1.2      Метады і прыёмы вывучэння фразеалагічных адзінак у пачатковай школе

 

Беларуская мова характарызуецца багаццем і разнастайнасцю фразеалагічных сродкаў. Шмат фразеалагізмаў школьнікі сустракаюць, чытаючы мастацкую літаратуру, чуюць у вусным маўленні.

Але, як сведчаць назіранні настаўнікаў і вучоных-метадыстаў, фразеалагічны запас школьнікаў бедны, разуменне і ўжыванне імі фразеалагізмаў часта недакладнае ці памылковае. Выклікана гэта тым, што да цяперашняга часу школа не мае навукова абгрунтаванай метадычнай сістэмы, рэалізацыя якой дазволіла б зрабіць працэс узбагачэння мовы вучняў фразеалагізмамі мэтанакіраваным і актыўным.

У выніку гэтага вывучэнне фразеалагічнага багацця беларускай мовы адбываецца нерэгулярна, час ад часу, без пэўнай сістэмы. Гэта, зразумела, не дае магчымасці засвоіць у працэсе вучобы фразеалагічны мінімум, якім павінен валодаць кожны адукаваны, культурны чалавек.

Для таго, кааб вучні спасцігалі ядро нацыянальнай фразеалогіі, умелі выкарыстоўваць устойлівыя звароты ў сваім маўленні, неабходна праводзіць работу па фразеалогіі на працягу ўсяго перыяду навучання мове.

Галоўнае месца ў рабоце з фразеалагізмамі займае прыём семантызацыі. Яго прызначэнне – раскрыць сэнс фразеалагізма. Існуе некалькі спосабаў семантызацыі:

1.         Падбор эквівалентнага ці сінанімічнага слова. Прымяняецца да фразеалагізмаў з простай семантыкай намінатыўнага характару, у якіх адсутнічае ці слаба выражана экспрэсіўна-ацэначная афарбоўка: у першую чаргу – спачатку.

2.         Падбор сінанімічнага словазлучэння: ва ўсе лапаткі – вельмі хутка.

3.         Разгорнутае апісанне значэння. Такі прыём падыходзіць да фразеалагізмаў складанай семантыкі.

4.         Падбор сінанімічнага фразеалагізма.

5.         Падбор фразеалагізма-антоніма ці антанімічнага слова.

6.         Тлумачэнне адпаведнікам з рускай мовы.

Трэба зазначыць, што найбольш эфектыўнымі з прыведзеных з'яўляюцца тры першыя спосабы.

Эфектыўным прыёмам засваення фразеалагізмаў выступае этымалагічны аналіз. Без яго да канца зразумець сэнс многіх выразаў проста немагчыма. Этымалагічных даведак патрабуюць, як правіла, фразеалагічныя зрашчэнні – адзінкі са страчаным унутраным вобразам, знешняя форма якіх не дае намёку на значэнне, не падказвае яго. Асабліва гэта закранае зрашчэнні з устарэлымі словамі, невядомымі ў сучаснай мове [10; С.88].

Праз этымалагічны аналіз вучні даведваюцца: 1. Аб утварэнні фразеалагізмаў, звязаных з самымі разнастайнымі з'явамі рэчаіснасці: былымі павер'ямі, абрадамі, звычаямі, бытам, гістарычнымі падзеямі, канкрэтнымі справамі людзей розных прафесій, міфалогіяй.

Лукашук М.П. даследуе праблему развіцця мовы вучняў. У межах гэтага пытання ён гаворыць і пра ролю вывучэння фразеалагічнага багацця мовы, прапануючы вывучэнне фразеалагізмаў як адзін з асноўных відаў слоўнікавых практыкаванняў. Работа над фразеалагізмамі, па словах аўтара, адбываецца наступным чынам:

Вучні знаёсяцца з фразеалагізмамі, вучацца даваць апісальнае тлумачэнне іх сэнсу (як сыр у масле катацца – жыць у поўным дастатку). Вывучэнне фразеалагізмаў выклікае ў іх жывую цікавасць да слова, жаданне выказаць свае думкі не толькі дакладна, але ярка і вобразна. Работа над фразеалагізмамі праводзіцца на ўроках чытання у сувязі з аналізам твора і на ўроках беларускай мовы. З мэтай засваення фразеалагізмаў практыкуюцца наступныя віды работ:

1.         Знаходжанне ў творы ці ў практыкаванні фразеалагізмаў, тлумачэнне іх значэння (гладзіць па галоўцы – хваліць, патакаць; майстар на ўсе рукі – чалавек, які ўсё ўмее рабіць).

