1.2 Мастацкія магчымасці слова
Мастацкія магчымасці слова і мовы ў цэлым выяўляюцца ў наступных момантах.
Па-першае, адной з галоўных крыніц вобразнасці мовы з’яўляецца іншасказальнасць слова, г. зн. выкарыстанне ў мове твораў мастацкай літаратуры слоў у пераносным значэнні.
Па-другое, слоўная вобразнасць дасягаецца ў мастацкіх творах дзякуючы ўмеламу падбору аўтарам выяўленчых дэталей, прычым, іншы раз без выкарыстання нейкіх асаблівых сродкаў мовы (у прыватнасці, іншасказання), з абазначэннем таго, што адлюстроўваецца, звычайнымі, простымі моўнымі сродкамі.
Па-трэцяе, мова можа аказацца вобразнай і тады, калі аўтар узнаўляе воблік таго, хто гаворыць, з дапамогай укладвання яму ў вусны нейкіх надзвычай спецыфічных слоў (тэрмінаў, дыялектызмаў, жарганізмаў, слоў-паразітаў і г. д.).
Вобразныя магчымасці мовы якраз і вызначаюць рысы літаратуры як асаблівага віду мастацтва.
Да патэнцыяльных вобразных магчымасцей слова і мовы ў цэлым дапасоўваецца ў творах мастацкай літаратуры і той фактар, што мова іх, як правіла, максімальна арганізаваная. Кожнае адценне, кожны нюанс у сапраўдным літаратурна-мастацкім творы валодае выразнасцю і важкасцю. Калі «звычайнае» выказванне можа быць перааформлена без нанясення страты яго зместу (аб адным і тым жа, як вядома, можна сказаць па-рознаму), дык для мастацкага твора ломка моўнай тканіны нярэдка аказваецца згубнай.
У мастацтве слова вельмі важным з’яўляецца ашчадны адбор самых значных, найбольш выразных слоў і моўных канструкцый. Усё выпадковае і няпэўнае, усё нейтральнае, чаго шмат у звычайнай гутарковай мове, у літаратурна-мастацкім творы зводзіцца да мінімуму, а ў ідэале – да нуля. Пры гэтым у літаратуры выкарыстоўваюцца часам такія моўныя формы, якія цяжка, а то і зусім немагчыма ўявіць па-за мастацтвам.
Аднак фармальныя адрозненні мастацкай мовы ад іншых яе відаў неабавязковыя. Часта бывае, што літаратурныя тэксты няўхільна прытрымліваюцца лексікі, семантыкі і сінтаксісу звычайнай мовы – вусна-размоўнай (дыялог у рэалістычных раманах) альбо пісьмовай (проза ў выглядзе запісаў і дзённікаў). Але і ў тых выпадках, калі мастацкая мова з’яўляецца на першы погляд быццам бы тоеснай «звычайным» выказванням, яна ўсё-роўна валодае максімальнай упарадкаванасцю і эстэтычнай дасканаласцю.
1.3 «Нярэчыўнасць» вобразаў у літаратуры. Слоўная пластыка
Літаратура адносіцца да тых відаў мастацтва, якія прынята называць выяўленчымі ў адрозненне ад экспрэсіўных. Пры гэтым літаратура прынцыпова адрозніваецца ад іншых мастацтваў, для якіх характэрнай рысай з’яўляецца выяўленчасць. Жывапісцы і скульптары, акцёры і рэжысёры ствараюць вобразы, якія валодаюць нагляднасцю. Лініі і фарбы ў жывапісе, бронзавыя, драўляныя, мармуровыя фігуры скульптурных твораў, рухі артыстаў у тэатральных спектаклях і кінафільмах непасрэдна ўздзейнічаюць на нашы зрокавыя адчуванні.
