8. Утварэнне СССР. Месца БССР у складзе СССР
Пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі народы былой Расійскай імперыі атрымалі права на нацыянальнае самавызначэнне і прыступіліся да яго рэалізацыі. З моманту ўзнікнення нацыянальных савецкіх рэспублік пры дамінуючай ролі РСФСР яны наладжвалі палітычныя, эканамічныя, ваенныя і іншыя сувязі. У гады грамадзянскай вайны паміж імі ўзнік ваенна-палітычны саюз. На яго ўмацаванне быў скіраваны дэкрэт УЦВК РСФСР ад 1 чэрвеня 1919 г. "Аб аб’яднанні Савецкіх рэспублік Расіі, Украіны, Латвіі, Літвы, Беларусі для барацьбы з сусветным імперыялізмам". Гэты вопыт даў плён і яго было вырашана скарыстоўваць і пасля вайны.
Далейшую інтэграцыю абумоўлівала наяўнасць агульнай камуністычнай партыі бальшавікоў. Акрамя таго, у шэрагу выпадкаў паміж рэспублікамі заключаліся двухбаковыя дагаворы, якія прадугледжвалі аб’яднанне дзяржаўных органаў. Так, падпісаны 16 студзеня 1921 г. дагавор паміж РСФСР і БССР прызнаваў незалежнасць і суверэнітэт Беларусі і разам з тым прадугледжваў стварэнне 7 аб’яднаных наркаматаў. У мэтах каардынацыі гаспадарчай і культурнай дзейнасці пры ўрадзе РСФСР было створана прадстаўніцтва БССР.
Яшчэ адна форма аб’яднання рэспублік узнікла ў Закаўказзі, дзе вясной 1922 г. прадстаўнікі заканадаўчых органаў Азербайджана, Арменіі і Грузіі зацвердзілі дагавор аб стварэнні Федэратыўнага Саюза Сацыялістычных Савецкіх Рэспублік пад агульным кіраўніцтвам Саюзнага Савета.
Летам 1922 г. бальшавікі Ўкраіны, Беларусі і Закаўказзя ў пошуках шляхоў больш шчыльнага аб’яднання з РСФСР звярнуліся ў ЦК РКП(б) з прапановай распрацоўкі прынцыпаў і формаў адзінай савецкай дзяржавы. Неадкладна для вырашэння гэтага пытання з прадстаўнікоў ЦК РКП(б) і ЦК саюзных рэспублік была сфарміравана камісія Аргбюро ЦК РКП(б) у складзе І. Сталіна (старшыня), Г. Арджанікідзе, С. Кірава, В. Куйбышава, В. Молатава, А. Мяснікова, Г. Пятроўскага, А. Чарвякова і інш. Праект «аўтанамізацыі», прапанаваны І. Сталіным, прадугледжваў абвяшчэнне РСФСР дзяржавай, у якую мусілі ўвайсці на правах аўтаномных рэспублік УССР, ЗСФСР, БССР. Беларускім бальшавікам была даспадобы гэтая мадэль дзяржаўнага аб’яднання.
Да канца верасня 1922 г. зацверджаны камісіяй праект «аўтанамізацыі» быў прадстаўлены ў ЦК РКП(б). Кастрычніцкі партыйны Пленум, разгледзеўшы рэкамендацыі камісіі, падтрымаў заўвагі Ў. Леніна, які выказаўся супраць празмернага цэнтралізму, за наданне суверэнітэту і атрыбутаў незалежнасці кожнай рэспубліцы як абавязковай умовы згуртавання народаў. Правадыр прапанаваў форму федэратыўнага саюза як дабрахвотнага і раўнапраўнага аб’яднання самастойных савецкіх рэспублік; падзел сфер і аб'ектаў кіравання на агульна-саюзныя, рэспубліканскія і сумесныя.
