2. Пятрусь Броўка

Пётр Усцінавіч Броўка нарадзіўся 12 (25) чэрвеня 1905 г. у вёсцы Пуцілкавічы (зараз Ушацкі раён Віцебскай вобласці) у сялянскай сям'і. Вельмі рана прылучыўся да актыўнай грамадскай дзейнасці – трынаццацігадовым падлеткам ён ужо працуе ў валасным камісарыяце, затым – справаводам у валвыканкаме, рахункаводам у саўгасе. У 18 гадоў будучы паэт становіцца сакратаром камсамольскай ячэйкі, а праз год – старшынёй сельсавета. Захоплены няўрымслівым вірам жыцця, юнак стараецца перадаць свае адчуванні літаратурным словам – дасылае допісы, карэспандэнцыі, вершы ў акруговую газету «Чырвоная Полаччына», дзе яны і былі ўпершыню надрукаваны ў 1926 г. П. Броўка быў на камсамольскай працы ў Полацку, вучыўся ў БДУ, у гады вайны працаваў у армейскім друку. Страшэнным ударам для паэта сталася смерць маці ў Асвенціме. Радасна, як і ўсе савецкія людзі, сустрэў паэт Перамогу. Працяглы час П. Броўка быў старшынёй праўлення Саюза пісьменнікаў Беларусі, шмат намаганняў прыкладаў для адкрыцця выдавецтва «Беларуская Савецкая Энцыклапедыя». Менавіта пад яго кіраўніцтвам выйшла ў свет шматтомная Беларуская Савецкая Энцыклапедыя ў дванаццаці тамах. Ён падтрымаў многіх маладых аўтараў, што ўваходзілі ў літаратуру пасляваеннага часу. Вечна заклапочаны, спагадлівы, адстойваў правы літаратараў па нармальнае жыццё, клапаціўся пра жыллёвыя ўмовы і матэрыяльны дабрабыт сваіх калег. П. Броўка – лаўрэат Ленінскай прэміі за кнігу паэзіі «А дні ідуць...» (1962), лаўрэат Дзяржаўных прэмій СССР і БССР, Герой Сацыялістычнай Працы, акадэмік АН Беларусі, дэпутат Вярхоўнага Савета СССР і БССР, заслужаны дзеяч навукі БССР, Ганаровы грамадзянін Мінска.

Станаўленне творчай індывідуальнасці П. Броўкі прыпадае на даваенны час, калі, з аднаго боку, у народзе мроіліся надзеі на шчаслівае жыццё, а з другога – паступова ішоў працэс абясцэньвання ранейшых каштоўнасцей. Барабанны грукат уяўных перамог і дасягненняў перакрываў стогн і плач ахвяраў сталіншчыны.

У даваенны час убачылі свет наступныя паэтычныя зборнікі П. Броўкі: «Гады, як шторм», «Прамова фактамі» (абодва – 1930), «Цэхавыя будні» (1931), «Прыход героя» (1935), «Вясна радзімы» (1937), «Шляхамі баравымі» (1940). У сваіх творах паэт усхваляе святочна-пыпшую прыроду, не менш святочныя працоўныя будні, захапляецца героікай жыцця, перадае яго напружаны рытм, паэтызуе ўласную і свайго пакалення прылучанасць да перабудовы свету. Пры наяўнасці пэўных індывідуальных рыс, асабістых інтанацый у лірыцы паэта, асабліва канца 1920-х – першай паловы 1930-х гг., занадта шмат агульнага, дэкларатыўнага. Дадзенай якасцю пазначаны такія вершы П. Броўкі, як «Наперад маладых» (1928), «Дарагое», «На новыя мы сталі рубяжы» (абодва – 1929), «Гады, як шторм», «Вясновая размова» (абодва – 1930), «Зямля» (1931), і нават хрэстаматыйны, поўны светлай і надзвычай узнёслай радасці верш «Радзіме» (1934). Разам з тым паэт імкнуўся пераадолець агульнае і зблізіцца з канкрэтнай рэчаіснасцю. Так, у праграмным вершы «Не буду я стаяць на раздарожжы...» (1926), які адпавядаў сваім агульным настроем духу таго часу асуджаць смутак і асабістыя перажыванні, ёсць зварот да ўласнага душэўнага стану. Тут назіраецца эмацыянальная сувязь уласнага і грамадскага:

Усход успыхнуў ясны і прыгожы,

Сплылі далёка моракі начы,

Не буду я стаяць на раздарожжы,

Вачамі смутнымі глядзець удалячынь.