2.         Сінанімічнае супастаўленне слова і фразеалагізма: зірнуць, хутка агледзець – акінуць вокам; самае лепшае, самае каштоўнае – залатыя горы; з маленства – з калыскі.

3.         Падбор блізкіх па значэнню фразеалагізмаў: да сэрца прыняць, браць да сэрца – уразліва, устрывожана ўспрымаць (выпадак, здарэнне, падзею).

4.         Падбор да фразеалагізмаў лексічных або фразеалагічных антонімаў: далёка не паедзеш (не шмат дасягнеш, не даб’ешся) – далёка пайсці (дасягнуць вялікіх поспехаў у жыцці).

5.         Выкарыстанне фразеалагізмаў у якасці назваў карцін, загалоўкаў да звязных тэкстаў, вусных пераказаў, уключэнне іх у пераказы і сачыненні [6; С.11].

Важнае месца належыць прыёму работы з фразеалагічнымі слоўнікамі. Вучняў ІІІ класа мэтазгодна пазнаёміць з “Фразеалагічным слоўнікам для сярэдняў школы” Н.В. Гаўрош, І.Я. Лепешава, Ф.М. Янкоўскага.

На пазакласных занятках можна падрыхтаваць кароткія паведамленні вучняў на тэму “Фразеалагізмы”, правесці віктарыну, аформіць альбом фразеалагізмаў [8; С. 74].

Пажадана таксама, каб з першых урокаў знаёмства з фразеалагізмамі школьнікі вялі ўласныя фразеалагічныя слоўнікі, заносячы ў іх кожны прааналізаваны фразеалагізм. Такі прыём навучання вельмі карысны. Слоўнічак, калі ён запаўняецца сістэматычна, паказвае дакладны аб’ём вывучанага матэрыялу, што прадухіляе стыхійнасць і эпізадычнасць у фразеалагічнай рабоце, дазваляе настаўніку працягваць яе паслядоўна і мэтанакіравана.

Вучні, звяртаючыся да сваіх запісаў, неаднаразова сустракаюцца з аднымі і тымі ж фразеалагізмамі, выконваюць з імі практыкаванні і гэта садзейнічае больш трываламу засваенню матэрыяла.

Каб слоўнічак быў зручны для карыстання, у ім на кожную літару адводзяцца пэўныя старонкі і фразеалагізмы заносяцца ў алфавітным парадку. Супраць кожнага фразеалагізма запісваецца яго значэнне, а пры неабходнасці – і прыклад ужывання, іншыя фразеалагічныя звесткі.

Засваенне фразеалагізмаў можа суправаджацца нагляднасцю. Аднак магчымасці яе выкарыстання ў некаторай ступені абмежаваныя, паколькі нямногім устойлівым зваротам уласціва канкрэтнае, рэчыўнае значэнне.

Можна выкарыстаць наступныя формы нагляднасці. У першую чаргу гэта табліцы. Змест іх залежыць ад характару дыдактычнага матэрыялу і ад мэты навучання. Напрыклад, для знаёмства з паняццем фразеалагізма падыходзіць табліца, на якой параўноўваюцца ў кантэксце фразеалагізм і аманімічнае свабоднае словазлучэнне. Побач з прыкладам ужывання фразеалагізма на табліцы часам мэтазгодна даваць і тлумачэнне яго значэння.

Выкарыстоўваюцца і так званыя табліцы-плакаты, на якіх даецца спіс фразеалагізмаў і іх значэнняў. Табліцы вывешваюцца ў классе на пэўны перыяд (некалькі дзён, тыдзень), дастатковы для таго, каб вучні запомнілі фразеалагізм.

