2. Кампаненты-складнікі ўласна змястоўнага пласту твора

 

2.1 Тэма, праблема, ідэя

Уласна змястоўны пласт мастацкага твора, яго «субстанцыя» характарызуецца ў першую чаргу з дапамогай такіх паняццяў-тэрмінаў, як тэма, праблема, ідэя.

Тэма (ад ст.-грэч. thema – літаральна тое, што пакладзена ў аснову) – гэта тыя факты, падзеі, учынкі, душэўныя зрухі, перажыванні і г. д., што сталі прадметам мастацкага ўзнаўлення ў творы. Наогул, гэта «тая рэч ці справа, аб якой у творы пішацца».

Зазначым, што гэта найбольш распаўсюджанае ў сучасным усходнеславянскім літаратуразнаўстве разуменне тэрміна «тэма», якое ідзе яшчэ з ХІХ ст. Побач з ім ужываюцца часам і іншыя: погляд на тэму як на галоўную думку твора, г. зн. атаясамліванне тэмы з ідэяй; разуменне тэмы як галоўнага матыву твора, г. зн. таго, на чым адносна рэгулярна акцэнтуецца ўвага з боку аўтара; тэма як «найбольш істотныя кампаненты мастацкай структуры, аспекты формы, апорныя прыёмы» (такая трактоўка тэмы характарызуе прадстаўнікоў рускай фармальнай школы, і ў першую чаргу літаратуразнаўчыя канцэпцыі В. Жырмунскага і Б. Тамашэўскага).

Побач са словам-тэрмінам «тэма» ў літаратуразнаўчых даследаваннях даволі часта фігуруе тэрмін «тэматыка», які ўказвае на наяўнасць у мастацкім творы побач з цэнтральнай, галоўнай тэмай розных пабочных тэматычных ліній. Чым маштабней твор, шырэй у ім ахоп жыццёвага матэрыялу, тым больш у яго складзе тэматычных ліній, часам даволі аддаленых адна ад другой, але, як правіла, у канчатковым выпадку «працуючых» на цэнтральную, галоўную тэму. Акрамя таго, дадзены тэрмін можа служыць для абазначэння сукупнасці тэм асобнага мастацкага твора, а таксама тэматычнага дыяпазону ўсёй творчасці пісьменніка ці нават асобнай нацыянальнай літаратуры альбо літаратуры рэгіёна, кантынента на пэўным этапе развіцця. І, урэшце, словам «тэматыка» вучоныя-літаратуразнаўцы аперыруюць пры вызначэнні ўстойлівых і паўтаральных у творах сусветнай літаратуры тыпаў тэм (маюцца на ўвазе асноўныя разнавіднасці літаратурна-мастацкай тэматыкі).

Праблема (ад ст.-грэч. problema – нешта, кінутае наперад, г. зн. выдзеленае з іншых бакоў жыцця) – тэрмін, які часта сустракаецца ў даследаваннях пры аналізе змястоўнага пласту твора, але дэфініцыя (вызначэнне) яго пададзена толькі ў некаторых слоўнікава-даведачных працах і вучэбных дапаможніках па літаратуразнаўству. Дарэчы, асобнага артыкула, прысвечанага паняццю-тэрміну «праблема», няма і ў ЛЭС.

Як зазначаюць М. Лазарук і А. Ленсу, «паняцце праблемы вельмі блізкае да паняцця тэмы. Праблема ўваходзіць у тэму як галоўная яе сутнасць; гэта вострае грамадскае пытанне, якое зацікавіла аўтара і падштурхнула яго да адлюстравання пэўнай з’явы».

А вось як трактуе змястоўнае напаўненне тэрміна «праблема» М. Мешчаракова: гэта «складанае пытанне, пастаўленае ў літаратурным творы (можа атрымаць адказ альбо застацца нявырашаным); той бок жыцця, які асабліва цікавіць пісьменніка. Адна і тая ж тэма можа паслужыць асновай для пастаноўкі розных праблем (тэма прыгоннага права – праблема ўнутранай несвабоды прыгоннага, праблема ўзаемнага разбэшчвання, калечання прыгонных і прыгоннікаў, праблема сацыяльнай несправядлівасці)».

