15 мая 1942 г. у Мірским раёне была створана група пад камандаваннем Дз.А. Дзенісенкі.

Спачатку яна ўлілася ў атрад імя В.І. Чапаева, а затым выдзелілася ў самастойную адзінку.У жніўні 1942 г. група папоўнілася моладдзю Мірскага раёна і аформілася ў атрад, які ў маі 1943 г.быў рэарганізаваны ў кавалерыйскі дывізіён.

У чэрвені 1942 г. з моладзі Мірскага раёна была створана партызанская група А.С. Саятэвіча, у жніўні 1942 г. яна ўвайшла ў атрад імя В.І. Чапаева брыгады імя В.І. Чапаева.

З мэтай набыцця зброі, боепрыпасаў і іншых трафеяў партызаны нярэдка здзяйснялі напады на абозы ворага. У ліпені 1942 г. атрад “ Золатава”, разграміўшы варожы абоз, захапіў 50 тыс. патронаў і 10 скрынак гранат.[10]

У лістападзе 1942 г. акупанты прыступілі да насільнай вярбоўкі насельніцтва ў Германію. Партызаны разгарнулі агітацыйную работу сярод моладзі, даказваючы, што яе месца толькі ў радах партызан. Масавы прыток насельніцтва ў партызаны прывёў да стварэння ў лістападзе – снежні брыгады імя Г.К. Жукава. У яе склад увайшоў і атрад “Камсамолец”.(Прылажэнне 10)

Радаснай падзеяй у гэты складаны час была сустрэча каля хутара Рудзьма з першай дыверсійнай групай дэсантнікаў, якой камандаваў В.І. Бажэнка. Яго намеснікам па палітычнай рабоце быў В.С. Самусевіч. Самусевіча ў Карэліцкім раёне добра ведалі да вайны па рабоце ў райкаме партыі. Група Бажэнка мела рацыю і падтрымлівала сувязь з Вялікай зямлёй. Вялікай заслугай групы было тое, што яна з першых дзён свайго прабывання ў Карэліцкім і Мірскім раёнах пачала праводзіць дыверсійную работу на чыгунцы. Начамі з 4 на 5 і з 16 на 17 верасня падгрупа на участку Гарадзея – Стаўбцы спусціла пад адкос два эшалоны ворага.

Група Бажэнка навучыла мінна-падрыўной справе многіх партызан атрада і забяспечыла іх узрыўчаткай.[11]

Удасканальваючы баявое майстэрства, тактыку, партызаны з кожным днём узмацнялі ўдары па ворагу. У канцы восені 1942 г. партызанскія атрады давалі аб сабе знаць ва ўсіх раёнах паўночнай часткі Баранавіцкай вобласці.

У Карэліцкім раёне шэраг паспяховых аперацый правёў атрад Дз. Дзенісенка, або, як яго тады называлі, “Міцькі”. 22 верасня партызаны атрада знішчылі групу жандармаў. Народныя мсціўцы нападалі не толькі на адзінокія машыны і павозкі, але і на вялікія абозы ворага. У кастрычніку 1942 г. яны заманілі ў засаду і знішчылі ў раёне вёскі Турэц вялікі атрад гітлераўцаў, які прыбыў сюды з мэтай ачысціць лясы ад партызан. У гэтым баі загінуў камандзір групы С Коншын, баец Захараў, 5 партызан атрымала раненні.[12]

12 кастрычніка партызаны атрада “Міцькі” на шашы Турэц –Мір знішчылі з засады 5 аўтамашын і 2 матацыклы немцаў. Пры гэтым было забіта больш за 30 фашыстаў. Разам з машынамі згарэла і радыёстанцыя.[13]