У вершах П. Броўкі сярэдзіны – другой паловы 1930-х гг. больш душэўнай самааддачы, непасрэднасці і шчырасці лірычнага перажывання, імкнення за знешнім, на першы погляд дробязным, убачыць нешта істотнае, характэрнае. Найбольш цікавыя і арыгінальныя лірычныя творы П. Броўкі гэтага перыяду – «Садоўнік», «Дзед Тарас», «Канец лета» (усе – 1935), «На полі першая раса» (1936), «Бор», «Паляванне», «Мяцеліца», «Дождж», «Крыніца», «Мы з табой хадзілі часта ў поле...», «Сустрэча» (усе – 1940).

У даваеннай лірыцы П. Броўкі ёсць шэраг вершаў-прысвячэнняў сваім калегам па пяру: «Памяці Паўлюка Труса», «Якубу Коласу» (1936), «Пятру Глебку» (1940), «Янку Купалу».

Вершы П. Броўкі, напісаныя ў першыя дні і месяцы вайны, як і творы іншых паэтаў, поўняцца заклікамі да барацьбы і помсты. Захопнікі імянуюцца самымі знішчальнымі метафарычнымі азначэннямі: «звяры», «драпежнікі шалёныя», «вырадкі-псы», «падлюгі». У такім прыёме таксама захаваны падтэкставы заклік да бескампраміснага бою: калі ворагі – гэта нелюдзі, то і знішчаць іх трэба без усялякага шкадавання («Маці, «Пісьмо землякам», «Дрыжыце, падлюгі-фашысты», «Помста» (усе – 1941). Упэўненасцю ў хуткае вяртанне ў родныя мясціны поўніцца верш паэта «Байцам-беларусам» (1943), у якім арганічна знітаваны лёс воіна, салдата і лёс усяго народа. Асноўная ідэя вынікае з радкоў, дзе гаворыцца, што герой нават са страчаным зрокам абыдзе паўсвета, але знойдзе шлях у родны свой край.

Паэт у вайну яшчэ больш рашуча і натуральна пачаў пазбаўляцца ў сваёй творчасці рысаў напышлівага рытарызму і апісальнасці, у яго творах паглыбілася трагедыйнае адчуванне жыцця, вылучаецца на першы план душэўнае перажыванне вялікай народнай бяды. Спецыфіка яго творчасці 1941–1945 гг. – у захапленні жанрам балады, у якім сінтэзуюцца адзнакі эпасу, лірыкі і драмы, гераічны і трагедыйны пафас. У такіх сваіх баладах, як «Партызан Бумажкоў», «Пастух» (абедзве – 1941), «Дахаты» (1942), «Надзя-Надзейка», «Кастусь Каліноўскі», «Магіла байца» (усе – 1943) П. Броўка таленавіта выкарыстаў набыткі і дасягненні фальклору, здолеў арганічна ўжыцца ў сістэму фальклорных слоўна-выяўленчых сродкаў і трапна перадаць своеасаблівасць мыслення беларускага народа, якое грунтуецца на заўсёднай веры ў канчатковую перамогу сіл дабра над сіламі зла.

Многія лірычныя вершы П. Броўкі ваеннага часу поўняцца верай у хуткае вяртанне воінаў да сваёй былой мірнай працы. Тэма гэта асабліва выразна загучада ў вершах, напісаных у 1945 г. Адзін з іх з характэрнай назвай «Возьмем сеўні!..» поўны радасці вяртання да зямлі і працы, выяўляе патрыятычны, светлы настрой героя, яго ўзрушанасць. Як часта бывае ў творах Броўкі, і тут прырода ажывае, прымае актыўны ўдзел у дзеянні, стварае агульную ўрачыстую атмасферу:

Грайце ж вы, вятры-гарністы,

Шмат герояў стрэнуць хаты,

Зернем чыстым,

Зернем чыстым

Загудзіць наш край багата.