Як і ў выпадку з тэмай, побач з тэрмінам «праблема» часта ўжываецца тэрмін «праблематыка», што ўяўляе сабой «пералік (сукупнасць) праблем, якія закрануты ў творы (яны могуць насіць дадатковы характар і падначальвацца галоўнай праблеме). Калі галоўная праблема падначальвае сабе астатнія, можна гаварыць аб сацыяльна-палітычнай, маральна-этычнай, нораваапісальнай, нацыянальна-гістарычнай, філасофскай і інш. праблематыцы, якая дамінуе ў творы альбо ў творчасці пісьменніка».

Пад ідэяй (ад ст.-грэч. idea – першавобраз, ідэал) падразумяваецца асноўны сэнс мастацкага твора. Гэта «галоўная думка, той погляд, які даводзіцца аўтарам у творы». Ідэя мае звычайна ацэначны характар. Хоць ідэя твора і можа быць сфармулявана сцісла, у выглядзе аднаго-двух сказаў ці нават фраз, яна ўсё-такі вынікае з усёй сістэмы вобразаў і карцін. Для вызначэння ідэі мастацкага твора неабходна пазнаёміцца з ім цалкам, ад першага да апошняга радка.

У буйных творах можа вылучацца асноўная, скразная ідэя, а побач з ёю – шэраг другарадных, пэўным чынам каменціруючых, дапаўняючых і развіваючых гэтую асноўную ідэю.

Паняцці «тэма», «праблема», «ідэя» хоць і вылучаюцца як асобныя адзінкі-катэгорыі ў складзе змястоўнага пласту літаратурна-мастацкага твора, аднак знаходзяцца ў любым творы ў надзвычай цеснай арганічнай сувязі, у непарыўным адзінстве, у стане рэгулярнага ўзаемадапаўнення і ўзаемахарактарыстыкі.

2.2 Пафас, яго разнавіднасці

Уласна змястоўны пласт твора характарызуе таксама яго пафас (ад ст.-грэч. pathos – пачуццё, натхненне, жарсць). Пафасам называецца «ідэйна-эмацыянальная накіраванасць літаратурнага твора, што вызначае спецыфіку мастацкага зместу ў сукупнасці ўсіх яго кампанентаў». Наогул гэта «пачуццё, жарсць, якія ўклаў у сваё тварэнне аўтар і якімі ён хацеў бы натхніць чытача».

Катэгорыя пафасу вядзе сваё паходжанне яшчэ з антычнасці (развагі аб патэтычнай мове ў «Рыторыцы» Арыстоцеля). Затым у яе распрацоўку, прычым непасрэдна ў дачыненні да з’яў літаратуры і мастацтва, істотны ўклад унеслі Г. Гегель і В. Бялінскі.

Вылучаюць некалькі асноўных разнавіднасцей пафасу.

Гераічны пафас перадае значныя сацыяльна-прагрэсіўныя памкненні, і ў першую чаргу барацьбу за волю, свабоду народа, нацыі, краіны. Твораў з гераічным пафасам у цэнтры шмат у сусветнай літаратуры. Калі ж браць уласна беларускае прыгожае пісьменства, дык гэта «Песня пра зубра» М. Гусоўскага, «Страцім-лебедзь» М. Багдановіча, «Сцяг брыгады» А. Куляшова і інш.

Драматычны пафас узнікае ў творы ў выніку перадачы ў ім барацьбы персанажаў са знешнімі сіламі і абставінамі, якія ўяўляюць пагрозу іх жаданням, памкненням, а часам нават і жыццю («Раскіданае гняздо» Я. Купалы, «Судны дзень Скарыны» М. Арочкі і інш.).

