БЕЛАРУСКІ ДЗЯРЖАЎНЫ УНІВЕРСІТЭТ ІНФАРМАТЫКІ І РАДЫЁЭЛЕКТРОНІКІ

Кафедра беларускай і рускай моў ФДП і ПА

Рэферат на тэму:

«БІЛІНГВІЗМ. МОЎНАЯ ІНТЭРФЕРЭНЦЫЯ»

Мiнск, 2008


1. СУТНАСЦЬ І АСАБЛІВАСЦІ БІЛІНГВІЗМУ

Праблема моўнага жыцця ў нашай рэспубліцы сёння адносіцца да адной з найбольш актуальных і складаных. Разам з тым гэта праблема існуе не толькі ў нашай краіне, але і ў гісторыі суіснавання іншых народаў, іх культур і моў у шматнацыянальных краінах наогул.

Паводле даных Акадэміі навук Францыі, насельніцтва зямнога шара гаворыць не менш чым на 2796 мовах, якія аб’ядноўваюцца ў 11 вялікіх і каля 50 малых моўных груп, а ўсе, хто гаворыць на гэтых мовах, выкарыстоўваюць ад 7 да 8 тысяч дыялектаў. Нямецкія ж вучоныя сцвярджаюць, што сучасныя народы свету гавораць на мовах, колькасць якіх перавышае 4000, а ўсяго навуцы вядома каля 6000 жывых і мёртвых моў.

Стварэнне моўнай карты свету з кожным днём становіцца справай усё больш цяжкай, бо практычна на Зямлі няма аднамоўных краін і нават буйных гарадоў. Напрыклад, Лондан англійскія вучоныя называюць “лінгвістычным Вавілонам”, бо, паводле звестак міністэрства адукацыі Вялікабрытаніі, у ім гавораць на 147 мовах, хоць, зразумела, найбольш на англійскай. Тлумачыцца гэта тым, што выхадцы з былых брытанскіх калоній прывезлі з сабой і свае мовы.

Іншым прыкладам можа быць Швейцарыя: краіна такая ёсць, а мовы швейцарскай няма. На захадзе гэтай рэспублікі гавораць па-французску, на поўдні – па-італьянску, а ў большасці кантонаў – па-нямецку, прычым у кожным “нямецкім” кантоне свой дыялект (гл.: Маршэўская, 2003, 210).

Няма, як вядома, і амерыканскай мовы. Дзяржаўнай мовай 16 краін Паўднёвай і Цэнтральнай Амерыкі з’яўляецца іспанская мова. Дзве буйнейшыя дзяржавы Новага Свету (Злучаныя Штаты Амерыкі і Бразілія) – англа- і партугаламоўныя. Ні адна з краін Амерыкі не карыстаецца сваёй спрадвечнай мовай. Арабская мова стала мовай рада культурна розных народаў ад Індыйскага да Атлантычнага акіяна. Большасць былых калоній прыняла мову колішніх каланізатараў, а Індыя з яе надзвычай багатай культурай і вялікімі традыцыямі назвала англійскую мову адной з дзяржаўных. Нават у Старым Свеце, у Еўропе рад краін не мае сваёй спрадвечнай мовы. Няма мовы бельгійскай: у Фландрыі гавораць на фламандскай, а ў Валоніі – на французскай мове. У Аўстрыі карыстаюцца нямецкай мовай, у Люксембургу – нямецкай і французскай. Цікавае становішча склалася ў былой шматнацыянальнай Югаславіі, дзе Сербія, Харвація, Боснія, Герцагавіна і Чарнагорыя карыстаюцца адной мовай – сербахарвацкай. З другога боку, не толькі народы Шатландыі, Уэлса, якія ўваходзяць у склад Вялікабрытаніі, але і народ Ірландскай рэспублікі перайшоў на англійскую мову (гл.: Мартынаў, 1989, 13).