Лепшымі пасляваеннымі лірычнымі творамі П. Броўкі з’яўляюцца «Помнік» (1946), «Шпак» і «Дзяўчына з Палесся» (абодва – 1947), «Ківач» (1948), «Сонца грэе» (1949). У іх сцвярджаецца гуманістычная думка пра тое, што народныя ахвяры ў гады вайны – залог лепшага, мірнага жыцця, што чалавечая праца – аснова існавання, паэтызуецца радасць паяднання чалавека з прыродай. Броўка імкнецца пераадолець дэкларатыўнасць і агульшчыну, якія прынеслі столькі шкоды пасляваеннай літаратуры.

Апошнія два з паловай дзесяцігоддзі склалі ў творчасці паэта якасна новы этап, які засведчыў паглыбленне ідэйна-тэматычных асноў яго паэзіі. Шматграннай і ў жанравых адносінах становіцца паэзія сталага П. Броўкі. Паэт здолеў узняцца да знітавання трох часавых вымярэнняў, надаўшы тым самым сваёй творчасці адзнакі маштабнасці і філасафічнасці. З другой паловы 50-х гадоў яго творчасць стала болып даверлівай і шчырай, яшчэ больш рашуча пазбавілася штучнай напышлівасці і афектацыі. Броўка працуе з вялікай творчай аддачай, натхнёна. Адзін за адным выходзяць зборнікі вершаў «Пахне чабор» (1959), «Не пытайся пра гэта...» (1959), «Далёка ад дому» (1960), «Высокія хвалі» (1962), «Між чырвоных рабін» (1969), «Калі ласка» (1972), «I ўдзень і ўночы...» (1974), «Што сэрца праспявала» (1979). Талент паэта к гэтаму часу набыў адзнакі сапраўднага лірызму. Вельмі характэрныя для новага перыяду творчасці П. Броўкі вершы «Сэрца», «Як ліст дубовы...» (абодва – 1956), «Праца», «Журавы», «Пахне чабор...» (усе – 1957). Кожны з іх уяўляе сабой усхваляваны лірычны маналог, прасякнуты роздумам над праблемамі жыцця. Голас аўтара гучыць даверліва і шчыра. Броўка не збіваецца на рыторыку, канстатацыю фактаў, яму важней разабрацца ў гаме складаных унутраных перажыванняў, суаднесеных з трывогамі эпохі.

У творчай біяграфіі П. Броўкі нямала вершаў, прысвечаных праблемам літаратуры, якія з'яўляюцца эстэтычным крэда («Паэзія», «Аб крытыцы», абодва – 1958; «Родныя словы», 1959; «Ля помніка Райнісу», 1960; «Я любіў за ўсё найболей...», 1962; «Усё апісалі паэты», 1963; «Слава», «Радок габлюеш і стругаеш...», абодва – 1964; «Вось узялі, падсумавалі...», 1965; «Ну я, вядома, не герой...», «Паэт, часоў сваіх дазорца...», «Спачатку выблісне жаданне...», усе – 1967; «Калі ты ўдала дзень пачнеш...», 1970; «Першы верш», 1971; «Паэт паэзіі вянкі...», 1972; «Відаць, што доля ўжо такая...», 1974; «Калі з яе глыбінь напіцца...», 1975). Ад жадання вызначыць у чалавеку самае істотнае і характэрнае, раскрыць яго вялікія духоўныя магчымасці, набыткі, паказаць яго высакародства, уменне ахвяраваць сабою ў імя вышэйшай ісціны ідзе аўтарская павышана-эмацыянальная самаацэнка, аўтарскі неаслабны зварот да перадачы сваіх унутраных перажыванняў. Адсюль шматлікія ў П. Броўкі вершы-паверкі, што складаюць большасць напісанага ў 60–70-я гады. Сярод іх вылучаюцца такія творы, як «Вернасць» (1967), «Наперакор» (1968), «Люблю начысціню размовы...», «I нехта ўспомніць пра мяне», «Як той перадатчык...» (усе – 1969), «Мне да ўсяго сягоння справа...» (1970), «Зялёным полымем шугае...» (1971), «Людское сэрца», «Дабро» (абодва – 1972), «Роздум» (1973), «Споведзь сабе самому» (1975). Пазіцыя аўтара ў іх актыўная, бескампрамісная, адкрытая падзеям веку. Душа паэта поўніцца клопатамі і перажываннямі пра ўвесь свет. Паэт застаеца максімалістам у выяўленні сваіх пачуццяў, як і ў даваенныя гады. Адсюль вынікаюць такія паэтычныя формулы, як «усё, што поўна, сэрцу люба»; «мне да ўсяго сягоння справа», «не меў спакойнага жыцця».