Вельмі многія творы сусветнай літаратуры пабудаваны на цесным спалучэнні гераічнай і драматычнай танальнасці, таму аб іх пафасе правамоцна гаварыць як аб героіка-драматычным.

Трагічны пафас складаецца ў выніку мастацкага адлюстравання невырашальных супярэчнасцей паміж патрабаваннямі жыцця і немагчымасцю іх практычнага ажыццяўлення. Даволі часта ў творах з такога роду пафасам узнаўляецца складаная ўнутраная барацьба, якую вядуць героі (ці адзін з герояў) унутры саміх сябе, уласных характараў. Гэта барацьба паміж натуральнымі пачуццямі, памкненнямі сэрца (каханне, роднасныя сувязі) і ідэямі грамадзянскага, дзяржаўнага доўгу. Яскравымі прыкладамі такіх твораў з’яўляюцца п’есы «Гарацыі» П. Карнеля і «Гамлет» У. Шэкспіра. Наогул іх пафас можна ахарактарызаваць не толькі як трагічны, але і як трагедыйны.

Сатырычны пафас адухаўляе мастацкія творы, у якіх лад жыцця і чалавечыя характары з’яўляюцца прадметам гнеўнага, абуральнага высмейвання («Гісторыя аднаго горада» М. Салтыкова-Шчадрына, «Хто смяецца апошнім» К. Крапівы). У тых выпадках, калі аўтар усведамляе недасканаласць жыцця і чалавечых магчымасцей, але не бічуе недахопы, не робіць ім гнеўны прысуд, а проста смяецца над сваімі героямі і часам нават шкадуе іх, мы маем справу з гумарыстычным ці камічным пафасам.

Сентыментальным пафасам прасякнуты перш за ўсё творы адпаведнага літаратурнага метаду, стылю і напрамку ХVІІІ ст., героі якіх характарызуюцца душэўна-пачуццёвай рэфлектыўнасцю, што ўзнікае ў выніку ўсведамлення імі сапраўдных, як яны лічаць, каштоўнасцей быцця, звязаных з вольным і несапсаваным цывілізацыяй жыццём на ўлонні прыроды. Творы з сентыментальным пафасам вызначае таксама гіпертрафіраваная пачуццёвасць, якая, дарэчы, выяўлялася ў літаратуры ў той альбо іншай ступені як да ўзнікнення і выхаду на авансцэну сентыменталізму, так і пасля яго сыходжання з арэны. Зрэшты, «пачуццёва-замілаваныя адносіны аўтара да сваіх герояў <...> ніколі не прападаюць у мастацтве слова. Пісьменнікі заўсёды шкадавалі і будуць шкадаваць асобных сваіх герояў».

Рамантычны пафас (часам яго імянуюць яшчэ рамантыкай) перадае рэфлектыўную душэўную ўзрушанасць, захопленасць герояў нейкімі высокімі, часам ідэальнымі і ў прынцыпе неажыццявімымі памкненнямі, намерамі, якія з’яўляюцца своеасаблівым выклікам будзённай і шэрай рэчаіснасці. Як вядома, у гісторыі сусветнай літаратуры, мастацтва і культуры наогул была цэлая эпоха (канец ХVІІІ – пачатак ХІХ стст.), калі дадзены пафас дамінаваў над усімі астатнімі. Пэўнае адраджэнне рамантызму і адпаведнага пафасу ў літаратуры адбылося ў пачатку ХХ ст. і атрымала назву неарамантызму. Наогул рамантычны пафас выяўляўся ў літаратурных творах не толькі ў названыя перыяды, але і ў іншыя часы. Сапраўдная, высокая літаратура не можа існаваць без рамантыкі.

