1.2 Журналістыка Беларусі ў гады Вялікай Айчыннай вайны

Беларусь адной з першых прыняла на сябе ўдары фашысцкіх захопнікаў. Важная роля ў арганізацыі супрацьстаяння ворагу належала ў гэты час перыядычнаму друку. Нягледзячы на тое, што 22 чэрвеня была нядзеля і ў панядзелак газеты не выдаваліся, журналісты прыйшлі на працу, і раніцай 23 чэрвеня выйшлі пазачарговыя спецыяльныя выпускі рэспубліканскіх газет “Звязда” і “Советская Белоруссия”.

Меркавалася, што ў час вайны выданне “Звязды” будзе арганізавана ў Магілёве, а “Советской Белоруссии” – у Гомелі. Але ў сувязі з тым, што ў першыя ж дні вайны гітлераўцы захапілі значную частку Беларусі і падыходзілі да Магілёва, рэдакцыя “Звязды” вымушана была пераехаць у Гомель, дзе ў гэты час на ўсю магутнасць працавала друкарня фабрыкі “Палесдрук”. Тут да 18 жніўня 1941 г. выдаваліся “Звязда”, “Cоветская Белоруссия” і абласная “Гомельская праўда”. Акрамя гэтых выданняў 5 ліпеня ў Гомелі выйшаў першы нумар агітплаката “Раздавім фашысцкую гадзіну”.

Вось як апісваў тыя трывожныя дні работы рэдакцый у прыфрантавым Гомелі журналіст Р. Дзегцяроў: “Днём і ноччу ад лініі фронту бесперапынным патокам рухаюцца ваенныя абозы. Адступаюць асобныя воінскія часці. Заканчваецца вычытка палос газеты “Звязда”. Друкуецца сатырычны агітплакат “Раздавім фашысцкую гадзіну”. Першая змена журналістаў і паліграфістаў пайшла ў бамбасховішча на адпачынак. Прыязджае сакратар ЦК КПБ(б). Ён праглядвае падпісаныя да друку старонкі “Звязды”, чытае адбіткі лістовак. Разрывы бомб не змаўкаюць. Асколкі ўсю ноч стукаюць па сценах рэдакцыі. Адна бомба патрапіла ў бочку з бензінам, якая стаяла ў двары друкарні. Побач ляжалі вінтоўкі, скрынкі з патронамі. Полымя пачало падбірацца да склада з паперай. Друкарня магла стаць мішэнню для фашысцкіх самалётаў. Усе адклалі рукапісы і кінуліся тушыць агонь, які ахапіў скрынкі з патронамі. Нечакана наступіла раніца. Змучаныя работнікі прыняліся дапісваць рукапісы: трэба было выдаваць чарговыя нумары. Так праходзіла амаль кожная ноч у прыфрантавым Гомелі”.

У ноч з 18 на 19 жніўня, калі навісла рэальная небяспека захопу ворагам Гомеля, быў сфарміраваны эшалон-друкарня. Работа рэдакцый яшчэ больш ускладнілася. Наступала халодная пара. Ацяплення ў вагонах не было. Творчыя работнікі і паліграфісты працавалі з апухлымі рукамі, аднак ніхто з іх не скардзіўся на цяжкія ўмовы працы. Да таго ж варожая авіяцыя штодзённа бамбіла і абстрэльвала эшалон. У зацемненых вагонах пісаліся адозвы, лістоўкі, выдаваліся чарговыя нумары газет. Эшалон-друкарня следаваў па маршруту Шчорс–Бахмач–Канатоп–Казань–Масква.

Але ў сувязі з недахопам паперы выданне “Звязды” і “Советской Белоруссии” было спынена. Замест іх па рашэнні ЦК КП(б)Б з 9 кастрычніка 1941 г. у Болхаве, паблізу Арла, пачала выдавацца газета “Савецкая Беларусь”. З часткі супрацоўнікаў рэдакцый “Савецкай Беларусі” і агітплаката “Раздавім фашысцкую гадзіну” быў сфарміраваны новы эшалон-друкарня. Узначаліў калектыў журналіст і пісьменнік Мікалай Вішнеўскі.

