4. Пытанні спынення шлюбу ў царкоўным і свецкім заканадаўствею

Спыненне шлюбу рэгулявалася як кананічным, так і свецкім правам. Паводле кананічнага права шлюб спыняўся з наступных прычын:1) фізічнай смерці аднаго ці абодвух сужэнцаў, 2) прызнання шлюбу несапраўдным, 3) скасавання шлюбу.

Шлюб прызнаваўся несапраўдным пры раскрыцці факта, што ў момант уступлення ў шлюб існавалі вызначаныя законам перашкоды. Гэтыя акалічнасці падрабязна разгледжаны вышэй пры апісанні ўмоваў уступлення ў шлюб.

Скасаванне шлюбу праваслаўнай царквой дапускалася толькі ў сувязі са строга вызначанымі прычынамі.. Каталіцкая царква наагул не прымала самой ідэі скасавання шлюбу, але павялічвала колькасць перашкод да яго, незахаванне якіх вяло да прызнання шлюбу несапраўдным.

У практыцы царквы існаваў звычай, згодна з якім кожны святар мог даць мужу або жонцы "разводны" ліст. Падставамі скасавання шлюбу былі: 1) пералюб, 2) няздольнасць да сужэнцкага жыцця, 3) адсутнасць без вестак мужа (жонкі), 4) судовы прыгавор, паводле якога асоба абвяшчалася дзяржаўным злачынцам, або вываланцам, 5) выбранне епіскапам, 6) двухбаковае жаданне мужа і жонкі ўступіць у манаства, 7) удзел у сакраменце хрышчэння (і на гэтай падставе ўстанаўленне духоўнай роднасці), 8) нежаданне мужа ці жонкі — нехрысціян жыць у шлюбе з асобай, якая прыняла хрысціянства, і наадварот.

3 палажэнняў Евангелля ад Мацвея вынікае магчымасць скасавання шлюбу пры жыцці мужа і жонкі ў сэнсе разлучэння (сепарацыі), гэта значыць "адлучэння ад стала і ложа", без права ўступлення ў новы шлюб. Разлучэнне дапускалася з наступных прычын: пералюб, замах на жыццё сужэнца, інфекцыйная хвароба, згода бакоў на ўступленне ў манаства, нежаданне сужэнца жыць з асобай нехрысціянскага веравызнання, аднабаковае жаданне яго ўступіць у манаства з прычыны папскага дыспенза[53]. Сепарацыя атрымала развіццё ў праве заходняй царквы, якая прызнавала непарыўнасць шлюбу.

Інстытут скасавання шлюбу шырока ўжываўся ў праве ўсходняй царквы, у сувязі з чым быў дастаткова развіты.

 Асноўнай падставай да скасавання шлюбу паводле Кормчай і канона ўсёй усходняй царквы прызнаваўся пералюб[54]. Царкоўная практыка па-рознаму вызначала пералюб мужа і жонкі.. Муж лічыўся пералюбнікам толькі тады, калі меў інтымную сувязь з замужняй жанчынай ці ўступаў у новы шлюб, не скасаваўшы папярэдняга. Жонка прызнавалася пералюбніцай у кожным выпадку ўступлення ў сувязь з мужчынам незалежна ад таго, жанаты ён ці не. Такім чынам, права патрабаваць вернасці ў шлюбе належала ў асноўным мужчыне. Муж юрыдычна быў вінаваты не перад сваёй жонкай, а перад іншым мужам. Сувязь жанатага мужчыны з незамужняй жанчынай магла асуджацца толькі з гледзішча маралі.. Пры пералюбстве жонкі муж не толькі меў права, але і павінны быў скасаваць шлюб, бо пералюб лічыўся публічным злачынствам, права на пераслед і пакаранне за якое належала публічнай уладзе.

