2. Прыняцце Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь і ўвядзенне прэзідэнцкай формы кіравання

 Набыццё Рэспублікай Беларусь суверэнітэту запатрабавала палітычнай кансалідацыі ўсіх сіл, зацікаўленых у пераадоленні цяжкасцей, з якімі сустрэлася краіна пасля развалу СССР. Шэраг дэпутатаў выказваўся за неабходнасць датэрмiновага пераабрання Вярхоўнага Савета. Яго старшыні С. Шушкевічу не ўдалося стабілізаваць палітычнага становішча, у выніку яму давялося падаць у адстаўку. Абранне ў 1994 г. адстаўнога міліцэйскага генерала М. Грыба на пасаду спікера таксама сітуацыі не палепшыла. На фоне несціхаючых канфліктаў паміж лідэрамі БНФ і КПБ, паплечнікамі прэм’ер-міністра В. Кебіча і прыхільнікамі рыначных рэформ выявіліся многія недахопы парламенцкай рэспублікі. Неўзабаве ў беларускім грамадстве пашырылася і запанавала думка аб неабходнасці прыняцця новай Канстытуцыі і ўвядзення прэзідэнцкай формы кіравання. Парламенцкая большасць выступала за наданне прэзідэнту права кантролю выканаўчай улады. Пасутнасці, ужо пад час працы над праектам Асноўнага закону яго распрацоўшчыкі ў якасці кандыдата на пасаду прэзідэнта разглядалі прэм’ер-міністра В. Кебіча.

15 сакавіка 1994 г. Вярхоўным Саветам Рэспублікі Беларусь была прынята новая, пятая ў гісторыі беларусаў Канстытуцыя. Гэты акт з’явіўся рашучым крокам беларускага грамадства на шляху да рэальнага суверэнітэту і ўмацавання дзяржаўнасці. Паводле Канстытуцыі, Беларусь абвяшчалася ўнітарнай дэмакратычнай сацыяльнай прававой дзяржавай, якая валодала вяршэнствам і паўнатой улады на сваёй тэрыторыі і самастойна ажыццяўляла ўнутраную і знешнюю палітыку.

Асноўны Закон складаўся з 8 раздзелаў, 8 глаў і 149 артыкулаў. Ён адбіў карэнныя змены ў сацыяльна-эканамічным і палітычным развіцці краіны пасля развалу СССР. Чалавек і яго правы абвяшчаліся найвышэйшай каштоўнасцю грамадства i дзяржавы. Ужо ў прэамбуле фіксавалася ідэя перавагі суверэнітэту народа над суверэнітэтам дзяржавы. Адзінай крыніцай дзяржаўнай улады абвяшчаўся народ, які мусіў ажыццяўляць яе непасрэдна i праз прадстаўнічыя органы. Гарантыя разнастайных палітычных інстытутаў, ідэалогій i поглядаў, плюралізму думак сведчыла аб сапраўднай дэмакратычнасці Канстытуцыі. У ёй адбіўся пэўны ўлік вопыту канстытуцыйнага будаўніцтва ў СССР, БССР i іншых краінах; замацаванне ў якасці эканамічнай асновы розных форм уласнасці; устанаўленне роўнасці дзяржавы i грамадзяніна, наяўнасць у ix узаемных абавязкаў; замацаванне ў якасці асноўнага кірунку для развіцця існуючага заканадаўства прыярытэту прынцыпаў міжнароднага права, яе дэідэалагізаваны характар і многае іншае. Упершыню ў гісторыі беларуская мова абвяшчалася дзяржаўнай. Рускай мове забяспечвалася права свабоднага карыстання як мовай міжнацыянальных зносін.

Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь, як і ўсе іншыя, утрымлівала палажэнні аб галінах улады, іх функцыях і паўнамоцтвах. Дэпутацкі корпус парламента абмяжоўваўся 260 чал. Статус кіраўніка дзяржавы раскрываўся ў главе 4 «Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь».

Вясной-летам 1994 г. распачалася кампанiя па выбарах прэзiдэнта Рэспублікі Беларусь. Свае кандыдатуры выставiлi прэм’ер-міністр В. Кебiч, былы спікер Вярхоўнага Савета С. Шушкевiч, лідэр БНФ З. С. Пазняк, старшыня Гродзенскага аблвыканкама А. І. Дубко, адзін з лідэраў КПБ В. Нoвiкаў i старшыня парламенцкай камiсii па вывучэнні дзейнасці камерцыйных структур, створаных пры органах дзяржаўнага кіравання, А. Р. Лукашэнка.

