на беразе хацела яна (Алімпіяда,с.383).

Шкадоба, ж. Шкадаванне.(ТСБМ,т.5)

Глядзеў(Мікалай) толькі на яе са сваёй вечнай балючай шкадобай – сам жа ён нічога не зможа зрабіць са сваім кашлем.(Алімпіяда,с.436)

Шкелка, ж. Шкло(для ліхтара).

Мікалай стаіць з ліхтаром у руцэ – пад шкелкай хліпае маленечкі жоўты матылёк (Алімпіяда,с.334). На рагу стала ля парога стаяў магазын ад лямпы – шырокая чорная бляшанка, - без шкелкі і без машынкі (Агні,с.98).

Шчавук, м. Дзікае шчаўе (СПЗБ,т.5).

Пад шчавуком разраслася крапіва (Мсціжы,с.196).

Параўн.: шчавей, шчавух, шчавер, шчаўё, шчавель (ЛАБНГ,т.1, карта 261)

Шчэлка, ж. Шчыліна (СПЗБ,т.5).

Ад пылу не было спасу: ён лез у хату праз шчэлкі ў вокнах, асядаючы на сцены, шыбы, рабіўся белы (Алімпіяда,с.10).

Юргіня, ж. Вяргіня.(СПЗБ,т.5).

Яна хацела сесці дзе на двары: падысці да гародчыка, да частакола пад жоўтыя юргіні, якія панагіналіся галоўкамі над маленькім услончыкам (Алімпіяда,с.7)

У беларускіх дыялектных слоўніках зафіксаваны шматлікія варыянты лексемы: вяргіня: аргіня(Сцяшковіч), іргіня(Бялькевіч), гергіня, рагіня, эргіна(ТС), яргіня(СПЗБ), іргінія(ДСБ).

Утварэнне памяншальных формаў адбываецца ў літаратурнай мове і ў гаворках з дапамогай розных словаўтваральных сродкаў. Усе прыведзеныя прыклады адрозніваюцца суфіксамі, параўн.:

Банячкі. Баначкі.

Можа, трэба банячкі паставіць?(Алімпіяда,с.412).

Каленечкі. Каленачкі (СПЗБ,т.2).

Людзі, як на могілках, згіналіся і станавіліся на каленечкі ў балота, засланяючыся хусткамі ад сонца (Алімпіяда,с.15).

Рукаўцы, мн. Рукаўчыкі. (СПЗБ,т.4).

Маладзіла яго жоўценькая новая тэніска, з кароценькімі рукаўцамі на загарэлых руках (Алімпіяда,с.189).

Сеначкі, мн. Сенечкі.

Ля варыўні стаяла драбіна, прыткнутая верхнім краем да страхі на сеначках (Алімпіяда,с.7).

Сукянёшка, ж. Сукеначка.

І сярод іх дзяўчынка ў жоўтай кароценькай сукянёшцы, самая меншая – гады тры (Алімпіяда,с.211).

Прыслоўі

Адумысла. Сумысля, наўмысна (Сцяшковіч).

Можа, нават адумысла і стаў сёння на вуліцы – хацеў ёй нешта сказаць, не рашаўся толькі (Алімпіяда, с.19). Слупы прывязлі з-пад Карчаватак, зрэзаўшы адумысла сасну: аскаблілі на двары ля дрывотні. (Тартак, с.80).

Долках. Доле, на зямлі, на падлозе (СПЗБ, т.2).

Долках набухлі ад росаў каласы, але сонца зноў сушыць іх, - мучыць толькі (Чакай у далёкіх Грынях, с.66). Сцяпан вылез з кабіны і стаяў, - адна нага долках, другая на падножцы, - закрываючы сваімі плячыма ўсю кабіну. (Сцяпан Жыхар са Сцешыц, с.155).

Параўн.: доле, долах, долках, далавах, далаўках, далоўках (ЛАБНГ, т.5, карта 269).

Зачы. За вочы.

Анастасіяй Іпалітаўнай яе звалі толькі Колас і Пугач, бо Корань зваў Зампалітаўнай і ў вочы і зачы, прыпамінаючы ёй даўнейшую ваенную форму (Алімпіяда, с.185). Не любіць Станіслаў і калі хто хоча пагаварыць зачы (Чакай у далёкіх Грынях, с.228).

Каля блізку. Блізка.

І я цябе, калі іх нікога каля блізку няма, ажаню (Алімпіяда, с.323).

Лена. Ляніва (ТСБМ, т.3).

У лагчынах ля дарогі туман-паўзун лена ўкладваўся на шырокае лісце альшэвін (Чакай у далёкіх Грынях, с.6).

Навідку. Навідавоку (СПЗБ, т.3).

Леанід, пагартаўшы наспех лісткі ў блакноціку, прычасаўся, зірнуў навідку ва ўсіх на гадзіннік і заняў месца за трыбунай (Чакай у далёкіх Грынях, с.87).

Параўн.: навідавоку, навідоку, навідаку, навідоцы, напавідоку (ЛАБНГ, т.5, карта 268).

Назаўтрае. Назаўтра (СПЗБ,т.3).

Дажыліся, што і назаўтрае солі няма, хоць пазычай (Алімпіяда, с.341).

Напасля. Пасля, потым.

Напасля зноў ішлі бабы. (Мсціжы, с.113).

Наўкасяк.Наўскасяк.

Млечны Шлях, сціснуты цемнатой, ішоў наўкасяк на поўдзень над іхняй хатай (Алімпіяда, с.441).

Наўсягды. Назаўсёды.

Старога фельчара Пугача жыццё кідала па раёнах, не даючы наўсягды, ці хоць бы надоўга астацца на адным месцы (Алімпіяда, с.102).

Несамнога. Нямнога.

Нехта і тут стрыг.. Глядзіце. Несамнога. Пласты са два (Чакай у далёкіх Грынях, с.47). Іх несамнога – адна жменька (Алені, с.8).Немцы блішчалі і збоку на рудым лагу па адным, несамнога, чалавекі можа тры. (Мсціжы, с.106).

Няўмысля. Ненаўмысна (Сцяшковіч).

Пайшла раптам сама Таніна кабыла – ён, мусіць, няўмысля крануў за лейцы (Тартак, с.128).

Параўн.: наўмысна, наўмысля, - свядома (ТСБМ, т.3).

Поверх. Зверху (СПЗБ, т.4).

У яго /Пугача/ была выпушчана кашуля, поверх яе матлялася незашпіленая, пакінутая спешна клятчастая рубашка (Алімпіяда, с.316).

З пазном. Позна.

На поле жнеі з усяго Крамянца прыходзілі з пазном, калі ўжо абсыхала раса (Алімпіяда, с.142).

Паўднём. У поўдзень (СПЗБ, т.3).

Паўднём учора прывязлі (Алімпіяда, с.446).

Рыскоўна. Рызыкоўна (Сцяшковіч).

Больш заязджаць рыскоўна. Для чаго? (Чакай у далёкіх Грынях, с.245).

Спавагі.Паважна.

Ішлі памалу, спавагі, Кастусь курыў (Калістрыха, с.132). Юзюк ішоў па двары спавагі, як стары (Тартак, с.34).

Усягды. Заўсёды (СПЗБ, т.5).

Аляксандр Лязёнак у чорнай скураной паношанай куртцы – бегае усягды ў ёй па вёсцы і па полі (Найдорф, с.61). За хатай , у гародзе пад раку, у іх усягды свяціла сонца, за хатай і паставілі качэлі (Тартак, с.80).

Уцэла. Цаліком (СПЗБ, т.5).

Трэба было мясіць снег уцэла – пракладаць сцежку (Бежанка, с.51).

Шторань. Штораніцы.

Ён мне спаць не дае шторань. Балбоча ў званы, як цецярук (Чакай у далёкіх Грынях, с. 94).

Упобачкі. Побач (ТСБМ, т.5, ч.1).

Калі мы вярталіся назад, яны сядзелі ўпобачкі і пра нешта ціха гаварылі (Бежанка, с.45). Зняўшы з пляча аўтамат, падняўся на бярвенне і сеў упобачкі з ёй (Найдорф, с.161). Сядзем вось так упобачкі, - узяў ён пугу пад паху, - і да нашай Дзедзіхі (Чакай у далёкіх Грынях, с.10).