Каб скасаваць шлюб з прычыны пералюбу аднаго з сужэнцаў, неабходна была наяўнасць некалькіх умоваў: даказанасць факта пералюбства, свядомае ўчыненне яго, знаходжанне пералюбніка ў шлюбе. Акрамя таго, пералюб не мог быць падставай для скасавання шлюбу, калі: 1) спазывальнік сам вінаваты ў пералюбстве, 2) спазывальнік прабачыў вінаватаму боку, 3) прапушчаны працэсуальныя тэрміны (шэсць месяцаў). Гэтыя ўмовы не перайшлі ў Кормчую, але выкарыстоўваліся ў Беларусі царквой[55].

Прыналежнасць да розных веравызнанняў была адной з падставаў для скасавання шлюбу. Але гэтая падстава, відаць, часта ігнаравалася. Пра гэта сведчыць акруговая вялікакняская грамата за 7 снежня 1548 г. аб забароне ўступаць у шлюб і сужыцце з іншаверцамі..

Падставай да скасавання шлюбу, але не прычынай гэтага, была дзяржаўная здрада. У Беларусі гэтая падстава, верагодна, была дзейнай, бо ўсе тры Статуты гавораць пра жонку здрадніка і вываланца як пра ўдаву, а пра дзяцей — як пра сіротаў[56].

Пры няздольнасці да сужэнцкага жыцця, як адзначана ў Кормчай, "скасоўваецца шлюб з прычыны неабходнай і разумнай"[57]. Права на скасаванне шлюбу ў дадзеным выпадку давалася жонкам, калі з моманту жаніцьбы прайшло не менш за тры гады. Пра тое, што гэтая падстава ўлічвалася ў гарадах Беларусі, сведчаць судовыя кнігі магістратаў[58].

Адсутнасць без вестак аднаго з сужэнцаў — падстава да скасавання шлюбу пры верагоднасці дапушчэння пра яго смерць[59]. Ёю шырока карысталіся ў княстве[60]. Блізкая да названай яшчэ адна падстава — узяцце ў палон[61].

Хвароба сужэнца была падставай для скасавання шлюбу ў асаблівых выпадках. Яна прызнавалася як усходняй, так і заходняй царквой і хоць не ўвайшла ў Кормчую, але прадугледжвалася Статутам Яраслава. А. Загароўскі меркаваў, што скасаванне шлюбу з прычыны хваробы магчыма было толькі пры ўзаемнай згодзе бакоў.

Шматслоўная рэдакцыя Статута Яраслава змяшчала "кодэкс скасаванняў шлюбу"[62]. Асобны раздзел прысвечаны прычынам, якія не маглі быць падставай для скасавання шлюбу, што звязана не толькі з умацаваннем інстытута шлюбу, але і з маральным вучэннем царквы.

Царкоўная мараль у XVI ст. па-ранейшаму ў асобных момантах разыходзілася з традыцыямі і звычаямі грамадства. Пра гэта дастаткова пераканаўча сведчаць практыка, акты земскіх, гродскіх і магістрацкіх судоў.

У свецкім заканадаўстве дачыненні аб скасаванні шлюбу рэгуляваліся Статутамі Вялікага Княства. Статут 1588 г. упершыню рэгуляваў шлюбна-сямейныя дачыненні пры скасаванні шлюбу мужам і жонкай, тым часам як папярэдні Статут толькі згадваў пра скасаванне шлюбу як форму яго спынення. У артыкуле 22 раздзела V трэцяга Статута змяшчалася не адна, а мноства нормаў аб скасаванні шлюбу. Гэты артыкул, заснаваны на нормах кананічнага (царкоўнага) права, па сутнасці паўтарае іх у частцы гіпотэзы і дыспазіцыі, але дапаўняе ў частцы санкцыі.. Пры гэтым асноўная ідэя царквы пра тое, што шлюб непарыўны, святы і вечны, пацвярджалася прычынамі скасавання шлюбу — толькі ў тым выпадку, калі шлюб узяты з парушэннем божых і царкоўных законаў, узнаўленне справядлівасці патрабуе скасавання яго як незаконнага. Таму паводле свецкага заканадаўства скасаванне шлюбу як несапраўднага прадугледжвалася найперш у тым разе, калі бралі шлюб асобы, што знаходзіліся ў блізкіх ступенях роднасці, гэта значыць былі кроўнымі.. Калі сужэнцы ведалі пра гэтую роднасць, то дзеці ад такога шлюбу лічыліся бенкартамі.. Акрамя таго, ужываліся суровыя маёмасныя санкцыі.

