Жыццёвы і творчы шлях Кузьмы Чорнага
Кузьма Чорны (Мікалай Карлавіч Раманоўскі), якога крытыка яго часу ахрысціла «беларускім Дастаеўскім», нарадзіўся 24 чэрвеня 1900 г. у вёсцы Боркі на Случчыне ў сям'і парабка.
У 1907 г. бацькі яго пераехалі ў фальварак Вінцэнтова. Тут Мікола з дапамогай маці Глікерыі Міхайлаўны, жанчыны простай, але духоўна развітай і дастаткова начытанай, навучыўся чытаць.
Мікола быў здольны хлапчына: добра маляваў, іграў на розных музычных інструментах, меў прыгожы голас, умеў цудоўна апавядаць розныя гісторыі, прадстаўляючы ў асобах, іграў у школьных спектаклях. Бацькі з усіх сіл стараліся даць старэйшаму сыну Міколу адукацыю. Каля маёнтка, дзе яны парабкавалі, школ блізка не было, таму яны кінулі панскую службу і ў 1908 г. вярнуліся на бацькаўшчыну, у мястэчка Цімкавічы, якое знаходзілася акурат на паўдарозе паміж Нясвіжам і Капылём. Вучачыся ў Цімкаўскім народным вучылішчы, Мікола паказаў сябе здольным вучнем. Настаўнік нязменна вылучаў яго сярод іншых і падхвальваў, а перад заканчэннем вучылішча ў 1913 г. рыхтаваў яго разам з іншымі выдатнікамі да паступлення ў Нясвіжскую настаўніцкую семінарыю.
Два гады Мікалай працаваў на гаспадарцы, хадзіў з бацькам Карлам Феліксавічам па ўсёй акрузе ў пошуках цяслярскай працы, шмат пабачыў за гэты час людскога гора, пазнаёміўся з многімі надзвычай каларытнымі беларускімі тыпамі, наслухаўся мноства цікавых гісторый. У семінарыю ён паступіў у 1915 г., калі непадалёку ад Нясвіжа стаяў фронт і людзі жылі весткамі з вайны і гаворкамі аб вайне. У часе навучання ён праседжваў шмат у семінарскай бібліятэцы, меў магчымасць наведваць і багатую, як на тыя часы, Радзівілаўскую бібліятэку. Да гэтага ж моманту адносяцца і яго першыя спробы ў мастацкай творчасці — вядома, што ён чытаў сваім сябрам апавяданне, сюжэт якога нагадваў раннія творы Максіма Горкага: дробны зладзяйчук-валацуга папаўся на рынку на крадзяжы, яго б'юць без літасці і шкадавання. Чорнага цікавілі перажыванні гэтага чалавека — так пачалася яго вядомая ў пазнейшыя гады павышаная ўвага да пакутаў чалавека на зямлі.
У 1920 г. Мікалай Раманоўскі скончыў вучобу і стаў настаўнікам. Ён прымаў чынны ўдзел у працы мясцовых Саветаў — працаваў сакратаром Цімкаўскага валаснога рэўкома, з вясны да восені 1921 г. быў справаводам Слуцкага павятовага ваенкамата, затым — сакратаром аддзела народнай адукацыі пры Цімкаўскім валасным рэўкоме.
З восені 1922 г. Раманоўскі ўжо настаўнік Цімкаўскай сямігодкі. Аднак настаўніцкая праца мала задавальняла Мікалая Карлавіча, і ён марыў працягваць вучобу. Адчуваў ён патрэбу і ў творчым асяроддзі, якое разумела б яго і ў якім ён мог бы сталець як мастак слова. Акурат у гэты час адкрыўся Беларускі універсітэт, і Мікалай Карлавіч стаў яго студэнтам. Гэта адбылося летам 1923 г., а напярэдадні, у маі і чэрвені, у газеце «Савецкая Беларусь» былі надрукаваны апавяданні маладога празаіка, падпісаныя псеўданімам “Кузьма Чорны”. Так пісьменнік аддаваў даніну павагі свайму дзеду Міхалу Парыбку, па-вулічнаму — Чорнаму, вялікаму працаўніку, вядомаму на цэлую акругу майстру-сурвэтніку. У снежні гэтага ж года, калі ўтварылася літаратурнае аб'яднанне «Маладняк», Чорны стаў яго сябрам. У гэты час ён шмат друкуецца, а ў 1925 г. выдае адразу два невялікія зборнікі сваіх твораў — «Апавяданні» і «Срэбра жыцця». У гэтым жа годзе ён быў змушаны пакінуць вучобу — пачаўся хваравіты працэс у лёгкіх. Паездка на лячэнне ў Крым памагла. З гэтага часу Чорны працуе ў рэдакцыі газеты «Беларуская вёска», дзе раз-пораз арганізуе літаратурныя публікацыі маладых аўтараў, а таксама друкуе свае кароткія адказы на дасланыя літаратурныя творы, у якіх дае пачынаючым паэтам і празаікам першыя ўрокі літаратурнай творчасці. Творчая актыўнасць Чорнага ў 20-я гады ўражвае.
