2.3 Трылогія «На ростанях»: пошукі шляхоў у будучыню

 

Даследчык Гальмакоў лічыыць, што аповесці «У палескай глушы» (1921–1922) і «У глыбі Палесся» (1926–1927) працягвалі распрацоўку праблематыкі твораў «малой прозы», паэм «Новая зямля», «Сымон-музыка». Унутраная блізкасць, духоўная пераемнасць галоўнага героя палескіх аповесцяў з героямі апавяданняў і паэм відавочная. Разам з тым гэта быў новы крок у творчым развіцці пісьменніка, у ягоным пошуку новых форм адлюстравання сацыяльнай рэчаіснасці, паколькі Якуб Колас упершыню звярнуўся да жанру аповесці.

Як мяркуе Гальмакоў цікавасць Коласа да тэмы жыцця і працы вясковай інтэлігенцыі не была актыўна падтрымана літаратурнай крытыкай 20-х і асабліва 30-х гадоў, бо гэтая тэма, згодна з тагачаснымі ідэалагічнымі ўстаноўкамі, нібыта не адпавядала магістральнаму кірунку развіцця новага мастацтва з той прычыны, што пісьменнік ідэалізаваў інтэлігенцыю як рухальную сілу рэвалюцыйнай барацьбы, нібыта недаацэньваў ролю рабочага класа і прапагандаваў шкодную "нацдэмаўскую" ідэю самабытнасці Палесся. Не быў належным чынам ацэнены і аўтарскі падыход да раскрыцця абранай тэмы. А падыход да тэмы, трактоўка вобраза галоўнага героя сапраўды вызначаліся навізной: Якуб Колас абраў жанравую форму сацыяльна-псіхалагічнай аповесці з шырокім выкарыстаннем аўтабіяграфічнага матэрыялу. Такі шлях і на самай справе быў новы, бо сталай традыцыі мастацкага псіхалагізму, традыцыі псіхааналізу ў "вялікай прозе" беларуская літаратура на пачатку

20-х гадоў яшчэ не выпрацавала, таму пісьменнік непазбежна вымушаны быў ісці непратаптанай сцежкай. Перад ім паўстала няпростая задача: намаляваць паўнакроўны вобраз перадавога беларускага інтэлігента, які настойліва шукае адказу на пытанне, як палепшыць жыццё народа. На пачатковым этапе сваёй дзейнасці Лабановіч асноўным сродкам паляпшэння лічыць асвету, абуджэнне грамадскай свядомасці працоўнага чалавека, выхаванне ў яго пачуццяў самапавагі і ўласнай годнасці. İ свой чалавечы абавязак настаўнік Цельшынскай школы бачыў у тым, каб рыхтаваць вучняў да самастойнай працы. "Вашы дзеці... граматнымі стануць, будуць кнігі, часопісы чытаць, навучацца, як лепей каля зямлі хадзіць, каб карысці з яе болей было, бо ўсё ж паляпшэнне ў жыцці ад навукі ідзе" [11, с. 87], – тлумачыць Лабановіч палешуку Сцяпану Рылку неабходнасць школьнай адукацыі. Псіхалагічна апраўдана тое, што ў першы дзень сустрэчы з цельшынскай дзятвой настаўнік разгарнуў намечаную праграму асветнай дзейнасці – абуджаць у вучняў крытычны розум, "каб да кожнай з’явы і факта яны падыходзілі з пытаннем – як выніклі? у чым іх прычына? İ, наогул, каб да ўсяго падыходзілі свядома". Тут герой Якуба Коласа выступае як перакананы асветнік, для якога прымусовае падаўленне волі чалавека ў прынцыпе непрымальнае. Павага да чалавечай асобы і да жыцця – вызначальная рыса характару Лабановіча. "Што ні кажы, а жыццё, ужо само па сабе, ёсць радасць, вялікае шчасце, бясцэнны дар", – разважае настаўнік на адзіноце. İ гэта яскравае пацвярджэнне яго высокага інтэлектуальнага і духоўнага патэнцыялу.

З такім жа захапленнем ставіцца Лабановіч і да прыроды, характарызуючы яе як найцікавейшую кнігу, якая разгорнута перад вачамі кожнага з нас. Пазнанне таямніц, сакрэтаў прыроды, адгадка яе "мнагалучных напісаў" таксама сапраўднае шчасце. Адно толькі азмрочвае чалавечую радасць, – вымушаны прызнаць настаўнік, – усведамленне хуткаплыннасці жыцця, празмерна кароткі тэрмін, адмераны кожнай асобе, каб яна паспела ўдосталь "начытацца гэтай кнігай". Перад чытачом, як бачым, паўстаў не па гадах сур’ёзны чалавек, думкі якога скіраваны на складаныя маральна-этычныя, быційныя праблемы.

Аўтар аповесці пераканаўча паказаў, што прыродны розум, закладзенае хатнім выхаваннем, пачуццё справядлівасці, сумленнасць, павага да працоўнага чалавека, аналітычныя здольнасці дапамаглі настаўніку даволі хутка вызначыць лінію асабістых паводзінаў і разабрацца ў людзях рознага сацыяльнага стану – сялянства, чыноўнага люду, духавенства. Разгляд многіх канкрэтных спраў і ўчынкаў Лабановіча пацвердзіць шчырасць яго пачуццяў да жыхароў Цельшына. İ яны адказвалі яму ўзаемнасцю. "Цэлыя вечары праседжваў ён у сялянскіх хатах, прыглядаючыся да жыцця палешукоў. Яго тут прымалі і спатыкалі прыветна, з ахвотаю падтрымлівалі гутарку аб розных справах". Настаўніка прываблівалі мудрасць "балотных людзей", загартаваных суровай прыродай Палесся, іх працавітасць, цярплівасць, з якой яны пераносілі нялёгкія выпрабаванні лёсу. Для характарыстыкі Лабановіча як асобы важна тое, што ён, атрымаўшы адукацыю ў казённай установе, разумеў сацыяльныя прычыны цемнаты, забабоннасці, нізкага ўзроўню побытавай культуры палешукоў, грамадскай пасіўнасці, імкнуўся ўнесці промень святла ў душу вясковага жыхара. Менавіта з-за розных поглядаў на гэтыя пытанні і адбылося яго разыходжанне з калегамі і з чыноўнікамі розных рангаў – з настаўнікам Саханюком, з пісарам Дубейкам, з чыгуначным служачым Сухаваравым, якія пагардліва ставіліся да селяніна. Абмалёўцы гэтых персанажаў аддадзена значная пісьменніцкая ўвага, паколькі менавіта яны стваралі грамадскі, побытавы асяродак, неабходны жанру аповесці.

Мушынскі. М пераконвае, што пастаўленая пісьменнікам задача – сродкамі рэалістычнага пісьма даць вобраз галоўнага героя, характар якога фарміруецца ў практычнай дзейнасці і ва ўзаемаадносінах з сацыяльным асяроддзем, – не магла быць паспяхова вырашана, калі б аўтар аповесці абмежаваўся толькі сферай грамадскай, асветнай працы героя. İнакш кажучы, выхад Лабановіча на асабістыя, прыватныя стасункі быў зусім натуральны, прадыктаваны логікай яго духоўнага станаўлення. İ ў гэтых узаемаадносінах герой таксама раскрываўся як неардынарная асоба, сапраўдны інтэлігент, як жывое ўвасабленне рысаў нацыянальнага характару беларуса, носьбіт народных уяўленняў аб высакародстве, чалавечай годнасці і самапавазе. У сваю чаргу сюжэтная лінія прыватнага жыцця Лабановіча надала аповесці адпаведную цеплыню, узмацніла ў ёй лірычную плынь, аўтарскі аповед набыў яшчэ болей шчырае, даверлівае гучанне. Стыль твора ўзбагаціўся новымі выяўленчымі сродкамі, ён стаў болей шматфарбным. Так, пры першай сустрэчы на чыгунцы з незнаёмай дзяўчынай мы бачым далікатнага, сарамлівага юнака, які тонка адчувае дзявочую прыгажосць, прывабную сілу хараства. İ другі раз убачыўшы Марыну, Лабановіч не мог не аддаць належнае яе абаяльнасці. Ён знаходзіць дакладныя словы, каб намаляваць партрэт дзяўчыны. İ тут на першы план вылучае ўнутраныя якасці панны – дабрыню, строгасць і стрыманасць, г. зн. рысы характару, якія адпавядалі ягонаму эстэтычнаму густу. Але захапленне Марынай не перарасло ў вялікае пачуццё. Тое ж трэба сказаць і пра "завітанскую чараўніцу" Людмілу.

