2. Звышнатуральныя істоты беларускага язычніцтва

Усё наваколле для беларусаў было заселена шматлікімі звышнатуральнымі істотамі. Умоўна іх можна падзяліць на дзве групы: ніжэйшыя звышнатуральныя істоты,альбо дэманы, і багі.

Паняцце "дэман" паходзіць ад грэчаскага "daimon" і служыць для абазначэння істоты, увасабляючай звышнатуральную сілу, якая нечакана дзейнічае. У язычніцтве яно не мае такой адмоўнай афарбоўкі, якая характерна для хрысціянства, дзе пад дэманамі разумеюцца духі зла. У беларускай міфалоггі дэманы - гэта ўвасабленне якасцяў таго ці іншага месца альбо з'явы. Усе яны дахрысціянскага паходжання, але вельмі часта ў народным уяўленні іх узнікненне звязвалася з сюжэтам Старога Запавету аб анёлах, якія здрадзілі Богу. Адзін старэйшы анёл так узганарыўся, што вырашыў сесці побач з богам. Аднак Бог яго піхнуў, і ён паляцеў дагары нагамі на зямлю, а разам з ім – усе астатнія здрадзіўшыя Богу анёлы. Пакуль яны ляцелі - ператварыліся ў нячысцікаў. У залежнасці ад таго, у якое месца яны упалі, склаліся іх характары. У беларускай міфалогіі ёсць добрыя і злыя нячысцікі. Як правіла, чым больш небяспечным было тое ці іншае месца альбо з'ява, тым больш небяспечным лічыўся нячысцік, які іх увасабляў.

У хаце, згодна з уяўленямі нашых продкаў, жыў Хатнік (Дамавік, Дамавы гаспадар). Па паходжанню гэта нячысцік, але ад доўгага жыцця побач з людзьмі ён страціў свае дрэнныя рысы. Жыве Хатнік у печы ці пад печчу, таму яго часта называлі Падпечнікам. Устае ен рана і палохае пеўня, штурхаючы яго. Той з перапугу крычыць і лопае крыллем, чым будзіць гаспадароў на працу. Хатнік любіць, калі ў сям’і жывуць дружна, тады ён дапамагае ў гаспадарцы. Калі ж у доме ідуць сваркі, Хатнік злуецпа і робіць розныя шкоды: б'е посуд, хавае рэчы і г.д. Ноччу можа навальвацца зачыншчыку сямейных нязгод на грудзі і душыць яго. Хатнік звычайна мае выгляд старэнькага дзеда з сівой барадой і доўгімі валасамі. Апрануты ён у белую кашулю, падвязаную лыкам. Лічылася, што Хатнік тварам падобны на гаспадара той хаты, дзе ён жыве.

Хлеўнік - гэта нячысцік, які, згодна з павер’ямі, жыве ў хляве. Некаторыя даследчыкі лічаць яго мадыфікацыяй Хатніка, але ад апошняга Хлёўнік адрозніваецца сваей шкоднасцю. Ён псуе скаціну: па начах ездзіць на конях і каровах, ад чаго яны слабеюць, худзеюць і могуць памерці. Існавала некалькі спосабаў, каб пазбавіцца ад Хлеўніка. Найбольш просты - паставіць у хлеў казла альбо казу. Хлеўнік не любіць гэтых жывёл і адразу сыходзіць. Самым лепшым сродкам для выгнання Хлеўніка лічыліся замовы. Думалі, што Хлеўнік нябачны. Толькі зрэдку ён узнікае ў выглядзе скручанага, зморшчанага, худога чалавека: нібы шкілет хлопчыка памясцілі у скуру дарослага.

Злыдні - нячысцікі, якія лічыліся ўвасабленнем няшчасцяў сялянскай гаспадаркі. Дзе пасяляліся злыдні, туды прыходзіла беднасць. Уяўляліся яны альбо ў выглядзе нябачных старцаў, альбо чалавекападобных малых, гарбатых, скручаных стварэнняў у вялікіх ботах і шапках. Звычайна злыдні жывуць пад печчу, адтуль робяць нападзенне на гаспадарку і ўтвараюць розныя шкоды: крадуць яйкі ў курэй, псуюць цеста, падліваюць ваду ў малако. Яны не даюць чалавеку выбрацца з беднасці, але таксама, калі нехта вельмі хоча разбагацець і працуе праз меру, гэта можа наклікаць на гаспадарку злыдняў.

