2. Шляхецкія паўстанні і іх уплыў на палітыку самаўладдзя ў беларускіх губернях
Пасля перамогi над Напалеонам у вайне 1812-1815 гг. да Расii адыйшла частка Польшчы (з Варшавай), якая была вылучана ў так званае «Царства Польскае». Нягледзячы на яго аўтаномнае становішча ў складзе iмперыi, польская шляхта марыла аб адраджэннi РП у межах да 1772 г. і яе поўнай незалежнасці. 29 лістапада 1830 г. пад уздзеяннем чутак аб пасылцы рускай арміі на падаўленне рэвалюцыі ў Францыі ў Варшаве быў здзейснены напад на рэзiдэнцыю царскага намесніка Канстанціна. На наступны дзень, 30 лiстапада сталіца была ў руках паўстанцаў. 20 cнежня сейм апублiкаваў «Манiфест польскага народа» з заклiкам падтрымаць паўстанне, каб "вярнуць сваю незалежнасць і старажытную магутнасць". У Лiтву, на Ўкраiну i Беларусь накiроўвалiся эмiсары. У пачатку лютага 1831 г. на тэрыторыю Польшчы ўступіла руская армiя. У яе тыле – Ашмянскi, Браслаўскi, Вiлейскi, Дзiсенскi, Cвенцянскi паветах сталі cтварацца паўстанцкія камітэты і ўзброеныя атрады. 19 чэрвеня аб’яднаныя сілы паўстанцаў у складзе 24 тыс. чал. на чале з Гелгудам спрабавалі штурмаваць Вiльню, але няўдала. Рускія войскі па сіле і ўзбраенні значна пераўзыходзілі іх. У выніку на пачатку жніўня ўсе ачагі супраціўлення былі ліквідаваны.
Паўстанне па складу ўдзельнiкаў было пераважна шляхецкiм. У значнай ступені яго падтрымлівалі тыя жыхары, якія ўсведамлялі сябе палякамі. Пад Вільняй у партызанскіх атрадах дзейнічалі гаражане і студэнты. Рэкрутаваныя ў паўстанцкія атрады сяляне не выяўлялі зацікаўленасці ў барацьбе.
Пасля падаўлення паўстання ўсе атрыбуты польскай аўтаноміі былі скасаваны, а Царства Польскае падзелена на губернi. У 1831 г. было забаронена выкарыстанне Статуту ВКЛ спачатку ў Вiцебскай i Магiлёўскай, а затым i у заходніх губернях. У 1832 г. «для навядзення парадку» быў створаны так званы Заходнi камiтэт. У лiку яго пастаноў стала ўвядзенне ў справаводства рускай мовы замест польскай. У 1832 г. быў закрыты Вiленскi унiверсiтэт як ачаг антырасiйскiх настрояў. Закрывалiся польскiя школы пры касцёлах. Ва ўсiх астатніх школах навучанне стала весціся па-руску.
За дапамогу паўстанцам 191 каталіцкі кляштар з 304 быў зачынены або ператвораны ў прыход. Ксяндзам забаранялася адлучацца ад сваiх прыходаў. Каб зменшыць уплыў палякаў на беларусаў, 23 сакавіка 1839 г. Сінод прыняў пастанову аб далучэнні ўніятаў да праваслаўнай царквы. У выніку самая масавая канфесія на Беларусі перастала існаваць. З 1840 г. назвы «лiтоўскi», «беларускi» сталi знiкаць з дакументальнага ўжытку. Замест iх укаранялася назва «Паўночна-Заходнi край». Менавiта з таго часу назвы «Лiтва», «лiтоўскi» сталі замацоўвацца за тэрыторыяй i Ковеншчыны.
Да следства за ўдзел у паўстанні ў беларуска-літоўскіх губернях было прыцягнута 2 878 чалавек. У дзяржаўны фонд было канфіскавана шляхецкіх 217 маёнткаў. Адначасова пачалася другая хваля «разбору шляхты». Хто не здолеў даказаць свайго высакароднага паходжання, быў абавязаны выконваць рэкруцкую і іншыя павiннасцi.