Такой дзяўчынай, якая змагла паланіць Лабановіча, завалодаць яго сэрцам, аказалася шаснаццацігадовая дачка пана падлоўчага Ядвіся. Надзелены ад прыроды тонкай назіральнасцю, Лабановіч паказаў сябе таленавітым псіхолагам-фізіянамістам: па выразе твару ён даволі дакладна вызначыў і ўласцівую дзяўчыне жыццярадаснасць, светлы погляд на рэчаіснасць, і цяжар, які прыціскаў яе долу. А народжаны быў цяжар заўчаснай смерцю маці, зведзенай у магілу дэспатызмам пана падлоўчага. Боязь падзяліць трагічны матчын лёс, страх перад жорсткім бацькам негатыўна адбіваюцца на душэўным стане Ядвісі – звязваюць яе душэўныя рухі, не даюць магчымасці быць свабоднай у выяўленні пачуццяў. Старонкі, на якіх адлюстраваны ўзаемаадносіны Лабановіча і Ядвісі, іх кароткія сустрэчы, дасціпныя, поўныя гумару размовы, сапраўдныя ці знарочыстыя спрэчкі, – гэта высокая мастацкая аналітыка, сталая аналітычная проза. Менавіта тут Якуб Колас дэманстраваў наватарскую сутнасць свайго твора, накрэсліваў тагачаснай беларускай прозе плённы шлях развіцця – шлях глыбокага пранікнення ў непаўторны ўнутраны свет асобы, якая фарміруецца ў пэўных грамадскіх умовах, у канкрэтных рэгіянальных, побытавых абставінах. Гэтыя абставіны, безумоўна, накладваюць свой адбітак на характар чалавека, на яго светаўспрыманне. Узаемаадносіны Лабановіча і Ядвісі яскрава пацвярджаюць справядлівасць сказанага. Узаемаадносіны гэтыя няпростыя, бо за імі стаяць розныя характары. Так, малады настаўнік усёй душой цягнецца да "лепшай, прыгажэйшай краскі Палесся", балюча перажывае праявы няўважлівага да сябе стаўлення з боку дзяўчыны, якая нясе ў сабе розныя пачаткі – здольнасць радавацца і смуткаваць, быць сур’ёзнай і бесклапотнай, засяроджанай і чулліва-гарэзлівай.

Прырода супярэчлівасці самога Лабановіча, якая выяўлена ў аповесці з выключнай мастацкай пераканальнасцю, з глыбокім пранікненнем у псіхалогію, іншая, чым у Ядвісі. Пасіўнасць настаўніка, унутраныя хістанні, нават яго знарочыстая крыўдлівасць, падсвядомае жаданне таго, каб узаемаадносіны з паненкай засталіся няпэўнымі, тлумачыліся бояззю страціць перспектыву. Лабановіч баяўся, што калі ён звяжа свой незайздросны лёс вясковага настаўніка з лёсам дзяўчыны, дык тым самым адсячэ "сабе дарогі да далейшага дасягнення тых мэт, якія меў ён на ўвазе". Гэтыя мэты фармулююцца даволі шырока: "Яго цягнула вольная праца ў невядомых прасторах людскога жыцця, яму хацелася пашырыць свой кругагляд, набыць тыя веды, якіх яму так бракавала. Яго, наогул, захапляла і вабіла жыццё з прынаднымі малюнкамі і таемнымі чарамі"[11].

Згаданыя разважанні героя наводзяць на думку, што яму ўласцівы рацыяналістычны склад мыслення і што эмацыйна-пачуццёвую стыхію ён умеў утаймоўваць. Ды, напэўна, Лабановіч псіхалагічна яшчэ не быў гатовы браць на сябе адказнасць за лёс іншага чалавека. Бясспрэчна адно: аўтар аповесці імкнуўся намаляваць вобраз жывога чалавека, стварыць паўнакроўны характар, пазбегнуць схематызму, зададзенасці, спрошчанага падыходу, аднапланавай, аднамернай трактоўкі паводзінаў і ўчынкаў. Гэта якраз і было дасягнута пісьменнікам, што і прадвызначыла мастацкі ўзровень твора і псіхалагічную пераканальнасць характару Лабановіча.

İстотнай для аўтара сацыяльна-псіхалагічнай аповесці была неабходнасць паказаць героя ў развіцці, у станаўленні. Трэба было адцягненыя мары гэтага героя пра "вольную працу ў невядомых прасторах людскога жыцця" напоўніць рэальным зместам, канкрэтнай грамадскай практыкай. Менавіта нястомныя памкненні Лабановіча да пошуку сэнсу быцця, да спасціжэння таямніц прыроды і складаюць галоўную рысу ягонага характару. Гэтая якасць наглядна выявілася падчас візіту Лабановіча да свайго семінарскага таварыша Турсевіча. Так, у размове з Турсевічам цельшынскі настаўнік выказаў думку аб тым, што "прырода мае нейкае сваё свядомае жыццё" і можа выпраменьваць пазітыўную, жыццятворную альбо негатыўную энергію. Блізкімі аказаліся і погляды абодвух на прычыны грамадскай пасіўнасці беларусаў, якія цярпліва зносяць абразлівае стаўленне да іх нацыянальнай годнасці. "Кожны народ мае свой гонар... А мы, беларусы, не адважваемся прызнацца ў тым, што мы – беларусы. Бо на галаву беларускага народа, як вядома, многа выліта памыяў, годнасць яго прыніжана і мова яго асмеяна, у яго няма імя, няма твару. А з гэтага вынікае тое, што беларус-інтэлігент адмяжоўваецца не толькі ад свайго народа, але і ад бацькоў сваіх"[11].

Але настаўнікі не былі паслядоўнымі аднадумцамі. Яны, напрыклад, разышліся ў поглядах на філасофскае пытанне: "Чаго чалавек на свеце жыве" – каб прыносіць карысць грамадству ці дзеля задавальнення асабістых патрэбаў? Майстэрства Коласа-псіхааналітыка выявілася ў тым, што ён не пайшоў па лініі дэкларацыйнай падтрымкі прыярытэтнасці "ідэі агульнага дабра", а паказаў выключную складанасць і супярэчлівасць характару чалавека: у далейшым не Турсевіч, а менавіта Лабановіч свядома стаў на шлях актыўнай барацьбы за інтарэсы народа. Гэта значыць, першы гучна дэклараваў неабходнасць змагання, а другі на практыцы ажыццявіў важныя маральна-этычныя прынцыпы.

Сустрэча Лабановіча з Турсевічам стала значнай падзеяй у яго духоўным развіцці, а гутаркі-спрэчкі адыгралі ролю каталізатара працэсу духоўнага развіцця. Настаўнік апынуўся перад неабходнасцю перагледзець некаторыя ранейшыя мэтавыя ўстаноўкі і выпрацаваць новую "жывую ідэю". İ ўсведамленне такой неабходнасці не засталося толькі намерамі. А гэта і было праявай яго духоўнага развіцця. Інакшымі сталі погляды на "цесную школу", на "палескую глуш". Адразу па прыездзе ў Цельшына ўчарашні семінарыст паэтызаваў "гэты глухі куток Палесся", спрачаўся з тымі, хто не хацеў бачыць хараства "гэтага некранутага краю старажытнасці". Цяпер думка Лабановіча ідзе ў глыбіню, а ягоныя высновы грунтуюцца на аналізе той ці іншай з’явы, на высвятленні прычын, якія яе выклікалі. А прычыны гэтыя звычайна не ляжаць на паверхні, яны схаваныя. Вось і "трагедыю чалавечай душы" першай жонкі падлоўчага Лабановіч ускосна звязвае з "палескай глушшу", з тамтэйшай атмасферай, замкнёнасцю жыццёвага ўкладу, бояззю вынесці сямейныя праблемы на людзі. І ўласным становішчам настаўнік аказаўся незадаволены, а сваю працу характарызуе як "мала вартоўную", адчуваючы пагрозу "павольнага ўмірання душы і зацягвання цябе балотам".

