1. Беларусь павінна быць вольнай, незалежнай рэспублікай у яе этнаграфічных межах.
2. Абвяшчаючы аб гэтым і зьяўляючыся выразіцелькай волі народу, Слуцкая Рада дакляруе цьвёрда стаяць за незалежнасьць роднае Беларусі і бараніць інтарэсы сялянства ад гвалту з боку чужаземных захопнікаў.
3..У выпадку патрэбы, Слуцкая Рада будзе бараніцца нават сілаю аружжа, нягледзячы на лічбовую перавагу ворага.
Мы верым, што наша справа ёсьць справа праўдзівая, а праўда заўсёды закрасуе».
Пры актыўнай патрыятычнай падтрымцы сялянства і гараджанаў Слуцку Рада Случчыны за тры дні сфармавала з дабрахвотнікаў «1-ю Слуцкую брыгаду стральцоў войскаў Беларускае Народнае Рэспублікі» ў складзе двух палкоў: 1-га Слуцкага і 2-га Грозаўскага. Асноўным ядром збройнае сілы зьявілася беларуская міліцыя. Фармавалася войска пасьпешна, бо, паводле ўмоваў прэлімінарнае мірнае дамовы, польскія войскі па-вінны былі хутка адысьці за лінію дзяржаўнае мяжы.
Вывад польскага войска пачаўся толькі пасьля падпісаньня спэцыяльнага пагадненьня (14 лістапада) — з 22 лістапада. Адыходзілі вайсковыя адзінкі марудна, ня 20 кілямэтраў у суткі, як гэта прадугледжвалася ўмовамі замірэньня, а па 10 кілямэтраў ці трохі больш. У раёне Слуцку адвод войскаў адбываўся ў апошняй дэкадзе лістапада 1920 г., а 24 лістапада палякі пакінулі Слуцак. Савецкія адзінкі паволі прасоўваліся наперад, не сустракаючыся з польскімі. 26 лістапада апошнія польскія салдаты-ўланы адышлі за лінію мяжы. 29 лістапада 1920 г. войскі Чырвонае арміі выйшлі на новую дэмаркацыйную лінію: мястэчка Вызна — мястэчка Леніна, заняўшы Слуцак. Да канца лістапада савецкія войскі вышлі на лінію ад Леніна на рацэ Случ да Турава.
Паміж дзяржаўнаю мяжой і дэмаркацыйнаю лініяй савецкіх войскаў утварылася 15-кілямэтровая нэўтральная палоса. Паводле мірнае дамовы, яна не была занятая адзінкамі Чырвонае арміі.
У Слуцку заставацца было небясьпечна. Дастатковую ягоную абарону яшчэ не зарганізавалі. Таму Слуцкая Рада прыняла рашэньне, а камандаваньне Слуцкае брыгады выдала загад 24 лістапада пакінуць Слуцак, адыходзіць па дарогах, што вядуць на захад, і зьбірацца ў Семежаве. Слуцак быў пакінуты надвячоркам у той жа дзень.
Не пасьпеўшы канчальна сфармаваць абодва палкі, Слуцкая брыгада разам з Радаю Случчыны ўсьлед за польскімі войскамі адышла з гораду на захад, у мястэчка Семежава, якое знаходзілася ў нэўтральнай зоне (прыкладна за 8 км ад мяжы). Тут да канца лістапада быў сфармаваны 1-шы Слуцкі полк, а фармаваньне 2-га Грозаўскага палка амаль закончылася. Пазьней паўстанцы не аднойчы мянялі сваю дысьлякацыю, каб пазьбегнуць адкрытых баёў зь перасяжнымі сіламі праціўніка.
