4.2 Семантыка міфалагемы сонца ў каляндарнай абраднасці
Безумоўна, з сонцам звязаны абрады каляндарнага цыклу. Для нашых продкаў быў самым галоўным менавіта сонечны каляндар. Самая значная частка жыцця Сонца заключана ў межах першых шасці месяцаў — гэта час узвышэння : ад зімовага сонцавароту да летняга сонцастаяння. Астатнія шэсць месяцаў — час захавання, зберажэння дабытага за актыўны перыяд. Сонца нараджаецца ў пару зімовага сонцавароту (25 снежня), пасля самага кароткага дня. Напачатку сонца вельмі слабае, першы час яго жыцця поўны небяспекі, бо царства цемры пераважае над царствам святла, таму і ноч даўжэй за дзень. Калядныя святы і суправаджаючыя іх абрады накіраваны на захаванне кволага сонца, яго падтрымку і ўпэўненасць, што яно сваёй энергіяй, сваёй сілай узгадуе будучы добры ўраджай і жыццё будзе зноў працягвацца.
Сонечны бог, народжаны ў дзень зімовага сонцавароту, у дзень веснавога раўнадзенства памірае і зноў уваскрасае і ўзносіцца на неба, каб даць сваю моц і новую сілу будучым пладам зямлі. На першы дзень Вялікдня хадзілі глядзець “ігру сонца” на небе, назіраючы за ім з узгорку, стрэх, званіц. Паводле народных уяўленняў, з’яленне сонца на чыстым небе і яго ігра прадказвалі добры ўраджай, новыя вяселлі.
Багаццем зместу, дасканаласцю мастацкай формы, займальнасцю абрадаў вылучаецца з летняга цыкла народнага календара Купалле — свята, прысвечанае летняму сонцастаянню, росквіту прыроды. Гэта найбольш значнае свята ўшанавання Сонца, пэўны апафеоз удзячнасці людзей Сонцу і клопатам пра яго. Купалле адзначалася ў ноч на 24 чэрвеня ст. ст. у час летняга сонцастаяння. Гэта была ўрачыстасць у гонар Сонца, жыватворных сіл прыроды, зямнога плёну. Разглядаючы старажытныя святы на Русі, Б. А. Рыбакоў адзначае, што “сонечная абраднасць дакладна выдзяляе летняе сонцастаянне як асобую, падвоеную фазу гадавога цыкла: зімовая і веснавая сонечныя фазы адзначаны на старажытных календарах знакам аднаго крыжа, а русальскі чэрвень, месяц летняга сонцастаяння, “макушка лета” — абавязкова двумя крыжамі. На масленіцу, свята веснавой сонечнай фазы, калі сонца толькі пачынае разгарацца, з гор і ўзгоркаў скатваюць у раку адно гарашчае кола. На Купалу ж наладжваюць рытуальнае шэсце з “сонечнай калясніцай” на двух колах” [8, с. 16].
Многія даследчыкі звязваюць Купалле не толькі з салярным культам, але і культам вады і культам расліннасці. Асноўным усё ж такі застаецца Сонца, бо росквіт расліннасці і ўсіх сіл зямлі напрамую залежыць ад Сонца. Тыя ж вянкі, якія дзяўчаты пускаюць у ваду, — гэта таксама сімвалы сонца.
Паходжанне свята Купалле і яго назвы большасць сучасных даследчыкаў звязваюць з ачышчальным агнём і салярнымі ўяўленнямі старажытных людзей. Купальскія вогнішчы мелі сакральнае значэнне. Як адзначыў А. А. Патабня, яны здольныя былі “даваць ураджай, выганяць смерць не самі па сабе, а таму што ўвасабляюць сонца. Менавіта да Сонца і звяртаецца купальская песня:
Сягодня й Купала, заўтра Ян,
Ды зайграй, сонейка, зайграй нам,
Каб зялёны лугі шумелі,
Каб сырая зямля стагнала.
Каб сырая зямля стагнала
Да й ад дзявоцкага гуляння,
Да й ад жаноцкага спявання [9, с. 350].
У калядных і валачобных песнях Сонца ўвасабляе ідэальную гаспадыню, Месяц — ідэальнага гаспадара. Зоркі — іх дзеткі. Вось калядная песня “Пасярод двара”:Пасярод двара
Залата гара,
А на той гарэ
Церамок стаіць,
А ў тым церамку
Тры ваконечкі.
Адно ваконца —
Яснае сонца,
Другое ваконца —
Дробныя звёзды,
Трэцяе ваконца —
Ясны месяц.