На базе гэтай друкарні з 18 сакавіка 1942 г. на Калінінскім фронце пачала выдавацца газета “За свабодную Беларусь” – орган палітупраўлення Калінінскага фронта.

Яшчэ раней, 11 ліпеня 1941 г., упраўленне палітычнай прапаганды Заходняга фронта пачало выдаваць газету “За Савецкую Беларусь”.

22 сакавіка 1942 г. у Маскве выйшаў першы нумар агітплаката “Партызанская дубінка”, а ў прыфрантавой палаве з 14 красавіка – газета “Віцебскі рабочы”.

У дні бітвы за Маскву друк Беларусі змясціў некалькі артыкулаў і замалёвак пра сваіх землякоў на франтах і ў тыле ворага – капітана Мікалая Гастэлу, генерала Льва Даватара, Сяргея Грыцаўца, кіраўнікоў партызанскага руху Ціхана Бумажкова, Фёдара Паўлоўскага, пра барацьбу партызанскіх атрадаў пад камандаваннем А.Далідовіча, І.Жулегі, А.Каваленкі, М.Шмырова і інш.

З пачаткам разгортвання ўсенароднай партызанскай барацьбы перад беларускім друкам востра паўстала задача мець уласных ці спецыяльных карэспандэнтаў на акупаванай беларускай зямлі. Вялікае значэнне ў гэтых адносінах мела палажэнне “Аб рабоце ваенных карэспандэнтаў на фронце”. У абавязкі карэспандэнтаў ваенных газет уваходзіла не толькі аператыўнае асвятленне ваенных падзей, але і праяўленне асабістай дысцыплінаванасці, смеласці і нястомнасці ў рабоце, а калі патрабавалі абставіны, – і ў баях.

У выніку камандзіровак карэспандэнтаў у глыбокі тыл ворага на старонках беларускага друку пачынае больш друкавацца матэрыялаў, розных па жанру і праблематыцы. З’аўляюцца нарысы, праблемныя артыкулы. Так, напрыклад, на старонках газеты “За свабодную Беларусь” у ліпені 1942 г. былі надрукаваны некалькі нарысаў пра дзейнасць партызанскага атрада пад камандаваннем Бацькі Міная: “Родныя мясціны”, “Бацька Мінай”, “Артылерыя, агонь!”, “Песня”, “У атрадзе Данілы”, “Гаспадзін упраўляючы”, “Беларусь ваюе”, змешчаныя пад рубрыкай “На партызанскай зямлі”. У гэтых творах расказвалася пра гераічную барацьбу беларускага народа з гітлераўскімі акупантамі, паказвалася тая трывожная атмасфера, якую прынесла вайна Беларусі. Гэтая ж тэма гучала ў нарысах “Савецкай Беларусі”: “Канстанцін Заслонаў”, “Подзвіг”, “Партызаны-артылерысты”, “Прага бою”, “Мужнасць”, “Баявыя справы”, “Калгаснік Максім і яго сыны”, “Міхаіл Сільніцкі” і інш.

У кастрычніку 1942 г. была павялічана перыядычнасць і фармат газеты “Савецкая Беларусь”. Гэта паспрыяла больш шматграннаму адлюстраванню падзей. У газеце з’яўляюцца пастаянныя рубрыкі “На франтах Айчыннай вайны”, “Па Савецкаму Саюзу” і інш., дзе друкаваліся паведамленні аб ваенных дзеяннях на Курска-Харкаўскім напрамку, пра абарончыя баі пад Сталінградам.

28 кастрычніка 1942 г. “Савецкая Беларусь” пад “шапкай” “Германія – рынак рабоў! Рвіце ланцугі гітлераўскага рабства!” надрукавала пісьмы беларускіх нявольнікаў з фашысцкай катаргі. Гэтыя пісьмы, падкрэслівала газета, напісаны крывёю сэрца.

Асабліва востра выкрывалі гітлераўскія махінацыі, “новы парадак” газеты-плакаты “Раздавім фашысцкую гадзіну” і “Партызанская дубінка”. Для гэтага выкарыстоўваліся самыя розныя матэрыялы, якія друкаваліся пад рубрыкамі “Не ў брыво, а ў вока”, “Партызанскія падарункі”, “Чым багаты – тым і рады”, “Прыгоды Адольфа Гітлера”, “Бліц-паходы – цяжкія прыгоды”, “Дакументы жахлівых злачынстваў гітлераўцаў” і інш.

