3. Саслоўная палітыка самадзяржаўя

З часоў Кацярыны ІІ ў расійскім заканадаўстве ўсе насельніцтва краіны падзялялася «па адрозненні правоў» на чатыры «станы» (саслоўі): дваранства, духавенства, гарадскіх і сельскіх абывацеляў. У сваю чаргу гарадскія абывацелі падзяляліся на саслоўі ганаровых грамадзян, купцоў, мяшчан, цэхавых рамеснікаў, а сельскія – уключалі саслоўі сялян, казакоў і іншародцаў. Саслоўны пачатак быў пакладзены ў аснову ўсяго мясцовага кіравання і судовай справы і тым самым ён атрымаў агульнадзяржаўную значнасць. У першай трэці XIX ст. склаліся тры новыя саслоўі: ганаровыя грамадзяне, казацтва і іншародцы, у якое, акрамя іншых, уключылі і яўрэяў.

Саслоўі падзяляліся на прывілеяваныя (дваранства, духавенства, ганаровыя грамадзяне, купцы) і непрывілеяваныя (сяляне, мяшчане, рамеснікі, казакі, іншародцы). Першые вызваляліся ад уплаты асабістых падаткаў, рэкруцкай павіннасці, цялесных пакаранняў.

З часоў ВКЛ на працягу стагоддзяў дваранства (шляхта) было галоўным прывілеяваным саслоўем, якое займала большасць пасад у органах дзяржаўнага і мясцовага кіравання, у войску. Да 70-х гг. ХІХ ст. захоўвалася выдадзеная Кацярынай ІІ дваранам «вольнасць і свабода».

Саслоўе дваран не было аднародным. Яно складалася як з патомных дваран, так і асабістых, гэта значыць тых, хто атрымаў дваранскае званне за вайсковую або цывільную службу ў адпаведнасці з «Табеллю аб рангах». На Беларусі пытанне аб прыналежнасці да патомных дваран часткі шляхты ставілася пад сумненне яшчэ з часу падзелаў РП і мела працяг у другой палове ХІХ ст.:пасля чарговага «разбору шляхты», выкліканага паўстаннем 1863 г., колькасць польскіх і беларускіх дваран рэзка скарацілася (з 5,1 да 2,4%).

Духавенства таксама з’яўлялася неаднародным, але больш закрытым саслоўем, прычым, нехрысціянскія святары ў яго не ўваходзілі. Прававое становішча духавенства ўсіх хрысціянскіх вызнанняў у пэўнай ступені адрознівалася. Асабліва важнае становішча займала праваслаўнае святарства, якое, акрамя рэлігійных, выконвала ідэалагічную, адміністрацыйную (вядзенне метрычных кніг) функцыі і здзяйсняла пэўны кантроль за маральнасцю і ладам мыслення сваіх прыхажан. Духоўнае саслоўе, (белае і чорнае духавенства) у 60–70-х гг. XIX в. было вызвалена ад абявязковай спадчыннай службы: дзеці святароў атрымалі права патомных і асабістых ганаровых грамадзян, доступ да свецкай адукацыі, магчымасць паступлення на дзяржаўную службу. Устойлівасці гэтага саслоўя і ў канцы XIX – пачатку XX ст. спрыяла захаванне прывілеяў (вызваленне ад ваеннай службы, шэрагу падаткаў і павіннасцей) і адначасова рэгламентацыя іх правоў (забарона абрання прамысловых заняткаў і г. д.).

Купцы ўваходзілі ў склад з трох, затым (1863) дзвюх гільдый. Для заможных сялян і мяшчан пераход у купецкае саслоўе не толькі вызваляў ад цялесных пакаранняў, але і даваў права на пашпарт і свабоду перасоўвання. Да канца ХІХ ст. колькасць асоб купецкага звання павялічылася, асабліва ў заходніх і паўднёвых губернях. Пры гэтым асноўная маса складалася з яўрэяў. Атрыманне купецкіх пасведчанняў давала ім права на жыхарства па-за мяжой аседласці. Паводле перапісу 1897 г., сярод купцоў пяці беларускіх губерняў было 84, 5 % яўрэяў, 10,7 - рускіх і толькі 1,7 % беларусаў (усяго 317, з якіх 9 належала да ІІ гільдыі, а да І – ніводнага).