Яшчэ адной прычынай песімістычнага настрою Лабановіча было пасіўнае стаўленне цельшынскага вясковага люду да гутарак, з якімі ён выступаў у надзеі абудзіць іх свядомасць, актывізаваць на нейкія канкрэтныя справы, учынкі. Але ягоны заклік – "чалавек павінен імкнуцца, каб жыццё было добрае і карыснае", – не знаходзіў жаданага водгуку. Нават спробу звесці рахункі з жыццём у хвіліны нервовай узрушанасці настаўнік гатовы быў ажыццявіць. Але прага жыцця перамагла чорнае насланнё, ён "адкінуў ад сябе рэвальвер", адагнаў "нядобрыя мыслі", якія маглі штурхнуць яго ў "страшны круг", адкуль няма выйсця.

Слушную думку выказвае І. Навуменка калі піша што для разумення аўтарскай ідэйна-мастацкай канцэпцыі – гуманістычнай канцэпцыі абароны чалавека, абароны хрысціянскіх духоўных каштоўнасцяў, маральна-этычных асноў народнага жыцця – істотнае тое, што нябачную дапамогу настаўніку аказала бабка Мар’я. Добрым сэрцам яна адчула небяспечныя намеры паніча і звярнулася да традыцыйна народных сродкаў – да магічнага слова.

Даследчык Пшыркоў пераконвае, што вобраз школьнай старожкі нясе ў аповесці значную сэнсавую нагрузку: бабка Мар’я з’яўляецца носьбітам рысаў народнага характару, перш за ўсё чалавечнасці, дабрыні, спачувальнага стаўлення да таго, хто зведаў жыццёвыя нягоды. Нездарма ж да мудрай бабулі так цягнецца Ядвіся. Шмат чаму навучыўся ад яе і дапытлівы Лабановіч. Шматзначны штрых: аповесць пачынаецца сцэнай размовы галоўнага героя з бабкай Мар’яй і канчаецца яе тужлівымі словамі, адрасаванымі Ядвісі, якая пакінула бацькоўскі дом, і Лабановічу напярэдадні яго ад’езду з Цельшына: "Разлятаюцца мае галубкі... не вернецеся вы, панічыку, сюды! – İ яна ў вялікім засмучэнні падперла рукою шчаку. Вечарам, праводзячы настаўніка, бабка заплакала"[11]. Такім кампазіцыйным прыёмам Якуб Колас яшчэ раз падкрэсліў значную ролю гэтага вобраза ў сцвярджэнні ідэі народнасці як вызначальнай у агульнай канцэпцыі твора.

Галоўная мэта, пастаўленая пісьменнікам у другой кнізе палескіх аповесцей, – вывесці свайго героя на болей шырокі прасцяг грамадскай дзейнасці, псіхалагічна абгрунтаваць заканамернасць яго пераходу да рэвалюцыйнай барацьбы, паказаць, што гэта быў новы этап яго духоўнай біяграфіі, этап, выпакутаваны праз напружаныя роздумы над прызначэннем чалавека, над жыццём народа і гістарычнымі падзеямі, якія ў той час адбываліся ў Расіі. Усведамленне неабходнасці непасрэднага ўдзелу ў змаганні з царскім самаўладдзем далося Лабановічу няпроста. Настаўнік бачыў цяжкае эканамічнае становішча працоўнага сялянства, сацыяльную несправядлівасць, разумеў неабходнасць змен, але якімі сродкамі іх можна дасягнуць – на гэтае пытанне гатовага адказу не меў. Дапамагаючы герою ў пошуках такога адказу, аўтар аповесці ставіць яго ў складаныя жыццёвыя сітуацыі, сутыкае з рознымі людзьмі, выпрабоўвае на маральную, грамадзянскую трываласць. Вось і пры ад’ездзе з Цельшына Лабановіч слухае расповед дзядзькі Рамана пра Яшукову гару. Яе назва звязана з імем жорсткага, бязлітаснага пана, якога аднойчы пасля палявання знайшлі павешаным. Настаўнік дапытваецца: пана "павесілі, ці сам ён павесіўся?" Глыбінны сэнс пытання зразумелы: адплата за здзекі і злачынствы прыйдзе сама сабой ці трэба, каб пакрыўджаныя рашуча расквіталіся з "вырадкамі, гвалтаўнікамі"? Якая ж у гэтым пытанні пазіцыя селяніна? Дзядзька Раман гаворыць: "Людзі цярпелі, бо думалі, што калі цярпець, то лягчэй ад гэтага будзе, дый баяліся пана. Але часамі і дзерава не сцерпіць і скіне галіну, каб прыбіць чалавека. На свеце ёсць мера ўсяму. İ тут так вось было". Як відаць з выкладзенага, аўтар аповесці непрыкметна падводзіць чытача да думкі аб правамернасці суровай адплаты прыгнятальнікам і крыўдзіцелям. Але тут варта звярнуцца і да лірычнага ўступу, які папярэднічае першай частцы аповесці. Заключныя радкі ўступу гучаць так: "Ласка і гнеў, ціша і бура! Я вітаю вас, калі вы прыходзіце ў сваім часе, калі выконваеце вы адвечную волю жыцця"[11]. Тут Якуб Колас сфармуляваў сваё разуменне гістарычнага прагрэсу: людскія ўчынкі, гістарычныя падзеі тады маральна апраўданыя, калі адпавядаюць спрадвечным законам жыцця, калі з’яўляюцца выяўленнем "волі жыцця". Такі погляд быў блізкі і герою аповесці.

А вось наведванне Лабановічам мястэчка Панямонь прымусіла яго паглядзець на жыццё глыбей, больш цвяроза. Якуб Колас падрабязна малюе сустрэчу настаўніка з панямонскай інтэлігенцыяй (раздзелы ІІІ – VІІ). А гэта якраз і звязана са структурнай навізной другой аповесці ў параўнанні з першай, больш "камернай". Там Лабановіч фактычна "кантраляваў" сюжэтнае дзеянне, вёў яго. У другой кнізе аўтар пазбавіў свайго героя такіх пераваг, і кожная дзейная асоба атрымала большую самастойнасць. Адпаведна і агульны малюнак жыцця, у дадзеным выпадку панямонскай інтэлігенцыі, станавіўся больш поўным, набываў шматфарбнасць. Вядома, Якуб Колас далёкі ад паэтызацыі побыту, нораваў, уяўленняў панямонцаў, але разам з тым ён і не засяроджваецца толькі на ценявых баках, на негатыўных з’явах, бо галоўным для яго было даследаванне псіхалогіі чалавека, узнаўленне маральна-побытавай атмасферы, у якой жыў гэты чалавек. İ трэба сказаць, што пісьменнік знаходзіў у жыцці сваіх персанажаў шмат цікавага. Так, госці Шырокага, падвесяліўшы сябе наліўкай хатняга вырабу, паказалі, што яны ўмеюць добра пасмяяцца, ведаюць сілу трапнага, а часам і з’едлівага жарту.

Пшыркоў.С мяркуе, што асноўную сэнсавую нагрузку ў раздзелах, прысвечаных гасцяванню Лабановіча ў панямонцаў, нясуць сцэны гульні ў карты, дзе кожны з персанажаў раскрыўся ва ўсёй паўнаце. Несумненна, тут Якуб Колас у пэўнай ступені выкарыстоўваў мастацкі вопыт Дастаеўскага, хоць маштаб дзейных асобаў у творах абодвух пісьменнікаў непараўнальны. Але псіхалагічны стан карцёжнікаў, ахопленых азартам гульні, хваравітай прагай грашовага выйгрышу, у аповесці Коласа перададзены дакладна: "Піва шаломіць стомленыя галовы, робіцца трохі весялей. У вачах стаяць фігуры карт, у вушах грошы звіняць, а там, дзесь у нутрах-глыбінях, штось ные, баліць, і снуюць неспакойныя думкі. А голас спакусы шэпча – яшчэ ўсё можна паправіць, вярнуць свае грошы...