Зразумела, што зберажэнне сваёй спрадвечнай мовы і спрадвечнай культуры – факт пазітыўны, але ў рэальнай гісторыі чалавецтва ён хутчэй выключэнне, чым правіла. Народы свету знаходзяцца ў пастаянным кантакце адзін з адным, асабліва этнасы суседнія, якія часта маюць адну тэрыторыю пражывання або знаходзяцца ў складзе адной дзяржавы. Моўныя кантакты, якія дыктуюцца эканамічнымі, культурнымі і іншымі сувязямі, патрабуюць вывучэння і выкарыстання ў моўнай практыцы дзвюх і больш моў. Існуюць і іншыя матывы авалодвання дзвюма ці некалькімі мовамі (атрыманне адукацыі, патрэбы навуковай дзейнасці і г.д.).

Не з’яўляецца выключэннем і Рэспубліка Беларусь, таму што яна таксама ўяўляе сабой шматнацыянальную дзяржаву з шырока распаўсюджаным двухмоўем (білінгвізмам).

Звернемся, аднак, спачатку да азначэння паняцця двухмоўя. Згодна з У.Вайнрайхам, двухмоўе – гэта практыка папераменнага карыстання дзвюма мовамі. В.Д. Бандалетаў дае больш падрабязную характарыстыку двухмоўя. Параўн.: “Білінгвізм (лац. bi- два, lingua- мова) – гэта двухмоўе, г. зн. суіснаванне ў чалавека ці ва ўсяго народа дзвюх моў, звычайна першай – роднай, і другой – набытай”. Калі веданне дзвюх моў уласціва асобным членам соцыуму, то гэта індывідуальны білінгвізм, калі двухмоўнымі з’яўляюцца цэлыя групы, калектывы, то гаворка ідзе пра калектыўны білінгвізм, калі ж двухмоўе пашырана сярод усіх прадстаўнікоў нацыі, то гэта нацыянальны білінгвізм. Пры нацыянальным білінгвізме ў краіне афіцыйна прызнаюцца дзве дзяржаўныя мовы (у Беларусі – беларуская і руская, у Фінляндыі – фінская і шведская, у Канадзе – англійская і французская).

Калі дзве мовы ўжываюцца ізалявана адна ад другой (напрыклад, на працы – адна мова, дома – другая), то гаворка ідзе пра чысты білінгвізм, калі ж дзве мовы ўжываюцца ўперамешку (залежыць ад камунікатыўнай сітуацыі), то гэта змешаны білінгвізм. Змешаны ў сваю чаргу падзяляецца ў залежнасці ад ступені разумення носьбітам мовы няроднай мовы на рэцэптыўны (чалавек разумее другую мову, але не можа на ёй гаварыць), рэпрадуктыўны (чалавек разумее другую мову, аднаўляе тэкст) і прадуктыўны (чалавек разумее другую мову, аднаўляе тэкст і самастойна будуе на ёй сказы).

Індывідуальнае двухмоўе не абавязкова абазначае масавае двухмоўе, і, наадварот, нацыянальнае двухмоўе можа існаваць пры індывідуальным аднамоўі. Напрыклад, Швейцарыя – шматмоўная краіна, у якой дзяржаўнымі з’яўляюцца нямецкая, французская, італьянская і рэтараманская мовы. Аднак большасць жыхароў гэтай краіны валодаюць толькі якой-небудзь адной з названых вышэй моў (гл.: Лукашанец, 1989, 18-19).

Двухмоўе – з’ява складаная, шматбаковая. Яна можа разглядацца ў трох аспектах: псіхалагічным, педагагічным і сацыялінгвістычным.

Псіхалагічны аспект двухмоўя звязаны з асаблівасцямі псіхалагічнага складу індывіда, з яго разумовымі здольнасцямі, з праблемамі пераключэння з аднаго моўнага кода на другі.

Педагагічны бок двухмоўя закранае розныя аспекты навучання другой мове, у тым ліку і ўплыў адной мовы на працэс засваення другой.

