2.2 Гісторыя развіцця гаспадаркі Беларусі
Стварыць пэўную атмасферу, узмацніць уражанні турыстаў адпаведна іх інтарэсам пры наведванні індустрыяльнага аб’екта дапамагае гісторыя гаспадаркі Беларусі, якая налічвае тысячы гадоў. На прыкладзі індустрыяльных аб’етаў Беларусі можна прасачыць не толькі станаўленне эканомікі і вытворчасці рэспублікі, аднак і некаторыя асаблівасці сусветнага развіцця індустрыяльнага грамадства, тэхналогій і спосабаў вытворчасці.
На тэрыторыі Беларусі, ўпершыню ў былым СССР, былі выяўлены старажытныя шахты і звязаных з імі майстэрні па апрацоўцы крэмняў. Гэта сведчыць аб існаванні тут ў далёкім мінулым буйных крэмніевых распрацовак. Вучоныя яшчэ ў 1966 годзе адзначалі, што вытворчы вопыт, назапашаны старажытнымі шахцёрамі Беларусі, - унікальная з’ява ў гісторыі сусветнай гаспадаркі [9-66]. З цягам часу ён шырока выкарыстоўваўся іншымі народамі ў самых розных накірунках горнай справы. Менавіта старажытныя гарнякі – крэмняздабывальнікі Беларусі, як і Англіі, выпрацавалі ўсе асноўныя прынцыпы канструкцыі шахтаў: пракладку ствалоў, штрэкаў, сістэмы вентыляцыі і асвятлення і г.д. Пачынаючы з 1962 года пачынаецца сістэматычнае вылучэнне старажытных шахт і майстэрань на тэрыторыі Беларусі, якія з’яўляюцца помнікамі індустрыяльнага мінулага нашай краіны. На жаль яны амаль не выкарыстоўваюцца ў турыстычных мэтах.
На Беларусі былі шырока распаўсюджаны розныя віды рамёстваў. Найбольш значнай была апрацоўка металаў, ювелірная справа, апрацоўка дрэва, ганчарная справа.
У 9-10 стагоддзе як самастойная галіна рамяства вылучаецца ювелірная справа. Аб высокім узроўні майстэрства ювеліраў старажытнай Беларусі сведчыць крыж Ефрасінні Полацкай, зроблены ў 1161 г. майстрам Лазарам Богшам. Большасць рамёсных тэхналогій мінулага сёння страчаны, аднак з некаторымі прыкладамі старажытных рамёстваў можна сустрэцца ў шматлікіх вёсках Беларусі, такімі як ткацкая вытворчасць.
Развіццё мануфактур Беларусі злучана з вядомымі асобамі мінулага не толькі Беларусі, аднак і суседніх краін. Так, у 1720 годзе жонкай канцлера ВКЛ Ганнай Радзівіл была пабудавана першае прадпрыемства мануфактурнага тыпу на тэрыторыі Беларусі - шкляны завод у Налібоках ( Зараз у Стаўбцоўскім раёне Мінскай вобласці ). У канцы 18 ст. на заводзе працавала некалькі дзесяткаў чалавек і выраблялася больш за 100 назваў розных вырабаў: аконнае шкло, шклянкі, чаркі, бакалы, бутэлькі. У 1751 г. князь Міхаіл-Казімір Радзівіл заснаваў у Слуцку фабрыку паясоў, якія карысталіся вялікім попытам. На фабрыцы было 24 станкі, якія абслугоўвалі мяшчане і прыгонныя сяляне.
У канцы 18 – пачатку 19 ст. адбываўся значны рост мануфактурнай прамысловасці Беларусі. У вёсцы Воранава быў заснаваны буйнейшы цагельны завод, вытворчасць якога дасягала да 1 млн. штук цэглы ў год. На грошы Пацёмкіна ў вёсцы Беражань быў арганізаваны першы на тэрыторыі Расейскай імперыі гадзіннікавы завод, які выпускаў гадзіннікі высокай якасці і пастаўляў іх царскаму двару Пецярбурга [9-120].
