1.2 Сымон Будны
літаратура беларусь будны
Таленавіты пісьменнік, выдатны педагог, філосаф і багаслоў Сымон Будны належыць да ліку першарадных асоб нашай старажытнай культуры, дзеячаў еўрапейскага маштабу. Кнігі яго, выдадзеныя ў Нясвіжы і Лоску, набылі вядомасць літаральна ва ўсіх краінах Заходняй Бўропы. Гуманістычныя ідэі С. Буднага ў абарону свабоды чалавечага духу, ягоныя палымяныя заклікі да паўсюднага панавання ў грамадстве розуму і навукі знайшлі глыбокі водгук не толькі ў сэрцах суайчыннікаў, але і ў Германіі, Швейцарыі, Францыі, Англіі, Італіі, Маскоўскай Русі.
Першая дакументальная згадка пра С. Буднага — кароткі запіс у метрыцы Кракаўскага універсітэта за 19 кастрычніка 1544 г. Калі зыходзіць з таго, што юнаку ў час паступлення ва універсітэт было каля 14 год, — звычайны для пачаткоўцаў узрост — то, можна меркаваць, што ён нарадзіўся прыкладна ў 1530 г. або ў самым канцы 1520-х гг. у нейкай Будзе. Дзе знаходзілася тая Буда — загадка, бо вёсак з такой назвай на Беларусі, таксама як і ў Польшчы, безліч (у біябібліяграфічным слоўніку “Беларускія пісьменнікі”, дарэчы, указваецца вёска Буда каля Плоцка, што на тэрыторыі сучаснай Польшчы). На карысць жа яго беларускага паходжання паказваюць многія факты. Найперш, ён вельмі кепска ведаў Польшчу. Гэта і нядзіўна, бо дакладна вядома, што ўсё сваё свядомае жыццё Будны пражыў у Вялікім княстве Літоўскім і толькі зрэдку выязджаў у Польскае каралеўства для ўдзелу ў пратэстанцкіх сінодах. Аднак асабліва важна тое, што Будны напісаў свае першыя творы — «Катэхізіс» і «Апраўданне грэшнага чалавека перад Богам» — на старабеларускай мове. Матчынай мовай асветніка, несумненна, была беларуская мова. Пра гэта красамоўна сведчыць і палымяны заклік Буднага да князёў Радзівілаў шанаваць яе ва ўсе часы, берагчы як неацэнны скарб. На жаль, дакладна невядома, дзе Будны атрымаў пачатковую адукацыю. Праўда, ёсць падставы гаварыць пра яго знаходжанне на Падляшшы, магчыма, у маёнтку Хадкевічаў, у Заблудаве, ці ў Супрасльскім манастыры. У 1558 г. С. Будны распачынае дзейнасць у Вільні: выкладае асновы тэалогіі ў Віленскім пратэстанцкім зборы, атрымліваючы за гэта, як сведчаць крыніцы, шчодрую па тым часе ўзнагароду. У сталіцы Вялікага княства Літоўскага ён не толькі знайшоў надзейны жыццёвы прытулак, але і атрымаў выдатную мажлівасць удасканаліць свой талент педагога, пісьменніка, філосафа і багаслова. У віленскі перыяд жыцця Будны, аднак, не прымаў актыўнага ўдзелу ў тых дыскусіях, што распачаліся ў асяроддзі пратэстантаў і ў выніку якіх адбылося рэзкае размежаванне адзінай дагэтуль рэфармацыйнай плыні на Беларусі, спачатку на два, а пасля і яшчэ на некалькі кірункаў. Мяркуючы па яго першых творах, ён схіляўся да кальвінскай дактрыны. Будны не спяшаўся ўслед за сваім патронам Мікалаем Радзівілам Чорным прымаць погляды антытрынітарыяў. Ён не хацеў браць на веру чужыя думкі, рызыкуючы, вядома, трапіць у няміласць да ўсемагутнага князя. Як бачна, ужо тады выявілася неардынарнасць натуры Буднага, імкненне самастойна адшукаць ісціну, дайсці самому да сутнасці з'явы. Ён, разам з тым, не кінуўся на злом галавы ў вір дыскусій, а бесперапынна назапашваў далей веды — грунтоўна аналізаваў біблейскія тэксты, скрупулёзна параўноўваў пазіцыі і погляды шматлікіх аўтарытэтных багасловаў, заходніх і ўсходніх айцоў царквы, нарэшце, прыводзіў у сістэму свае веды пра Сусвет, Бога і Чалавека і, такім чынам, набліжаўся да выпрацоўкі ўласнай тэалагічнай дактрыны. Каля 1560 г. С. Будны пераехаў з Вільні ў Клецк, дзе ў мясцовым кальвінскім зборы прадоўжыў справу, распачатую ў Вільні, адначасова рыхтуючы да друку свой першынец.
