5. ПАЎСТАНЬНЕ.

У канцы лістапада 1920 г. беларускае войска заняло пазыцыі за 35—40 км ад Слуцку. 1-шы Слуцкі полк займаў ужо франтавы ўчастак ад Семежава да Вызны, г. зн. працягласьцю прыкладна 20 км.

Баявыя дзеяньні паўстанцаў пачаліся 27 лістапада, калі падразьдзелы гэтага палка зрабілі налёты на разьмяшчэньне адзінак 8-е дывізіі Чырвонае арміі, на яе палявыя варты і заставы на дэмаркацыйнай лініі. У наступныя дні паўтараліся безупынныя атакі з нэўтральнае зоны ня толькі на фронце 1-га Слуцкага палка, але і на ўчастку 2-га Грозаўскага — на палявыя варты. Асабліва моцна атакавалі на ўчастку Капыль — Цімкавічы — Вызна працягласьцю 60 км.

Найбольш значныя баі паасобныя батальёны 1-й Слуцкай брыгады вялі ля вёсак Садавічы, Дошнава, Быстрыца, Лютавічы, Морач, мястэчкаў Капыль, Вызна ды ля іншых населеных пунктаў. У паасобных баёх з чырвонымі паўстанцы наносілі і значныя страты, бралі палонных, адбівалі назад населеныя пункты. Некаторыя чырвонаармейцы, у асноўным з расейскіх сялянаў, сілаю мабілізаваных у Чырвоную армію, дабрахвотна здаваліся ў палон або пераходзілі са зброяй у руках на бок паўстанцаў.

Тады камандаваньне 16-й арміі савецкіх войскаў вырашыла ачысьціць нэўтральную зону ад паўстанцаў. Польскія ўлады далі дазвол на ўваход 4 сьнежня савецкіх войскаў у нэўтральную зону на тры дні, гэтым выказаўшы сваё адмоўнае стаўленьне да паўстан-цаў. Аднак карная апэрацыя дала мізэрны вынік: было затрымана каля 50 дэзэртыраў і 15 перабежчыкаў. Камандаваньне Слуцкае брыгады, карыстаючыся падтрымкаю насельніцтва, вывела асноўныя сілы з-пад удару савецкіх войскаў. Толькі ў раёне Семежава частка атрадаў паўстанцаў была разьбітая і 7 сьнежня перайшла польскую мяжу. Польскія вайсковыя ўлады раззброілі 30 афіцэраў і 400 салдатаў.

У гэты ж час рознагалосьсі ў кіраўніцтве паўстанцаў прывялі да зьмены камандаваньня брыгады. Камандзера 1-га Слуцкага палка капітана П. Чайку арыштавалі па абвінавачаньні ў здрадзе. Ен спрабаваў перадаць пакет з сакрэтнымі дакумэнтамі на савецкі бок. Чайка здолеў уцячы з арышту ў Слуцак, але там быў арыштаваны за здраду чырвонымі і на вырак ваенна-палявога суда расстраляны.

Рада Случчыны сабралася на надзвычайнае паседжаньне і пастанавіла арыштаваць камандзера брыгады капітана Анцыповіча і начальніка контрразьведкі паручніка Мірановіча. Камандзерам брыгады 3 сьнежня быў прызначаны штабс-капітан Антон Сокал-Кутылоўскі, камандзерам 1-га палка — падпалкоўнік Ахрэм Гаўрыловіч, а начальнікам контрразьведкі — паручнік Янушэнка. Ваенна-палявы суд вынес вымову арыштаваным афіцэрам і вызваліў іх з арышту. Камандзеру брыгады Рада Случчыны часова перадала дыктатарскія паўнамоцтвы.

Штаб Слуцкае брыгады пасьля адступленьня знаходзіўся ў вёсцы Грыцэвічы, за 2 кілямэтры ад ракі Лані, у нэўтральнай зоне, але ўжо на тэрыторыі, якая адышла да Польшчы паводле прэлімінарнае мірнае дамовы.

Пасьля вяртаньня савецкіх адзінак з нэўтральнае зоны на дэмаркацыйную лінію паўстанцы зноў пачалі нападаць на перадавыя аддзелы Чырвонае арміі. Звычайна гэта бьілі начныя налёты. Так, у ноч на 10 сьнежня напалі на вёскі Крывасёлкі і На-васёлкі, у ноч на 12-га — на вёску Старынь. Потым паўстанцы зрабілі спробу адціснуць перадавыя адзінкі Чырвонае арміі з занятых пазыцыяў. Быў распачаты наступ на мястэчкі Семежава і Вызна.

У ноч на 13 сьнежня паўстанцы зноў занялі Семежава, але потым вымушаныя былі з боем адысьці.

