1. Эканомія моўных сродкаў, лаканічнасць выкладання пры інфарматыўнай насычанасці.
2. Адбор моўных сродкаў з устаноўкай на іх даходлівасць. Асновай лексікі з’яўляецца нейтральная і кніжная. Значную яе частку складае грамадска-палітычная, а таксама разнастайныя тэрміны, якія часта пераасэнсоўваюцца для патрэб публіцыстыкі (манеўры дыпламатыі, сяброўская атмасфера).
3. Выкарыстанне моўных стэрэатыпаў, клішэ. Гэта спрыяе эканоміі намаганняў і часу, з’яўляецца палёгкай для камунікацыі. Аднак іншы раз клішэ пераўтвараюцца ў штампы і губляюць сваю першапачатковую вобразнасць (працаўнікі палёў, людзі ў белых халатах, белае золата). Асноўнай прычынай пераўтварэння сродкаў у клішэ з’яўляецца стандартызацыя, частая паўтараемасць вобразнага сродку з-за недастатковай маўленчай культуры журналістаў (пастаянная прапіска).
4. Жанравая разнастайнасць і звязаная з гэтым разнастайнасць стылістычнага выкарыстання моўных сродкаў: мнагазначнасці слова, эмацыянальна-экспрэсіўнай лексікі, рэсурсаў словаўтварэння (аўтарскія неалагізмы).
5. Сумяшчэнне рыс публіцыстычнага стылю з рысамі іншых стыляў (навуковым, афіцыйна-дзелавым, мастацкім, размоўным).
6. Выкарыстанне вобразна-выяўленчых сродкаў мовы, у прыватнасці сродкаў стылістычнага сінтаксісу (рытарычнае пытанне, паралелізм будовы, паўторы, інерсія). Шырокае ўжыванне ў ім ацэначных слоў, прыказак, прымавак, афарызмаў.
Паколькі публіцыстычнае маўленне звернута да шматлікай аўдыторыяй, яно павінна быць правільным, у ім не павінна быць дыялектызмаў, вузкаспецыяльных тэрмінаў, вялікай колькасці запазычаных слоў.
Марфалогія публіцыстычнага стылю не дае яркіх узораў стылістычнай замацаванасці. У ім шырока выракыстоўваюцца аддзеяслоўныя назоўнікі, іншамоўныя суфіксы. Прыватнай асаблівасцю публіцыстычнага стылю з’яўляецца выкарыстанне назоўнікаў у форме множнага ліку, якія не абазначаюць колькасць: пошукі, перагаворы, улады, часта выкарыстоўваюцца інфінітывы, дзеясловы загаднага ладу.
Сінтаксіс, у асноўным кніжны, са складанымі разгорнутымі канструкцыямі, іншы раз выкарыстоўваюцца элементы размоўнага сінтаксісу – эліпсіс – бездзеяслоўныя фразы: Наш дэвіз – якасць. Часта сустракаюцца намінатыўныя сказы, далучальныя канструкцыі, парцэляцыя, якая заключаецца ў чляненні сказаў, пры якой змест выказвання рэалізуецца не ў адной, а ў другой ці некалькіх інтанацыйна-сэнсавых маўленчых адзінках, размешчаных адна за другой пасля паўзы: Пасля абеду прыйшлі госці. Нечаканыя. Незапрошаныя.
Стыль мастацкай літаратуры. Мастацкі стыль абслугоўвае духоўную сферу жыцця грамадства, яго функцыя – эстэтычнае ўздзеянне на чытача праз мастацкія вобразы. Надзвычай складаным з’яўляецца пытанне аб вылучэнні лексікі, уласцівай для мастацкага стылю. У творах мастацкай літаратуры, разнастайнай у жанравых і тэматычных адносінах, выкарыстоўваюцца словы розных разрадаў і вызначыць сярод іх такія, што маюць своеасаблівую літаратурна-мастацкую афарбоўку, вельмі цяжка. Галоўная асаблівасць літаратурна-мастацкага стылю заключаецца ў тым, што ён, рэалізуючы функцыю ўздзеяння, выкарыстоўвае ўсе сродкі агульнанароднай мовы, калі гэта стылістычна апраўдана: усе пласты лексікі ва ўсёй разнастайнасці яе семантыкі, экспрэсіўных і функцыянальна-стылістычных адценняў (ад прастамоўя да высокай кніжнай), з усімі яе значэннямі – прамымі і пераноснымі, усю фразеалогію, амаль усе сродкі граматыкі і перш за ўсё – вялікую разнастайнасць сінтаксічных канструкцый, тыпаў сказаў. Пярэстасць моўных сродкаў у мастацкай літаратуры адчуваецца толькі ў тым выпадку, калі іх ужыванне немэтазгодна.