– Эх, вярнуць бы свае грошы!"[11]

Магчыма, пісьменнік і не чакаў – а ў гэтым і была сутнасць пастаўленага ім доследу, – што яго герой, трапіўшы ў кампанію аматараў картачнай гульні, праявіць такія ж рысы характару, як і валасны старшыня Брыль ці фельчар Найдус, і што ў маральным плане, у сваіх памкненнях, жаданнях ён не ўзнімецца вышэй за гэтых людзей. İ Лабановіч, і яго сябра Садовіч увачавідкі пераканаліся ва ўласнай слабасці, маральнай незагартаванасці перад спакусамі рэальнага, а не кніжнага жыцця.

Прыгоды, якія напаткалі Лабановіча ў Панямоні, паслужылі яму добрым урокам і далі падставу да роздуму над сваёй будучыняй і той роляй, якую павінна выконваць нацыянальная інтэлігенцыя ў грамадскім жыцці. Ужо ў самыя першыя дні знаходжання на хутары, дзе тады на арандаванай скарбовай зямлі жылі яго родныя – маці, дзядзька Марцін, браты і сёстры, – Лабановіч адчуў, якая шырокая мяжа падзяляе працоўнае сялянства і невялічкую купку адукаваных маладых людзей. Нават родная маці і дзядзька адчувалі, што "ён тут не такі, як усе", што ён "чалавек іншага кругу". Настойлівыя намаганні настаўніка "сцерці ўсякія граніцы паміж сабою і роднымі і цалкам зліцца з імі, жыць так, як жывуць і яны", аказаліся дарэмнымі. Каб зліквідаваць гэтую мяжу, на думку Лабановіча, якраз і патрэбна доўгая асветная праца, якую павінна весці нацыянальная інтэлігенцыя.

Засмуціла настаўніка і тое, што яго намеры правесці сціплыя гаспадарчыя рэформы нават у межах хутара не сустрэлі падтрымкі. А між тым малады рэфарматар марыў: "Грамада асушае балоты, стварае новыя землі, праводзіць дарогі, абсаджвае іх пладовымі дрэвамі, робіць масты, будуе новыя дамы і пачынае жыць шчасліва і багата"[11].

Вось гэтыя мроі-фантазіі якраз і ўспрымаліся настаўнікам як зусім рэальная перспектыва, як прадуктыўны і разам з тым дасягальны шлях развіцця беларускай вёскі. Перашкоду ж у практычным ажыццяўленні падобнага шляху герой аповесці бачыў у пасіўнасці, цемнаце селяніна, у яго нежаданні праяўляць ініцыятыву нават у дробных справах. Няўдачай закончылася і спроба Лабановіча падахвоціць мікуцічан наладзіць грэблю, так патрэбную вяскоўцам. Ды нават настаўнікі не адгукнуліся на заклік свайго калегі.

Тым не менш няўдачы не прымусілі Лабановіча адмовіцца ад асветнай працы. Так, ён згодзен з тым, што беларускі селянін "малакультурны, кансерватыўны", што ён баіцца зменаў і не ўзняўся да таго, каб свядома ацаніць неабходнасць супольнага, калектыўнага дзеяння. "Але ж яму, народу, трэба гэта гаварыць, будзіць яго, катурхаць. İ, па-мойму, гэта ёсць наш абавязак..."[11], – падагульняе Лабановіч чарговую размову з настаўнікамі.

З прыведзенага разгляду відаць, што герой аповесці Якуба Коласа на дадзеным этапе свайго развіцця – духоўнага, светапогляднага – грамадска карысную працу лічыў галоўнай справай жыцця, але пры гэтым аддаваў перавагу не рэвалюцыйнай, а мірнай, асветніцкай дзейнасці. Каб гэтая выснова гучала пераканальна, каб яна мела канцэптуальнае значэнне, пісьменнік якраз і засяродзіў увагу на ўмовах і абставінах жыцця родных Лабановіча, сялянаў вёскі Мікуцічы, даволі поўна ўзнавіў іх побыт, паўсядзённыя клопаты і турботы. Ёсць глыбокі сэнс у тым, што першая частка аповесці "У глыбі Палесся" мае назву "На бацькаўшчыне", бо гаворка тут ідзе не толькі пра родныя мясціны Лабановіча, а пра тое, што мары і памкненні жыхароў хутара і вёскі былі, фактычна, памкненнем усёй сялянскай Беларусі. Паўната абмалёўкі паўплывала на змест твора, пашырыла яго сацыяльны фон, які стаў нашмат багацейшы ў параўнанні з аповесцю "У палескай глушы".

Больш разнастайным і супярэчлівым быў і склад мікуціцкай інтэлігенцыі. Там Лабановіч сустрэў маладых настаўнікаў розных светапоглядных арыентацый. Адным з каларытных персанажаў у гэтым асяроддзі быў İванок Перагуд, галоўным этычным пастулатам якога стаў лозунг: "Плюй на ўсё і шануй сваё здароўе". Перагуд трапіў пад уплыў модных на пачатку ХХ стагоддзя захапленняў – абвяргаць рэлігію і Бога. Паводле пісьменніцкага тлумачэння, настаўніцкае вальнадумства паступова "пераходзіла і пад стрэхі сялянскіх хат". Праз пэўны час вясковы люд нібыта пачаў схіляцца да атэістычных поглядаў: "А можа, і сапраўды няма Бога". Напэўна, у гэтых перабольшаных сцвярджэннях трэба бачыць негатыўнае ўздзеянне афіцыйных ідэалагічных установак канца другой паловы 20-х гадоў ХХ стагоддзя, калі ваяўнічая барацьба з рэлігійнай свядомасцю ішла шырокім фронтам. Адсюль зразумела, чаму Якуб Колас даволі прыхільна паставіўся да вясковых вальнадумцаў і цёплымі фарбамі намаляваў вобраз згаданага вышэй Перагуда, хоць İванок не выклікае да сябе асаблівых сімпатый. У размове з богабаязнай маці ён бэсціць святароў ("папа кудлатым чортам называе"), абразліва ставіцца да царкоўнага набажэнства, высмейвае параду паставіць у царкве свечку, увогуле нармальную гаворку схільны падмяняць лаянкай і агрэсіўным багахульствам. З выклікам звяртаецца да маці: "А ты бачыла Бога? Дык скажы, які ён! Да каго падобны: да каня ці да каровы?"[11]

Вядома, у паводзінах İванка "было многа напускнога", знарочыстай гульні ў нігіліста – у школе ён лічыўся добрым настаўнікам. Ды і матчыны малітвы ("Маці адступаецца і ціха шэпча: "Ойча наш". Яна не можа забыць гэты цяжкі грэх сына") крыху нейтралізуюць цяжкае ўражанне ад абразлівых выпадаў школьнага настаўніка на адрас Усявышняга.

Было б, аднак, памылкай бачыць у трактоўцы пісьменнікам вобраза İванка Перагуда толькі ўздзеянне ідэалогіі. Ёсць тут і другі, болей істотны аспект праблемы, што яскрава высвятляецца пры разглядзе вобраза яшчэ аднаго настаўніка – Янкі Тукалы. Блізкі таварыш Лабановіча па семінарыі, Тукала – чалавек неспакойнага характару, дапытлівы, але з няўстойлівай псіхікай. У галаве ў яго пануе хаос ад прачытаных кніг рознага зместу і рознай скіраванасці. Назбіраўшы грошай, Тукала едзе ў манастыр на востраў Валаам у спадзяванні знайсці там свайго бога, спасцігнуць ісціну. Але расчараваўся ў пошуках і па вяртанні робіць дзікунскі ўчынак – утварае "непатрэбства" перад абразом Мікалая Угодніка.

У даследчыка Навуменка ёсць падставы меркаваць, што Колас і ў гэтым выпадку свядома завастрае вобраз Тукалы, імкнучыся ў праўдзівым святле паказаць складанасць становішча, ў якім знаходзілася беларуская вясковая інтэлігенцыя пачатку ХХ стагоддзя. Выказванні, паводзіны і ўчынкі Перагуда, Тукалы сведчаць аб тым, што сярод яе прадстаўнікоў панавалі розныя настроі і памкненні і што ў рэвалюцыю ішлі людзі розных палітычных арыентацый і перакананняў. У іх яшчэ няма ідэйнага адзінства, згуртаванасці. Падчас размовы з сябрамі Тукала шчыра прызнаецца: "Цяпер вось захапіўся Ніцшэ "Так казаў Заратустра", і мне хочацца быць "надчалавекам", чорт вазьмі! А калі строга падумаць, то выходзіць, што ты проста чалавек з пакалечанымі семінарскім выхаваннем мазгамі"[11].

