1.1 Асноўныя праблемы і задачы вывучэння фразеалогіі ў пачатковай школе

Сучасныя патрабаваннi да навучання беларускай мове заключаюцца ў тым, каб вучнi ўсебакова вывучылi мову на фанетычным, лексiчным i граматычным узроўнях, набылi адпаведныя практычныя ўменнi i навыкi i на гэтай аснове развiлi сваё маўленне ў шырокiм значэннi гэтага слова. Таму не выпадкова, што ў навучальным працэсе найажнейшую ролю набывае вывучэнне лексiкi, бо маўленчае развiццё вучняў залежыць не столькi ад ступенi валодання арфаграфiчнымi i граматычнымi нормамi, колькi ад асэнсавання i ўжывання лексiкi, у якой заключаюцца невычэрпныя магчымасцi для перадачы разнастайных значэнняў, для выражэння самых розных паняццяў, iдэй i думак.

Вывучэнне лексічных i фразеалагічных адзінак заснавана на ўліку ўнутраных сэнсавых сувязей паміж імі, характар якіх вызначаецца кантэкстам, які ўяўляе сабой своеасаблівую маўленчую арганізацыю сэнсавага характару. Пры такім падыходзе лексіка i фразеалогія асэнсоўваюцца як сістэмы, у межах якіх адзінкі ўзаемаабумоўленыя i ўзаемазалежныя ў плане зместу, развіваюцца пазнавальныя здольнасці вучняў, фарміруецца ў ix цікавасць да працы даследчыка мовы. Гэта развівае любоў да роднай мовы, выклікае павагу да працы лінгвістаў, да беларускага народа - творцы мовы. Праз гэты курс павышаецца культура мовы вучняў, развіваецца ўменне карыстацца даведачнай літаратурай, узбагачаецца слоўнікавы i фразеалагічны запас навучэнцаў [14; С.34].

Лексiка праходзiць праз мову ва ўсiх напрамках: гукi разглядаюцца ў слове, марфемы як значымыя часткi выяўляюцца ў межах слова, таму што нi гукi, нi марфемы па-за словамi не iснуюць; марфалагiчныя асаблiвасцi мовы разглядаюцца на прыкладзе слоў; сказы толькi тады становяцца сродкам выражэння i абмену думкамi, калi яны напоўнены адпаведнымi словамi. Значыць, слова – цэнтральная адзiнка ва ўсiм механiзме мовы.

Практычная мэта вывучэння фразеалагічных адзінак у межах лексікі – фармiраваць у вучняў лексiкалагiчныя i фразеалагiчныя ўменнi, што будзе садзейнiчаць узбагачэнню слоўнiкавага запасу вучняў, развiццю моўнай культуры i культуры думкi, лагiчнага мыслення, працэсу пазнання, выхаванню моўнага эстэтычнага густу, павагi да беларускага слова, забеспячэнню ўмоў для азнаямлення з моўнымi асаблiвасцямi мастацкiх твораў, якiя вывучаюцца на ўроках лiтаратуры.

Трэба зазначыць, што лексiка i фразеалогiя беларускай мовы адлюстроўвае асаблiвасцi светабачання i светаадчування беларускага народа, таму вывучэнне гэтых моўных адзiнак будзе спрыяць фармiраванню ў вучняў пачатковых класаў свядомага разумення самабытнасцi i непаўторнасцi беларускай мовы, далучэнню вучняў да духоўнай спадчыны народа, яго культуры, маралi, выхаванню ў iх любовi да роднага слова, роднага краю, да сваёй Бацькаўшчыны, да Беларусi.

З улiкам спецыфiкi лексiчных i фразеалагiчных адзiнак мовы для раскрыцця iх сутнасцi ў працэсе навучання неабходна карыстацца як агульнадыдактычнымi, так i спецыяльнымi прынцыпамi: экстралiнгвiстычным (супастаўленне слова i прадмета, рэалii), лексiка-граматычным (супастаўленне лексiчнага i граматычнага значэнняў), сiстэмным (супастаўленне амонiмаў i мнагазначных слоў, антонiмаў i мнагазначных слоў, сiнонiмаў i антонiмаў), функцыянальным (супастаўленне агульнаўжывальных слоў i дыялектызмаў, тэрмiнаў, прафесiяналiзмаў, эмацыянальна i стылiстычна афарбаваных слоў са сферамi iх ужывання), гiстарычным (супастаўленне ўстарэлых i новых слоў з гiсторыяй прадметаў, рэалiй).