У адным 1926 г. выходзіць адразу тры зборнікі яго апавяданняў: «Па дарозе», «Пачуцці», «Хвоі гавораць». У наступным 1927 г. пачынае друкавацца яго першы раман «Сястра», а ў 1928 выходзіць асобным выданнем яшчэ адзін раман Чорнага «Зямля». Амаль кожны год у празаіка публікуюцца новыя аб'ёмістыя творы: урыўкі з рамана «Вецер і пыл» (1927–1929), аповесць «Лявон Бушмар» (1929), «Вясна» (1930), першая частка рамана «Ідзі, ідзі» (1930), невялікая п'еса «Лета» (1932). З мая 1926 г. Кузьма Чорны з'яўляецца старшынёй літаратурнага аб'яднання «Узвышша» і адначасова галоўным рэдактарам аднайменнага часопіса, застаючыся на гэтых пасадах ажно да самага скасавання арганізацыі ў 1932 г., калі партыя сваёй спецыяльнай пастановай ліквідавала ўсе існуючыя літаратурныя арганізацыі з мэтаю стварыць Саюз савецкіх пісьменікаў. Чорны вельмі перажываў гэту ломку — мастацкая творчасць вымагае далікатных да сябе адносін і свабоды слова, думкі, друку. Але пасля падзей 1930 г., калі ў адно імгненне былі гвалтоўна адлучаны ад творчай працы многія беларускія пісьменнікі, а сярод іх і самыя блізкія яго сябры, аднадумцы, удзельнікі аб'яднання «Узвышша» Уладзімір Дубоўка, Язэп Пушча, Андрэй Мрый, Адам Бабарэка, марыць пра свабоду творчасці не выпадала. Застаўшыся хутчэй выпадкова на волі, пісьменніку давялося тэрмінова пераглядаць усе свае вялікія творчыя задумы і планы. Ён раптоўна абрывае працу над раманам «Ідзі, ідзі», задуманым ім як трылогія, але прычына гэтага менш за ўсё творчая: працавітасць яго была шырока вядомая. У гэтым творы Чорны ўздымаў праблему шляхоў беларускай нацыі ў новы час — у першай частцы героі твора горача спрачаюцца па нацыянальнаму пытанню, а гэта ў пачатку 30-х гадоў зрабіць ужо было немагчыма, калі, вядома, не ствараць цалкам свядома шаржыраваныя, фельетонныя вобразы дзеячаў нацыянальна-дэмакратычнага руху, на што Чорны не мог пайсці. Пісьменнік гучна аб'явіў у гэты час у друку аб сваім намеры пісаць «у мастацкіх вобразах гісторыю беларускага народа за часы ад знішчэння паншчыны і да нашых дзён». У выніку з'явіліся раманы «Бацькаўшчына» (1931), «Трыццаць год» (няскончаны, 1934), «Трэцяе пакаленне» (1935), аповесць «Люба Лук'янская» (1937), п'есы «Бацькаўшчына» (некалькі варыянтаў, 1932–1939), «Ірынка» (1940). У 30-я гады Чорны актыўна ўдзельнічаў у літаратурным жыцці Беларусі, быў адным з арганізатараў Саюза пісьменнікаў. З 1934 г. ён кіраваў Кабінетам маладога аўтара пры СП БССР, дапамагаў авалодваць азамі мастацкай творчасці, аб чым сведчаць артыкулы гэтага часу. Пісьменнік рабіў спробы падключыцца да заклікаў, якія чуліся з усіх бакоў, аб неабходнасці пісаць «гісторыю сучаснасці» і выдаў зборнік «Брыгадзіравы апавяданні» (1932), але адразу адчуў штучнасць гэтай задумы. Вялікі «хапун» канца 30-х гадоў яго не абмінуў: 14 кастрычніка 1938 г. Чорны быў арыштаваны. 8 чэрвеня наступнага 1939 г. Чорнага нечакана выпусцілі з турмы: гэта быў час, калі «яжоўшчына» змянялася на «берыеўшчыну» і новае кіраўніцтва НКУС рабіла выгляд абнаўлення палітыкі, выпусціўшы на волю невялікую колькасць нявінна асуджаных людзей. У гэты час Чорны быў вельмі хворы: балела сэрца, апухалі да калень ногі. А галоўнае: ён быў глыбока ўзрушаны ўсім убачаным у сталінскіх засценках, многае зразумеў і пераасэнсаваў, пра што напісаў у апошнія месяцы жыцця ў сваім дзённіку. Адчуваючы, што сіл у яго з кожным годам меншае, празаік спяшаецца ажыццявіць задуманае. Да пачатку вайны з фашызмам ён паспеў напісаць тры раманы, п'есу «Ірынка», вялікую працу пра «Новую зямлю» Якуба Коласа. Разам з бежанцамі Чорны дайшоў да Крычава, развітаўся з сям'ёй і пайшоў у ваенкамат. 