Упоплечкі. Поплеч, побач (Сцяшковіч).

Калі такія людзі, як Авар’ян і Ульяна ўпоплечкі, хіба боязна ? (Чакай у далёкіх Грынях, с.197).

Параўн.: упоплеч (НС).

Для гаворак, у адрозненне ад літаратурнай мовы, характэрна болшьшая колькасць спосабаў утварэння прыслоўяў ад іншых часцін мовы. У гаворках працэс гэты больш рухомы, чым у літаратурнай мове. Многія прыслоўі ўтвараюцца ад ужо вядомых прыслоўяў з дапамогай суфіксаў і прыставак, параўн.:

Удваёчках. Удваіх (СПЗБ,т.5).

Сядзеце ўдваёчках і паедзеце (Алімпіяда,с.321).

Цяперака. Цяпер (СПЗБ,т.5).

А Коласа цяперака ў бальніцы няма (Алімпіяда,с.323).

Параўн.: цяпера, цяперака, цяперачы, цяперачка, цяперацька (ЛАБНГ,т.5, карта 246).

Дзеясловы.

Абчэрсцвець, зак. Счарсцвець.

Блізка яна тут ля іх, і зямля яшчэ не абчэрсцвела ў яе на магіле (Алімпіяда,с.603).

Аваднець, зак. Звадзянець.

А ты, Аляксей Іванавіч, аваднеў, як чарніла (Алімпіяда,с.69).

Адзыўнуцца, зак. Адазвацца.

Дыхаць будзем паўгадзіны, гадзіну, калі яно(сэрца) раней не зможа адзыўнуцца пад ручкамі (Алімпіяда,с.331).

Асачыць, зак. Знайсці, высачыць (СПЗБ,т.1).

Бацька асачыў стажок, бо знізу аб’елі, відаць, алені, і абгарадзіў яго (Алені,с.33).

Параўн.: асачыць – дасачыць, знайсці.(Бялькевіч); высачыць звера(Сцяшковіч Мат.).

Галяшыць, незак.. Галёкаць, крычаць.

Зрэдку толькі ля маста галяшылі дзеці, пасля нехта зваў гусей (Лонва,с.130).

Параўн.: галакаць – крычаць, гучна гаварыць.(Бялькевіч).

Далець, незак. Аддаляцца.

І чым шыбчэй яна бегла, тым яны ўсё больш далелі і далелі ўперадзе (Алімпіяда,с.447). Там чуваць была несціханая кулямётная і вінтовачная страляніна: то глушэла, далеючы, то ўсчыналася недзе зусім блізка, ядраная, густая (Найдорф,с.86).

Дохці, незак. . Дохнуць.

Паявілася спружына першы раз у сорак шостым годзе вясной, калі сталі дохці на ферме падласыя остфрызскія каровы (Алімпіяда,с.4).

Назызнуць, зак. Азызнуць, ацячы.

Ступня ў яе ўжо назызла – пачынала пухнуць (Калістрыха,с.127).

Пад’ясніцца. Раз’ясніцца (СПЗБ,т.4).

Пад’яснілася, і неба было зялёнае; бліскалі здалёку калючыя зоркі (Агні,с.107).

Сквярціся, незак. Скварыцца (СПЗБ,т.4).

І сам ў машыне, як на вуголлі, сквярэшся (Алімпіяда,с.17).

Параўн.: шкварыць – скварыць, пячы (Бялькевіч).

Спружыцца, зак. Напружыцца (СПЗБ,т.4).

Калі параўняліся, неяк спружылася ўся(Алімпіяда) і адкінула галаву яшчэ больш назад, аж на плеч .(Алімпіяда,с.114). Каб вылезці з акопа, не згаіўшы мох, трэба спружыцца, як змяі (Мсціжы,с.112).

Счурацца, зак. Адмовіцца, адцурацца.

І ўсе загудзелі яшчэ больш: не счуралася гутаркі сама маці, значыць – дзела будзе. (Алімпіяда,с.491).

Лічэбнікі.

Двоечка. Двое.

Забралі ўчора і павязлі...Лётчыкаў...Двоечка (Алімпіяда,с.446).

Сколечка, няпэўна-колькаснае сл. Сколькі.

Сколечка той хады (Алімпіяда,с.291).

Прыназоўнікі.

Круга. Вакол, кругом (СПЗБ,т.2).

Стаяць круга цябе з сярпамі на плячах, за жываты хапаюцца, а над табой Крысцініна рука (Алімпіяда,с.146). Цяпер ясна, што робіцца круга нас (Найдорф,с.57). Конь вылез з гразі і пачаў бегаць па сухім круга Андрэя, атрасаючыся (Мсціжы,с.29).

Перак. Упоперак, насуперак (СПЗБ,т.3).

Больш яе не пусціў Мікалай. Стаў перак дарогі: до!(Алімпіяда,с.195). Стаяў і маўчаў – каб слова сказаў перак Махорку (Тартак,с.125).

Злучнікі.

Бытта. Нібы, быццам (СПЗБ,т.1).

Трашчаць пад столлю бэлькі, бытта хто ходзіць па гары (Тартак,с.213).

Сярод словаўтваральных дыялектызмаў вылучаюцца лексемы, якія адрозніваюцца толькі адным словаўтваральным фармантам: суфіксам (шчэлка – шчыліна, двоечка – двое, дзярняк – дзёран, і іншыя.); прыстаўкай (спружыцца – напружыцца, адумысла – сумысла); прыстаўкай і суфіксам адразу (поверх – зверху, упобачкі – побач). Зафіксаваны словы, у якіх у літаратурнай мове адсутнічае прыстаўка ці суфікс, а ў дыялектнай яны ўжываюцца з прыстаўкай (вылівень – лівень, адранак – ранак) ці суфіксам (цяперака – цяпер, лучка – лука) і пад.

 

Фанетычныя дыялектызмы

Фанетычныя дыялектызмы адлюстроўваюць якую-небудзь фанетычную асаблівасць пэўнай гаворкі1.

Фанетычныя дыялектызмы – словы, якія адрозніваюцца ад літаратурных націскам, вымаўленнем зычных ці галосных, словы, у якіх адбыліся разнастайныя гукавыя змены зычных ( эпентэза, метатэза, асіміляцыя, дысіміляцыя і інш.). Выкарыстанне фанетычных дыялектызмаў у творах абумоўлена не толькі вясковай тэматыкай твораў І.Пташнікава, але ў значнай ступені свядомай схільнасцю аўтара да дыялектызмаў, да перадачы асаблівасцей мовы герояў.

Для некаторых фанетычных дыялектызмаў характэрна скарачэнне гукавога складу, або замена канцавога зычнага на зычны іншай якасці:

Ёсь. Ёсць.

Свет усякі ёсь: і такі, і гэтакі (Алімпіяда, с.320).

Параўн.: есь, е, іе, ё, ест (ДАБМ, карта 163).

У гэтым выпадку адбылася страта канцавога –ць у спалучэнні –сць. Гэта рыса характэрна пераважна для паўночна-ўсходняй тэрыторыі Беларусі2.

Вун, часц. Вунь (СПЗБ, т.1).

І маці, вун, седзячы на ложку, глядзіць далей цябе – у гарод. (Алімпіяда, с.125).

У гаворках ужываюцца варыянты гэтай часціцы : вонь, унь, ванё, унё 3.

У беларускіх народных гаворках зафіксаваны разнастайныя гукавыя змены зычных. Яны выкліканы уплывам суседніх або аддзеленых складамі гукаў. У выніку гэтага адбываецца распадабненне, прыпадабненне,


1 Сучасная беларуская літаратурная мова: Лексікалогія.Фанетыка. Арфаграфія. Мн., 1993. С.64.

2Нарысы па беларускай дыялекталогіі. Мн., 1964. С.276.

3 Блінава Э., Мяцельская Е.Практыкум па беларускай дыялекталогіі. Мн., 1991 С 96.

перастаноўка гукаў, страта ці ўзнікненне новага гука1. Гэтую асаблівасць адлюстраваў і І.Пташнікаў у мове герояў сваіх твораў.

