3. ПОЛЬСКА – САВЕЦКІЯ АДНОСІНЫ 1926-1934 гг

 

3.1 На шляху да падпісання пакта аб ненападзе

Першыя крокі на шляху да пакта аб ненападзе пачалі здзяйсняцца ўжо ў пачатку 1924 г. У Маскву з Варшавы 24 лютага прыбыў першы польскі прадстаўнік рангу пасланніка Дароўскі. Ён належыў да ліку польскіх палітыкаў, што выступалі за паляпшэнне савецка-польскіх адносін. Асноўным пунктам праграмы, з якой Дароўскі прыбыў у Маскву, было заключэнне гандлёвага дагавору паміж Польшчай і СССР. Аднак савецкі бок заявіў, што падпісанне гандлёвага дагавору з Польшчай ён звязвае “з перамовамі аб ліквідацыі Рыжскага дагавора [33]. Зразумела, што такія прапановы СССР не маглі знайсці водгукаў у Польшчы.

Увогуле, за час з 1924 па 1926 гг. было зроблена некалькі прапаноў з абодвух бакоў па пытаннях падпісання дагавора аб ненападзе.

Аднак спробы заключыць дагавор аб ненападзе паміж СССР і Польшчай у 1924-1926 гг. аказаліся безвыніковымі. Імкненне Варшавы ў дагаворы з СССР падкрэсліць свае інтарэсы ў Прыбалтыцы, увязка яго з гарантыяй савецка-румынскай граніцы былі для СССР абсалютна непрымальнымі. Пазіцыя Масквы таксама не спрыяла прагрэсу на перамовах. Яе спробы правесці рэвізію Рыжскага дагавору выклікалі крайне негатыўную рэакцыю ў Польшчы. Савецкі ўрад аддаваў прыярытэт развіццю адносін з Нямеччынай і лічыў немагчымым заключэнне савецка-польскага пагаднення ранней савецка-германскага. СССР і Польшча падыходзілі з прынцыпова розных пазіцый да важнейшых міжнародных праблем таго часу, што практычна выключала магчымасць грунтоўнай і доўгатэрміновай нармалізацыі адносін паміж дзвюма краінамі [33].

Калі 11-15 траўня 1926 г. у Польшчы да ўлады прыйшоў Ю. Пілсудскі, то гэтая падзея, насуперак распаўсюджаным у прэсе чуткам, не выклікала адкрытай негатыўнай рэакцыі Масквы [38, с. 417].

Аднак Пілсудскі ў час свайго другога прыхода да ўлады, і аж да канца сваіх дзён - глыбока заставаўся антырасійскім. Позняй восенню 1926 г. на пасяджэнні Камітэта абароны дзяржавы ён выказаўся аб тым, што народ Расіі замучаны вайной і рэвалюцыяй, і новай вайны не хоча. Але "есць у Расіі група людзей, якія жыць спакойна не могуць. Яны складаюць верхнія слаі ў дзяржаве і здольныя ўзяць Расію і павесці яе, куды захочуць". На пасяджэнні без фармальнага абмеркавання былі прыняты высновы Пілсудскага аб тым, што "з Расіяй і Літвой існуе магчымасць вайны" [29, с. 28].

24 жніўня 1926 г. СССР прапанаваў праект пакта аб ненападзе. Праект утрымоўваў чатыры артыкулы, адпаведна асноўным праблемам: узаемнай адмова ад агрэсіўных дзеянняў; захаванне нейтралітэту ў выпадку нападу трэцяй дзяржавы на адну з тых, што падпісала пакт; неўдзел у дамовах палітычнага і эканамічнага характару, накіраваных супраць аднаго з падпісаўшых пакт бакоў; вырашэнне спрэчных пытанняў у рамках змяшаных камісій з прадстаўнікоў абодвух дзяржаў. Войкаў перадаў, таксама, пажаданне свайго ўрада, каб перамовы праходзілі ў Маскве [35, с. 114].

30 кастрычніка 1926 г. міністр замежных спраў Польшчы Залескі ўручыў Войкаву памятную цыдулку. У памятнай цыдулцы было адзначана тое, што Польшча з'яўляецца ўдзельнікам Лігі Нацый і што абавязкі, вынікаючыя з пакта з СССР аб ненападзе, не павінны супярэчыць абавязкам Польшчы па стаўленні да Лігі Нацый. Міністр замежных спраў Польшчы лічыў таксама неабходным высвятліць такія пытанні, як вызначэнне агрэсіі, захаванне нейтралітэту, пагаджальная працэдура і арбітраж [35, с. 114].