Як асветнік і сялянскі сын, Лабановіч, натуральна, не мог прыняць антыгуманную ніцшэанскую тэорыю надчалавека, але ён не адштурхнуў таварыша, а паспрабаваў разам з ім вызначыць шляхі далейшай дзейнасці: настаўнікі па прапанове Тукалы нават заключылі сяброўскі трыумвірат, каб хутчэй адолець хістанні і "разам выбіцца на нейкую дарогу". А Лабановіч фармулюе жыццёвае крэда ўдзельнікаў дамовы. Ён параўнаў шукальнікаў праўды з дрэвамі ў полі, што стаяць пад ветрам. "Аднак здаровае, моцнае дрэва будзе стаяць роўна, а галіны яго больш нахіляцца ў той бок, адкуль свеціць сонца. Штука ж уся ў тым, як намацаць галінамі гэтае сонца"[11]. Нястрымнае імкненне да высокага ідэалу – вось што становіцца дэвізам Лабановіча і яго мікуцічанскіх калегаў. З гэтым дэвізам і пачынае Лабановіч сваю працу "на новым месцы" – менавіта такую назву даў Якуб Колас другой частцы аповесці. Аўтарскае азначэнне "новае" мае глыбокае сэнсавае напаўненне.

İ падчас працы ў новай школе Лабановіч па-ранейшаму актыўна праводзіў у жыццё асветніцкія ідэі. Не прапаў дарэмна яго папярэдні жыццёвы і прафесійны вопыт. Так, ён стаў болей памяркоўны, цярпімы да чалавечых слабасцей, а ягоныя ацэнкі гучаць болей узважана, аб’ектыўна. Гэтыя змены ў яго адносінах да людзей яскрава выявіліся пры наведванні "важнейшых асобаў у сяле" – бацюшкі, дзяка, валаснога старшыні, пісара. Візіты былі вельмі карыснымі – яны яшчэ раз пацвердзілі ранейшыя назіранні Лабановіча над складанасцямі людскіх лёсаў, над супярэчлівасцю чалавечых характараў. Той жа айцец Мікалай з захапленнем гаворыць пра міласэрнасць настаўніка ў дачыненні да цяжарнай школьнай старожкі Ганны ("Вы паісціне паступілі па-хрысціянску"), але сам шчыра прызнаецца: "Я не пакінуў бы яе". У нечаканым святле паўсталі перад Лабановічам і валасны старшыня Захар Лемеш, і дзяк Бацяноўскі. Лемеш таленавіта выконвае ролю саліднага, важнага і строгага начальніка, але па прыродзе сваёй не злы. А ў прыдачу да таго – дзелавы і клапатлівы. "Пасля гэтага старшыня пытае ў пісара, як справы ідуць, што зроблена, што трэба зрабіць, куды паехаць у першую чаргу і да каго заехаць, зрабіўшы справу"[11]. Праўда, паступова ілюзіі настаўніка рассейваюцца, знікаюць, асабліва калі ён дазнаўся аб прычынах празмернай актыўнасці Лемеша: старшыня хоча застацца на сваёй пасадзе і дзейнічае надзейным, апрабаваным спосабам – шчодра частуе "прагавітых на выпіўку сваіх выбаршчыкаў". З добрай доляй іроніі і лёгкага сарказму распавядае пісьменнік пра намеры Лемеша "адстаршыняваць адразу, без перапынку, тры раты", каб такім чынам "выслужыць пачэсны каптан" і дагнаць адзінага ў Пінскім павеце шчаслівага ўладальніка такога каптана – свайго цесця. Лабановіч міжвольна параўноўвае прадстаўнікоў цельшынскай і выганаўскай сельскай улады і жыхароў гэтых вёсак, каб глыбей адчуць адметнасць мясцовага жыцця і тыя змены ў людскіх настроях, якія прыносіць новы час.

А змены ў жыцці, у свядомасці працоўнага сялянства адбываліся. Вось і ў Лабановіча з’явіўся неафіцыйны вучань у асобе дапытлівага селяніна-праўдашукальніка Аксёна Каля, да якога хутка далучыліся бацька і сын Бязручкі. Вобраз народнага хадайніка Аксёна, вяскоўца са строгімі, нават "халоднымі рысамі твару", раскрыты ў аповесці даволі глыбока і пераканальна. Гледзячы на свайго трыццацігадовага вучня, Лабановіч спрабаваў уявіць, кім бы той мог стаць, калі б разгарнуўся ва ўсю сілу: "строгім пракурорам за грамадскія справы" або "ўдалым атаманам разбойніцкай шайкі, бязлітасным помснікам за сялянскую крыўду". Згадка пра "разбойніцкую шайку" тут зусім невыпадковая: небяспека нястрымнай стыхійнай помсты хвалявала настаўніка. Мусіць, таму ён і ўзяўся за адукацыю Аксёна ў спадзяванні скіраваць разбуральную стыхію ў разумнае рэчышча.

Але настаўнік і сам меў патрэбу ў пашырэнні ўласнага кругагляду, у новых ведах, у тым ліку ведах палітычнага характару. Вось чаму сапраўднай падзеяй, якая паўплывала на светапогляд Лабановіча, аказалася нечаканае знаёмства з нелегальнай брашурай. "Маленькую кніжачку" рэвалюцыйнага, антыдзяржаўнага зместу хтосьці падкінуў на школьны ганак. Невядомы аўтар з непахіснай верай у праўду сваіх слоў выкрываў агульнапрынятыя ўяўленні пра цара як пра памазанніка божага, як пра абаронцу інтарэсаў беднага і багатага, як пра "тое ўвасабленне ўсяго найлепшага, што толькі можа быць у чалавеку". У брашуры рашуча выкрываліся царскія рэформы, якія нібыта мелі на мэце палепшыць становішча народных мас, умацаваць законнасць праз увядзенне інстытута земскіх начальнікаў. Затое шмат прыхільных слоў было сказана ананімным аўтарам пра тыя палітычныя арганізацыі, якія выступалі за рашучае змаганне з самаўладдзем. Першае, што адчуў Лабановіч, прачытаўшы кніжачку, "быў страх, як бы пад нагамі захістаўся грунт і перад ім расчынялася нейкае бяздонне. Гэтая бяздонніца і палохала і цягнула да сябе з такою сілаю, што ад яе нельга было адысціся"[11].

Якуб Колас як мастак-псіхолаг зусім натуральна аддаў вялікую ўвагу рэакцыі Лабановіча на змест прачытанага: перакананы асветнік павінен быў пагадзіцца або аспрэчыць выкладзенае ў палітычнай брашуры. Логіка разважанняў невядомага аўтара ды і ўласныя назіранні і роздум над лёсам бяспраўнага люду пераконвалі разгубленага Лабановіча. Але гэта ў сваю чаргу вымагала пераацэнкі, перагляду многіх ранейшых высноў, перш за ўсё адносін да чалавечага жыцця, да канкрэтнай асобы, якая абавязана будзе ахвяраваць сабою дзеля агульных інтарэсаў.

Даследчык Мушынскі. М. звярнуў увагу на тое, што, раскрываючы ролю нелегальнай брашуры ў выпрацоўцы новага светапогляду Лабановіча, пісьменнік часам выкарыстоўвае форму непасрэднага аўтарскага тлумачэння. Натуральна, што ў такіх выпадках ужываюцца стылёвыя сродкі, лексіка і сінтаксіс, болей уласцівыя публіцыстычным жанрам: "Старыя пазіцыі светаразумення аказваліся хісткімі, пабудаванымі на пяску. Яны не вытрымлівалі напору крытычнай мыслі і рассыпаліся, паказваючы сваю нястатнасць і нікчэмства.