Вывучэнню граматычных з'яў, у прыватнасці і сінтаксічнай ролі фразеалагізмаў, дапамагаюць схемы.

Практыкуецца таксама выяўленчая нагляднасць – малюнкі і карціны.

Малюнкі ўздзейнічаюць на зрокавую памяць і даюць магчымасць лепш усвядоміць сэнс фразеалагізма. Па змесце яны бываюць двух відаў:

- Малюнкі адлюстроўваюць рэальнае фразеалагічнае значэнне, абазначаюць прадмет, прымету дзеяння, выражаныя фразеалагізмам;

- Малюнкі адлюстроўваюць этымалагічнае значэнне фразеалагізма, знаёмяць з сітуацыяй, якая спарадзіла фразеалагізм: хадзіць на галаве, глядзець скрозь пальцы (ілюструецца ўжыванне словазлучэнняў у прамым сэнсе – становішча чалавекаўніз галавой, твар, прыкрыты далонню з распасцёртымі пальцамі). Малюнкі гэтага тыпу маюць, як правіла, гумарыстычны характар і дабра стасуюцца да займальнай работы. Па іх можна даваць такія заданні: 1. Пра які фразеалагізм нагадвае малюнак? 2. Растлумачце памылку мастака. Прыдумайце і вусна апішыце свой малюнак, які б адпавядаў метафарычнаму значэнню фразеалагізма.

Існуе і такі спосаб сувязі нагляднасці з работай па фразеалогіі, як падбор ілюстрацый да фразеалагізмаў і наадварот, - фразеалагізмаў да ілюстрацый: вучні збіраюць выразкі з газет, старых кніг і часопісаў, малююць самі.

У практыцы вывучэння фразеалагізмаў пашыраным з'яўляецца прыём супастаўлення і параўнання. Ён рэалізуецца часцей у такіх адносінах: а) фразеалагізм – слова; б) фразеалагізм – словазлучэнне, сплучэнне слоў, сказ; в) фразеалагізм – фразеалагізм. Такі прыём дапамагае выявіць паняційнае і граматычнае значэнні, знешнюю структуру, унутрысістэмныя сувязі фразеалагізмаў.

Узбагачэнню фразеалагічнага запасу садзейнічае прыём групоўкі, заснаваны на аб'яднанні ўстойлівых зваротаў па якой-небудзь прымеце. Можна арганізаваць тэматычную падборку фразеалагізмаў (са значэннем прадметнасці, часу, месца, дзеяння), утварыць сінанімічны рад фразеалагізмаў, падабраць фразеалагізмы, у структуру якіх уваходзіць адно і тое ж слова, напрыклад, галава, рука ці нага.


ГЛАВА 2. Аналіз падручнікаў для вучняў 4 класа на прадмет наяўнасці ў іх базы для вывучэння фразеалагічнага складу мовы

У практычнай частцы нашага даследавання ўвага была накіравана на падручнікі беларускай мовы і літаратуры для 4 класа. У прыватнасці, былі прааналізаваны падручнікі: Валынец Т.М. Беларуская мова: падручнік для 4-га кл. агульнаадукац. устаноў з рускай мовай навучання. У 2 ч. – Мн., Нац інстытут адукацыі, - 2008; Клышка А. Літаратурные чытанне: падручнік для 4-га класа агульнаадукацыйных устаноў з рускай мовай навучання. – Мінск: НІА, - 2008. – 128 с.

Паколькі работа па фразеалогіі прыпадае ў асноўным на ўрокі, прысвечаныя нефразеалагічным тэмам, пры разглядзе тэкстаў, заданняў і пытанняў да іх, змешчаных у падручніках звярталася ўвага на магчымасць выкарыстаць дадзеныя матэрыяла для засваення звестак пра фразеалагічныя адзінкі.