Вадзянік - нячысцік, які, згодна з павер'ямі, жыве ў вадзе. Плавае ён надзвычай хутка, альбо на вялікім соме, альбо пры дапамозе перапонак паміж пальцамі ног. Час ад часу Вадзянік вылазіць на бераг, але знаходзіцца там можа толькі некалькі хвілін, каб не засохнуць. Калі апошняе раптам здарыцца - набывае выгляд карча, пакрытага цінай і водарасцямі. Калі нехта закіне такі корч назад у ваду - Вадзянік ажывае і аддзяквае свайму выратавальніку: заганяе яму рыбу ў сеткі, не дае патапіцца. Апісваецца Вадзянік як глыбокі стары, гарбаты, невысокага росту, усё цела яго пакрыта водарасцямі. Твар у Вадзяніка расплывісты, надзвычай невыразны, цела непрапарцыянальнае. Нягледзячы на тое, што ён увесь час знаходзіцца ў вадзе, Вадзянік - надзвычай брудная, смярдзючая і агідная істота.

Русалкі - як правіла, шкодныя істоты, у якіх, па павер'ях, ператвараюцца жанчыны-тапельніцы, а таксама дзеці жаночага полу, якія памерлі нехрышчонымі. Уяўляюцца ў выглядзе голых дзяўчат з распушчанымі зялёнымі валасамі. Маюць пяшчотныя блакітныя вочы. У халодную пару года русалкі жывуць у вадзе, але ў Русальны тыдзень (першы пасля Сёмухі) выходзяць на бераг і пасяляюцца на галінах дрэў. Так яны жывуць да восені. Лічыцца, што русалкі прывабліваюць да сябе людзей, асабліва маладых мужчын, а потым абступаюць іх, казычуць і з песнямі ды рогатам цягнуць у ваду. Каб выратавацца ад русалак, трэба хаця б адну з іх укалоць іголкай - тады ўсе яны з віскам кідаюцца ў ваду. Баяцца яны таксама цыбулі, часныку, палыну. Аднак лепш за ўсё пазбягаць у Русальны тыдзень мясцін каля вады.

Лесавік - нячысцік, які жыве ў лесе, гаспадар лесу і звяроў. Уяўляўся ў выглядзе магутнага мужчыны, ростам з самыя вялікія дрэвы. Калі Лесавік сустракаў чалавека, імкнуўся яго альбо забіць, альбо доўга кружыў па лесе, а потым злосна рагатаў. Лічылася, што Лесавіка можна падмануць, калі пры ўваходзе у лес няправільна назваць кірунак свайго шляху альбо апрануць навыварат аддзенне, абуць левы лапаць на правую нагу, а правы - на левую, павярнуць шапку брылём назад, прачытаць тры разы нядзельную малітву.

Балотнік, Багнік, Аржавень - нячысцікі, якія, згодна з павер’ямі, жывуць, адпаведна, ў балоце, багне, аржавенні. Уяўляюцца ў выглядзе агідных чалавекападобных істот. Балотнік - страшэнны таўстун, зусім без вачэй, увесь у тоўстым слоі гразі, да якой прыліп розны бруд, расліны і вадзяныя насякомыя. Багнік па выглядзе нагадвае Балотніка, але яшчэ больш брудны. Аржавень - брудна-руды, з надзвычайна тоўстым жыватом і тонкімі, як сцябліны хвашча, нагамі. Гэтыя нячысцікі вельмі шкодныя для чалавека і хатняй жывёлы. Звычайна прывабліваюць іх прыгожымі вобразамі і гукамі, а калі ахвяра завязне ў багне, заблытаецца ў карчах ды лазняку, хапаюць яе за ногі і паволі цягнуць да сябе.

Ваўкалак - чалавек, які, згодна з павер'ямі, ператварыўся сам альбо быў ператвораны кім-небудзь у нейкую жывёлу, часцей у ваўка. Лічылася, што ў ваўкалакаў не ўся скура пакрыта поўсцю, а толькі месцамі, так, што дзе-небудзь відаць чалавечае цела. Падзяляюцца яны на ваўкалакаў-чараўнікоў і зачараваных ваўкалакаў, няшчасных ахвяр чагосьці чараўніцтва. Першыя, ператварыўшыся ў ваўкоў, засвойваюць усе ўласцівасці звяроў-драпежнікаў, нападаюць не столькі на жывёлу, колькі на людзей, аднак не ядуць іх, а толькі высмоктваюць мозг, думаючы тым амаладзіць сябе. Зачараваныя ваўкалакі зусім іншыя. Лічылася, што яны ручныя, выюць вельмі жаласліва ў бок сваіх весак, бо не страцілі чалавечых пачуццяў і свядомасці. Ніколі не нападаюць на чалавека і хатнюю жывелу.

