4. Апека як інстытут аховы сямейных інтарэсаў.

Інстытут апекі паводле Статутаў Вялікага княства Літоўскага павінны быў абараняць правы непаўналетніх дзяцей і ахоўваць інтарэсы незамужніх жанчын, іншых асобаў у выпадку страты аднаго ці абодвух бацькоў, цяжкай хваробы, узнікнення цяжкасцяў у кіраванні маёнткамі з прычыны хваробы або ўзросту, страты даверу грамадства ў выніку пэўных учынкаў.

Апека як абарона інтарэсаў пэўных асобаў звязана са старадаўнімі ўяўленнямі пра тое, што валоданне правам і абарона яго вымагалі ад суб'екта здольнасці валодаць зброяй. Інстытут апекі, што ўзнік ў часы, калі былі моцныя родавыя сувязі, меў на ўвазе найперш абарону правоў і інтарэсаў асобы роднымі, якія клапаціліся, каб яе маёмасць не была растрачаная або раскрадзеная. Гэты клопат выяўляў інтарэсы найбліжэйшых спадчыннікаў, і ўскладаўся ён на блізкіх па парадку агнацкай роднасці, таму натуральным апекуном быў найбліжэйшы агнат. 3 часам апека распаўсюдзілася не толькі на маёмасць, але і на асобу апекаванага. І калі раней апякунства разглядалася як права, дык пазней яно ператварылася ў абавязак. У канчатковым выніку апека як клопат пра асобаў, якія не могуць клапаціцца пра сябе, стала абавязкам дзяржавы.

Выкладзеная канцэпцыя апекі легла ў аснову гэтага інстытута ў Статутах нашай дзяржавы. Інстытут апекі дастатутавага перыяду істотна адрозніваўся ад апекі паводле Статутаў. Становішча ўдавы згодна з прывілеямі акрэслівалася шырокімі правамі па апецы ў выніку "сядзення на ўдовіным стальцы", але канкрэтна гэтыя правы не рэгламентаваліся. Жанчына па смерці мужа, які пакінуў пасля сябе дзяцей, апякала іх і кіравала ўсёй маёмасцю пажыццёва або да ўступлення ў новы шлюб. У апошнім выпадку сямейная маёмасць распада-лася, таму што ўдава была абавязаная пакінуць сабе вена, але аддаць нерухомаць першага мужа яго спадчыннікам — дзецям, а пры іх адсутнасці — мужавай радні. У інтарэсах земскай службы рабіліся выняткі. Сыны атрымлівалі спадчынныя маёнткі бацькі з сямейнай маёмасці незалежна ад становішча ўдавы — выйшла яна замуж ці не. У гэтых жа інтарэсах нярэдка зяцям перадаваліся маёнткі бацькі нявесты з абавязкам утрымліваць удаву пажыццёва або вылучаць ёй на пражыццё частку маёнтка.

Паводле Статута 1529 г. інстытут апекі ўяўляў сабою развіты, лагічна складзены кодэкс, што прыводзіць да думкі пра рэцэпцыю гэтга інстытута. 3 гледзішча аўтара, такое меркаванне дапушчальнае, у сувязі з чым мэтазгодна разгледзець магчымыя крыніцы.

У рымскім праве існавалі два аналагічныя паняцці — апека і апякунства. Яны вызначаліся: 1) над непаўналетнімі, нямымі, глухімі; 2) над тымі, хто не мог кіраваць справамі па стане здароўя або з прычыны марнатраўства[129]. Але апекунамі не маглі быць псіхічна хворыя, нямыя, глухія, не здольныя забяспечыць захаванасць маёмасці, а таксама, паводле агульнага правіла, жанчыны з пэўным выняткам. Рымскае права адрознівала апеку паводле закону і апеку паводле тэстамента. Апекунамі па законе былі родзічы па бацьку, пераважна мужчыны. Рымскі інстытут апекі аддаваў перавагу мужчынам, але не адхіляў жанчын поўнасцю. Апека паводле закону не пераходзіла па спадчыне. Пры апецы па тэстаменце апекунамі маглі быць прызначаныя як мужчыны, так і жанчыны, алё абмяжоўвалася права маці на апеку.

У рымскім інстытуце апекі дэталёва распрацаваны парадак прызначэння апекуноў, падрабязна вызначаны абавязкі і правы апекуна, яго адказнасць за апекаванага і яго маёмасць. Спыненне апекі звязвалася з дасягненнем апекаваным паўналецця.

