Дэкаданс, мадэрнізм, авангардызм и постмадэрнізм як напрамкi лiтаратуры i мастацтва
ЗМЕСТ
1. Дэкаданс, мадэрнізм, авангардызм и постмадэрнізм
1.1 Агульная характарыстыка дэкаданса, мадэрнізму, авангардызму, постмадэрнізму
1.2 Сімвалізм
1.3 Імпрэсіянізм
1.4 Экспрэсіянізм
1.5 Футурызм
1.6 Дадаізм
1.7 Сюррэалізм
1.8 Экзістэнцыялізм
1.9 Школа «плыні свядомасці»
1.10 «Новы раман»
1.11 Драма і тэатр абсурду
СПІС ВЫКАРЫСТАНЫХ КРЫНІЦ
драма тэатр дэкаданс
1. Дэкаданс, мадэрнізм, авангардызм и постмадэрнізм
1.1 Агульная характарыстыка дэкаданса, мадэрнізму, авангардызму, постмадэрнізму
Паняццямі «дэкаданс» «мадэрнізм», «авангардызм» і «постмадэрнізм» вызначаюцца найбольш важныя і характэрныя асаблівасці развіцця «нерэалістычнай» літаратуры еўрапейскага кантынента (і ў прынцыпе ўсяго свету) на працягу апошняй трэці ХІХ ст., а таксама ўсяго ХХ ст.
Адразу зазначым, што ў змястоўным напаўненні дадзеных паняццяў няма адзінства, і часам само ўжыванне іх у дачыненні да тых ці іншых з’яў літаратуры і мастацтва азначанага вышэй перыяду досыць супярэчлівае і спрэчнае.
Цэнтральным у тэрміналагічна-паняційным радзе «дэкаданс – мадэрнізм – авангардызм – постмадэрнізм» з’яўляецца паняцце «мадэрнізм» (ад франц. moderne – сучасны, навейшы). Гэта як бы аснова, своеасаблівая вось, вакол якой размяшчаюцца і рухаюцца астатнія тры паняцці-тэрміны. Дэкаданс пераважнай большасцю айчынных даследчыкаў лічыцца папярэднікам мадэрнізму альбо яго першай стадыяй; авангардызм выступае ў дадзеным выпадку вяршыняй мадэрнізму, яго своеасаблівай квінтэсенцыяй; постмадэрнізм – заключным этапам, тым, што прыйшло на змену мадэрнізму, пасля таго, як ён вычарпаў сябе і сышоў з арэны. Падкрэслім яшчэ раз, што гэта найбольш распаўсюджаны, але не адзіны погляд на агульнае сэнсава-змястоўнае напаўненне дадзеных паняццяў.
Тэрмінам дэкаданс прынята было раней абазначаць «упадніцкія» мастацкія і культурныя з’явы нерэалістычнага характару, якія выявіліся ў заходнееўрапейскай літаратуры апошняй трэці ХІХ ст. Аднак літаратурны дэкаданс, з пункту гледжання сённяшняга літаратуразнаўства, пазбаўленага ідэалагічных клішэ і догм, – «з’ява неардынарная, супярэчлівая, і адналінейнасць у яго ацэнцы немагчымая». Ён не можа служыць дакладным і вычарпальным вызначэннем усяго кола шматстайных і супярэчлівых эстэтычных пазіцый, якія займалі пісьменнікі, паэты і крытыкі ў Францыі, Англіі, Германіі і іншых краінах у гэты перыяд.
На фарміраванне дэкадэнцкага светаўспрымання аказалі ўплыў многія фактары. Асабліва моцна паўздзейнічалі на дадзены працэс новыя філасофскія вучэнні. На першым месцы сярод іх – інтуітывісцкая тэорыя А. Бергсана, псіхааналітычнае, з падсвядомым у цэнтры, вучэнне З. Фрэйда, філасофія Ф. Ніцшэ з апалогіяй звышчалавека.
