3. Новая беларуская лiтаратурная мова

У канцы 18ст. ў вынiку трэцяга падзелу Рэчы Паспалiтай Беларусь была канчаткова далучана да Расiйскай імперыi. З гэтага часу афiцыйнай мовай на Беларусi стала руская. Аднак да 1830-х гадоў па-ранейшаму шырока ўжывалася i польская мова, якая захоўвалася ў справаводстве i школьным навучаннi, на ёй гаварылi i пiсалi польскiя i мясцовыя памешчыкi i арыстакраты.

Адсутнасць свайго нацыянальнага дзяржаўна-палiтычнага ўтварэння было галоўнай прычынай таго, што працэс складвання агульнай пiсьмова-лiтаратурнай нацыянальнай мовы адбываўся больш за стагоддзе: ад пачатку ХІХ ст. да 20-х гадоў ХХ ст. Паколькi ў значнай ступенi традыцыi старабеларускага пiсьменства аказалiся перарванымi, новая беларуская лiтаратурная мова (сучасная) узнiкала на народна-дыялектнай аснове.

Сярод найбольш раннiх помнiкаў беларускага пiсьменства вылучаюцца ананiмныя творы, з якiмi i звязана ўзнiкненне новай беларускай лiтаратуры i лiтаратурнай мовы: гутаркi «Праўда», «Вясна, голад, перапала», «Вось якi цяпер люд стаў», «Гутарка Данiлы са Сцяпанам», вершаванае апавяданне «Тэатр», парадыйна-сатырычныя паэмы «Энеiда навыварат» i «Тарас на Парнасе». Характэрныя рысы беларускай народнай гаворкi адлюстроўваюць i творы беларускiх пiсьменнiкаў першай паловы 19ст.: верш Паўлюка Багрыма «Зайграй, зайграй, хлопча малы», творы Яна Чачота, Яна Баршчэўскага, А.Рыпiнскага, В.Каратынскага, У.Сыракомлi i iнш. Найбольш буйной фiгурай гэтага часу з’яўляецца В.Дунiн-Марцiнкевiч, ад якога па сутнасцi пачынаецца шлях новай беларускай лiтаратуры. В.Дунiн-Марцiнкевiч свядома стаў апрацоўваць жывую мову беларускага народа, шукаць у ёй адпаведныя сродкi i прыёмы лiтаратурнага выказвання.

Важную ролю ў працэсе фармiравання беларускай лiтаратурнай мовы ў 19ст. адыгрывала публiцыстыка, у прыватнасцi нелегальная газета «Мужыцкая праўда» Кастуся Калiноўскага (выйшла 7 нумароў).

Пасля задушэння паўстання 1863г. рэзка ўзмацнiўся сацыяльны i нацыянальны прыгнёт беларускага народа. 30 верасня 1865г. мiнiстр унутраных спраў Расii Валуеў спецыяльным цыркулярам забаранiў “…друкаваць …выданнi на лiтоўскiм i жмудскiм дыялекце; ...перавоз, продаж i распаўсюджванне такiх выданняў”, а ў выпадку парушэння гэтага цыркуляра забароненыя выданні канфіскоўваліся.

У 19ст. распачалiся спрэчкi адносна характару беларускай мовы. Адны даследчыкi (С.Лiндэ, Я.Чачот, К.Калайдовiч) разглядалi беларускую мову як самастойную i заклiкалi яе вывучаць, iншыя (У.Даль, А.Сабалеўскi, I.Сразнеўскi) лiчылi беларускую мову гаворкай рускай мовы. Навуковым вывучэннем беларускага пiсьменства ў 19ст. плённа займалiся I.Грыгаровiч, П.Шпiлеўскi, I.Насовiч (аўтар «Слоўнiка беларускай мовы», 1870г., 30 тысяч слоў), М.Гарбачэўскi (выдаў у 1874г. «Слоўнiк старажытнай актавай мовы Паўночна-Заходняга краю i царства Польскага», якi змяшчаў каля 400 беларускiх i больш за пяць тысяч лацiнска-польскiх юрыдычных тэрмiнаў), I.Навiцкi (аўтар «Даведачнага слоўнiка юрыдычных тэрмiнаў старажытнай актавай мовы паўднёва-заходныяй Расii» на 600 тэрмiнаў). У 1880г. быў апублiкаваны артыкул К.Апеля «Аб беларускай мове», у якiм зроблена спроба апiсаць важнейшыя рысы беларускай мовы ў галiне фанетыкi i марфалогii. Заснавальнiкам беларускага мовазнаўства лiчыцца Я.Ф.Карскi, аўтар працы «Беларусы» (кн.1- 7, 1903-1922гг.).