Вупыры - істоты, якія, згодна з павер'ямі, смокчуць кроў чалавека і жывёл. Лічылася, што ў іх ператвараюцца пасля смерці людзі, якія пры жыцці зналіся з нячыстай сілай. Па начах яны прыходзяць да сваіх былых ворагаў, а часам - родзічаў і сяброў, прыпадаюць губамі да іх грудзей і высмоктваюць кроў. Рысы твару ў вупыра тыя ж, што і пры жыцці, але губы ад смактання крыві распухаюць, а язык робіцца вострым, каб прабіваць скуру. Найбольш радыкальны спосаб пазбавіцца ад вупыра - гэта раскапаць ягоную магілу, адсекчы галаву і пакласці яе паміж ног, а цела прыбіць да зямлі асінавым колам.

Ліхаманка альбо Трасца лічылася ўвасабленнем хваробы. Яна мае ад сямі да дзевяноста дзевяці постацяў, якія падзяляюцца на асеннія і вясеннія. Першых уяўлялі ў выглядзе маладых прыгожых дзяўчат, другіх - агідных старых баб. Зімой Ліхаманка жыве пад зямлей, выходзіць увесну на паверхню і бадзяецца, пакуль не трапіць на чалавека, які спіць на вясеннім сонейку. Ліхаманка можа папярэдзіць аб пагрозе хваробы: калі ж чалавек не паслухаецца, яна альбо плюне на яго, апьбо пацалуе, і такім чынам пасяляецца ў арганізме. Ліхаманка таксама можа трапіць у чалавека праз рот у выглядзе парушынкі альбо мухі.

Чорт лічыўся цалкам варожай чалавеку звышнатуральнай істотай. Вобраз чорта дахрысціянскага паходжання, але хрысціянства аказала рашучае ўздзеянне на ўяўленні аб ягоным вобліку, Лічыцца, што чорт здольны ператварацца ў розных жывел (кошку, сабаку, свінню, казла) альбо людзей (вандроўніка, дзіця, каваля, млынара), але ўласны ягоны выгляд наступны: гэта антрапаморфная істота, пакрытая чорнай поўсцю, на галаве два рогі, ззаду хвост, на нагах і руках вострыя кіпцюры, у чарцей мужчынскага полу ёсць рэдкая барада, як у казла. Чэрці могуць жыць сем'ямі, па іншых павер'ях - спакушаюць жанчын, ад чаго нараджаюцца вупыры.

Чорт робіць людзям розную шкоду: уводзіць у падман, насылае дрэннае надвор'е, хваробу. Асабліва небяспечны ён у "нячыстых" месцах (ля балота, на перакрыжаванні дарог, у млынах) і ў вызначаны час сутак (ад поўначы да першых пеўняў, радзей - апоўдні) альбо года (на Каляды і Купалле). У гэтыя перыяды магчымы зносіны з нячыстай сілай, таму чараўнікі заклікалі чарцей у замовах.

Люцыпар альбо Анчыпар - згодна з павер'ямі, кіраўнік чарцей, увасабленне ўсяго зла. Крыніцай народных уяўленняў аб Люцыпары паслужыў хрысцянскі Люцыфер, але яму былі нададзены натуралістычныя рысы. Уяўляўся Люцыпар у выглядзе гіганскага чорта з надзвычайна злым тварам. Важыць ён столькі ж, колькі ўсе астатнія нячысцікі разам узятыя. Мае бачныя адзнакі сваёй годнасці: жалезную карону, якая прыбіта да чэрапа цвікамі, вілы ў магутнай лапе. Пры кожным выдыху Люцыпар выпускае з ноздраў доўгія пукі вогненных промняў, якія ўсё папяць на далёкай адлегласці.

