1.6 Натуралізм

Слова «натуралізм» па паходжанню французскае (naturalisme), аднак сваімі карэннямі ідзе ў познелацінскую эпоху (natura) і ў літаральным перакладзе абазначае тое, што зараз імянуецца «прыродай».

Натуралізмам называецца літаратурна-мастацкі метад, стыль і накірунак, які характарызуецца ўсвядомленай устаноўкай на бесстаронні аб’ектывізм у паказе прыроднай і сацыяльнай рэчаіснасці, схільнасцю да ўзнаўлення вонкавых з’яў жыцця без іх мастацкага абагульнення, пранікнення ў іх духоўную сутнасць. Натуралісты імкнуліся да такога адлюстравання рэальнасці і чалавечых характараў, пры якім асаблівая ўвага надавалася быту і фізіялогіі, якія, згодна з меркаваннямі прыхільнікаў дадзенага метаду, надзвычай моцна абумоўлівалі паводзіны і духоўны свет персанажаў.

Натуралізм у якасці адносна цэласнага літаратурна-мастацкага метаду і стылю (аднак, заўважым, усё-такі ў агульным рэалістычным рэчышчы) поўнасцю аформіўся ў самастойны літаратурны накірунак у развітых літаратурах Еўропы і ў літаратуры ЗША к апошняй трэці ХІХ ст. Але асобныя яго спарадычныя і фрагментарныя праявы давалі аб сабе знаць і да гэтага часу (як прыклад – познярымскае выяўленчае мастацтва, літаратура барока), а таксама пасля таго, як натуралізм пакінуў літаратурную авансцэну. Натуралізмам даволі часта ў дачыненні да сучаснага мастацтва называецца антысацыяльны, чыста біялагічны падыход да чалавека, а таксама скурпулёзнае, «пратакольнае» апісанне жыццёвых з’яў без іх крытычнага адбору, сацыяльна-філасофскага асэнсавання, мастацкага абагульнення і ацэнкі.

Зарадзіўся натуралізм і праграмна аформіўся ў французскай літаратуры, а затым ужо пачаў паступова распаўсюджвацца, прычым з рознай ступенню актыўнасці, па Еўропе, а таксама ў ЗША. Велізарную ролю ў яго ўзнікненні і фарміраванні адыгралі поспехі прыродазнаўчых навук, перш за ўсё фізіялогіі, якая супрацьпаставіла эксперымент «ненавуковым» (тэрмін тагачасных фізіёлагаў) метадам пазнання. Філасофскай асновай натуралізму стаў пазітывізм А. Конта, а эстэтычнай – тэорыі І. Тэна, увасобленыя ў яго пяцітомнай «Гісторыі англійскай літаратуры» і тэарэтычнай працы «Філасофія мастацтва». Літаратурнымі папярэднікамі натуралізму можна лічыць французскіх пісьменнікаў Шанфлёры, Л. Дзюранці, Г. Флабэра, братоў Э. і Ж. Ганкураў. Тэорыю натуралізму ў дачыненні да літаратуры распрацаваў і небеспаспяхова паспрабаваў прымяніць яе ва ўласнай творчасці Э. Заля. У свой час даволі значны рэзананс атрымалі зборнікі тэарэтыка-крытычных артыкулаў Э. Заля «Эксперыментальны раман» (1880), «Раманісты-натуралісты» (1881), «Нашыя драматургі» (1881) і інш., у якіх абгрунтоўваўся новы літаратурна-мастацкі метад. Вакол Э. Заля ў сярэдзіне 1870-х гг. склалася цэлая натуралістычная пісьменніцкая школа, якую прадстаўлялі Г. дэ Мапасан, Ж. Гюісманс, А. Сеар, П. Алексіс, А. Дадэ і інш. Дадзеная школа праіснавала да канца 1880-х гг., а затым распалася. З гэтага часу натуралізм губляе тэарэтычную дакладнасць і захоўваецца ў якасці агульнай назвы розных, але адзіных па паходжанню літаратурных з’яў. У творчасці шэрагу пісьменнікаў-натуралістаў узмацняюцца рысы імпрэсіянізму альбо ўзнікае імкненне да сімвалізму; творчасць некаторых эвалюцыянуе ў бок дэкадэнцтва.

Натуралісты ставілі перад сабой задачу – вывучаць грамадства з той жа паўнатой, з якой прыродазнаўца даследуе прыроду. Мастацкае пазнанне яны прыраўноўвалі да навуковага. Мастацкі твор разглядаўся натуралістамі «як чалавечы дакумент», а асноўным эстэтычным крытэрыем лічылася паўната ажыццёўленага ў ім пазнаваўчага акта. Пераважны інтарэс да побыту, да фізіялагічных асноў псіхікі, недавер да ўсякага роду ідэй абмяжоўвалі мастацкія магчымасці натуралістычнай літаратуры. Аднак пранікненне жыццёвай праўды ў натуралістычныя творы ў яе скандэнсаваным, абагуленым выглядзе часам зводзіла да нуля тэарэтычныя пабудовы іх аўтараў і абумовіла глыбокае мастацкае ўздзеянне лепшых твораў натуралістычнай літаратуры на сучаснікаў.