30 лістапада 1922 г. Палітбюро ЦК РКП(б) зацвердзіла «Асноўныя пункты Канстытуцыі Саюза Савецкіх Сацыялістычных Рэспублік». Стаўленне рэспублік да ўтварэння СССР былі выказаны на рэспубліканскіх з'ездах Саветаў. Усе чатыры рэспублікі – РСФСР, УССР, БССР, ЗСФСР падтрымалі гэтую ідэю. На IV Усебеларускім з’ездзе Саветаў 14-18 снежня 1922 г. была прынята пастанова аб утварэнні СССР і зацверджаны асноўныя пункты яго Канстытуцыі. Дэлегаты ўсведамлялі значэнне адзінства дзеянняў савецкіх рэспублік у барацьбе за ўсталяванне новага грамадскага ладу, неабходнасць стварэння адзінага рабоча-сялянскага фронту ўсіх савецкіх рэспублік «супраць адзінага фронту сусветнага капіталу». Такое аб’яднанне, на іх думку, павінна было быць створана на асновах роўнасці, цеснай палітычнай і гаспадарчай сувязі, у той самы час – забяспечваць самастойнае нацыянальна-культурнае будаўніцтва. У пастанове асабліва падкрэслівалася важнасць саюза працоўных рэспублік у іх барацьбе за камунізм. Аднадушнае галасаванне дэлегатаў Усебеларускага з’езда Саветаў за заканадаўчае афармленне «ўжо фактычна існуючага Саюза Савецкіх Сацыялістычных Рэспублік» было падтрымана на партыйных канферэнцыях, 6 павятовых і 116 валасных з'ездах Саветаў, сходах працоўных. 18 снежня 1922 г. Пленум ЦК РКП(б) абмеркаваў праект Дагавора аб утварэнні Саюза ССР і прапанаваў склікаць з’езд Саветаў СССР.
У Маскву на Ўсерасійскі з’езд Саветаў была адпраўлена дэлегацыя БССР у складзе 33 чалавек. Сярод делегатаў былі: А. Чарвякоў (старшыня ЦВК і СНК БССР), В. Багуцкі, Ш. Ходаш, А. Славінскі, Я. Адамовіч, У. Ігнатоўскі і інш. РСФСР прадстаўляла 1 727 дэлегатаў, Украіну – 364, Закаўказскую федэрацыю – 91.
30 снежня 1922 г. дэлегаты канстытуявалі сябе як Першы з'езд Саветаў Саюза ССР. У. Ленін, які не мог прысутнічаць з-за хваробы, быў абраны яго ганаровым старшынёй. З дакладам аб утварэнні СССР выступіў народны камісар па справах нацыянальнасцей І. Сталін. Дэлегаты зацвердзілі Дэкларацыю і Дагавор аб утварэнні СССР у складзе РСФСР, УССР, БССР, Закаўказскай СФСР (у складзе Азербайджанскай ССР, Армянскай ССР, Грузінскай ССР). Дакумент вызначаў парадак уваходжання асобных рэспублік у склад СССР, права свабоднага выхаду, кампетэнцыю вышэйшых органаў дзяржаўнай улады. Канчатковае зацвярджэнне прынятых дакументаў павінна было адбыцца на Другім з’ездзе Саветаў СССР. Дэлегаты абралі вярхоўны орган улады Саюза ССР у перыяд паміж з’ездамі – Цэнтральны Выканаўчы Камітэт з 371 чал. У яго склад увайшлі: ад РСФСР – 270, УССР – 88, ЗСФСР – 26, БССР – 7 членаў. Старшынямі ЦВК былі абраны: М. Калінін – ад РСФСР, Р. Пятроўскі – ад УССР, Н. Нарыманаў – ад ЗСФСР, А. Чарвякоў – ад БССР. Старшынёй саюзнага ЦВК быў абраны М. Калінін, а кіраўніком урада (СНК) У. Ленін.
Такім чынам, у свеце ўзнікла новая дзяржава – СССР, пабудаваная на прынцыпах пралетарскага інтэрнацыяналізму, народаўладдзя і сацыяльнай справядлівасці. Прынятая ў студзені 1924 г. Канстытуцыя прадугледжвала арганізацыю 10 саюзных наркаматаў, Вярхоўнага суда і Аб’яднанага дзяржаўнага палітычнага ўпраўлення (АДПУ), вызначаў асновы ўзаемаадносін паміж вышэйшымі органамі ўлады СССР і саюзных рэспублік.