У гістарычнай літаратуры колькасны склад Слуцкай беларускай брыгады ацэньваецца па–рознаму. Удзельнікі збройнага чыну ва ўспамінах падаюць, што колькасьць паўстанцаў складала ад 7 да 10 тыс. чалавек. Але гэтая лічба тычыцца ўсіх тых добраахвотнікаў, хто адгукнуўся на заклік Беларускае рады Случчыны ўступаць у беларускае войска і прыйшоў у Семежава. Адсутнасьць зброі і хуткі адыход паўстанцаў з гэтага мястэчка прымусілі многіх зь іх вяртацца ў свае вёскі. Рэальна колькасны склад двух палкоў быў значна меншы. У кароткім аглядзе гісторыі беларускага нацыянальнага руху, пададзеным у 1928 г. дэфэнзівай (контравыведкай) Генэральнага штабу польскага войска, узгадваецца 4 тыс. слуцкіх паўстанцаў. Польскія гісторыкі З. Карпус і В. Рэзмэр, паводле сваіх падлікаў, узятых з рапартаў выведкі 4–й польскай арміі за сьнежань 1920 г., прыводзяць значна меншую лічбу — 1100—1200 чал. Савецкія ваенныя крыніцы вызначаюць колькасны склад паўстанцкага войска прыкладна ў 2 тыс. чал., пры гэтым у зводках 16–й арміі за сьнежань 1920 г. паведамлялася, што больш за палову беларускіх вайскоўцаў ня мела ўзбраеньня*. Такім чынам, і польскія, і савецкія зьвесткі аб рэальным баявым патэнцыяле Слуцкае беларускае брыгады блізкія, і іх можна прызнаць аб’ектыўнымі.
Напачатку паўстаньня ў Слуцкай брыгадзе было ўсяго 300 карабінаў, перададзеных польскімі ўладамі, і 500 вінтовак, якія прынесьлі самі паўстанцы. Потым, праўда, выявілася, што польскія карабіны са зьбітымі прыцэламі і для баёў непрыдатныя.
Калі пачалося паўстаньне, з Лунінца празь Беларускую вайсковую камісію брыгадзе былі перададзены яшчэ вінтоўкі ды кулямёты. Частку зброі атрымалі ад дэзэртыраў або ўзялі ў баёх як лупы. Усяго ў сьнежні, як сьведчыла беларуская газэта «Наша Думка» (1921, № 11, 18 сакавіка), брыгада мела ўжо 2000 вінтовак і 10 кулямётаў. Аднак зброі на ўсіх не хапала. Артылерыі ў паўстанцаў наагул не было. Забесьпячэньне спачатку наладзілі самі сяляне, але, па меры скарачэньня тэрыторыі пад кантролем, яно па-гаршалася.
Камандзерам брыгады Рада Случчыны прызначыла аднаго са сваіх сяброў — капітана Анцыповіча. Камандаваць 1-м Слуцкім палком прызначылі капітана генэральнага штабу расейскае арміі П. Чайку (урадзімца Случчыны), які да другое польскае акупацыі працаваў на пасадзе памочніка ваеннага кіраўніка Слуцкага павятовага ваеннага камісарыяту. Камандзерам 2-га Грозаўскага палка стаўся капітан Семянюк, які зь лютага 1920 г. камандаваў Першым Беларускім партызанскім атрадам, створаным Беларускаю Вайсковаю Камісіяй у Менску.
Брыгада была пяхотная, палкі яе падзяліліся на батальёны і роты. Батальёны былі асноўнымі баявымі адзінкамі. У яе складзе знаходзіўся конны атрад, а таксама палкавыя абозы і збраёвая майстэрня. Быў сфармаваны і асобны ад брыгады атрад зь дзьвюх ро-таў. У палкох створаныя палкавыя штабы. Арганізаваны штаб брыгады, аддзелы разьведкі і контрразьведкі пры ім. Лекар А. Паўлюкевіч арганізаваў палявы шпіталь, а Я. Біруковіч — вайсковы суд. Беларуская Вайсковая Камісія ў Лодзі прыслала 12 беларускіх афіцэраў, але ў брыгадзе засталося толькі чацьвёра зь іх.
Такім чынам, за некалькі дзён было створана вайсковае аб'яднаньне рэгулярных войскаў Беларускае Народнае Рэспублікі. Беларускія жанчыны з Горадні прыслалі для случакоў сцяг з прыгожа вышытаю «Пагоняю» і надпісам: «Тым, што пайшлі паміраць, каб жыла Бацькаўшчына».
0 комментариев