Адмаўляючыся ад ілюстрацыйнага паказу чалавека і акаляючага жыцця, ад аблегчанага погляду на свет, паэт адчуваў неабходнасць аналітызму, філасофскай засяроджанасці на распрацоўцы важнейшых праблем чалавечага быцця. Адсюль яшчэ адна асаблівасць яго позняй лірыкі – філасафічнасць. Позні Броўка валодае цудоўным уменнем «у кроплі бачыць цэлы свет». У вершах філасофскага плана «***А ўсё яно ідзе з малога...» (1967), «Усё жыццё – адно імгненне...», «***Мы на зямлі сваёй шукаем...», «***Наперад – промень праз морак рання...» (усе – 1969), «Хваляванне» (1970), «Натура ўжо, відаць, такая...» (1975) паэт узвышае вечны абавязак чалавека хвалявацца і непакоіцца, шукаць праўду і дабро.

П. Броўка – аўтар больш дзесятка паэм.

З ліра-эпасу П. Броўкі даваеннага часу («Цэхавыя будні» (1930), «Прамова фактамі», 1930; «Праз горы і стэп», 1932; «1914», 1933; «Кацярына», 1938) вылучаецца паэма «Праз горы і стэп». Яна прысвечана грамадзянскай вайне. На гэтую тэму ў 20-я і 30-я гады з'яўлялася шмат твораў рознага жанравага ўвасаблення. Аднак большасць з іх – мажорныя па танальнасці, з плакатнай, аднабаковай паэтызацыяй гераізму. Паэма П. Броўкі ў літаратуры 30-х гадоў вызначаецца праўдзівым паказам вайны з усімі яе жахамі і трагедыямі. Пры савецкай уладзе хрэстаматыйным творам лічылася паэма «Кацярына», пабудаваная на распаўсюджаным, але даволі схематычным сюжэце ўзыходжання сумленнага чалавека-працаўніка да вышынь грамадскага прызнання і славы, хоць вобразна-стылявое майстэрства ў паэме даволі высокае. Цялятніцу Кацярыну выклікалі ў Маскву на нараду, дзе яна выступала з прамовай. Яе ўзнагародзілі высокім ордэнам, а калі яна вярнулася дамоў, яе чакаў сюрпрыз. На месцы старой хаты-развалюхі стаяў «новы пяцісценны дом». Даволі абстрактнай, агульнай па задуме была і незакончаная паэма «Прамова фактамі» – пра выспяванне рэвалюцыйных падзей у краіне, пра барацьбу народа за сацыяльнае вызваленне. Такія ж недахопы ўласцівыя і паэме – «Цэхавыя будні».

У гады вайны пошукі П. Броўкі ў паэтычным эпасе ішлі паралельна з пошукамі ў лірыцы і былі даволі плённыя. За гэты час ім напісаны «Паэма пра Смалячкова» (1942), «Беларусь» (1943), «Ясны кут» (1944), «Паланянка» (1945). Агульнае для ўсіх іх – патрыятычны пафас, вера ў гарманічны пачатак жыцця, сыноўняя любоў да Радзімы. Але ў адным выпадку гэтая любоў выказана ў мажорным тоне і бярэцца ў строгія рамкі кантаты, урачыстай сімфоніі (паэма-кантата «Беларусь»), у другім – у элегічнай форме, праз паказ сумнай, трагедыйнай гісторыі (лірычная паэма «Ясны кут»), у трэцім – гэтыя дзве формы арганічна пераплятаюцца («Паэма пра Смалячкова»). Жанравая шматграннасць паэм П. Броўкі сведчыць пра пастаянныя пошукі ім формы, найбольш прыдатнай для выражэння гераічнага зместу трагічнай эпохі, пра яго глыбокае разуменне задач літаратурнай творчасці ў гэты час.