Семантычныя нормы ўжывання фразеалагізма становяцца даступнымі і зразумелымі тады, калі яны ілюструюцца кантэкстам. Ізаляваныя фразеалагізмы могуць даць скажонае ці няправільнае ўяўленне аб сваім значэнні. Таму пажадана каб любая, нават самая элементарная работа з фразеалагізмам суправаджаляся паказам яго выкарыстання ў сказе. Менавіта з гэтай прычыны карысным будзе такі метад працы, як разгляд фразеалагізма – яго функцыі, сэнсу ў тэксце.

Так, напрыклад, чытаючы матэрыял падручніка па беларускай літаратуры з вучнямі, настаўнік можа звяртаць увагу на фразеалагізмы, што трапляюцца ў тых ці іншых творах.

Самым багатым на фразеалагічны матэрыял з’яўляецца раздзел падручніка “З рога ўсяго многа”. Так, у аднайменнай казцы, размешчанай на старонках 29-33 падручніка сустракаюцца наступныя фразеалагічныя адзінкі:

ü   З таго часу пачалі дзед з бабай жыць – гора не ведаць;

ü   Прыехаў да дзеда, убачыў, якую яду есць звычайны мужык, разгарэліся ў пана вочы;

ü   Пайшоў дзед да пана, а ў таго аж сталы ад яды ломяцца;

ü   З панам спрэчкі кароткія;

ü   Аддай маёнтак бедным людзям, а сам з гасцямі ўцякай куды вочы глядзяць.

Насычаная фразеалагізмамі і наступная казка разгледжанага раздзела (“Сцізорык зламаўся”). Так, знаходзім у ёй наступныя фразеалагічныя адзінкі, прыдатныя для разгляду і вывучэння на ўроку чытання:

ü   От так і не дасць слова вымавіць;

ü   Бачыць аканом, што доўга пана няма, а тут у двары бяда на бядзе едзе ды бядою паганяе;

ü   З выгляду так сабе, затое на язык бойкі: за словам у кішэню не лезе.

ü   Згарэлі, пане, начыста згарэлі, быццам хто языком злізаў;

ü   Увесь, пане; чыста, гладка, хоць рэпу сей.

У казцы “Залаты збан” (старонкі 43-48) знойдзены наступныя фразеалагізмы:

ü   Усе, ад малога да сівога, баяліся цара;

ü   Ні ўдзень, ні ўночы з маёй галавы не выходзіць залаты збан;

ü   З таго часу ў той краіне ніхто пальцам не смее крануць старых, усе шануюць іх сівізну і мудрасць.

Зрэдку сустракаюцца фразеалагізмы ў іншых раздзелах падручніка. У творы “Крыўда” (стар. 60-63) можна звярнуць увагу вучняў на фразеалагізм толькі яго і бачылі (Мурза ўзяў у зубы сумку, зняў лапы з грошай, і толькі яго бачылі ў магазіне); на старонцы 65 у творы “Браты-артысты” сустракаем фразеалагізм адлягло ад сэрца (У мяне адлягло ад сэрца: калі забяром ягнятак у хату, то яны не замёрзнуць) [1; С.65].

Знаёмства вучняў з фразеалагізмам недзе за дваццатым полем варта ажыццявіць у ходзе чытання твора “Зайчаняткі” (Бо, можа, якраз яе дзяцей недзе за дваццатым полем корміць у гэтую самую хвіліну нейкая іншая шэрая матка).

Верш А. Лойкі “Жарабяткі” (стар. 86) дае магчымасць пазнаёміцца з сэнсам і асаблівасцямі ўжывання фразеалагізма смыляць пяткі:

Быццам бы

Смыляць ім пяткі,

Скачуць,

Скачуць жарабяткі!

Апавяданне “Маленькія салдаты” ( стар. 99 – 102) прыдатнае для вывучэння фразеалагізма прапускаць міма вушэй: (Колю здалося, што сябар міма вушэй прапускае ягоныя словы).

У ходзе знаёмства вучняў з апавяданнем А. Васілевіч “Пажар” (стар. 81) настаўніку варта звярнуць увагу вучняў на такія фразеалагічныя адзінкі, што сустракаюцца ў тэксце:

ü   Грышка клопат пра вогнішча бярэ на сябе;

ü   А агонь разышоўся не на жарт;

ü   Некаму прыходзіць думка пакараць “вужоў” так, каб дзесятаму заказалі.