Радзімай літаратурнага дэкадансу стала Францыя, якая працягвала жыць «хутчэй іншых» (М. Горкі), а пагэтаму прыкметы «ўпадку цывілізацыі» тут абазначыліся раней, чым у іншых еўрапейскіх краінах. Тут жа, у Францыі, склаліся і першыя дэкадэнцкія літаратурныя плыні – сімвалізм і імпрэсіянізм, якія вызначылі развіццё еўрапейскай і ў прынцыпе ўсёй сусветнай літаратуры апошняй трэці ХІХ – пачатку ХХ стст.
З Францыі дэкадэнцтва пайшло паступова распаўсюджвацца па іншых краінах. У Велікабрытаніі рысамі дэкадэнцтва пазначана творчасць прэрафаэлітаў (група мастакоў і паэтаў пад кіраўніцтвам Д. Расеці, якія ў сваіх поглядах і мастацкай практыцы адштурхоўваліся ад італьянскіх мастакоў дарафаэлеўскай эпохі (Джота, С. Бацічэлі); прэрафаэліты арыентаваліся на паэзію Дантэ і англійскіх рамантыкаў; для іх быў характэрным культ прыгажосці, містыка і эратычныя матывы). Пад уплывам дэкадэнцкіх настрояў апынуліся ў пэўнай ступені і такія буйныя еўрапейскія майстры слова, як О. Уайльд, М. Метэрлінк, Р.М. Рыльке і інш. У Расіі дэкадэнцтва адлюстравалася ў творчасці «старэйшых сімвалістаў» (М. Мінскага, Д. Меражкоўскага, З. Гіпіус), а таксама Ф. Салагуба, Л. Андрэева і некат. інш. пісьменнікаў.
Найбольш вызначальныя моманты творчага почырку і паэтыкі дэкадэнтаў – гэта імкненне збегчы (як, дарэчы рабілі ў свае часы рамантыкі) ад рэчаіснасці ў мару альбо ў свой унутраны свет; прадказванне немінуючай пагібелі чалавецтва, бунт супраць сучаснага свету, які не спраўдзіў надзей; выкарыстанне ў якасці асноўнай жанравай формы кароткага лірычнага верша; імкненне да перадачы ў творах асобных фрагментаў быцця з іх «мікрааналізам».
Уласна мадэрнізм з авангардам у цэнтры (сюды даследчыкі адносяць звычайна такія плыні ў мадэрнізме, як футурызм, экспрэсіянізм, дадаізм і сюррэалізм) у якасці завершанай мастацкай сістэмы выступае прыкладна з 20-х гг. ХХ ст.
«Да найбольш паказальных рысаў авангардызму, – лічыць Е. Лявонава, – неабходна аднесці яго паглыбленасць у душэўны свет героя, у свядомасць і нават падсвядомасць чалавека (хаця прадстаўнікамі асобных напрамкаў, напрыклад, экспрэсіянізму, надавалася ўвага і сацыяльнай праблематыцы), перавагу ірацыянальнага над рацыянальным; у першую ж чаргу – гэта радыкальная адмова мастака ад прынцыпу знешняга праўдападабенства, ад эстэтыкі простага пераймання, імітацыі, ад адлюстравання жыцця ў формах і вобразах, адпаведных самому жыццю. Менавіта ў XX ст. гэтая тэндэнцыя заявіла пра сябе надзвычай рашуча, увасобілася ў скіраванасці пісьменніка на жанравы і кампазіцыйна-стылёвы эксперымент, у фармаванні зусім новага тыпу мастакоўскага мыслення, успрымання рэчаіснасці. Сутнасць апошняга – у тым, што аўтар адштурхоўваецца не столькі ад самой рэчаіснасці, колькі ад свайго ўласнага бачання яе, ад свайго ўяўлення аб ёй, нават калі ў ягоным уяўленні і адлюстраванні яна становіцца амаль (ці часам цалкам) непазнавальнай. Галоўнае для мастака-авангардыста – увасобіць у творы свой непаўторны, індывідуальны, суб’ектыўны погляд на чалавека і свет, сваё «я».
