1.5.2 Рэалізм у беларускай літаратуры

Рэалістычныя тэндэнцыі ў беларускай літаратуры ўпершыню далі аб сабе моцна знаць яшчэ ў пачатку XVI ст. у паэме М. Гусоўскага «Песня пра зубра». Затым яны ў той альбо іншай ступені выяўляліся ў палемічнай літаратуры канца XVI – пачатку XVII стст., у беларускіх інтэрмедыях, у «Камедыі» К. Марашэўскага, у бурлескных паэмах «Два д’яблы», «Энеіда навыварат», «Тарас на Парнасе». Парэформенная творчасць В. Дуніна-Марцінкевіча пазначана істотным развіццём і ўзмацненнем рэалістычнага пачатку ў нашай літаратуры.

Першым жа беларускім пісьменнікам, які практычна поўнасцю перайшоў на рэалістычныя пазіцыі ў мастацкім адлюстраванні рэчаіснасці, стаў Ф. Багушэвіч. Творчасць яго, і гэта заканамерна, вызначаецца моцным крытычным пафасам. Такім чынам, Ф. Багушэвіч поўнасцю ішоў у нагу са сваім часам. Мастацкія заваёвы Ф.Багушэвіча ў плане рэалістычнага адлюстравання жыцця пэўным чынам працягнулі і замацавалі Я. Лучына і А. Гурыновіч.

У першыя тры дзесяцігоддзі ХХ ст. рэалізм атрымаў у беларускай літаратуры сваё далейшае развіццё. Заўважым, што ён цесна судакранаецца з рамантызмам і сімвалізмам (творчасць Цёткі, М. Багдановіча, Я. Купалы, М. Гарэцкага, З. Бядулі, М. Чарота, У. Жылкі, М. Зарэцкага і некат. інш. пісьменнікаў), а таксама з натуралістычнымі (творчасць Ядвігіна Ш., Ц. Гартнага і інш.) і дэкадэнцка-мадэрнісцкімі (творчасць Я. Пушчы, Я. Скрыгана, Т. Кляшторнага, А. Бабарэкі, П. Шукайлы, Я. Відука і інш.) павевамі ў нашай літаратуры. Некаторыя, найбольш характэрныя праявы такога ўзаемадачынення і ўзаемадзеяння, і асабліва паміж рэалізмам і неарамантызмам (рамантыкай), назіраюцца ў пасляваеннай беларускай літаратуры, аб чым сведчыць творчасць У. Караткевіча, М. Стральцова і некат. інш. аўтараў.

Пераважная большасць беларускіх даваенных, пасляваенных і сучасных пісьменнікаў (за выключэннем заходнебеларускіх літаратараў, а таксама пісьменнікаў, якія апынуліся ў эміграцыі) павінна была спавядаць аж да канца 1980-х гг. прынцыпы г. зв. «сацыялістычнага рэалізму», прычым у самых што ні на ёсць яго кананічных формах, у выніку чаго наша нацыянальная літаратура сыйшла са свайго ў цэлым нармальнага шляху развіцця і ў выніку вельмі шмат згубіла. Разам з тым некаторыя, найбольш таленавітыя, аўтары, такія, напрыклад, як І. Мележ, А. Макаёнак, В. Быкаў, У. Караткевіч і некат. інш., усё-такі здолелі пэўным чынам узняцца над часам і эпохай і далі нашаму народу і сусветнаму супольніцтву сапраўды рэалістычныя, глыбока праўдзівыя і вартыя ўвагі творы.

1.5.3 Рэалізм і сучаснае літаратуразнаўства. Сацыялістычны рэалізм у святле сённяшніх меркаванняў і поглядаў

Мы разглядзелі рэалізм у самых агульных, канцэптуальна-метадалагічных праявах, а таксама бегла прайшліся па гісторыі станаўлення і развіцця гэтага метаду і напрамку ў сусветнай (у тым ліку і беларускай) літаратуры ў асноўным з традыцыяналісцкіх (хоць і з пэўнай папраўкай на час) пазіцый, выпрацаваных айчынным літаратуразнаўствам у савецкі перыяд. Сёння ж нашымі вучонымі па зразумелых прычынах робяцца спробы ўдакладнення, а то і поўнага перагляду поглядаў на рэалізм.

У перыяд панавання марксісцкай ідэалогіі рэалізм непамерна ўзвышаўся над усімі астатнімі метадамі мастацкага адлюстравння жыцця. Зараз жа назіраецца адваротны працэс. Аднак, на думку В. Халізева, «выганяць з літаратуразнаўства слова «рэалізм», зніжаючы і дыскрэдытуючы яго сэнс, няма ніякіх падстаў. Надзённым з’яўляецца іншае: ачышчэнне дадзенага тэрміна ад прымітыўных і вульгарызатарскіх напластаванняў».

Адной з такіх спроб у рамках, так бы мовіць, умеранага падыходу да рэалізму, хоць і з пэўнай карэкцыяй поглядаў на час, з’яўляецца канцэпцыя прафесара І.Ф. Волкава. Так, вучоны вылучае ў агульным рэчышчы рэалізму сацыяльна-крытычную, псіхалагічна сцвярджаючую, сацыяльна-сцвярджаючую і універсальную плыні.

