6. Грамадска-палітычнае жыццё БССР у 70-я – першай палове 80-х г. ХХ ст.
У кастрычніку 1964 г., пасля адстаўкі М. Хрушчова першым сакратаром ЦК КПСС быў выбраны Л. І. Брэжнеў, старшынёй Саўміна СССР – А.М. Касыгін. Пасля ХХІІІ з’езда КПСС (сакавік-красавік 1966) Прэзідыум ЦК быў ізноў перайменаваны ў Палітбюро, і адноўлена назва «Генеральны сакратар». З’езд cкасаваў ранейшую пастанову аб забароне абрання адных i тых жа асоб на кiруючыя пасады больш, чым тры разы запар. Адначасова адбывалася далейшая цэнтралізацыя партыйна-дзяржаўнага апарата. Да бліжэйшага акружэння Л. Брэжнева належалі члены Палітбюро – старшыня КДБ Ю. Андропаў, міністр абароны Дз. Усцінаў, міністр замежных спраў А. Грамыка.
Рэальныя рычагi улады засяродзіліся ў наменклатуры. Адначасова ў яе асяроддзі ўкараніліся такія хібы, як бюракратызм, карупцыя і пратэкцыянізм. Яе намаганнямі з’явіліся «падзаконныя акты», «тэлефоннае права». Шэраговыя камунiсты не мелi магчымасцi уплываць на дзейнасць камiтэтаў, тым больш – фармiраваць палiтыку партыi.
Саветы як выбарныя органы ўлады па-ранейшаму заставаліся на другi плане. Сесii Вярхоўнага Савета СССР і саюзных рэспублік адбываліся з удзелам дэпутатаў, абраных за працоўныя або iншыя заслугi, без улiку iх дзелавых якасцей як законатворцаў. Выбарчая сістэма па-ранейшаму прадугледжвала безальтэрнатыўнасць. Удзел электарата ў выбарах пры «ўмелых падліках» – быў не менш выніковым, чым пры Сталіне, бо часам дасягаў 99,96%.
Прафсаюзы зрабіліся неафіцыйнымі дзяржаўнымі структурамі. Іх функцыі па абарона інтарэсаў работнікаў былі дзейснымі ў той ступені, у якой яны не супярэчылі інтарэсам парткама і адміністрацыі прадпрыемства або ўстановы.
Камсамолу быў адведзены свой сектар грамадска-палітычнай, галоўным чынам, ідэйна-выхаваўчай работы. Пасады кіруючых органаў УЛКСМ з’яўляліся наменклатурнымі. Усплёскі камсамольскай актыўнасці былі звязаны з правядзеннем фестываляў і спартакіяд моладзі і студэнтаў, дзяржаўных святаў, летніх «працоўных» семестраў і інш. Імкненне функцыянераў аб’яднаць у камсамоле максімум юнакоў і дзяўчат праблемы камуністычнага выхавання не вырашала.
У 1977 г. была прынята трэцяя Канстытуцыя СССР. У шостым артыкуле вызначалася роля партыі як кіруючай сілы савецкага грамадства і тым пацвярджалася манапольнае становішча КПСС у савецкай палітычнай сістэме. Там жа паведамлялася аб з’яўленні ў СССР новай сацыяльнай і інтэрнацыянальнай супольнасці – савецкага народа. У выніку КПСС ператваралася ў агульнародную, а Саветы працоўных дэпутатаў у Саветы народных дэпутатаў. Але сама ўлада агульнанароднай так і не зрабілася. Нягледзячы на адмову ад сталінізму як ідэалогіі і практыкі савецкага будаўніцтва, партыйныя лідэры не адмовіліся ад камандна-адміністрацыйных метадаў кіравання.
Вярхі кіруючай партыі з часоў Леніна фарміравалі і фармулявалі адзіную для ўсіх савецкіх грамадзян ідэалогію. Па сутнасці, усё грамадска-палiтычнае жыццё было запраграмаваным і падкантрольным партыйным органам. Яно было моцна ідэалагізаваным ва ўсіх яго формах і праявах. Адной з мэтаў усёй ідэйна-выхаваўчай дзейнасці – натхніць працоўныя масы на пабудову матэрыяльна-тэхнічнай базы камунізма. Высокі працоўны рытм павінны былі забяспечыць заклікі аб датэрміновым выкананні пяцігодак, кампаніі (ініцыятывы, пачыны, ударныя вахты і г.д.), кампаніі: «60-годдзю ўтварэння СССР – 60 ударных тыдняў», «Пяцiдзённае заданне – у чатыры днi», «ХХVI з’е-зду партыi – 26 ударных вахт». Неад’емнай рысай грамадска-палітычнага жыцця часоў Л. Брэжнева і яго паслядоўнікаў з’яўлялася святкаванне шматлікіх «чырвоных датаў» і юбілеяў
Ідэалагічныя ўстаноўкі ўкараняліся ў жыццё з дапамогай сродкаў масавай інфармацыі – тэлебачання, радыё, прэсы – пастаянна, метадычна, разам і паасобку. Усе члены КПСС і кіраўнікі розных рангаў былі абавязаны выпісваць партыйныя ці ведамасныя газеты.