Часам нумары газет-плакатаў цалкам прысвячаліся выкрыццю якой-небудзь злоснай авантуры гітлераўцаў на акупаванай Беларусі. Выкрываючы розныя фашысцкія рэформы, праекты, нацысцкую ідэалогію, газета-плакат “Раздавім фаш.гадзіну” ў той жа час заклікала беларускі народ на гераічную барацьбу, дапамогу Чырвонай Арміі.

Сярод партызан і насельніцтва акупаваных тэрыторый вялікай папулярнасцю карысталася “Малая партызанская энцыклапедыя”, якая на працягу ўсёй вайны друкавалася на старонках газет-плакатаў. Аўтары яе выкарыстоўвалі канкрэтныя факты, народны гумар, мову з яе ярка выражанай эмацыянальнай экспрэсіяй. Многія падпольныя і партызанскія выданні перадрукоўвалі “МПЭ”, выкарыстоўвалі яе асобныя матэрыялы і факты ў лістоўках і адозвах.

Друкаваліся газеты і на акупаванай тэрыторыі. 18 мая 1942 г. выйшаў першы нумар мінскай падпольнай газеты “Звязда”. Узначаліў рэдакцыю таленавіты журналіст Уладзімір Амельянюк. З’яўленне кожнага чарговага нумара “Звязды” выклікала лютую злосць у фашыстаў. Пасля смерці У.Амельянюка, забітага правакатарам, рэдактарам газеты стаў В.К.Нікіфараў. пад яго рэдакцыяй былі выдадзены другі, чацвёрты і падрыхтаваны пяты нумар. У ноч на 26 верасня 1942 г. гітлераўцы арыштавалі і замучылі членаў Мінскага падпольнага камітэта, у тым ліку і рэдактара “Звязды” Нікіфарава. Падрыхтаваны да выпуску пяты нумар газеты выдаць так і не ўдалося.

У канцы 1942 г. рэдактарам “Звязды” быў прызначаны вопытны журналіст М.П.Барашкаў, супрацоўнікамі – П.Касцюкавец, былы рэдактар любанскай раённай газеты, і Г.Шчарбатаў, які ў якасці спецкара “Савецкай Беларусі”, “За Савецкую Беларусь”, “За свабодную Беларусь” і газеты-плаката “Раздавім фаш.гадзіну” знаходзіўся на акупаванай тэрыторыі.

У друкарні “Звязды” 31 студзеня 1943 г. выйшаў першы нумар адноўленай маладзёжнай газеты “Чырвоная змена”. Рэдагаваў яе таксама М.Барашкаў, даваенны рэдактар. Як і “Звязда”, “Чырвоная змена” з нумара ў нумар заклікала моладзь Беларусі на барацьбу з гітлераўскімі акупантамі.

9 красавіка 1943 г. выйшаў першы нумар падпольнаай газеты “Кліч Радзімы” – орган Любанскага раённага камітэта партыі. Газета расказвала, як на базе асобных партызанскіх атрадаў арганізаваліся мабільныя і буйныя брыгады народных мсціўцаў імя Панамарэнкі, імя Кірава, імя Чапаева, імя Брагіна. А ўвогуле, за гады вайны ў Беларусі было выдадзена звыш 170 партызанскіх і падпольных газет.

Беларускі друк перыяду ВАВ – яркі прыклад прымянення інтэлектуальных сіл народа ў барацьбе з ворагам. Публіцыстычная спадчына журналістаў і пісьменнікаў, якія штодзённа рызыкавалі жыццём, павінна быць глыбока вывучана. Яна з’яўляецца сапраўды гераічнай старонкай у гісторыі барацьбы беларускага народа з фашызмам.

журналістыка беларусь вайна друк



Информация о работе «Журналістыка Беларусі ў час Вялікай Айчыннай вайны i ў аднаўленчы перыяд (1946-1953 гг.)»
Раздел: Журналистика
Количество знаков с пробелами: 27378
Количество таблиц: 0
Количество изображений: 0

0 комментариев


Наверх