У літаратурна-мастацкім стылі выкарыстоўваюцца разнастайныя сродкі і нават цэлыя фрагменты іншых стыляў (навуковага, афіцыйна-дзелавога, публіцыстычнага), таму ён як бы ўбірае ў сябе шматвобразную гаму розных стылёвых афарбовак. Асабліва шырока прадстаўлены ў мастацкім стылі размоўны стыль, што абумоўлена самой структурай мастацкіх твораў, які шырока ўключае ў сябе форму дыялога, маналога і сказа. У мастацкім маўленні наглядаецца шырокая метафарычнасць, вобразнасць адзінак розных моўных узроўняў, выкарыстоўваюцца багатыя магчымасці сінанімікі, мнагазначнасці. Усе сродкі, у тым ліку нейтральныя, прызначаны служыць выражэнню сістэмы вобразаў, паэтычнай думкі мастака.
Мова мастацкай літаратуры як частка агульналітаратурнай мовы выходзіць за яе межы, адлюстроўваючы нелітаратурныя лексічныя элементы. Так, для стварэння мясцовага каларыту, моўнай характарыстыкі персанажаў, дасягнення экспрэсіі ў мастацкім стылі шырока выкарыстоўваюцца прафесіяналізмы, дыялектызмы, прастамоўная лексіка. Выкарыстанне нелітаратурных моўных сродкаў з’яўляецца функцыянальна абумоўленым і матываваным, стылістычна апраўданым. Аўтар выкарыстоўвае і патэнцыяльныя магчымасці мовы і стварае словы, якіх няма ў сучаснай мове, -- неалагізмы і аказіяналізмы.
Побач з магчымасцю і дапушчальнасцю выхаду за нормы і межы літаратурнай мовы (у асноўным у сферы лексікі і словаўтварэння), мова мастацкай літаратуры вылучаецца і строгай нарматыўнасцю, якая заключаецца ў патрабаванні высокай дакладнасці, дасканалай адабранасці слова, высокай пісьменнасці.
Мова мастацкай літаратуры – гэта мова мастацтва слова, галоўнай функцыяй якой з’яўляецца функцыя эстэтычная, хоць і камунікатыўная функцыя праяўляецца тут у поўнай меры. Мова мастацкай літаратуры аказвае вялікі ўплыў на развіццё літаратурнай мовы.
Такім чынам, найбольш важнымі асаблівасцямі літаратурна-мастацкага стылю выступаюць экспрэсіўнасць, эмацыянальнасць і вобразнасць. Гэтым тлумачыцца шырокае выкарыстанне ў мастацкім маўленні разнастайных вобразна-выяўленчых адзінак, якія павышаюць яго дзейснасць, дазваляюць падкрэсліваць своеасаблівасць прадметаў, выразіць індывідуальную, суб’ектыўную ацэнку, што адпавядае задачам паведамлення. Адзінкі, якія заснаваны на пераносным ужыванні, маюць агульную назву тропаў Уласна мастацкім лексічным сродкам з’яўляюцца паэтызмы, якім уласціва адценне ўрачыстасці, узнесласці, лірычнасці, хоць сустракаюцца яны не так і часта.
Эстэтычнай функцыяй і эстэтычнай матываванасцю мовы мастацкай літаратуры тлумачыцца і іншая норма мастацкай мовы, якая ставіць яе ў асаблівае становішча ў адносінах да іншых функцыянальных стыляў. Гэта недапушчальнасць стандарта, шаблона ў мове.
Такім чынам, асаблівасць мовы мастацкага стылю складаюць:
- Адзінства камунікатыўнай і эстэтычных функцый.
- Шматстылёвасць, г.зн. магчымасць уключэння элементаў іншых стыляў, а таксама вялікая разнастайнасць стыляў – індывідуальных, стыляў літаратурных школ і напрамкаў.
- Шырокае выкарыстанне вобразна-выяўленчых сродкаў.
- Праяўленне творчай індывідуальнасці аўтара.
Не ўсе названыя рысы з’яўляюцца спецыфічнай прыналежнасцю мастацкага стылю. Толькі эстэтычная функцыя поўнасцю належыць яму, астатнія ў большай ці меншай ступені сустракаюцца ў іншых стылях.
Размоўна-бытавы стыль. Размоўны стыль звязаны з выкананнем функцыі зносін. Ён самы распаўсюджаны з усіх функцыянальных стыляў, таму што абслугоўвае сферу бытавых зносін і выступае звычайна ў вуснай форме.