Назоўнікі

Аглобня, ж. Аглобля (СПЗБ, т.1).

Буланчык напяўся ўвесь, даў у хамут, хочучы, мусіць, выскачыць з аглабень (Тартак, с.25). Фірага падышоў і таўхануў Анкуду рукой у плячо, моцна, як зморанага каня ў аглобнях (Алімпіяда, с.200). Коні іржалі, ірвучы гужы і ломячы аглобні (Найдорф, с.75).

У гэтым выпадку назіраецца распадабненне двух падобных гукаў – дысіміляцыя. Гэта з’ява больш пашырана ў народных гаворках, чым у літаратурнай мове.

Бульбеўнік, м. Бульбоўнік, націна бульбы (СПЗБ, т.1).

За тынам відаць высокі бульбеўнік (Тартак, с.10).

Вальц, м. Вальс.

Вальц! У нас усягды з вальца маладыя пачынаюць (Мсціжы, с.127). Ідзі лепш вальчык адхопім (Чакай у далёкіх Грынях, с.120).

Прыстаўны зычны в характэрны як літаратурнай мове перад галоснымі о, у (вока, вуха), так і народным гаворкам. Але ў гаворках зафіксаваны словы з прыстаўным в, якія ў літаратурнай мове ўжываюцца без прыстаўнога в. Параўн.:

Водум, м. Одум.

Сядзелі адны старыя людзі, змучаныя водумам – як выйсці з бяды. (Найдорф, с.181).

Восвы, мн. Осы (СПЗБ, т.1).

Стаяў пасля, глядзеў на рубашку і на рукі, і на папяровы каўпачок у малінніку, дзе не маглі суцішыцца восвы (Алімпіяда, с.259).

Многія аналізуемыя фанетычныя дыялектызмы адрозніваюцца ад літаратурных адпаведнікаў адным гукам:

Вялейка, ж. Вілейка.

1 Блінава Э., Мяцельская Е. Беларуская дыялекталогія, 2-е выд. Мн., 1980. С.52-53.

А яшчэ праз тыдзень, прарваўшыся пад Барысавам і выйшаўшы на прастор, праз Дзвінасу ў бок Вялейкі і Маладэчна пайшлі першыя танкі (Найдорф, с.114).

Гадыня, ж. Гадзіна (СПЗБ, т.1).

Кусаецца, як гадыня (Тартак, с.151).

Гугаль, м. Куколь

Пахла дзяцельніцай, мятліцай, зялёным конскім гугалём – елкай, свірэпкай – спелай, у струках (Мсціжы, с.199).

У асобных фанетычных дыялектызмах узнік новы гук на пачатку ці ў сярэдзіне слова або адбылося перамяшчэнне складоў:

Дзермяза, ж. Дзераза (СПЗБ, т.1).

За дарогай затрашчаў сухі жоўты пад’ялевец, затлеўся мох і леташняя сухая дзермяза (Алімпіяда, с.435).

Маладэчна, н.. Маладзечна.

Праз Дзвінасу ў бок Вялейкі і Маладэчна пайшлі першыя танкі (Найдорф, с.114).

Манкет, м. Манжэта (СПЗБ, т.3).

Вецер адганяе далёка на двор рукавы з чырвоненькімі гузічкамі ў манкетах (Мсціжы, с.101).

Маравейнік, м. Муравейнік.

Ля шырокай чорнай дубовай калодкі з кавадлам, абгарэлай зверху, насыпалася жоўтай іржы, высака, горкай, як маравейнік ля пня (Мсціжы, с.266).

Наўлечка, ж. Навалачка (СПЗБ, т.3).

Верка насыпала ў саганок мукі з белай крамнай наўлечкі (Тартак, с.110).

Параўн.: навулечка, навалочка, навалака, наўлечка, наўлычка, наўлічка (ЛАБНГ, т.5, карта 195).

Павучынне, н. Павуцінне (СПЗБ, т.3).

Пясок пасыпаўся і высака на сцяну – на павучынне (Тартак, с.155). І ў пустым, сівым ад смугі і белага павучыння полі – чорны трактар (Алімпіяда, с.177). Каб, здаецца, вады халоднай дзе прыгоршчы… павучынне змыць (Найдорф, с.64).

Патруха, ж. Пацяруха (СПЗБ, т.3).

Цяпер уся працівенька, ад памосту да дзвярэй, зацярушана сухой патрухай (Тартак, с.152). У грывы панабіралася пылу ад старога сена з-за драбіны і патрухі ад аўса (Мсціжы, с.24).

Свэтар,м. Світэр (СПЗБ, т5).

Яна /Таня/ была ў белай сукенцы да калень і сівым, зробленым з воўны свэтары ў крывую палоску, якія насілі ў іхняй вёсцы (Тартак, с.92).

Спронжка, ж. Спражка (СПЗБ, т.4).

Падышоўшы да ямы , ён убачыў, як на самым дне заблішчала на пяску маленькая беленькая спронжка. (Найдорф, с.23). Блішчалі і высокія боты на нагах, і сам ён увесь блішчаў на сонцы: арол на галаве, крыжык на грудзях, гузікі і спронжка на жываце. (Тартак, с.9).

Параўн.: спражка, спронжка, пражка, бражка(ЛАБНГ,т.4, карта 241).

Тэбаль, м. Тэбель, свердзел (СПЗБ, т.5).

Аскаблілі сасну на двары ля дрывотні, накруцілі вялікім тэбалем, пазычыўшы ў Панка, дзіркі і, падняўшы слупы, апусцілі іх у гародзе ў ямы (Тартак, с.80).

Чурбал, м. Цурбан (СПЗБ,т.5).

Можа проста нехта вырваў смаляны чурбалак і ўскінуў на калёсы – павёз з лесу дамоў палена на дровы (Лонва, с.39).

Шалуцінне, н. Шалупінне.

З-пад прысад пахла асыпанымі і падсохлымі яшчэ да дажджу тафялёвымі пупышкамі – шалуціннем (Мсціжы, с.159).

Шклункі, мн. Клункі (СПЗБ, т.5).

Здагадалася, што, мусіць, усе ўжо даўно пазносілі шклункі: шмат у каго жыта знайшлося дома (Тартак, с.12).Грукаюць на каменні калёсы, на шклунках  сядзяць нашы бабы ў хустках і дзеці (Мсціжы, с.139).

Сярод фанетычных дыялектызмаў вылучаецца вялікая група слоў, якія адрозніваюцца ад літаратурных адпаведнікаў націскам. Параўн.:

Абрусом. Абрусам (Тв. скл.).

Мне тады – як хто белым абрусом па вачах, у які я костачкі абгарэлыя закруціла (Алімпіяда, с.322).

Аптакарка, ж. Аптэкарка.

А ты тады, братка, не хадзі загараць у бярэзнік з аптакаркай (Алімпіяда, с.185).

Даланя, ж. Далонь (СПЗБ,т.2).

Было нават відаць, як над круглым, з даланю, лобам рассыпаліся на рад нястрыжаныя валасы (Мсціжы,с.10). Здалёку ўсё відаць...Як на далані... – закамандаваў Махорка (Тартак,с.160).

Далато, н. Долата (СПЗБ,т.2)

Ямка была глыбокая і вузенькая, што ўсё роўна ад далата ў бервяне .(Найдорф,с.105).

Двайня, ж. Двойня.

А цяляты – паявілася пад каровай двайня, - іх трэба выцерці дасуха, завязаць у пасцілку і нясці...(Алімпіяда,с.383).

Дросень, м. Драсён(трава) (СПЗБ,т.2).

Ляжаць недзе яшчэ пад рэшатам і баравыя нагаткі, і дросень (Алімпіяда,с.32).

Жаляззё, н. Жалеззе.

У раскапаную ля дарогі старую шырокую яму цяпер звозілі ламаччо з фермы і ад кузні: іржавае непатрэбнае жаляззё ад плугоў, каб не валялася на траве пад нагамі (Мсціжы,с.207).

Кішаня, ж. Кішэня.