З фразеалагізмам як скрозь зямлю праваліўся вучні могуць пазнаёміцца, чытаючы апавяданне “Сэрца чалавека” (стар.113 – 117): “Але Боя нідзе не было – як скрозь зямлю праваліўся”.

Вядома, што паралельна з устойлівымі спалучэннямі слоў у беларускай мове існуюць паралельна ідэнтычныя па форме свабодныя спалучэнні слоў. Дзеля таго, каб навучыцца адрозніваць фразеалагізмы ад аналагічных словазлучэнняў вучням таксама можа дапамагчы матэрыял падручніка.

Карыснай будзе такая праца над тэкстам, калі словазлучэнне (свабоднае спалучэнне слоў) параўноўваецца з аналагічным па форме фразеалагічным словазлучэннем.

ü   Маленькія дзеці валяцца з ног (стар.102) – параўн. валіцца з ног (у значэнні вельмі моцна стаміцца);

ü   Мінулі хмары (стар. 112) – параўн. мінула хмара (у значэнні адступіла трывожная, небяспечная сітуацыя);

ü   Алесь неўзабаве ўбачыў крайнюю хату – параўн. – хата з краю (у знач. быць ні пры чым).

Анадагічную работу можна выконваць і на ўроках беларускай мовы ў 4-ым класе. Так, практыкаванні падручніка беларускай мовы ўтрымліваюць наступныя свабодныя словазлучэнні, якія можна параўаць і супаставіць з фразеалагічнымі словазлучэннямі:

ü   Два браты ў ваду глядзяць, а разам не сыходзяцца – параўн. як у ваду глядзець (у значэнні прадбачыць якую-небудзь сітуацыю, тое ці іншае здарэнне) – стар. 42, практ. №68.

ü   Ляцяць птушкі без крыл, а садзяцца без ног – параўн. без ног (у значэнні вельмі моцна стаміцца) – стар. 51, практ. №82.

ü   Колькі зор на небе, як блішчаць яны – параўн. як зор на небе (у значэнні вельмі многа) – стар. 51, практ. 82.

ü   Вось найшла навальніца і паваліла дрэва – параўн. найшла навальніца (у значэнні цяжкая небяспечная гадзіна, непрыемнасці) – стар. 52, практ. № 84).

Мастацкія карціны выкарыстоўваюцца для развіцця мовы. Абапіраючыся на змест карціны, вучні могуць выконваць наступныя віды работ: запаўняць фразеалагізмамі тэкст, складзены па карціне настаўнікам; пісаць сачыненне па карціне з выкарыстаннем фразеалагізмаў.

З мэтай развіцця ведаў і ўменняў вучняў у галіне фразеалогіі на ўроках беларускай мовы можна выкарыстоўваць практыкаванні, якія маюць заданні “апісаць малюнкі”. Такім чынам, настаўнік можа прапанаваць вучням пры апісанні карыстацца фразеалагізмамі. Так, напрыклад, у ходзе працы над практыкаваннем № 48 на стар. 28 настаўнік можа прапанаваць вучням выкарыстаць такія ўстойлівыя словазлучэнні: блакітная мара, выбіцца ў людзі, слухае, раскрыўшы рот [1; С.28].

Малюнак на стар. 50, практ. 81 можна прапанаваць апісаць, выкарыстоўваючы такія фразеалагізмы: пабег з усіх ног, ні жывы ні мёртвы, праваліцца скрозь зямлю, заварыць кашу, ні слыху ні дыху.

Неабходна, каб школьнікі вучыліся прымяняць атрыманыя веды на практыцы, актыўна і правільна ўжывалі фразеалагізмы ў сваім маўленні. Дасягнуць гэтага можна, выконваючы творчыя работы, сярод якіх асноўнымі з’яўляюцца складанне сказаў, напісанне пераказаў і сачыненняў.