Вылучаюць два падстылі: размоўна-афіцыйны і ўласна размоўна-бытавы. Асаблівасцямі стылю выступаюць адсутнасць папярэдняга выказвання, а значыць папярэдняга адбору матэрыялу, натуральнасць, няпоўнаафармленасць структур, паўторы, устаўкі; тэндэнцыя да скарачэння маўлення, высокая ступень стандартызацыі і праяўленне індывідуальных рыс маўлення. Нормы свядома не ўстанаўліваюцца і не рэгламентуюцца.
Уласцівая размоўнай мове эканомія маўленчых сродкаў спараджаецца ўмовамі непасрэднай гутаркі, калі частка слоўнай інфармацыі замяняецца жэстамі, мімікай, асаблівай інтанацыяй: Та-а-к. Спра-а-авы, а таксама ўмовамі, у якіх адбываецца маўленне.
Супрацьлеглая якасць размоўнага маўлення – лішак, г.зн. поўнае або частковае паўтарэнне паведамленняў, выкарыстанне неэканомных сродкаў перадачы інфармацыі, якое ўзнікае як вынік непадрыхтаванасці.
Умовы зносін выяўляюць і такія супярэчлівыя рысы размоўнага маўлення, як высокая ступень стандартызацыі мовы, з аднаго боку, і праяўленне індывідуальных рысаў гаворачага – з другога.
Размоўнае маўлене служыць не толькі мэтам паведамлення, але і мэтам уздзеяння. Гэтая двухнакіраванасць выяўляе такія якасці размоўнага маўлення, як а) экспрэсіўнасць і эмацыянальнасць;
б) нагляднасць і вобразнасць;
в) сінанімічнае багацце, хоць ужыванне сінонімаў у размоўным стылі мае сваю спецыфіку. У звычайным паўсядзённым маўленні няма магчымасці надаваць належную ўвагу якасці маўлення – разнастаіць яго, ліквідаваць паўторы. Аднак імкненне да гэтага ёсць: Ты ўсё-такі вырашыла паступаць? – Так, надумала.
г) выкарыстанне вобразна-выяўленчых сродкаў (гіпербалы, літоты, параўнанні і г.д.).
Да лексічных асаблівасцей размоўнага стылю адносяць:
а) ужыванне размоўных слоў, якія надаюць маўленню адценне неафіцыйнасці, натуральнасці, фамільярнасці, але не грубасці,
б) ужыванне семантычна ‘спустошаных’ слоў: справа, штука, рэч, гісторыя; такі, што аж - у значэнні прыкметы і г.д.;
в) своеасаблівае спалучэнне прыметнікаў і прыслоўяў з назоўнікамі і дзеясловамі, у складзе якіх прыметнікі і прыслоўі набываюць гутарковае эмацыянальнае адценне: здаровы камень, сімпатычны касцюм, страшэнна падабаецца;
г) ужыванне слоў-паразітаў: вось, ну, значыць, гэта самае;
д) ужыванне субстантывіраваных назваў, што з’явіліся ў выніку выдзялення прыметнікаў з адпаведных словазлучэнняў са значэннем асобы: вясковыя, гарадскія;
е) ужыванне ўсечаных назваў: дыплом (дыпломная работа).
ж) ужыванне прастамоўнай лексікі, іншы раз нават грубай, вульгарнай.
У размоўным стылі часта выкарыстоўваюцца дыялектызмы, прафесіяналізмы, фразеалагізмы.
Марфалагічную спецыфіку размоўнага стылю складаюць:
- большая лексічная напоўненасць займеннікаў: Не, мне не гэту (жэст), а вунь тую (жэст);
- вялікая частотнасць ужывання дзеясловаў. Размоўны стыль – самы ‘дзеяслоўны’ з усіх стыляў;
- малая ўжывальнасць дзеепрыметнікаў цяперашняга часу і дзеепрыслоўяў;
- больш частае ўжыванне назоўнага і вінавальнага склонаў (самы рэдкаўжывальны – давальны);
- больш частае ўжыванне слоў катэгорыі стану.
Агульнай стылістычнай прыкметай размоўнага сінтаксісу з’яўляецца непаўнаструктурнасць, г.зн. адсутнасць слоўнага выражэння тых ці іншых членаў, неабходных ў граматычных ці семантычных адносінах.Эліпсіс размоўнай канструкцыі можа быць двух відаў:
а) вузкасітуацыйны, які абумоўлены толькі дадзенай сітуацыяй;
б) тыпізаваны, які зразумелы па-за пэўнымі зносінамі: даўленне (высокае, нізкае); дэкрэтны (адпачынак).
Сінтаксіс размоўнага стылю характарызуецца таксама наяўнасцю слоў-зваротаў, слоў-сказаў, пабочных слоў, далучальных канструкцый, парушэннем форм сінтаксічнай сувязі паміж часткамі выказвання. У размоўным стылі пераважаюць простыя сказы, часта выкарыстоўваюцца пытальныя і клічныя сказы.
