ЗМЕСТ
1. Журналістыка Беларусі ў 1918-1928 гг.
1.1 Журналістыка Беларусі ў гады інтэрвенцыі і грамадзянскай вайны (1918-1920 гг.)
1.2 Журналістыка Беларусі ў перыяд аднаўлення народнай гаспадаркі (1921-1928 гг.)
2. Журналістыка Беларусі ў гады першых пяцігодак
2.1 Журналістыка Беларусі напярэдадні і ў гады першай пяцігодкі (1926-1932)
2.2 Журналістыка Беларусі ў перыяд другой пяцігодкі (1933-1937)
СПІС ВЫКАРЫСТАНЫХ КРЫНІЦ
1. Журналістыка Беларусі ў 1918-1928 гг.
1.1 Журналістыка Беларусі ў гады інтэрвенцыі і грамадзянскай вайны (1918-1920 гг.)
У працэсе станаўлення і развіцця прэсы ў першыя гады савецкай улады пачала складвацца новая тыпалогія газет і часопісаў, дыферэнцыяцыя выданняў па катэгорыях чытачоў. Асноўнымі выдаўцамі сталі Саветы рабочых і сялянскіх дэпутатаў, партыйныя камітэты, ваенныя органы, прафсаюзныя, камсамольскія і іншыя арганізацыі. Друкаваліся таксама нацыяналістычныя, буржуазныя, акупацыйныя газеты і часопісы.
Першай бальшавіцкай газетай у Беларусі стала “Звезда”, якая пачала выходзіць 9 жніўня 1917 г., спачатку як орган Мінскага камітэта, а затым – Паўночна-Заходняга абласнога камітэта РСДРП(б). Каля вытокаў стварэння масавай газеты ў сістэме бальшавіцкай прэсы стаялі М. Фрунзе, А. Мяснікоў, В.Кнорын. “Звезда” была закрыта Часовым урадам 25 жніўня, 15 верасня пачала выходзіць пад назвай “Молот”; зноў забаронена 6 кастрычніка; 8 кастрычніка газета выйшла пад назвай “Буревестник”. Пасля перамогі рэвалюцыі з 1 лістапада 1917 г. газета зноў выходзіць пад назвай “Звезда”. Да 1925 г. яна друкавалася на рускай мове, 1927 г. – на рускай і беларускай, з 9 жніўня 1927 г. поўнасцю перайшла на беларускую мову.
Акрамя “Звезды” выходзілі: “Бюллетень Минского Совета рабочих и солдатских депутатов” (1917), “Известия военно-революционного комитета города Витебска” (1917) і інш. выданні.
У 1918 г 25 студзеня камандаванне 1-га польскага корпуса, які дыслацыраваўся ў Магілёўскай губерні, аб’явіла вайну Савецкаму ўраду. Асаблівую ролю ў выкрыцці намераў генерала Доўбар-Мусніцкага адыграла газета “Известия Могилевского Совета рабочих и солдатских депутатов”, першы нумар якой выйшаў 10 студзеня 1918 года. Калі польскія легіянеры акупавалі Рагачоў, газета выступіла з заклікам аб узбраенні народа. Гэта быў першы крок у стварэнні новай губернскай прэсы.
У час барацьбы супраць контррэвалюцыі і інтэрвенцыі ўзніклі ваенныя бальшавіцкія выданні. Адным з першых была газета “Революционная ставка” – орган Цэнтральнага камітэта дзеючых армій і флатоў, якая пачала выдавацца 23 лістапада 1917 г. і выходзіла да сакавіка 1918 г. у Магілёве, дзе знаходзілася камандаванне рускай арміяй на Заходнім фронце. Рэдакцыя расказвала салдатам аб рэвалюцыі, згубных мэтах вайны, актыўна прапагандавала лозунг – “Усе ў Чырвоную Армію!”.