Да другой групы звышнатурадьных істот беларускага язычніцтва належаць багі. Само слова "бог" агульнае для ўсіх славянскіх моў і азначае "шчасце'', ''багацце". Адсюль, напрыклад, "баг-аты" (даслоўна "той, хто мае бога, гэта значыць - шчасце, удачу"), "у-богі" ("у" - прэфікс, які азначае страту чагосьці), "з-божжа" ("са шчасцем, удачай"). Такім чынам, згодна з этымалогіяй, бог - гэта той, хто дае чалавеку ўдачу, клапоціцца аб ім.

У адрозненне ад большасці вышэйпералічаных ніжэйшых звышнатуральных істот, знаходжанне і ўлада якіх абмежаваны вызначаным месцам, улада багоў не мае прасторавай лакалізацыі, яны могуць дзейнічаць паўсюль.

Мы разгледзім толькі некаторых язычніцкіх багоў, культ якіх быў найбольш распаўсюджаны на Беларусі.

Пярун - бог грому і маланкі, даравальнік дажджу, апякун княжацкай дружыны. Уяўляўся ў вызглядзе высачэннага волата з доўгай барадой, чорнымі валасамі, лукам (вясёлкай) і стрэламі (маланкамі). Маланкамі ён страляе ў чарцей, якія бягуць ад яго на зямлю і звычайна хаваюцца пад дрэвамі, але і там іх дастаюць стрэлы Перуна. Лічылася, што ў час навальніцы не трэба хавацца пад дрэва, а трэба маліцца і хрысціцца, каб атагнаць ад сябе чорта і не быць разам з ім забітым маланкаю. Таксама ўяўлялі, што Пярун трымае ў руках два вялікія жоравы, трэ іх і б'е адзін аб адзін - адсюль гром і маланкі. Асколкі ад жораваў, якія ўпалі на зямлю - гэта "перуновыя стрэлы". Так сяляне называлі рэшткі старажытных крэмневых прылад працы, якія знаходзілі на палях.

Велес - бог дабрабыту, апякун хатняй жывёлы і паэтычнай творчасці, ахоўнік багацця. Імя Велеса звязвалася з золатам, Перуна - са зброяй. У Кіеве ў часы князя Уладзіміра Пярун, бог княжацкай дружыны, стаяў на ўзгорку, Велес, апякун простага люду - на Падоллі. Уяўляўся Велес у выглядзе магутнага велікана з доўгімі валасамі і барадой. Лічылася, што ён надзяляе людзей талентамі, добрым слыхам і голасам, вялікім ростам. Па народных павер'ях, Велес навучыў людзей жывёлагадоўлі. Яго таксама лічылі апекуном вешчуноў і народных спевакоў. У "Слове пра паход Ігаравы" вешчы Баян названы "Велесавым унукам''.

Ярыла - бог сонца, вясенняй урадлівасці, пачуццёвага кахання, апякун земляробства. Уяўляўся ў выглядзе прыгожага маладога хлопца, які ў белым адзенні, з вянком на галаве і каласамі ў руках вясновым досвіткам ездзіць па палях на белым кані і апладняе ніву. Ярыла лічыўся богам усякай урадлівасці, у тым ліку і жаночай, таму маладзіца, якая жадала мець дзіця, імкнулася пабачыць Ярылу.

У гонар Ярылы існавала свята - Ярылаў дзень (зараз гэта свята святога Ягорыя (Юрыя), які ў хрысціянстве замяніў Ярылу). Лічылася, што ў гэты дэень (6 мая) Ярыла адчыняе вароты неба і на белым кані выязджае на зямлю. 3 яго з'яўленнем пачынаецца сапраўдная вясна. У гэты дзень упершыню выпускалі скаціну ў поле. Свята Ярылы суправадкалася карагодамі, песнямі, вячэрай. Самая прыгожая дзяўчына з вёскі прадстаўляла Ярылу. Яе саджалі на белага каня і вадзілі па палях. Пры гэтым спявалі песні ў гонар Ярылы, якія павінны былі забяспечыць добры ўраджай і нараджэнне здаровых дзяцей.

Жыжаль (Жыжа, Жыж) - бог агню. Жыве пад зямлей, ходзіць там, выпускаючы з сябе полымя. У спакойным стане Жыжаль ідзе паціху, і ад ягонага полымя саграваецца зямля. Калі ж раззлуецца - перасоўваецца хутка, і полымя вырываецца на паверхню, выклікаючы пажары. Воблік Жыжаля неантрапаморфны, уяўляўся ён у выглядзе агню.