У маі 1942 г. быў створаны партызанскі атрад Дз.І.Семянцова, у які ўвайшлі ваеннаслужачыя і жыхары вёсак Тарасавічы, Новае Сяло, Велетава Ён дзейнічаў на акупаванай тэрыторыі Карэліцкага, Мірскага і Навагрудскага раёнаў. 19 жніўня 1942 г. атрад партызан пад камандаваннем Дз.І.Семянцова ўстроіў засаду фашыстам, якія накіроўваліся ў вёскі Сёгда і Малюшычы грабіць хлеб. У кароткачасовай сутычцы народныя мсціўцы разбілі 3 аўтамашыны, знішчылі 19 немцаў. У выніку гэтай сутычкі загінуў камандзір атрада Дз.І. Семянцоў. Разам з гэтым перастаў існаваць атрад. Яго асабовы склад уліўся ў атрад “Іскра”, “Камсамолец”, а таксама ў атрад Дз.А. Дзенісенкі.[14]

Арганізацыйна аформіўся атрад імя Суворава. Яго першым камандзірам быў К.У. Балабановіч, які потым з невялікай групай выйшаў з атрада. Камандзірам быў выбраны Н.А. Сарокін.Пасля яго гібелі ў снежні 1942 г. камандзірам быў выбраны Н.М. Курбанаў.[15] (Прылажэнне 11)

Атрад правёў паспяховыя ўдары па гарнізонам і вартавым аб’ектам гітлераўцаў. Асноўным тактычным спосабам барацьбы партызан гэтага атрада з варожымі гарнізонамі з’яўляўся налёт. Стварыўшы пры дапамозе насельніцтва санны транспарт, група партызан нанесла удар па нямецеаму гарнізону ў вёсцы Валяўка. У выніку бою загінула 5 немцаў і 5 паліцаяў. Таксама загінулі 2 партызаны.[16]

У красавіку 1942г. з ваеннаслужачых, якія не выйшлі з акружэння, быў створаны атрад “Громава”. Ён дзейнічаў на акупіраванай тэрыторыі Карэліцкага і Навагрудскага раёнаў. У стварэні атрада актыўна ўдзельнічалі жыхары вёсак Цырын, Пудзіна, Літараўшчына, Бабонеўка, Падгайна. Атрад узначаліў лейтэнант У.Угрумаў. Партызаны ў красавіку і маі 1942 г. разграмілі гарнізон у вёсцы Цырын і захапілі зброю. У засадзе на шашы Навагрудак – Баранавічы разбілі 3 аўтамашыны. У баі ў вёсцы Літараўшчына разбілі атрад карнікаў.Знішчаючы жывую сілу ворага, партызаны захоплівалі узбраенне, якое з поспехам выкарстоўвалася супраць акупантаў. У верасні 1942 г. атрад зрабіў налёт на Варанчанскі спіртзавод. Было пашкоджана абсталяванне і забіта 2 немца. У лістападзе 1942 года каля вёскі Пудзіна Лідскага раёна атрад у баі панёс вялікія страты і быў рассеяны. Частка партызан пайшла ў атрад “Золатава”, астатняя да снежня дзейнічала самастойнай групай, потым улілася ў атрад “Іскра”.[17]

У жніўні 1942 г. была створана 1-я Беларуская кавалерыйская брыгада. Складалася з атрада імя Чкалава, групы Дз.А. Дзенісенкі і партызанскага атрада Дз.І. Семянцова. Партызаны вялі баі супраць варожых апорных пунктаў, гарнізонаў і паліцэйскіх участкаў у вёсках Антанёва, Вял.Жухавічы, Вялікая Слабада і інш. Дзейнічала менавіта ў Карэліцкім і Мірскім раёнах.[18]

12 верасня 1942 года партызанскія атрады “Золатава, “Данілы”, і 1-ая кавалерыйская брыгада разграмілі варожыя гарнізоны ў м.Мір і м.Турэц. Да канца 1942 г. партызаны ўтрымлівалі гэтую тэрыторыю ў сваіх руках. З цягам часу тут ствараецца Налібока – Мірская партызанская зона.[19]

Баі за ўтрыманне зон партызанам прыходзілася весці амаль кожны дзень. Партызанскія зоны з’яўляліся апорнымі пунктамі, плацдармамі ў тыле ворага, на якіх канцэнтраваліся людскія і матэрыяльныя рэсурсы для барацьбы з нямецка-фашыскімі захопнікамі.