Такога пінжака, чорнага, доўгага, з чатырма кішанямі, у іх не было (Мсціжы,с.84). З адтапыранай кішані са штаноў у яго, здавалася, вось-вось вываліцца ў мокры жвір пад зруб пачка “Беламору”(Алімпіяда,с.16).

Ламаччо, н. Ламачча.

У раскапаную ля дарогі старую шырокую яму цяпер звозілі ламаччо з фермы і ад кузні (Мсціжы,с.207).

Падваконне, н. Падвоканне (ТСБМ,т.3).

Галіна ўтаропілася ў падваконне – і ўсё (Чакай у далёкіх Грынях, с.37).

Палудзень, м. Полудзень, абед (СПЗБ,т.3).

У некага з-пад пахі вышмыкнуў палудзень і шлёпнуў з газетай аб падлогу (Алімпіяда,с. 95).

Прыгоршчы, мн. Прыгаршчы.

Падбярэцкі падышоў да горана і сыпнуў на агонь дробнага вуголля – зачэрпнуў прыгоршчамі, як бульбу з кучы (Мсціжы,с.268).

Рашчына, ж. Рошчына (СПЗБ,т.4).

Рашчына шыпіць на скаварадзе пад лыжкай на ўсю хат .(Мсціжы,с.95).

Сачык, м. Сачок (СПЗБ,т.4).

Людзі паскідалі з плячэй суконныя жакеткі і сачыкі: ведаюць наперад, што ўгрэюцца (Тартак, с.191). Ганька была босая, у чорнай сукенцы, у сівым расшпіленым сачаку (Мсціжы, с.184).

Смяццё, зб. Смецце (СПЗБ,т.4).

Смяццё б набрала ў спадніцу ў прыпол, завязала б і высыпала... (Алімпіяда, с.566).

Соснік, м. Сасняк (СПЗБ,т.4).

З сосніку яны зноў убачылі зарыва над Пячным (Найдорф,с.55) Выцягвалі іх за кароўнік у соснік у партызанскія акопы і зарывалі ў зямлю (Алімпіяда,с.5). Ля самай зямлі на сівым моху слаўся малады соснік (Тартак,с.181).

У гаворках, акрамя лексемы соснік, ужываюцца варыянты сасняк, сасоннік, хвойнік, хвойняк, хвайна і інш.(ЛАБНГ,т.1, карта 139).

Чэцвер, м. Чацвер.

У чэцвер у Даўгынава будуць ісці людзі на базар (Тартак,с.94).

Сярод фанетычных дыялектызмаў-назоўнікаў асобна вылучаюцца запазычаныя словы – словы новыя і не заўсёды зразумелыя для жыхароў вёскі, таму і вымаўленне іх значна адрозніваецца ад літаратурнага. Так, напрыклад, фанемы ф і ф’ не былі ўласцівы старажытнай сістэме кансанантызму. Яны прыйшлі ў беларускую мову разам з запазычанымі словамі. У даўно запазычаных словах, а ў некаторых выпадках і ў новых ( у мове прадстаўнікоў старэйшага пакалення) ф і ф’ замяняюцца гукамі п, х, т або спалучэннямі хв, кв1. У некаторых словах узніклі ўстаўныя гукі або адбылася перастаноўка гукаў ці складоў. У многіх словах, каб пазбегнуць неўласцівага жывой мове збегу галосных , ужываецца эпентычны гук в: гладзіволус, мацівола і пад.

Альвас, м. Альяс (СПЗБ, т.2).

Тады пераставіла вазоны на акне ад двара – альвас у гаршку і бальзамінку ў маленькай місачцы (Найдорф, с.151). Лыжачка горкая, щто ад альвасу, горкая вада, як невядома якое зелле (Мсціжы, с.111).

Біркулёз, м. Туберкулёз.

У Мікалая хворыя лёгкія – біркулёз, як гавораць у вёсцы (Алімпіяда, с.334).

Лісафет, м. Веласіпед(СПЗБ,т.2).

У яго і лісафет, і стрэльба была (Лонва, с.132).

Міністар, м. Міністр.

Цяпер санітарка – што міністар (Алімпіяда, с.579).

У спалучэнні гукаў стр, не характэрным для народных гаворак, узнік гук а2.

Палікмахцерская, ж. Цырульня.

Зайшоў тут жа на вакзале ў палікмахцерскую (Алімпіяда, с.39).

Херма, ж. Ферма (СПЗБ, т.5).

На херму яны не прыязджалі (Алімпіяда, с.422).

Многія словы памянялі сваё аблічча ў сувязі з тым, што на іх уздзейнічалі законы дзекання і цекання, пашыраныя ў большасці беларускіх народных гаворак. У народнай мове запазычаныя словы падлягаюць тым самым зменам, што і ўласнабеларускія3.


1Блінава Э., Мяцельская Е. Беларуская дыялекталогія, 2-е выд. Мн. 1980. С.51-52.

2 Нарысы па беларускай дыялекталогіі. Мн. 1964. С.120.

3 Нарысы па беларускай дыялекталогіі. Мн. 1964. С.123.

 

Віцінар, м. Ветэрынар.

Ці дадзім цяпер рады без віцінара (Алімпіяда, с.334).

Кардзіграма, ж. Кардыяграма.

А то ў се тут на яго табе хукаюць: уколы, шмаколы, кардзіграмы (Алімпіяда, с.552).

Прызідзюм, м. Прэзідыум.

Так вот і сядзі, адваліўшыся ад сцяны, як у крэсле ў прызідзюме (Алімпіяда, с.119).

Радзіва, н. Радыё.

І калі ніхто не гудзіць над вухам: ні машыны, ні мухі, ні радзіва на сцяне галавы не дурыць (Алімпіяда, с.95).

Радзікуліт, м. Радыкуліт.

У нас і радзікуліт лепшы, чымся дзе на свеце (Алімпіяда, с.489).

Радзіяцыя, ж. Радыяцыя.

Радзіяцыя, старшына. Гэта ўсё ад радзіяцыі.(Алімпіяда, с.162).

Целевізар, м. Тэлевізар.

То радзіва скажа, то целевізар пакажа (Алімпіяда, с.256).

Прыметнікі і дзеепрыметнікі

У фанетычных дыялектызмах-прыметніках адлюстраваны ўсе тыя з’явы, што і ў назоўніках ( адрозненні па націску, распадабненне ці прыпадабненне гукаў і г.д.).

Адоткнуты, дзеепрым. Адаткнуты.

А так - і штрафную паднясуць і сам бяры пасля з любой бутэлькі, стаяць адоткнутыя (Алімпіяда, с.122).

Давяроны, прым. Давераны.

І скажу табе давяроную праўду: не ездзіў ён да мяне (Алімпіяда, с.565).

Даўгі, прым. Доўгі.

Тады асцярожна накрыў Таню па самую шыю – мех быў даўгі і шырокі (Тартак, с.128).

Ужыванне прыметніка доўгі з націскам на другім складзе характэрна для паўночна-ўсходняга дыялекту і часткі сярэднебеларускіх гаворак (гл. ЛАБНГ, т.5, карта 166).

Дрыўляны, прым. Драўляны.

Бачыў на дарозе запыленыя боты з шырокімі халявамі і ў халявах гранаты з жоўтымі дрыўлянымі ручкамі. (Найдорф, с.16).

Зблэчаны, прым. Зблытаны.

Пража мітусіцца, калышучыся, як хто яе , зблэчаную, папраўляе рукамі (Тартак, с.162).

Мачоны, прым. Мочаны.

У кожнага былі і сушоныя грыбы, і рыжыкі, і рудзякі мачоныя (Алімпіяда, 470).

Слабодны, прым. Свабодны, не заняты.

На ложку, вун, садзіцеся, на слабодным (Алімпіяда, с.475).

Спаліржаваны, прым. Паралізаваны (СПЗБ, т.5).

Што затросся, як спаліржаваны? А калі чалавек там? – крутнуўся да яго Махорка (Тартак, с.103).

Фальчывы, прым. Фальшывы.

З тоўстых дубцоў выходзілі вялікія кружкі, з сукаватых лыкі былі ўсе ў дзірках: фальчывыя (Тартак, с.135).

Швіўны, прым. Швейны.