Цяжкасці, звязаныя з польска-савецкімі перамовамі, тычыліся шырокага кола пытанняў. Ужо на першым этапе перамоў (сакавік - красавік 1927 г.) выявіліся разыходжанні па такіх пытаннях, як: 1) абавязкі Польшчы перад Лігай Нацый; 2) узгадненне польска-савецкага пакта аб ненападзе з саюзам Польшчы, Прыбалтыйскіх дзяржў і Румыніі; 3) захаванне нейтралітэту ў выпадку ўзброенага канфлікту адной з дзяржаў, якія падпісалі пакт, з трэцяй дзяржавай; 4) забарона ўдзелу ў дамовах палітычнага і эканамічнага характару, накіраваных супраць аднаго з бакоу,што падпісалі дамову. Разыходжанні меліся таксама і па пытанні аб пагаджальнай працэдуры і арбітражы [35, с. 115].

Тым часам прыкметна пагоршыліся ангельска-савецкія адносіны. У лютым 1927 г. Ангельшчына абвінаваціла СССР ва ўмяшанні ў яе ўнутраныя справы і распальванні рэвалюцыі ў Кітаі. 27 траўня Лондан абвясціў аб разрыве дыпламатычных адносін з Масквой. Хоць Польшча і ўхваліла гэты крок Ангельшчыны, польскае кіраўніцтва паведаміла ў Лондан, што не можа ўзяць за аснову яе прыклад, паколькі мае занадта працяглую мяжу з СССР і не мае гарантый меж з Нямеччынай [10]. Зразумела, што ў Маскве польскія дыпламаты заяўлялі аб нязменнасці дружалюбных адносін са сваім усходнім суседам. Тым больш, што яшчэ з лютага 1926 г. бакі абмяркоўвалі прапанаваныя савецкім бокам дамова аб ненападзе [11].

7 чэрвеня 1927 г. на вакзале ў Варшаве белагвардзеец Б. Каверда застрэліў савецкага паўпрада ў Польшчы П.Л. Вайкова. Верагодна, гэты замах быў арганізаваны ангельскай разведкай, ва ўсялякім разе падчас суда над Кавердай Лондан прасіў Варшаву абмежавацца пажыццёвым зняволеннем. Са свайго боку СССР запатрабаваў ад Польшчы ўсебакова расследаваць гэтае злачынства, дапусціць савецкага ўпаўнаважанага да следства і прыняць меры супраць тэрарыстычных і бандыцкіх арганізацый, якія на думку СССР, існуюць на тэрыторыі Польшчы [9].

Варшава адхіліла савецкія патрабаванні, і ў выніку польскі суд прысудзіў "тэрарыста-адзіночку" да пажыццёвага зняволення і папрасіў прэзідэнта Польшчы зменшыць гэты тэрмін да 15 гадоў.

Зразумела, што савецка-польскія адносіны пагоршыліся. 14-15 чэрвеня на нарадзе міністраў замежных спраў краін удзельніц Лакарнскай дамовы і Японіі ў Жэневе гаворка ішла аб магчымым савецкім ультыматуме Польшчы і мерах дапамогі Варшаве праз Лігу Нацый. У СССР прыхільнікі Л. Д. Троцкага заяўлялі аб неабходнасці цвёрдых дзеянняў супраць Польшчы. Так, на XV з'ездзе ВКП(б) X. Ракоўскі прапаноўваў "адказаць годным рэвалюцыйным адпорам", у тым ліку і вайной. Але савецкае кіраўніцтва абмежавалася дыпламатычнымі пратэстамі і патрабаваннямі: ліквідаваць на тэрыторыі Польшчы "белагвардзейскія арганізацыі" [31, с. 281].

Аднак ужо 2 верасня ў Варшаве П. Трайковіч зрабіў замах на жыццё савецкага дыпкур'ера Шлессера, але быў застрэлены яго напарнікам І. Гусевым. Польская прэса абвінаваціла савецкіх дыпламатычных працаўнікоў у занадта рэзкіх дзеяннях. У гэтых умовах савецка-польскія перамовы па дамове аб ненападзе былі ў верасні 1927 г. спыненыя польскім бокам [31, с. 282].