У беларускім язычніцтве ёсць таксама багі, дзеянні якіх звязаны з канкрэтнай парой года.

Зюзя - бог зімы і холаду. Ягонае імя паходзіць ад дзеяслова "зюзець" - "мерзнуць, калець ад марозу". Уяўляўся ён у выглядзе невысокага, тоўстага, лысага дзеда з доўгай белай берадой, які ў расхрыстаным белым кажусе з непакрытай галавой і босы ходзіць па снезе і лютай сцюжай наганяе страх на ўсё жывое. Лічылася, што калі ад маразоў трашчаць дрэвы і бярвенні ў хаце, дык гэта Зюзя б'е па іх даўбнёй. Каб паменшыліся маразы, трэба было пералічыць імёны ўсіх лысых дзядоў у вёсцы.

Ляля (Лёля, Лада) - багіня вясны, кахання, дзявочага хараства. Уяўлялася ў выглядзе маладой прыгожай дзяўчыны, якая ранняй вясной ходзіць па праталінах і абуджае зямлю ад зімовага сну. Дзе яна ступіць, там зелянее трава, распускаюцца кветкі. У гонар Лялі існавала дзявочае свята -Ляльнік (5 мая), якое з'яўлялася закліканнем вясны. Дзяўчаты збіраліся на лузе альбо агародзе, выбіралі паміж сабой "Лялю", апраналі яе ў белую сарочку, упрыгожвалі зеленню, садзілі на ўзвышша і вадзілі вакол яе карагоды, спяваючы песні, у якіх славілі Лялю.

Цёця - багіня лета, а таксама звязаных з ім урадлівасці і дабрабыту. Уяўлялася ў выглядзе прыгожай мажнай жанчыны з жытнім вянком на галаве. У руках Цёця трымала хлеб, садавіну і гародніну, якімі яна адорвала кожнага, хто ей сустрэнецца. Цёця лічылася сімвалам дабрабыту і шчодрасці. У галодную пару казалі: "Голад не Цёця, падапрэ - лыка з'ясі''.

Жыцень - бажаство восені, апякун асенніх палявых работ. Уяўляўся.ў выглядзе нізкага хударлявага старога з незадаволеным тварам, ускудлачанымі валасамі і трыма вачамі (трэцяе на патыліцы). Лічылася, што Жыцень садзейнічае росту і паспяванню збожжа і гародніны, а таксама назірае, ці добра вядзецца гаспадарка. Калі знойдзе на полі шмат каласоў, пакінутых жнеямі, збірае іх, звязвае ў снапы і пераносіць на поле таго гаспадара, у якога ўбрана чыста. У выніку на наступны год у нядбайнага гаспадара будзе меншы, а у стараннага - большы ўраджай. Часам Жьщень у выглядзе жабрака з торбай ходзіць па дарогах і пагражее пальцам кожнаму сустрэчнаму. Гэта з'яўлялася знакам будучага вялікага няўраджаю. Ёсць прьмаўка: "Жыцень з торбай - голад на двор" .


Информация о работе «Язычнiцтва на Беларусi»
Раздел: Религия и мифология
Количество знаков с пробелами: 31507
Количество таблиц: 0
Количество изображений: 0

Похожие работы

Скачать
66578
0
1

озных выданняў. 2.   Рэлiгiя старажытных славян   Паводле класічных падручнікаў па гісторыі Беларусі, рэлігія "старажытных беларусаў мела форму язычніцтва, заснаванага на абагаўленні сіл прыроды[1]. Аднак гэта спрааядліва толькі для больш позняга часу. Пытанне заключаецца у тым, якія формы рэлігіі існавалі у далёкім мінулым. Ці была рэлігія старажытных ...

Скачать
34593
0
0

... адносіны ў Заходняй Еўропе і сацыяльнаэканамічнае развіццё беларускіх зямель у перыяд ранняга сярэднявечча. Феадальныя землеўладанне і гаспадарка У VVІ стст. у Заходняй Еўропе на руінах буйнейшай рабаўладальніцкай дзяржавы – Рымскай імперыі ўзніклі шматлікія дзяржаўныя ўтварэнні ў форме манархій. Аснову іх эканомікі складала сельская гаспадарка. Зямля як асноўная каштоўнасць ператварылася ва ў ...

0 комментариев


Наверх