Прамысловы пераварот у Беларусі пачаўся у 30-х гадах 19 ст. Менавіта тады быў заснаваны металургічны завод ў Налібоках. Па памерам выпуску прадукцыі ён займаў першае месца ў Беларусі і быў адным з найбуйнейшых заводаў Расійскай імперыі. Аднак на Беларусі не сфарміраваліся такія буйныя прамысловыя цэнтры, якімі ў Расіі з’яўляўся Пецярбург, Масква, на Украіне – Харкаў, Кіеў. Галоўная прычына гэтага - спецыялізацыя беларускай прамысловасці на перапрацоўцы мясцовай сельскагаспадарчай, лясной, мінеральнай сыравіны, што абумовіла яе размяшчэнне ў асноўным у сельскай мясцовасці [9-171].
У апошняй трэці 19 ст. ў эканамічным жыцці Беларусі значную ролю пачынаюць адыгрываць банкі. Вядучае месца сярод крэдытных устаноў займаў Мінскі камерцыйны банк, аднак існавалі і шматлікія прадстаўніцтвы замежных банкаў.
У пачатку 20 стагоддзя у прамысловасці Беларусі пачалі ўзнікаць манапалістычныя аб’яднанні. Так, у чэрвені 1905 года у Мінску быў створаны камітэт запалкавых фабрыкантаў Заходняга краю, які ўсталяваў адзіныя манапольныя цэны на рынку, рэгуляваў вытворчасць і продаж запалак. Больш за таго, беларускія запалкавыя фабрыканты ініцыявалі арганізацыю Усерасійскага запалкавага сіндыката [9-183].
Эканамічны ўздым стварыў спрыяльныя ўмовы для замежных інвестыцый. Іншаземны капітал стаў актыўна пранікаць у лесаапрацоўку і іншыя галіны прамысловасці. Так, буйная нямецкая фірма “Фрыц Шульц” (Лейпцыг) вяла лесаапрацоўку ў 4 маёнтках Бабруйскага павета. У маёнтках Вярхуціна яна пабудавала буйны лесапільна-фанерны завод, на якім працавала больш як 400 рабочых. Таварыства руска-амерыканскай вытворчасці пабудавала ў Мінску абутковую фабрыку “Арол”. Руска-бельгійскае акцыянернае таварыства пабудавала льнопрадзільную фабрыку “Дзвіна”, на якой працавала 1,5 тыс. рабочых[9-184].
З перамогай чырвонай рэвалюцыі, эканамічная сістэма і вытворчыя сувязі кардынальна змяніліся. З’явіліся калектыўныя формы вытворчасці. Першай калектыўнай гаспадаркай тыпу калгаса на Беларусі было так званае памесце Наяўляны Віцебскай губерні, у якое ўваходзіла 42 батракі. Да студзеня 1919 г. па 13 паветах Беларусі ўжо налічвалася 175 камун, 36 арцеляў і 75 таварыстваў па сумеснай апрацоўцы зямлі [9-213].
Беларуская гаспадарка прайшла і часы ваеннага камунізму 1918-1921 года, падчас якога ўсе свядомая стаўка на ліквідацыю таварна-грашовых рыначных адносін прывяла да практычнай адмены грошаў, пераходу на талонную сістэму, татальнай нацыяналізацыі прадпрыемстваў. Аднак у гэты час у строй уступаюць Добрушская і Шклоўская папяровыя фабрыкі, адноўлены шматлікія прадпрыемствы, такія як : Наспенскі, Ветранскі і Серкавіцкі завод [9-218].