Пад кіраўніцтвам падпольных райкомаў партызаны ўтрымлівалі ў сваіх руках вёскі Новае Сяло, Пагарэлка і Лядкі. Пазней партызаны нават перайменавалі назвы гэтых трох вёсак: Новае Сяло – у Маскву,Пагарэлку – у Ленінград, а Лядкі – у Сталінград. Асабліва важна, што з гэтых трох вёсак за цэлы год не паступала ў Германі ніякіх паставак.

Такім чынам,ужо ў 1941-1942 гадах на тэрыторыі Карэліцкага раёна дзейнічалі партызанскія атрады, з’явілася камсамольскае падполле. Аднак, патрэбна адзначыць, што падпольны і партызанскі рух у раёне у гэты час, як і на ўсёй тэрыторыі Баранавіцкай вобласці, яшчэ не атрымаў шырокага распаўсюджання. Гэта быў час, калі ішоў пошук форм і метадаў барацьбы. Партызанаў і падпольшчыкаў чакалі вялікія цяжкасці, пеш за ўсё, гэта адсутнасць вопыту партызанскай барацьбы; вопыту работы ва ўмовах падполля, канспірацыі;слабая матэрыяльная база. Тым не менш, полымя барацьбы разгаралася з кожным днём.

Для кіраўніцтва падпольнай работай і партызанскім рухам 6 кастрычніка 1943 года быў створаны Стаўбцоўскі міжраённы цэнтр на чале з членам падпольнага абкома В.З.Царуком. Яго намеснікам быў А.Л. Сцяпчэнка.Баявымі дзеяннямі на месцах кіраваў Мірскі падпольны райком КП(б)Б. З 26 лістапада яго сакратаром з’яўляўся І.В.Шэматавец. 29 снежня Баранавіцкі падпольны абкам зацвердзіў першым сакратаром А.І. Дзеева.

Карэліцкі падпольны райкам партыі створаны ў ліпені і зацвержаны абкамам КП(б)Б 8 жніўня 1943 года. Яго сакратаром назначаны камісар атрада “Грозны” Першамайскай брыгады М.У.Чарткоў. У снежні гэты атрад уліўся ў брыгаду “25 год БССР”. Пагэтаму, 27 снежня 1943 г. абкам партыі зацвердзіў новы састаў Карэліцкага райкама з пастаянным месцазнаходжаннем у Першамайскай брыгадзе. Сакратаром зацверджаны М.І. Ільініч. (Прылажэнне 12) Друкаваным органам райкама з’яўлялася газета “ Чырвоны партызан”, якую рэдактавала Р.С. Радкевіч.

Сетка падпольных арганізацый і груп працягвала расці і ў населеных пунктах Карэліцкага і Мірскага раёнаў. ( Прылажэнне 13)

Падпольшчыкі дзейнічалі ў цеснай сувязі з партызанамі, наносілі моцныя ўдары па ворагу, усімі сіламі імкнуліся прынесці яму найбольшую шкоду, аслабіць яго ваенны патэнцыял, сарваць фашысцкія планы і мерапрыемствы. На баявым рахунку падпольшчыкаў Беларусі шмат аперацый, паспяхова праведзеных у год карэннага пералому ў вайне. У справаздачы аб рабоце камсамольскіх арганізацый ад 2 чэрвеня 1944 г. гаварылася, што сіламі камсамольцаў падрыхтавана два разліка да кулямёта “максім” і 65 чалавек, якія маглі абыходзіцца з кулямётам РПД і МТ.