Ля іх чорная бліскучая машына ганяе дробныя, як са швіўных нітак, кругі (Найдорф, с.14).

Ялкі, прым. Ёлкі, прагорклы.

Запахла старым дамашнім духам, дзе быў чуваць і хлеб, і ялкое сала, і горкае масла (Алімпіяда, с.503).

Дзеясловы

 

Абсморгаць, зак. Абшморгаць.

Кіруй толькі на змыты бераг, на абсморганы куст лазы (Мсціжы, с.110).

Апохнуць, зак. Апухнуць.

Маці апохла: ногі як вадой наліліся, пасля і ўся апохла, а цярпела. (Мсціжы, с.151).

Ашчарэпіць, зак. Ашчаперыць.

Сядзіць, во, ля самай студні, галаву ашчарэпіўшы (Лонва, с.23).

Слова ўзнікла ў выніку перастаноўкі складоў.

Блэціць, незак. Блытаць.

Вецер растрасаў і блэціў іхнія кароткія валасы. (Сцяпан Жыхар са Сцешыц, с.157).

Вязці, незак. Везці.

І калі за Асавок да трактара не будуць сёння вязці ваду, бабы пабягуць тады аж на грэблю ў крыніцы (Алімпіяда, с.145).

Дзяўбсці, незак. Дзяўбці.

Рыдлёвачка не хацела лезці ў цвёрды, збіты жвір, і трэба было дзяўбсці зямлю, як лёд (Найдорф, с.105).

Жваць, незак. Жаваць.

Не жвуць жвачку каровы: намораны на пашы за дзень(Алімпіяда, с.338).

Нясці, незак. Несці.

А цяляты – паявілася пад каровай двойня, - іх трэба выцерці дасуха, завязаць у пасцілку і нясці (Алімпіяда, с.383). Нясла з хаты ў руцэ перад сабой чорную сумачку і жоўты букет (Алімпіяда, с.509).

Палятуць, зак. Паляцяць.

Сінюкі зацінькаюць, фыркнуць і палятуць на карэнне. (Лонва, с.161).

Сморгаць, незак. Шморгаць.

Рвала лісце маці, рваў і ён, сморгаў пасля маленькімі мокрымі ад поту і балотнай вады пальчыкамі мацярдуху (Алімпіяда,с.10).

Трасціся, незак. Трэсціся.

Стукалі зубы і траслося ўсярэдзіне (Тартак, с.164). Таню ля маста зноў пачало трасці (Тамсама, с.164).

Форскаць, незак. Фыркаць.

Конь форскаў, махаў галавою (Лонва, с.51).

Шыткаваць, незак. Шаткаваць.

Жаваранка бярэ з вугла ў хлеўчыку ўторкнуты даўгі, шырокі нож, якім Кланя шыткуе ўсягды капусту (Найдорф, с.80).

Прыслоўі

 

Відна.Відно (СПЗБ, т.1).

Ад месяца было відна (Алімпіяда, с.439).

Высака. Высока (СПЗБ, т.1).

У хаце адразу павалілася на ложак, падкінуўшы да брыжа дзве падушкі, каб было высака пад галаву (Алімпіяда, с.4).

Даўна. Даўно (СПЗБ, т.2).

Ці даўна, здаецца, я тут хадзіў на грэблі па калені ў гразі (Алімпіяда, с.610).

Для прыслоўяў на –а, -о, якія ўтвораны ад якасных прыметнікаў, у гаворках характэрна хістанне націску. На адной тэрыторыі могуць ужывацца паралельна два варыянты: відна і відно. Але формы з націскам на 1-ым складзе характэрны часцей для паўночна-ўсходняга дыялекту і для сярэднебеларускіх гаворак (ДАБМ, карта 175).

Надаўга. Надоўга.

У прагалах было відаць шэрае, цяжкае неба – аблажыла надаўга, не на адну ноч. (Мсціжы, с.5).

Нітведама. Немаведама.

Гэта ж бегчы нітведама  куды (Тартак, с.35).

Сухамя. Сухама.

Елі сухамя, ціха, паднёсшы блізка да рота кожны свой кавалачак ацеслівай, прыгарэлай зверху жытняй перапечкі (Найдорф, с.180)

Ценка. Тонка.

Вецер, рвучыся з балота на лагі пад вёску, шалеў, ныючы ценка і калюча ў ніцай лазе і разгатым пад’ялеўцы (Мсціжы, с.4).

Цурчом. Цурком (СПЗБ, т.5).

Кроў. Пайшла ўчора днём. Цурчом. Аж цяпер солана ад яе ў роце (Алімпіяда, с.117).

Шырака. Шырока.

Адчыніліся шырака дзверы, бразнуўшы клямкай аб вушак – Алёша адскочыў ад парога, - і ў хату ўваліўся Гурбан (Найдорф, с.27).

Большасць зафіксаваных фанетычных дыялектызмаў адрозніваюцца ад літаратурных слоў націскам (дросень—драсён, двайня—двойня, кішаня—кішэня і пад.).

У некаторых словах пад уплывам суседніх гукаў адбылося распадабненне ці прыпадабненне гукаў, перастаноўка ці страта іх, паяўленне новых гукаў: аглобня—аглобля, дзермяза—дзераза, сморгаць—шморгаць, слабодны—свабодны і пад.

Запазычаныя ж словы адаптаваліся ў гаворцы і вымаўляюцца згодна з законамі беларускага вымаўлення: рэгулярна адлюстраваны закон дзекання і цекання: радзіяцыя, ціліфон, прызідзюм і пад., неўласцівы беларускім гаворкам гук ф перадаецца гукам х: херма, ці спалучэннем гукаў хв: кухвайка і пад.

 

Спосабы ўвядзення дыялектызмаў у кантэкст

Любы дыялектызм, ці то ў аўтарскай мове, ці то ў мове героя павінен быць максімальна зразумелым для чытача. Сапраўдныя майстры мастацкага слова тонка адчуваюць, што многія назвы прадметаў, працэсаў, якасцей прадметаў вядомыя ў адной мясцовасці і невядомыя ў другой, таму яны клапоцяцца пра іх зразумеласць, даходлівасць, карыстаюцца рознымі прыёмамі і спосабамі ўвядзення дыялектнага слова ў мову мастацкага твора. Вядомы даследчык беларускай мовы А. Каўрус адзначае: “Характэрна, што ў рамане “Алімпіяда” пісьменнік нібы ставіць мяжу перад нелітаратурнымі словамі, формамі, адчувае, што іх можа не прыняць чытач, а таму тлумачыць асобныя дыялектызмы, прастамоўныя ці індывідуальныя словаўжыванні персанажаў, паказвае на сферу іх пашырэння.”1

... На херму яны прыязджалі ... – Бабка гаварыла не ферма , а херма (Алімпіяда. С. 110).

Гэта выказванне адносіцца не толькі да рамана “Алімпіяда”, а і да ўсіх іншых твораў І. Пташнікава.

Можна выдзеліць некалькі спосабаў увядзення дыялектызмаў у кантэкст:2

1.    Спосаб непасрэднага тлумачэння (адразу ў кантэксце, або ў зносцы тлумачыцца сэнс прыведзеннага слова):

У Мікалая хворыя легкія – біркулёз, як гавораць у вёсцы (Алімпіяда,. с. 315). У гародзе на мяжы ў высокай траве бегалі чырвоныя вёрткія андрукі – божыя кароўкі – і блішчэлі кропелькі расы (Тамсама, с.. 90). Падумаў, што ў Тані, мусіць, пал – гарачая галава (Тартак, с. 128). Ляжаць ў глыбокай калысцы намітуські – сюды галава – туды галава, - у палатняных полачках, спавітыя чырвонымі паясамі з кутасамі (Тамсама, с. 42). І зубы вялікія і шырокія, як касцяныя падплятанкі, якімі ў вайну падпляталі лазовыя лапці. (Лонва, с. 62).

1 Каўрус А.А. Мова народа, мова пісьменніка. Мн., 1989. С. 139.

2 Абабурка М.В. Стылістычна абмежаваныя словы ў мове беларускай мастацкай літаратуры. Мн., 1981. С. 27-32.