10 ліпеня 1941 г. ён уступіў у шэрагі Чырвонай Арміі, але праз некалькі дзён быў адкліканы ў Клімавічы ў групу друку. Разам з групай журналістаў зноў апынуўся ў Крычаве, затым у Магілёве, дзе стаў супрацоўнікам сатырычнай газеты «Раздавім фашысцкую гадзіну». З гэтага часу ён вандраваў разам з рэдакцыяй гэтага выдання ў Гомель, Добруш, Чэбаксары, Казань. З другой паловы студзеня 1942 г. Чорны жыве ў Маскве, у гасцініцы «Якар», дзе займае цесны нумар разам з сям'ёй. На кавалак хлеба ён змушаны быў зарабляць працай у рэдакцыі часопіса «Беларусь», пішучы і друкуючы ледзь не штодня па артыкулу, вельмі часта пад псеўданімамі: Ігнат Булава з-пад Турава, Раман Талапіла, Арцём Чамярыца, Сымон Чарпакевіч, Максім Алешнік. Сатырычныя фельетоны Чорнага выйшлі асобнай кніжкай «Кат у белай манішцы» (1942). У гады вайны ён здзейсніў сапраўды пісьменніцкі подзвіг, напісаўшы раманы «Пошукі будучыні» (1943), «Млечны шлях» (1944), «Вялікі дзень» (1941–1944), аповесці «Скіп'ёўскі лес» (няскончаная, 1944), «Сумліцкая хроніка» (няскончаная, 1941–1944). Зборнік апавяданняў «Вялікае сэрца» быў апублікаваны ўжо пасля смерці пісьменніка — у 1945 г. Неўзабаве пасля вызвалення Мінска ён прыязджае на Радзіму, а праз два месяцы, 22 лістапада 1944 г., памірае. Пахаваны К. Чорны на Вайсковых могілках. У архіве пісьменніка застаўся дзённік і звыш дзесятка пачатых новых вялікіх твораў, сярод іх раманы і аповесці «Смага», «Лявончыкава Ліда і якубаўскі карчмар Сымон Біруля», «Сыны Хведара Нявады», «Алеся», «Захар Пагуда», «Рэшткі вялікай сялібы» і інш.
Пачынаўся Чорны-празаік, як і многія іншыя пісьменнікі, з апавяданняў. Раннія апавяданні яго — тыповыя для творчасці «маладнякоўцаў» замалёўкі, эцюды, імпрэсіі, своеасаблівыя «вершы ў прозе». Выбар героя ў іх зроблены адразу і без сумненняў — гэта мужык-беларус, бядняк, які ўвесь век марыў аб вольнай працы на ўласнай зямлі. У новы час, калі яму здалося, што мара яго блізкая да ажыццяўлення, гэты герой стаіць «на варце» сваіх інтарэсаў. Менавіта так прачытваецца сэнс першых апавяданняў празаіка «На граніцы» і «На варце» (1923). На мяжы двух светаў адчувае сябе чорнаўскі герой: мінулага і будучыні. Мінулае ў яго свядомасці звязана з жыццём яго братоў-беларусаў, што засталіся пасля падзелу Беларусі паміж Саветамі і Польшчай за «граніцай» (мяжа, якая рэзала жывое цела краіны на дзве часткі, праходзіла побліз ад родных мясцін празаіка). Ён вартуе свет, дзе адбываецца вялікае абнаўленне жыцця: «Мы жывём у цікавы час. Час росквіту думкі, новага жыцця. Час новых людзей» (I, 32). Аўтар разам з героем перакананы ў праўдзе новага часу, а яго настрой выказваецца ў захапленні светам. Перад маладым пакаленнем адкрыліся далягляды «людской маладой жыццёвай радасці», і празаік Чорны спяшае выказаць гэты небывалы энтузіязм чалавека пры дапамозе рытмізаванай прозы, дзе ўсё — дынаміка апавядання, музычнасць фразы, эмацыянальна-экспрэсіўная насычанасць слова, імпрэсіянізм малюнка — падпарадкавана гэтай задачы. Прыўзняты паэтычны настрой выяўлены ў апавяданнях «Будзем жыць», «На беразе», «Жалезны крык», «Максімка», «Быльнікавы межы» (усе — 1924), «Новыя людзі», «Бяздонне» (абодва — 1925). Некаторыя апавяданні вонкава нагадваюць верлібр — свабодны верш («Восень і радасць, «Срэбра жыцця», абодва — 1925). Аднак у кожным чорнаўскім творы за пачуццём бязмежнага захаплення жыццём адчуваецца прысутнасць вялікай думкі аб чалавеку, які жыве надзеяй на змены.
Герой многіх ранніх апавяданняў Чорнага вельмі ўражлівы. Звычайную з'яву ён нярэдка здольны ўспрымаць трагічна як вялікую драму ледзьве не сусветнага значэння. Цэлая пакута, напрыклад, для маці, якая будзіць малога хлапчыну-сынка ранкам, каб ён выганяў кароў на пашу («Начлег у вёсцы Сінегах», 1927).