Прыдумванне сказаў з фразеалагізмамі лічыцца простай формай творчай работы. Але яно патрабуе значнага напружання думкі, самакантролю за тым, каб у сказе не парушаліся логіка-семантычныя і граматычныя сувязі, была вытрымана стылістычная аднароднасць.

Вучням прапануецца (практ. 94, стар. 61) скласці вуснае апавяданне, разгледзеўшы малюнак. Такое заданне можна дапоўніць і фразеалагічнай працай, прапанаваўшы вучням выкарыстаць у сваім апавяданні наступныя фразеалагізмы: гульма гуляе, збіраюцца гады ў рады, душа ў душу, ад шчырага сэрца, гладзіць па галоўцы.

Да творчых можна аднесці працу над практыкаваннем № 128, што змешчана на старонцы 79. Заданне (“складзіце сказы, дзейнікам у якіх будуць назоўнікі”) настаўнік ускладняе, прапанаваўшы ўвесці ў сказы і фразеалагічныя адзінкі. Для такого задання можна прапанаваць шэраг фразеалагічных адзінак з рознай семантыкай і стылістычнай афарбаванасцю, дзеля таго, каб вучні вучыліся самастойна адбіраць адпаведныя моўнай сітуацыі фраземы: праваліцца скрозь зямлю, малоць лухту, на сёмым небе, залатыя рукі, мераць вокам, галава на плячах, носам к носу, і смех і грэх, не паверыць сваім вушам, аж пыл курэў, як перад богам, важная птушка, курам на смех, хоць гвалт крычы.

Сустракаюцца ў падручніку і практыкаванні, заданне якіх непасрэдна накіравана на фразеалагічную працу. Так, на стар. 67, у практыкаванні 106 (верш “Сапраўдны сябра”) сустракаем словы “сябры яны – проста вадой не разліць”. Заданне ж для гэтага практыкавання - растлумачыць выраз “вадой не разліць” [1; С.67].

Дапамагае развіваць веды па пытаннях фразеалогіі праца над практыкаваннямі, мэтай якіх з’яўляецца: дапоўніць сказы аднароднымі членамі. Так, працуючы над дадзеным практыкаваннем, акрамя прапанаваных у канцы практыкавання слоў можна выкарыстаць для дапаўнення сказаў і фразеалагізмы: выбегчы хутка – як Піліп з канапель; калаціцца ад страху – як асінавы ліст.

Па такім жа прынцыпе ідзе і лексічная работа ў практыкаванні № 98, стар. 63. Заданне: да кожнага слова падбярыце слова з супрацьлеглым значэннем. Настаўнік таксама можа прапанаваць замест слоў-антонімаў выкарыстоўваць фразеалагічныя словазлучэнні з адпаведным сэнсам:

ü   Працаваць – сядзець, склаўшы рукі;

ü   Мала – хоць гаць гаці;

ü   Балбатлівы – сядзіць, як вады ў рот набраўшы;

ü   Ілгаць – гаварыць як на духу, як перад богам, паклаўшы руку на сэрца [1; С.63].

Падводзячы вынікі нашай працы, трэба адзначыць, што, паколькі работа па вывучэнню фразеалогіі проводзіцца на ўроках неспецыяльных, то настаўніку трэба выкарыстоўваць гэтую магчымасць вельмі акуратна, адчуваючы мяжу і меру падачы фразеалагічнага матэрыялу. Зразумела, кепскім з’яўляецца тое, што вучні рэдка знаёмяцца з новымі ўстойлівымі спалучэннямі і не практыкуюцца ў іх ужыванні, але не прыносіць карысці і празмернае захапленне колькасцю фразеалагічнага матэрыялу. У гэтым выпадку не забяспечваецца глыбіня азнаямлення з фразеалагізмамі, прытупляецца ўвага да іх.



Информация о работе «Метады і прыёмы вывучэння фразеалагічных адзінак у малодшых класах»
Раздел: Педагогика
Количество знаков с пробелами: 39095
Количество таблиц: 0
Количество изображений: 0

0 комментариев


Наверх