Такім чынам, пасля падаўлення паўстання 1830-1831 гг. польская супольнасць Беларусі істотна пацярпела ад рэпрэсіўнай палітыкі ва ўсіх галінах яе жыццядзейнасці. Ускосна гэта палітыка закранула і беларускую шляхту. Тым не менш 1830-1831 гг. было не апошняй спробай палякаў аднавіць незалежнасць. У 1861 г. пачаўся новы ўздым іх нацыянальна-вызваленчай барацьбы. Як і раней, асноўная сіла змагароў рэкрутавалася са шляхты, у тым ліку літоўскай і беларускай. Удзельнікі руху падзяляліся на два лагеры – «белых» і «чырвоных». Да першых належалі арыстакраты, буржуа і каталіцкая вярхушка. Другія прадстаўлялі дробную шляхту, інтэлігенцыю, працоўных. Кожны з лагераў бачыў свой шлях да дасягненні мэты: белыя – праз маральнае і міжнародна-дыпламатычнае ўздзеянне на царскі ўрад, а чырвоныя – праз узброенае паўстанне. Летам 1862 г. у Варшаве быў створаны Цэнтральны нацыянальны камітэт (ЦНК). Падпарадкаваным яму цэнтрам падрыхтоўкі паўстання на Беларусі і ў Літве быў Лiтоўскi правiнцыяльны камiтэт (ЛПК). Кастусь Калiноўскі (1838-1864), які ў кастрычніку 1862 г. узначаліў ЛПК, асноўную сілу ў барацьбе супраць царызму бачыў не ў шляхце, а ў беларускіх сялянах. Менавіта на іх і была разлічана газета "Muzуckaja prauda».
Вымушаны выступіць заўчасна ЦНК 10 студзеня 1863 г. абвясціў сябе Нацыянальным урадам і заклікаў суайчыннікаў да ўзброенай барацьбы за вызваленне ад царскага прыгнёту. Са свайго боку ЛПК выступіў у падтрымку паўстання і абвясціў сябе Часовым урадам Літвы i Беларусі. Характэрна, што ЦНК не давяраў К. Каліноўскаму як прыхільніку распальвання сялянскай вайны і прызначыў на другаступенную пасаду камісара Гродзенскага ваяводства.
У сакавіку-красавіку 1863 г. паўстанцкія атрады пачалі баявыя дзеянні на Беларусі. У той самы час праз цэрквы і сельскія сходы сялян пераконвалі, быццам польская шляхта імкнецца аднавіць прыгоннае права. У цэлым разлік К. Каліноўскага на масавы прыток беларускіх сялян не спраўдзіўся. У Гродзенскай губерні іх доля сярод паўстанцаў складала больш за 33%, Віленскай – 27, Мінскай – 20, Магілёўскай – 13, Віцебскай – толькі 7%. Асноўную масу барацьбітоў за незалежную РП складала малазямельная і беззямельная шляхта, чыноўнікі, інтэлігенцыя, студэнты і іншыя асобы. Паўстанцы прытрымліваліся партызанскай тактыкі баявых дзеянняў, імкнучыся з найменшымі для сябе стратамі нанесці ўрон рэгулярнаму войску. Так, 24 красавіка атраду Звяждоўскага ўдалося выбіць праціўніка з г. Горы-Горкі.
У маі 1863 г. месца віленскага генерал-губернатара заняў генерал М. Мураўёў, прызначаны начальнікам Паўночна-Заходняга края з надзвычайнымі, дыктатарскімі паўнамоцтвамі. Важным сродкам падаўлення антыўрадавых настрояў сярод сялянства паслужыў яго ўказ аб скасаванні «часоваабавязанага стану», вяртанні адабраных у ходзе рэформы сялянскіх зямель, скарачэнні (на 20%) выкупных плацяжоў.
Свае асноўныя намаганні М. Мураўёў скіраваў на разгром паўстанцаў, колькасць якіх дасягала 15 тыс. На працягу вяснылета сіламі 40-тысячнага войска з артылерыяй лакальныя ачагі супраціўлення былі падаўлены. За публічнае пакаранне паўстанцаў на шыбеніцах за Мураўёвым замацавалася прозвішча «Вешальнік». Так, 123 удзельнікаў паўстання былі павешаны ці расстраляны, 3 776 чалавек высланы ў Сібір, 12 355 пастаўлены пад нагляд паліцыі. 22 сакавіка 1864 г. у Вільні быў публічна павешаны К. Каліноўскі.
Маёмасць асуджанай шляхты і святарства канфіскоўвалася. Усё маёнткі края, якія належалі шляхце і каталіцкаму духавенства былі абкладзены 10 % падаткам. У краі пачалося пераразмеркаванне зямель на карысць памешчыкаў і сялян праваслаўнага веравызнання. Усе чыноўнікі-палякі, хто выказваў спачуванне паўстанцам, вызваляліся з дзяржаўных пасад. Іх месцы мусілі заняць ураджэнцы расійскіх губерняў, зацікаўленыя высокімі (на 50%) акладамі.
