1.2 Еўсцігней Міровіч

Еўсцігней Афінагенавіч Міровіч (сапр. прозвішча Дунаеў) нарадзіўся 29 ліпеня 1878 г. у Пецярбургу ў сям'і чыгуначніка. Бацькі Е. Міровіча былі родам з Беларусі (з былой Віцебскай губ.), але жыццёвыя акалічнасці прывялі іх на працу ў Пецярбург. Пасля заканчэння пачатковай школы і Самсонаўскага рэальнага вучылішча Сцеша Дунаеў вучыўся ў школе малявання пры Акадэміі мастацтваў і паспяхова здаў выпускныя экзамены. Але яго вабіў тэатр. Ён паступіў на двухгадовыя Тэатральныя курсы імя Ф. Волкава, рабіў паспяховыя крокі на прафесійнай сцэне (з 1900 г. працаваў у Адміралцейскім, потым у Кацярынінскім тэатрах). У 1906 г. стаў правадзейным членам С.-Пецярбургскага саюза драматычных і музычных пісьменнікаў. Плённая і паспяховая дзейнасць Е. Міровіча як акцёра і рэжысёра пецярбургскіх тэатраў працягвалася да 1918 г. У 1919 г. у складзе гастрольнай трупы Ліцейнага тэатра ён паехаў на радзіму бацькоў, выступаў у Віцебску, Гомелі, Мінску. З гэтага часу яго творчая дзейнасць цесна звязана з Беларуссю. Ён быў акцёрам і рэжысёрам Мінскага гарнізоннага тэатра (1919), Тэатра рэвалюцыйнай сатыры (1921), рускага тэатра «Шануар» (1922). У 1921–1931 г. Міровіч з'яўляецца мастацкім кіраўніком БДТ-1 (Беларускага тэатра імя Я. Купалы). Яму даводзілася вырашаць складаныя на той час праблемы акцёрскіх кадраў, нацыянальнага рэпертуару. Е. Міровіч вывучаў гісторыю і культуру, побыт і традыцыі беларускага народа. Падтрымліваў творчую моладзь, заахвочваў да напісання нацыянальных па каларыту і тэматыцы п'ес, дапамагаў давесці іх да сцэнічнага ўвасаблення. Першы такі спектакль быў пастаўлены Е. Міровічам у БДТ-1 па п'есе М. Чарота «На купалле» (1921). Ён меў поспех у гледачоў, паказваўся на фестывалі ў Маскве (1923), стварыў папулярнасць драматургу, рэжысёру і акцёрам. Е. Міровіч адкрыў для тэатра такіх таленавітых драматургаў, як В. Шашалевіч, Л. Родзевіч, В. Гарбацэвіч, Я. Рамановіч, Р. Кобец, Д. Курдзін, ставіў іх п'есы. Выхаваў плеяду выдатных акцёраў купалаўскага тэатра (У. Уладамірскі, Г. Глебаў, Л. Ржэцкая і інш.). Чалавек высокай духоўнасці і культуры, Е. Міровіч энергічна і натхнёна ствараў сваю рэжысёрскую школу, абапіраючыся на лепшыя традыцыі сусветнага і рускага тэатральнага майстэрства, паслядоўна выкарыстоўваючы вопыт сістэмы К. Станіслаўскага ў рабоце з акцёрамі. Яго спектаклі вылучаліся псіхалагічнай праўдай характараў, майстэрствам акцёрскага пераўвасаблення, глыбінёй рэжысёрскага прачытання твораў, яркай сцэнічнасцю.

Гэтыя ж творчыя і педагагічныя прынцыпы Е. Міровіч паслядоўна праводзіў, працуючы ў іншых тэатрах Беларусі. У 1932 г. ён пераехаў у Гомель, кіраваў мясцовым тэатрам рабочай моладзі, які ў 1935 г. быў рэарганізаваны ім у Першы Беларускі калгасна-саўгасны тэатр. У 1937–1940 гг. Міровіч працуе на пасадзе мастацкага кіраўніка Тэатра юнага гледача БССР. Адначасова ён выкладаў майстэрства акцёра ў тэатральным вучылішчы (1938–1941; Мінск). У 1940 г. Е. Міровічу было прысвоена званне Народнага артыста Беларусі. У 1941–1945 гг. Е. Міровіч зноў з'яўляецца рэжысёрам купалаўскага тэатра. З 1945 г. – мастацкі кіраўнік і загадчык кафедры акцёрскага майстэрства Беларускага тэатральнага інстытута. Памёр Е. Міровіч 16 лютага 1952 г.