Праз усю творчасць Чорнага праходзіць вобраз трапяткога, палахлівага гаваруна, вечнага трапетуна, гарапашніка-мужыка, які толькі ў новы час адчуў сябе чалавекам, беларусам. А гаваркі ён і часам непрыемна балбатлівы таму, што яго голасам загаварыла яшчэ нядаўна без'языкая, асуджаная каланіяльнай сістэмай да векавечнага маўчання шматмільённая сялянская маса. Міхалка Сляпенькі («Максімка», 1924), Кірылка («Мельнікі», 1925) радуюцца любой нагодзе пабыць сярод людзей, у грамадзе, пагаварыць, хоць часам усё ўжо даўно сказана і паўторана на розныя лады іншымі. Той жа Міхалка, трапіўшы на вясковы сход (Чорны наогул любіў паказваць сялянскую грамаду «агульным планам», вылучаючы пры гэтым асобныя каларытныя постаці), адчувае сябе так, быццам без яго «дзела не робіцца»: «Шмыгаючы ў грамадзе, падлазячы мужчынам пад локці, усім замінаючы, ён стараўся ўсіх перашчабятаць, паўтараючы за кожным словам сваю звычайную прыказку — «тым часам, браткі мае». Чорнага захапляе ў гэтым чалавечку тое, што ён усіх і ўсё на свеце вымярае мераю чуласці, чалавечнасці, дабраты, справядлівасці, хрысціянскага міласэрдзя, якое з умацаваннем сталінскага рэжыму ўсё больш выветрывалася з людскіх узаемадачыненняў, а яму на замену прыходзілі страх, недавер, падазронасць, шпіёнаманія, пошукі «ворагаў» і інш. Гэтага героя-трапетуна, як своеасаблівы «мечаны атам», мы заўважаем у многіх творах Чорнага. Ад твора да твора ўдакладняецца яго псіхалагічная характарыстыка, герой паступова вырастае ў вобраз-тып, што ўвасабляе лепшыя якасці беларуса.
Увагу Чорнага прыцягваў і вобраз маладога беларуса, які прадстаўляе новае пакаленне. Калі вобраз «трапетуна» ствараўся пераважна сродкамі знешняй характарыстыкі (партрэт, дзеянне, рухі, жэсты, гаворка), то вобразы юнакоў і дзяўчат малююцца больш знутры, сродкамі апісання іхняга ўнутранага свету. Гэта людзі, якія ўмеюць выказваць у словах тое, што адчуваюць, пра што думаюць і мараць. Яны схільны да самааналізу і рэфлексіі. Начытаныя, адукаваныя, гэтыя маладыя беларусы — кніжнікі і летуценнікі, якія выяўляюць сябе ўжо і як дзейсная сіла, мэтанакіравана і ўпарта. Самае цікавае ў апавяданні «Вечар» (1925) не назіранні Віктара Зеніча, студэнта, чулага да падзей і людзей, не малюнкі гарадскога побыту, убачаныя яго вачыма, а найперш яго рэакцыя на вонкавыя раздражняльнікі, роздум, імкненне зрабіць філасофскія высновы. Жыццярадасны юнак, бадзёры і поўны жадання перарабіць ледзь не ўвесь свет на новы лад паводле законаў хараства, Зеніч у той жа час глыбока разумее, якое складанае чалавечае жыццё, як шмат у ім неразгаданага, колькі навокал драматычных людскіх лёсаў. чорны апавядання драматычны творчы
Што адбываецца «на мяжы пачуццяў і думак»? Як растлумачыць «чалавечыя зломы» ў псіхіцы, характары, паводзінах, лёсе? Што азначае «духоўны разлад чалавека, скалечанага бурным рухам гістарычных падзей»? Гэтыя пытанні пісьменнік ставіць у апавяданнях «узвышэнскага» перыяду, такіх, як «Па дарозе», «Буланы», «Парфір Кіяцкі» (усе — 1925), «Хвоі гавораць» (1926). У гэтых творах даецца своеасаблівая псіхаграма ўнутранага жыцця беларуса ў паслярэвалюцыйнае дзесяцігоддзе, па якой можна ўзнаўляць карціну гістарычнага быцця народа.
На мяжы дзесяцігоддзяў, а таксама ў 1930-я гг. з’явіліся такія арыгінальныя апавяданні К. Чорнага, як «Ліст Якуба Малькевіча», «Справа Віктара Лукашэвіча», «Нянавісць» (усе — 1929), «Спатканні з васпаватым чалавекам», «Сям'я Юрыя Гарэйкі» (абодва — 1930), «Макаравых Волька» (1938). У 1932 г. выйшаў зборнік «Брыгадзіравы апавяданні», дзе Чорны паспрабаваў быць у ладзе з афіцыйнай ідэалогіяй, сумленна намагаўся авалодаць сакрэтамі «вытворчай тэмы», шукаць у сваіх героях прыкметы класавай і партыйнай прыналежнасці, але вынік быў мала плённым.
У час ВАв Чорным былі напісаны апавяданні «Бацька», «Маленькая жанчына», «Аксініны сляды» (усе — 1942), «Прасторны дом», «Вялікае сэрца» (абодва — 1944), у якіх пісьменнік узнаўляў асобныя эпізоды вайны, што паказвалі паводзіны беларусаў, іх нацыянальны характар у часы цяжкіх выпрабаванняў.
Сярэдняя эпічная форма найперш прадстаўлена ў К. Чорнага такімі творамі, як «Лявон Бушмар» (1929) і «Люба Лук'янская» (1936).