На пачатку лета 1562 г. з Нясвіжскай пратэстанцкай друкарні, што належала Мацвею Кавячынскаму, выйшла дыхтоўная, з густам аздобленая кніжка значных памераў, больш за пяцьсот старонак, пад тытулам «Катэхізіс, або Старадаўняя хрысціянская навука для простых людзей». Яна адразу прыцягнула ўвагу адукаваных людзей як у Вялікім княстве Літоўскім, так і далёка за яго межамі. Незаменная чытанка для дарослых і выдатны падручнік для дзетак, «Катэхізіс» з'яўляўся ў той жа час неардынарным філасофска-багаслоўскім творам, адметным паводле свайго зместу і глыбіні выказаных думак. Ён выклікаў шырокую літаратурную палеміку, якая стала прыкметнай з'явай усяго еўрапейскага рэфармацыйнага руху. Свой зварот да друкаванага слова асветнік растлумачыў нясцерпным жаданнем спыніць распаўсюджанне «хлуслівых вучэнняў», «злых рэчаў, якія перамаглі ў Хрыстовай Царкве». Яго «Катэхізіс» 1562 г. прывабліваў чытачоў як зместам, так і манерай выкладання матэрыялу, выключнай логікай разважанняў і пераканаўчасцю доказаў.
Літаральна праз тры месяцы пасля з'яўлення «Катэхізіса», 11 кастрычніка 1562 г. з Нясвіжскай друкарні выйшаў новы твор С. Буднага на старабеларускай мове — «Апраўданне грэшнага чалавека перад Богам».
Жывучы ў Клецку, С. Будны каля 1562—1563 гг. пачаў наладжваць непасрэдныя кантакты з дзеячамі заходнееўрапейскай Рэфармацыі. Публічная дыскусія пачатку 60-х гг. XVI ст. паміж клецкімі, нясвіжскімі, віленскімі і малапалянскімі пратэстантамі, прысвечаная досыць складанаму тэалагічнаму пытанню пра зыходжанне Святога Духа, падштурхнула Буднага да напісання твора «Аб зыходжанні Святога Духа». Беларускі тэолаг, жадаючы пачуць меркаванні знаных еўрапейскіх тэарэтыкаў Рэфармацыі, паслаў падрыхтаваны на лаціне багаслоўскі трактат у Цюрых, Генрыху Булінгеру.
На працягу далейшых трыццаці гадоў, аж да самай смерці (1593), С. Будны шмат працуе на тэолага-каментатарскай ніве (піша і выдае кнігі, займаецца навуковым перакладам, удзельнічае ў пасяджэннях пратэстанцкіх сінодаў, выступаючы з дакладамі, перапісваецца з еўрапейскімі пратэстантамі, напрыклад, з англічанінам Дж. Фоксам, і г. д.). З найбольш значных прац яго гэтага часу неабходна назваць такія, як польскамоўны «Катэхізіс» (Нясвіж, 1563—1564), «Аб зачацці Сына Божага» (1569), «Аб асноўных догматах веры» (1570), пераклад Новага Запавету і апокрыфаў (канец 1570-х гг.; дарэчы, да перакладу Новага Запавету С. Будны звяртаўся і пазней, незадаволены першапачатковымі сваімі спробамі; можна нават сцвярджаць, што ён, так бы мовіць, шліфаваў сваю ранейшую працу), «Аб дзвюх прыродах Хрыста» (Лоск, 1574), пераклад на польскую мову твора Эрнеста Варамунда Фрыза «Аб фурыях альбо французскім шаленстве» (Лоск, 1576), «Аб асноўных артыкулах хрысціянскай веры» (Лоск, 1576), «Абвяржэнне Чаховіца, які лічыць, што хрысціяніну нельга займаць дзяржаўную пасаду» (канец 1570-х), «Аб свецкай уладзе» (1583, Лоск). За апошні твор С. Будны быў выключаны з арыянскай абшчыны як ерэтык, асуджаны пратэстантамі на Луцкавіцкім сінодзе 1582 г., адлучаны ад царквы і пазбаўлены духоўнага сану. Гэтыя падзеі пазбавілі С. Буднага душэўнай раўнавагі, назаўсёды выбілі яго са звыклай жыццёвай каляіны. Каля 1583 г. ён пакідае Лоск і, напэўна, накіроўваецца ў Іўе, дзе дзейнічала арыянская акадэмія. Асветнік, мусіць, зноў паспрабаваў знайсці сябе на педагагічнай ніве. У канцы 1580-х С. Будны разам з Ф. Даманоўскім удзельнічаў у вядомым дыспуце з полацкімі езуітамі.