3 параўнання Статутаў Вялікага княства і рымскага права можна зрабіць выснову, што палажэнні інстытута апекі ў Статутах і рымскім праве шмат у чым супадалі. Гэта датычыць перадусім сістэмы выкладання матэрыялу, канструкцыі нормаў, але дачыненні па апецы ў рымскім праве больш урэгуляваныя, асабліва наконт абавязкаў і адказнасці апекуна. Таму можна меркаваць, што ў дадзеным аспекце гэтае права магло быць скарыстанае як крыніца пры складанні Статутаў 1529, 1566 і 1588 гг.

Другая магчымая крыніца інстытута апекі — нямецкае магдэбургскае права. Зварот да "Люстра саксаў" дазваляе зрабіць выснову, што яно размяжоўвала апеку над непаўналетнім і апеку над жанчынай[130]. Але болей аналогій не выяўлена.

Польскае права XIV і XV стст. размяжоўвала апеку над непаўналетнімі і апеку над паўналетнімі, але незамужнімі дзяўчатамі. Вісліцкі Статут Казіміра III (1347 г.) рэгуляваў у некалькіх нормах дачыненні па апецы. Згодна з імі апека над непаўналетнімі спынялася пры дасягненні імі паўналецця, маёмасць апекаваных не магла быць прададзена апекуном (нават бацькам), нельга было змяніць і яе межы.

Статут Ягайлы 1420—1423 гг. удакладняў дачыненні па апецы: вызначаўся ўзрост паўналецця, несапраўднай прызнавалася ўмова паміж апекуном і мужам апекаванай пра замену ў яе пасагу маёмасці на рухомую, бо права распараджэння маёмасцю належала ўласніку — жонцы (па сутнасці гэта апякунства, а не апека над жанчынай); разглядалася проціпраўнасць адмовы апекуна аддаваць апекаваную замуж, калі матывам гэтага было жаданне карыс-тацца яе маёнткам; адзначалася права апекаванай выйсці замуж без згоды апекуна, але са згоды сваіх блізкіх ("прыражоных").

Такім чынам, Вісліцкі Статут і Статут Ягайлы змяшчалі прававыя нормы па апецы, якія знайшлі сваё адлюстраванне і развіццё ў Статутах Вялікага княства.

Інстытут апекі паводле Статутаў уяўляў сабой апеку па законе, па тэстаменце, па прызначэнні дзяржаўнай улады[131].

Апека па законе (па праве нраджэння ёсць найстарадаўнейшым відам апекі). Аналіз Статутаў Вялікага княства сведчыць, што ў першым Статуце апека паводле тэстамента толькі прызнавалася, у другім ёй аддавалася перавага, а ў трэцім Статуце гэты від апекі прызнаваўся прыярытэтным. Але і тады, калі апека не прызначана бацькам у тэстаменце, яна наставала паводле закону. Калі не было бацькоў, апекуном згодна з законам станавіўся старэйшы брат, кроўныя (муж-чыны) па лініі бацькі, пры іх адсутнасці — радня (мужчыны) па лініі маці, калі і такіх не было, то родныя (жанчыны) па лініі бацькі, а затым — па лініі маці[132]. Пры гэтым ад апекуноў-жанчын патрабаваліся дадатковыя гарантыі іх матэрыяльнага дабрабыту: замужжа, добрапрыстойнасць, матэрыяльная забяспечанасць і згода мужа[133].

Пры адсутнасці блізкіх, здольных узяць апеку, земскі суд прызначаў апекуна. Апекуны павінны былі адпавядаць наступным патрабаванням: быць добра забяспечаныя нерухомай маёмасцю ў тым жа павеце, "людзі добрыя, набожныя, няўтратныя"[134].

Апецы падлягалі як асобы, так і іх маёмасць. Апякун мусіў захоўваць маёмасць апекаваных, апрача таго, клапаціцца пра выхаванне і навучанне дзяцей. На гэтыя мэты выдаткоўвалася 9/10 гадавога даходу ад маёмасці, а дзесятая частка яго ішла на ўзнагароджанне апекуну (у рымскім праве не існавала апякунскага ўзнагароджання). Не мелі права на ўзнагароджанне толькі бацька-апякун і маці-апякунка[135]. Апякун павінны быў клапаціцца пра будучае дзяўчыны, даючы згоду на шлюб. Без згоды апекуна (як і бацькоў) дзяўчына не магла выйсці замуж пад пагрозай страты ўсёй спадчыннай маёмасці[136].

