2. Беларуская журналістыка ў аднаўленчы перыяд (1946-1953 гг.)

Вайна пакінула па сабе змрочную спадчыну. Не кажам пра яе чалавечыя ахвяры – іх колькасць наўрад ці хто дакладна падлічыць. Амаль поўнасцю былі разбураны прамысловасць, сельская гаспадарка, зруйнаваны многія гарады і вёскі, разрабаваны музеі, бібліятэкі. Па афіцыйных падліках за гады вайны агульныя страты народнай гаспадаркі Беларусі склалі 75 млрд.руб. (у цэнах 1945г.).

Вялікая роля ў аднаўленчай рабоце адводзілася сродкам масавай інфармацыі. У СМІ прыйшлі працаваць журналісты, што вярнуліся з франтоў ВАВ. 1 лістапада 1944 г. пачаліся заняткі на факультэце журналістыкі Белдзяржуніверсітэта, створанага па рашэнні ЦК ВКП(б)Б. Факультэт у гады чацвёртай пяцігодкі пачаў пасылаць у рэдакцыі дыпламаваных спецыялістаў.

Паколькі культ асобы Сталіна ў СССР з неймавернай хуткасцю ўзрастаў, асабліва пасля вайны, і ён быў фактычна адзіным чалавекам, які прымаў найважнейшыя рашэнні гаспадарчага і культурнага напрамкаў у разбуранай і спустошанай вайной краіне, СМІ ў першую чаргу адчулі на сабе цэнзурны прыгнёт каманды “бацькі ўсіх народаў”. Былі, аднак, прыняты і некаторыя станоўчыя рашэнні, якія садзейнічалі развіццю СМІ. Быў павялічаны аб’ём рэспубліканскіх, абласных газет (з 2-х да 4-х палос), колькасць аддзелаў і адпаведна – колькасць творчых работнікаў у рэдакцыях. Станавілася больш і саміх газет. У 1946 г. у БССР выходзіла 10 рэспубліканскіх, 11 абласных, 161 раённая, 10 гарадскіх, 4 галіновыя, 9 часопісаў, агульны разавы тыраж газет складаў звыш 800 тыс. асобнікаў.

У той час былі створаны новыя газеты: “Савецкі селянін” (1945), “Мінская праўда” (1950), “Физкультурник Белоруссии” (1951), часопіс “Калгаснік Беларусі” (1953) і інш.

ЦК КП(б)Б у гэтыя гады прыняў некалькі пастаноў, накіраваных на паляпшэнне дзейнасці сродкаў масавай інфармацыі: “Аб рабоце газеты “Советская Белоруссия” (1946, 17.09), “Аб няправільных адносінах Мінскага абкома КП(б)Б да крытыкі ў друку” (1947, 4.11) і інш. Адзін пералік пастаноў паказвае, што партыйныя органы вельмі ўважліва сачылі за тым, каб у СМІ не крытыкаваліся партыйныя чыноўнікі нават самага нізкага ўзроўню, бо гэтая крытыка пераносілася б на ўсю КП(б), а значыць, і на ўсю гаспадарчую, сацыяльную і культурную палітыку, якую яна праводзіла. Крытыкаваліся газеты і за тое, што слаба пасітычна выхоўвалі працоўных, мала ўвагі ўдзялялі партыйным камітэтам, іх кіруючай ролі, слаба адлюстроўвалі сацыялістычнае спаборніцтва і г.д. І гэта ў час, калі СМІ, асабліва газеты, толькі тое і рабілі, што праслаўлялі ВКП(б) і яе кіраўніка І.В.Сталіна, які вёў савецкі народ «ад перамогі да перамогі».

Не сакрэт, што супрацоўнікі мясцовага друку часта выкарыстоўваліся, як кажуць, не па прызначэнні (у якасці т.зв. «таўкачоў»-упаўнаважаных) у час розных масавых палітычных і гаспадарчых кампаній. У канцы 40-х – пачатку 50-х гадоў гэты «рух» атрымаў такі размах, што на дзвярах некаторых раённых газет можна было вывешваць аб'явы: «Усе на пасяўной», «Усе на зборцы попелу», «Усе на ўборачнай» і г.д. У рэдакцыях фактычна не заставалася творчых работнікаў, што адмоўна адбівалася на якасці перыядычных выданняў. У пастанове «Аб фактах няправільнага выкарыстання рэдактараў раённых газет» з гэтага часу забаранялася адпраўляць супрацоўнікаў рэдакцый у якасці «штурхачоў».

