1.4 Гаспадарка Беларусі ў час грамадзянскай вайны. Палітыка “Ваеннага камунізму”
Вясной 1918 г. савецкі ўрад прыняў шэраг надзвычайных мер у галіне эканомікі, што атрымалі назву палітыкі “ваеннага камунізму”. Асноўныя яе прынцыпы – гэта правядзенне харчовай развёрсткі; увядзенне манаполіі хлебнага гандлю; нацыяналізацыя ўсёй прамысловасці; жорсткае размеркаванне харчовых і прамысловых тавараў; усеагульная працоўная павіннасць.
У рэчышчы новай палітыкі была праведзена ліквідацыя прыватнага гандлю, была адзяржаўлена кааперацыя, спрабавалі арганізаваць прамы прадуктаабмен паміж горадам і вёскай.
Харчовая развёрстка – заключалася ў фактычнай канфіскацыі лішкаў хлеба для пакрыцця выдаткаў на армію і ўтрыманне рабочых. Хлеб браўся за папяровыя грошы ці даўгавыя распіскі. Праводзілася яна сіламі рабочых атрадаў і камітэтаў беднаты, што мелі неабмежаваныя паўнамоцтвы. Вынік – сяляне ўтойвалі запасы, адмаўляліся засяваць больш зямлі, чым неабходна для пражытку сваёй сям’і (скарачэнне пасяўных плошчаў), месцамі было арганізавана ўзброенае супраціўленне прадатрадам.
У пераўладкаванні вёскі новая ўлада вялікую ролю надавала стварэнню саўгасаў. Мэтай іх стварэння была спроба спрасціць працэдуру рэквізіцыі хлеба. Ствараліся саўгасы на падставе «Палажэння аб сацыяльным землеўладкаванні і мерах пераходу да сацыялістычнага земляробства» (прынята ў лютым 1919 г.). Згодна з гэтым дакументам, з нацыяналізаваных панскіх маёнткаў выдзяляліся маёнткі з высокай культурай гаспадарання, размешчаныя блізка да буйных цэнтраў – у іх ствараліся саўгасы. Астатнія маёнткі прызначаліся для стварэння калектыўных гаспадарак іншых тыпаў.
На чэрвень 1919 г. у Мінскай губерні з 3000 былых памесцяў у 604 былі створаны саўгасы. У асноўнай масе саўгасы аказваліся нерэнтабельнымі, стратнымі, бо нехапала сельскагаспадарчай тэхнікі, цяглавай сілы і кваліфікаваных кадраў. Крызіс у сельскай гаспадарке Беларусі пераадолены не быў. На 1920 г. пасяўныя плошчы складалі толькі 2/3 ад даваенных, больш таго, рэзка знізілася ўраджайнасць асноўных культур, панесла страты жывёлагадоўля: колькасць коней скарацілася да 80%, буйной рагатай жывёлы - да 65,8%, свіней - да 44% ад даваеннага ўзроўню.
Сельская гаспадарка к 1921 г. была ў цяжкім становішчы: калектыўныя гаспадаркі былі стратнымі і не карысталіся папулярнасцю ў сялян. Асноўны цяжар харчразвёрсткі клаўся на плечы серадняцкіх гаспадарак, якія складалі асноўную масу сельскага насельніцтва.
Не менш цяжкая сітуацыя склалася ў прамысловасці. Тут існавала абсалютная цэнтралізацыя кіравання прадпрыемствамі і іншымі звеннямі гаспадаркі. Кіраванне ажыццяўлялася глаўкамі. Праводзілася рэарганізацыя прамысловасці ў накірунках – аб’яднання дробных нацыяналізаваных прадпрыемстваў (аблягчала кіраванне і забеспячэнне); адкрыцця новых дзяржаўных прадпрыемстваў; арганізацыі кааператыўных прадпрыемстваў.
Савецкая ўлада ўжо ў першыя гады існавання заклала асноўныя элементы камандна-адміністрацыйнай сістэмы. Адначасова, пасля вызвалення тэрыторыі ад захопнікаў, пачалося аднаўленне прамысловасці.
Першы напрамак – аднаўленне раней пабудаваных прадпрыемстваў. Да канца 1920 г. аднавілі дзейнасць тры чыгуналіцейныя заводы, сталярная і дзве абозарамонтныя майстэрні ў Мінску, Добрушская і Шклоўская папяровыя фабрыкі, Наспенскі, Ветранскі і Серкавіцкі шклозаводы, запалкавыя і тры канатныя фабрыкі, 37 лесапільных і 7 фанерных заводаў, некалькі смалакурных і дрожджавінакурных заводаў у Мінскай губерні. Пашырылася здабыча торфу, што садзейнічала паляпшэнню работы прадпрыемстваў. Сталі працаваць шэраг электрастанцый — Мінская, Магілёўская, Гомельская.
Другі напрамак – будаўніцтва новых прадпрыемстваў. У Гомелі пачалося будаўніцтва лесапільнага завода, у Віцебску – панчошна-трыкатажнай фабрыкі.
Аднаўленню прамысловасці садзейнічала дапамога Савецкай Расіі. Беларусі былі выдаткаваныя грашовыя сродкі, пастаўлена абсталяванне для паліграфічнай, швейнай, металаапрацоўчай прамысловасці.