Гэты спосаб увядзення дыялектызмаў у кантэкст, на нашу думку, у І. Пташнікава самы распаўсюджаны.

2.    Тлумачэнне праз увядзенне ўстаўнога сказа:

Бярэш у рукі рагатыя на два зубы, лясковыя вілкі, трасеш сена з саломай – робіш струшанку – і носіш яе ахапкамі каровам за драбіны. (Алімпіяда, с. 352). Сенечкі былі накрытыя траской – абрэзкамі, што засталіся ад хаты, вузкімі, сукаватымі – пад шэрсць (Мсціжы, с. 13). Але па вітку – бярозавы доўгі дубец (Юрка заве яго так, бо імі, бярозавымі дубцамі, у Лонве вітавалі плот) – Юрка не пойдзе (Лонва, с. 151).

3.    Тлумачэнне праз увядзенне прыдатка – спосаб атрыбуцыі, калі дыялектнае слова далучаецца да агульнавядомай лексемы, як прыдатак і аддзяляецца злучком:

Да маста на лажок выходзіла дваром калгасная лесапілка-гатар. (Алімпіяда. С. 259). Мокрая ралля-зябліва – чорная-чорная, бы палатно, вываранае ў траве-мачанічніку і вылежанае ў рудзе-гразі. (Чакай у далёкіх Грынях, С. 114).

4.    Тлумачэнне праз увядзенне сіноніма, калі побач з дыялектным словам падаецца сінонім з літаратурнай мовы:

І вазьміце з сабой гальнікі. Дзеркачы чым большыя, тым лепш. (Алімпіяда, с. 61). Ішлі памалу, спавагі, Кастусь курыў (Калістрыха., с. 132). Сабольскі пагнаўся-пагаліўся, на багацці галаву звярнуў (Чакай у далёкіх Грынях, с. 92). На вадзе плаваюць пузыры, павольныя, леныя: дождж зарадзіў надоўга (Тамсама, с. 319). Перад самай вайной паявіліся тарніткі-варонкі з шыферу, ці што (Мсціжы, с. 210).

5.    Спосаб пунктуацыйнага выдзялення, калі дыялектызм бярэцца ў двукоссе, выдзяляецца дужкамі ці працяжнікамі. Іншы раз гэтым указваецца толькі на ненарматыўнасць лексікі, а сэнс слова не раскрываецца:

Пярэдні ехаў Іван Боганчык на сівым у яблыкі жарабку, якога ён, як паявіліся партызаны, прывёў ноччу «з-за ракі» - «збамбіў» - і шкадаваў, што роднага бацьку. (Тартак, с.108).

6.    Кантэкстуальны спосаб тлумачэння, калі сэнс дыялектнага слова вынікае з кантэксту, праз слоўнае акружэнне. Гэты спосаб з’яўляецца самым распаўсюджаным.

Назад па крутым абрыве яна падымалася, як па стозе сена, каб хутчэй ухапіцца за вітку – за галінку чорнай чаромхі на беразе (Алімпіяда, с. 383). Ля парога намяло гурбу, у ёй стаіць белы ад снегу Мікалай з ліхтаром у руцэ, пад шкелкай хліпае маленечкі жоўты матылёк (Тамсама, с. 334). Тады пераставіла вазоны на акне ад двара – альвас у гаршку і бальзамінку ў маленькай місачцы (Найдорф, с. 151). Недалугі ён [конь], мусіць, яго ніхто з хлапцоў ніколі не хоча запрагаць, хапаюць лепшых (Лонва, с. 58). А гною там у нас ля кароўніка, ля самых дзвярэй светніца. Ніхто ніколі не згінаўся. Па нараду хіба калі вясной ужо вывозілі (Чакай у далёкіх Грынях, с. 327).

Пісьменнік не тлумачыць дыялектных слоў, самантыка якіх лёгка выяўляецца праз параўнанне з аднакаранёвымі літаратурнымі словамі. Такія дыялектызмы натуральна ўваходзяць у мову мастацкага твора, не патрабуюць спецыяльнага тлумачэння.

 

Заключэнне

Праведзенае даследаванне паказвае, што І. Пташнікаў у сваіх творах шырока выкарыстоўвае дыялектызмы з гаворак Лагойшчыны. Гэта з’яўляецца прыметай своеасаблівага мастацкага почырку самабытнага майстра слова. Многія дыялектныя словы адзначаны амаль ва ўсіх яго творах. Гэта такія дыялектызмы, як тофель, тафялёвы, нажутка, шафарня, упобачкі, канюх, зблэчаны, павалаканец, трасочнік і інш. Яны, можна сказаць, з’яўляюцца яго своеасаблівай візітнай карткай.

З прааналізаванага матэрыялу відаць, што І. Пташнікаў у сваіх творах абапіраецца на жывую народную мову, бачыць у ёй крыніцу папаўнення лексікі. Дыялектызмы ўзбагачаюць мову яго твораў. Яны дапамагаюць стварыць трапную моўную характарыстыку персанажаў, перадаць каларыт мясцовай гаворкі, надаюць апісанню вобразнасць і эмацыянальнасць.

Пісьменнік бярэ ўсё самае лепшае з народнай гаворкі і ўводзіць у літаратурны ўжытак. Гэтым ён пазбягае паўтораў, робіць мову твораў выразнай, яркай, трапнай, узбагачае яе сінонімамі.

Большасць народна-гутарковых слоў адносіцца да вялікага пласта традыцыйнай бытавой лексікі і ўжываецца з намінатыўным значэннем (галашчок, кавяня, альшэвіна, адранак, хвашчанка,струшанка, тарнітка і пад.)

У творах І. Пташнікава мною выяўлена каля 500 дыялектызмаў. Усе яны дзеляцца на 5 груп: лексічныя(203), семантычныя (19), граматычныя (45), словаўтваральныя(96) і фанетычныя(91) дыялектызмы. У групе лексічных дыялектызмаў, якая з’яўляецца найбольшай, вылучаюцца семантычныя падгрупы: бытавыя назвы (шафарня, хвашчанка, струшанка, надзежнік, рагачы, праварына, парубень і інш.); назвы раслін (рудзік, тофель, дзяцельніца, канаторжнік, гавыла і пад.); назвы насякомых,рыб, жывёл і птушак (андрук, канюх, сінюк, курмель і пад.); назвы дзеяння (засіліць, вышмыкнуць, дапаганяць, ашчупаць, застрэпаць, форскаць і інш.); назвы прыкмет(выцмуглы, пакрэплы, перапялёсты, зблэчаны, разбалабошаны і пад.); эмацыянальна-экспрэсіўныя словы(нездаляка, боўдзіла, лабідуда, шмэндрык, лыхаць і інш.) Апошнія ўжыты ў творах ў мове герояў ў асноўным для характарыстыкі адмоўных дзеянняў, учынкаў, паводзін персанажаў. Дыялектызмы выкарыстоўваюцца і як характарыстыкі вобразаў-тыпаў: семнастоўка, падчачурка, плечавень, хабаль.

Пэўную частку дыялектнай лексікі складаюць семантычныя дыялектызмы тыпу: гаршчок, качан(галава), лінуць(шпарка пабегчы).

У творах І. Пташнікава выяўлена даволі вялікая група словаўтваральных дыялектызмаў, якія маюць тыя ж каранёвыя марфемы, што і літаратурная, але ўтвораны з дапамогай іншых словаўтваральных сродкаў: вылівень – лівень, курчаты – кураняты, шкелка – шкло, зачы – за вочы, круга – кругом, адранак –ранак, ціхата – цішыня,жвірак –жвір,вываратка--выварацень і пад.

У мове герояў адлюстраваліся некаторыя фанетычныя і граматычныя асаблівасці гаворак. Намі вылучана вялікая група фанетычных дыялектызмаў тыпу: аглобня, слабодны, дзермяза, жаляззё, даланя, восвы, ёсь, вун, нясла, халадно, палікмахцерская, херма і інш.; граматычныя дыялектызмы: руччо(ручай), дрыжака(дрыжыкі), крупмі(крупамі), вушмі(вушамі), ён адмерыць,адчыне, падскоча і інш.