Сацыялінгвістычны аспект грунтуецца на такіх параметрах, як:

-   сфера выкарыстання першай і другой мовы;

-   ступень авалодання мовамі;

-   набор сацыяльна-функцыянальных кампанентаў моў, якія выкарыстоўвае двухмоўны індывід (літаратурная мова, дыялект, жаргон і г.д.)

-   размеркаванне камунікатыўных функцый паміж мовамі;

-   кантынгент ахопленых двухмоўем членаў соцыуму і шырыня выкарыстання другой мовы;

-   ацэнка двухмоўнымі індывідамі ўласнага двухмоўя як сацыяльна-лінгвістычнага феномена.

На тэрыторыі Беларусі, як сведчаць шматлікія факты, розныя тыпы двухмоўя і нават шматмоўя заўсёды былі важнымі элементамі гісторыі беларускага народа. Так, у перыяд Вялікага княства Літоўскага існавала беларуска-царкоўнаславянскае пісьмовае і вуснае двухмоўе, якое ўзнікла яшчэ ў старажытнарускую эпоху. Значна мацней праяўлялася беларуска-польскае двухмоўе, што працягвалася амаль чатыры стагоддзі. Даволі адчувальным было таксама беларуска-лацінскае двухмоўе, уласцівае пераважна адукаваным колам насельніцтва. Практыкавалася беларуска-татарскае, беларуска-яўрэйскае, беларуска-літоўскае двухмоўе і інш. Што датычыцца беларуска-рускага двухмоўя, то ўмовы для яго зараджэння ўзніклі некалькі пазней, у канцы XVIII ст., калі пасля далучэння Беларусі да Расіі руская мова стала дзяржаўнай і на яе тэрыторыі (гл.: Булыка, 1989, 4).

Такім чынам, моўная сітуацыя на Беларусі ў пэўныя гістарычныя перыяды характарызавалася як шматмоўная.

Сучасная моўная сітуацыя на Беларусі характарызуецца пераважна суіснаваннем і выкарыстаннем беларускай і рускай моў і можа быць вызначана як беларуска-рускае двухмоўе. Нацыянальнае беларуска-рускае двухмоўе прадстаўлена:

-  індывідуальным беларуска-рускім двухмоўем, калі побач з роднай беларускай мовай двухмоўны індывід выкарыстоўвае і рускую мову;

-  руска-беларускім двухмоўем, калі побач з рускай мовай двухмоўны індывід выкарыстоўвае беларускую мову;

-  індывідуальным беларускім ці рускім аднамоўем.

Побач з беларуска-рускім двухмоўем на тэрыторыі Беларусі ў месцах сумеснага пражывання беларусаў з палякамі, літоўцамі, латышамі, украінцамі існуе беларуска-польскае, беларуска-літоўскае, беларуска-латышскае, беларуска-ўкраінскае двухмоўе. Для небеларускага насельніцтва яно мае характар польска-беларускага, літоўска-беларускага, латышска-беларускага і г.д. Паколькі ў гэтых раёнах функцыянуе і руская мова, можна гаварыць, напрыклад, пра мясцовае беларуска-польска-рускае і г.д. шматмоўе.

Сёння і беларуская, і руская мовы выкарыстоўваюцца ў большасці важнейшых сфер, аднак у колькасных адносінах пераважае ўсё ж руская. Такое становішча ахарактарызаваў у свой час В. фон Гумбальт, які зазначыў, што “мова народа ёсць яго дух, а дух народа ёсць яго мова, і цяжка ўявіць сабе што-небудзь больш тоеснае”. У мове акумулюецца духоўная энергія народа. Яна з’яўляецца галоўнай адзнакаю і сімвалам нацыі. Мова – генетычны код нацыі, яна яднае мінулае з сучасным, праграмуе будучыню і забяспечвае быццё нацыі ў вечнасці.


Информация о работе «Білінгвізм. Моўная інтэрферэнцыя»
Раздел: Иностранный язык
Количество знаков с пробелами: 22114
Количество таблиц: 0
Количество изображений: 0

0 комментариев


Наверх