Фаварытам перадвыбарчай гонкі доўгі час быў В. Кебіч, які актыўна выкарыстаў адміністратыўны рэсурс (СМІ, мясцовыя ўлады, чыноўніцтва і інш.). Але 17 чэрвеня ўжо ў першым туры выбараў ён хоць а абыйшоў 4 канкурэнтаў, але значна саступіў А. Лукашэнку, які набраў 45 % галасоў. 10 ліпеня ў другім туры В. Кебіч набраў усяго каля 20 % галасоў. Такім чынам, поўную перамогу на выбарах атрымаў А. Лукашэнка. У ліку прычын таго былі: зразумелая электарату і рэальная для ажыццяўлення выбарчая праграма, з абяцаннем выкаранення карупцыі, уздыму эканомікі, пераадолення інфляцыі, інтэграцыі з Расіяй і інш. З другога боку, маса выбаршчыкаў адмовіла ў даверы В. Кебічу – тыповаму наменклатурнаму вылучэнцу, які за чатыры гады свайго прэм’ерства не здолеў зрабіць хоць штосьці карыснае для Беларусі і яе народа.

20 ліпеня 1994 г. 40-гадовы Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь даў клятву на служэнне народу і Айчыне і прыступіўся да выканання сваіх абавязкаў главы дзяржавы і кіраўніка выканаўчай улады.

3. Вынікі рэспубліканскіх Рэферэндумаў (1995, 1996, 2004). Змененні і дапаўненні ў Канстытуцыю Рэспублікі Беларусь

Да цяжкасцей эканамічнага кшталту, з якімі давялося сутыкнуцца Прэзідэнту А. Лукашэнка, далучыліся цяжкасці палітычнага кшталту. Справа ў тым, што паводле Канстытуцыі, Беларусь заставалася парламенцкай рэспублікай, і Прэзідэнту не хапала паўнамоцтваў, каб ажыццяўляць сваю выбарчую праграму і вырашаць надзённыя праблемы. Спробы Вярхоўнага Савета стрымаць яго актыўнасць прычыніліся да працяглага палітычнага канфлікту ў галінах улады. Зацятымі праціўнікамі А. Лукашэнкі выступілі дэпутаты ад БНФ. У апазіцыю да прэзідэнта сталі нават яго паплечнікі па выбарчай камандзе – В. Ганчар, Дз. Булахаў і інш. Не спрыялі паляпшэнню дзяржаўных спраў і недружалюбныя ў дачыненні Прэзідэнта паводзіны спікера парламента М. Грыба.

У пачатку 1995 г. пэўныя станоўчыя зрухі па абмежаванні ўсеўладзя парламента прынесла рэфармаванне сістэмы выканаўчай улады. Яе сутнасць заключалася ў тым, што зараз гэтыя органы на ўсіх узроўнях – ад абласных да сельскіх – (так званая «вертыкаль») прызначаліся асабіста Прэзідэнтам і яму ж падпарадкаваліся. Але для вырашэння маштабных задач гэтага было недастаткова. Невыпадкова, што ў тых умовах у прэзідэнцкім атачэнні ўзнікла думка аб канстытуцыйнай рэформе, якая б ураўнаважыла баланс заканадаўчай і выканаўчай улад. Першым крокам да яе мусіў зрабіцца плебісцыт па наспеўшых у беларускім грамадстве пытаннях. 14 мая 1995 г. для іх абмеркавання адбыўся ўсенародны рэферэндум, у якім узяло ўдзел 64, 8% грамадзян. У адказ на пытанне: «Цi згодны Вы з наданнем рускай мове роўнага статусу з беларускай» станоўчы адказ далi 83, 3% галасаваўшых. На другое пытанне: «Цi падтрымлiваеце Вы прапанову аб устанаўленнi новых Дзяржаўнага сцяга i Дзяржаўнага герба Рэспублікі Беларусь» – 75, 1. На трэцяе пытанне – «Цi падтрымлiваеце Вы дзеяннi Прэзiдэнта Рэспублікі Беларусь, накiраваныя на эканамiчную iнтэграцыю з Расійскай Федэрацыяй» – 83, 3. На чацвёртае пытанне – «Цi згодны Вы з неабходнасцю ўнясення змяненняў у Канстытуцыю Рэспублікі Беларусь, якiя прадугледжваюць магчымасць датэрмiновага спынення паўнамоцтваў Вярхоўнага Савета Прэзiдэнтам Рэспублікі Беларусь у выпадках сiстэматычнага або грубага парушэння Канстытуцыi» – 77, 7 % электарату.

