4. Праца над перакладам

Праца над перакладам патрабуе строгай паслядоўнасці, што абумоўлена цяжкасцямі моўнага, тэкставага характару: ад працы са словам, словазлучэннямі, фразеалагізмамі, сказамі – да тэкстаў, падабраных па пэўных лексічных, граматычных ці стылістычных прыметах.

Перш за ўсё тэкст перакладу павінен быць даступным для вучняў. Занадта лёгкі, прымітыўны тэкст згладжвае разыходжанні паміж словамі, зводзіць да нуля саму сутнасць перакладу, і наадварот, вельмі цяжкае заданне адбівае ўсякую цікавасць і ахвоту да працы.

Адпаведна тэксты падбіраюцца з улікам пэўных фактараў, што не супадаюць у беларускай і рускай мовах ( аб’ём значэння, спалучальныя магчымасці, структура, формы змянення). Інакш праца над перакладам звядзецца да механічнай замены адных моўных з’яў іншымі. У такіх выпадках сам тэкст вымушае перакладаць літаральна – слова ў слова, радок у радок.

Праграма па беларускай мове прадугледжвае навучанне перакладу тэкстаў розных стыляў і жанраў. Творы, розныя ў жанрава-стылёвых адносінах, істотна адрозніваюцца і сваімі моўнымі асаблівасцямі. У тэкстах навуковага стылю шырока ўжываюцца спецыяльныя тэрміны, устойлівыя выразы, сінтаксіс пераважна ўскладненай будовы, яму не ўласцівы эмацыянальна-экспрэсіўна-ацэначныя словы. Гутарковы стыль, наадварот, пазбягае спецыяльнай тэрміналогіі, імкнецца да экспрэсіўнасці і эліптычнасці, што адбіваецца і на лексіцы, і на сінтаксісе.

У гэтай сувязі пры выбары тэксту для перакладу трэба улічваць наступныя патрабаванні:

- неабходнасць аналізу тэкстаў розных функцыянальных стыляў і тыпаў паводле лагічнай схемы (апісанне, апавяданне, разважанне);

- змястоўнасць;

- насычанасць пэўнымі моўнымі з’явамі;

- адпаведны аб’ём (крыху меншы за аб’ём кантрольнай дыктоўкі);

- даступнасць пэўнай ўзроставай групе.

Аднак галоўная праблема методыкі перакладу заключаецца нават не ў моўных асаблівасцях твораў розных стыляў і жанраў, а у тым, каб вучні адрознівалі тыя задачы, якія даводзіцца вырашаць пры перакладзе.

Так, пры перакладзе навуковага тэксту асноўнай становіцца задача па магчымасці найбольш дакладна перадаць лагічную структуру арыгінала, правільна ўзнавіць выкарыстаную сістэму тэрмінаў. Выкананне гэтай задачы звязана ў асноўным з захаваннем зместу. Што да вобразна-выяўленчых сродкаў, то яны не маюць вялікага значэння.

Для афіцыйна-дзелавога стылю задачу перакладу можна акрэсліць як дакладную перадачу зместу з абавязковым захаваннем стандартнай формы.

Спецыфіка публіцыстычных твораў – арганічнае спалучэнне лагічна-абстрактнага, або навуковага, і эмацыянальна-вобразнага, або мастацкага выкладу. Пры гэтым асаблівай увагі патрабуе спецыфічны характар вобразнасці ў публіцыстыцы, якая выкарыстоўвае сродкі мастацкай літаратуры (вобразнасць, эмацыянальнасць, экспрэсіўнасць) толькі з мэтай падкрэсліць, завастрыць пэўную думку, праблему, сацыяльную з’яву. Адпаведна асноўнай задачай пры перакладзе тэксту публіцыстычнага стылю з’яўляецца дакладнасць перадачы інфармацыі і тых моўных сродкаў, якія дапамагаюць уздзейнічаць на розум і пачуцці людзей.

Асабліва складаных перакладчыцкіх дзеянняў вымагаюць тэксты мастацкага стылю. Уласцівасці мастацкага твора – разнастайная інфармацыя, суб’ектыўнасць паняццяў, унутраная логіка – вымагаюць дасканалага і ў той жа час разнастайнага выбару моўных сродкаў, а таксама актыўнага ўзаемадзеяння такіх спецыфічных асаблівасцей мовы, як полісемія, сінанімія, перанос значэння і г. д.

Менавіта ў мастацкім перакладзе адпаведнасць арыгіналу абавязкова спалучаецца з творчым падыходам, бо асноўная задача пры перакладзе мастацкага тэксту заключаецца не ў тым, каб дакладна перадаць змест, а каб узнавіць той эстэтычны эфект, які выклікае той ці іншы твор, перадаць яго агульны тон, настрой. Прымаецца пад увагу і тое, як перадаецца сюжэтная аснова твора і ўся сістэма яго вобразаў, але павінна ўсё падпарадкоўвацца галоўнаму – узнаўленню глыбіннага тону вершаванага ці празаічнага тэксту. Паказаная ў перакладзе сітуацыя павінна не толькі ўзнаўляць тую ж рэальнасць, якую перадае арыгінал, але аднолькава ацэньвацца і ўспрымацца тым, хто чытае пераклад, выклікаць у яго аднолькавыя асацыяцыі.