У пасляваенныя гады, хоць і рабіць гэта было вельмі цяжка з-за адсутнасці друкарскага абсталявання, паперы, фарбы, журналісцкіх кадраў, аднавілі работу даваенныя, ствараліся новыя шматтыражныя газеты. Газеты «Бумажнік» (фабрыка «Герой працы»), «Рабочий Осинторфа», «Железнодорожник Белоруссии», «Строитель транспорта» («Белтрансбуд»), «Автозаводец», «Трактор», «Голос стахановца» («Гомсельмаш»), «За сталинские кадры» (БДУ), «Советский инженер» (БПІ) і інш. Імкнуліся ўсебакова асвятляць жыццё калектыву, сачылі за будаўніцтвам новых прамысловых прадпрыемстваў. У 1951 г. пры палітаддзелах МТС былі створаны 124 шматтыражныя газеты агульным разавым тыражом у 68 тыс. паасобнікаў. Пры 50 найбольш аддаленых ад райцэнтраў МТС былі створаны свае друкарні. У 1953 г., выканаўшы сваю задачу, палітаддзелы пры МТС і іх газеты былі ліквідаваны.

У 1948 г. радыёвяшчанне Беларусі дасягнула даваеннага ўзроўню. Былі адноўлены і пабудаваны новыя – усяго 242 радыёвузлы, аднак, план радыёфікацыі вёсак у 1948 г. быў выкананы толькі на 54,4%. Напачатку 50-х гадоў у Мінску пачаліся работы па будаўніцтву студыі тэлебачання.

З пачатку вызвалення ад акупацыі ў сродках масавай інфармацыі Беларусі пачаўся паказ аднаўлення народнай гаспадаркі. Ішла рэканструкцыя тых прадпрыемстваў, што захаваліся, пачыналася будаўніцтва новых – гігантаў беларускай індустрыі аўтамабільнага і трактарнага заводаў.

На старонках газет «Звязда», «Советская Белоруссия», «Гомельская праўда», «Сталинская молодежь», «Уперад» (Ліда) і інш. з'явіліся рубрыкі «На важнейшых новабудоўлях рэспублікі», «Людзі новай пяцігодкі», «Трактарны будуе ўся рэспубліка» і інш., пад якімі друкаваліся матэрыялы аб ходзе будаўніцтва, лепшых людзях новабудоўляў.

Газеты, радыё падхоплівалі новыя ініцыятыві, расказвалі пра іх на ўсю рэспубліку. Так, газета «Віцебскі рабочы» стала праводзіць «стаханаўскія серады», «Звязда» вяла рубрыку «Старонкі перадавога вопыту», з 1949 г. «Советская Белоруссия» ўвяла рубрыку «Стаханаўскі лекторый», «Чырвоная змена» і «Сталинская молодежь» заклікалі моладзь набываць рабочыя прафесіі, больш актыўна ўдзельнічаць у аднаўленні і развіцці народнай гаспадаркі. У перыядычным друку ў гэты час актыўна ўдзельнічалі вядомыя беларускія пісьменнікі і публіцысты Т.Хадкевіч, М.Вішнеўскі, М.Ткачоў, А.Матусевіч, І.Турэцкі («Звязда»), І.Новікаў, В.Ігнацьеў, Ф.Міхайлаў («Советская Белоруссия») і інш.

СМІ шырока выкарыстоўвалі многія формы масавай работы – рэйды, агляды. Адной з цікавых форм стала правядзенне «выязных рэдакцый», практыкаваць якую журналісты пачалі яшчэ ў 30-я гады.

Першая пасляваенная аяцігодка была выканана за чатыры гады і тры месяцы. Паспяхова выконваліся і планы пятай пяцігодкі.

У цяжкім становішчы пасля вайны была і сельская гаспадарка. У 1946 г. пасяўныя плошчы ў Беларусі складалі прыкладна дзве трэці даваенных. Не хапала тэхнікі, насення, мінеральных угнаенняў. Нізкай была ураджайнасць палёў, прадукцыйнасць жывёлагадоўлі. У канцы 40-х – пачатку 50-х гадоў у былой Заходняй Беларусі пачалася калектывізацыя. Яна ішла цяжка, бо заходнебеларускія сяляне не мелі вопыту вядзення калектыўнай гаспадаркі Усходняй Беларусі 30-х гадоў. Спецыяльна для гэтага рэгіёна ў красавіку 1945 г. пачала выдавацца газета «Савецкі селянін» (з 1-га кастр.1950 г. – агульнарэспубліканская газета «Колхозная правда»). Пры МТС заходніх абласцей у 1950 г. былі створаны палітаддзелы, пры якіх таксама сталі выдавацца шматтыражныя газеты.