Звязаная з іменем М. Мураўёва другая хваля русіфікацыі суправаджалася выкараненнем польскай мовы з научальных устаноў, кнігавыдавецтва, тэатральных рэпертуараў, закрыццём каталіцкіх школ. Адзіная вышэйшая школа – Горы-Горацкі земляробчы інстытут за сувязь студэнтаў з паўстанцамі быў зачынены. Адначасова для дзяцей праваслаўных сялян сталі адчыняцца шматлікія пачатковыя школы.
Маёмасць многіх касцёлаў перададзена ў дзяржаўны фонд, самі яны былі зачынены, або пераўтвораны ў праваслаўныя храмы. У той самы час пачалося будаўніцтва новых цэркваў паводле прапанаванага М. Мураўёвым праекту – так званых «мураўёвак».
У 1863-1864 г. царскі рэжым выявіў сваю перавагу ва ўсіх сферах барацьбы з польскім нацыянальна-вызваленчым рухам – ваеннай, эканамічнай, знешнепалітычнай, нават ідэйнай. Разам з тым асэнсаванне беларускай шляхтай прычын трагічных для іх вынікаў паўстання набліжала яе да мясцовага жыцця, да свайго народа, яго мовы і культуры. У новых умовах у іх свядомасці лозунг самастойнай Польшчы спалучаўся з лозунгам самастойнай Беларусі. Невыпадкова К. Каліноўскі ў сваіх «Лістах з-пад шыбеніцы», заклікаючы свой народ да далейшага змагання за волю, выказваўся за ўтварэнне самастойнага ўрада для Літвы (Беларусі).
Русіфікацыя края праз абмежаванні вывучэння і выкарыстання польскай мовы ў дзяржаўных установах, развіццё рускай школы, укараненне рускай літаратуры, замену польскага чыноўніцтва рускім, усё гэта і іншае спрыяла ўмацаванню расійскай дзяржаўнасці, што з’яўлялася найбольш істотным і прыкметным наступствам шляхецкіх паўстаннях на Беларусі ў ХІХ ст.
3. Ідэалогія лібералізму, народніцкі і сацыял-дэмакратычны рух на Беларусі Выспяванне нацыянальнай ідэі ў светапоглядзе беларускіх народнікаў
У Заходняй Еўропе ў перыяд пераходу ад феадалізму да капіталізму і яго далейшага развіцця ўзнікла палітычная і ідэалагічная плынь – лібералізм, які выказваў інтарэсы прамысловай буржуазіі па абмежаванні правоў манарха парламентам, устанаўленні канстытуцыйнага ладу і ўдзелу ва ўладзе. Лепшай формай палітычнага ладу лібералы лічылі дэмакратыю, заснаваную на прызнанні прынцыпаў народаўладдзя, свабоду асобы і раўнапраўе грамадзян.
Пэўная частка інтэлігенцыі, заклапочаная паскарэннем грамадскага прагрэсу ў Расіі, звярнула ўвагу на патэнцыяльныя магчымасці сялянства. Тыя з інтэлігентаў, хто ішоў «у народ» (сяліўся ў вёсках), каб узняць яго асветніцкі ўзровень, зваліся народнікамі. Адна іх плынь – ліберальнае народніцтва – выступала за ўдасканаленне асобы і пашырэнне яе правоў, а таксама за ўвядзенне канстытуцыі. Каб прадухіліць магчымы сацыяльны выбух, ліберальныя народнікі заклікалі да мірнай замены «самадзяржаўя цара самадзяржаўем народа» на аснове ўсеагульных выбараў, свабоды слова и свабоды сходаў.
З цягам часу з ліберальнага народніцтва вылучылася рэвалюцыйная плынь, якая лічылі сялянства рэвалюцыйным класам, а сялянскую абшчыну – гатовай ячэйкай будучага сацыялістычнага грамадства. Характэрнай рысай народнiцкай iдэалогii з’яўлялася перапляценне ідэй народаўладдзя з сялянскiм утапiчным сацыялiзмам. Яе прадстаўнікі ставілі на мэце падрыхтоўку ў Расіі сялянскага паўстання і звяржэнне самаўладдзя. Першая народнiцкая арганiзацыя «Зямля і Воля» была створана ў 1861 г. На Беларусi iдэi народнiцтва падзялялi К. Калiноўскi, В. Урублеўскi, З. Серакоўскi.
