3. Шлюбныя дачыненні ў свецкім заканадаўстве.
Першы агульназемскі Прывілей ад 20 лютага 1387 г. надае дочкам і ўдовам баярскага стану права свабоднага ўступлення ў шлюб. Гэтае права, падараванае вялікім князем, мела палітычную і эканамічную аснову. У Вялікім Княстве манарх традыцыйна быў уласнікам усёй дзяржаўнай тэрыторыі, таму асобнае феадальнае ўладанне разглядалася менавіта як уладанне (а не ўласнасць) на правах службы вялікаму князю. Манарх як найвышэйшы ўласнік рэгуляваў уладанні феадалаў шляхам надзялення іх зямельнымі ўладаннямі і перадачы апошніх па спадчыне. Так узнікла права вялікага князя праз шлюбы кантраляваць пазямельнае ўладанне феадалаў, паводле якога (права) ўдовы або дочкі фактычна пазбаўляліся феадальнага ўладання.
Асноўнай прычынай умяшання манарха ў інстытут шлюбу было: існаванне звычаю пераходу зямельных уладанняў, з якіх ішла вайсковая служба, у рукі дачок як спадкаемак. Атрыманне па Прывілеі 1387 г. права свабоднага злучэння ў шлюб, гэта значыць без дазволу і прымусу гаспадара, было сведчаннем пераходу часткі ўлады вялікага князя да шляхоцкага стану. У гэтым жа прывілеі замацавана імкненне найвышэйшай улады распаўсюдзіць у дзяржаве каталіцтва. У прыватнасці, указвалася, што правы і вольнасці, якія даруюцца, у тым ліку і права свабоднага ўступлення ў шлюб, распаўсюджваюцца толькі на каталікоў.
У Прывілеі ад 22 лютага 1387 г. падкрэслівалася, што дзеля пашырэння каталіцкай веры ў нашым гаспадарстве забараняюцца шлюбы каталікоў з праваслаўнымі да таго часу, пакуль праваслаўныя не прымуць каталіцтва. У выпадку парушэння гэтай забароны праваслаўнаму сужэнцу прызначалася фізічнае пакаранне, пасля чаго шлюб прызнаваўся сапраўдным. У далейшым інстытут шлюбу для асобаў хрысціянскага веравызнання абедзвюх канфесій не зазнала якіх-небудзь імператыўна-забараняльных рэгламентацый і гэтая норма прывілею сталася нежыццяздольнай. Права свабоды на шлюб пацвярджалася ў Прывілеях 1447 і 1492 гг.
Пашырэнне рэгулявання шлюбных дачыненняў адзначаецца ў Статутах Вялікага княства Літоўскага 1529, 1566, 1588 гг.
Першы Статут рэгуляваў абмежаваную колькасць шлюбных дачыненняў: пацвярджаў прынцып свабоды выхаду замуж, права жанчын на свабоднае волевыяўленне на шлюб незалежна ад стану [30] і ўскосна прызнаваў сапраўднасць нават чацвертага шлюбу (што супярэчыла пазіцыі царквы), бо дзеці ад яго прызнаваліся раўнапраўнымі спадчыннікамі бацькі[31]. Вызначаўся шлюбны ўзрост: для мужчын — 18 гадоў, для жанчын — 15.
Паводле Статута 1529 г. шлюб з нявольнікам або нявольніцай мог панізіць стан аднаго з сужэнцаў. У такім разе лічылася, што чалавек сам сябе аддаў у рабства, узяўшы шлюб з такой асобаю. Дзеці ад гэтага шлюбу прызнаваліся нявольнікамі. Такім чынам, шлюб з нявольнікам лічыўся такой жа крыніцай рабства, як палон, нараджэнне ад нявольных бацькоў, асуджэнне да смяротнай кары за злачынства і замена яе нявольніцтвам з просьбы асуджанага[32].