«Паэма пра Смалячкова», заснаваная на дакументальным матэрыяле, апавядае пра звычайнага беларускага юнака, які на вайне становіцца героем. П. Броўка ўзводзіць апісанне на ўзровень рамантычнай легенды, паэтычнага рэквіема. Пачынаецца паэма запеўкай пра асілка «з зоркімі вачыма», які прайшоў «праз полымя боек у жоўтыя дні лістапада», «гадзінамі стыў на марозе, схаваны між гурб снегавых» і, нарэшце, «паў, разганяючы хмары, бліснуўшы маланкай між іх». Пасля рамантычнага ўступу ідзе апісанне жыцця Федзі Смалячкова, паказваецца яго ўзмужненне і станаўленне як асобы. Нялёгкі франтавы шлях героя, яго смерць у суровую завейную зіму апісаны рамантычнымі, яркімі фарбамі, у стылі быліннай фальклорнай творчасці:

Журботна схіліўшы галовы,

Пра Федзю раскажуць бары.

Сустрэнуць народ, у якога узяў ён арліныя крыллі,

Пазнаюць, чаму ён асілак і зоркія вочы чаму,

Якая зямля ўзгадавала, якія крыніцы паілі,

Якія дубровы спявалі ваяцкую песню яму.

Аўтар уводзіць у тканіну твора і пейзажныя замалёўкі, асабліва выразныя ў другім раздзеле паэмы.

У паэме-кантаце «Беларусь» П. Броўка стварыў паэтычны вобраз краіны – не заняволенай палонніцы, а грознай паўстанкі, што ўзнялася на барацьбу з ненавісным ворагам. Краіна гэтая мае сваю велічную спадчыну, сваю прыроду і непаўторную гісторыю. Як яблыкі, падаюць начамі яе зоры, плывуць, «як аблітыя сонцам чаўны», быліны былога, старыя паданні. І спадчыну гэтую, і святую прыгажосць рашуча і мужна бароняць «непахісныя ў бойцы сыны». Паступова аўтар пераходзіць да паказу гістарычных старонак усенароднай барацьбы, яркіх і непаўторных эпізодаў яе, да адлюстравання народнага подзвігу. Паэт стварае шырокае эпічнае палатно, стараецца засяродзіць увагу чытача на тых старонках гісторыі, якія сталіся вытокам гераічнай сучаснай рэчаіснасці. Голас аўтара гучыць надзвычай урачыста, і ўрачыстасць гэтую ствараюць гіпербалічныя вобразы, шматлікія эмацыянальна насычаныя рамантычным настроем эпітэты, асвечаныя такімі непадробнымі і яскравымі вобразамі-дэталямі, як «граі-вяснянкі», «звон вясёлак», «гуслі вятроў». Саму Радзіму паэт параўноўвае з паэмай, якая складзена «з бурштынавых слоў». Неад'емнай рысай паэмы «Беларусь» з'яўляецца шырыня аўтарскага гістарычнага мыслення. Паэт імкнецца спалучыць ваенныя падзеі і далёкія мінулыя часы, вывесці сутнасць подзвігу, галоўныя рысы характару беларусаў са старадаўніх традыцый. Хоць і даволі адналінейна, у гарызантальнай праекцыі, але раскрывае ён повязь нашагага часу з часамі мінулымі. Паэт прыгадвае найбольш кульмінацыйныя ўзвышэнні нацыянальнай гісторыі – змаганне беларусаў сумесна з братамі-славянамі супраць псоў-крыжакоў пад Груннальдам і на Чудскім возеры, подзвігі Вашчылы, Хвясько і Каліноўскага, апавядае пра першадрукара Францішка Скарыну і пра ваайну з Напалеонам, пра падзеі Кастрычніка і мірную даваенную працу. Паэма прасякнута адной цэнтральнай ідэяй – народ беларускі ніколі не скараўся і не скорыцца чужынцам. У паэме таксама выразна выяўляецца сувязь з фальклорам. Яна – і ў гераізацыі падзей і герояў у форме быліннага ды песеннага стыляў, і ў пастаянным імкненні выкарыстаць фальклорныя сродкі мастацкай выразнасці: «палі-бары», «не рэкі гамоняць, а зброя звініць», «гэта ж не вецер, а смерці музыка», «як ветры тужылі, як рэкі рыдалі», «чорныя варожыя косці», «бор грозны», «шаўковая зара».