Захаванасць апекаванай маёмасці гарантавала сістэма спецыяльных працэдур (парадак афармлення апякунства, падрабязны вопіс маёмасці, яе ацэнка, парадак справаздачнасці па апецы). Акрамя таго, прадугледжваліся кантроль ажыццяўлення апекі і права земскага суда замяніць апекуна. Земскі суд мог у кожны момант заклікаць апекуна да справаздачнасці ў выпадку сумневу ў яго добрасумленнасці. Калі выяўлялася, што апякун несумленны або недастаткова ўмела распараджаецца маёмасцю, суд мог змяніць яго і прызначыць другога апе-куна, нават калі папярэдні быў прызначаны паводле тэстамента[137].

Гарантыяй захаванасці маёмасці апекаванага было таксама абмежаванне апекуна ў праве распараджэння ёю. Апякун мог толькі набываць маёмасць, але не траціць яе, таму ён не валодаў правам адчужаць або пакідаць яе[138]. Шкода, прычыненая апекуном пры няправільным уступленні ў апеку, спаганялася з ягонай маёмасці[139].

Ахова правоў апекаванага ажыццяўлялася таксама правам не адказваць па спозысках, акрамя абумоўленых у законе выпадкаў[140], што аналагічна трактоўцы Вісліцкага Статута[141], але ў пашыраным выглядзе.

3 часам, ад першага Статута да трэцяга, правы ўдавы па інстытуце апекі мяняліся. У выніку Статут 1588 г. увасабляў падобны да рымскага падыход да жанчын-апякунак — практычнае іх адхіленне ад апекі.

Інстытут апекі паводле Статута 1529 г. замацоўваў наступнае палажэнне: удава можа быць апякункай над дзецьмі па смерці мужа, калі муж не прызначыў у тэстаменце апекуна. Калі не было абодвух бацькоў, то пакліканне да апякунства нагадвала пакліканне да спадкавання. Статут 1529 г. прызнаваў прыярытэт апякунства бацькі ў выпадку смерці маці; калі ж паміраў бацька, то апякункай была маці, з выняткам спецыяльнага прызначэння апекуна памерлым .

У Статуце 1566 г. дачыненні па апецы яшчэ больш дэталізаваныя. Так, апекуноў мусіў прызначаць бацька ў тэстаменце. У адваротным выпадку ім станавіўся старэйшы паўналетні сын. Калі такога не было, дык да апякунства паклікалася радня — мужчыны па лініі бацькі і па лініі маці, а пры іх адсутнасці — жанчыны. У выпадку адсутнасці блізкіх і сваякоў апекуны прызначаліся дзяржаўнай уладай, службовымі асобамі[142].

Калі па Статуце 1529 г. маці дзяцей магла быць апякункай ва ўсіх выпадках адсутнасці спецыяльна прызначанага бацькам апекуна, дык па Статуце 1566 г. маці дзяцей магла стаць апякункай толькі паводле тэстамента. Пры гэтым яшчэ пералічваўся шэраг неабходных умоваў: маці дзяцей павінна была мець аселасць, нерухомую маёмасць і вя-ноўную маёмасць, а таксама рукаемства.

У Статуце 1566 г. назіралася значная розніца ў падыходах да наступстваў няўдалага апякунства бацькі і маці. Так, калі апякунка растрачвала апекаваныя маёнткі, яна магла быць прыцягнутая да суда, акрамя таго, мусіла выплаціць усе страты з вена або ўласных маёнткаў. У выпадку яе няздольнасці ажыццявіць гэтыя выплаты яны рабіліся за кошт маёмасці рукаемніка [143]. Бацька валодаў шырэйшымі правамі. Напрыклад, калі пасля маці-ня-божчыцы засталася нерухомая маёмасць, дык бацька быў апекуном над дзецьмі і маёмасцю. Кіраванне бацькі не патрабавала справаздачнасці. Нягледзячы на тое што бацька не меў права адчужаць апекаваную маёмасць, у выпадку яе страты дзеці мелі права спозыску не да бацькі, а да асобы, у чыім валоданні на гэты момант знаходзілася маёмасць. Калі бацька страціў маёмасць аднаго з сыноў, дык пры падзеле спадчыны па смерці бацькі сыны павінны былі размеркаваць страту пароўну, а затым дзяліць бацькоўскую спадчыну[144].