У аповесці «Лявон Бушмар», напісанай у той гістарычны момант, калі ўласніцтву ў Савецкім Саюзе быў аб'яўлены «апошні і рашучы бой» і пачаўся наступ на яго натуральнае асяроддзе — сялянскую «дробнабуржуазную стыхію», адлюстроўваецца драма селяніна-хутараніна. Лясны хутар у аповесці «Лявон Бушмар» здаецца апошнім астраўком, які сімвалізуе такую нязрушнасць векавечнага побыту беларускага мужыка. Гаспадар хутара Лявон Бушмар з усяе сілы абараняе сваю крэпасць. Але новае жыццё наплывае на яго хутар з усіх бакоў: з'яўляюцца новыя людзі, даходзяць, хоць і прыглушана, новыя ідэі. Лявон трывожыцца, нутром чуючы небяспеку. Ён гатоў жыць наводшыбе сам-на-сам, але без усялякіх зносін з вялікім светам жыць немагчыма. А за гэта ўжо трэба нечым ахвяраваць, і найперш — сваёй адзінотай, нелюдзімасцю. Магутная постаць Бушмара, якая ўнушае ўсяму наваколлю страх і змушаную павагу, адзінока ўзвышаецца сярод апошніх тубыльцаў, якіх пакуль яшчэ не закранулі рэвалюцыйныя змены. Пад націскам новых парадкаў Бушмар паволі адступае, здае пазіцыю за пазіцыяй, усё больш нервуецца, траціць спакой і робіць недарэчнасць за недарэчнасцю. Нарэшце ён адважваецца на падпал новых калгасных будынкаў, якія ў яго вачах сімвалізуюць новы лад, і тут яго «гісторыя» завяршаецца. Пісьменнік спрабуе разгадаць феномен, якому сам дае назву «бушмараўшчына». Адкуль у чалавека такая дэфармаваная прагавітасць у адносінах да ўласнасці? Што робіць гэтага чалавека такім нелюдзем? Чаму яго прырода, сама натура супраціўляецца ўсялякім зменам? У прамове абвінаваўцы гучыць адназначнае асуджэнне «бушмараўшчыны». Але ці згодзен з гэтым безапеляцыйным прысудам сам пісьменнік-псіхолаг і філосаф? Мастацкая тканіна аповесці сведчыць аб тым, што Чорны з увагай прыглядаўся да гэтага чалавечага тыпу, а ў наступных творах не раз вяртаўся да паказу вобразаў, блізкіх па жыццёвай пазіцыі Бушмару.
У аповесці «Люба Лук'янская» (1936), што ўваходзіць у цыкл задуманай Чорным мастацкай гісторыі, пісьменнік паказаў, як быў растаптаны лёс і шчасце галоўнай гераіні, а таксама была загублена вера ў чалавека Валі Іваноўскай — беларускіх жанчын, народжаных для таго, каб быць шчаслівымі і прыносіць радасць і шчасце іншым. Аўтар аповесці, напісанай напярэдадні страшнага 1937 г., упарта стаяў на сваім, сцвярджаючы чалавечнасць, маральнасць у чалавеку, лічачы, што менавіта гэта і ёсць мера прагрэсу.
У 1940 г. К. Чорным была напісана аповесць для дзяцей «Насцечка», у якой пісьменнік закрануў праблемы ўзаемаадносін паміж дзецьмі, іх правільнага выхавання, месца і ролі дарослых у гэтым працэсе.
Надзвычай вялікі ўклад унёс К. Чорны ў станаўленне і развіццё буйной эпічнай формы ў беларускай літаратуры.
У рамане «Зямля» (1928) празаік апавядае пра тое, як адбываецца франтальны паварот беларускай вёскі да новага, якія праблемы пры гэтым паўстаюць, што радуе, а што насцярожвае. Аўтар, паказваючы мацярык сялянства, як бы папярэджвае, што працэс змен на вёсцы павінен ісці эвалюцыйным шляхам, асцярожна і што спадзявацца на хуткія змены ў псіхалогіі селяніна не варта, нават небяспечна. Сялянскае жыццё ў рамане нагадвае шыракаплынную раку, якая мала-памалу ўваходзіць у новае рэчышча, і ў гэтай плыні мноства супярэчлівых тэндэнцый, што ўрэшце і складаюць паралелаграм грамадскіх сіл, які вырашае ўсё ў жыцці. Новае і старое, вясёлае і сумнае, высокае і нізкае ў жыцці дакалгаснай вёскі, апошняга аплоту нацыі, — усё гэта разам стварае асаблівую атмасферу маральных адносін пісьменніка да людзей. Чорны дэталёва ўзнаўляе панараму беларускай вёскі напярэдадні «вялікага пералому», свядома фіксуючы ўвагу на глыбіннай задуме, што акіян народнага жыцця падпарадкоўваецца сваім, шмат у чым неспазнаным унутраным законам і абыходзіцца з гэтай жывой і рухомай стыхіяй усякім «эксперыментатарам» трэба вельмі і вельмі асцярожна.