Пры вывучэннi лексiкi i фразеалогii могуць выкарыстоўвацца наступныя пазнавальныя метады: слова настаўнiка, гутарка, самастойны аналiз вучнямi тэарэтычнага матэрыялу, складанне планаў вучэбных тэкстаў.

Для фармiравання лексiкалагiчных i фразеалагiчных уменняў могуць быць прапанаваны спецыяльныя практыкаваннi на знаходжанне вывучаемых з’яў сярод слоў, у словазлучэннях, сказах i звязных тэкстах, на падбор прыкладаў-iлюстрацый лексiчных i фразеалагiчных адзiнак на пэўную тэму, на групоўку вывучаемых з’яў, на вызначэнне сэнсава-стылiстычнай ролi розных разрадаў слоў у тэкстах мастацкага, гутарковага i навуковага стыляў, на стварэнне ўласных выказванняў. Пры гэтым пажадана, каб пры распрацоўцы сiстэмы практыкаванняў выкарыстоўваўся па магчымасцi матэрыял мастацкiх твораў, якiя вывучаюцца ў пачатковых класах.

Адна з асноўных задачработы па фразеалогіі ў школе – узбагачэнне фразеалагічнага запасу вучняў. Няправільна было б лічыць, што гэта задача зводзіцца толькі да механічнага запамінання пэўнай колькасці фразеалагізмаў. Колькаснае папаўненне фразеалагізмаў у памяці без асэнсавання іх шматлікіх характарыстык – малаэфектыўны занятак, які не забяспечыць надзейных ведаў і навыкаў. Для таго, каб фразеалагізмы занялі трывалае месца ў свядомасці вучня, сталі актыўным сродкам яго маўленчай дзейнасці, патрэбен комплексны падыход да іх вывучэння, які прадугледжвае: засваенне фразеалагізма ў адзінстве формы і значэння, засваенне яго марфалагічных, сінтаксічных і стылістычных уласцівасцей, выпрацоўку навыкаў правільнага выкарыстання ў адпаведнасці з маўленчай сітуацыяй.

Важна, каб з самага пачатку вучні ўсвядомілі спецыфіку фразеалагізма, навучыліся адрозніваць яго ад пераменных сінтаксічных канструкцый. Як паказвае школьная практыка, гэта дасягаецца няпроста. Вучні часта пераносяць уласцівасці свабодных словазлучэнняў на фразеалагізм, што перашкаджае зразумець яго як сінтаксічна нерасчлянённую адзінку з цэласным значэннем [8; С.34].

Устойлівыя словазлучэнні падпарадкоўваюцца заканамернасцям граматычнага ладу мовы, пры выкарыстанні многія з іх рэалізуюць парадыгматычныя формы. Нарматыўнае ўжыванне фразеалагізмаў патрабуе ўмення выбраць патрэбную форму. Вучні павінны атрымаць элементарныя веды аб марфалагічнай зменнасці фразеалагізма, праводзіць мэтанакіраваныя і міжвольныя назіранні за яго знешнімі “паводзінамі” ў сказе.

Прадуктыўнае засваенне фразеалагізмаў вымагае авалоданне іх сінтаксічнай спалучальнасцю. Асаблівую ўвагу трэба звяртаць на выпадкі абмежаванай спалучальнасці, калі фразеалагізм уступае ў сувязь толькі з пэўным словам ці словаформай [14; С.35].

Падпарадкоўваючы вывучэнне фразеалогіі развіццю мовы, важна не толькі раскрыць значэнне, марфалагічныя і сінтаксічныя ўласцівасці фразеалагізмаў, але іпаказаць яго стылістычную афарбоўку, бо менавіта яна вызначае выбар фразеалагізма ў адпаведнасці з сітуацыяй, стылем і экспрэсіяй маўлення.

Навучанне ва ўмовах беларуска-рускага двухмоўя вымагае супастаўлення фразеалагізмаў абедзвюх моў. Гэта не значыць, што ў параўнальным плане трэба разглядаць кожны фразеалагізм. Мэтазгодна па меры неабходнасці праводзіць супастаўляльны аналіз пераважна тых суадносін фразеалагізмаў, якія ў беларускай і рускай мовах адрозніваюцца знешняй формай ці значэннем.


Информация о работе «Метады і прыёмы вывучэння фразеалагічных адзінак у малодшых класах»
Раздел: Педагогика
Количество знаков с пробелами: 39095
Количество таблиц: 0
Количество изображений: 0

0 комментариев


Наверх