1.7 Кампазіцыя

Кампазіцыя (ад лац. compositio – будаванне, паяднанне, кампанаванне) – размяшчэнне і суаднесенасць кампанентаў мастацкай формы твора, уся складаная (знешняя і ўнутраная, бачная і нябачная) яго пабудова. Кампазіцыя «ўключае ў сябе і расстаноўку персанажаў – іх сістэму, і размяшчэнне ўзнаўляемых падзей у тэксце, і асаблівасці «падачы» прадметна-псіхалагічнай рэальнасці (партрэтаў, пейзажаў, інтэр’ераў, дыялогаў і маналогаў), і дынаміку форм (спосабаў) апавядання, і суаднесенасць уласна моўных адзінак, у тым ліку элементаў вершаванай формы».

Кампазіцыя абумоўлена мастацкім зместам твора, у значнай ступені жанравымі традыцыямі. Накладваюць адбітак на кампазіцыю і некаторыя іншыя моманты і фактары, сярод якіх на першым месцы знаходзяцца асаблівасці творчага таленту, даравання пісьменніка, а таксама прыкметы яго мастацкага почырку (стылю). Як слушна зазначае прафесар А. Казлоў, «мастацтва кампазіцыі – адзін з абавязковых кампанентаў мастацкага таленту, прычым веданне законаў кампазіцыі, дэтальна распрацаваных сучасным літаратуразнаўствам, не служыць гарантам напісання дасканалых твораў».

Кампазіцыя – рэч даволі мнагагранная і шматсастаўная. Адбітак на яе ў любым мастацкім творы накладваюць самыя розныя моманты: ад агульнай стратэгіі пабудовы твора да змяшчэння ў ім нейкіх нязначных (на першы погляд) дэталей, што таксама ў пэўнай меры і ступені працуюць на агульную вобразна-выяўленчую сістэму твора.

Адным з важных кампазіцыйных момантаў, на які звычайна адразу ж звяртаецца ўвага даследчыкаў пры аналізе твора, з’яўляецца парадак і прынцып расстаноўкі ў ім персанажаў, што могуць кантрасціраваць адзін з другім, адцяняцца, узаемадапаўняцца і г. д.

Кампазіцыя надзвычай цесна звязана з сюжэтам твора. Менавіта яна вызначае паслядоўнасць выяўлення ў творы ўсіх этапаў сюжэта (як асноўных, так і дапаможных), а таксама пазасюжэтных элементаў (лірычных, філасофскіх, публіцыстычных адступленняў, устаўных апавяданняў ці навел, легенд і г. д.).

Характар і адметнасці кампазіцыі звязаны ў першую чаргу з агульнымі падыходамі да арганізацыі дзеяння ў творы. Паводле асаблівасцей сюжэтнай арганізацыі дзеяння ў творы вылучаюць некалькі разнавіднасцей кампазіцыі.

Аднапланавы тып кампазіцыі «практыкаваўся ў першых беларускіх раманах, дзе фігура цэнтральнага героя была вызначальнай, яна канцэнтравала вакол сябе дзеянне і пазбаўляла іншых персанажаў самастойнай ролі ў сюжэце». Найбольш яскравым прыкладам такога твора з’яўляецца трылогія Я. Коласа «На ростанях».

Шматпланавы тып кампазіцыі арганізуюць некалькі галоўных герояў і сюжэтных цэнтраў. Дадзены тып кампазіцыі характарызуе многія творы беларускай прозы другой паловы ХХ ст., у прыватнасці раманы І. Мележа, І. Шамякіна, А. Чарнышэвіча і шэрагу інш. пісьменнікаў.

Навелістычны тып кампазіцыі прадугледжвае расчляненне аўтарскага апісання (вядома, у межах твора, аб’яднанага агульнымі персанажамі) на сцэны (малюнкі), што ўспрымаюцца як адносна завершаныя мастацкія адзінкі. Як зазначаюць А. Пяткевіч і І. Шпакоўскі, «такая арганізацыя перабівае дзеянне паўзамі, робіць твор больш даступным для чытача і часцей практыкуецца ў дзіцячай і юнацкай літаратуры». У якасці прыкладу твора з такім тыпам кампазіцыі беларускія вучоныя прыводзяць аповесць М. Лынькова «Міколка-паравоз».

Да навелістычнай пэўным чынам блізкая мантажная кампазіцыя. Толькі ёй аб’ядноўваюцца ў адзінае цэлае не асобныя эпізоды з агульнымі персанажамі, а, як правіла, рознатэмныя мастацкія рэчы, у кожнай з якіх свая персанажная сфера. На першы погляд сувязі паміж гэтымі творамі быццам бы няма. І толькі пасля ўважлівага знаёмства з усімі рэчамі, што ўтвараюць у выніку адзінае мастацкае цэлае, пабудаванае па прынцыпу мантажнай кампазіцыі, вымалёўваецца яго агульная думка-ідэя.