Жыццёвы шлях славутага асветніка, чалавека універсальных ведаў, унікальнага філосафа і прапаведніка, таленавітага пісьменніка і перакладчыка завяршыўся 13 студзеня 1593 г. у Вішневе (сённяшні Валожынскі раён Мінскай вобласці) у доме шляхціца-пратэстанта Лявона Моклака.
Арыгінальнасць С. Буднага як мысліцеля выявілася ў выпрацаванай ім этычнай дактрыне, якая стала унікальнай з'явай ва ўсёй славянскай і еўрапейскай культуры. Зыходны момант этыкі Буднага — адрозненне найвышэйшых маральных законаў, дадзеных Богам у 10 запаведзях Майсея, а затым паўтораных Ісусам Хрыстом, ад законаў, устаноўленых самімі людзьмі. Божыя законы, сцвярджаў гуманіст, у параўнанні з чалавечымі, найбольш дасканалыя, бо прадугледжваюць пакаранне не толькі за злачынныя справы, але й за благія намеры. У «Катэхізісе» 1562 г. ён падрабязна вытлумачыў сэнс кожнай запаведзі і паказаў, што тых, хто не выконвае іх, чакае жорсткае пакаранне.
Як сапраўдны гуманіст С. Будны крытыкаваў пралюбадзействы, блюзнерскія ўчынкі, заклікаў да пашаны бацькоў і старэйшых, выкрываў несправядлівыя войны.
С. Будны заняў адметную пазіцыю падчас дыскусій, што адбываліся ў 70—80-х гг. XVI ст. вакол найважнейшых палітыка-прававых праблем: аптымальнай арганізацыі жыцця грамадства, функцыяніравання дзяржавы і ўрадавых структур, узаемадачыненняў розных станаў, адносін да прыватнай уласнасці.
Імкнучыся дасягнуць сацыяльнай справядлівасці і грамадскай гармоніі, С. Будны выказаў шэраг арыгінальных ідэй і прапаноў, накіраваных на ўрэгуляванне ўзаемадачыненняў паміж беднымі і багатымі. Ён найперш адкінуў вучэнне камуністаў XVI ст. — Якуба з Калінаўкі, Пётры Гоняда, Марціна Чаховіца і інш., якія заклікалі да зліквідавання прыватнай уласнасці і патрабавалі ўсеагульнай роўнасці. Пазнаёміўшыся з асноўнымі тэзісамі іхняга вучэння, беларускі аналітык заявіў пра яго гістарычную неперспектыўнасць і прапанаваў уласную мадэль развідця грамадства, а таксама аптымальны механізм яго рэгулявання, які прадугледжваў мірнае суіснаванне розных станаў. У «Катэхізісе» і «Апісанні Іўеўскага сінода 1568 г.» С. Будны даказваў не толькі непазбежнасць, але і неабходнасць сацыяльнай няроўнасці, сцвярджаючы, што ні Хрыстос, ні апосталы ніколі не патрабавалі знішчэння багатых і прыватнай уласнасці. Кожны чалавек, падкрэсліваў ён, можа мець маёмасць любых памераў, абы яна набывалася сумленным шляхам. С. Будны ў процівагу тэарэтыкам радыкальнага накірунку прапанаваў не зліквідаванне гаспадароў і падданых, а памяркоўны шлях удасканалення ўзаемадачыненняў між імі, вызначыў іх абавязкі і правы. Так, згодна з яго тэорыяй, гаспадары ні пры якіх абставінах не павінны біць сваіх падданых, пазбаўляць іх неабходных для жыцця рэчаў, патрабаваць больш падаткаў, чым прадугледжана законам. Яны мусяць адкрываць для падданых навучальныя ўстановы, будаваць бажніцы, справядліва судзіць, вучыць на свае сродкі і аберагаць ад паганскіх ды эпікурэйскіх уплываў. У сваю чаргу падданыя павінны маліцца за сваіх гаспадароў, дапамагаць ім ва ўсіх справах, ніколі не казаць і нават не думаць пра іх кепскага, шанаваць іх, заўсёды жадаць толькі дабра, без абурэння плаціць падаткі, выконваць усе распараджэнні і загады за выключэннем тых, што скіраваныя супраць Бога. Беларускі асветнік рэзка крытыкаваў тых падданых, якія, абурыўшыся сваім становішчам, паўставалі са зброяй у руках супраць гаспадароў.