Прааналізаваны матэрыял паказаў, што аўтар клапоціцца пра тое, каб дыялектызмы былі зразумелыя шырокаму чытачу. Ён уводзіць іх у кантэкст з дапамогай падбору сінонімаў, выкарыстоўвае спосаб атрыбуцыі, увядзенне прыдаткаў, устаўных канструкцый. Сэнс большасці дыялектызмаў вынікае з кантэксту.

Дыялектызмы І. Пташнікаў ужывае ўмела, да месца. Яны сустракаюцца і ў мове герояў, і ў мове аўтара, адыгрываюць у яго творах пэўную стылістычную ролю, натуральна ўваходзяць у моўную тканіну, успрымаюцца як мастацкая заканамернасць і неабходнасць. З дапамогай дыялектызмаў пісьменнік не толькі малюе знешні воблік героя, але і раскрывае яго ўнутраны свет, выпрацоўвае спецыфічны індывідуальны стыль. У гэтым і заключаецца майстэрства пісьменніка.

Як ужо адзначалася, найбольшага плёну дасягаюць тыя пісьменнікі, якія арганічна спалучаюць у сваіх творах дзве разнавіднасці нацыянальнай мовы – літаратурную і дыялектную, знаходзяць месца і гутарковаму, і кніжнаму слову. Да такіх пісьменнікаў адносіцца і І. Пташнікаў. Некаторыя дыялектызмы выкарыстоўваюцца паралельна з іх літаратурнымі адпаведнікамі. Так аддаючы перавагу спалучэнню без сціханага (сустракаецца і аналагічнае без сканчонага), пісьменнік не цураецца агульнаўжывальных слоў несціхана, не сціхаючы, частае ў творах слова ўпобачкі жыве ў добрым суседстве з яго сінонімам побач1.


1 А.Каўрус. Пташнікаў І.М.// Беларуская мова. Энцыклапедыя. Мн.,1994.

 

Літаратура

1.Абабурка М.В. Стылістычна абмежаваныя словы ў мове беларускай мастацкай літаратуры. Мн.,1981.

2.Абабурка М.В. Беларускае слова і яго вывучэнне. Мн.,1986.

3.Абабурка М.В. Некаторыя асаблівасці выкарыстання лексічных дыялектызмаў беларускімі савецкімі пісьменнікамі.//Тез. межвуз. науч.-теорет. конф.молод. учёных. Мн., 1969. С.148-147.

4.Адамовіч А. Культура творчасці. Мн., 1962.

5.Андраюк С. Чалавек на зямлі.Мн., 1988.

6.Андраюк С. Вывяраючы жыццём. Мн., 1976. С.66-108.

7.Баханькоў А.Я. Развіццё лексікі беларускай літаратурнай мовы ў савецкі перыяд. Мн., 1982.

8.Беларуская мова: Энцыклапедыя. Мн., 1994.

9.Бечык В. Свет жывы і блізкі. – Мн.,1974.С.106-132.

10. Блінава Э. Назіранні над вымаўленнем зычнага ў цвёрдаэрых гаворках.- Зб. навук. прац Мінскага пед. ін-та імя Горкага. т.5. Філалогія, 1973. Вып.1, с.6-10

11.Блінава Э., Мяцельская Е. Беларуская дыялекталогія. 2-е. выд. Мн.,1980.

12.Блінава Э., Мяцельская Е. Практыкум па беларускай дыялекталогіі. Мн.,1991.

13.Бурак Л.І. Сучасная беларуская мова. Мн.,1985.

14.Виноградов В.В. О языке художественной литературы. М.,1959.С.74.

15.Гілевіч Н.І. Дыялектызмы ў прозе беларускіх пісьменнікаў сярэдняга пакалення //Беларуская мова і мовазнаўства.Вып. 3. Мн.,1975.С.12.

16.Каўрус А.А. Мова народа, мова пісьменніка. Мн.,1989.

17.Каўрус А.А. Пташнікаў І.М.//Беларуская мова:Энцыклапедыя.Мн.,1994. С.441-443.

18.Клімашэўская І. Першая аповесць.//Літаратура і мастацтва.,1957, 2 мая.

19.Крыўко М.Н. З экспрэсіўнай дзеяслоўнай лексікі гаворак Міёрскага раёна // Народная лексіка. Мн.,1977. С.212-216.

20.Лексікалогія сучаснай беларускай літаратурнай мовы. Пад рэд. А.Я. Баханькова. Мн.,1994.

21.Лужанін М. Пісьменнік і мова // Полымя, Мн.,1951,№6. С.131.

22.Ляксуціна З.А. Да праблемы ўзаемадзеяння бел. літ. мовы і тэрытарыяльных дыялектаў // Рэгіянальныя асаблівасці бел. мовы, літаратуры і фальклору. Гомель, 1973. С.45-53.

23.Малажай Г.М. Лінгвістычны аналіз тэксту. 2-е выд. Мн.,1992.

24.Марціновіч А.З Мсціжаў бачны свет.Агляд творчасці І. Пташнікава // Роднае слова, 1992.№10-11.С.36-40.

25.Міхайлаў П.А. Назвы насякомых.//Лексічныя ландшафты Беларусі.Мн.,1995. С.172-178.

26.Міхайлаў П.А. Гаспадар і жонка – найлепшая сполка // Роднае слова, 1998, №1. С.79-90; Брат сястру бачыць за вярсту // Роднае слова, 1998, №8. С.94-97; Хто бабе не ўнук?: Назвы бабы ў беларускіх гаворках // Роднае слова, 1998, №11.С.80-84; Назвы пляменніцы ў бел. гаворках // Роднае слова, 1999,№9. С.22-29.

27.Міхалевіч А. Пра мову І. Пташнікава. // Роднае слова, Мн., 1990, №5. С.60.

28.Нарысы па беларускай дыялекталогіі. Мн.,1964.

29.Нуждзіна Т. Дарога ў сталасць. // На высокай хвалі. Літ.-крытычныя артыкулы. Мн., 1979. С.47-56.

30.Нуждзіна Т. Аб некаторых стылявых асаблівасцях аповесці І.Пташнікава.//Беларуская літаратура. Вып.5. Мн.,1977.

31.Оссовецкий И.А. Диалектная лексика в произведениях художественной литературы 50-60-х годов.//Вопросы языка современной русской литературы. Мн.,1971.

32.Оссовецкий И.А. Лексика современных русских народных говоров. М., 1982. С.197.

33.Палтаран В. Яго вялікасць жыццё.//Беларусь.,1986, №9. С.23.

34.Панюціч К.М. Лексіка народных гаворак. Мн.,1976.

35.Панюціч К.М. Мнагазначныя словы ў народных гаворках.//Моўныя адзінкі і кантэкст. Мн.,1992.С.233-241.

36.Скворцов Л.И. Норма. Литературный язык. Культура речи.// Актуальные проблемы культуры речи. М.,1970.

37.Скрыган Я. Ранішнія росы. Мн.,1965.

38.Сучасная беларуская літаратурная мова: Лексікалогія. Фанетыка.Арфаграфія. Выд. 3. Мн.,1993.

39.Шакун Л.М. Некаторыя заўвагі адносна дыялектызмаў у крыніцах гісторыі баларускай літаратурнай мовы. // Лінгвістычныя даследаванні. Мн.,1971.С.247-251.

40.Шамякіна Т. Адлюстраванне Вялікай Айчыннай вайны ў сучаснай беларускай прозе.//Асаблівасці развіцця літаратурнага працэсу ў Беларусі на сучасным этапе.-Мн.,1979.

41.Шамякіна Т.І. Некаторыя асаблівасці стылю І.Пташнікава.//Весці АН БССР, сер. грамад. навук. Мн.,1974.С.99-108.

42.Шкраба Р. Літаратура і мова: Кніга пра майстэрства. Мн.,1968.

43.Шупенька Г. Голасам народа.// Маладосць, 1985, №1. С.169-173.

44.Юрэвіч У.Слова і вобраз. Мн.,1961.

45.Юрэвіч У. Слова жывое, роднае, гаваркое. Мн., 1992.

46.Юрэвіч А.К. Стылістыка беларускай мовы .Мн.,1992.