Наогул навелістычная кампазіцыя, якая прыйшла ў літаратуру з кіно ў першай трэці ХХ ст., рэч даволі своеасаблівая. Многія яе крытыкуюць, адвяргаюць за пэўную раскіданасць. А вось В. Халізеў лічыць, што «мантажная кампазіцыя раскрывае перад мастаком слова шырокія перспектывы. Яна дазваляе вобразна адлюстроўваць непасрэдна нябачныя, сутнасныя ўзаемасувязі з’яў, паглыблена спасцігаць свет у яго рознаякаснасці і багацці, супярэчлівасці і адзінстве. Мантажнай пабудове, інакш кажучы, адпавядае бачанне свету, што адрозніваецца шматпланавасцю і эпічнай шырынёй».

Сустракаецца ў літаратурных творах і вяршынная кампазіцыя. «Пры такой арганізацыі сюжэт раскрываецца толькі ў тых момантах, якія адыгрываюць рашаючую ролю ў лёсе герояў, а ўсе прамежкавыя звёны апускаюцца. Вяршынная кампазіцыя часта сустракаецца ў драматургіі, у рамантычных паэмах, у некаторых раманах».

Кампазіцыя ўдзельнічае таксама ў арганізацыі накірунку развіцця дзеяння ў творы. Згодна з гэтай яе функцыяй і асаблівасцю вылучаюць прамую альбо хранікальную кампазіцыю, а як пэўную супрацьлегласць ёй – рэтраспектыўную альбо інверсійную.

У творах з прамым (хранікальным) тыпам кампазіцыі жыццё ўзнаўляецца строга ў часавай паслядоўнасці. Такі тып кампазіцыі вызначаецца схільнасцю да дэталізаванага і разгорнутага адлюстравання, якое перадае суцэльную плынь жыцця.

Ёсць свае адназначныя станоўчыя моманты і ў рэтраспектыўнай (інверсійнай) кампазіцыі. «Перарыў прамога дзеяння рэтраспектыўнымі малюнкамі, перадгісторыямі герояў, мантаж розных часавых і прасторавых планаў драматызуе сюжэт, садзейнічае больш глыбокаму раскрыццю характараў».

Прасторавая і часавая арганізацыя дзеяння ў творах таксама істотна ўплывае на асаблівасці іх кампазіцыі. Так, сюжэтны час у творы можа сціскацца з-за ўшчыльнення мастацкага матэрыялу, у выніку чаго прасторавае дзеянне цэнтралізуецца і канцэнтруецца вакол якой-небудзь адной кропкі (раманы К. Чорнага «Пошукі будучыні» і «Млечны шлях», аповесць В. Быкава «Знак бяды»). Можа таксама знаходзіць месца ў творах момант пэўнага расцягвання, затрымлівання руху часу, што звязана з хранікальнай разгорнутасцю, панарамнасцю адлюстравання, бытавой дэталізацыяй сцэн і карцін. Адзін з прыкладаў – вядомы ваенны цыкл раманаў І. Чыгрынава.

Пэўнай спецыфікай валодае кампазіцыя вершаваных (лірычных) твораў, якая «ўключае ў сябе размеркаванне рытміка-меладычных адпаведнікаў, радкоў, строф, а таксама назву твора, эпіграфы, прысвячэнні». Вучонымі вылучаюцца наступныя разнавіднасці лірычнай кампазіцыі: амебейная, анафарыстычная, кальцавая, ланцужковая і некат. інш.

Для некаторых традыцыйных жанраў з’яўляюцца характэрнымі кампазіцыйныя каноны (трайныя паўторы і шчаслівая развязка ў казках; абавязковае пяціактнае чляненне п’ес на працягу некалькіх стагоддзяў у еўрапейскай драматургіі ў выніку адштурхоўвання ад антычных узораў; і г. д.).

Даследчыкамі літаратуры даволі часта і ў тэарэтычных працах, і непасрэдна пры аналізе канкрэтных твораў прымяняюцца словазлучэнні-паняцці «мастацкасць кампазіцыі» і «змястоўнасць кампазіцыі». Мастацкасць кампазіцыі ўказвае на яе «жыццёвую пераканальнасць», што, «з аднаго боку, залежыць ад таго, у якой меры яна выцякае з самога жыцця, а з другога – ад таго, у якой меры яна матывавана характарамі».

Змястоўнасць кампазіцыі выяўляецца ў спалучэнні ў ёй «парадку са шматстайнасцю» (В. Халізеў), г. зн. наколькі пісьменніку ўдалося захаваць «нейкі гарманічны «баланс» паміж складанасцю пабудовы і – эканоміяй яе сродкаў у імя прастаты і яснасці».

На заканчэнне размовы аб кампазіцыі зазначым, што ў літаратуразнаўстве побач з тэрмінам «кампазіцыя» прымяняецца часам тэрмін архітэктоніка, пад якім падразумяваюць звычайна толькі знешнюю, вонкавую, бачную будову твора, г. зн. размяшчэнне і найбольш характэрныя асаблівасці спалучэння ў ім частак, раздзелаў, актаў, сцэн, строф і г. д.