Праз аўтарскае апісанне мы даведваемся пра тую радасць, якую адчуваў Лабановіч у працэсе "пазнання новай праўды". İ зноў жа пісьменнік лічыць патрэбным ад свайго імя, а не праз раскрыццё ўнутранага стану героя, не праз яго думкі-перажыванні выкласці сутнасць гэтай "новай праўды".

Аднак падобная форма раскрыцця характару героя не асноўная ў аповесці. Перавага аддаецца псіхалагічнаму аналізу, як гэта відаць, напрыклад, з разважанняў Лабановіча пра ступень сумленнасці тых людзей, хто падтрымлівае існуючую ўладу: "Няўжо ўсе гэтыя чыноўнікі, усе настаўнікі вышэйшай адукацыі, што выхоўваюць людзей новага пакалення, няўжо яны ўсе – свядомыя лгуны і прахвосты? Як магло здарыцца, што людзі розуму, людзі высокай асветы ўхваляюць гэты палітычны лад, знаходзяць яго найлепшаю формаю грамадскага жыцця, якой трэба служыць, ахоўваць, дапамагаць?" [11. с. 176]– вось на якія складаныя пытанні маральна-этычнага характару выходзіў настаўнік. Адразу відаць, што гэта думкі сумленнага, шчырага чалавека, які пры небагатым яшчэ жыццёвым вопыце мысліць глыбока, імкнецца згарманізаваць уласныя паводзіны, узгадніць сваю жыццёвую пазіцыю з прынятымі ў грамадстве нормамі і ўяўленнямі. Але такое ўзгадненне аказвалася не проста пакутлівым, а па сутнасці сваёй немагчымым, бо Лабановіч як настаўнік павінен быў праз школу "праводзіць у жыццё пэўныя ідэі" і тым самым замацоўваць несправядлівы парадак. İ ўсё гэта ён мусіў рабіць пад пільным, неаслабным кантролем. Настаўнік настойліва шукаў выйсця з "фальшывага становішча ашуканага чалавека", а на кампраміс з уласным сумленнем ісці не мог, бо гэта супярэчыла б маральным прынцыпам, якімі ён кіраваўся ў жыцці.

Выйсце ўсё ж было знойдзена, пакуль што не канчатковае, – Лабановіч пачынае ўсур’ёз займацца з Аксёнам Калем. Аксён па-ранейшаму верыў у добрага цара-бацюшку і спадзяваўся, што справядлівы суддзя і абаронца народа дапаможа "адваяваць затокі ад пана Скірмунта". Шчырыя размовы з Аксёнам, даверлівыя "гутаркі на тэмы палітычнага характару", а таксама паспяховая спроба навучыць неспакойнага духам селяніна грамаце прыносілі вялікае маральнае задавальненне настаўніку, падымалі яго настрой. Асабліва ўсцешным было тое, што пашырыўся склад вучняў нелегальнай школкі – сюды прыйшлі вучыцца стары селянін Бязручка і яго сын Якім якія лічылі сябе казакамі. Вольналюбівы казацкі дух павінен абудзіцца і ў новых грамадскіх абставінах. Асацыятыўнасць, сэнсавая насычанасць становяцца, як бачым, неад’емнай якасцю пісьменніцкай апавядальнай манеры.

Вобразы Аксёна Каля, бацькі і сына Бязручкаў паглыблялі тэму выспявання ў народзе рэвалюцыйнай свядомасці. Адпаведна пашыралася і сфера інтарэсаў дзейных асобаў твора. Падчас сустрэч з дарослымі вучнямі гаворка ішла "аб цяжкім стане народа, аб прывольным жыцці паноў і начальства, аб ашуканстве і здзеках над простымі людзьмі, аб тых прычынах, што выклікаюць такі парадак на свеце, што трэба рабіць, каб адваяваць сваё права, што гэта за людзі ўсе тыя, каго называюць сацыялістамі, чаго яны хочуць, за што пакутуюць, чаму іх караюць стражэй, чым забойцаў і канакрадаў".[11, с. 243]

Аўтар аповесці праўдзіва, у традыцыях рэалістычнага пісьма паказвае, з якімі цяжкасцямі і перашкодамі вольнае слова даходзіла да звычайнага селяніна. Непісьменны вясковы дзядзька, знаходзячы на рынку ў сваім возе "вузенькія, доўгенькія лісточкі", нёс іх айцу Мікалаю, дзяку Бацяноўскаму, пану ляснічаму ў наіўна-шчырым спадзяванні даведацца пра змест лісточкаў. Колас вельмі дакладна, у адпаведнасці з духам перадрэвалюцыйнага часу ўзнаўляе аргументы абаронцаў старога ладу. "Гэта ўсё жыдоўскія махінацыі. İдзі і рукі памый. А калі зловіш гэтага сукінага сына, што падсоўвае такую сквернасць, дык цягні ў паліцыю" – такія настаўленні дае агрэсіўны пан ляснічы. У айца Мікалая былі крыху інакшыя довады: "Ад гэтых прахвостаў, што пішуць такія лісткі, адступіўся Бог, і ў вар’яцтве сваім кажуць яны: "Няма Бога, і не трэба цара". Але і прадстаўнікі мясцовай улады адчувалі, што іхнія спробы не дапусціць крамольныя ідэі ў сялянскае асяроддзе не вельмі эфектыўныя: нарастанне грамадскай напружанасці ішло няўхільна, што і знайшло сваё праўдзівае адлюстраванне на старонках аповесці.

У непасрэднай сувязі з гэтым працэсам трэба разглядаць і знаёмства Лабановіча з настаўніцай-рэвалюцыянеркай Вольгай Андросавай. Сюжэтнай лініі згаданых герояў у другой частцы аповесці адведзена значнае месца. Іхнія спрэчкі адыгралі станоўчую ролю ў фарміраванні палітычнай арыентацыі Лабановіча, у выпрацоўцы болей глыбокага погляду на многія грамадскія падзеі таго часу. Асабліва гэта датычылася ацэнкі руска-японскай вайны. "Хіба ж не ясна вам, што гнілая царская Расія не здольна ваяваць? Вайна даўно прайграна", – упэўнена заяўляе Андросава. Лабановіч жа пэўны час падзяляў настрой той часткі грамадства, якая была ахоплена патрыятычным чадам і, натуральна, жадала перамогі Расіі. İ ў аргументах настаўніка была свая, дзяржаўная, логіка: з эканамічнага пункту гледжання краіне патрэбны выхад да мора; параза прынясе вялікія матэрыяльныя страты.

Ствараючы вобраз Андросавай, пісьменнік пазбягае ідэалізацыі, прыхарошвання, яго ўвага скіравана на псіхалагічна абгрунтаванае раскрыццё характару гераіні як носьбіта тыповых рысаў маладой рэвалюцыянеркі, дзейнасць якой цалкам падпарадкавана справе барацьбы з самаўладдзем. Са зместу твораў відаць, што Вольгу не вельмі турбавала, якое ўражанне яна робіць на прысутных. У сваіх паводзінах дзяўчына раскаваная, рэзкая ў рухах, з суразмоўнікамі бойкая, бесцырымонная, па слова не лезе ў кішэню. Ахвотна паліць цыгарэты. Без доўгіх угавораў яна застаецца начаваць у прышкольнай кватэры Лабановіча, чым выклікала праведны гнеў і асуджэнне з боку старога мараліста дзяка Бацяноўскага. Не менш паказальным бачыцца даследчыку Мушынскаму і тое, што ўчарашняя семінарыстка – і ў гэтым яна шчыра прызналася – у школьнай справе "ні чорта не разумее" і да настаўніцкай працы не хіліцца. Гэтая акалічнасць, вядома, уплывала на адносіны Лабановіча да дзяўчыны як да асобы, бо сам ён успрымаў талент выхавальніка як дар нябёсаў, як боскае блаславенне. Тым не менш настаўнік удзячны каляжанцы, бо яна дапамагала яму арыентавацца ў рэвалюцыйных справах. У рэшце рэшт Лабановіч далучаецца да рэвалюцыянераў, прысутнічае на нелегальнай сустрэчы з імі, унутрана гатовы да актыўнай барацьбы. Бясспрэчна, яму знаёма было пачуццё страху, неспакою і трывогі, ён стаў асцярожным і падазроным.