У савецкіх ідэалагічных матэрыялах праблема агульначалавечых каштоўнасцей нават не прыгадвалася, а мiжнародны рух супраць парушэння правоў чалавека ў СССР трактаваўся iдэалагiчнымi работнiкамi як iнспiраваны мiжнародным iмперыялiзмам. Уся iнфармацыя аб няшчасных выпадках у вытворчасці, авіякатастрофах, прыродных катаклізмах жорстка дазіравалася, або наогул замоўчвалася. Так, беларускія СМІ не паведамілі аб разгроме жыхарамі Слуцка будынку суда (1967), ахвярах выбуху цэху футараляў Мінскага радыёзавода (1972) і крушэння электрацягніка (1977) і многіх іншых.
Такое становішча, калі рэчаіснасць не адпавядала паведамленням савецкіх СМІ, давер да іх зніжаўся і людзі шукалі іншыя крыніцы інфармацыі, як правіла, на хвалях радыёстанцый Бі-Бі-Сі (Лондан), «Нямецкая хваля» (Мюнхен), «Голас Амерыкі» (Вашынгтон) і інш.
Антыкамуністычная дзейнасць заходніх спецслужб знаходзіла ўрадлівую глебу сярод часткі інтэлігенцыі, так званых «шасцідзесятнікаў», паборнікаў правоў чалавека і іншых грамадзян, якія дэманстравалі сваю антыпатыю савецкай палітычнай сістэме, называлі сябе «ўнутранай апазіцыяй» або дысідэнтамі, распаўсюджвалі друкаваныя творы (так званы самвыдат) забароненых аўтараў і інш.
Не меншую шкоду прэстыжу краіны наносіла інспірыраваная КПСС хваля антысемітызму. Для яўрэяў былі ўведзены абмежаванні па прыёме на працу, прасоўванні па службовай лесвіцы, уступленні ў партыю, выездзе за мяжу. На Беларусі дыскрымінацыя яўрэяў вылілася ў непрыхаваную юдафобію, якая знайшла «навуковае» абгрунтаванне ў працах філосафа Ў. Бягуна «Ползучая контрреволюция» і вялікую папулярнасць у тых, хто iмкнуўся перакласцi сваю слабую кампетэнтнасць у эканомiцы, культуры, палітыцы на сiянiсцкiя падкопы.
У 1964–1985 гг. сярод 15 саюзных рэспублік БССР уяўляла сабой развіты ў эканамічным плане рэгіён. Яе магутная партыйная арганізацыя забяспечвала поўнае і своечасовае выкананне ўсіх задач, пастаўленых ЦК КПСС перад беларускім народам. Таму спрыяла працяглае – з 1965 па 1980 гг. знаходжанне на пасадзе І сакратара ЦК КПБ П.М. Машэрава, які карыстаўся глыбокай павагай усяго беларускага народа. Пад час вырашэння тых ці іншых праблем ён сыходзіў з партыйных інтарэсаў і шмат у чым спрыяў працэсу «росквіту і збліжэнню нацый», аддаючы перавагу інтэрнацыянальным і класавым каштоўнасцям перад нацыянальнымі і агульнароднымі. Так, на Красавiцкiм (1974) Пленуме ЦК КПБ П. Машэраў упікнуў навукоўцаў у тым, што «ў некаторых публiкацыях, у тым лiку аб народных паэмах «Энеiда навыварат», «Тарас на Парнасе», у працах аб Еўфрасiннi Полацкай, Сматрыцкiм, Зiзанii, праявiлiся адгалоскi пазакласавага аб’ектывiзму, iдэалiзацыя асобных багасловаў як выдатных асветнiкаў».
Разам з тым пры П. Машэраве народу навязваўся вульгарны iнтэрнацыяналiзм, а па сутнасцi, нацыянальны нiгiлiзм. Гiсторыя народа падмянялася гiсторыяй партыi. Беларускай мовай стала пагарджаць інтэлігенцыя і нават сяляне. Аб творчых калектывах «Песняры», «Верасы», «Харошкі» ведалі ў СССР і ў далёкім замежжы, але гэта была толькі знешняя бачнасць паспяховасці беларускай культуры. На справе, у рэспубліцы колькасць беларускіх школ скарачалася, а ў гарадах яны зніклі наогул. Толькі 30% вучняў рускіх школ вывучалі беларускую мову, а ў Мінску нават – 10%. Пасля трагічнай гібелі П. Машэрава (1980), калі ЦК КПБ узначальвалі Ц.Я. Кiсялёў (да 1983) i М. Слюнькоў (да 1986) курс ЦК КПСС на «росквiт i зблiжэнне нацый» даваў найлепшы плён менавіта на Беларусі.