Пачатак 20 ст. азнаменаваўся пашырэннем нацыянальна-вызваленчага руху, ажыўленнем кнiгавыдавецкай дзейнасцi. 24 лiстапада 1905г. ўступiў у дзеянне так званы закон аб свабодзе друку, якi дазваляў друкаваць творы беларускай лiтаратуры i пераклады на беларускую мову з iншых моў. Аднак беларускую мову па-ранейшаму забаранялi выкарыстоўваць у сферы грамадска-культурнага i палiтычнага жыцця, не мела яна доступу i ў школы.

У 1906г. ў Пецярбургу было заснавана беларускае выдавецкае таварыства «Загляне сонца i ў наша аконца», якое праiснавала да першай сусветнай вайны. Выдавецтва пачало выпускаць першыя буквары на роднай мове: «Беларускi лемантар, або Першая навука чытання» К.Каганца (1906г.), «Першае чытанне для дзетак беларусаў» Цёткi (1906г.), «Другое чытанне для дзяцей беларусаў» Я.Коласа (1909). У 1907г. ў Вiльнi пачынае работу выдавецтва «Наша нiва», пазней узнiкаюць выдавецкiя суполкi «Мiнчук», «Наша хата», «Палачанiн» i iнш.

З1906г. пачынаецца гiсторыя беларускай легальнай прэсы, калi з’яўляюцца газеты «Наша доля», «Наша нiва», «Гоман», «Дзяннiца», «Bielarus». На беларускай мове таксама выдавалiся сельскагаспадарчы часопiс «Саха», лiтаратурна-навуковы штомесячнiк для беларускай моладзi «Лучынка», студэнцкi часопiс «Ранiца».

У 1918г. былi надрукаваны першыя падручнiкi па беларускай мове, сярод якiх найбольшае значэнне мела «Беларуская граматыка для школ» Б.Тарашкевiча. Аўтар яе паслядоўна вызначыў граматычныя рысы беларускай мовы, дакладна сфармуляваў асноўныя прынцыпы i правiлы беларускай арфаграфii. «Граматыка» паклала пачатак навуковай распрацоўцы правапiсных i граматычных нормаў беларускай мовы.

З 20-х гадоў ХХ ст. беларуская мова набывае шырокiя грамадскiя функцыi, што запатрабавала стварэння нацыянальнай тэрмiналогii, здольнай абслугоўваць важнейшыя сферы сацыяльна-грамадскага жыцця. У 1921г. да ажыццяўлення гэтай задачы прыступiла Навукова-тэрмiналагiчная камiсiя, а ў 1922г. заснаваны на яе базе Iнстытут беларускай культуры. На працягу 1922-1930-х гадоў было апрацавана i выдадзена 24 тэрмiналагiчныя галiновыя слоўнiкi.