Перакладаючы мастацкі твор, неабходна не толькі перадаць пэўны, канкрэтны змест на іншую мову, але і яго настрой, вобразна-эмацыянальны лад, індывідуальнасць, адметнасць стылю аўтара. Трэба шукаць такія моўныя сродкі, якія найбольш адэкватна перадавалі б змест арыгінала і ў той жа час адпавядалі выпрацаваным нормам сучаснай беларускай мовы. Асноўную ўвагу варта скіроўваць на спалучальнасць слова, што так істотна для захавання ўнутранага рытму твора.

Менавіта тып тэксту перш за ўсё вызначае выбар сродкаў перакладу.

Такім чынам, перш чым прыступіць да перакладу, трэба выразна акрэсліць задачу перакладу. З гэтай мэтай праводзіцца аналіз прапанаванага тэксту (у форме гутаркі, адказаў на пытанні), вызначаецца яго жанрава стылявая прыналежнасць, тып тэксту паводле лагічнай схемы, характэрныя моўныя і зместавыя асаблівасці, якія патрабуюць дакладнай перадачы пры перакладзе, а таксама звяртаецца ўвага на інтанацыйны малюнак (агульны тон, настрой) арыгінала, які неабходна ўзнавіць у перакладзе.

Так, кожны твор мае вельмі адчувальны свой тон, сваю танальнасць.У навуковым стылі танальнасць больш пастаянная, стрыманая, што адпавядае сур’ёзнасці выкладу; у мастацкім і публіцыстычным творах у залежнасці ад зместу і адносін аўтара танальнасць можа быць то ўрачыстай, то паэтычнай, то насмешлівай, іранічнай ці лірычна-задушэўнай. Аўтар (пісьменнік, вучоны, палітык) прыкладае нямала намаганняў, каб стварыць патрэбную танальнасць твора, знайсці для гэтага аптымальныя лексічныя і сінтаксічныя сродкі выражэння.

Метадычная схема працы над перакладам мае наступную структуру:

-  асэнсаванне стылю, тыпу, жанру маўлення і фарміраванне на гэтай аснове задачы перакладу;

-  комплексны аналіз тэксту, г. зн. характарыстыка зместавых і моўных асаблівасцей арыгінала, якія патрабуюць абавязковай перадачы ў перакладзе;

-  вусны пераклад тэксту з рускай мовы на беларускую;

-  ацэнка (самаацэнка і ўзаемаацэнка) выказванняў;

-  пісьмовы запіс тэксту;

-  удасканаленне напісанага.

Варта прывучаць вучняў заканчваць працу над перакладам літаратурнай апрацоўкай. Гэта значыць, адкласці ўбок арыгінал і абавязкова прачытаць увесь перакладзены тэкст, зважаючы на тое, ці ўсё гучыць у ім па-беларуску, ці адпавядае ён рытміка-меладычнаму складу беларускай мовы. Такая апрацоўка гатовага перакладу прывучае сур’ёзна ставіцца да кожнага слова, кожнага сказа, удумліва працаваць над кожным радком, вучыць карыстацца выпрацаванымі беларускай мовай спосабамі перадачы думкі. Настаўнік не можа задавальняца даслоўнымі перакладамі вучняў, а павінен усяляк падштурхоўваць іх да смелых творчых пошукаў, выпраўляць недахопы, тлумачыць, падказваць іншыя варыянты, разам шукаць арыгінальныя рашэнні.

Варта памятаць яшчэ адно: пераклад мастацкага твора – гэта творчасць, і таму не трэба імкнуцца да таго, каб пераклады ва ўсіх вучняў супадалі.

Розныя задачы, якія патрабуюць вырашэння пры перакладзе тэкстаў, адрозных у жанрава-стылістычных адносінах, вызначаюць і розныя патрабаванні да ацэнкі іх якасці.

Пры ацэнцы перакладаў навуковых ці афіцыйных тэкстаў, асновай якіх з’яўляецца тэрмін, у першую чаргу прымаецца пад увагу адпаведнасць тэрміналогіі, а таксама захаванне літаратурнай нормы той мовы, на якую робіцца пераклад, яе лексікі і сінтаксісу.

Крытэрыем дакладнасці для публіцыстычнага тэксту можа служыць тое, наколькі кожная дэталь у перакладзе адпавядае мэце ўздзеяння на розум (лагічнасць думкі) і пачуцці людзей (эмацыянальны выклад).