47.Янкоўскі Ф.М. Пра дыялектнае слова.//Полымя, 1980, №1.С.252-255.

48.Янкоўскі Ф.М. Сучасная беларуская мова. Мн.,1984.

Атласы

 

1.ДАБМ – Дыялекталагічны атлас беларускай мовы. Мн.,1963.

2.ЛАБНГ – Лексічны атлас беларускіх народных гаворак. Т.1-5.Мн.,1993-1998.

 

Слоўнікі

Спіс скарачэнняў

 

1.Абабурка – Абабурка М.В. Дыялектызмы ў творах беларускіх савецкіх пісьменнікаў. Мн.,1979

2.Бялькевіч – Бялькевіч І.К Краёвы слоўнік усходняй Магілёўшчыны. Мн.,1970.

3.Варлыга – Варлыга А. Краёвы слоўнік Лагойшчыны. Нью-Йорк,1970-1971.

4.ДСБ – Дыялектны слоўнік Брэстчыны. Мн.,1989.

5.ДСЛ – Янкова Т. Дыялектны слоўнік Лоеўшчыны. Мн.,1982.

6.ЖС – Жывое слова. Мн..1978.

7.ЗНС – З народнага слоўніка. Мн.,1975.

8.Каспяровіч – Каспяровіч М.І. Віцебскі краёвы слоўнік. Мн.,1927.

9.ЛЛБ – Лексічныя ландшафты Беларусі., Мн.,1995.

10.Мат. мін.-мал. – Матэрыялы для слоўніка мінска-маладзечанскіх гаворак. Вып.1-3. Мн.,1970-1977.

11.НЛ – Народная лексіка. Мн..1977.

12.Рус.-нем. сл. – Русско-немецкий словарь. М.,1956.

13.СПЗБ – Слоўнік беларускіх гаворак паўночна-заходняй Беларусі і яе пагранічча. Т.1-5. Мн.,1979-1986.

14.СЦБ – Слоўнік гаворак цэнтральных раёнаў Беларусі: У 2т.Мн., 1990.

15.Сцяшковіч,Мат. – Сцяшковіч Т.Ф. Матэрыялы да слоўніка Гродзенскай вобласці. Мн.,1972.

16.Сцяшковіч – Сцяшковіч Т.Ф. Слоўнік Гродзенскай вобласці. Мн., 1983.

17.Сцяцко – Сцяцко П.У. Дыялектны слоўнік. Мн.,1970.

18.Сцяцко П.У.,Гуліцкі М.Ф.,Антанюк Л.А. Слоўнік лінгвістычных тэрмінаў. Мн.,1990.

19.ТСБМ – Тлумачальны слоўнік беларускай мовы. Т.1-5.Мн.,1977-1984.

20.ТС – Тураўскі слоўнік. Т.1-5. Мн.,1982-1987.

21.ЭСБМ – Этымалагічны слоўнік беларускай мовы. Т.1-8. Мн.,1978-1993.

22.Юрчанка. – Юрчанка Г.Ф. Дыялектны слоўнік. Мн.,1966.

23.Янкоўскі. – Янкоўскі Ф.М. Дыялектны слоўнік. Вып.1-3. Мн.,1959-1970.

Крыніцы

1.Пташнікаў І. Чакай у далёкіх Грынях. Мн.,1962.

2.Пташнікаў І. Сцяпан Жыхар са Сцешыц. Мн, 1966.

3.Пташнікаў І. Мсціжы. Мн.,1972.

4.Пташнікаў І. Тартак. Мн.,1973.

5.Пташнікаў І. Найдорф. Мн.,1976.

6.Пташнікаў І. Лонва. Мн.,1982.

7.Пташнікаў І. Алімпіяда. Мн.,1985.


Паказальнік лексічных дыялектызмаў

Адхаладзіць 35

ажаргаць 36

андрук 17, 81

аромы 33

асвер 17

аскупець 36

бальшанка 18

банбэнак 45

блузніць 36

бурвалак 18

ванжэўнік 18

варыўня 14, 18

васьмярык 18

вітка 18, 82, 83

вобаратнік 19

вобмаль 42

вохланкі 19

выёрзваць 36

вытарабаніць 36

вышмыкнуць 37

вышчалуквацца 37

выцмуглы 33

выцыўкаць 36

гавыла 19

галень 14

галец 19

гальнік 19, 82

гасла 45

гатар 19

глыж 19

злажыцца 38

значыць 38

канаторжнік 14, 21

канюх 21, 84

каслаўка 21

квік 45

кісля 21

крушня 22

крэса 22

купаты 33

курмель 22, 84

курня 22

лабідуда 32, 85

лагожы 22

ласопікі 22

лата 22

лены 82

лыхаць 38. 85

льга 43

лягар 23

ляжэйка 6, 23

маніцца 38

мачанічнік 82

мілта 23

мяленне 23

наберткі 23

навотліж 43

надзежнік 24, 84

надыбаць 39

нажутка 24, 84

назызаць 39

перажаргаць 40

плечавень 26, 85

пліхнуць 40

пляйстра 26

полачка 26

праварына 26, 84

праштабнаваны 34

працівенька 27

пролабка 27

прушчына 27

прэнзлі 27,45

пэйчык 27, 45

пяколак 27

рабінка 27

рагалы 27

рагача 44

рагачы 28, 84

разбалабошаны 34

разгоены 34

ралаты 34

распліхваць 40

рудзік 14, 28, 84

рымзаты 35

саганок 28

садліжаць 40

сашмыкнуцца 40

светніца 83

святок 28

семнастоўка 28, 85

сіляць 40

сіпак 28

хадацкі 35

хабаль 31, 85

хвашчанка 31, 84

хвіцнуць 41

ценкі 35

чашчавік 31

чылдыкаць 14, 42

шашчэць 42

шафарня 6, 31, 84

шваргатаць 42

шляк 31

шмэндрык 14, 33, 85

шума 31

шуметнік 31

шупіць 42

шчавук 32

шыллё 32

шыльнік 32

ялкі 35

гранка 20

грумада 6

дагібелі 42

дапаганяць 37

дзядок 20

дзярката 43

додніца 20, 6

додніцай 42

долкі 42

длубаць 37

драгаць 37

друзалкі 20

дурніло 32

дыля 20

дэнка 20

жыўцом 43

загавець 37

закладаць 37

залзаваць 37

зарваць 37

засіліць 38

засмаль 28

засмаржка 21

застрэпаць 38

заўрагаваць 38

зашваргатаць 38

заштабнаваць 38

збяёдаць 38

звёсна 43

здрабежаны 33

назнайніцу 43

намазгляваты 33

намітуські 43, 81

намэнчыцца 39

напаяўку 44

насклелы 33

наўрэцца 39

недалугі 34

несамавіта 44

неўздаляка 33, 85

павалаканец 24, 84

паваляка 32

пагаліцца 39, 82

падплятанка 25, 81

падрукаянт 25

падцыглясты 34

падчачурка 25, 85

пад’ялдыкваць 39

паземачнік 25

пакрэплы 34

пал 25, 81

памінутне 44

паперадоўка 25

парубень 25, 84

паспешка 26

пастыдацца 39

патрафляць 39

паўцагелак 26

пахарон 26

пекна 44

перапялёсты 34

склець 40

скраба 28

скрыляць 40

смычка 29

спіжарня 29

спонаразку 44

спрага 29

спрадаўна 44

спрудзіцца 41

стаймя 44

струшанка 29, 82, 84

стрэпаць 41

сувірацца 41

сутонне 29

сцюцюрыцца 41

сцябачка 29

сцяцца 41

сярнічка 29

тарнітка 30, 84

тасавацца 41

тафялёўка 30

тофель 6, 14, 30, 84

траска 30, 82

трасочнік 30, 84

трухліна 30

туляг 6, 31

уважацца 41

улукаткі 44

усмоль 45

усундычыць 41

учарэпіцца 41


Информация о работе «Дыялектызмы ў творах І. Пташнікава \Беларус\»
Раздел: Иностранный язык
Количество знаков с пробелами: 136497
Количество таблиц: 1
Количество изображений: 0

0 комментариев


Наверх