Далей у справаздачы гаварылася, што за гэты перыяд камсамольска-маладзёжнымі групамі было спушчана пад адкос 9 варожых эшалонаў.

Было пашкоджана 5 паравозаў, 28 вагонаў, у тым ліку 8 вагонаў з жывой сілай, забіта і паранена пры крушэнні больш за 200 гітлераўцаў. Акрамя гэтага, разбіта 12 цыстэрн з палівам. Падрыўнымі дыверсійнымі групамі парэзана 2 кіламетры тэлефонна-тэлеграфнай сувязі. За май былі зроблены з засады, у якіх забіта 23 немцы і паліцаі.[20]

Далейшы рост партызанскіх атрадаў даў магчымасць Баранавіцкаму падпольнаму абкаму партыі ў лютым 1943 года прыняць рашэнне, па якому на базе камсамольскіх атрадаў Карэліцкага і Мірскага раёнаў была сфарміравана Брыгада “Камсамолец”. (Прылажэнне 14)

Цераз некалькі дзён з’явіўся загад аб стварэнні Першамайскай партызанскай брыгады. (Прылажэнне 15).

Пазней, у сувязі з колькасным ростам утвараюцца новыя атрады – імя Жданава (Прылажэнне 16), у кастрычніку – атрад імя Будзённага (Прылажэнне 17), у снежні -- атрад “25 гадоў БССР” (Прылажэнне 18).

Узмоцнены рост партызанскі сіл, актывізацыя іх дзейнасці на варожых камунікацыях прымусіла нямецкае камандаванне прымаць контрмеры. У атрадах пачалі з’яўляцца варожыя шпіёны і дыверсанты. У маі гітлераўцы правялі карную экспедыцыю супраць партызан, але якіх-небудзь адчувальных вынікаў яна не дала.

І вось надыйшоў ліпень 1943 года. У сярэдзіне месяца нямецкія войскі пры падтрымцы танкаў і авіацыі павялі наступленне на партызанскі край – пачалася так званая аперацыя “Герман”, якой кіраваў генерал-лейтэнант СС фон Готберг.

Там жа, у штабе, прысутнічаў “упаўнаважаны” Гітлера па барацьбе з партызанамі на Усходзе генерал войск СС фон Бах – Зялеўскі. (Прылажэнне 19) .

У гэты крытычны момант падпольны абкам партыі дазволіў партызанскім злучэнням дзейнічаць самастойна. У саставе атрадаў і рот выходзіць з акружэння, пры гэтым не спыняючы баявых дзеянняў.

Немцы, нягледзечы на вялікія страты, паступова сціскалі блакаднае кальцо.

Партызаны, надзейна схаваўшы цяжкую зброю і другую маёмасць, разбіліся на невялікія групы, манеўравалі і з баямі прарываліся скрозь акружэнне. Частка атрада на чале з камандзірам І.Я. Чумачэнка 1 жніўня знянацку напала на немцаў ля вёскі Брольнікі. 2 верасня партызаны пад камандаванем камісара атрада С.Д. Лапацкага нанесла вялікія страты карнікам ля вёскі Рудня-Налібоцкая. Потым прарваліся з акружэння ля вёскі Беражна, пераправіліся праз Нёман і выйшлі ў Лукі. Так, паступова, рызыкуючы жыццём, выходзілі партызаны з блакады.

У дакуменце “Выніковае паведамленне аб аперацыі “Герман” баявой групы Готберг” расказваецца пра ўвесь механізм падрыхтоўкі і арганізацыі выканання фашысцкіх планаў.Змешчаны падрабязныя даныя аб партызанскіх сілах: месцазнаходжанне, колькасны састаў, медыцынскае абслугоўванне і г.д.. Усё ведалі фашысты і прадугледжвалі перад аперацыяй, нават мелі сваё ўласнае меркаванне аб прапагандзе і настроі праціўніка. З допыту палонных партызан і перабежчыкаў было ўстаноўлена, што галоўны партызанскі лагер знаходзіўся ў лесе, паўночна-заходней вёскі Антанёва, і ў лясным масіве паўночней Рудня-Налібоцкая, што затым і падцвердзілася ў ходзе нямецкай аперацыі.