Другі Статут рэгуляваў шырэйшае кола шлюбных дачыненняў, у прыватнасці парадак злучэння ў шлюб. Развіваючы норму аб свабодным волевыяўленні на шлюб, Статут 1566 г. прадугледжваў суровыя санкцыі за прымус жанчыны да шлюбу: за "кгвалтовное взятие в жены" прызначалася смяротная кара [33]. Але свабода волевыяўлення нявесты па-ранейшаму абмяжоўвалася згодай бацькоў і апекуноў[34]. Пры гэтым былі вызначаны маёмасныя санкцыі ў дачыненні да нявесты, якая выходзіла замуж без згоды бацькоў або апекуноў, — яна пазбаўлялася пасагу і страчвала права на спадчыну.
Нягледзячы на зацвярджэнне прынцыпу свабоды волевыяўлення бакоў у свецкім заканадаўстве, у XVI ст. яшчэ адзначаліся выпадкі змовы шлюбу бацькамі малалетніх, што супярэчыла прынцыпу свабоды на шлюб. Такая шлюбная дамова на выпадак яе парушэння забяспечвалася значнай зарукай на карысць пацярпелага боку, якому пазней адмовілі ў гэтай змове, і вялікага князя. Часам такая дамова пацвярджалася царкоўным вянчаннем малалетніх[35].
У выпадку парушэння змовы справа паступала ў свецкі суд, які мог вызваляць ад абавязкаў, што вынікалі са змовы, або прысуджаць заруку[36]. Суд мог прымусіць выканаць дамову толькі ў частцы выплаты зарукі пацярпеламу боку і пакрыцця стратаў, панесеных на падрыхтоўку да вяселля. У астатнім прымусіць выканаці. дамову было немагчыма, бо гэта было б парушэннем асноўнага прынцыпу шлюбу — свабоды волевыяўлення абодвух бакоў. Пацярпелы бок мог звяртацца проста да вялікага князя, які выдаваў "напамінальны ліст" з указаннем выканаць дамову або выплаціць заруку. Паводле матэрыялаў судоў можна зрабіць выснову, што вялікакняскія лісты не мелі характару абавязковага ўздзеяння, бо такія спрэчкі часта канчаліся замірэннем і згодай бакоў, якія ўступалі ў шлюб кожны па сваім выбары. Статут 1566 г. вызначыў аднолькавы шлюбны ўзрост для мужчын і жанчын — 15 гадоў[37].
Аналіз шлюбных дачыненняў, якія рэгуляваліся Статутам Вялікага княства Літоўскага 1566 г., сведчыць, што да сярэдзіны XVI ст. пашырыліся правы суб'екта ва ўсіх цывільных узаемадачыненнях, у тым ліку і ў шлюбных. Свабоднае волевыяўленне асобаў, якія злучаюцца ў шлюб, — галоўны прынцып яго законнасці — захоўвалася даволі паслядоўна, што адлюстроўвала свецкае заканадаўства.
Статут Вялікага Княства 1588 г. яшчэ паўней рэгуляваў шлюбныя дачыненні. Упершыню свецкім заканадаўствам былі вызначаны галоўныя ўмовы сапраўднага шлюбу: адсутнасць кроўнай роднасці да чацвертага пакалення ўлучна і сваяцтва да трэцяга пакалення ўлучна[38]. Пры незахаванні гэтых умоваў закону муж і жонка павінны быць неадкладна "разлучоны". Далейшыя санкцыі залежалі ад вінаватасці бакоў, якія ўзялі шлюб. Калі шлюб быў узяты ў роднасці, але бакі пра гэта не ведалі, то пасля яго скасавання да іх не ўжываліся маёмасныя ці іншыя санкцыі, а дзеці прызнаваліся законнымі і мелі права на спадчыну. Былыя муж і жонка маглі ажаніцца (выйсці замуж) з дазволу духоўнага суда.
Калі ж бакі ведалі пра сваю роднасць пры ўступленні ў шлюб, дык пасля яго анулявання кожны бок пазбаўляўся паловы сваёй уласнасці на карысць дзяржавы, дзеці ад шлюбу прызнаваліся бенкартамі (незаконнанароджанымі) і не атрымлівалі спадчыны. Другая палова маёмасці паступала ў пажыццёвае карыстанне кожнага з бакоў у выпадку, калі не было дзяцей ад першага законнага шлюбу.