У Канстытуцыі СССР 1924 г. заяўлялася аб абмежаванні суверэнітэту саюзных рэспублік па пунктах, аднесеных да кампетэнцыі Саюза. Канстытуцыя змяшчала наменклатуру службовых асоб Савета Народных Камісараў Саюза ССР. У яго ўваходзілі старшыня, яго намеснікі, 10 народных камісараў. Прадугледжваўся інстытут упаўнаважаных некаторых саюзных наркаматаў.
Для БССР утварэнне Саюза ССР мела свой асобы станоўчы сэнс таму, што тым стваралася магчымасць вяртання ў яе склад тэрыторый, якія з 1919 г. знаходзіліся ў складзе РСФСР. Першымі, хто ўзняў гэтае пытанне перад ЦК РКП(б) у чэрвеня 1923 г. былі А. Чарвякоў, У. Ігнатоўскі, В. Багуцкі. У выніку ўжо ў верасні 1923 г. Палітбюро ЦК РКП(б) прыняло пастанову аб неабходнасці далучэння да БССР усёй Віцебскай губ., большасці паветаў Гомельскай і двух паветаў (Мсціслаўскага і Горацкага) Смаленскай губ.
3 сакавіка 1924 г. ЦВК РСФСР выдаў дэкрэт аб перадачы БССР раенаў з пераважаўшым беларускім насельніцтвам. У выніку ў склад БССР увайшлі 8 паветаў былой Віцебскай, 6 паветаў Магілёўскай і 2 паветы Смаленскай губ. У выніку гэтага так званага «першага ўзбуйнення» – тэрыторыя БССР павялічылася з 55, 2 тыс да 110, 584 тыс км кв., а колькасць насельніцтва – з 1 554 570 да 4 171 886 чал.
26 верасня 1926 г. ЦК КП(б)Б накіраваў на адрас ЦК УКП(б) ліст „Аб пашырэнні граніц БССР» с прапановай далейшага вырашэння гэтай праблемы. У выніку ў адпаведнасці з пастановай ЦВК РСФСР ад 6 снежня І926 г. адбылося «другое ўзбуйненне БССР», калі яе межы пашырыліся за кошт Гомельскага і Рэчыцкага паветаў У выніку яе тэрыторыя павялічылася яшчэ на 15 727 кв. км., а насельніцтва – на 649 тыс. чалавек. Летам 1927 г. тэрыторыя рэспублікі падзялялася на восем акруг: Аршанскую, Бабруйскую, Гомельскую, Віцебскую, Мінскую, Магілёўскую, Мазырскую і Полацкую.
Тэрытарыяльная, этнічна-культурная, эканамічнае і агульнадзяржаўная кансалідацыя БССР суправаджалася ўмацаваннем яе канстытуцыйна-прававой сістэмы. Яшчэ да прыняцця новай Канстытуцыі VI Усебеларускі Надзвычайны з'езд Саветаў 16 сакавіка 1924 г. стварыў вярхоўны орган улады паміж з’ездамі – ЦВК Саветаў БССР у складзе 120 членаў і 30 кандыдатаў (старшыня А. Чарвякоў), які сфарміраваў выканаўчы орган – СНК – у складзе старшыні (М. Галадзед), яго намесніка, старшыні Савета Народнай Гаспадаркі, 9 наркомаў і 5 упаўнаважаных народных камісарыятаў СССР.
Канстытуцыя Беларускай ССР, прынятая 11 красавіка 1927 г. VІІІ Ўсебеларускім з’ездам Саветаў, пацвярджала статус Беларускай ССР як сацыялістычнай дзяржавы дыктатуры пралетарыяту і замацавала яе ўваходжанне ў СССР. У сувязі з беларусізацыяй Канстытуцыя абвяшчала роўнасць беларускай, яўрэйскай, рускай i польскай моў пры перавазе беларускай у зносінах паміж установамі і арганізацыямі. Замацоўваліся нормы аб нязменнасці граніц рэспублікі, магчымасці дыпламатычных зносін з замежжам, стварэння рэспубліканскіх вайсковых фарміраванняў.