У пачатку 30-х гадоў Чорны, як ужо адзначалася, паставіў перад сабой грандыёзную задачу — напісаць цыкл твораў пра гісторыю беларусаў на працягу некалькіх дзесяцігоддзяў. Яго ўвагу прывабліваюць ужо не асобныя постаці або народныя тыпы, а жыццё народа на вялікім адрэзку часу. Першай спробай узняць глыбінныя пласты нацыянальнай рэчаіснасці, звярнуцца з многімі пытаннямі, прадыктаванымі бурнай сучаснасцю, да самой гісторыі быў незавершаны раман «Ідзі, ідзі» (1930). Пісьменнік адразу сутыкнуўся з мноствам ідэйных і творчых праблем. Па-першае, час не спрыяў адкрытай пастаноўцы такіх складаных пытанняў, як чалавек і рэвалюцыя, лёс Бацькаўшчыны, класавае размежаванне, ідэалагічнае змаганне і месца ў ім нацыянальнай інтэлігенцыі: твор пісаўся ў момант, калі «нацыянальная эліта», за выключэннем адзінак, была выслана за межы Беларусі, маральна знішчана, адлучана ад навуковай і мастацкай творчасці, творчае аб'яднанне «Узвышша» падвяргалася ярасным нападкам з боку вульгарызатараў і даносчыкаў. Па-другое, Чорны, як і ўся тагачасная беларуская літаратура, стаяў перад задачай стварэння шматпланавага эпасу, які павінен быў уключаць у сябе гісторыю народа, яго псіхалогію, філасофію «беларускага шляху». Нягледзячы на прыкметны рост пісьменніцкага прафесіяналізму і набыты празаічны вопыт, Чорны не здолеў справіцца з маштабнай задумай. Раман так і застаўся ў гісторыі літаратуры і ў творчасці самога празаіка мастацкім эксперыментам: аб'яўлены ў друку намер аўтара дапісаць гэты твор, дапоўніўшы яго наступнымі часткамі, якія павінны былі называцца «Раскрыжаванне» і «Захаду і Усходу», застаўся няздзейсненым.
У 1931 г. К. Чорным быў напісаны раман «Бацькаўшчына», у якім пададзена карціна магутнага народнага шэсця беларусаў з мінулага ў будучыню — «ад прыгоннага ладу да бяскласавага грамадства». Але не менш, чым прыгон, беларусаў на працягу вякоў хвалявала пытанне аб уласнай бацькаўшчыне. Пошукі Радзімы — гэта пошукі сваёй зямлі. Чорны стварае эпічны малюнак, у цэнтры якога магутная постаць Лявона Гушкі, селяніна-волата, здольнага, як казачны герой, сошку вырваць з раллі і закінуць за куст лазняку, узняць цаліну, пракарміць, як у вершах Багушэвіча і Купалы, «цэлы свет». У постаці героя спачатку прыкметныя трапятлівасць, якая выдае яго паднявольнае становішча, цярплівасць, выхаваная гістарычнымі акалічнасцямі, якія ў адносінах да гэтага чалавека цяжка назваць спрыяльнымі. Ён яшчэ і сам не верыць у свае вялікія магчымасці, шукае праўды то ў пана, то ў папа, то ў ксяндза, то ў прыстава, ажно пакуль не пераконваецца, што кожны з іх дбае найперш пра свае ўласныя інтарэсы. Яго вера ў магчымасць нармальнага існавання ва ўмовах беззямелля пад уздзеяннем выпадковага і невыпадковага збегу абставін ператвараецца ў такой жа сілы расчараванне. У рамане «Бацькаўшчына» Чорны ўзняўся на новую сацыяльна-гістарычную і філасофскую ступень асэнсавання беларускай рэчаіснасці.
Асабліва шмат у плане ідэйнага і творчага развіцця пісьменіка даў раман «Трэцяе пакаленне» (1935), дзе праблемы гуманізму ставіліся маштабна і распрацоўваліся грунтоўна, што і зрабіла гэты твор надзвычай папулярным у 30-я гады, аб чым сведчаць неаднаразовыя перавыданні. У рамане «Трэцяе пакаленне» пісьменніка цікавіць «ідэёвая катэгорыя» ўласнасці як асобнага грамадскага інстытута. Асуджаючы прыватную ўласнасць, празаік памятае пра асабісты вопыт дачыненняў з мноствам буйных і дробных уласнікаў, пачынаючы з часоў маленства, калі яго бацькі зазналі ўсе «даброты» беззямелля, бяспраўя, парабкоўства. У яго ёсць права і аргументы, каб адмаўляць гэты грамадскі інстытут, у выніку якога пакутуе мноства людзей, цэлы народ, пазбаўлены самай галоўнай сваёй уласнасці — дзяржаўнасці. Чорны ўклаў увесь свой талент у дадзены твор, які выкрывае нялюдскую філасофію ўласніка, яго псіхалогію і ідэалогію. Разам з тым у гэтым рамане К. Чорнага ёсць і пэўныя нацяжкі, пралікі, частка якіх абумоўлена складанасцю часу, эпохі, калі пісаўся раман.
У раманах ваеннага часу «Пошукі будучыні» (1944), «Вялікі дзень» (1941–1944), «Млечны шлях» (1944) К. Чорны зрабіў спробу філасофскага асэнсавання эпохі. Нездарма дзеянне гэтых эпічных твораў пачынаецца ў гады першай сусветнай вайны, па сутнасці з першых гадоў XX ст. У гэтых адносінах творы Чорнага былі выключэннем у гісторыі сусветнай літаратуры: у мастацка-філасофскім асэнсаванні эпохі беларускі пісьменнік апярэджваў многія вядомыя творы, такія, як раманы «Чума» Альбера Камю і «Доктар Фаустус» Томаса Мана, дзе ўздымаліся фундаментальныя праблемы чалавечага існавання.