Калі такія дзеці былі, ім пераходзілі правы на распараджэнне маёмасцю, а бакі мелі права толькі на ўтрыманне і распараджэнне маёмасцю адпаведна іх грамадскаму становішчу. Пры гэтым мужчыны пазбаўляліся права займаць важныя дзяржаўныя пасады.
Акрамя названых асноўных палажэнняў трэці Статут замацаваў яшчэ адну ўмову сапраўднасці шлюбу — свабоду ад пэўнага становішча. Такім становішчам, якое не дапускае ўступлення ў шлюб, ёсць ужо існы шлюб[39]. Строга ахоўваючы манагамнасць шлюбу, закон прадугледзеў, што за ўступленне ў другі шлюб пры вядомым існаванні першага караюцца смерцю абодва сужэнцы-парушальнікі[40]. Тым сама дзяржава імкнулася замацаваць асноўныя прынцыпы шлюбна-сямейнага права, пазычаючы палажэнні кананічнага права ды іншых сістэм.
Статутам 1588 г. часткова ўрэгуляваныя таксама іншыя шлюбныя дачыненні, у тым ліку і свабоднае волевыяўленне бакоў на шлюб. 3 аналізу нормаў вынікае, што згода бацькоў або апекуноў была патрабаваннем, што ахоўвала інтарэсы нявесты, але не рэгулявала шлюбныя дачыненні. Гэты прынцып пацвярджаецца прававой трактоўкай вынікаў уступлення ў шлюб без згоды бацькоў, дзе прадугледжваліся маёмасныя санкцыі да нявесты, але такі шлюб прызнаваўся сапраўдным і заставаўся ў моцы[41]. Права бацькоў або апекуноў даваць згоду на шлюб не магло тлумачыцца як права на прымус: у выпадку адмовы апекуноў (бацькоў) даць згоду нявеста, калі яна мела неабходны шлюбны ўзрост, магла звярнуцца па дазвол у дзяржаўныя органы. Права нявесты на зварот да дзяржавы дзеля абароны сваіх інтарэсаў замацавана ў законе ў сувязі з тым, што забарона апекуноў на шлюб часта выкарыстоўвалася імі з карыслівымі мэтамі працягу апекі ды інш.[42]. Такім чынам, інстытут бацькоўскай улады (або той, што замяняў яе) разглядаўся ў праве як інстытут, што ахоўваў інтарэсы дзяцей.
Неабходна падкрэсліць, што Статуты Вялікага княства Літоўскага 1529, 1566, 1588 гг. змяшчалі толькі асноўныя прынцыпы, нормы шлюбнага права, у астатнім адсылаючы да рэгулявання кананічным (царкоўным) заканадаўствам. У сувязі з тым што ў дачыненні да шлюбу дзеяздольнасць вызначалася шлюбным узростам, Статуты замацавалі гэты важны момант наступным чынам: Статут 1529 г.вызначыў 15 гадоў для дзяўчыны і 18 гадоў для юнака[43], Статут 1566 г. — 15 гадоў для асобаў абодвух полаў[44], Статут 1588 г. — 13 гадоў для дзяўчыны і 18 гадоў для юнака[45].
3 выкладзенага вынікае, што свецкае заканадаўства трымалася царкоўнага падыходу да шлюбу, пазычаючы нормы кананічнага права і перадаючы рэгуляванне шлюбных дачыненняў царкоўнаму суду[46]. Але багаты матэрыял судовай практыкі не дазваляе зрабіць адназначную выснову па гэтым пытанні.
Паводле кананічнага права абрад царкоўнага вянчання лічыўся асноўным і сімвалізаваў падзею шлюбу. Практыка сведчыць, што царкоўнае вянчанне праводзілася задоўга да вяселля, адначасова са змовінамі і заручынамі[47]. Тым сама яно прыраўноўвалася да дамовы, забяспечанай грашовай зарукай. Змовіны мелі вырашальнае значэнне для шлюбу і фармавання матэрыяльнай асновы сям'і. На практыцы юрыдычна значнымі прызнаваліся дзве падзеі: змовіны і вяселле, якія ў сапраўднасці мелі функцыі падрыхтоўкі і злучэння ў шлюб, надання яму публічнасці, рэлігійнага асвячэння шлюбу праз розныя рытуалы з "скокамі, гудзеннем, плясканнем" ды іншымі паганскімі дзеяннямі.. 3 судовых матэрыялаў вынікае, што пры злучэнні ў шлюб не заўсёды высвятлялася наяўнасць адной з галоўных перашкод да шлюбу паводле кананічнага права — духоўнай роднасці[48].