Для большасці пісьменнікаў-натуралістаў былі характэрнымі ўяўленні аб прадвызначанасці лёсу чалавека яго фізіялагічнай прыродай, а таксама асяроддзем, у якім канкрэтны індывід вырас і сфарміраваўся. І толькі асобныя пісьменнікі (як, напрыклад, Заля) здолелі вырвацца з палону фаталізму.

Натуралісты не прымалі маралізавання ў мастацкай творчасці, бо лічылі, што адлюстраваная з навуковай дакладнасцю рэчаіснасць сама па сабе з’яўляецца дастаткова выразнай. Яны сцвярджалі, што літаратура, як і навука, не мае права выбару матэрыялу, што для пісьменніка няма непрыдатных сюжэтаў альбо недастойных тэм – адсюль пашырэнне тэматыкі натуралістычнай літаратуры, цікавасць да «простых» з’яў жыцця («Жэрміні Ласертэ» братоў Э. і Ж. Ганкураў, «Пастка» Э. Заля). Аднак падначаленасць матэрыялу, імкненне запісваць «пад дыктоўку жыцця» даволі часта прыводзілі да бессюжэтнасці («Цудоўны дзень» Сеара, «Услед за плынню» Гюісманса), а бясстрастнасць – да грамадскай індэферэнтнасці.

У 60–80-я гг. ХІХ ст. натуралізм пры ўсіх яго слабых месцах і недахопах адыграў пэўную станоўчую ролю ў развіцці літаратуры: засвойваў новыя тэмы, падымаў новыя пласты рэчаіснасці, паказваў жыццё людзей малазабяспечаных і прыгнечаных, вывучаў узаемадзеянне асобы і натоўпу, ролю падсвядомага ў чалавечай псіхіцы. Натуралізм увёў у літаратуру новыя прыёмы і сродкі мастацкага адлюстравання жыцця. Змагаючыся з ілжывым афіцыйным аптымізмам, з мяшчанскай ідэалогіяй і мараллю, праяўляючы шырокі дэмакратызм і выкрывальны пафас, натуралізм садзейнічаў прагрэсу грамадскай думкі і мастацкага бачання свету.

У іншых краінах Еўропы і Паўночнай Амерыкі ў апошняй трэці ХІХ – пачатку ХХ стст. натуралізмам сталі называць падобныя да яго з’явы, якія ўзніклі ў асноўным на глебе ўласных мастацкіх запатрабаванняў, але, як правіла, не без пэўнага французскага ўплыву.

Так, у Германіі своеасаблівым пралогам натуралізму была крытычная дзейнасць братоў Г. і Ю. Харт, а яго мастацкім увасабленнем – творчасць А. Хольца і Г. Гауптмана. Менавіта нямецкія пісьменнікі-натуралісты стварылі г. зв. секундны стыль, што меў на ўвазе не толькі капіраванне пэўнага жыццёвага факта ў цэлым, але і педантычную фіксацыю самых дробных яго элементаў. І яшчэ адна з асаблівасцей нямецкага натуралізму: калі ў іншых нацыянальных літаратурах ён выявіўся ў першую чаргу ў прозе і драматургіі, дык тут дадзены метад надзвычай моцна заявіў аб сабе ў лірыцы. У Англіі натуралізм паўплываў на творчасць Дж. Мура і Дж. Гісінга. У ЗША дадзены мастацкі метад атрымаў вострую сацыяльную афарбоўку ў С. Крэйна, Ф. Норыса, Х. Гарленда. У Італіі аналагічным натуралізму рухам стаў верызм (італ. verismo, ад. vero – праўдзівы), які прадстаўлялі Дж. Вергі, Л. Капуана і інш. У Іспаніі барацьба з французскім літаратурным уплывам ішла побач з умацаваннем натуралістычных прынцыпаў у творчасці Э.П. Басан і А.П. Вальдэса. У Бельгіі прадстаўніком натуралізму стаў К. Леманье. Пэўны ўплыў натуралізм аказаў таксама на творчасць А. Стрынберга, Г. Ібсана і К. Гамсуна.

Некаторыя элементы паэтыкі натуралістаў знайшлі працяг у імпрэсіянізме, шэрагу мадэрнісцкіх плыней (у сюррэалізме, «плыні свядомасці», тэатры абсурду і інш.), а таксама ў творчай практыцы пісьменнікаў-рэалістаў ХХ ст.