Адзначаныя віды пафасу хоць і сустракаюцца ў літаратурных творах у «чыстым» выгляде, аднак даволі часта, нават у межах аднаго і таго ж твора, узаемапераплятаюцца і ўзаемадапаўняюцца, пераходзяць з аднаго ў другі. У якасці прыкладу прывядзём п’есу У. Караткевіча «Маці Урагану», дзе рамантычны пафас суседнічае з драматычным, а апошні ў заключных карцінах твора пераходзіць у трагедыйны. Маюць месца ў дадзенай п’есе і камедыйна-сатырычныя матывы.

Сустракаюцца ў літаратуры і творы з «пустым» альбо «напышлівым» пафасам, у якіх неапраўдана ўзносяцца з’явы, падзеі, факты, што па вялікім рахунку не заслугоўваюць гэтага.

На заканчэнне размовы аб пафасе хацелася б прывесці даволі цікавую думку-выснову маскоўскага прафесара А. Казлова: «У апошнія гады паняцце аб пафасе ў літаратуразнаўстве амаль выйшла з ужытку. Прычына гэтага не толькі ў змене літаратурнай «моды». Важней іншае: наш век цураецца адкрытага праяўлення пачуццяў, нездарма ўжо даўно і ў рускай, і ў замежнай літаратуры цэнтральным героем стала рэфлексуючая асоба, далёкая і ад гераізму, і ад рамантызму, якая калі і выяўляе ў сабе якія-небудзь эмоцыі, дык, як правіла, замаскіраваныя іроніяй».


Информация о работе «Асаблівасці літаратурнага творы»
Раздел: Зарубежная литература
Количество знаков с пробелами: 27793
Количество таблиц: 0
Количество изображений: 0

Похожие работы

Скачать
51925
0
0

... , мае для літаратурнага стылю важнейшае значэнне». Пад стылем (ад ст.-грэч. stylos – завостраная палачка для пісьма на васковых дошчачках) падразумяваецца эстэтычнае адзінства ўсіх кампанентаў вобразна-экспрэсіўнай формы твора, якое скіравана на раскрыццё і ўвасабленне цэласнага мастацкага зместу. Гэта ўстойлівая агульнасць вобразнай сістэмы, сродкаў мастацкай выразнасці, якая валодае, як прав ...

Скачать
40358
0
0

л. Караткевіча “Хрыстос прызямліўся ў Гародні" Аб’ектам жа, у сваю чаргу, выступаюць непасрэдна жанрава-стылёвыя адметнасці твора. Глава І. Асаблівасці жанру твора у. караткевіча   1.1 Агульныя заўвагі да праблемы вызначэння жанру літаратурнага твора Праблема жанру з’яўляецца адной з найбольш складаных у літаратуразнаўстве. Гэта тлумачыцца прыродай самога жанру, яго зменлівасцю пад ...

Скачать
29850
0
0

... Коласа, Максіма Багдановіча, Змітрака Бядулі, Алеся Гаруна. Першыя крокі ў паэзіі Я. Пушча зрабіў, калі ў 1923 г. разам з іншымі пісьменнікамі стаў адным з заснавальнікаў і арганізатараў літаратурнага аб'яднання «Маладняк», а пазней — «Узвышша». З гэтага часу паэзія становіцца яго асноўным заняткам. Для ранніх вершаў паэта характэрны тонкае лірычнае светаадчуванне, шырыня асацыяцый, дакладнасць ...

Скачать
33983
0
0

... краiны”, “Мой се градок!”, “Рша камен...” і інш.), эпісталярныя і дзённікавыя творы, а таксама апавяданне “Подыхі продкаў”, жанр якога сам Ул. Караткевіч вызначыў як “экспрэсія”. 2. Стылёвыя асаблівасці лірычнай прозы Ул. Караткевіча Пры аналізе твораў мы будзем карыстацца наступнай схемай: 1.  Прысутнасць аўтарскага “я” ў тэксце. 2.  Выкарыстанне вобразных сродкаў (стылістычныя фігуры і ...

0 комментариев


Наверх