У гэты перыяд разгарнулася шырокая дыскусiя па пытаннях нармалiзацыi беларускай лiтаратурнай мовы. Для ўпарадкавання нормаў роднай мовы ў лiстападзе 1926г. была склiкана Акадэмiчная канферэнцыя па рэформе беларускага правапiсу i азбукi. Для апрацоўкi матэрыялаў канферэнцыi i канчатковай выпрацоўкi праекта правапiсу была створана спецыяльная камiсiя ў складзе С.Некрашэвiча, А.Багдановiча, Я.Лёсiка, В.Ластоўскага, П.Бузука, Я.Бялькевiча, Я.Купалы, У.Чаржынскага. У 1933г. быў выдадзены «Праект спрашчэння беларускага правапiсу», на аснове якога Саўнарком БССР прыняў пастанову «Аб зменах i спрашчэннi беларускага правапiсу», якая ўпершыню ў гiсторыi беларускай лiтаратурнай мовы заканадаўча абвясцiла агульнадзяржаўнымi, г.зн. абавязковымi для кнiгадрукавання, радыёвяшчання, школьнага выкладання, справаводства i г.д. пэўныя нормы беларускага правапiсу i граматыкi. З улiкам гэтай пастановы ў 1934г. быў выдадзены разгорнуты i дэталёвы звод арфаграфiчных правiлаў «Правапiс беларускай мовы». Арфаграфiчная рэформа 1933г. ў гiсторыi беларускага мовазнаўства – з’ява неадназначная. З аднаго боку, яна ў значнай ступенi абагульнiла i рэалiзавала здабыткi беларускага мовазнаўства 20-х гадоў, пэўным чынам сiстэматызавала правапiс, спрыяла стабiлiзацыi арфаграфiчных нормаў беларускай мовы. З другога боку, рэформа падпала пад моцны палiтыка-iдэалагiчны ўплыў. Ва ўмовах узятага кiраўнiцтвам краiны курса на барацьбу з «нацдэмамi», на зблiжэнне народаў i злiццё iх культур у адну культуру з адной агульнай мовай важным стала не так адлюстраваць нацыянальную спецыфiку беларускай мовы, як прывесцi правапiс у адпаведнасць з рускай арфаграфiчнай традыцыяй. Таму i пасля рэформы ў беларускiм правапiсе заставалася шмат нявырашаных пытанняў, супярэчлiвых напiсанняў.

З мэтай далейшага ўпарадкавання беларускага правапiсу была створана Арфаграфiчная камiсiя на чале з Я.Коласам i К.Крапiвой, якая распрацавала «Праект змен i ўдакладненняў беларускага правапiсу» (апублiкаваны ў 1951г., дапрацаваны ў 1956г.), якi быў зацверджаны ў маi 1957г. спецыяльнай пастановай Савета Мiнiстраў БССР «Аб ўдакладненнi i частковых зменах iснуючага беларускага правапiсу». З улiкам гэтай пастановы ў 1959г. быў выдадзены збор правiлаў беларускай арфаграфii i пунктуацыi.

Са зменай палiтычнай сiтуацыi ў канцы 1980-х гадоў, калi Беларусь стала суверэннай дзяржавай, калi сталi пашырацца сферы выкарыстання беларускай мовы, павялiчвацца кола яе носьбiтаў, пытаннi аб новым удакладненнi i ўдасканаленнi правапiсу зноў сталi на парадак дня. 19 -- 20 лiстапада 1992г. у Мінску была праведзена канферэнцыя «Праблемы беларускага правапiсу». Удзельнiкi канферэнцыi прынялi пастанову, у якой адзначаецца, што рэформа правапiсу 1933г. ёсць факт палiтычнага ўмяшання ў моўны працэс.

26 студзеня 1990г. 14-я сесiя Вярхоўнага Савета БССР прыняла закон «Аб мовах у Беларускай ССР» i вызначыла парадак ужывання беларускай, рускай i iншых моў у рэспублiцы. Паводле гэтага закона беларуская мова стала адзiнай дзяржаўнай мовай на тэрыторыi Беларусi. Закон прадугледжваў аднаўленне беларускай мовы найперш у сферы афiцыйна-справавога ўжытку, у адукацыi.

На жаль, 14 мая 1995г. адбыўся агульнарэспублiканскi рэферэндум, дзе большая частка насельнiцтва выказалася за дзяржаўнае двухмоўе, г.зн., што беларуская мова пакуль не выкарыстоўваецца як дзяржаўная ў розных сферах жыцця краiны, не з’яўляецца рэальным сродкам зносiн.

4. Разнавiднасцi беларускай мовы. Паняцце нормы. Сiстэма моўных нормаў

Як i многiя iншыя мовы свету, беларуская мова iснуе ў дзвюх разнавiднасцях: дыялектнай i лiтаратурнай.