У Расіі ўплыў натуралізму даволі моцна адчуваецца ў творчасці Дз. Маміна-Сібірака і П. Бабарыкіна. Рускую ж натуральную школу нельга атаясамліваць з натуралізмам, бо яна, па-першае, узнікла амаль што на два дзесяткі гадоў раней таго часу, калі натуралізм заявіў аб сабе ў Еўропе, а, па-другое, была формай станаўлення крытычнага рэалізму.

У беларускай мастацкай культуры натуралізм у сувязі з тым, што перад беларускімі мастакамі ў тыя часы стаялі іншыя, адраджэнцка-асветніцкія задачы, не аформіўся ў самастойны накірунак з уласнай эстэтычнай праграмай. Разам з тым па аналогіі з натуралізмам могуць ацэньвацца асобныя недахопы (празмерная блізкасць вобразнай сістэмы да эмпірычных форм быцця, залішні этнаграфізм, абмежаванае бытапісанне) ранняй беларускай паэзіі, прозы, драматургіі, пачатковыя стадыі тэатральнага і выяўленчага мастацтва. Усё гэта было абумоўлена цяжкасцямі станаўлення мастацкага прафесіяналізму пры практычна поўнай адсутнасці нацыянальных традыцый. Іншая ж прырода натуралістычных тэндэнцый у літаратуры 1930-х – першай паловы 1950-х гг.: яны з’явіліся пад уплывам нарматыўнай вульгарна-сацыялагічнай крытыкі і дагматычнай філасофіі.


СПІС ВЫКАРЫСТАНЫХ КРЫНІЦ

1. Гуляев Н.А. Литературные направления и методы в русской и зарубежной литературе ХVІІ–ХІХ веков. Книга для учителя.– М., 1983.

2. Лихачёв Д.С. Развитие русской литературы Х–ХVІІ веков: Эпохи и стили.– Л., 1973.

3. Мальдзіс А.І. Барока ў літаратуры // Энцыклапедыя літаратуры і мастацтва Беларусі: У 5 т.– Мн., 1984.– Т. 1.

4. Морозов А. Судьбы русского классицизма // Русская литература.– 1974.– №1.

5. Манн Ю.В. Романтизм в России // Литературный энциклопедический словарь / Под общ. ред. В.М. Кожевникова, П.А. Николаева.– М., 1987.

6. Барысенка В.В. Францішак Багушэвіч і праблемы рэалізму ў беларускай літаратуры ХІХ ст.– Мн., 1957.

7. Морозов А.А. Барокко // Литературный энциклопедический словарь / Под общ. ред. В.М. Кожевникова, П.А. Николаева.– М., 1987.

8. Основы литературоведения / Под. ред. В.П. Мещерякова.– М., 2000.

9. Рагойша В. Літаратурны працэс; Метад літаратурны // Рагойша В. Тэорыя літаратуры ў тэрмінах: Дапаможнік.– Мн., 2001.

10. Бахмутский В.Я. Классицизм // Литературный энциклопедический словарь / Под общ. ред. В.М. Кожевникова, П.А. Николаева.– М., 1987.

11. Виппер Ю.Б. Формирование классицизма во французской поэзии начала ХVІІ в.– М., 1967.

12. Кочеткова Н.Д. Литература русского сентиментализма: Эстетические и художественные искания.– СПб, 1994.

13. Тураев С. Сентиментализм // Словарь литературоведческих терминов / Редакторы-составители Л.И. Тимофеев и С.В. Тураев.– М., 1974.

14. Гуревич А.М. Романтизм // Литературный энциклопедический словарь / Под общ. ред. В.М. Кожевникова, П.А. Николаева.– М., 1987.

15. Конан У.М., Мальдзіс А.І. Класіцызм у літаратуры // Энцыклапедыя літаратуры і мастацтва Беларусі: У 5 т.– Мн., 1986.– Т. 3.

16. Русская литература ХVІІІ в. Эпоха классицизма. Сб-к ст.– М.–Л., 1964.

17. Суслова Н.В., Усольцева Т.Н. Классицизм // Суслова Н.В., Усольцева Т.Н. Новейший литературоведческий словарь-справочник для ученика и учителя.– Мозырь, 2003.


Информация о работе «Вядучыя напрамкі і плыні ў еўрапейскай і сусветнай літаратуры ХVІ–ХХ ст.»
Раздел: Зарубежная литература
Количество знаков с пробелами: 75669
Количество таблиц: 0
Количество изображений: 0

Похожие работы

Скачать
38081
0
0

... ўрапейскі ўзровень. 5 Развіццё транспарту, унутранага і знешняга гандлю, фінансава-крэдытнай сістэмы Развіцце інфраструктуры Беларусі прама залежала ад поспехаў у развіцці прамысловасці і стратэгічнага палажэння края ў Расійскай імперыі. Будаўніцтва чыгунак у пачатку стагоддзя ішло больш павольна, чым у папярэдні перыяд. Быў пабудаваны адрэзак Пецярбургска-Адэскай дарогі ад Віцебска да Жлоб ...

0 комментариев


Наверх