Са студзеня 1930 г. І. Сталін і яго акружэнне перайшлі да фарсіраванных тэмпаў “індустрыялізацыі” – “вялікага скачка”, усталяваўся таталітарны рэжым. У Беларусі разгарнулася будаўніцтва новых прамысловых прадпрыемстваў, далі першую прадукцыю фабрыка штучнага валакна і трубаліцейны завод у Магілёве, бабруйскі, барысаўскі і гомельскі дрэваапрацоўчы камбінаты, буйнейшая ў рэспубліцы ГРЭС. Тым не менш не гледзячы на будаўніцтва новых прадпрыемстваў планы першай пяцігодкі не выконваліся. Да таго ж многім гаспадарчым працэсам наогул стала надавацца вострае палітычнае значэнне, невыкананне плана растлумачвалася інтрыгамі контррэвалюцыянераў, “нацдемаў”, “шкоднікаў”. Пачынаецца рух “стаханаўцаў”, нараджаецца новая працоўная культура “пакорлівасці”.
З 1935 г. пачала развівацца грамадзянская авіацыя, стала дзейнічаць першая ў рэспубліцы авіялінія Мінск-Масква. У Мінску быў пабудаваны аэрапорт. Тым часам у Маскве быў распрацаваны праект будаўніцтва “Гомсельмаша” Амаль 900 рабочых і спецыялістаў з Расійскай Федэрацыі і Ўкраіны прымалі ўдзел у будаўніцтве Беларускай ДРЭС.
За другую пяцігодку ў рэспубліцы былі уведзены ў эксплуатацыю такія буйныя прадпрыемства, як Гомельскі шклозавод, які ў 1937 г. даў звыш 7 млн. т. шкла, Крычаўскі завод магутнасцю ў 140 тыс. т. цэменту ў год, Аршанскі льнокамбінат. Пачалі даваць ток новыя электрастанцыі: Мінская ТЭЦ-2, Слуцкая, Полацкая. Пачалася развівацца і грамадзянская авіацыя.
З лістапада да канца снежня 1939 г. была завершана нацыяналізацыя прамысловых прадпрыемстваў ў далучаных Гродзенскай, Брэсцкай і Беластоцкай абласцях. Нацыяналізацыі належалі ўсе прадпрыемствы. Усяго ў заходніх абласцях было нацыяналізавана каля 1700 прадпрыемстваў.
30-40-я гг. адметны ў гісторыя Беларусі масавымі рэпрэсіямі. Аналіз крыніц інфармацыі дае магчымасць меркаваць, што цераз ГУЛАГ НКУС СССР у 30-40-я гг. Прайшло не менш 10-12 млн. чалавек, у тым ліку звыш 600 тыс. ураджэнцаў Беларусі [9-258]. З першага гэта былі прадстаўнікі беларускай інтэлігенцыі. Прамысловасць БССР згубіла лепшых спецыялістаў, што замарудзіла надоўга яе працэс развіцця і значна паменшыла навукова-тэхналагічны патэнцыял.
Апасля другой сусветнай вайны гаспадарка Беларусі ўзнаўлялася, былі пабудаваны такія прадпрыемствы, як “Мінскі трактарны завод”, аўтамабільны і веласіпедны завод беларускай сталіцы. Пад час 1951-1960 гадоў працягвала ўзрастаць значнасць вядучых галін прамысловасці - энергетыкі, паліўнай, машынабудавання і металаапрацоўкі. У гэты перыяд у рэспубліцы ўвайшлі ў строй першая чарга самай магутнай у той час электрастанцыі Беларусі Васілевічскай ДРЭС, аўтамабільны завод у Жодзіна, пачалося будаўніцтва першага калійнага камбіната ў Салігорску, нафтаперапрацоўчага завода ў Полацку, суперфасфатнага завода ў Гомелі Значная ўвага ў гады шостай пяцігодкі ўдзялялася навукова-тэхнічнаму прагрэсу. У канцы 50-хх. савецкая навука атрымала важныя вынікі ў шэрагу прыкладных навук, у тым ліку ў галіне паўправаднікоў, ЭВМ.