Э. Вайніловіч у сваіх успамінах згадвае, што пасьля баёў ля Вызны і Семежава чырвоныя войскі зайшлі далёка за лінію замірэньня (г. зн. за дзяржаўную мяжу, вызначаную дамовай 12 кастрычніка 1920 г.), ажно за Пузаў, пад Едчыцы, што было ўжо на тагачаснай польскай тэрыторыі. Ен сьведчыць, што польскія войскі нават адсунуліся за сваю дэмаркацыйную лінію. Можна дадаць, што гэта было зроблена, каб даць магчымасьць савецкім войскам разграміць паўстанцаў.

Штаб Слуцкае брыгады паўстанцаў пераехаў у вёску Морач (за 20 км на захад ад Вызны). У наступных баёх у ноч на 18 сьнежня атрады паўстанцаў зноў занялі Семежава, а ў наступную ноч пасьля бою занялі Вызну і прасунуліся на ўсход ад яе.

Сабраўшы значныя сілы, раніцай 19 сьнежня адзінкі Чырвонае арміі пачалі наступ, каб зьліквідаваць узброенае паўстаньне. У гэты ж дзень чырвонымі было адбіта мястэчка Вызна. Паўстанцы пачалі адыходзіць на захад да вёскі Смалічы (за 10 км на захад ад Вызны). 20 сьнежня яны былі выціснутыя да ракі Морач. У той жа дзень іх выбілі зь Семежава.

Па ўзгадненьні расейскае савецкае і польскае дэлегацыяў на мірных перамовах у Рызе, войскам Чырвонае арміі дазвалялася перасьледаваць паўстанцаў і ў нэўтральнай зоне, нават на тэрыторыі Польшчы. Штаб Слуцкае брыгады вымушаны быў перабрацца ў вёску Заастравечча (Клецкі раён) каля ракі Лань, за якой стаялі польскія войскі. Сюды зьбіраліся аддзелы паўстанцаў, якім была нанесена параза. Рада Случчыны прыняла рашэньне перайсьці раку ў раёне разьмяшчэньня 41-га польскага палка. 28 сьнежня 1920 г. Слуцкая брыгада перайшла за раку Лань.

Перад самым адыходам 1-шы Слуцкі полк за ўдзел у баёх атрымаў ад Рады палкавы сьцяг залацістага колеру, 2 мэтры даўжынёю і мэтар шырынёю. Пасярэдзіне сьцяга Пагоня 45 сантымэтраў дыямэтрам, а навокал яе надпіс: Першы Слуцкі полк Беларускае Народнае Рэспублікі. 31 сьнежня на польскі бок перайшоў апошні аддзел слуцкіх паўстанцаў.

Пасьля пераходу на тэрыторыю, кантраляваную польскімі войскамі, салдаты і афіцэры Слуцкае брыгады былі раззброеныя ды інтэрнаваныя спачатку ў раёне Сіняўкі, потым у канцэнтрацыйным лягеры ў Беластоку, а пасьля гэтага у лягеры ў Дарагуску. Іх вызвалілі толькі ў траўні 1921 г., пасьля падпісаньня канчальнага савецка-польскага мірнага трактату (сакавік 1921 г.).

«Рада Случчыны пераехала ў м. Баранавічы, дзе й сядзела праз цэлы месяц бяз жаданае працы. Працаваць яна не магла, бо ня было ніадкуль дапамогі з боку матарыяльнага. За гэты месяц шмат прыйшлося чаго няпрыемнага перажыць ад агентаў генерала Булак-Булаховіча, якія стараліся, каб перацягнуць да "Бацькі", але ім не ўдалося гэтага зрабіць. На абяцанкі Балаховіча ні адзін паўстанец не згадзіўся, і войска, як было беларускім, так і засталося. Вось 20 студзеня 1921 г. на пасяджэньні частка сяброў Рады Случчыны прызнала сваім важаком Балаховіча й паехала да яго. Другая частка Рады прымушана была распаўзьціся хто куды: некаторыя засталіся ў Баранавічах, трохі паехала да Вільні, каб часова знайсьці прытулак, і такім чынам Рада Случчыны фактычна ня ўснуе».( Ю. Лістапад.) Газэта "Наша Думка" 1921, №9-11 (Спадчына 1/1998 с. 162-163)

Архіў Слуцкае брыгады штабс-капітан А. Сокал-Кутылоўскі ў ліпені 1921 г. адвёз у Вільню і перадаў Браніславу Тарашкевічу. Са складу брыгады адзін батальён (каля 400 чалавек) на чале са сваімі афіцэрамі застаўся ў нэўтральнай зоне, каб працягваць ваенныя дзеяньні партызанскага характару. У асноўным гэта былі прыхільнікі Булак-Балаховіча. Яны змагаліся яшчэ доўгі час.



Информация о работе «Слуцкае паўстаньне»
Раздел: История
Количество знаков с пробелами: 40867
Количество таблиц: 0
Количество изображений: 0

0 комментариев


Наверх