У сацыяльна-крытычнай плыні асноўным (але, заўважым, не адзіным) складнікам з’яўляецца пафас крытыцызму, адмаўлення існуючых сацыяльных інстытутаў, а таксама людзей, якія іх прадстаўляюць. У дадзеным русле напісана пераважная большасць твораў А. Бальзака, Г. Флабэра, Э. Заля, У. Тэкерэя, М. Гогаля, І. Ганчарова, М. Салтыкова-Шчадрына, Я. Замяціна, А. Платонава.

У псіхалагічна сцвярджаючай плыні, нават пры наяўнасці момантаў крытычнага асэнсавання рэчаіснасці, акцэнт усё-такі робіцца на асабістую самакаштоўнасць чалавека, на мастацкае выяўленне ўнутранага духоўнага багацця асобы, яе памкненняў, магчымасцей, лепшых якасцей характару і г. д. Дадзены накірунак прадстаўляе творчасць Стэндаля, Ч. Дзікенса, Дж. Лондана, Т. Мана, Р. Ралана, А. Пушкіна, М. Лермантава, М. Някрасава, Л. Талстога, Ф. Дастаеўскага, І. Тургенева, А. Чэхава, А. Салжаніцына.

Прадстаўнікоў універсальнага рэалізму (творчасць В. Астаф’ева, В. Бялова, В. Распуціна, В. Максімава) характарызуе ўвага да пераемнасці і прапаганды праз сродкі мастацтва лепшых нацыянальных і агульначалавечых традыцый, якія павінны зберагчы канкрэтнае грамадства і чалавецтва ў цэлым ад маральнага і экалагічнага разбурэння, знішчэння наогул і вывесці на новы ўзровень развіцця.

І, урэшце, сацыяльна-сцвярджаючы рэалізм. Як зазначае І. Волкаў, «пад гэтым тэрміналагічным абазначэннем маецца на ўвазе творчасць такіх пісьменнікаў, як М. Горкі, У. Маякоўскі, А. Вясёлы, М. Шолахаў, А. Твардоўскі, Л. Арагон, І. Бехер, Б. Бехер. Звычайна ў савецкім літаратуразнаўстве такая літаратура называлася «сацыялістычным рэалізмам». Як вядома, дадзены тэрмін у канцы 1980-х – пачатку 1990-х гг. падпаў пад рэзкую крытыку за тое, што побач з адносна неблагімі, а то і высокамастацкімі палотнамі аб’ядноўваў у сабе шмат твораў нарматыўных, схематычных, парадна-культавых, лакіровачных, пажаданых і патрэбных адміністратыўна-каманднаму партыйнаму і дзяржаўнаму кіраўніцтву. Таму з мэтай аддзялення пазітыўнага значэння паняцця «сацыялістычны рэалізм» ад негатыўнага І. Волкаў прапаноўвае надаць «новае рабочае тэрміналагічнае абазначэнне літаратуры, якая сапраўды з’явілася ў ХХ стагоддзі істотна новай разнавіднасцю рэалістычнай літаратуры. Сутнасць навізны, – на думку вучонага, – заключаецца ў спалучэнні суб’ектыўных імкненняў асобы да самасцвярджэння з рэальнай аб’ектыўна-гістарычнай магчымасцю, самасцвярджэння асобы ў інтарэсах грамадства ці, у больш вузкім, але больш канкрэтным сэнсе, у мастацкай актуалізацыі і абсалютызацыі стваральна-творчых магчымасцей чалавека. На такой мастацка-творчай аснове, – працягвае І Волкаў, – гэтая літаратура адрадзіла ў сусветнай літаратуры народны гераічны эпас (напрыклад, «Расія, крывёю ўмытая» А. Вясёлага, «Жалезны паток» А. Серафімовіча), па-новаму мастацкі асвоіла складанейшыя драматычныя і трагічныя сітуацыі (з асаблівай сілай у «Ціхім Доне» М. Шолахава), стварыла новую разнавіднасць рэалістычнай сатыры (напрыклад, «Лазня» і «Клоп» У. Маякоўскага, «Цёркін на тым свеце» А. Твардоўскага)».

Слушнае зерне ў канцэпцыі І. Волкава, а таксама ў яго меркаваннях наконт сацыялістычнага рэалізму, безумоўна, ёсць. Адмаўленне, несумненна, патрэбнае дзеля таго, каб аб’ектыўна разабрацца ў сітуацыі з сацыялістычным рэалізмам, не павінна ператварацца ў суцэльнае закрэсліванне напрацаванага нашымі пісьменікамі (а ўслед за імі і вучонымі-літаратуразнаўцамі) на працягу многіх дзесяцігоддзяў.


Информация о работе «Вядучыя напрамкі і плыні ў еўрапейскай і сусветнай літаратуры ХVІ–ХХ ст.»
Раздел: Зарубежная литература
Количество знаков с пробелами: 75669
Количество таблиц: 0
Количество изображений: 0

Похожие работы

Скачать
38081
0
0

... ўрапейскі ўзровень. 5 Развіццё транспарту, унутранага і знешняга гандлю, фінансава-крэдытнай сістэмы Развіцце інфраструктуры Беларусі прама залежала ад поспехаў у развіцці прамысловасці і стратэгічнага палажэння края ў Расійскай імперыі. Будаўніцтва чыгунак у пачатку стагоддзя ішло больш павольна, чым у папярэдні перыяд. Быў пабудаваны адрэзак Пецярбургска-Адэскай дарогі ад Віцебска да Жлоб ...

0 комментариев


Наверх