Далей, у “Выніковым паведамленні аб аперацыі “Герман” гаварылася аб настроі партызан: “Настрой сярод бандытаў ні ў якім выпадку не скажаш, што дрэнны. Бандыты прытрымліваюцца меркавання, што лепш змагацца да канца, чым здавацца ў палон, або перабягаць да немцаў. У канцы аперацыі, калі бандыты былі прыціснуты ў невялікім раёне, настрой некалькі пагоршыўся, але тым больш жорсткім было іх супраціўленне.Са слоў захопленых у палон, беларусы, якія знаходзяца ў бандах,уступілі ў іх добраахвотна.

Да гэтага дакумента прыкладзены “Спіс бандыцкіх лагераў, знішчаных у час аперацыі “Герман”. У ім змешчана падрабязная інфармацыя.

Так, у дакуменце гаворыцца аб знішчэнні яўрэйскага лагера на 1,5 кіламетра паўночна-усходней вазера Кромань,дзе бвло ліквідавана 210 неўзброеных яўрэяў.

17 ліпеня 1943 года каля Сіняўскай Слабады разбураны партызанскія зямлянкі, 18 ліпеня -- знішчана 2 лагеры на 200 чалавек, і паўночна- ўсходней Добрычы – 4 лагеры на 600 чалавекі г.д.[21]

Разведчыкі, ўдала прарваўшыся праз нямецкія заслоны, не сядзелі без справы. Разам з дыверсійнымі групамі, якія пайшлі на заданне яшчэ да пачатку блакады і не трапілі ў акружэнне, грамілі падраздзяленні праціўніка. З час блакады на шашэйных дарогах Навагрудак – Баранавічы, Карэлічы – Навагрудак, Баранавічы – Мір падбілі і знішчылі 18 аўтамабіляў з рознымі грузамі і боепрыпасамі, забілі 40 паліцэйскіх.[22]

Гэта было лета 1943, перыяд Курскай бітвы, у час якой вырашаўся лёс нашай кпаіны. І партызаны зрабілі ўсё магчымае, каб дапамагчы Чырвонай Арміі.

Блакада закончылася, але не з такімі вынікамі, аб якіх трубіла гітлераўская прапаганда, -- “партызаны знішчаны”. На самай жа справе ў брыгадзе загінула 22 байцы, 4 атрымалі раненні. А ва ўсіх брыгадах і атрадах, якія трапілі ў блакаднае кальцо, беззваротныя страты склалі 50 чалавек і 4 партызаны прапалі без звестак.

У паведамленні фашысцкага камандавання сцвярджалася: “На захад ад Мінска з прымяненнем буйных армейскіх сіл, войск СС і авіацыі знішчаны буцныя сілы партызан.У баях, якія ішлі 3 тыдні, разбіта 357 умацаваных кропак, забіта звыш 7 тысяч і больш як 10 тысяч партызан узята ў палон”.[23]

На самай жа справе за свае няўдачы немцы помсцілі мірным грамадзянам: у пушчы і вакол яе фашысты спалілі 150 вёсак, расстралялі і вывезлі ў Германію тысячы людзей. У вялікім лясным масіве Івянецка – Налібоцкай пушчы даўжынёй 80 і шырынёй 50 кіламетраў не ўцалела ніводнага населенага пункта.[24]

У пачатку лета 1943 г. ЦК Кампартыі Беларусі прыняў спецыяльную пастанову аб разбурэнні чыгуначных камунікацый ворага. Так званая “рэйкавая вайна “ стала адным з галоўных і пастаянных баявых заданняў партызан.