Галоўнае патрабаванне да якасці перакладу мастацкіх твораў – наколькі перададзены той эстэтычны эфект, які павінен выклікаць той ці іншы мастацкі твор, яго агульны тон, настрой. Прымаецца пад увагу ўзнаўленне сюжэтнай асновы і ўсёй сістэмы яго вобразаў, бо дакладнасць мастацкага перакладу часта разыходзіцца з дакладнасцю тэкставай

Такім чынам методыка перакладу тэкстаў розных стыляў, жанраў і тыпаў мае сваю спецыфіку, свае асаблівасці, улічваючы якія можна дасягнуць найлепшых вынікаў у навучанні гэтаму віду працы.


Заключэнне

Пераклад побач з іншымі відамі практыкаванняў па развіцці звязнага маўлення вучняў (пераказам і сачыненнем) выконвае на ўроку мовы свае, уласцівыя толькі яму, функцыі. Па-першае, школьнікі вучацца перакладаць тэксты розных стыляў і жанраў, паказваючы пры гэтым веданне законаў фанетыкі, лексікі і граматыкі беларускай мовы, уменне перадаваць не толькі змест, але і выяўленчыя сродкі, стылістычную шматграннасць арыгінала, яго рытміка-меладычны малюнак і тон. Па-другое, пераклад тэкстаў, як правіла, адначасова рыхтуе вучняў да стварэння ўласных выказванняў (напісання сачынення такога ж стылю, тыпу і жанру).


Літаратура

1.  Валочка, Г.М. Пераклад у сістэме моўнага навучання / Г.М. Валочка// Адукацыя і выхаванне. – 1993. - № 6

2.  Валочка, Г.М. Метадычныя аспекты навучання перакладу ў школьным курсе беларускай мовы / Г.М. Валочка// Беларуская мова і літаратура. – 1996. – Выпуск 2

3.  Валочка, Г.М. Пераклад – праца творчая: курсы па выбары/Г.М. Валочка// Беларуская мова і літаратура. – 2003. - № 4

4.  Ляшчынская, В.А. Навучанне і выхаванне культуры маўлення на ўроках беларускай мовы / В.А. Ляшчынская// Роднае слова. – 1999. - № 7

5.  Ляшчынская, В.А, Шведава, З.В. Методыка выкладання беларускай мовы. Мн., 2007

6.  Яленскі, М.Г. Методыка выкладання беларускай мовы. Мн., 2007


Информация о работе «Пераклад на ўроках беларускай мовы»
Раздел: Иностранный язык
Количество знаков с пробелами: 21992
Количество таблиц: 0
Количество изображений: 0

Похожие работы

Скачать
40000
0
0

... “Паэтычны слоўнік” (Рагойша В.П., Мн., 1987), “Уводзіны ў літаратуразнаўства” (Майсейчык А.) Мэтай дадзенай курсавой работы з’яўляецца: прааналізаваць месца і ролю вучэбна-метадычных дапаможнікаў па беларускай літаратуры ў працэсе школьнай адукацыі. У сувязі з адзначанай мэтай варта выдзеліць наступныя задачы: -  Прааналізаваць адпаведныя метадычныя і літаратуразнаўчыя матэрыялы па тэме; -  ...

Скачать
18876
0
0

... “русіфікацыі”, якую расійкія ўлады праводзілі на беларускіх землях. Гэтая тэндэнцыя найбольш узмацнілася у 70-90 гг. XIX ст., што было звязана з паўстаннем 1863-1864 гг. Але канчаткова беларуска-польскія культурныя адносіны не згінулі. Яны працягвалі існаваць і развівацца, хоць перавага па-ранейшаму заставалася на польскім баку. Найбольш плённымі культурныя адносіны былі ў літаратуры. Значную ...

Скачать
65060
0
0

ў выдатны паэт Мікола Гусоўскі, які стварыў у 1521–1522 гг. у Рыме на беларускім матэрыяле глыбока патрыятычную і высокама-стацкую паэму «Песня пра зубра», першы буйны твор рэнесансавага рэалізму ў беларускай літаратуры. 2. Францыск Скарына Францыск Скарына нарадзіўся каля 1490 г. у сям'і полацкага купца Лукі (Лукаша) Скарыны, які ўпершыню згадваецца ў дакументах 1492 г. пад імем Лукіян. ...

Скачать
40445
3
1

... заключаецца менавіта ў эксперыментальным (а значыцца, доказным) даследаванні найбольш эфектыўных метадаў, прапанаваных даследчыкамі мовы і настаўнікамі для вывучэння тэмы “Дзеепрыслоўе” ў 7 класе. ГЛАВА І. Методыкі вывучэння марфалогіі ў межах школьнага курса беларускай мовы   1.1 Сістэматызацыя матэрыялу па тэме даследавання Калі звярнуцца да распрацаванасці ў метадычнай літаратуры ...

0 комментариев


Наверх