Вярхоўны Савет ХIII склiкання зацвердзiў вынiкi рэферэндуму і ў адпаведнасцi з iм адбылася замена сiмволiкi i удакладненне Закона аб беларускай мове.

Галоўным палітычным вынікам плебісцыта стала выяўленне рэальнай расстаноўкі сіл. У прыватнасці, галасы, аддазеныя «за», былі тоеснымі выказванням вотуму даверу Прэзідэнту.

У снежнi 1995 г. адбылiся дадатковыя выбары ў Вярхоўны Савет, куды не трапiла нiводнага прадстаўнiка БНФ. Старшынёй парламента быў абраны лідэр Аграрнай партыі С. Шарэцкi. Памiж iм i Прэзiдэнтам канструктыўных адносiн не склалася.

Вынiкi майскага рэферэндуму не знялi напружанасцi у грамадстве. Працяглая палiтычная канфрантацыя паміж прыхільнікамі Прэзідэнта і парламента негатыўна адбівалася на ўсіх галінах жыццядзейнасці беларускага народа. Пры гэтым, абедзве галіны ўлады – заканадаўчая і выканаўчая пастаянна звярталіся ад імя народа. Яны ж і выступілі з прапановай абмеркавання на чарговым Рэферэндуме першачарговых, на іх думку, праблем. Так, Прэзiдэнт А. Лукашэнка вынес прапановы: 1. перанесцi Дзень Незалежнасцi («Дзень Рэспублiкi») з 27 ліпеня на 3 лiпеня; 2. прыняць Канстытуцыю 1994 г. са змяненнямi i дапаўненнямi (новая рэдакцыя Канстытуцыi Рэспублікі Беларусь). Па пункце 3. Прэзідэнт ставіў пытанне: «Цi выступаеце Вы за свабодныя, без абмежаванняў куплю i продаж зямлi?». І па пункце 4 – «Цi падтрымлiваеце Вы скасаванне пакарання смерцю ў Рэспубліцы Беларусь?».

У мэтах прапаганды сваёй палітыкі і заваёвы сімпатый электарату 19-20 кастрычнiка А. Лукашэнка выступіў на Ўсебеларускiм Народным сходзе з дакладам «Толькi народ мае права вырашаць свой лёс». Усе дэлегаты адобрылi унутраную i знешнюю палiтыку Прэзідэнта і абяцалі яму сваю падтрымку.

Пад час узрастання барацьбы за галасы выбаршчыкаў заявіла аб сабе трэцяя – судовая галіна ўлады, якая да таго часу рэдка з’яўлялася на палітычнай арэне. Так, 4 лістапада 1996 г. старшыня Канстытуцыйнага суда В. Ціхіня нагадаў, што плебісцыт не можа выносiцца пытанне аб змяненнях i дапаўненнях Канстытуцыi Рэспублікі Беларусь. Таму меўшы адбыцца рэферэндум абвяшчаўся кансультацыйным. На гэтай падставе 6 лістапада Вярхоўны Савет заявіў, што ім на абавязковы рэферэндум выносяцца толькi пытаннi аб пераносе Дня Незалежнасцi Рэспублікі Беларусь («Дня Рэспублiкi») i аб выбарнасцi кiраўнiкоў мясцовых органаў выканаўчай улады.

У сваю чаргу Прэзiдэнт указам № 459 ад 7 лістапада прызнаў заключэнне Канстытуцыйнага Суда несапраўдным і 12 лiстапада апублікаваў свой праект Канстытуцыi. З нагоды факту парушэння дзеючай Канстытуцыi Рэспублікі Беларусь 76 дэпутатаў парламента звярнулася ў Канстытуцыйны Суд з iнiцыятывай аб iмпiчменце прэзідэнту (адхіленні ад пасады па недаверы). 20 лicтапада Суд прыступiўся да разгляду справы.

Палітычная сiтуацыя ў краіне абвастрылася і магла выліцца ў сутыкненні паміж прыхільнікамі і праціўнікамі Прэзідэнта. Каб прадухіліць магчымае кравапраліцце, абодва бакі звярнуліся да пасрэдніцтва братняй Расіі. У выніку 21 лiстапада з Масквы ў Мінск прыбыла група дзяржаўных дзеячаў (В. Чарнамырдзiн, Г. Селязнёў і інш.). З іх удзелам 22 лістапада была дасягнута дамоўленасць у тым, што А. Лукашэнка прызнае рэкамендацыйны характар рэферэндума, а С. Шарэцкі адклікае зварот аб імпічменце.