Для разумення аўтарскай трактоўкі вобраза галоўнага героя і выбару ім шляху ў рэвалюцыю звяртае ўвагу на тое, што падчас размовы з Андросавай Лабановіч не застаецца пасіўным слухачом, а займае актыўную пазіцыю, спрабуючы астудзіць празмерную наступальнасць, ваяўнічасць рэвалюцыянеркі, якая ўсё ж звужана глядзела на жыццё. Гэта відаць з яго расповеду пра намер арганізаваць вандроўку па пэўным раёне Беларусі з мэтаю "сабраць народныя песні, легенды і іншыя віды народнай творчасці... сабраць цэлую галерэю ведзьмароў, вядзьмарак, шаптух і шаптуноў, бо гэты тып вымірае, і захаваць яго такім чынам для навучання патомкаў"[11, с. 267]. Выкладзены настаўнікам план мае глыбокі прыхаваны сэнс. Па-першае, усвядоміўшы неабходнасць непасрэднага ўдзелу ў рэвалюцыйнай барацьбе, Лабановіч застаецца асветнікам, носьбітам гуманістычнай ідэі, ён цэніць вусную творчасць, бо гэта гісторыя духоўнай культуры народа. Па-другое, Лабановіч-інтэлігент прадчувае: рэвалюцыя, якую і ён павінен набліжаць, можа знішчыць тое, што звязана з гістарычным мінулым, з сівой даўніной, з самабытнасцю Палесся. І таму лічыць сваім грамадзянскім абавязкам захаваць неацэнныя каштоўнасці гісторыі "для навучання патомкаў".

Увогуле, матыў захавання памяці – пра мінулае роднага краю, пра тое, што незваротна адышло ў нябыт, у тым ліку і пра канкрэтных людзей, – гучыць у аповесці вельмі выразна як адзін з істотных складнікаў аўтарскай ідэйна-мастацкай канцэпцыі, паводле якой вопыт гістарычнага мінулага – неацэнная духоўная каштоўнасць, а ігнараванне памяці пра тых, хто каштоўнасці ствараў, згубна адаб’ецца на лёсе новых пакаленняў. І галоўны герой Якуба Коласа гэтую ісціну ўсвядоміў і кіруецца ёю ў сваёй дзейнасці.

Другая кніга палескіх аповесцяў заканчваецца не на аптымістычнай ноце – сцэнай арышту настаўніка за ўдзел у напісанні петыцыі "грамадзяніну Скірмунту... грамадзян с. с. Выганы і Высокае". Спадзяванні прыгнечаных на тое, што іх голас будзе пачуты, аказаліся марнымі. А напярэдадні арышту давялося Лабановічу пачуць ад Вольгі Андросавай змрочныя навіны: абвешчаная свядомымі рабочымі, рамесным людам забастоўка не атрымала шырокай падтрымкі, "паўстанне задушана, гарады заліты кроўю. Ідуць арышты". Тым не менш герой Якуба Коласа знайшоў у сабе ўнутраныя сілы, каб заявіць: "Ну, што ж. Трэба лічыцца з фактамі... Але следу гэтае рэвалюцыі ніхто не затрэ ў гісторыі"[11, с. 90]. Лабановіча, узбагачанага каштоўным маральным і грамадскім вопытам, чакалі новыя выпрабаванні.

Палескія аповесці засведчылі якасна новы этап мастацкага даследавання жыцця беларускага народа, нацыянальнай беларускай інтэлігенцыі напярэдадні вялікіх сацыяльных зрухаў. Гэтымі творамі Якуб Колас паспяхова замацоўваў жанравую структуру сацыяльна-псіхалагічнай аповесці, ён даў высокі ўзор аналітычнага мастацтва, у якім глыбока раскрываецца ўнутраны свет героя, а яго дзейнасць пададзена на шырокім грамадскім фоне. "У палескай глушы" і "У глыбі Палесся" вызначаюцца адметнасцю сваёй пабудовы – зладжанай кампазіцыяй, ураўнаважанасцю, згарманізаванасцю апісальнага і выяўленчага пачаткаў, аналітыкі, унутраных маналогаў і грунтоўнай эпічнай абмалёўкі падзей, учынкаў, паводзін герояў і абставін, у якіх яны жывуць. Абодва творы багатыя на змястоўныя дыялогі, якія актывізуюць сюжэтны рух. Разгорнутыя пейзажныя малюнкі і аўтарскія лірычныя адступленні арганічна звязаны з сюжэтам і надаюць аповесцям мастацкую цэласнасць. Шчодрае выкарыстанне пісьменнікам біяграфічнага матэрыялу, блізкасць галоўнага героя да аўтара ўзмацняе ўражанне гістарычнай праўдзівасці падзей, адлюстраваных у творах.

Аповесці Коласа наглядна дэманстравалі новы ідэйна-эстэтычны ўзровень беларускай мастацкай прозы, яе буйных эпічных формаў.

Над заключнай часткай твора, што атрымаў агульную назву "На ростанях", Якуб Колас працаваў даволі доўга – з 1948-га па 1954 год. Пачынаючы працу, пісьменнік вызначыў жанр згаданай кнігі як аповесць і разглядаў яе як працяг сваіх ранейшых "аповесцей аб дарэвалюцыйным жыцці сялянства і вясковай інтэлігенцыі Палесся". Дваццацігадовы перапынак не мог не адбіцца на змесце твора, на характары асвятлення грамадскіх падзей і трактоўцы герояў, бо ўсё цяпер ацэньвалася з вышыні вялікага жыццёвага і творчага вопыту пісьменніка.

Многае з мастацкіх набыткаў папярэдніх аповесцяў было замацавана і прымножана ў трэцяй кнізе. З ранейшым майстэрствам сацыяльнага аналітыка і псіхолага Якуб Колас распавядае пра настаўніцкую дзейнасць Лабановіча ў новай школе; пра яго здольных вучняў, такіх як Грышка Мініч і Ліда Мураўская, якія здзіўлялі сваімі ведамі патрабавальных экзаменатараў; пра звычаі, норавы, побытавы ўклад тутэйшых людзей, непаўторныя беларускія краявіды. Шмат новых яскравых фарбаў і цёплых, праніклівых слоў знайшлося ў пісьменніка і пры стварэнні вобраза бабкі Параскі, што праніклася глыбокай павагай да Лабановіча. У непаўторным абліччы паўстаў чарнасоценскай арыентацыі пісар Васількевіч. Каларытна намаляваны вясёлы, жыццялюбны поп Уладзімір Малевіч, той, у якога сяляне, што не паспелі прынесці прысягу цару Мікалаю на Евангеллі, прыносілі на томе твораў Пушкіна. Моцна перапала ад аўтара і верханскай інтэлігенцыі, якая паводле культурнага, духоўнага ўзроўню значна саступала нават панямонскай.

Але трэцяя кніга істотна адрознівалася ад дзвюх папярэдніх – тым, што тут на першы план выходзілі палітычныя аспекты грамадскага жыцця: выбары ў Дзяржаўную думу, яе дзейнасць і адносіны да гэтай дзейнасці розных палітычных партый; нелегальны настаўніцкі з’езд, пераслед яго ўдзельнікаў, а затым і суд над асобнымі настаўнікамі. Натуральна, што ў цэнтры аўтарскай увагі па-ранейшаму заставаўся галоўны герой, які, аднак, не толькі пакутліва думае над тым, што адбываецца ў краіне, але нарэшце вызначае для сябе зусім пэўны шлях практычнай дзейнасці – "стварыць настаўніцкую рэвалюцыйную арганізацыю і весці барацьбу па пэўнай праграме". Гэта, безумоўна, быў адзін з пераломных момантаў у развіцці палітычнай свядомасці Лабановіча, у фарміраванні яго светапогляду. İ раскрыты ён у аповесці па-мастацку пераканальна, праз псіхалагічны аналіз. Не меней складанай аказалася для настаўніка і выпрацоўка агульнай лініі грамадскіх паводзін, ацэнка палітычных партый, якія ў думе вызначалі дзяржаўную палітыку. Спрэчка Лабановіча з яго даўнім сябрам Турсевічам прадэманстравала непрымірымасць іхніх поглядаў. Той рэальнай сілай, якая здольная павесці Расію па шляху прагрэсіўнага развіцця, Турсевіч лічыў кадэтаў. Пры ажыццяўленні іх праграмы сяляне павінны былі атрымаць зямлю, а самаўладдзе было б абмежавана ў правах на карысць народа, усіх саслоўяў. Лабановіч стаяў на прынцыпова іншай пазіцыі. Паводле яго пераканання, "…кожнаму, хто любіць народ, ідзе з народам, трэба стаць на шлях бязлітаснай, разумнай барацьбы, барацьбы па адзінаму плану, у імя звяржэння ідала на троне і яго памагатараў, паслугачоў і падбрэхічаў". У гэтым выказванні нельга не звярнуць увагу на словазлучэнне "разумная барацьба". З яго відаць, што для Лабановіча непрымальная ідэя барацьбы дзеля барацьбы, непрымальны экстрэмізм.