Паэмы «Ясны кут» і «Паланянка» шмат у чым канкрэтызуюць абагульнена-філасофскі роздум паэта, што выявіўся ў паэме «Беларусь». Яны маюць просты сюжэт, але грунтуюцца на перадачы складаных і драматычных гісторый, што адбыліся на акупаванай фашыстамі тэрыторыі. Найбольш значнай і дасканалай з'яўляецца першая паэма – пра далучэнне былых франтавікоў да стваральнай працы. Яна прасякнута глыбокім пачуццём гуманізму, любові да роднага краю, да блізкіх, што ў суровы час вынеслі столькі пакут. Герой паэмы – былы салдат – вяртаецца ў родныя мясціны, да пасаджанага да вайны клёна, які ён яшчэ ў мірны час разам з сынам прынёс з лесу. Гэты клён праз усю вайну быў для салдата радасным успамінам-сімвалам радзімы, роднага дома, асабістага шчасця, які дапамог яму выжыць. I вось ён вярнуўся, а клёна – няма. Няма і сына. Няма яго маці. А вакол віруе вясна, правісае над галавой «сіняе неба, як шкло», бруяцца «крыніцы, як срэбра». Ды вочы салдата не бачаць гэтай вечнай прыгажосці – іх засцілае туман горычы, бяды, перад ім – спаленая вёска, мёртвае папялішча.

Лепшы твор П. Броўкі пасляваеннага дзесяцігоддзя – паэма «Хлеб» (1946). Тэма працы – цэнтральная ў паэме. Лірычная, рамантычна-ўзнёслая інтэрпрэтацыя яе дыктуе адпаведныя мастацкія сродкі. Голас паэта гучыць то на высокай хвалі публіцыстычнасці, то становіцца прачула-інтымным. Паэма «Хлеб» выяўляе пачуцці, настрой і самога аўтара, які зусім нядаўна скінуў з плеч вайсковы шынель, і лірычнага героя, які праз усю вайну пранёс затоены сум і смутак па хлебаробскай працы. У пасляваенны перыяд П. Броўкам напісаны таксама паэмы «Родныя берагі» (1948) і «Чырвон-Гарадок» (1950)

У апошнія два з паловай дзесяцігоддзі сваёй творчай дзейнасці П. Броўка напісаў такія паэмы, як «Заўсёды з Леніным» (1956), «Голас сэрца» (1960) (першая публікацыя пад назвай «Маўчаць не магу я...»); «Кірыл Пракопавіч» (1964), «Дума аб бессмяротнасці» (1970), «Марат Казей» (1976).

Сярод іх па сіле лірычнага перажывання, высокасці грамадзянскіх пачуццяў вылучаецца паэма «Голас сэрца», прысвечаная памяці паэтавай маці, якая загінула ад рук фашыстаў у Асвенціме, арыштананая за сувязь з партызанамі. Паэма напісана на адным дыханні, «ад душы», што і перадвызначыла яе жанравую адметнасць – лірычная споведзь з эпічнымі ўстаўкамі, а таксама кампазіцыю – свабодную, якая дапускае чаргаванне розных па часе падзей і эпізодаў, апісальных і спавядальных частак. Акрамя гэтага, на ўсхваляванасць, узрушанасць інтанацыі «працуюць» і рытміка-інтанацыйныя асаблівасці, абумоўленыя спецыфікай паэтычнага сінтаксісу, словаўжывання. Радкі ў творы як бы наплываюць адзін на адзін, узнёслыя і ў адначассе трагедыйныя па свайму зместу. Дактылічны вершаваны памер, сумежная рыфмоўка, шматлікія паўзы ствараюць напружаную інтанацыю, якая высвечвае трывожную душэўную настроенасць паэта. Такім чынам, пачаўшыся з апісання асабістай трагедыі, асабістай невымернай страты, паэма ператвараецца ў палымяны заклік да барацьбы за «мір ва ўсім свеце».

Спрабаваў свае творчыя сілы П. Броўка і ў прозе.

Жыццю вёскі ў часы калектывізацыі прысвечана аповесць «Каландры» (Каландры – машына, што складаецца з сістэмы валоў, паміж якімі прапускаецца тканіна, папера або гума, каб надаць ім глянцавітасць, гладкасць ці атрымаць лісты, пласціны) (1931). Пісьменнік выбраў традыцыйны канфлікт, абумоўлены паказам дзейнасці «шкоднікаў», «шпіёнаў», У сувязі з чым і вызначаюцца недахопы твора – ілюстрацыйнасць, апісальнасць, акцэнтацыя ўвагі чытача на вытворчых сцэнах, а не на псіхалагічных характарыстыках герояў.