Перагаворы дазволілі своечасова, 24 лістапада правесці рэферэндум. Паводле абвешчаных 26 лістапада вынікаў, з 7,6 млн электарату ўзяло ўдзел 6,2 (84,16 %). За прэзiдэнцкi варыянт Канстытуцыi аддало галасы 5,2 млн (70,45%) супраць 589 тыс. (7, 93 %). За перанясенне «Дня Незалежнасцi» выказаліся амаль 5,5 млн (88,18%). Cупраць свабодных куплi-продажу зямлi – 5,2 (82,88 %). Супраць скасавання пакарання смерцю – каля 5 млн (80, 44%).

У гэты ж дзень колькасць дэпутатаў, якія падпісаліся за iмпiчмент, зменшылася да 40, што дазволіла Канстытуцыйнаму суду зняць названае пытанне з разгляду. Вынікі рэферэндума былі зацверджаны старшынёй Цэнтральнай Выбарчай камісіі Л. Ярмошынай і набывалі сілу закона.

Вынікі плебісцыту натхнілі А. Лукашэнку і яго прыхільнікаў з ліку парламентарыяў на рашучыя дзеянні. Так, 26 лістапада 103 дэпутаты парламента прынялi закон «Аб перапыненнi паўнамоцтваў Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь ХIII cклiкання». У той самы дзень Прэзiдэнт падпiсаў 2 указы: першы за № 495 «Аб ухваленнi спiсу дэпутатаў Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь, уключаемых у склад Палаты прадстаўнiкоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь»; i другі, за № 496 «Аб склiканнi пазачарговай сесii Палаты прадстаўнiкоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь».

На падставе дэкрэта Прэзiдэнта ад 11 снежня 1996 г. «Аб зацвярджэннi Палажэння аб выбарах членаў Савета Рэспублікі Беларусь» была створана «верхняя палата» парламента – Савет Рэспублiкi.

У адпаведнасцi са зменамі і дапаўненнямі, унесенымі ў Канстытуцыю 26 лістапада 1996 г., замест аднапалатнага Вярхоўнага Савета з 260 дэпутатамi быў сфармiраваны двухпалатны – Палата Прадстаўнiкоў (110 абiраемых дэпутатаў) (старшыня А. А. Малафееў) i Cавет Рэспублiкi (па 8 абiраемых ад кожнай вобласцi i г. Мiнска i 8 прызначаных Прэзiдэнтам (з 13 студзеня 1997 г. старшыня П. Шыпук).

Указамi прэзiдэнта былi пераназначаны на пасады практычна ўсе вышэйшыя асобы, у тым лiку старшыня і суддзi Канстытуцыйнага Суда. Паўнамоцтвы самога Прэзiдэнта пачыналi адлiк на чарговыя 5 год.

Унесеныя змены і дапаўненні ў Канстытуцыю Рэспублікі Беларусь забяспечылі Прэзідэнту А. Лукашэнка новы статус главы дзяржавы, гаранта Канстытуцыі, правоў і свабод чалавека і грамадзяніна, а таксама практычна неабмежаваныя паўнамоцтвы. Адпаведным чынам узмацняліся і яго канстытуцыйныя абавязкі. Народная падтрымка на рэферэндуме зняла апошнія перашкоды да ажыццяўлення А. Лукашэнкам шырокай праграмы сацыяльна-эканамічных, палітычных, культурных і іншых пераўтварэнняў. Па сутнасці, і сама рэспубліка па форме кіравання памянялася з парламенцкай у прэзідэнцкую.

Разам з тым, асобныя дзеячы Вярхоўнага Савета не прызналi роспуск парламента ў 1996 г. законным i працягвалi выступаць ад яго iмя, стаўшы ў апазiцыю да Прэзiдэнта. Галоўныя iх патрабаваннi – вярнуцца да Канстытуцыi 1994 г. Арганiзаваная iмi у маi 1999 г. кампанiя па выбарах прэзідэнта не прыцягнула ўвагi грамадскасцi. Тым не менш, Захад так i не прызнаў А. Лукашэнку легiтымным прэзiдэнтам. Таму на мiжнароднай арэне Беларусь доўгi час прадстаўлялi 2 структуры – Вярхоўны Савет i Нацыянальны сход. Сітуацыю не палепшыла чарговая перамога А. Лукашэнкі на прэзідэнцкіх выбарах 9 верасня 2001 г., калі за яго кандыдатуру аддалі галасы 75, 6 % электарату.