Не тое ў мастацкай літаратуры. Словы ўсяго толькі асацыятыўна звязаны з тым, што яны абазначаюць. Чытаючы альбо слухаючы літаратурны твор, мы не бачым таго, што адлюстроўваецца, але з дапамогай уяўлення як бы па-новаму ўзнаўляем прадметы і факты, аб якіх распавядаецца. Слоўныя вобразы пазбаўлены нагляднасці, яны ўмоўныя і «нярэчыўныя», як зазначыў у свой час Лесінг у «Лаакаоне». М. Чарнышэўскі сцвярджаў, што, паколькі вобразы фантазіі (г. зн. уяўлення) больш бляклыя і слабыя ў параўнанні з непасрэдным пачуццёвым успрыманнем, паэзія па сіле і яснасці суб’ектыўнага ўражання заметна прайграе астатнім мастацтвам. Адзін з відных замежных тэарэтыкаў мастацтва, прадстаўнік фенаменалагічнага накірунку Р. Інгардэн гаварыў аб непаўнаце і некаторай схематычнасці слоўных вобразаў.
Адсутнасць прамой нагляднасці ў літаратурна-мастацкіх вобразах кампенсуецца іх асаблівымі, спецыфічнымі магчымасцямі. У адрозненне ад жывапісца і скульптара, пісьменнік узнаўляе не толькі тыя бакі рэчаіснасці, якія могуць быць успрыняты зрокава, але і ўсё тое, што адкрываецца слыху і пачуццю.
Галоўнае ж, што аўтар літаратурнага твора непасрэдна арыентуецца на «пазаадчувальнае» ўспрыманне чытача, а менавіта на яго інтэлектуальнае ўяўленне.
Такім чынам, слоўна-мастацкія вобразы ўзнаўляюць не столькі самі па сабе прадметы ў іх пачуццёва ўспрымальных уласцівасцях, колькі рэакцыі на рэчаіснасць чалавечай свядомасці, цэласныя суб’ектыўныя ўспрыманні.
Літаратуры супрацьпаказана шматстайная «рэгістрацыя» зрокава ўспрымальных частак прадметаў і мноства «дапаможных» падрабязнасцей. Разам з тым для пісьменніка непажаданыя і сумарныя, тэзісна-схематычныя абазначэнні пры адсутнасці дэталей, штрыхоў, прыватнасцей. Адцягненае «лагізіраванне» (няхай яно кампактнае, сціснутае альбо, наадварот, грувасткае, шматслоўнае) няздольнае даць сапраўднага мастацкага эфекту. Слоўны тэкст поўнасцю адпавядае патрабаванням мастацтва, калі пісьменнікам знойдзены нешматлікія яркія дэталі і падрабязнасці, якія ўзнаўляюць прадмет у цэласнасці яго вобліку.
У асацыяцыях чытача, якія вызываюцца слоўна-мастацкімі вобразамі, шмат індывідуальнага і адвольнага. І гэта адна з істотных рыс літаратуры як мастацтва. Уяўленні аб знешнасці герояў, іх рухах, жэстах, міміцы, аб абставінах дзеяння ў чытача больш суб’ектыўныя ў параўнанні з успрымаючым жывапіс, скульптуру, тэатральнае дзеянне, кінакарціну. У кожнага з нас свой Фауст, Таццяна Ларына, дзядзька Антось, Ганна Чарнушка. Такім чынам, чытач становіцца свайго роду саўдзельнікам стварэння мастацкіх вобразаў.
Зносіны чалавека з «нярэчыўнымі» вобразамі літаратурнага твора ажыццяўляюцца ў любых абставінах і «ўпісваюцца» ў яго паўсядзённае жыццё намнога лягчэй, чым успрыманне жывапісу, скульптуры, тэатральнай пастаноўкі, кінамастацтва. Чытач сам выбірае тэмп успрымання твора. Па ходу знаёмства з раманам, драмай альбо паэмай ён часам ізноў вяртаецца да ўжо пройдзенага тэксту, выбіраючы моманты, калі яму трэба, закрыўшы кнігу, падумаць аб прачытаным альбо, наадварот, засяродзіцца на чымсьці іншым. Слоўны вобраз – гэта свайго роду трамплін для сатворчасці чытача, штуршок для дзейнасці яго ўяўлення.