На жаль, атрады і брыгады Баранавіцкай вобласці з-за блакады не змаглі выйсці на чыгунку на першым этапе, які праводзіўся ў жніўні. Першамайская брыгада пасля блакады ажыцявіла дзве аперацыі па знішчэнню чыгункі.

На першы погляд, заданне выглядала не складаным. Але гэта для людзей непасвячоных. Уздоўж палатна гітлераўцы будавалі дзоты, жалезабетонныя бункеры, узводзілі вышкі, на якіх пастаянна дзяжурылі кулямётчыкі. Ачышчалі ад лесу палосы 100-метровай шырыні паабапал чыгункі і мініравалі іх.

“Канцэрт” правялі ноччу 21 верасня на дарозе Ліда – Баранавічы. “Першамайскі” выйшаў на ўчастак паміж станцыямі Яцукі і Наваельня, “Грозны” – Наваельня і Дварэц, імя Катоўскага – Дварэц – Мардзічы, імя Суворава – паміж станцыямі Мардзічы і Баранавічы. Каб адцягнуць увагу праціўніка, артылерысты атрада “Грозны” з гарматы абстралялі станцыю Наваельня. Толькі адна брыгада за тую ноч узарвала больш як 700 толавых шаўак. Чыгунка Ліда – Баранавічы бяздзейнічала больш як месяц.[25]

За тры дні да пачатку беларускай наступальнай аперацыі “Баграціён” прайшоў трэці этап “рэйкавай вайны” пад умоўнай назвай “Вяснавы канцэрт”. Ноччу на 20 чэрвеня 1944 г. паміж станцыямі Нёман і Яцукі правялі серыю ўзрываў, на наступную ноч паўтарылі аперацыю, і ноччу з 26 на 27 чэрвеня выйшлі на чыгунку апошні раз За гэтыя 3 чэрвеньскія ночы падарвалі 574 рэйкі, а ўсяго брыгада ўзарвала 1677 рэек. У выніку аперацыі чыгунка Ліда – Баранавічы не працавала ажно да прыходу Чырвонац Армі”.[26]

Вялікі ўрон праціўніку нанеслі атрады “Грозны”, імя Суворава, імя Катоўскага, імя Будзённага, “Кастрычнік”, імя Жданава.

Так, за перыяд з 6 лістапада па 20 лістапада партызаны атрада “Грозны” правялі рад дыверсій, у выніку якіх было пашкоджана больш за 100 метраў тэлефонна-тэлеграфнай сувязі, спілавана 40 слупоў.У выніку ўзрыву на чыгунцы Ліда – Баранавічы, паміж станцыямі Дварэц –Выгода, быў узарваны воінскі эшалон праціўніка. У выніку ўзрыву разбіты паравоз і 11 вагонаў. Забіта 33 гітлераўцы.

Атрадам імя Суворава на тракце Баранавічы – Мір 7 лістапада 1943 года было спілавана 26 слупоў. На чыгунцы Ліда –Баранавічы падарваны воінскі эшалон. Разбіты паравоз і 6 вагонаў з жывой сілай. 25 лістапада атрадам ўзарваны эшалон паміж станцыямі Дамашэвічы – Баранавічы. Пашкоджаны паравоз, 2 пярэднія пляцоўкі,3 вагоны.

Атрадам імя Катоўскага з 1лістапада 1943 г. па 10 лістапада было ўзарвана 2 воінскія эшалоны. Пашкоджана 20 вагонаў, 4 платформы, 8 аўтамашын і 4 сярэднія танкі. Забіта 9 фашыстаў.

Атрад імя Будзённага пусціў пад адхон 2 варожыя эшалона з жывой сілай, разбіта 36 выагонаў з харчаваннем, 4 вагона з вугалем, 2 платформы з танкамі.

З 5 па 17 лістапада ў выніку дыверсійных аперацый партызан, атрадам “Кастрычнік” Было знішчана 5 воінскіх эшалонаў. Разбіта 17 платфарм з тэхнікай і 15 з харчаваннем.