Беларуская апазіцыя і міжнародная супольнасць бачылі выйсце са складанага становішча, у якім апынулася Беларусь і яе кіраўніцтва ў канцы ХХ–пачатку ХХІ стст., у чарговых прэзідэнцкіх выбарах, меўшых адбыцца ў 2006 г. У адпаведнасці з дзеючай Канстытуцыяй, А. Лукашэнка не меў права браць у іх удзелу. Але пад уражаннем крывавай акцыі тэрарыстаў у асецінскім Беслане 1-3 верасня 2004 г., ён прыняў рашэнне звярнуцца да народа з просьбай аб дазволе ўдзельнічаць у выбарах. З гэтай нагоды на 17 кастрычніка 2004 г. у адзін дзень з парламенцкімі выбарамі прызначаўся трэці рэспубліканскі рэферэндум. У бюлетэні для галасаванні было запісана: «Ці дазваляеце Вы першаму Прэзідэнту Рэспублікі Беларусь Лукашэнка А. Р. удзельнічаць у якасці кандыдата ў Прэзідэнты Рэспублікі Беларусь у выбарах Прэзідэнта і ці прымаеце частку першую Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь у наступнай рэдакцыі: «Прэзідэнт абіраецца на пяць год непасрэдна народам Рэспублікі беларусь на аснове ўсеагульнага, свабоднага, роўнага і прамога выбарчага права пры патаемным галасаванні?».

Вынікі галасавання выявілі, што ў падтрымку просьбы і за ўнясенне адпаведных змен у Канстытуцыю выказалася 79, 42 % грамадзян, унесеных у спісы для галасавання. Самі прэзідэнцкія выбары, якія адбыліся 19 сакавіка 2006 г., прынеслі А. Лукашэнку чарговую перамогу. Унесеныя ў 81 артыкул Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь змены зараз нічым не абмяжоўваюць яго ўдзелу ў чарговых выбарах.

Такім чынам, тры рэспубліканскія рэферэндумы – 1995, 1996 і 2004 гг. не толькі пакінулі глыбокі след у грамадска-палітычным жыцці нашай краіны, але і істотна паўплывалі на змест яе Канстытуцыі.


Информация о работе «Утварэнне і палітычнае развіццё суверэннай Рэспублікі Беларусь»
Раздел: История
Количество знаков с пробелами: 37754
Количество таблиц: 0
Количество изображений: 0

Похожие работы

Скачать
45662
0
0

... былі ўтвораны Прыбалтыйскія рэспублікі. Апошнім акном на граніцы з Польшчай, якое трымалі адкрытым на ўсялякі выпадак, заставалася Беларусь. 1918 г., абвясціла сябе I з’ездам КП(б) Беларусі і прыняла пастанову аб утварэнні Беларускай ССР. Часовы рабоча-сялянскі ўрад узначаліў вядомы літаратар і грамадскі дзеяч З.Жылуновіч (Ц.Гартны). У ноч з 1 на 2 студзеня 1919 г. быў абнародаваны Маніфест аб ...

Скачать
45041
0
0

... перыяду заставалася дастаткова стабільным. 6. Нарастанне экалагічных праблем, у тым ліку звязаных з Чарнобыльскай катастрофай Напружаная, стваральная праца працоўных Беларусі не магла не пакінуць следа на навакольным асяроддзі. Актыўнае будаўніцтва заводскіх карпусоў, жывёлагадоўчых ферм, дарог, трубаправодаў, жы-лых дамоў іншых аб’ектаў патрабавала соцень тысяч га зямельных плошчаў, мі ...

Скачать
88791
0
0

... не знайшлі свайго паслядоўнага адлюстравання ў свядомасці беларусаў у цэлым. У апошні час пасля рэферэндуму грамадская думка выказала жаданне прызнаць у Беларусі дзве дзяржаўныя мовы — рускую і беларускую. Цяпер за беларускую літаратурную мову сталі прымаць і так званую «трасянку», і, наадварот, рускай мовай многія выхваляюцца, нярэдка парушаючы яе культурныя дасягненні. Такія дэкларатыўныя з' ...

Скачать
54196
1
0

... Берн, Капенгаген, маючы дзяржаўныя пашпарты. Існаванне БНР аказала ўздзеянне на працэс утварэння беларускай рэспублікі на рэвалюцыйна-класавай аснове. 7. Фарміраванне беларускай дзяржаўнасці на рэвалюцыйна-класавай аснове. Утварэнне БССР Пасля перамогі бальшавікоў у барацьбе за ўладу, у тым ліку на Беларусі і Заходнім фронце, частка былых членаў БСГ (грамадоўцаў) пайшла на супрацоўніцтва з ...

0 комментариев


Наверх