Мадэрнізм адмаўляе вядомыя жанры і формы, прапаноўваючы на іх месца новыя. Таму невыпадкова, што ў якасці жанравых азначэнняў пачалі шырока выкарыстоўвацца словы з часціцай «анты»: антымастацтва, антыдрама, антыраман. Наогул апошні (праўда, не заўсёды з часціцай «анты») займае цэнтральнае месца ў жанравай сістэме мадэрнізму (творы Ф. Кафкі, А. Камю, Дж. Джойса, В. Вульф. За ім ідзе следам драма (Э. Іанэску, С. Бекет, Ж.-П. Сартр).
У новую сітуацыю трапляе ў мадэрнізме і чытач. Імкненне да вельмі ўласнага, асабістага вытлумачэння канкрэтнага свету мастаком-мадэрністам часам прыводзіць чытача да немагчымасці зразумець сэнс адлюстраванага. Аднак, на думку саміх пісьменнікаў, гэта ў сваю чаргу станоўча працуе на чытача. Ягоная ўласная творчая здольнасць актывізуецца, ён ужо не проста суперажывае ці атрымлівае гатовую інфармацыю, не прыстасоўваецца да аўтарскай інтэрпрэтацыі, а дае волю ўласнай фантазіі, становіцца сатворцам.
Акрамя названых вышэй авангардысцкіх плыней (футурызм, экспрэсіянізм, дадаізм і сюррэалізм) мадэрнізм прадстаўляюць таксама школа «плыні свядомасці», экзістэнцыялізм, новы раман, тэатр абсурду і некат. інш.
Постмадэрнісцкай імянуецца літаратура, якая прыйшла на змену ўласна мадэрнісцкай прыкладна на рубяжы 1960–1970-х гг. Хоць «сучасныя культуролагі і літаратуразнаўцы і схіляюцца да таго, каб лічыць, што на сённяшні дзень ўсё паглынута адзінай постмадэрнісцкай плынню», і ў самой гэтай з’яве, і ў спробах яе навуковага асэнсавання шмат (і гэта заканамерна) няяснага, нявысветленага, цьмянага.
Калі весці гаворку аб сутнасці постмадэрнізму наогул, дык адны лічаць, што ён уяўляе сабой спецыфічнае светаўспрыманне, увасабленне духу нашага складанага часу; другія разглядаюць постмадэрнізм як своеасаблівы стыль. Наконт часу ўзнікнення постмадэрнізму існуюць наступныя меркаванні: 1) як пэўны спосаб мыслення мадэрнізм не можа быць замацаваны за канкрэтнай эпохай, бо заяўляў і заяўляе аб сабе ў розныя часы; 2) постмадэрнізм мае свае вытокі ў мастацтве першай паловы ХХ ст., у прыватнасці – у раманах Дж. Джойса «Уліс» (1922) і «Памінкі па Фінегату» (1939), а сфарміраваўся ў цэласную сістэму ў другой палове ХХ ст.
І ўсё ж, сцвярджае Е. Лявонава, «да нейкай пэўнасці даследчыкі апошнім часам прыходзяць. Лічыцца, што постмадэрнізм – сапраўды дужа спецыфічнае ўспрыманне свету як тэксту. А паколькі гэтае светаўспрыманне ў другой палове XX ст. знайшло ўвасабленне ў вялікай колькасці твораў рознай жанравай прыналежнасці, ёсць падставы гаварыць пра постмадэрнізм і як пра пэўны літаратурны стыль. Галоўная яго прыкмета – скіраванасць увагі пісьменніка на літаратурную спадчыну, зварот да яе як да крыніцы сюжэтаў, вобразаў, матываў. Дзеля нагляднасці параўнаем: рэалісты адштурхоўваюцца ад рэчаіснасці, авангардысты – ад уласнага суб’ектыўнага бачання, ад сваіх адчуванняў і перажыванняў, постмадэрністы – ад ужо вядомых, звычайна класічных літаратурных тэкстаў ці іх асобных частак. Класічныя тэксты добра вядомы, лёгка пазнаюцца і выклікаюць пэўныя згадкі і асацыяцыі; іншымі словамі, яны ўяўляюць для любога чытача своеасаблівыя знакі. Важна, аднак, падкрэсліць: пры кожным новым выкарыстанні такія сюжэты, вобразы, матывы інтэрпрэтуюцца па-новаму».