Дыялектная мова – гэта мова народа, якая выступае ў выглядзе мясцовых гаворак. Гаворка – гэта мова аднаго цi некалькiх населеных пунктаў з аднатыпнымi моўнымi рысамi. Мясцовыя гаворкi распаўсюджаны толькi на пэўнай тэрыторыi, выкарыстоўваюцца звычайна ў вуснай форме. Гаворкi аб’ядноўваюцца ў дыялекты. На тэрыторыi Беларусi два дыялекты: паўночна-ўсходнi i паўднёва-заходнi, памiж якiмi вылучаюцца сярэднебеларускiя гаворкi, якiя з’яўляюцца пераходнымi. Кожны з дыялектаў мае свае асаблiвасцi ў лексiцы, фанетыцы, марфалогii, сiнтаксiсе, якiя адрознiваюць iх адзiн ад аднага i ад лiтаратурнай мовы. Напрыклад, лiтаратурнаму найменню калодзеж у паўднёва-заходнiм дыялекце адпавядае назва каварат, а ў паўночна-ўсходнiм – асвер.

Лiтаратурная мова – апрацаваная, упарадкаваная, унармаваная форма нацыянальнай мовы. Яна распаўсюджана на ўсёй тэрыторыi Беларусi, з’яўляецца сродкам зносiн у розных сферах жыцця беларускага народа. Для яе характэрна адзiнства, устойлiвасць, стабiльнасць, якiя забяспечваюцца цэлай сiстэмай нормаў.

Лiтаратурная норма – гэта ўзор або правiла, выпрацаванае грамадствам i зафiксаванае ў слоўнiках, граматыках, спецыяльных даведнiках. Афiцыйнае прызнанне нормы называецца яе кадыфiкацыяй. Змены нормаў адбываюцца нячаста, звычайна ў вынiку рэформаў або ўдакладненняў правапiсу.

У сiстэму моўных нормаў уваходзяць:

– арфаэпiчныя нормы, якiя вызначаюць правiльнае вымаўленне гукаў i iх спалучэнняў;

– акцэнталагiчныя нормы – правiльная пастаноўка нацiску;

– арфаграфiчныя нормы – правiльная перадача вуснай мовы на пiсьме;

– словаўтваральныя нормы – правiльнае ўтварэнне новых слоў у адпаведнасцi з законамi мовы;

– марфалагiчныя нормы – правiльнае ўжыванне формаў слоў;

– сiнтаксiчныя нормы – правiльная пабудова словазлучэнняў, сказаў, тэкстаў;

– пунктуацыйныя нормы – правiльная пастаноўка знакаў прыпынку;

– лексiчныя i фразеалагiчныя нормы – правiльны выбар слова i ўстойлiвага выраза, дарэчнасць iх прымянення ў адпаведнасцi са значэннем;

– стылiстычныя нормы – выкарыстанне моўных сродкаў у адпаведнасцi з пэўным стылем, моўнай сiтуацыяй.

Лiтаратурная мова iснуе ў дзвюх формах – вуснай i пiсьмовай. Вуснай формай карыстаюцца пры непасрэдных моўных кантактах: у гутарках, на занятках, у публiчных выступленнях. Пiсьмовую мову ўспрымаюць зрокава, таму захаванне ў ёй лiтаратурных нормаў набывае сiлу закона. Асноўныя асаблiвасцi пiсьмовай мовы – дакладнае словаўжыванне i правiльная сiнтаксiчная арганiзацыя тэксту.


Спіс выкарыстаных крыніц

1. Плотнiкаў Б.А. Агульнае мовазнаўства / Б.А. Плотнiкаў. – Мн., 1994.

2. Антанюк Л.А. Беларуская мова. Лінгвістычны кампендыум / Л.А. Антанюк, Б.А. Плотнікаў. – Мн., 2003.

3. Палуян А.М. Беларуская мова (прафесійная лексіка): курс лекцый / А.М.Палуян. 2006, – 134 с.

4. Янкоўскi Ф.М. Гiстарычная граматыка беларускай мовы / Ф.М. Янкоўскi– Мн.. 1989.


Информация о работе «Гiстарычныя этапы фармиравання i развiцця беларускай мовы»
Раздел: Иностранный язык
Количество знаков с пробелами: 21923
Количество таблиц: 0
Количество изображений: 0

0 комментариев


Наверх