Спіс выкарыстаных крыніц

1. Введение в литературоведение / Под. ред. Г.Н. Поспелова – 2-е изд., доп.– М., 1983.

2. Есин А.Б. Стиль // Введение в литературоведение. Литературное произведение: Основные понятия и термины / Под ред. Л.В. Чернец.– М., 2000.

3. Добин Е. Сюжет и действительность. Искусство детали.– Л., 1981.

4. Лазарук М.А., Ленсу А.Я. Уводзіны ў літаратуразнаўства.– 2-е выд., дапрац. і дап.– Мн., 1982.

5. Пяткевіч А.М. Сюжэт, кампазіцыя, характар / Пяткевіч А.М. – Мн., 1981.

6. Пяткевіч А.М. Сюжэт; Сюжэтабудаванне // Энцыклапедыя літаратуры і мастацтва Беларусі: У 5 т.– Мн., 1987.– Т. 5.

7. Арнольд И.В. Текст и его компоненты как объект комплексного анализа / Арнольд И.В. – Л., 1986.

8. Поспелов Г.Н. Cтилистика // Литературный энциклопедический словарь / Под общ. ред. В.М. Кожевникова, П.А. Николаева.– М., 1987.

9. Тимофеев Л.И. Основы теории литературы.– 5-е изд., испр. и доп.– М., 1976.

10. Кожинов В.В. Сюжет, фабула, композиция // Теория литературы: Основные проблемы в историческом освещении.– М., 1964.– Кн. 2.

11. Томашевский Б.В. Теория литературы. Поэтика / Томашевский Б.В. – М., 2002.

12. Галанов Б. Живопись словом. Портрет, пейзаж, вещь / Галанов Б. – М., 1974.

13. Уэллек Р. Теория литературы / Уэллек Р., Уоррен О. – М., 1978.

14. Суслова Н.В., Усольцева Т.Н. Время в литературе; Пространство художественное; Хронотоп // Суслова Н.В., Усольцева Т.Н. Новейший литературоведческий словарь-справочник для ученика и учителя.– Мозырь, 2003.

15. Эльсберг Я. Стиль // Словарь литературоведческих терминов / Редакторы-составители Л.И. Тимофеев и С.В. Тураев.– М., 1974.

16. Яскевіч А.С. Стыль у літаратуры // Энцыклапедыя літаратуры і мастацтва Беларусі: У 5 т.– Мн., 1987.– Т. 5.


Информация о работе «Кампаненты-складнікі змястоўнай формы твора»
Раздел: Зарубежная литература
Количество знаков с пробелами: 51925
Количество таблиц: 0
Количество изображений: 0

Похожие работы

Скачать
27793
0
0

... і. 2.2 Пафас, яго разнавіднасці Уласна змястоўны пласт твора характарызуе таксама яго пафас (ад ст.-грэч. pathos – пачуццё, натхненне, жарсць). Пафасам называецца «ідэйна-эмацыянальная накіраванасць літаратурнага твора, што вызначае спецыфіку мастацкага зместу ў сукупнасці ўсіх яго кампанентаў». Наогул гэта «пачуццё, жарсць, якія ўклаў у сваё тварэнне аўтар і якімі ён хацеў бы натхніць ...

Скачать
57116
2
0

... плённа ўзаемадзейныя тэндэнцыі мастацкай вобразнасці". Акрамя мастацкага вымыслу ёсць яшчэ адно паняцце, без усведамлення якога нельга глыбока і па-сапраўднаму разабрацца ў сутнасці і спецыфіцы мастацкага вобраза, ва ўсякім разе, найбольш распаўсюджанага вобраза ў мастацтве - рэалістычнага. Гэта паняцце тыповага (тыпізацыі). Слова "тып" (тыповае) выкарыстоўваецца ў дачыненні да мастацтва ў двух ...

Скачать
44962
0
0

... асобных жанрах публітыстычнага). Асаблівасці жывога, вуснага маўлення вызначаюць у большасці асаблівасці размоўнага стылю, для якога характэрна нязмушанасць, суб'ектыўнасць, дыялагічнасць і эмацыянальнасць. белоруская мова культура вымаўлення 7. Асноўныя нормы беларускага літаратурнага вымаўлення Каб трывала авалодаць арфаэпічнымі нормамі, трэба не толькі ўмець дакладна вымаўляць гукі, з якіх ...

Скачать
13048
0
0

чарадзейныя казкі і сацыяльна - бытавыя. Казкі пра жывёл лічацца найбольш старажытнымі па паходжанні, змястоўнай сутнасцю сваёй яны ўзыходзяць яшчэ да такіх ранніх форм першабытнага светапогляду, як анімізм (адушаўленне) і антрапамарфізм (ачалавечванне). Трэба бачыць у іх таксама і далёкія водгукі татэмізму - адной з самых старажытных рэлігій чалавецтва, сутнасць якой складала вера ў татэма - ...

0 комментариев


Наверх