Тым часам, з лета 1926 г. зноў абвастрыўся польска-літоўскі канфлікт. Восенню 1927 г. Польшча паспрабавала заручыцца падтрымкай Ангельшчыны і Францыі ў выпадку вайсковых дзеянняў супраць Літвы. Са свайго боку літоўская дыпламатыя звярнулася 15 кастрычніка ў Лігу Нацый са скаргай на Польшчу, а 27 лістапада СССР заявіў Польшчы аб недапушчальнасці развязвання вайны ва Усходняй Еўропе і заклікаў польскі бок да міралюбівасці. Падобную пазіцыю заняла і Нямеччына. Паколькі Ліга Нацый таксама выступіла за захаванне міру, польскае кіраўніцтва вырашыла змякчыць сваю пазіцыю. Літве Масква таксама параіла спыніць вайну з Польшчай. 10 снежня 1927 г. пасля перамоў у Жэневе была дасягнута польска-літоўская дамова аб спыненні стану вайны, які доўжыўся з 1920 г. [31, с. 283].

4 траўня 1928 г. у Варшаве быў здзейснены замах на жыццё савецкага гандлёвага прадстаўніка А.З. Лізарава, што выклікала новую дыпламатычную перапіску адносна белагвардзейскіх арганізацый, якія, па меркаванні СССР, размяшчаліся ў Польшчы [13].

6 верасня 1928 г. СССР далучыўся да пакта Брыяна-Кэлага і, адзіны з усіх краін-удзельніц, ратыфікаваў яго да канца года. 29 снежня Масква прапанавала Польшчы і Літве падпісаць пратакол аб датэрміновым уводзе ў дзеянне гэтай дамовы. Але Варшава прапанавала пашырыць спіс удзельнікаў будучай дамовы, далучыўшы да яе Румынію, Латвію і Эстонію. Даведаўшыся аб гэтым, Літва адмовілася ўдзельнічаць у шматбаковай дамове. У выніку 1 лютага 1929 г. Масква прыняла польскую прапанову, і 9 лютага СССР, Польшча, Румынія, Латвія і Эстонія падпісалі Маскоўскі пратакол аб датэрміновых уводзінах у дзеянне дамовы Брыяна-Келога. 27 лютага да пратаколу далучылася Турцыя, 3 красавіка - Іран, а 4 красавіка – Літва [31, с. 285].

Такім чынам, уплыў Польшчы ў рэгіёне ўзрос, заходнія суседзі СССР, атрымалі магчымасць прадэманстраваць сваю салідарнасць, а савецка-літоўскія адносіны пагоршыліся.

З лістапада 1930 г. Польшча паспрабавала наладзіць перамовы з СССР наконт дамовы аб ненападзе [14]. 5 студзеня 1931 г. Масква паказала Варшаве на неабгрунтаванасць новых польскіх прапаноў, а 6 студзеня аб гэтым паведамлялася ў Заяве ТАСС. 29 студзеня савецкі бок ізноў паказаў на неабгрунтаванасць польскай прапановы [15].

Улетку 1931 г., калі стала зразумела, што не за гарамі падпісанне франка-савецкіх дамоў аб ненападзе і гандлю, польскаму кіраўніцтву прыйшлося задумацца аб пашырэнні свайго ўплыву ва Усходняй Еўропе.

10 жніўня была парафіравана франка-савецкая дамова аб ненападзе, і Парыж вырашыў, што варта схіліцца да падобнай дамовы і Польшчы. 23 жніўня пад ціскам Францыі Польшча перадала савецкаму боку дакумент, у якім былі паўтораныя савецкія прапановы 1926 г. і польскія адказы на іх - СССР не задавальняла такая пазіцыя Варшавы, бо Францыя 23 верасня заявіла, што падпісанне савецка-французскай дамовы абумоўліваецца дасягненнем савецка-польскай дамовы, Масква прапанавала Парыжу пераканаць Польшчу зняць найбольш неабгрунтаваныя пярэчанні. Разам з тым савецкі бок паказаў на немагчымасць звязаць абедзве дамовы [35, с. 130].

Тым часам франка-германскія перамовы завяршыліся няўдала, і французскае кіраўніцтва вырашыла працягнуць збліжэнне з СССР. Польшчы было рэкамендавана ўзяць за аснову ўзгоднены тэкст франка-савецкай дамовы [16].