Хутчэй аднаўлялася лёгкая прамысловасць. Да 1920 г. яна выйшла на першае месца (ўдзельная вага 42,3%, у Расіі – 22,2%). Асабліва ўзрасла доля швейнай і гарбарна-абутковай вытворчасці, некалькі знізілася доля тэкстыльнай. За перыяд 1914-1920 гг. пашырыліся металаапрацоўчая вытворчасць і рамонтная база чыгункі.
Чыгуначная сетка скарацілася да 1920 г. амаль на 2/3, моцна знасіўся машынны парк, не хапала паліва. Былі разбураны некаторыя чыгуначныя лініі, майстэрні і дэпо. Значна пацярпеў водны паравы транспарт. Агульны аб’ём рачных перавозак да 1920 г. упаў да 10% ад узроўню 1913 г. Судны хадзілі толькі па Заходняй Дзвіне да Віцебска, па Дняпры вышэй Оршы.
На канец грамадзянскай вайны ў Беларусі працавала з перабоямі толькі 40% буйных прамысловых прадпрыемстваў, (мелі 70% рабочых даваеннага часу). Агульны аб’ём валавай прадукцыі прамысловасці склаў 15-20% да ўзроўню 1913 г.
Адбыліся змены ў складзе рабочага класа Беларусі. На 1921 г. у БССР налічвалася 11.723 кваліфікаваных і 18.209 некваліфікаваных рабочых. Для забеспячэння рабочай сілай прадпрыемстваў, якія маглі працаваць, не хапала 28.954 кваліфікаваных рабочых. Адначасова ў дзяржаўную прамысловасць улілася значная колькасць рамеснікаў. Толькі 1/3 колькасці рабочых складалі патомныя пралетарыі. Гэта адмоўна адбілася на развіцці прамысловасці ў наступныя гады.
Крызіс паўплываў і на фінансы. На 1919 г. пакупная здольнасць рубля знізілася ў параўнанні з 1913 г. у 16 разоў, на 1920 г. – у 2.420 разоў. Заробак рабочых у 1920 г. склаў 10-20% ад даваеннага ўзроўню.
За гады грамадзянскай вайны і палітыкі «ваеннага камунізму» эканоміка края была даведзена да катастрафічнага стану. «Ваенны камунізм» уяўляў сабой тып гаспадарчай сістэмы без эканамічнага механізму. Кіраванне абапіралася на адміністрацыйныя метады і жорсткую цэнтралізаваную адміністрацыйную структуру. Нацыяналізацыя ўсёй эканомікі, банкаў, злом старога дзяржаўнага апарату не прывялі да самакіравання народа, да пад’ёму эканомікі. Сістэма рабочага самакіравання на нацыяналізаваных прадпрыемствах не апраўдала сябе.
СПІС ВЫКАРЫСТАНЫХ КРЫНІЦ
1. История Беларуси в документах и материалах / Авт.-сост. И.Н.Кузнецов, В.Г.Мазец. Мн.: Амалфея, 2000. 672 с.
2. Юхо Я.А. Кароткі нарыс гісторыі дзяржавы і права Беларусі / Юхо Я.А. - Мн., 1992.
3. Ходзін С.М. Крыніцы гісторыі Беларусі (гісторыка-генетычнае і кампаратыўнае вывучэнне): Вучэб. дапаможнік. Мн.: БДУ, 1999. 193 с.
4. Шымуковiч С.Ф. Гiсторыя Беларусi: курс лекцый / Шымуковiч С.Ф.– Мн., 2005. – 235 с.
... новых адносін да нацыянальнага пытання з боку прагрэсіўнай беларускай грамадскасці. Узнікае пытанне: чаму некаторыя органы РСФСР не прыслухоувалкзя да голасу Белнацкома, бюро беларускіх секцый, іншых органау аб утварэнні Беларускай нацыянальнай дзяржавы? Мабыць, таму што ў той складанай сітуацыі цэнтральныя органы Pacii не маглі не лічыцца з думкай Пауночна-Заходняга абкома партыі, ...
... Берн, Капенгаген, маючы дзяржаўныя пашпарты. Існаванне БНР аказала ўздзеянне на працэс утварэння беларускай рэспублікі на рэвалюцыйна-класавай аснове. 7. Фарміраванне беларускай дзяржаўнасці на рэвалюцыйна-класавай аснове. Утварэнне БССР Пасля перамогі бальшавікоў у барацьбе за ўладу, у тым ліку на Беларусі і Заходнім фронце, частка былых членаў БСГ (грамадоўцаў) пайшла на супрацоўніцтва з ...
... Расіі. Таму Рада БНР, якая прыняла акт ад 25 сакавіка 1918 г. аб незалежнасці Беларусі ад Расіі, пайшла як бы супраць іх волі. Па-трэцяе, трэба мець на ўвазе і тое, што ў стварэнні незалежнай беларускай дзяржавы не былі зацікаўлены германскія інтэрвенты, якія выношвалі планы захопу часткі тэрыторыі Беларусі. Утойваючы сваю сапраўдную мэту, яны не дазволілі скліканне на акупаванай імі тэрыторыі ...
... матэрыялы па пытаннях, якія адносіліся да іх кампетэнцыі. Аднак, вызначаючы ролю і значэнне губернскіх ведамасцей Паўн.-Заходняга краю ў гісторыі беларускай журналістыкі, неабходна падкрэсліць, што яны прыцягвалі да сябе ўвагу мясцовай інтэлігенцыі і паступова станавіліся цэнтрамі і крыніцай гістарычных, геаграфічных, этнаграфічных і літаратурных звестак аб родным краі. Гэты бок прыкметна ўзмацн ...
0 комментариев