У аснове сюжэта аповесці ляжалі рэальныя факты з жыцця Коласа, а сам ён быў прататыпам вобраза Лабановіча. Ды і развіццё характару героя заставалася нязменнай турботай пісьменніка. Адсюль зразумела, чаму ён даследуе гэту маральна-этычную праблему – праблему выбару Лабановічам пэўнай палітычнай арыентацыі – даволі грунтоўна, усебакова. Так, у спрэчцы з Турсевічам Лабановіч заяўляе, што ні да якай партыі ён не належыць і "на чыім баку праўда", пакуль што не ведае. Але спадзяецца, што само жыццё дапаможа вырашыць усе пытанні. "Тады я далучуся да тых, хто гаворыць праўду", – заяўляе ён. Апанент пераконвае Лабановіча ў памылковасці абранага шляху – удзелу ў рэвалюцыйнай барацьбе. І нельга сказаць, што ў яго развагах няма логікі ці што яго аргументы непераканальныя, доказы хісткія, надуманыя. "Усякай праяве на свеце свой час, – кажа Турсевіч. – Дзіця не робіцца адразу дарослым чалавекам. Нашто ўрывацца жывасілам і ўмешвацца ў ход падзей, якія ад цябе і не залежаць? Вось дабрадзеі чалавецтва падбухторылі народ на забастоўкі, на паўстанні, на разгромы памешчыкаў. İ што атрымалася?" [11, с. 120]

Ацэньваючы гэтыя сцвярджэнні, неабходна ўлічваць, што агучаны яны пісьменнікам, які на ўласныя вочы бачыў "крывавы вір" грамадзянскай вайны, прымусовую калектывізацыю, перажыў масавыя рэпрэсіі і таму меў маральнае права ва ўмовах сталінскай дыктатуры паразважаць – з дапамогай літаратурнага героя – над прыродай пралетарскай рэвалюцыі і яе трагічнымі наступствамі. Як таго і патрабавалі ідэалагічныя ўстаноўкі канца 40-х – пачатку 50-х гадоў, крамольныя для таго часу ідэі мусілі быць нейтралізаваны, абвергнуты станоўчым героем. Менавіта так і робіць Колас. Лабановіч крытыкуе свайго апанента спасылкамі на волю народа, які "ўсвядоміць свае інтарэсы і сваю сілу і будзе шчыльна злучаны", і "тады ён лёгка вымеце бруд са свае хаты: цара, князёў, графоў і ўсякую іншую поскудзь". Прамоўца, як бачым, настроены рашуча, па-баявому. Але тут звернем увагу яшчэ на адно яго выказванне, якое нясе глыбокі сэнс: "Закон эвалюцыі адно, але ёсць і закон рэвалюцыі. Адно без другога не абыходзіцца". Калі рэвалюцыянер раптам згадвае эвалюцыю, эвалюцыйны шлях развіцця, дык можна спадзявацца, што ў сваіх практычных дзеяннях ён будзе памятаць пра чалавека і яго жыццё як найвялікшую каштоўнасць свету.

Менавіта такім і аказаўся далейшы жыццёвы шлях галоўнага героя, пачынаючы ад яго ўдзелу ў нелегальным настаўніцкім з’ездзе і канчаючы судовым працэсам і турэмным зняволеннем. Тут, у другой частцы трэцяй кнігі (частка мае ёмістую назву – "На крыжовых дарогах"), пісьменнік разгорнута, з захаваннем шматлікіх падрабязнасцей паказвае падзеі і здарэнні, якія мелі месца ў жыцці Лабановіча.

Трэба прызнаць, што пры ўсёй праўдзівасці адлюстравання драматычнага лёсу героя, які быў несправядліва пакараны і на тры доўгія гады апынуўся за астрожнымі кратамі, аўтарскі расповед у "Крыжовых дарогах" пакідае дваістае, супярэчлівае ўражанне. Рэалістычная абмалёўка сітуацый, у якія трапляе Лабановіч, часта суседнічае з тэндэнцыйнымі апісаннямі, неаб’ектыўнымі ацэнкамі, як гэта мела месца з ацэнкай рэдактараў "Нашай нівы" – яны паказаны фальшывымі людзьмі, хітрымі дзялкамі, якія нібыта недаацэньвалі ролю ўсходняй культуры, праводзілі ў жыццё ідэі каталіцызму. Нягледзячы на пэўныя мастацкія выдаткі, выкліканыя канкрэтнымі ўмовамі эпохі, у якую жыў і пісаў Якуб Колас, трылогія "На ростанях" з’яўляецца адным з найбольш значных твораў беларускай літаратуры, этапнай з’явай у гісторыі айчыннай сацыяльна-аналітычнай прозы.


Информация о работе «Проза Якуба Коласа 20–30 гадоў: набыткі і страты»
Раздел: Зарубежная литература
Количество знаков с пробелами: 105833
Количество таблиц: 0
Количество изображений: 0

Похожие работы

Скачать
40000
0
0

... “Паэтычны слоўнік” (Рагойша В.П., Мн., 1987), “Уводзіны ў літаратуразнаўства” (Майсейчык А.) Мэтай дадзенай курсавой работы з’яўляецца: прааналізаваць месца і ролю вучэбна-метадычных дапаможнікаў па беларускай літаратуры ў працэсе школьнай адукацыі. У сувязі з адзначанай мэтай варта выдзеліць наступныя задачы: -  Прааналізаваць адпаведныя метадычныя і літаратуразнаўчыя матэрыялы па тэме; -  ...

Скачать
46272
0
0

... і, дэпутат Вярхоўнага Савета СССР і БССР, заслужаны дзеяч навукі БССР, Ганаровы грамадзянін Мінска. Станаўленне творчай індывідуальнасці П. Броўкі прыпадае на даваенны час, калі, з аднаго боку, у народзе мроіліся надзеі на шчаслівае жыццё, а з другога – паступова ішоў працэс абясцэньвання ранейшых каштоўнасцей. Барабанны грукат уяўных перамог і дасягненняў перакрываў стогн і плач ахвяраў сталі ...

Скачать
43967
0
0

... , Д. Бугаёў выступіў сааўтарам дапаможніка па вывучэнню творчасці Быкава. Так, у 1995 годзе ён разам з аўтарамі М.І. Верціхоўскай, В.У. Верціхоўскай выдае дапаможнік “Вывучэнне творчасці Васіля Быкава ў школе”. Падрыхтаваны дапаможнік у адпаведнасці з праграмамі па беларускай літаратуры. Ён складаецца з дзвюх частак. У першай – асвятляецца жыццёвы і творчы шлях Васіля Быкава (аўтар гэтай часткі Д. ...

Скачать
27132
0
0

... У іх няма ні вострага канфлікту, ні смелага павароту ў раскрыцці тэмы. Не знойдзем мы тут і ўласцівай ранейшым творам заглыбленасці ва ўнутраны свет героя, у яго псіхалогію. К сярэдзіне 1920-х гг. у творчасці М. Гарэцкага наспявала тэндэнцыя ўмацавання эпічнасці, мела месца ўзбуйненне жанру. Так, шэраг твораў — «Ворагі», «Бель», «На маладое», «Кветка пажоўклая», «Радасць», «Ой, ляцелі гусі...» — ...

0 комментариев


Наверх