У снежні 1931 г. Латвія і Фінляндыя прапанавалі СССР аднавіць перамовы наконт дамовы аб ненападзе. Перамовы вяліся ў канструктыўным ключы. У выніку ўжо 21 студзеня 1932 г. была падпісана дамова з Фінляндыяй, а 5 лютага - з Латвіяй. Перамовы ж з Румыніяй зайшлі ў тупік з-за нявырашанага Бесарабскага пытання. У гэтых умовах Польшча была вымушана змякчыць сваю пазіцыю, і 25 студзеня 1932 г. савецка-польская дамова была парафіравана [35, с. 131].

25 ліпеня 1932 г. Нямеччына далучылася да падпісанага ў Лазане ангельшчына-французскага "Пакту даверу". У гэтых умовах, імкнучыся падкрэсліць сваю незалежную знешнюю палітыку, польскае кіраўніцтва 25 ліпеня падпісала з СССР дамову аб ненападзе, якая, была ратыфікавана Польшчай 26, а СССР 27 лістапада. Пасля абмену ратыфікацыйнымі граматамі 23 снежня 1932 г. савецка-польская дамова ўступіла ў сілу [31, с. 290].

Падпісаны ў 1932 г. дагавор аб ненападзе з Савецкім саюзам,завяршаючы адзін з этапаў польска савецкіх адносін, мог стаць асновай для іх уздыму на новы і больш высокі ўзровень. Але ён жа мог стаць і найвышэйшай кропкай у іх развіцці. Тая ці іншая яго роля залежала ад таго, наколькі ён адпавядаў стратэгічным мэтам знешняй палітыкі абедзвюх дзяржаў [29, с. 66].

У Польшчы пакт з СССР быў сустрэты прыхільна большасцю палітычных партый, як правых, так і левых. Толькі дзве палітычныя групы з супрацьлеглых флангаў – камуністы і кансерватары - ацэньвалі яго стрымана [29, с. 66].

Польска-савецкі дагавор аб ненападзе не стаў для Польшчы паваротнай падзеяй у яе адносінах з СССР. Галоўнае – ён не прынес павышэння даверу ў адносінах паміж дзвюмя дзяржавамі. Тое ж самае неабходна сказаць і аб савецкім партнёры Польшчы. Для абедзвюх дзяржаў дагавор быў сродкам для вырашэння актуальных праблем іх знешняй палітыкі, ляжаўшых па-за сферай узаемных адносін [29, с. 67].

 


Информация о работе «Характар і асаблівасці адносін паміж СССР і Польшчай у перыяд з 1921 па 1934 гг.»
Раздел: История
Количество знаков с пробелами: 76495
Количество таблиц: 0
Количество изображений: 0

Похожие работы

Скачать
105105
0
0

... кардынальна адрознівалася ад праграмы бальшавікоў. У 1918 г., у час нямецкай акупацыі, Гарун рэдагаваў газету «Беларускі шлях». У жніўні 1919 г. узначаліў Часовы беларускі нацыянальны камітэт, які ўключаў радных Рады Беларускай Народнай Рэспублікі, прадстаўнікоў Культурна-асветнага таварыства, Хрысціянска-дэмакратычнай злучнасці, Першага таварыства драмы і камедыі, Вучыцельскага беларускага хаў ...

Скачать
29856
0
0

... сярэдняй працягласцi жыцця i ў 1976 г. у апошнi раз з’явiлiся ў друку паўзроставыя каэфiцыенты смяротнасцi. Натуральны рух насельніцтва, такiм чынам, быў зведзены да нараджальнасцi. Асаблiвае месца ў дэмаграфiчнай статыстыцы навейшага часу належыць перапiсам. Усяго за гады Савецкай улады было праведзена дзевяць перапiсаў насельнiцтва: у 1920, 1923, 1926, 1937, 1939, 1959, 1970, 1979, 1989 гг. ...

Скачать
66996
0
0

... , Слуцку, Полацку, Рагачове, Мазыры, Лепелі працавала 8 вандроўных калгас-на-саўгасных тэатраў. Важнай падзеяй у развіцці музычнага мастацтва БССР стала адкрыццё ў 1932 г. Беларускай дзяржаўнай кансерваторыі, якая дала пуцёўку ў жыццё першым прафесійным кампазітарам – А. Багатырову, М. Крошнеру, П. Падкавыраву, В. Алоўнікаву, Дз. Лукасу. У 1933 г. Беларускі дзяржаўны тэатр оперы пачаў сваю ...

0 комментариев


Наверх