Мяшчане існавалі за кошт гандлю, промыслаў, рамяства. Пры гэтым толькі запісаныя ў цэхі рамеснікі маглі прадаваць свае вырабы. Такім чынам, купцы, рамеснікі, мяшчане былі ў большай або меншай ступені залежнымі людзьмі, прадпрымальніцкая дзейнасць якіх рэгламентавалася законам. Але ў канцы XIX в. пад уздзеяннем капіталістычных адносін мяшчанскае саслоўе губляла былыя асаблівасці, якія адрознівалі яго ад звычайных гарадскіх жыхароў.

Як вядома, да 1861 г. найбольш бяспраўным было становішча прыгонных сялян. Паступоваму сціранню саслоўных адрозненняў спрыялі скасаванне прыгоннага права; скасаванне падушнай подаці і ўвядзенне дзяржаўнага пазямельнага падатку і падатку з нерухомасці ў гарадах, пасадах і мястэчках; увядзенне ўсеагульнай вайсковай павіннасці ў 1874 г., якой падлягала зараз усе мужчынскае насельніцтва з 20-гадовага ўзросту, у тым ліку дваран (за выключэннем асоб духоўнага звання і іншародцаў); законы 1863 і 1865 г. аб свабодзе гандлёва-прамысловай дзейнасці, і асабліва «Палажэнне аб дзяржаўным промыславым падатку» 1898 г., якое дазваляла ўсім асобам, незалежна ад саслоўнай прыналежнасці, займацца гандлем і прамысловасцю.

Абвяшчэнне маніфестам 17 кастрычніка 1905 г. «грамадзянскай свабоды на пачатках сапраўднай недатыкальнасці асобы, свабоды сумлення, слова, сходаў і саюзаў», стварэнне Дзяржаўнай думы і прадастаўлення выбарчых правоў усім «класам насельніцтва» было значным крокам ад саслоўнай да грамадзянскай супольнасці. Згодна Найвышэйшаму Ўказу ад 5 кастрычніка 1906г., былі зніжаны цяжкасці, звязаныя з выхадам з сельскага грамадства, зняты пашпартныя абмежаванні для сялян і мяшчан.

Саслоўны лад, абумоўлены шэрагам заканадаўча аформленых правоў і абавязкаў асобных груп насельніцтва, замацаваных за імі сацыяльных функцый, працягваў існаваць: захоўваліся саслоўныя арганізацыі і саслоўнае самакіраванне, саслоўны пачатак у мясцовым кіраванні ў адносінах сялян г. д. Нават пры выбарах у Дзяржаўную думу маёмасны прынцып спалучаўся з саслоўным.

Такім чынам, у другой палове XIX – пач. XX стст. у саслоўным ладзе расійскага, у тым ліку беларускага грамадства, адбываліся два рознанакіраваных працэсы: з аднаго боку, ішла ўніфікацыя (падабенства ў правах і абавязках) саслоўяў, з другога – працэс яго разлажэння. Саслоўная структура грамадства як рудымент феадальнага ладу паступова саступала месца новай, класавай, з уласцівымі ёй катэгорыямі прыватнай уласнасці, наёмнай працы, ролі ў вытворчасці і размеркаванні грамадскага прадукту. Асноўныя грамадскія супольнасці новага, капіталістычнага ладу ўвасобіліся ў класах буржуазі і пралетарыту.


Информация о работе «Сацыяльна-эканамічнае развіццё Беларусі ў складзе Расійскай імперыі ў другой палове ХІХ стагодзя»
Раздел: История
Количество знаков с пробелами: 39063
Количество таблиц: 0
Количество изображений: 0

0 комментариев


Наверх