С. Будны неаднаразова ўздымаў свой голас супраць грамадска-палітычнай дактрыны вялікакняскіх і польскіх анархістаў — Паўла з Візны, Яна Немаеўскага, Пётры Гоняда і іншых, што патрабавалі знішчэння дзяржавы і ўсіх урадавых структур — суда, войска, канцылярыі, цэнтральнай і мясцовай адміністрацыі. Беларускі гуманіст сфармуляваў 15 аргументаў у абарону ўрада і дзяржавы, бліскуча пацвердзіўшы думку, што кожны хрысціянін можа займаць свецкую пасаду і, сумленна выконваючы свае абавязкі, прыносіць велізарную карысць усяму грамадству. Погляд беларускага філосафа на ўрад падтрымалі многія дзяржаўныя дзеячы Беларусі і Польшчы, незалежна ад іх веравызнання.
Характэрная адзнака светапогляду беларускага асветніка — антрапацэнтрызм, уяўленне аб чалавеку як галоўнай каштоўнасці на зямлі, якому, нібыта, згодна з боскай воляй, павінна падпарадкоўвацца ўсё жывое і нежывое. Будны спавядаў ідэі крэяцыянізму — аднаактнага стварэння Госпадам Сусвету і першых людзей — Адама і Евы, якія, быццам бы, да саграшэння былі несмяротныя, праведныя, самаўладныя і ва ўсім падобныя да Бога. Наш асветнік падзядяў думку аб існаванні прыроджанага граху, лічачы, што ўжо немаўля — грэшнае, бо на яго пераходзіць грэх прабацькоў Адама і Евы.
С. Будны лічыў прыроду чалавека дваістай, сцвярджаючы, што чалавек складаецца з грэшнага, часова існуючага цела і вечнай, непадуладнай часу душы. Беларускі мысліцель, аднак, у адрозненне ад артадаксальных тэолагаў, адмаўляў актыўнае замагільнае жыццё душ, іх здольнасць умешвацца ў зямныя справы, уздзейнічаць на жывых людзей. Разам з тым Будны лічыў, што па смерці людзей душы не знікаюць бясследна, не раствараюцца ў касмічнай прасторы і не гінуць незваротна, яны толькі губляюць асобныя рысы, якія ім былі ўласцівыя пры жыцці чалавека. Душы, паводле яго вучэння, пакінуўшы цела, накіроўваюцца ў пэўнае месца — «інфернус», пра якое людзям не дадзена нічога ведаць, і там яны знаходзяцца ў нязменным спакоі, як быццам бы спяць. Час іх абуджэння наступіць, калі Сын Божы ў другі раз прыйдзе на зямлю, каб судзіць жывых і мёртвых за нежаданне людзей выправіцца ды жыць у адпаведнасці з божымі законамі. С. Будны заклікаў, каб кожны чалавек, жывучы з божым страхам у душы, заўжды памятаў пра надыход суднага дня, усе свае ўчынкі ўзгадняў з Хрыстовымі запаведзямі, ні пры якіх акалічнасцях не апускаў рукі, не губляў надзеі на выратаванне, не бавіў час ў адчаі й роспачы, а вызнаваў сапраўдную веру, чыніў добрыя справы, што і з'яўляецца галоўнай умоваю набыцця нябеснага царства і вечнага жыцця. Думка пра непазбежнае пакаранне чалавека за зямныя грахі займала ў вучэнні беларускага мысліцеля дамінуючае месца.
На працягу жыцця С. Будны шмат разоў звяртаўся да хрысталагічнай праблематыкі. Як і большасць тагачасных тэолагаў, ён лічыў, што Ісус Хрыстос з'явіўся на свет з божае волі, каб выратаваць чалавечы род, які затануў у грахах. Аднак беларускі мысліцель цалкам не пагаджаўся з разважаннямі так званых «спрадвечнікаў», якія даводзілі, нібыта Ісус Хрыстос існаваў ужо да стварэння свету і побач з Айцом ствараў усё жывое і нежывое.