З-за спрэчак аб тактыкi сваёй дзейнасці народнікі і падзяляліся на тры групоўкі – бунтарскую, змоўшчыцкую і прапагандысцкую. Ідэолагам першай з’яўляўся М. Бакунiн, якi заклiкаў да неадкладнага ўсенароднага паўстання супраць царызму і памешчыкаў. Прыхiльнiкi П. Ткачова выступалi «за палiтычны пераварот з мэтай перадачы ўлады народу». Трэцяя плынь народнiкаў падзяляла думку П. Лаўрова аб неабходнасцi грунтоўнай падрыхтоўкi да рэвалюцыi праз прапаганду.
Намаганнямі А. Міхайлава, Г. Пляханава і інш. у 1876 г. у Пецярбургу была адноўлена дзейнасць нелегальнага таварыства «Зямля i Воля», у якім бралi удзел і студэнты з Беларусi – С. Кавалiк, А. Бонч-Асмалоўскi, І. Грынявiцкi, М. Судзiлоўскi i iнш. У жнiўнi 1879 г. «Зямля i Воля» з-за ідэйных спрэчак раскалолася на «Народную волю» i «Чорны перадзел». На пачатку 1880-х гг. гурткi чорнаперадзельцаў узнiклi у Віцебску, Мiнску, Оршы, Слуцку.
Другая плынь рэвалюцыянераў (А. Жэлябаў, Н. Кібальчыч, А. Міхайлаў, С. Пяроўская, С. Халтурын і інш.) аб’ядналася вакол «Народнай волi», якая паставіла на мэце прымусіць царскі ўрад пайсці на дэмакратычныя рэформы. Асноўным метадам палітычнага ўздзеяння на яго зрабіўся індывідуальны тэрор – фізічнае знішчэнне вышэйшых дзяржаўных асоб. Прыхільнікі гэтай тактыкі спадзяваліся гэтымі забойствамі выклікаць паралік органаў улады, анархію, а ўслед за ім – народную рэвалюцыю. У лiку ўдзельнiкаў «Народнай волi» былі выхадцы з Беларусi. Адзін з іх, І. Грынявіцкі 1 сакавiка 1881 г. кінуў бомбу ў Аляксандра II, смяротна параніўшы яго і сябе.
У студзенi 1882 г. была створана Паўночна-Заходняя арганiзацыя «Народнай волi», якая аб’яднала большасць гурткоў Беларусi, у тым ліку Бабруйска, Вiльнi, Віцебска, Гродна, Магілёва, Мiнска, Оршы, Пiнска. Дзейнасць «Народнай волі» не прынесла тых вынікаў, на якія разлічвалі яе арганізатары і кіраўнікі.
На фоне крызісу народнiцкіх арганізацый у Расіі стала ўмацоўвацца новае вучэнне – марксізм. Яго заснавальнік – К. Маркс (1818-1883) даказваў неабходнасць і магчымасць сусветнай рэвалюцыі, звяржэння буржуазнага ладу, усталявання дыктатуры пралетарыяту і пабудовы сацыялістычнага грамадства. Асноўную ролю ў рэвалюцыі павінен быў адыграць рабочы клас (пралетарыят). У адрозненне ад народнікаў, марксісты не лічылі сялянства рэвалюцыйным класам, тым не менш разглядалі яго як саюзніка ў сумеснай барацьбе супраць самаўладдзя. На Беларусі асноўным асяроддзем распаўсюджання марксiсцкiх iдэй зрабiлiся яўрэйскiя працоўныя. У 1884 г. у лiку першых пачаў працаваць гурток Абрамовiча ў Мiнску. У 1886 г. марксiзм вывучалi ужо каля 130 рабочых. У 1895 г. у горадзе дзейнiчалi 2 сацыял-дэмакратычныя групы, якія ўзначальвалі Я. Гурвiч i C. Трусевiч. Пазней такiя ж гурткі ўзнiклi у Вiльнi, Гродна, Смаргонi, Вiцебску, Гомелi.
На аснове рабочых гурткоў сталi стварацца сацыял-дэмакратычныя арганiзацыі. Узнiкшыя ў Польшчы ў 1882 і 1892 гг. партыі (адпаведна) «Пралетарыят» і «Польская партыя сацыялістычная» (ППС) сталі пашыраць свой уплыў і на Заходнюю Беларусь. Асаблiвай актыўнасцю вызначаўся Лiтоўскi рабочы саюз з аддзяленнямi у Вiльнi, Мiнску i Смаргонi. У жніўні 1900 г. па ініцыятыве Ф. Дзяржынскага адбылося аб’яднанне саюза с польскімі сацыял-дэмакратамі ў адзіную Сацыял-Дэмакратыю Каралеўства Польскага і Літвы (СДКПіЛ).