Калі ж наўмыснасць бакоў не была даказаная, гэта значыць калі муж і жонка ажаніліся, не ведаючы пра роднасць, шлюб скасоўваўся, але іншыя санкцыі не выкарыстоўваліся. Гэтыя асобы маглі ўступаць у новыя шлюбы з дазволу духоўнага суда.

Несапраўдным прызнаваўся шлюб пры існаванні ранейшага шлюбу. Мужчына, які ўступіў у новы шлюб пры наяўнасці законнай (венчанай) жонкі, караўся смерцю. У выпадку, калі яго другой жонцы было вядома пра існаванне першага шлюбу, яе чакала такое ж пакаранне. Відавочна, што гэтыя палажэнні Статута запазычаны з кананічнага права, прааналізаванага раней, а таксама з германскіх сістэмаў ("Караліны").

Статут 1588 г. адлюстраваў прыярытэт свецкага суда, удакладніўшы кампетэнцыю духоўнага і свецкага судоў пры вызначэнні наступстваў скасавання шлюбу. Духоўны суд выносіў толькі пастанову аб скасаванні шлюбу і тлумачыў прычыны яго ў паведамленні свецкаму суду. Свецкія суды (земскі або гродскі) таго павета, дзе знаходзілася вяноўная маёмасць жонкі, вызначалі маёмасныя вынікі скасавання шлюбу[63].

Трэба адзначыць, што пры скасаванні шлюбу, як і пры ўступленні ў яго, шырока карысталіся звычаёвым правам. Таму найбольш распаўсюджаным у Беларусі было скасаванне шлюбу без падставаў, паводле ўзаемнай згоды, абумоўленай поглядам на шлюб як на свабодную дамову. Гэтая з'ява згадана ў Статуце Яраслава як непажаданая, бо абкладалася штрафам (арт. 18). Але яна існавала і ў XVI ст., пра што сведчаць шматлікія судовыя справы, а таксама сцверджанні даследчыкаў. Пры скасаванні шлюбу паводле згоды выяўлялася незалежнае становішча мужа і жонкі, права на новы шлюб: "...як мы па сваёй добрай волі сышліся, так і разышліся, за што адзін да аднаго на вечныя часы не будзем мець прэтэнзій"[64]. Гэтыя палажэнні атрыманы ў спадчыну ад звычаёвага права і прызнаваліся афіцыйнай уладай.

Царкоўнае права ўсходняй і кананічнае права заходняй царквы прадугледжвалі розныя наступствы скасавання шлюбу. Праваслаўным дазвалялася ўступаць у новы шлюб, калі не было ўстаноўленай судом віны мужа (жонкі) або спецыяльнай царкоўнай пастановы. Заходняя царква не дапускала такой магчымасці.. Уступленне ў шлюб дазвалялася ў пэўных выпадках пры ўмове прызнання папярэдняга шлюбу несапраўдным. Але адзінага дастасавання гэтых правілаў не было. Так, напрыклад, нягледзячы на тое што шлюб князя Курбскага і княгіні Гальшанскай быў прызнаны скасаваным, духоўны суд забараніў ім уступаць у наступны шлюб[65].

Пры скасаванні шлюбу паводле ўзаемнай згоды бакоў падкрэслівалася ў пісьмовай згодзе менавіта тая акалічнасць, што яны могуць па сваёй волі ўступаць у наступны шлюб ("дазвалялі" адзін аднаму).

Апрача таго, існавала праблема ўзнаўлення скасаванага шлюбу, цесна звязаная з прычынай скасавання: калі шлюб скасаваны па віне аднаго з сужэнцаў, то ў залежнасці ад віны развязвалася пытанне пра ўзнаўленне шлюбу.