Пры ўсіх адзначаных нюансах слоўнае мастацтва аднак захоўвае свае сувязі са сферай бачнага. Літаратурны твор уяўляе сабой своеасаблівы сінтэз вобразаў, якія адлюстроўваюць і «нябачнае», і «бачнае». Таму мастак слова часта бывае занепакоены тым, каб у чытачоў фарміраваліся яркія зрокавыя ўяўленні. Дадзеная якасць літаратурна-мастацкага твора імянуецца слоўнай пластыкай.
Слоўная пластыка была асабліва важнай у антычнай літаратуры. Не выпадкова старажытнымі філосафамі паэзія нярэдка характарызавалася як «жывапісанне словам». Пластыка захавала сваё значэнне і ў літаратуры наступных эпох. Так, напрыклад, аб арыентацыі на «жывапісанне словам» у сваёй творчасці зазначалі Гётэ, Горкі і некаторыя іншыя славутыя пісьменнікі.
Разам з тым пры ўсёй важнасці перадачы мастакамі слова рэчаіснасці ў яе бачных зрокам праявах сфера слоўнай пластыкі ад эпохі да эпохі паступова звужалася. Гэта вымушалася грунтоўным і ўсебаковым аналізам жыццёвых з’яў, а таксама імкненнем пісьменнікаў даць глыбокія псіхалагічныя характарыстыкі сваім персанажам.
Такім чынам, адсутнасць у слоўных вобразаў прамой нагляднасці, будучы ў пэўнай ступені іх абмежаванасцю, кампенсуецца разам з тым магчымасцю выхаду з дапамогай «нярэчыўных» вобразаў на шырокія гарызонты пазнання свету.
... плённа ўзаемадзейныя тэндэнцыі мастацкай вобразнасці". Акрамя мастацкага вымыслу ёсць яшчэ адно паняцце, без усведамлення якога нельга глыбока і па-сапраўднаму разабрацца ў сутнасці і спецыфіцы мастацкага вобраза, ва ўсякім разе, найбольш распаўсюджанага вобраза ў мастацтве - рэалістычнага. Гэта паняцце тыповага (тыпізацыі). Слова "тып" (тыповае) выкарыстоўваецца ў дачыненні да мастацтва ў двух ...
... “Паэтычны слоўнік” (Рагойша В.П., Мн., 1987), “Уводзіны ў літаратуразнаўства” (Майсейчык А.) Мэтай дадзенай курсавой работы з’яўляецца: прааналізаваць месца і ролю вучэбна-метадычных дапаможнікаў па беларускай літаратуры ў працэсе школьнай адукацыі. У сувязі з адзначанай мэтай варта выдзеліць наступныя задачы: - Прааналізаваць адпаведныя метадычныя і літаратуразнаўчыя матэрыялы па тэме; - ...
... іі і інш.) ачысцілі яго ад "лішніх элементаў" (у Ш. Сент-Бёва яны лічылі такімі сацыяльныя і мастацкія ідэі стагоддзя; у І. Тэна - уплыў расы, асяроддзя і моманту; у Г. Брандэса - характарыстыку грамадскіх рухаў) і звярнуліся да раскрыцця патаемнага "я" мастака ў русле крайняга імпрэсіянізму. літаратурная навука міфалагічная псіхалагічная У беларускім літаратуразнаўстве біяграфічны метад не меў ...
... , М. Стральцова, В. Адамчыка, А. Карпюка, Я. Сіпакова, А. Жука і, канешне ж, У. Караткевіча, рамантычная паэзія, проза і драматургія якога атрымала самае шырокае прызнанне ў сучаснага чытача. еўрапейскый сусветный мастацкый літаратура 1.5 Рэалізм 1.5.1 Агульнае паняцце аб рэалізме. Шляхі станаўлення і развіцця рэалізму ў сусветнай літаратуры Рэалізм (ад лац. realis – рэчыўны, сапраўдны) – ...
0 комментариев