Новае прачытанне С. Будным Бібліі і пераасэнсаванне яе зместу стварылі перадумовы для перагляду ім традыцыйных поглядаў на Хрыстову Царкву. Услед за еўрапейскімі рэфарматарамі ён выступіў з крытыкай царкоўнай іерархіі, абсалютызаванай і абогатворанай улады папы рымскага. Адстойваючы гуманістычныя ідэі свабоды духа, індывідуальнай вартасці чалавека, унікальнасці кожвае асобы, С. Будны сцвярджаў, што ўсякі вернік можа размаўляць з Богам без пасрэднікаў.
Беларускі лідэр пратэстанцкага руху не меў асаблівых сімпатый да манастырскага жыцця, пустэльніцтва і скітніцтва. Крайнія формы аскетызму, як і прага непамерных багаццяў, супярэчыла, паводле яго слоў, сутнасці сапраўднай Хрыстовай Царквы. Але ў адрозненне ад радыкальных пратэстанцкіх ідэолагаў, С. Будны бараніў правы хрысціянскіх збораў на прыватную ўласнасць, маёнткі і землі.
Асабліва палымяна С. Будны выступаў у абарону свабоды думкі і слова. Ён абураўся жорсткасцю і бесцырымоннасцю цэнзуры, што мела месца ў каталіцкім касцёле і паступова ўводзілася ў пратэстанцкім зборы. Усялякае прыцясненне духа, прыніжэнне і падаўленне асобы наш гуманіст прыраўноўваў да найвялікшага зла.
Для творчасці С. Буднага, асабліва пачатковага перыяду, уласцівы непрыхаваны дыдактызм і маралізаванне — рысы, характэрныя для ўсёй старажытнай літаратуры Беларусі. Зварот да формы катэхізіса — кароткіх пытанняў і адказаў несумненна сведчыць пра асветніцкія памкненні аўтара. Будны, як правіла, звяртаўся да чытача з прамымі сентэнцыямі, проста і зразумела адказваў на шматлікія пытанні, што хвалявалі сучаснікаў. Вось як, да прыкладу, пачынаўся «Катэхізіс»:
«Пытанье: Што есь ты?
Отказ: Человек есть сотворенье Божие розумное, Богом по образу его сотворенное.
Пытанье: Чого для Господь Бог тебе сотворил?
Отказ: Не для того абы без мене быти не мог, але абых его познал, любил, ему самому служил, а потом с ним на веки жил.
Творы С. Буднага, напісаныя ў сталым узросце, зазвычай палемічныя паводле свайго зместу. Літаральна кожная праблема, трапіўшы на пяро асветніка, набывала публіцыстычнае гучанне. Аўтар увесь час палымяна спрачаецца, пераконвае, абвяргае, прыводзіць у абарону сваёй пазіцыі розныя рацыяналістычныя і схаластычныя аргументы. Каб схіліць чытача на свой бок, ён нярэдка звяртаецца да сцверджанняў аўтарытэтных вучоных, пераказу біблейскіх сюжэтаў, гістарычных паралелей, суправаджаючы іх адпаведнымі каментарыямі. Розныя прыпавесці, асабліва біблейскія афарызмы, прымаўкі, падзеі палітычнай гісторыі таксама досыць часта скарыстоўваліся Будным у час літаратурнай палемікі.
С. Будны — сапраўдны майстра літаратурнага перакладу. Яго перакладчыцкі талент найбольш ярка выявіўся ў час працы над Свяшчэнным Пісаннем. Будны, як вядома, перакладаў Біблію на польскую мову, якая на той час, побач са старабеларускай, царкоўнаславянскай і лацінскай з'яўлялася адной з літаратурных моў Беларусі. Мяркуючы паводле ўласных выказванняў С. Буднага і шматлікіх спасылак у тэксце Новага Запавету 1574 г., перакладчык карыстаўся самымі разнастайнымі папярэднімі выданнямі і рукапісамі Свяшчэннага Пісання: лацінскімі, яўрэйскімі, грэчаскімі і рознымі славянскімі, а таксама шматлікімі творамі старажытных тэолагаў, якія хоць неяк закраналі ці цытавалі біблейскія тэксты. У час працы над Новым Запаветам ён апіраўся на ранейшыя пераклады, зробленыя выдатнымі еўрапейскімі вучонымі: Ларэнцам Валам, Эразмам Ратэрдамскім, Марцінам Лютэрам, Сабасцьянам Касталіёнам, Тэадорам Бэзам, Мікалаем Зэгерам. Са старажытных аўтараў Будны нязменна карыстаўся творамі Тэртуліяна, Эўсебія, Эпіфанія, Браніма. Беларускі перакладчык меў пад рукой Біблію Скарыны, пераклад Пятра Мсціслаўца і Івана Фёдарава, Брэсцкую Біблію 1563 г., пераклад Станіслава Мужыноўскага, Чэшскую і Харвацкую Бібліі ды шэраг іншых тэкстаў Свяшчэннага Пісання. Можна адназначна сцвярджаць: ніхто з тагачасных еўрапейскіх перакладчыкаў новазапаветных твораў не прарабляў папярэдне такой грандыёзнай тэксталагічнай працы, як С. Будны. Дзякуючы надзвычайным аналітычным здольнасцям беларускага асветніка, яго таленту, шырокай эрудыцыі, глыбокай дасведчанасці ў пытаннях экзэгетыкі і, галоўнае, дасканаламу веданню старажытных моў, навукова-крытычны ўзровень выдання Новага Запавету 1574 г. стаўся, бадай, самым высокім сярод усіх вядомых на той час у Еўропе.