Усведамленне асабістай адказнасці за заўтрашні дзень свайго народа і ўсяго чалавецтва вызначае пачуцці, думкі і паводзіны герояў рамана «Пошукі будучыні». Аўтар называе іх сумлічанамі, жыхарамі беларускага мястэчка Сумлічы, — ад слова «сумленне». Ён паказвае іх добрымі і сумленнымі, людзьмі «з праўдай у сэрцы і розумам у галаве». Вясёлы, гаваркі, чулы да ўсяго, што адбываецца ў свеце, Фельчар (у яго няма імя — ён лекар, доктар і знаецца на спосабах выратавання чалавека не толькі ад фізічнага болю, але і ад душэўных траўм) бязмежна верыць у магчымасць змен свету да лепшага, у светлыя, духоўныя пачаткі ў чалавеку. Ён верыць нават у магчымасць перавыхавання такога закаранелага ў сваёй уласніцкай карыслівасці і жахлівым практыцызме чалавека, як палонны немец Густаў Шрэдэр. Імкнучыся да філасофскага асэнсавання падзей, Чорны бачыць іх на шырокім фоне гісторыі народа і нават чалавецтва. Ён разумее, што за подзвігам «ціхага чалавека», беларуса-партызана стаіць усё яго ранейшае жыццё, і шпарка рассоўвае фон, на якім адбываецца дзея яго твора. У першай частцы «Пошукаў будучыні», якую аўтар называе шматзначна «Украдзенае маленства», апавядаецца пра Вялікага Злодзея, а гэта і свет уласніцтва, што развязаў вайну, і ідэолагі фашызму ў абліччы Густава Шрэдэра, які вярнуўся, каб забраць назад «сваё» золата, і тыя, хто, не пытаючыся беларусаў, падзяліў краіну на дзве часткі мяжой. Імкнучыся апаэтызаваць хараство беларускай душы, якая ў гады вайны ўбачылася з асаблівай вастрынёй і болем, Чорны актыўна выкарыстоўвае такі мастацкі прыём, як унутраны маналог, які часта нагадвае сапраўдную «плынь свядомасці», бо герой, дзеля таго каб выказацца дарэшты, ужо не зважае на іншых. У гэтых маналогах, па сутнасці, змяшчаецца квінтэсенцыя жыццёвай мудрасці цэлага народа, які за сваю працяглую шматпакутную гісторыю спазнаў усяму на свеце сапраўдную цану. Асабліва ахвотна «дае слова» аўтар Юрасю Няваду, чалавеку, які, седзячы чатыры гады ў акопах, марыў аб вяртанні на Радзіму, які так і не перажыў звычайнага чалавечага шчасця бачыць, як растуць яго дзеці, становяцца дарослымі, а таму так хваравіта ўспрымае ўсё, што нагадвае яму пра «ўкрадзенае маленства» яго дачкі Волечкі.
У рамане «Вялікі дзень», які лічыцца незавершаным, хоць недапісаны ўсяго некалькі раздзелаў, якія толькі фармальна азначалі б фінал і звычайна займалі нязначнае месца ў задуме, разгортваецца панарама вялікага сутыкнення сіл дабра і зла. Гэтае сутыкненне адбываецца на арэне Беларусі, якую пісьменнік свядома прыўздымае, каб выразна было відаць, што адбываецца, хто ўдзельнічае ў бойцы, якімі намерамі кіруецца. У першай частцы твора «Пошукі роднай зямлі» Чорны зноў вяртае чытача да праблемы, якая столькі разоў ставілася і вырашалася ў творах яго слынных папярэднікаў і вымушала думаць над ёю сучаснікаў. Пытанне пытанняў для беларусаў — бацькаўшчына, уласная дзяржаўнасць — не было вырашана ні ў 1917-м, ні ў 1941-м, а беларусы зноў уздымалі яго на парадак дня, абараняючы родны край, несучы за яго велізарныя ахвяры.
Уменне бачыць гісторыю беларусаў на фоне вялікай сусветнай гісторыі прывяло Чорнага да задумы напісаць раман «Млечны шлях», у якім паказаны «беларускі чалавек сярод сваіх еўрапейскіх суседзяў у час Айчыннай вайны» (З сямейнага архіва К. Чорнага). Чорны з першых старонак гэтага твора малюе вобраз спаленай, знявечанай вайной Беларусі. На папялішчы гэтай былой квітнеючай краіны сутыкаюцца апошнія прадстаўнікі ваюючых бакоў: чырвонаармеец Уладзімір Ярмаліцкі, які ўцёк з палону і імкнецца да родных мясцін, чэх Эдуард Новак, якому ўдалося збегчы з нямецкай арміі, паляк Люцыян Акаловіч, немец-«таўстун» і немец-«стары», беларусы Мікалай Сямага і яго дачка Гануся. Недавер, узаемная варожасць, стоеная нянавісць не даюць гэтым людзям быць шчырымі і адкрытьші. Такімі яны могуць быць толькі перад наіўным дзіцём, дзяўчом-падлеткам Ганусяй, перад якой героі па чарзе спавядаюцца.