Дзейнасць ЦВК БССР, як і з’ездаў Саветаў, накіроўвалася з’ездамі Камуністычнай партыі і яе ЦК. Невыпадкова таму ў Канстытуцыі БССР выразна адбіліся асноўныя ідэі панаваўшай камуністычнай ідэалогіі, але разам з тым прысутнічалі прыкметы павышэння ўвагі да нацыянальнага жыцця насельніцтва рэспублікі.
Такім чынам, БССР адыграла прыкметную ролю ва ўтварэнні СССР і заняла ў саюзнай дзяржаве сваё пачэснае месца.
Спіс выкарыстаных крыніц
1. Храналогія гісторыі Беларусі / Склад. В. В. Гетад, M. I. Калінскі. 3 - е выд. – Мн., 1992.
2. Доўнар-Запольскі М.В. Гісторыя Беларусі / Беларус. Энцыкл., Нац. Арх. Рэсп. Беларусь; Пер. З рус. Т.М. Бутэвіч, Т.М. Кароткая, Е.П. Фешчанкаю – Мн.: БелЭн, 1994. – 510 с.
3. Шымукович С.Ф. Гiсторыя Беларусi: курс лекцый / С.Ф. Шымукович. – Минск, 2005. – 235 с.
4. Сяменчык М.Я. Гiсторыя Беларусi: курс лекцый / М.Я. Сяменчык – Мн., 2009 г.
5. Гісторыя Беларусі: Вуч. дапаможнік. / Пад рэд. А. П. Ігнаценка. – Мн., 1994.
... былі ўтвораны Прыбалтыйскія рэспублікі. Апошнім акном на граніцы з Польшчай, якое трымалі адкрытым на ўсялякі выпадак, заставалася Беларусь. 1918 г., абвясціла сябе I з’ездам КП(б) Беларусі і прыняла пастанову аб утварэнні Беларускай ССР. Часовы рабоча-сялянскі ўрад узначаліў вядомы літаратар і грамадскі дзеяч З.Жылуновіч (Ц.Гартны). У ноч з 1 на 2 студзеня 1919 г. быў абнародаваны Маніфест аб ...
... жыцця. Калі б не было разгону Устаноўчага сходу, калі б не было неабгрунтаваных памкненняў да падштурхоўвання сусветнай сацыялістычнай рэвалюцыі, а замест гэтага аб'ектыўна ацэнена Кастрычніцкая рэвалюцыя і выпрацаваны тэарэтычна абгрунтаваны паслярэвалюцыйны курс дэяржаўнага, эканамічнага і культурнага развіцця краіны, які адпавядаў бы інтарэсам большасці народаў і служыў асновай для раўнапраў ...
... , што ў краіне пануе "атмасфера агульнага развалу", якая выклікана "ўзмоцненай барацьбой класаў, партый і нацыянальнасцей". Вось чаму неабходна ў нацыянальных раёнах стварыць уладу "народнай дэмакратыі". У адрозненне ад беларускіх нацыянальных партый і арганізацый, якія стаялі на пазіцыі аддзялення Беларусі ад Расіі, БАК арыентаваўся на Расію і лічыў сваёй задачай дасягненне абласной аўтаноміі ў ...
... рэвалюцыйных ідэалаў адчуваў сябе П. Шукайла і ў літаратурнай крытыцы, не прымаючы творчасць В. Маракова, Т. Кляшторнага, А. Дудара, У. Жылкі, А. Вольнага, З. Бандарынай і ўсіх, паводле яго вызначэння, «дударыстых». На беларускую паэзію канца 20-х гадоў адчуваўся ўплыў аднаго з самых таленавітых тагачасных маладых паэтаў Уладзіміра Дубоўкі. Многія паэты бралі эпіграфамі для сваіх твораў радкі з ...
0 комментариев