Шырокую вядомасць набылі газеты 10 арміі, якая базіравалася ў раёне Маладзечна. З 12 лістапада 1917 г. пачалося выданне газеты “Бюллетень Военно-революционного комитета 10 армии”, з 1 студзеня 1918 г. – “Известия армейского комитета 10 армии”, у канцы студзеня пачалі друкавацца “Известия Советов депутатов 10 армии”. “Усе, хто шануе заваёвы Кастрычніцкай рэвалюцыі,.. – уступайце ў Чырвоную армію. У ёй наша сіла, наша магутнасць, – аплот дабрабыту ў цяжкую хвіліну барацьбы з капіталам, за роўнасць і братэрства...”
Друкаваліся і іншыя ваенныя газеты – “Трудовое крестьянство” – орган выканкама салдат-сялян Заходняга фронта, “Известия врк 3-й армии” (1917-1918, Полацк), “Красноармеец” – орган палітаддзела Рэўваенсавета Заходняй Арміі (1919-1921). беларусь журналістыка нацыянальны
У час белапольскай акупацыі актывізавалі дзейнасць меншавіцкія, эсэраўскія, бундаўскія нацыяналістычныя выданні. «Минская газета», «Витебский рабочий», «Наш путь» і іншыя выступалі супраць бальшавікоў і прапанавалі захоп улады. “У нашым горадзе складваецца іменна такая шчаслівая сітуацыя, – пісала віцебсая газета “Наш путь”. – У радзе прафсаюзаў выбраны ў Саветы бундаўцы, меншавікі і эсэры”.
У лютым 1918 г. большая частка Беларусі аказалася акупіраванай немцамі. Даволі значнае месца ў прапагандысцкай рабоце ў гэты час займала газета “Известия Исполнительного Комитета Советов Западной области и Смоленского Совета рабочих, солдатских и крестьянских депутатов”, якая пачала выхолзіць з 24 лютага 1917 г., часта мяняла назвы, з лістапада 1918 г. – “Западная Камуна”, і выходзіла да 3 студзеня 1919 г. Гэта была самая вялікая па плошчы (больш за фармат “Правды”) газета часоў грамадзянскай вайны. Рэдакцыя выкарыстоўвала ўсе жанры публіцыстыкі – тэарэтычныя артыкулы, агляды, фельетоны, інфармацыі, справаздачы, нарысы, лозунгі і заклікі. Асноўная мэтанакіраванасць выдання – мабілізацыя народа на разгром інтэрвенцыі і контррэвалюцыі.
У гэты ж час пачалі стварацца мясцовыя органы друку. У Лепелі 12 снежня 1918 г. выйшаў першы нумар “Известий Лепельского уездного Совета крестьянских, рабочих, красноармейских и батрацких депутатов”, у Бабруйску – 7 снежня «Известия Бобруйского революционного комитета» і інш.
На акупаванай тэрыторыі пачалі ўзнікаць газеты, якія пісалі, што кайзераўская Германія з’яўляецца выратавальніцай беларускага народа. «Листок Могилевского общества “Труд”, “Могилевский голос”, “Эхо” і іншыя выданні выступалі супраць бальшавікоў і Савецкай улады. “Нямецкая акупацыя адкрыла ў Магілёве свабоду праяўлення грамадзянскіх пачуццяў, – пісала 14 ліпеня 1918 г. газета “Листок Могил.общества “Труд”. – Цяпер кожны можа любіць сваю радзіму, не баючыся за гэта расстрэла і турмы. Наперадзе адчуваюцца радасныя дні вызвалення”. Падобную ж пазіцыю займалі «Бобруйский день», «Минский голос», «Минский еженедельник», «Полесье» і інш. буржуазныя газеты.
Пасля ўтварэння БССР урад рэспублікі прыняў шэраг мер па ўмацаванні перыядычнага друку. Ва ўмовах дэфіцыту матэрыяльных сродкаў, паперы, журналісцкіх кадраў была пастаўлена задача цэнтралізацыі друку ў губернскіх гарадах.