Праваслаўная царква дазваляла ўзнаўленне шлюбу, калі яго скасаванне не мела вынікам царкоўнае пакаранне (пры няздольнасці да сужэнцкага жыцця, вяртанні без вестак адсутнага). Але не дапускалася ўзнаўленне шлюбу пры скасаванні яго з прычыны пастрыжэння мужа або жонкі ў манахі ці прыняцця мужам хіратаніі. Маёмасныя вынікі скасавання шлюбу таксама былі звязаныя з вінаватасцю або невінаватасцю бакоў пры скасаванні шлюбу і рэгуляваліся свецкім правам. Калі быў вінаваты муж, ён страчваў сваю маёмасць, запісаную ў вена жонцы. Але калі ад шлюбу былі дзеці, то гэтая маёмасць пераходзіла ў іх уласнасць, а жонка валодала і карысталася ёю да паўналецця дзяцей[66].

Калі ў скасаванні шлюбу вінаватая жонка, дык яна страчвала права на свой пасаг і на маёмаснае забеспячэнне мужа — вена. Пры наяўнасці ад шлюбу дзяцей права ўласнасці на гэтую маёмасць пераходзіла да іх, а муж толькі валодаў і карыстаўся ёю да іх паўналецця. У выпадку адсутнасці ў вінаватай жонкі пасагу або вена яна страчвала чвэрць усялякай сваёй маёмасці.. І тут захоўваўся прынцып: уласнікі — дзеці.

Пры скасаванні шлюбу з прычыны пералюбства апрача маёмасных санкцый былі прадугледжаныя смяротная кара, эпітым'я ды іншыя свецкія і царкоўныя пакаранні[67]. У Кормчай прадугледжаны штрафы за скасаванне шлюбаў, узятых без законных падставаў[68].

Калі шлюб быў скасаваны без прызнання віны мужа і жонкі, дык ніхто з бакоў не нёс маёмасных страт, як і пры несапраўднасці шлюбу[69]. Аснову такіх узаемных разлікаў складалі маёмасныя дачыненні сужэнцаў у сям'і, умовы фарміравання сямейнага фонду. Да таго ж А. Загароўскі лічыў, што жанчына паводле звычаю ў Вялікім княстве Літоўскім атрымлівала яшчэ нейкую грашовую суму, не вызначаную законам, пэўнае забеспячэнне незалежна ад яе вінаватасці[70], што пацвярджаецца практыкай[71].

Лёс дзяцей пасля скасавання шлюбу вырашаўся па ўзаемнай згодзе сужэнцаў, пра што сведчаць акты свецкіх судоў. Яны, відаць, не маглі ахапіць усю сферу дачыненняў пры скасаванні шлюбу, калі ўзнікала спрэчка паміж бакамі.. Таму нельга ўпэўнена сцвярджаць, што лёс дзяцей заўсёды вырашаўся па ўзаемнай згодзе бацькоў. Паводле традыцый кананічнага (царкоўнага) права дзеці перадаваліся невінаватаму боку, прычым маці — пад умовай, што яна не выйдзе замуж другі раз. Выдаткі па ўтрыманні дзяцей мусіў несці бацька, а пры адсутнасці ў яго сродкаў — маці..

Такім чынам, рэгуляванне шлюбных дачыненняў звычаёвым, кананічным (царкоўным) і свецкім правам мела агульную тэндэнцыю да рэгламентацыі ўсіх стадый гэтых дачыненняў, імкнення ажыццявіць іх у законнай форме. Пад законнай формай звычаёвае і царкоўнае права разумелі розныя віды абрадаў.

Практыка сведчыць, што, нягледзячы на такі магутны інстытут сярэднявечнага грамадства, як царква, яе імкненне ўсталяваць прыярытэт над інстытутам шлюбу не спраўдзілася, старадаўнія традыцыі і звычаі змаглі процістаяць царкоўнаму ўплыву да сярэдзіны XVI ст.