С. Будны выявіў сябе як выдатны майстра паэтычнай «эпікграмы». Ствараючы панегірыкі на гербы беларускіх магнатаў, паэт вытрымліваў усе каноны эмблематычнай паэзіі, існуючыя ў заходнееўрапейскіх літаратурах. Дзякуючы менавіта С. Буднаму «эпікграмы» на гербы сталі неад'емнай рысай лацінамоўнай літаратуры Беларусі. Яго паэтычныя традыцыі, але ўжо на беларускай мове, пазней прадоўжылі паэты барока А. Рымша, Л. Мамоніч, М. Сматрыцкі, С. Собаль і інш.
У творах С. Буднага вельмі шырокі дыяпазон мастацка-выяўленчых і моўных сродкаў. Старабеларуская мова ў яго надзвычай дасканалая і апрацаваная. Для яе характэрна багацце сінанімічных радоў, трапныя азначэнні, вобразнасць. Будны знаходзіў адметныя метафары, цікавыя параўнанні. Так, напрыклад, няпросты шлях навучання, набыцця ведаў ён параўноўваў з працай пчалы. Будны актыўна звяртаўся да народна-паэтычных вобразаў (вужа, голуба, кубка, мутнай вады), творча выкарыстоўваў сюжэты іудзейскай, грэчаскай і рымскай міфалогіі.
ў выдатны паэт Мікола Гусоўскі, які стварыў у 1521–1522 гг. у Рыме на беларускім матэрыяле глыбока патрыятычную і высокама-стацкую паэму «Песня пра зубра», першы буйны твор рэнесансавага рэалізму ў беларускай літаратуры. 2. Францыск Скарына Францыск Скарына нарадзіўся каля 1490 г. у сям'і полацкага купца Лукі (Лукаша) Скарыны, які ўпершыню згадваецца ў дакументах 1492 г. пад імем Лукіян. ...
... вакол замка гандлёва-рамесны пасад пад аховай замкавых сцен. Замак з'яў-ляўся цэнтрам горада і галоўнай яго архітэктурна-будаўнічай дамінантай. Не быў выключэннем з гэтага правіла і Мінск, у якім у другой палове XVI ст. вызначаліся пяць асноўных раёнаў забудовы: 1) Замчышча, якое існавала ў раёне цяперашняй плошчы 8 Сакавіка. Мінскі замак быў пабу-даваны з дрэва, абгароджаны высокім земляным ...
... ўна накладвалі свой водціск на поводзіны простага чалавека таго часу. ЗАКЛЮЧЭННЕ Аналіз навукова-гістарычных крыніц по даследуемай намі тэме дазваляе зрабіць наступныя вывады. У другой палове XVI - XVII ст. на бeларускіх землях у цэлым завяршыуся працэс фарміравання i юрыдычнага замацавання рыс феадальнай сістэмы: выключнае права на валоданне зямлёй, асобыя саслоуныя прывілеі i абавязкі ...
... - ворагі царскай арміі і часцей за ўсё - ворагі праваслаўя. Што датычыцца грабяжу і насілля арміі на тэрыторыі праціўніка, то гэта было законам войнаў не толькі сярэднявечча, але і новага і навейшага часу. Спробы наступлення войск Рэчы Паспалітай на Беларусі і Украіне ў 1654 - 1655 гг. не ўдаліся. Летам 1655 г. руская армія атрымала піэраг перамог на Украіне, дайшла аж да Львова. На тэрыторыі ...
0 комментариев