Наступленне Чырвонай Арміі і вызваленне Беларусі ад белапалякаў зноў пашырыла развіццё прапаганды і агітацыі, стварыла ўмовы для ўзнікнення новых газет і часопісаў. 8 жніўня 1920 г. у Мінску зноў пачала выходзіць “Звезда”. У перадавым артыкуле “Тры гады” гаварылася: “Звезда” аднаўляе працу ў Мінску якраз у дзень сваёй трэцяй гадавіны. 27 ліпеня (9 жніўня) 1917 г. мы прыступілі да выдання першай бальшавіцкай газеты ў Беларусі. Тады мы былі толькі прапагандыстамі. Цяпер мы будзем ставіць на першым месцы пытанні нашай унутранай арганізацыі і падняцце нашай гаспадаркі”.
Больш шырокую прапаг.і арганізат.працу пачынаюць губернскія газеты – гомельская “Полесская правда”, магілёўская “Соха и молот”, “Известия Витебского Губревкома и Губкома РКП”. На першы план выходзіць мірная інфармацыя.
Працэс палітызацыі мас умацоўваўся не толькі за кошт спецыфічнай інфармацыі. Ствараліся неабходныя выданні. Напрыклад, палітычны і літаратурны часопіс “Коммунистическая мысль”, орган Віцебскага губкома РКП(б). Першы нумар выйшаў 25 кастрычніка 1920 г. Часопіс ці не першым пачаў распрацоўваць гісторыю рэвалюцыйнага руху ў Беларусі.
Грамадска-палітычны часопіс “Вольны сцяг”, які выдаваў Камісарыят Народнай асветы Беларусі з 1 верасня 1920 г , адкрываў тэму нацыянальнай свядомасці беларускага народа. Рэдакцыя аднаго з першых выданняў на бел.мове запрасіла да супрацоўніцтва Ц.Гартнага, Я.Карскага, М.Гарэцкага, М.Чарота.
У гэты час зачынаецца друк моладзі. У “Звезде” друкуецца старонка “Звезда молодежи”, а затым выдаецца газета “Молодежь Белоруссии” (1920) – орган ЦБ КСМ Літвы і Беларусі ў Мінску.
Важнай грамадска-палітычнай падзеяй стала стварэнне беларускамоўнай газеты “Савецкая Беларусь”. Яна пачала выходзіць 1 студзеня 1920 г. у Смаленску як орган Цэнтральнага Камітэта Камуністычнай партыі Літвы і Беларусі.
Асаблівае значэнне мела тое, што газета выдавалася на беларускай мове. Гэты факт азначаў пачатак нацыянальнага культурнага будаўніцтва. “Савецкая Беларусь” пачала распрацоўку праблем беларускай мовы і літаратуры, сістэмы народнай адукацыі. У першы год дзейнасці газеты шмат творчых сіл аддаў ёй Ц.Гартны. Амаль у кожным нумары ён друкаваў свае артыкулы, вершы і апавяданні.
Такім чынам, у перыяд замежнай ваеннай інтэрвенцыі і грамадзянскай вайны ў Беларусі была створана параўнаўча шырокая сетка перыядычных выданняў. У асноўным гэта былі савецкія і бальшавіцкія газеты і часопісы: рэспубліканскія, губернскія, павятовыя; рабочыя, сялянскія, ваенныя, маладзёжныя; падпольныя, партызанскія, інтэрнацыянальныя; на рускай, польскай, літоўскай, яўрэйскай і беларускай мовах.
Працэс стварэння друку асноўваўся на дэмакратычных прынцыпах барацьбы партый, груповак, фракцый. У Беларусі дзейнічалі таксама буржуазныя, нацыяналістычныя выданні, выданні бундаўцаў, эсэраў, меншавікоў.
0 комментариев