Ясны месячык —
Сам пан гаспадар,
Яснае сонейка —
То яго жана,
Дробныя зорачкі —
То яго дзеткі.
Дзе ж мы ні былі,
Дзе ж мы ні хадзілі,
Такога дзіва
Зроду не бачылі,
Як у цябе,
пане гаспадар,
Пасярод двара
Залата гара.
У жніўных песнях стомленая доўгай нялёгкай працай жняя звяртаецца да сонца як да жывой істоты з папрокам, што яно “неспагадлівае”: рана ўзыходзіць, не спагадае жнеям, а ў іх “сталяны сярпочкі прытупіліся, … белыя ручкі прытаміліся, … ды прыганятыя прыбракаліся”. Жняя заклікае вецер як міфалагічную істоту, каб ён не ляжаў у полі “паміж горачак у разоры”, а ўстаў “памаленьку”, павеяў “паціхеньку”, развеяў “хмарачку цямненьку”… Жнейка просіцца адпусціць яе дадому: у яе “дзетак многа: што куточак, то сыночак, на пакуцці дзевяць дочак”:
Да пара дамоў, пара,
Пагубіла ключы зара.
Сонца ўзышло, ключы знайшло.
— Сонейка маё яснае,
Трэба неба адамкнуць,
Поле расой апусціці,
Бо іх хаткі халодны,
Бо іх дзеткі галодны… [7, с. 460].
Часам сонца размаўляе са жнейкай, якая скардзіцца, што яно не спагадае ёй: раненька ўсходзіць — яе на полі знаходзіць, позненька заходзіць — яе на полі пакідае. Сонейка адказвае:
— Чым жа я таму вінавата,
Што твая гаспадынька
Цябе рана пабуджаіць
І на поле высалаіць?
(песня “Дзеванька-сіротанька”) [17, с. 94].
Агульнавядома, што культ Сонца адыграў немалаважную ролю ў фарміраванні веснавой і летняй абраднасці. Абрад “гукання вясны” мае выразныя аграрна-магічныя рысы. Паколькі асноўнай прыроднай сілай, якая адлюстроўвала жыватворны пачатак, было сонца, менавіта яму і адводзіцца вядучае месца ў песнях веснавога цыклу. На першым месцы ў веснавым цыкле знаходзіцца земляробчы культ. Сонца толькі “дапамагала” або “запрашалася на дапамогу” нашымі продкамі. Надыход вясны суправаджаўся адпаведна традыцыйнымі песнямі і абрадамі, якія мелі пэўны магічны падтэкст у адносінах да будучага ўраджаю. Можна меркаваць, што звычай выпякаць вясной з цеста фігуркі жаўрукоў або буслоў і з’ядаць іх ёcць не што іншае, як амаль забытая мадыфікацыя ахвярнай птушкі, якая існавала ў старажытнасці і заключалася ў тым, што вясну ў вобразе птушкі лавілі і прыносілі ў ахвяру богу сонца, а пазней гэткія паднашэнні рабілі і самому сонцу, у хрысціянскі перыяд злоўленых птушак выпускалі на волю.
Валачобныя песні віншавальна-велічальныя творы веснавога цыкла каляндарна-абрадавай паэзіі — каштоўны помнік духоўнай спадчыны беларускага народа, яскравая і характэрная яе адметнасць. Вяліклдзень — гэта вялікае свята канчатковай перамогі дабра і хараства над злом, сцюжай, велічнага бога сонца над богам цемры і холаду. Вялікдзень заўсёды прымеркаваны да першай поўні, якая надыходзіла пасля веснавога раўнадзенства. Да гэтага часу ажывала прырода, пачыналіся першыя палявыя работы. Таму ў валачобных песнях ухваляецца будучы ўраджай, звязаная з ім сельскагаспадарчая праца і сонца, ад якога залежыць жыццё і дабрабыт людзей. А адбітак салярнага культу ў светапоглядзе селяніна ўзмацняе гэты гуманістычны пачатак і, дапасаваўшыся да земляробчага культу, дапаўняе старажытныя ўяўленні аб навакольным свеце, прадметы і з’явы якога характарызуюцца па аналогіі з жыццём чалавека. Так, сонца ў валачобных песнях паўстае як трыдзіная крыніца жыцця, ураджаю і дабрабыту, яно параўноўваецца з вялікай матэрыяльнай каштоўнасцю — золатам, якое падобна з ім па колеру.
0 комментариев