Акрамя таго, у размоўным стылі ўжываюцца сказы, якія цяжка аднесці да якога-небудзь тыпу па існуючай класіфікацыі: А ты дзе быў, я табе званіла? У адно цэлае могуць аб’ядноўвацца некалькі выказванняў, якія не маюць выразнай семантычнай сувязі. Сувязь паміж такімі выказваннямі ўзнаўляецца з сітуацыі: Ты нічога не купіла, я паеду? = Калі не купіла нічога, то я паеду і куплю.
Такім чынам, спецыфічныя рысы размоўнага сінтаксісу абумоўлены такімі рысамі размоўна-бытавога стылю, як спантаннасць, дыялагічнасць, пераважнае выкарыстанне вуснай формы, сітуацыйнасць. З дзеянне гэтых умоў вынікае асноўная ўласцівасць размоўнага сінтаксісу – вялікая колькасць няпоўных (эліптычных) сказаў і скарочаных словазлучэнняў.
Словы з іншых стыляў інтэнсіўна ўцягваюцца ў размоўна-бытавы стыль (тэрміны, канцылярызмы). У сваю чаргу ўплыў размоўна-бытавога стылю на публіцыстычны стыль і мову мастацкай літаратуры даволі вялікі. У размоўным стылі не заўсёды вытрымліваюцца правільнасць, дакладнасць, лагічнасць, чысціня, дарэчнасць выказвання.
СПІС ВЫКАРЫСТАНЫХ КРЫНІЦ
1. Винокур Т.Г. Закономерности стилистического использования языковых единиц / Винокур Т.Г. - М., 1980.
2. Гавранек Б. Задачи литературного языка и его культура. – В кн.: Пражский лингвистический кружок / Гавранек Б. - М., 1967.
3. Ефимов А.И. Стилистика художественной речи / Ефимов А.И. - М., 1961.
4. Каўрус А.А. Стылістыка беларускай мовы / Каўрус А.А. - Мн., 1980.
5. Мурат В.П. Об основных проблемах стилистики / Мурат В.П. - М., 1957.
6. Цікоцкі М.Я. Практычная стылістыка беларускай мовы / Цікоцкі М.Я. - Мн., 1962. Ч.1; 1965. Ч.2.
7. Цікоцкі М.Я. Стылістыка беларускай мовы / Цікоцкі М.Я. - Мн., 1995.
8. Юрэвіч А.К. Стылістыка беларускай мовы / Юрэвіч А.К. - Мн., 1992.
... асобных жанрах публітыстычнага). Асаблівасці жывога, вуснага маўлення вызначаюць у большасці асаблівасці размоўнага стылю, для якога характэрна нязмушанасць, суб'ектыўнасць, дыялагічнасць і эмацыянальнасць. белоруская мова культура вымаўлення 7. Асноўныя нормы беларускага літаратурнага вымаўлення Каб трывала авалодаць арфаэпічнымі нормамі, трэба не толькі ўмець дакладна вымаўляць гукі, з якіх ...
... ", "рагоча", "убок", "уходзіць" і г.д.). А такія вось простыя сухія "тэлеграфныя" тэксты не могуць поўнасцю замяніць мастацкія творы з іх сродкамі моўнай выразнасці. Дарэчы, мова СМС не заўсёды сухая і невыразная. Даўно ўжо ўсталявалася традыцыя праводзіць усялякія конкурсы на самае прыгожае СМС-паведамленне, самы прыгожы СМС-верш, казку; спаборніцтвы па складанню бурымэ і каманднае напі ...
... заключаецца менавіта ў эксперыментальным (а значыцца, доказным) даследаванні найбольш эфектыўных метадаў, прапанаваных даследчыкамі мовы і настаўнікамі для вывучэння тэмы “Дзеепрыслоўе” ў 7 класе. ГЛАВА І. Методыкі вывучэння марфалогіі ў межах школьнага курса беларускай мовы 1.1 Сістэматызацыя матэрыялу па тэме даследавання Калі звярнуцца да распрацаванасці ў метадычнай літаратуры ...
енні. Вытворца маўлення і граматычная катэгорыя не супадаюць; - ІІІ тып – змешаны: маўленне адбываецца ад 1-й і 3-й асобы; - IV тып – апавяданне адбываецца ад імя 2-й асобы. У публіцыстыцы маўленне стылістычна адносна аднароднае – вядзецца галоўным чынам ад 3-й асобы, але я прысутнічае ў большай ці меншай ступені, у залежнасці ад жанра, тэмы і іншых фактараў. Тая ці іншая ступень ...
0 комментариев