Усяго па Першамайскай брыгадзе было спушчана пад адкос 19 варожых эшалонаў, разбіта 49 вагонаў з жывой сілай, 2 з боепрыпасамі, 3 з узбраеннем, 63 з харчаваннем, 7 з ваеннымі матэрыяламі, 4 з вугалем. Узарваны вакзал, аўтагараж, чыгуначны мост у г.Баранавічы. Праведзена 10 баёў і засад, дзе забіта 24 і ранена 6 немцаў, узята ў палон – 2. Знішчана 8 аўтамашын, трактар, пашкоджана 23 км. тэлефонна-тэлеграфнай сувязі, разбіты 2 маёнткі і 2 малочныя заводы, спалена 25 бочак бензіну…[27]

У сакавіку 1943 года на базе атрадаў “Камсамольскі”,імя Сарокіна, “Франтавікоў” і групы “Данілы” фарміруецца брыгада “Камсамолец”. Пазней у яе былі вылучаны з брыгады імя Жукава атрады 1-ы і 2-і Камсамольскі, імя Калініна, “Сокол”.(Прылажэнне 20)

Вясной і летам партызаны брыгады правялі 10 баёў, разграмілі варожыя гарнізоны ў в.Ярэмічы Мірскага і Дудкі Стаўбцоўскага раёнаў.У кастрычніку-лістападзе на чыгуначных участках Мінск – Баранавічы і Ліда – Маладзечна падарвалі 3 эшэлона, 180 рэек. У сакавіку разграмілі гарнізон у Міры.[28]

У снежні 1943 на базе атрадаў, вылучаных Першамайскай брыгадай фарміруецца брыгада “25 гадоў БССР”. (Прылажэнне 21)

Партызаны брыгады ў студзені 1944 г. на чыгуначным участку Баранавічы – Ліда падарвалі 8 эшалонаў, у чэрвені – 10 эшалонаў, 4 чыгуначныя масты.Вялі баі супраць гарнізонаў і апорных пунктаў ворага. У маі ў час фашысцкай карнай экспедыцыі ўдзельнічалі ў прарыве варожага акружэння. У ліпені 1944 г. з часцямі Чырвонай Арміі ўдзельнічалі ў вызваленні Карэліцкага раёна.[29]

Дзеянні партызан з наступаючай Чырвонай Арміяй мелі вялікае стратэгічнае значэнне.

Падпольная і партызанская барацьба беларускага народа супраць нямецка-фашысцкіх захопнікаў з’явілася адной з рашаючых умоў разгрома варожай навалы, краха акупацыйнага рэжыма. За час вайны партызаны і падпольшчыкі нанеслі фашысцкай арміі каласальныя страты ў жывой сіле і тэхніцы. Дыверсіі на камунікацыях і лініях сувязі зрывалі альбо замаруджвалі перавозкі войск, тэхнікі і грузаў. Палітычная работа сярод насельніцтва акупіраваных тэрыторый усяляла ў савецкіх людзей упэўненасць у перамозе над ворагам.

Але, улічваючы тыя змяненні ў грамадскай свядомасці, якія адбыліся пасля развалу Савецкага Саюза, некаторыя дзеянні партызан трэба прызнаць немэтазгоднымі. Але я не асуджаю іх, так як патрэбна ўлічваць абставіны і час, пры якіх адбываліся тыя далёкія падзеі.

Так, вясной 1943 года ў в.Варонча партызанамі атрада “Золатава” быў спалены маёнтак, помнік архітэктуры ХІХ ст., які належаў Любанскім.