Драматычныя творы К. Чорнага прадстаўляюць п’есы-драмы “Лета (1930), “Бацькаўшчына” (паводле аднайменнага рамана, 1932), “Базылевічава сям’я” (1938), ”Ірынка” (1941), а таксама камедыя “Не пішы чорт ведае як” (1925).
Першы драматургічны твор К. Чорнага — «сцэна-сатыра», згодна аўтарскага вызначэння, пад назвай «Не пішы чорт ведае як» — прысвечана крытыцы бюракратызму, празмернай раздутасці штатаў. У ёй пісьменнік вывеў цэлы шэраг надзвычай яскравых вобразаў-тыпаў савецкага чыноўніцтва.
П’еса “Лета” адлюстроўвае некаторыя моманты “вялікага пералому” на вёсцы ў канцы 1920-х гг., звязанага, як вядома, з распачатай у краіне калектывізацыяй.
Аддаўшы пэўную даніну свайму вельмі скрушнаму часу, К. Чорны напісаў аднаактовую п’есу на модную і запатрабаваную ідэалагічнымі службамі 1930-х гг. “шпіёнскую” тэматыку пад назвай “Базылевічава сям’я”.
У п'есе «Ірынка» (1941), напісанай з нагоды вызвалення Заходняй Беларусі і ўз’яднання нацыі Кузьма Чорны рабіў спробу расказаць у мастацкіх вобразах пра лёс трэцяга пакалення напярэдадні вялікай і страшнай вайны.
Дарэчы, К. Чорны не толькі пісаў п’есы, але і цікавіўся тэатрам, яго станам. Злабадзённым пытанням развіцця беларускага драматычнага пісьменства і айчыннага тэатра прысвечаны шэраг артыкулаў К. Чорнага. Ён прымаў таксама актыўны ўдзел у вядомай рэспубліканскай тэатральнай дыскусіі канца 1920-х гг.
Спіс выкарыстаных крыніц
1. Тычына М.А. Кузьма Чорны // Гісторыя беларускай літаратуры ХХ стагоддзя: У 4 т. Т. 2. - Мн., 1999. С. 330-369.
2. Маракоў Л.У. Рэпрэсаваныя літаратары, навукоўцы, работнікі асветы, грамадскія і культурныя дзеячы Беларусі, 1794–1991. Энц. даведнік. У 10 т. Т.2. —Мн:, 2003.
3. Чорны К. Зборнiк твораў: У 6 т. / Чорны К. - Мн., 1988–1990. Т. 1-6.
4. Беларускія пісьменнікі: 1917–1990. / Уклад. А. Гардзіцкі. - Мн.: Мастацкая літаратура, 1994.
5. Ватацы Н. Кузьма Чорны. 1900–1944. Бібліяграѓфічны даведнік / Ватацы Н. - Мн., 1954;
6. Тычына М. Кузьма Чорны: Эвалюцыя мастацкага мыслення. — 2-е выд., выпр. і дап. — Мн., 2004.
Похожие работы
... беларусiзацыi спрыялi абуджэнню творчага патэнцыялу нашага народа. Гэтая магутная энергiя выявiлася ва ўсплеску пасiянарнай актыўнасцi, у далучэннi да мастацкай творчасцi цэлай кагорты таленавiтай моладзi. Асэнсоўваючы творчасць К. Чорнага ў працэсе развiцця сусветнай лiтаратуры, належыць сказаць, перш за ўсё, пра маштабнасць мастацкай задумы пiсьменнiка: асэнсаванне чалавечага жыцця ў кантэксце ...
... , Д. Бугаёў выступіў сааўтарам дапаможніка па вывучэнню творчасці Быкава. Так, у 1995 годзе ён разам з аўтарамі М.І. Верціхоўскай, В.У. Верціхоўскай выдае дапаможнік “Вывучэнне творчасці Васіля Быкава ў школе”. Падрыхтаваны дапаможнік у адпаведнасці з праграмамі па беларускай літаратуры. Ён складаецца з дзвюх частак. У першай – асвятляецца жыццёвы і творчы шлях Васіля Быкава (аўтар гэтай часткі Д. ...
... хлусні «генеральскіх мемуараў», тут, заўседы прысутнічае глыбокі філасофскі роздум над балючымі праблемамі, народжанымі небывала багатым на трагедыі XX ст. [1, с.419] 2.3. “Мёртвым не баліць” як прыклад уплыву экзістэнцыялізму на творчасць Васіля Быкава. Катэгорыя будучыні займае ў гэтай аповесці зусім не апошняе месца, у творы закрануты такі комплекс грамадскіх адносін, якія аказваюць ...
... таратуры. Раман «Салаўі святога Палікара» – узор поліфанічнай прозы, адзіны ў сваім родзе ў літаратуры 30-х гадоў. александровіч паэма проза драматургія 3. Драматургія 1930-х гадоў Стан развіцця беларускай драматургіі на пачатку 30-х гадоў тагачасная крытыка ацэньвала ў цэлым станоўча. Як прынцыпова творчая перамога пракламавалася з'яўленне п'ес з індустрыяльнай тэматыкай. Хваліліся творы за ...
0 комментариев