Хоць патрабаванні абедзвюх цэркваў былі строгія, як праваслаўныя, так і каталікі не заўсёды карысталіся паслугамі царквы для надання шлюбу фармальнай законнасці, што адлюстроўваюць акты судоў і нормы Статутаў. Дзяржаўнае заканадаўства актыўна падтрымлівала працэс хрысціянізацыі шлюбных дачыненняў, пра гэта сведчыць запазычванне Статутам 1588 г. нормаў кананічнага права. Аднак дзяржаўныя органы, службовыя асобы, як вынікае з судовай практыкі, не заўсёды былі паслядоўнымі выканаўцамі апошніх. 3 гэтай прычыны ўзнікла супярэчнасць паміж царквой і грамадствам, якая афіцыйна вырашылася на карысць царквы, але на самой справе звычаёвае права па-ранейшаму ўжывалася актыўна, рэгулюючы значную частку дачыненняў. (9, с. 47)У дадзеным выпадку звычаёвае права выконвала, паводле афіцыйнай версіі, ролю субсідыярнай крыніцы права, але ім карысталіся не тады, калі кананічнае мела прагалы, а тады, калі апошняе супярэчыла традыцыйнаму светапогляду грамадства.

Зроблены аналіз дазваляе зрабіць выснову, што шлюбна-сямейныя дачыненні мелі вынікам узнікненне мноства інстытутаў прыватнага земскага права: пасагу, вена, спадкаемства, апекі ды інш.

ПРАВАВОЕ РЭГУЛЯВАННЕ МАЁМАСНЫХ ДАЧЫНЕННЯЎ У СЯМ΄І.


Информация о работе «Сям’я і шлюб у феадальным праве Беларусі»
Раздел: Социология
Количество знаков с пробелами: 109929
Количество таблиц: 0
Количество изображений: 0

Похожие работы

Скачать
34809
0
0

... з дзяржавай. Па сутнасці, у яе веданні знаходзілася ідэалагічная апрацоўка насельніцтва. Вярхушка духавенства прымала актыўны ўдзел у палітычным жыцці дзяржавы і грамадства. 4. Станаўленне права Старажытнай Беларусі і яго характарыстыка У 1-м тыс. н.э. ва ўсходніх славян фарміравалася ўстойлівая сістэма агульнапрынятых звычаяў, якая вызначала правілы паводзін людзей. Паступова частка звычая ...

Скачать
58873
0
0

... і беларускімі гісторыкамі амаль не звяртаецца ўвагі на “Летописец русских царей” (вядомы таксама пад назвай “Летописца Переяславля Суздальского”) як на важнейшую крыніцу для асэнсавання гістарычнай самаідэнтычнасці насельніцтва беларускіх земляў у 14 ст. Даказана, што старажытнейшая частка “Летописца…” (запісы да 1110 г. і два дадатковыя артыкулы 1137 і 1143 гг. ) створана ў ВКЛ чалавекам, які ...

Скачать
28088
1
0

... і сыравіны. Тэрыторыя. Беларусь уяўляе сабой адзіны геаграфічны рэгіён, што спрыяла фарміраванню адзінага эканамічнага раёна з адпаведнымі напрамкамі гаспадарчай дзейнасці. Глебы і раслінны свет на Беларусі разнастайныя. Гэта мела вынікам розныя заняткі ў насельніцтва розных частак Беларусі, што ў сваю чаргу стымулявала абмен. Умераны клімат, які усталяваўся пасля адыходу ледавіка, спрыяў разві ...

Скачать
87727
0
0

... Магілёва ў 1606 і 1610 гг. супраць гарадскіх вярхоў у асобе магістрата. Пад час выступленняў нават было зменена кіраўніцтва ў горадзе з багатых на бедных.   4. Гаспадарчае развіццё беларускіх зямель у XVII - XVIII ст. Эканамічны заняпад Беларусі ў другой палове XVII - першай палове XVIII ст. Другая палова XVII - першая палова XVIII ст. - гэта перыяд глыбокага эканамічнага заняпада. Прычынам ...

0 комментариев


Наверх