Статут 1588 г. значна змяніў інстытут апекі. Маці магла быць апякункай сваіх дзяцей і маёнткаў памерлага мужа толькі ў выпадку, калі муж прызначыў ёй апеку ў сваім тэстаменце[145]. Іншых акалічнасцяў закон не прадугледжваў. Калі бацька не прызначыў апекуна, апека ўскладалася на радню, а не на маці. Малалетнія дзеці заставаліся з маці, а на іх утрыманне апякун выдаваў пэўную суму. Сыны заставаліся пад апекай да сямігадовага ўзросту, а дочкі — да замужжа. Пры гэтым маці павінна была паведамляць апекуну пра замужжа дачкі і раіцца з ім[146]. У выпадку, калі ўдава-апякунка (па тэстаменце) прычыняла страты апекаваным маёнткам, апека яе спынялася, а апекунамі станавілася радня па лініі мужа, а пры іх адсутнасці — па лініі жонкі. Удава ў такім разе заставалася толькі на сваім вене, а калі яго не было — на роўнай частцы з дзецьмі. Апрача таго, удава мусіла выплаціць страты дзецям з свайго вена. Адхіленне ад апекі і прызначэнне новага апекуна рабіў мясцовы суд.

Такім чынам, можна зрабіць выснову, што правы жанчыны па апецы на працягу XVI ст. у нашай краіне звузіліся. Гэты працэс, верагодна, звязаны з развіццём гандлёвых сувязяў, рынкаў, новай сістэмы гаспадарання (увядзеннем "Уставы на валокі"), ускладненнем вядзення гаспадаркі.

Зроблены аналіз дазваляе казаць пра даволі грунтоўную распрацаванасць інстытута апекі ва ўсіх трох Статутах Вялікага княства. Навуковая апрацоўка права дастатутавага перыяду, запаўненне прагалаў, схема размяшчэння нормаў, іх канструкцыя сведчаць пра высокі узровень прававой культуры статутавай камісіі, магчымы ўплыў і рэцэпцыю права іншых прававых сістэм, пра развітую правасвядомасць грамадства і клопат дзяржавы аб суб'ектыўных правах асобаў.


Информация о работе «Сям’я і шлюб у феадальным праве Беларусі»
Раздел: Социология
Количество знаков с пробелами: 109929
Количество таблиц: 0
Количество изображений: 0

Похожие работы

Скачать
34809
0
0

... з дзяржавай. Па сутнасці, у яе веданні знаходзілася ідэалагічная апрацоўка насельніцтва. Вярхушка духавенства прымала актыўны ўдзел у палітычным жыцці дзяржавы і грамадства. 4. Станаўленне права Старажытнай Беларусі і яго характарыстыка У 1-м тыс. н.э. ва ўсходніх славян фарміравалася ўстойлівая сістэма агульнапрынятых звычаяў, якая вызначала правілы паводзін людзей. Паступова частка звычая ...

Скачать
58873
0
0

... і беларускімі гісторыкамі амаль не звяртаецца ўвагі на “Летописец русских царей” (вядомы таксама пад назвай “Летописца Переяславля Суздальского”) як на важнейшую крыніцу для асэнсавання гістарычнай самаідэнтычнасці насельніцтва беларускіх земляў у 14 ст. Даказана, што старажытнейшая частка “Летописца…” (запісы да 1110 г. і два дадатковыя артыкулы 1137 і 1143 гг. ) створана ў ВКЛ чалавекам, які ...

Скачать
28088
1
0

... і сыравіны. Тэрыторыя. Беларусь уяўляе сабой адзіны геаграфічны рэгіён, што спрыяла фарміраванню адзінага эканамічнага раёна з адпаведнымі напрамкамі гаспадарчай дзейнасці. Глебы і раслінны свет на Беларусі разнастайныя. Гэта мела вынікам розныя заняткі ў насельніцтва розных частак Беларусі, што ў сваю чаргу стымулявала абмен. Умераны клімат, які усталяваўся пасля адыходу ледавіка, спрыяў разві ...

Скачать
87727
0
0

... Магілёва ў 1606 і 1610 гг. супраць гарадскіх вярхоў у асобе магістрата. Пад час выступленняў нават было зменена кіраўніцтва ў горадзе з багатых на бедных.   4. Гаспадарчае развіццё беларускіх зямель у XVII - XVIII ст. Эканамічны заняпад Беларусі ў другой палове XVII - першай палове XVIII ст. Другая палова XVII - першая палова XVIII ст. - гэта перыяд глыбокага эканамічнага заняпада. Прычынам ...

0 комментариев


Наверх