Дарэчы, часты зварот постмадэрністаў да класічных тэкстаў, усемагчымыя «маніпуляцыі» з імі далі падставу аднаму з сучасных крытыкаў зрабіць досыць слушную выснову наконт таго, што калі традыцыйная, «старая» культура адлюстроўвала свет і чалавека ў гэтым свеце і тым самым па-сапраўднаму выконвала сваё прызначэнне і сваю місію, дык сучасная, «новая» культура, адлюстроўваючы самую сябе, пачынае заварачвацца і зацыклівацца і ў выніку губляе сваю сутнасць і сваё сапраўднае прызначэнне.
Ёсць, на думку Е. Лявонавай, і шэраг іншых вельмі істотных прыкмет літаратурнага постмадэрнізму. Гэта перапляценне ў межах аднаго твора «высокіх» і «нізкіх» жанраў. У адным постмадэрнісцкім рамане, напрыклад, могуць прысутнічаць элементы рамана гістарычнага, дэтэктыўнага, псіхалагічнага, філасофскага, а таксама навуковага трактата, эсэ і інш., у выніку чаго аказваюцца спалучанымі займальнасць і інтэлектуальнасць. Пісьменнік-постмадэрніст звяртаецца, і асабліва часта ў прозе, да такіх жанраў, якія традыцыйна лічацца негалоўнымі, перыферыйнымі (эсэ, трактат, рэцэнзія, слоўнік і інш.).
«Апроч таго, што ў адным і тым жа постмадэрнісцкім творы нітуюцца сюжэты і вобразы розных ужо вядомых тэкстаў, у ім адначасова камбінуюцца і розныя ўжо вядомыя літаратурныя стылі. У выніку гавораць пра наяўнасць у постмадэрністаў такой якасці, як стылёвы поліфанізм. Функцыю ж аб’яднальніка зусім розных элементаў выконвае цытаванне (цытацыя), яўнае і прыхаванае. Адбываецца своеасаблівая літаратурная гульня, праз якую вядомыя вобразы і калізіі пазбаўляюцца першапачатковага, замацаванага за імі зместу, пераасэнсоўваюцца, падвяргаюцца парадзіраванню і іранізаванню, травесційна «зазямляюцца»; іронія – увогуле адзін з нязменных, пастаянных кампанентаў твора».
Пісьменнікі-постмадэрністы рэдка калі абыходзяцца без сімвалаў, якія часта выкарыстоўваюцца ў сукупнасці, ствараючы ў рамане, п’есе або вершы разгалінаваную сістэму знакаў; гэта такія сімвалы, як лабірынт, бібліятэка, кніга, люстэрка, палац, сад і інш. Усе яны тояць у сабе элемент лабірынтнасці, неабходнасць выбару, магчымасць любых накірункаў і паваротаў.
Постмадэрнізм прадстаўляюць такія вядомыя сучасныя майстры слова, як аргенцінцы Х.Л. Борхес (вершы, празаічныя мініяцюры, эсэ, апавяданні), Х. Картасар (раман «Гульня ў класікі»), А. Посэ (раман «Райскія псы»), італьянец У. Эка (раман «Імя ружы» і інш.), паўночнаамерыканец К. Вонегут (раман «Калыска для кошкі»), англічанін Т. Стопард (драмы «Розэнкранц і Гільдэнстэрн мёртвыя», «Аркадзія» і інш.), серб М. Павіч (раман «Хазарскі слоўнік») і інш. пісьменнікі.
Постмадэрнісцкія павевы закранулі таксама і сучасную беларускую літаратуру, пераважна творчасць некаторых яе маладых прадстаўнікоў (С. Адамовіча, А. Аркуша, Б. Пятровіча і інш.).
0 комментариев