Адной з асаблівасцяў эканамічнага развіцця Беларусі ў першай палове 60-х было хуткае развіццё хімічнай прамысловасці, асабліва вытворчасці мінеральных угнаенняў. У 1963 г. быў уведзены ў строй першы Салігорскі калійны камбінат, вялося будаўніцтва другога і трэцяга камбінатаў. З уводам у дзеянне калійных камбінатаў ў Салігорску, азотна-тукавага завода ў Гродна ў рэспубліцы была наладжана вытворчасць уласных калійных, азотных і фасфатных угнаенняў.
За 1959-1965 гг. Значна павялічыўся аб’ём вытворчасці хімічных валокнаў. Пачалося будаўніцтва буйнейшага ў Эўропе Магілёўскага камбіната па вытворчасці лаўсану. У 1963 годзе уступіў у строй наваполацкі нафтаперапрацоўчы завод. Адначасова развівалася выстворчасць гумаватэхнічных вырабаў, сіснтэтычных смолаў, шкловалакна,. Пачалі даваць прадукцыю Пінскі завод штучнай скуры, Лідскі завод па вытворчасці лакаў і фарбаў. Перыяд з 1970- па 1985 гады быў у гісторыя народнай гаспадаркі супярэчлівым. Ствараліся новыя галіны прамысловасці і адначасова адбывалася скарачэнне тэмпаў эканамічнага росту. Камандна-адміністратыўная сістэма кіравання пачынае сябе зжываць, акрамя таго вытворчасць БССР на 80% працавала на абаронны комплекс. Разам з тым у Беларусі за гэты перыяд былі ўведзены ў строй больш за 170 прадпрыемстваў. Сярод іх знакаміты шынны камбінат ў Бабруйску, нафтаперапрацоўчы ў Мазыры. Напрыканцы 80 –хх. г. пашыраліся знешнеэканамічныя сувязі Беларусі з замежнымі краінамі. У аб’ёме агульнасаюзнага знешнеэканамічнага абароту рэспубліка займала трэцяе месца пасля Расіі і Украіны. У савецкай экспартнай вытворчасці ўдзельнічала звыш 300 беларускіх прадпрыемстваў. Звыш тысячы назваў вырабаў з іх маркай экспартавалася больш чым у 100 краін свету. Добрай славай карысталася прадукцыя МТЗ, МАЗа, Ваўкавыскага завода Ліцейнага абсталявання, Бабруйскага машынабудаўнічага завода, шклозаводаў Нёман, вытворчага аб’яднання “Луч”
У 1986 годзе адбылася журботна вядомая катастрофа на Чарнобыльскай АЭС, якая патрабавала 10 мільярдаў рублёў ў коштах 1986 года [9-383]. Беларусь, як найбольш пацярпелая ад катастрофы атрымоўвала гэтыя грошы марудна, наспяваў эканамічны крызіс. Як і іншыя сектара эканомікі Беларусі, структура і спецыялізацыя прамысловасці фарміравалася пад уплывам дыктату саюзных міністэрстваў (яны кантралявалі 52% аб’ёма прамысловай вытворчасці рэспублікі)[4-193].
27 ліпеня 1990 года Рэспубліка Беларусь абвясціла аб сваім суверэнітэце і палітычнай незалежнасці.. Былыя эканамічныя сувязі парваліся, прамысловасць і нацыянальная гаспадарка апынулася ў крызісным стане. На сённяшні момант эканоміка Беларусі характарызуецца пераходным этапам, пошукам і аптымізацыяй шляхоў пераадольвання крызісных з’яў. Тым не менш эканоміка Беларусі і яе вытворчы сектар захавалі буйны дзяржаўны сектар эканомікі, і пэўныя механізмы яго кіравання.
Такім чынам індустрыяльная гісторыя Беларусі з’яўляецца багатым адлюстраваннем разнастайных спосабаў вытворчасці. Шматлікія індустрыяльныя аб’екты Беларусі выконвалі і ў мінулым найважнейшыя ролі ў размеркаванні працы як у СССР так і часам у свеце.
0 комментариев