Вясной 1946 г. трэба было паспяхова правесці веснавую сяўбу, значна павялічыць пасяўныя плошчы, таму газеты «Звязда», «Савецкі селянін», «Гомельская праўда», «Віцебскі рабочы», «Сталінскі шлях» (Маладзечна), «Чырвоная звязда» (Баранавічы), «Заря» (Брэст), «За радзіму» (Магілёў) і інш. праводзілі с/г лекторыі, масавыя рэйды па падрыхтоўцы тэхнікі да сяўбы, расказвалі аб агранамічнай вучобе паляводчых брыгад і звенняў. Абласная газета «Віцебскі рабочы», напрыклад, праводзіла «мічурынскія вечары», на якіх давала слова вучоным, перадавікам с/г.

Пастаяннымі ў газетах сталі рубрыкі «За высокі ўраджай», «Парады селяніну», «Завочная агратэхнічная школа», «Горад – вёсцы», «Селькоры паведамляюць» і інш.

На жаль, становішча ў с/г не было такім аптымістычным, якім яно бачылася многім кіраўнікам КП(б)Б. С/г пачатку 50-х гадоў значна адставала ад патрэб насельніцтва. У калгасах і саўгасах у дрэнным стане бвла жывёлагадоўля, тут зусім адсутнічала механізацыя, не хапала гатуковага насення, мала было тэхнікі для апрацоўкі палёў. Усё гэта было прычынай нізкай рэнтабельнасці с/г вытворчасці. Вось чаму ў верасні 1953 г. адбыўся пленум ЦК КПСС, які абмеркаваў пытанні далейшага развіцця с/г. Гэта быў адзін з найбольш плённых пленумаў, што прайшлі пасля смерці Сталіна. Пленум павінен быў унесці пэўныя змены ў развіццё с/г.

Адразу ж пасля яго закрыцця газеты распачалі прапаганду яго рашэнняў. З'явіліся рубрыкі «Трыбуна перадавога вопыту», «Праблемы калгаснаай эканомікі», «Дасягненні навукі – у вытворчасць», «Вучоныя раяць», «Людзі творчай працы» і інш. На жаль, рашэнні і гэтага пленума не ўнеслі карэнных змен у развіццё с/г, бо сама сістэма калектыўнага гаспадарання не спрыяла ні значнаму павышэнню ўраджайнасці палёў, ні павелічэнню прадукцыйнасці жывёлагадоўлі. У 1953 г., амаль праз дзесяць гадоў пасля заканчэння вайны, валавы збор зерня і бульбы ў Беларусі складаў прыкладна дзве трэці ад узроўню 1940 г.

Канец 40-х – пачатак 50-х гг. у беларускай журналістыцы праходзіў пад эйфарыяй усхвалення асобы Сталіна. Пасля яго смерці наступіў непрацяглы перыяд т.зв. «адлігі», але СМІ Беларусі і цяпер павінны былі ведаць сваё канкрэтнае месца ў шэрагу ідэалагічных сродкаў барацьбы за камуністычныя ідэалы.


СПІС ВЫКАРЫСТАНЫХ КРЫНІЦ

1. Краўчанка I. Падпольны бальшавіцкі друк у Беларусі ў гады Вялікай Айчыннай вайны – Мінск, 1950.

2. Беларуская журналістыка (1941–1995 гг.): Вучэбна-метад. Дапаможнік – Мінск, 1996 – Ч. 3.

3. Конев А.Г. История журналистики Беларуси / Конев А.Г. – Мн: Выш. Школа, 2005г.

4. Корконосенко С.Г. Основы журналистики: Учебник для вузов / Корконосенко С.Г. – М. Аспект Пресс, 2001 – 287 с.


Информация о работе «Журналістыка Беларусі ў час Вялікай Айчыннай вайны i ў аднаўленчы перыяд (1946-1953 гг.)»
Раздел: Журналистика
Количество знаков с пробелами: 27378
Количество таблиц: 0
Количество изображений: 0

0 комментариев


Наверх