4. Фарміраванне пралетарыяту і буржуазіі. Узнікненне індустрыяльнага грамадства

Па меры развіцця капіталістычных адносін у прамысловасці і сельскай гаспадарцы фарміраваліся два новыя грамадскія класы: буржуазія і пралетарыят. Слова «буржуазія» паходзіць з французскага «bourgeoisie», запазычанага з познелацінскага burgus і азначае пануючы клас капіталістычнага грамадства, які валодае ўласнасцю на сродкі вытворчасці і існуе за кошт эксплуатацыі наёмнай працы.

У ліку арганізатараў першых на Беларусі капіталістычных прадпрыемстваў былі прадстаўнікі дваранскага і купецкага, і ў меншай ступені – мяшчанскага і сялянскага саслоўяў. Пасля скасавання прыгоннага права памешчыкі прыстасоўвалі свае маёнткі да ўмоў капіталістычнага гаспадарання або здавалі сваю зямельную ўласнасць у арэнду. Тыя ж прыкметы новага ў сацыяльным абліччы дваран-памешчыкаў назіраліся ў выпадках, калі яны арганізовалі прадпрыемствы з выкарыстаннем наёмнай рабочай сілы. Так, у 90-я гг. ХІХ ст. ім належала 343 мануфактуры і фабрыкі або 46% з існаваўшых на Беларусі.

Асноўнай крыніцай фарміравання буржуазіі з’яўлялася купецтва і разбагацеўшыя рамеснікі. Самай шматлікай часткай буржуазнага класу з’яўляліся яўрэйскія купцы і мяшчане. З цягам часу менавіта яўрэйскай буржуазіі належаў 51% фабрык і заводаў, большасць прыватных газет і крэдытна-фінансавых устаноў.

Да 1897 г. сельская буржуазія, якая скарыстоўвала наёмную працу, складала каля 9 % усяго сялянскага саслоўя (463,5 тыс. чал. з 5 073,1 тыс). Агульная колькасць прадстаўнікоў прамысловай (335,3 тыс.) і аграрнай (463,5 тыс. чал.) буржуазіі дасягала 800 тыс.

Зараджэнне капіталістычных адносін у прамысловасці адбілася ў з’яўленні новага грамадскага класа – пралетарыята. Гэтым тэрмінам прынята называць асабіста свабодных людзей, якія існавалі ў эпоху капіталізму выключна за кошт продажу сваёй рабочай сілы. Да пралетарыяў адносяць як гарадскіх, так і сельскіх рабочых (парабкаў). Пасля скасавання прыгону ў 1861 г. асноўнай крыніцай фарміравання пралетарыяту з’яўляліся мяшчане і ў меншай ступені – збяднелыя вяскоўцы. Усяго ж на мяжы ХІХ і ХХ стст. у прамысловасці, на чыгуначным транспарце і ў дэпо было занята каля 260 тыс. пралетарыяў.

У агульнай 460-тысячнай арміі пастаянных наёмных рабочых асобае месца займалі сельскія пралетарыі. Самай масавай яе крыніцай былі бедныя сяляне. У 1897 г. у беларускіх губернях налічвалася 182,2 тыс. пастаянных парабкаў, што складала 37% агульнай колькасці наёмных рабочых і слуг. Характэрнай рысай Беларусі парэформеннага перыяду з’яўляўся шматнацыянальны склад прамысловых пралетарыяў. 60% іх складалi яўрэi, 17% – беларусы, 10% – палякi, 10% – рускiя, каля 4% – латышы, лiтоўцы i украiнцы. Пры гэтым яўрэі не дапускаліся да работы на чыгунках і ў казённых прадпрыемствах. Сельскія пралетарыі вызначаліся падаўляючай перавагай беларусаў.

Прамысловая рэвалюцыя, якая адбылася ў краінах Заходняй Еўропы і ЗША, абумовіла з’яўленне і распаўсюджанне буйной машыннай вытворчасці. У выніку за змену традыцыйнаму (аграрнаму) грамадству прыйшло новае, індустрыяльнае з такім узроўнем грамадскаэканамічнага развіцця, калі найбольшы ўклад у вытворчасць матэрыяльных каштоўнасцей уносіць прамысловасць. Гэта грамадству ўласціва ўсталяванне рыначнай эканомікі, урбанізацыя, наяўнасць асноўных сацыяльных груп – прадпрымальнікаў і наёмных работнікаў, развіццё навукі, дэмакратыі, грамадзянскай супольнасці і прававой дзяржавы.

Усталяванне індустрыяльнага грамадства ў Расійскай імперыі прайшло тыя ж этапы, што і на Захадзе. Але нягледзячы на наяўнасць асноўных знешніх атрыбутаў (перавага ў прамысловасці фабрычна-заводскай вытворчасці, панаванне капіталістычнага рынку, існаванне банкаўскай сістэмы, узнікненне буржуазіі і пралетарыяту і г.д.), у эканоміцы і грамадскім жыцці краіны заставалася шмат рудыментаў папярэдняй, аграрнай цывілізацыі: па-першае, захаванне шматукладнай эканомікі перажыткаў феадалізму; па-другое, захаванне саслоўна-самадзяржаўнага ладу, які абмяжоўваў свабоду прадпрымальніцтва, развіцццё гандлю і прамысловасці; па-трэцяе, актыўнае ўмяшальніцтва царызма ў эканоміку, вялікая роля дзяржавы ў прамысловасці, фінансах і транспарце; нарэшце, значныя дзяржаўныя расходы на падтрымку саслоўя памешчыкаў і чыноўніцкага апарату.

Асабліва яскрава гэта выявілася на прыкладзе Беларусі: прамысловая рэвалюцыя тут яшчэ не завяршылася, доля фабрычнай вытворчасці ў агульным аб’ёме валавой прадукцыі складала менш паловы (46,8%), а на прадпрыемствах цэнзавай прамысловасці налічвалася толькі 31 тыс. рабочых. Мясцовыя прамыславікі і прадпрымальнікі, у адрозненні ад маскоўскага, пецярбургскага, уральскага і іншых рэгіёнаў спецыялізавалася не на машыннай індустрыі, а на выпуску традыцыйнай (харчовай, будаўнічай, гарбарнай і г. д.) прадукцыі і на продажы сыравіны (лён, лес).

Працэс урбанізацыі тут быў дастаткова марудным: у гарадах пражывала каля 10% насельніцтва. Асноўную масу прамысловага рабочага класа складалі работнікі дробных прадпрыемстваў. У сельскай гаспадарцы панавала буйное памешчыцкае землеўладанне. Саслоўная структура яшчэ пераважала над сацыяльна-класавай.


Спіс выкарыстаных крыніц

 

1. Сяменчык М.Я. Гiсторыя Беларусi: курс лекцый / М.Я. Сяменчык – Мн., 2009 г.

2. Гісторыя Беларусі: у 2-х ч. / Пад рэд. Я.К. Новіка, Г.С. Марцуля. – Мн., 1998.

3. Гісторыя Беларусі: Вуч. дапаможнік. / Пад рэд. А. П. Ігнаценка. – Мн., 1994.

 


Информация о работе «Сацыяльна-эканамічнае развіццё Беларусі ў складзе Расійскай імперыі ў другой палове ХІХ стагодзя»
Раздел: История
Количество знаков с пробелами: 39063
Количество таблиц: 0
Количество изображений: 0

0 комментариев


Наверх