У пасляваенныя гады П. Броўка працуе над раманам «Калі зліваюцца рэкі» (1952–1956). Твор гэты быў станоўча ацэнены крытыкай за сучаснасць тэматыкі. У цэнтры ўвагі пісьменніка – аднаўленчая праца, будаўніцтва гідраэлектрастанцыі на возеры Дрысвяты трыма калгасамі-суседзямі: беларускім, літоўскім і латышскім. Такім чынам, гэты раман з’яўляўся своеасаблівым водгукам на распаўсюджаны ў савецкі час лозунг «дружбы народаў». У прозе П. Броўка застаецца, аднак, паэтам, лірыкам. Бадай, адны толькі лірычныя сцэны і аказаліся найбольш мастацкімі: малюнкі беларускай прыроды, побытавыя сітуацыі. Больш-менш удаліся і рамантызаваныя характары Алеся Іванюты, яго маці Агаты, Анежкі. У рамане, як і ў многіх творах савецкіх пісьменнікаў таго часу, аблегчана паказана суровае, гаротнае жыццё, не раскрыта складанасць пасляваеннай явы, не зроблена спроба разабрацца ў прычынах той драмы, якую перажываў народ-пераможца.

Відаць, самымі ўдалымі ў празаічных спробах П. Броўкі з’яўляюцца яго апавяданні, такія як «Пачатак» (1960), «Спакуса» (1971), «Разам з камісарам», «З драўляным сажнем», «Перапыненая вечарынка», «Вінчэстэр», «Анэтка» (1972), «Кантрабандысты» (1974), «Чырвоны аловак», «Зайздрасць і заспакаенне» (абодва – 1973); аповесць «Донька-Даніэль» (1972). Свой зборнік прозы «Разам з камісарам» (1974) па назве аднайменнага апавядання П. Броўка спачатку хацеў назваць «Вяртанне ў юнацтва». Гэтыя творы наскрозь прасякнутыя жыццярадасным настроем, напоўнены гумарам, гуманістычныя па зместу. У іх простая кампазіцыя, у іх аснове – маральна-этычная праблематыка. I мова твораў каларытная, блізкая да жывой гутарковай. Шмат дабрыні ў іх змесце. У аснове кожнага апавядання – канкрэтныя жыццёвыя выпадкі і эпізоды. Аўтар добра ведае вясковае жыццё і ўдала перадае яго непаўторны каларыт.


Спіс выкарыстаных крыніц

лынькоў броўка твор пісьменнік

1. Мішчанчук М.І. Пятрусь Броўка // Гісторыя беларускай літаратуры ХХ стагоддзя: У 4 т. Т. 2. – Мн., 1999. С. 413-453.

2. Броўка П. Зб. тв.: У 7 т. – Мн., 1975-1978. Т. 1-7.

3. Каваленка В.А. Міхась Лынькоў // Гісторыя беларускай літаратуры ХХ стагоддзя: У 4 т. Т. 2. – Мн., 1999. С. 370-412.

4. Лынькоў М. Зб. тв.: У 8 т. – Мн., 1981-1985. Т. 1-8.

5. Чыгрын І.П. // Беларускія пісьменнікі: Біябібліяграфічны слоўнік: У 6 т. – Мн., 1993.


Информация о работе «Міхась Лынькоў i Пятрусь Броўка як адны з самых выдатных творчых постацей у літаратурным працэсе Беларусі савецкага часу»
Раздел: Зарубежная литература
Количество знаков с пробелами: 46272
Количество таблиц: 0
Количество изображений: 0

Похожие работы

Скачать
66539
0
0

... таратуры. Раман «Салаўі святога Палікара» – узор поліфанічнай прозы, адзіны ў сваім родзе ў літаратуры 30-х гадоў. александровіч паэма проза драматургія 3. Драматургія 1930-х гадоў Стан развіцця беларускай драматургіі на пачатку 30-х гадоў тагачасная крытыка ацэньвала ў цэлым станоўча. Як прынцыпова творчая перамога пракламавалася з'яўленне п'ес з індустрыяльнай тэматыкай. Хваліліся творы за ...

0 комментариев


Наверх