Гаспадары былі забіты.[30](Прылажэнне 22)


Заключэнне

У жыцці народа заўсёды маюцца сэнсавыя пункты развіцця, своеасаблівыя гены гісторыі, у якіх закадзіраваны характар нацыянальнай самасвядомасці, гістарычная сувязь пакаленняў, цывілізацыйныя прыярытэты грамадства і дзяржавы. Такім, безумоўна сэнсавым пунктам ў нашай гісторыі з’яўляецца Вялікая Айчынная вайна, у ходзе якой найбольш яскрава праявіўся дух беларускага народа., яго свабодалюбівая сутнасць і гістарычная мудрасць.

Перамога над фашыскай Германіяй – адно з выдатнейшых падзей сусветнай гісторыі. Гэта нацыянальны і ваенны гонар беларускага народа. На барацьбу з фашысцкім агрэсарам падняліся ўсе: стары і малады, мужчына і жанчына, усе слаі беларускага грамадства.

Пачуццё патрыятызму сярод людзей у гады вайны дасягнула найвышэйшага напалу.Імкненне адстаяць незалежнасць краіны, родную зямлю, свой дом было нястрымным.

Каб не было ўсенароднага супраціўлення ворагу, то наш народ падвергся бы поўнаму фашысцкаму знішчэнню, як гэта было прапісана ў фашысцкіх планах па “асваенню усходніх зямель”. Партызанскі рух ў СССР адыграў вялікую роль у разгроме гітлераўскіх ордаў. Ён узбагаціў усенародную партызанскую вайну новымі формамі барацьбы, унёс многа каштоўнага ў арсенал партызанскіх дзеянняў.

Перамога савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне – гэта не толькі выключна ваенная перамога, ваенны разгром фашызма. Гэта была духоўная перамога над злом, жыцця над смерццю, справядлівасці над несправядлівасццю, свабоды над рабствам, гісторыі над антыгісторыяй. Гэта была перамога вышэйшых духоўных, чалавекалюбівых сіл над сіламі антычалавечымі.


Літаратура

1.Гурын М.Ф. Мір. Мн.:”Беларусь”.1985г.

2. Всенародная борьба а Белоруссии.Мн.:”Беларусь”1985г.

3. Памяць. Карэліцкі раён:.Мн.”Ураджай” 2000г.

4. Комсомол Белоруссии в Великой Отечественной войне: Сб.документов и материалов.Мн.: «Беларусь», 1988г.

5.Беларусь у Вялікай Айчыннай вайне 1941-1945. Энцыклапедыя.Мн.:Выд-ва БелСЭ,1990 г

6. ПонаморенкоП.К. Всенародная борьба в тылу немецко-фашысцких захватчиков 1941- 1944.-М.: “Наука”,1986г.

7. Аблава Р.К. Это было в Белоруссии. М.:”Молодая гвардия”, 1957г.

Неапублікавапныя крыніцы

8.Фонды Карэліцкага краязнаўчага музея.

9.Фонды Цырынскага краязнаўчага музея.

10.Фонды Навагрудскага краязнаўчага музея

Матэрыялы перыядычнага друку

11.Баранащ Ю. З успаминащ //Чырвоная змкна// 1980г. 14 лютага

12.Бурак Н.Н. Прага перамогі: Аповесць у дакументах і матэрыялах ⁄⁄Полымя⁄⁄ 1989г. . 4 верасня.

13.Начальніку жандармерыі: Аповесць у дакументах і матэрыялах ∕∕Полымя∕∕ 1989-1990гг..


Прылажэнне

Прылажэнне 1

 

АКТ

АБ ЗНІШЧЭННІ НЯМЕЦКА ФАШЫСЦКІМІ ЗАХОПНІКАМІ ЖЫХАРОЎ ВЁСКІ ЛЮБАНІЧЫ КАРЭЛІЦКАГА РАЁНА


Информация о работе «Падпольны і партызанскі рух на тэрыторыі Карэліцкага раёна ў гады Вялікай Айчыннай вайны»
Раздел: История
Количество знаков с пробелами: 67264
Количество таблиц: 1
Количество изображений: 0

0 комментариев


Наверх