Такім чынам, заканадаўству, якое замацоўвала царкоўны падыход да шлюбу, пярэчыла практыка, што расцэньвалася дзяржавай як правамерная. Як адзначыў А. Лявіцкі, "несумнеўны абавязак народных абрадаў і іх юрыдычная сіла прызнаваліся ўсімі класамі тагачаснага грамадства, і з гэтым фактам вымушана было да вядомай ступені лічыцца і дзяржаўнае права, якое ўвогуле падзяляла царкоўны погляд на шлюб"[49]. Гэтым тлумачыцца прызнанне нявенчанага шлюбу сапраўдным насуперак закону, які лічыў такі шлюб незаконным, а дзяцей ад яго бенкартамі з усімі адпаведнымі вынікамі.. Гэтакія нормы змяшчалі Статут 1529 г.[50] і Статут 1588 г. [51]Тым часам норма пра даказванне шляхоцтва не патрабавала наяўнасці пасведчання царкоўнага шлюбу бацькоў[52]. У сярэдзіне XVI ст. каталіцкая царква на Трыдэнцкім саборы 1561—1563 гг. пастанавіла ўвесці метрыкі рэгістрацыі нараджэння. Гэтая акалічнасць павінна была ўсталяваць залежнасць паміж вянчаннем у царкве, законнасцю шлюбу і законным паходжаннем дзяцей, каб нормы кананічнага шлюбнага права дзейнічалі ў грамадстве без выняткаў. Як вынікае з актаў, існавала супярэчнасць паміж імкненнем свецкай (і царкоўнай) улады ўвесці выкананне кананічных правіл у шлюбе і відавочным ігнараваннем з боку грамадства царкоўных законаў
... з дзяржавай. Па сутнасці, у яе веданні знаходзілася ідэалагічная апрацоўка насельніцтва. Вярхушка духавенства прымала актыўны ўдзел у палітычным жыцці дзяржавы і грамадства. 4. Станаўленне права Старажытнай Беларусі і яго характарыстыка У 1-м тыс. н.э. ва ўсходніх славян фарміравалася ўстойлівая сістэма агульнапрынятых звычаяў, якая вызначала правілы паводзін людзей. Паступова частка звычая ...
... і беларускімі гісторыкамі амаль не звяртаецца ўвагі на “Летописец русских царей” (вядомы таксама пад назвай “Летописца Переяславля Суздальского”) як на важнейшую крыніцу для асэнсавання гістарычнай самаідэнтычнасці насельніцтва беларускіх земляў у 14 ст. Даказана, што старажытнейшая частка “Летописца…” (запісы да 1110 г. і два дадатковыя артыкулы 1137 і 1143 гг. ) створана ў ВКЛ чалавекам, які ...
... і сыравіны. Тэрыторыя. Беларусь уяўляе сабой адзіны геаграфічны рэгіён, што спрыяла фарміраванню адзінага эканамічнага раёна з адпаведнымі напрамкамі гаспадарчай дзейнасці. Глебы і раслінны свет на Беларусі разнастайныя. Гэта мела вынікам розныя заняткі ў насельніцтва розных частак Беларусі, што ў сваю чаргу стымулявала абмен. Умераны клімат, які усталяваўся пасля адыходу ледавіка, спрыяў разві ...
... Магілёва ў 1606 і 1610 гг. супраць гарадскіх вярхоў у асобе магістрата. Пад час выступленняў нават было зменена кіраўніцтва ў горадзе з багатых на бедных. 4. Гаспадарчае развіццё беларускіх зямель у XVII - XVIII ст. Эканамічны заняпад Беларусі ў другой палове XVII - першай палове XVIII ст. Другая палова XVII - першая палова XVIII ст. - гэта перыяд глыбокага эканамічнага заняпада. Прычынам ...
0 комментариев