Першая п'еса Е. Міровіча «Апякун» (напісана ў 1904 г.) была забаронена для паказу ў тэатрах царскай цэнзурай. Такі ж лёс напаткаў і іншыя яго раннія творы: «Гнілыя ўстоі» (1905), «Сучасны вампір», «Ноч міліянера» (абедзве 1906). Пецярбургская публіка з драматургіяй Міровіча ўпершыню пазнаёмілася восенню 1910 г., калі на сцэне Ліцейнага тэатра мініяцюр была пастаўлена яго п'еса «Графіня Эльвіра». Поспех Міровіча-драматурга ўзрос з напісаннем і пастаноўкай п'ес «Тэатр купца Япішкіна» (пастаўлена ў 1914) і «Вова прыстасаваўея» (пастаўлена ў 1915). Апошняя п'еса абышла амаль усе сцэны прафесійных і аматарскіх тэатраў Расіі, ставілася яна і ў Мінску. Была экранізавана на Беларускім тэлебачанні (1978, рэж. В. Карпілаў). П'еса накіравана супраць ілжэпатрыятызму арыстакратычных колаў у час 1-й сусветнай вайны, трымалася на моцнай смехавай (нават саркастычнай) аснове, вылучалася выдатнымі сцэнічнымі якасцямі. У дакастрычніцкі час Е. Міровічам напісана больш за 50 п'ес.

Плённай была яго дзейнасць і як беларускага драматурга. Разумеючы патрэбу стварэння прафесійнага нацыянальнага тэатра і адчуваючы недахоп нацыянальнага драматургічнага матэрыялу, Е. Міровіч звярнуўся да вуснапаэтычнай творчасці і гісторыі беларускага народа. Паклаўшы ў аснову фальклорныя сюжэты, шырока выкарыстоўваючы элементы народных абрадаў і звычаяў, ён напісаў п'есы «Машэка», «Кат і сын» (пастаўлены ў 1923), камедыю «Каваль-ваявода» (пастаўлена ў 1925), стварыў першую беларускую гістарычную драму «Кастусь Каліноўскі» (пастаўлена ў 1923, экранізавана ў 1928). Творы яго мелі сцэнічны поспех, давалі штуршок развіццю беларускай нацыянальнай драматургіі. У 2-й палове 1920-х гг. гзтыя п'есы і спектаклі па іх падвяргаліся жорсткім нападкам вульгарна-сацыялагізатарскай крытыкі за так званы «нацыянал-дэмакратызм». У 1925 г. Е. Міровіч напісаў сатырычную камедыю «Кар'ера таварыша Брызгаліна» (прэм'ера адбылася 26.12.1925, пастаўлена таксама тэатрам Ленінградскага народнага дома), сюжэт якой быў непасрэдна звязаны з рэчаіснасцю 1920-х гадоў. Таленавіта напісаная п'еса, з ярка выпісаным вобразам цэнтральнага персанажа (былы царскі жандар, які стаў савецкім кіраўніком), з выкарыстаннем дэтэктыўных элементаў, здаецца, адпавядала ўсім канонам савецкай сцэнічнай класікі (і лічылася такой), аднак была ўсё ж данінай аўтара свайму часу, своеасаблівай мастацкай ілюстрацыяй канцэпцыі барацьбы партыі супраць так званых класава-варожых элементаў у сацыялістычным будаўніцтве. Вобраз Брызгаліна, «скрытага» ворага савецкай улады, быў папярэднікам Гарлахвацкага з сатырычнай камедыі К. Крапівы «Хто смяецца апошнім». Актуальнымі па тэматыцы, але больш слабымі ў мастацкіх адносінах былі п'есы Е. Міровіча «Перамога» (1926), «Запяюць верацёны» (1928). Спектакль па апошняй п'есе даў пачатак вядомай «тэатральнай дыскусіі». У перыяд калектывізацыі Міровіч стварыў некалькі п'ес на вясковую тэматыку: «Лён» (пастаўлена ў 1932) і «У вясновую ноч» (1934). Асноўная заслуга Е. Міровіча як беларускага драматурга – у стварэнні ім беларускай фальклорна-гераічнай і нацыянальна-гістарычнай драмы.


Информация о работе «Уладзіслаў Галубок, Еўсцігней Міровіч i Уладзімір Дубоўка – беларускiя пiсьменнiкi першай паловы XX ст.»
Раздел: Зарубежная литература
Количество знаков с пробелами: 39467
Количество таблиц: 0
Количество изображений: 0

0 комментариев


Наверх