У прамысловых цэнтрах Расіі таксама ўзніклі сацыял-дэмакратычныя арганізацыі, у тым ліку пецярбургскі «Саюз барацьбы за вызваленне рабочага класа» (1895) на чале з У. Ульянавым (Леніным).
Колькаснае павелiчэнне сацыял-дэмакратычных суполак яўрэйскiх рабочых стварыла ўмовы для ўзнiкнення масавай арганізацыі Бунд – Усеагульнага яўрэйскага рабочага саюза ў Лiтве, Польшчы i Расii (на чале з А. Крэмерам), які быў створаны ў Вiльнi у 1897 г.
Па ініцыятыве ЦК Бунда была прадпрынята спроба ўтварэння агульнарасійскай рабочай партыі. З гэтай нагоды 1-3 сакавiка 1898 г. у Мiнску адбыўся I з’езд 9 дэлегатаў сацыял-дэмакратаў ад буйнейшых арганізацый Расіі, які ў прынятым Маніфесце абвясціў аб утварэнні Расійскай Сацыял-дэмакратычнай партыі. На справе яе яшчэ толькі належала стварыць, чым і заняліся Ў. Ленін, Ю. Мартаў і іншыя.
У 1879-1880 г. у асяроддзі студэнтаў Пецярбургскага ўніверсітэта, выхадцаў з Беларусі, узнікла група «Гоман», якая называла сябе «беларускай мясцовай фракцыяй» партыi «Народная воля». У ліку яе арганізатараў былі І. Грынявіцкі, А. Марчанка, Х. Ратнер, М. Стацкевіч і інш. Значным дасягненнем групы стала выданне ў 1884 г. часопіса «Гомон. Белорусское революционное обозрение» для таго, каб служыць выразнiкам iдэй сацыяльна-рэвалюцыйнай групы беларусаў. У яго першым нумары за студзень–люты абвяшчалася аб праве беларусаў пры захаванні сваёй самастойнасці «заняць у Расіі такое ж месца, якое імкнуцца заняць іншыя больш ці менш буйныя народнасці».
У другім нумары «Гомана», які выйшаў у лістападзе, былі змешчаны больш разгорнутыя характарыстыкі «нашай Радзімы» Беларусі як асобнай «краіны» і саміх беларусаў як «чыстага тыпу славянскага племені», іх арыгінальнай мовы, узаемаадносін з палякамі і вялікаросамі.
Такім чынам, «сацыяльна-палітычная група беларусаў» і іх часопіс папулярызавалі ідэю аб самабытнасці беларускага народа і абгрунтоўвалі яго права на дзяржаўнасць (аўтаномію) у складзе Расійскай федэрацыі. Тым самым яны пераконвалі расійскую грамадскасць у існаванні самабытнага беларускага народа, заяўлялі аб яго месцы сярод іншых народаў і перспектывах далейшага жыцця.
... часу; другія разглядаюць постмадэрнізм як своеасаблівы стыль. Наконт часу ўзнікнення постмадэрнізму існуюць наступныя меркаванні: 1) як пэўны спосаб мыслення мадэрнізм не можа быць замацаваны за канкрэтнай эпохай, бо заяўляў і заяўляе аб сабе ў розныя часы; 2) постмадэрнізм мае свае вытокі ў мастацтве першай паловы ХХ ст., у прыватнасці – у раманах Дж. Джойса «Уліс» (1922) і «Памінкі па Фінегату» ...
... пытанне важнай састаўной часткай еўрапейскай рэвалюцыі, арганізоўваліся акцыі салідарнасці заходнееўрапейскіх рабочых з польскім народам. 2. КАСТУСЬ КАЛІНОЎСКІ – КІРАЎНІК ПАЎСТАНЦАЎ БЕЛАРУСІ І ЛІТВЫ Кастусь Каліноўскі, поўнае імя Вінцэнт–Канстанцін Каліноўскі, нарадзіўся 2 лютага (21 студзеня) 1838 у вёсцы Мастаўляны Гарадзенскага павету (зараз у Беластоцкім ваяводстве Польшчы) у сям'і ...
0 комментариев