Абсалютызацыя ідэі інтэрнацыяналізму ў спалучэнні са сталінскімі метадамі іх ажыццяўлення выразна выявілі сябе ў міжнароднай палітыцы СССР. Не палепшылася становішча і з прыходам на пасаду
Генеральнага сакратара Ю. Андропава (з лiстапада 1982 па люты 1984). З улікам псіхафізічнага стану партыйнага кіраўніцтва наяўнасць у СССР велізарнай колькасці ядзернай зброі не выключала магчымасці іх выкарыстання. Пасля таго, як у 1984 г. савецкі знішчальнік збіў паўднёва-карэйскі пасажырскі самалёт, многія краіны свету сапраўды атрымалі падставу лічыць СССР «імперыяй зла».
Ва ўнутранай палітыцы Ю. Андропаў спрабаваў удасканаліць сістэму за кошт яе ачышчэння ад часткі карумпаванай наменклатуры і ўмацавання дысцыпліны ў грамадстве, але рабіў гэта сталінскімі метадамі, і не меў поспеху. Пасля яго смерцi i прыходам да ўлады К. Чарненкi (люты 1984-сакавік 1985) гэтая кампанiя сцiхла. Новы лiдэр заняў вышэйшую пасаду, будучы ў стане смяротнай хваробы, і як кіраўнік нічым істотным не вызначыўся. Частыя перабраннi кiраўнiцтва з асяроддзя старых марксiстаў-ленiнцаў, пераiменаваннi у iх гонар гарадоў i устаноў, у лепшым выпадку, не спрыялi павышэнню аўтарытэту партыi, а з другога боку, сведчылi аб пагаршэннi маральна-палiтычнага клiмату ў СССР.
Перыяд з 1964 па 1985 гг. па вартасці часта называюць часам «застою», страчаных магчымасцей, крызісу марксісцка-ленінскай ідэалогіі і сацыялістычнай сістэмы гаспадарання. Для БССР – гэта час росквіту ідэйна-палітычнага канфармізму грамадзян, пашырэння сярод іх нацыянальнага нігілізму і заняпаду беларускай школы.
... (б) аб правядзенні хлебанарыхтоўкі адміністрацыйна-прымусовымі мерамі выклікала адкрытае сутыкненне дзвюх праграм. Прыхільнікі Бухарына былі зняты з пасад і пазней знішчаны. У краіне ўсталявалася таталітарная сістэма кіравання. Таталітарызм – гэта цэласная ідэалагічная, палітычная і арганізацыйная структура, у якой эканоміка мае падпарадкаваную да ідэалогіі ролю. Асаблівая ўвага пачала надавацца ...
... фабрыкі "Чырвоная Бярэзіна" ў Новабарысаве, металаапрацоўчага завод "Камунар" у Мінску, БелДРЭС, а так сама вялікай колькасці цэглавых заводаў. 4. Крызісы НЭПа. Прычыны згортвання новай эканамічнай палітыкі Восенью 1923 г. - распачаўся першы крызіс. Пачынаючы са жніўня 1922 г. сталі ўтварацца "нажніцы цэн" - калі кошты на прамысловыя вырабы пераўзышлі кошты на сельскагаспадарчую прадукцыю ў ...
... , Беларусь была цалкам вызвалена ад фашысцкай акупацыі. У выніку наступлення з 28 ліпеня па 2 жніўня 1944 г. войскі І Беларускага фронта выйшлі да Віслы і наблізіліся да Варшавы. Беларуская наступальная аперацыя з’яўляецца адной з самых буйнейшых не толькі ў Вялікай Айчыннай, але і ў ІІ сусветнай вайне. Войскі чатырох франтоў наступалі на больш, чым 1 000-кіламетровым фронце і з 23 чэрвеня па 29 ...
... , Слуцку, Полацку, Рагачове, Мазыры, Лепелі працавала 8 вандроўных калгас-на-саўгасных тэатраў. Важнай падзеяй у развіцці музычнага мастацтва БССР стала адкрыццё ў 1932 г. Беларускай дзяржаўнай кансерваторыі, якая дала пуцёўку ў жыццё першым прафесійным кампазітарам – А. Багатырову, М. Крошнеру, П. Падкавыраву, В. Алоўнікаву, Дз. Лукасу. У 1933 г. Беларускі дзяржаўны тэатр оперы пачаў сваю ...
0 комментариев